Намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Павел Латушка пракаментаваў Рэзалюцыю па Беларусі, прынятую Еўрапейскім парламентам 15 сакавіка, і звярнуў увагу на яе найбольш важныя моманты:
«Упершыню на міжнародным узроўні адбылося прызнанне факта здзейсненых злачынстваў супраць чалавечнасці ў Беларусі.
Як раней заключыла Камісія міжнароднага права ААН, злачынствы супраць чалавечнасці ствараюць пагрозу глабальнаму міру, таму ў міжнароднай супольнасці ўзнікае маральны абавязак неадкладна прыняць увесь спектр мер, каб спыніць гэтыя злачынствы і пакараць адказных за іх. І Еўрапарламент у сваёй Рэзалюцыі не проста ўказвае на неабходнасць усебаковага расследавання злачынстваў супраць чалавечнасці, а пералічвае канкрэтныя механізмы, якія міжнародная супольнасць мае задзейнічаць для гэтага.
У гэтым кантэксце важна адзначыць, што Аб'яднаны Пераходны Кабінет будзе дамагацца таго, каб адказныя за злачынствы прадстаўнікі рэжыму Лукашэнкі былі асуджаныя ў рамках міжнароднага трыбунала.
Таксама важна, што еўрадэпутаты прызнаюць працяглую інтэграцыю Расіі і Беларусі — працэсам фактычнай акупацыі.
Для нас было істотна ўбачыць і адзінства пазіцый Еўрапарламента і Аб'яднанага Пераходнага Кабінета адносна неабходнасці далейшага санкцыйнага ціску.
Акрамя таго, еўрадэпутаты наўпрост асудзілі:
рэпрэсіі беларусаў і нацыянальных меншасцяў у РБ;
затрыманні і вынясенне палітычна матываваных прысудаў прадстаўнікам нацыянальных меншасцяў і лідарам дэмакратычнага руху Беларусі;
пераслед прафсаюзаў;
прыняты рэжымам закон, які дазваляе пазбаўляць беларускага грамадзянства асоб, што пражываюць за мяжой;
удзел Беларусі ў неабгрунтаванай і несправакаванай агрэсіўнай вайне Расіі супраць Украіны;
візіты высокапастаўленых асоб з ЕС у Мінск, якія ставяць пад сумнеў адназначнае непрызнанне Еўрапейскім саюзам рэжыму Лукашэнкі;
нядаўняе рашэнне Міжнароднага алімпійскага камітэта дазволіць беларускім спартоўцам удзельнічаць у кваліфікацыі да Алімпійскіх гульняў 2024 года ў Парыжы пад нейтральным сцягам.
Мы ўдзячныя еўрадэпутатам за заклік да палітычнага дыялогу з прадстаўнікамі дэмакратычнай Беларусі з мэтай супрацоўніцтва, што азначае далейшае міжнароднае прызнанне суб'ектнасці структур беларускага дэмакратычнага руху.
Прыняцце гэтай рэзалюцыі сведчыць аб тым, што сітуацыя ў Беларусі не сышла на другі план, а наадварот, знаходзіцца на парадку дня ў ЕС, як адно з ключавых пытанняў рэгіянальнай бяспекі»
Comentarios