top of page

У нас ёсць воля, і гэтую волю мы рэалізоўваем

Updated: Mar 31

Павел Паўлавіч Латушка: Намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, прадстаўнік АПК па транзіце ўлады. Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, Лідар фракцыі «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"» у складзе Каардынацыйнай Рады 3-га склікання.

«Свабода для Беларусі пачынаецца з нашай волі. І ў мяне ёсць воля змагацца за свабоду. Я перакананы: у тых, хто сёння сабраўся тут на плошчы ў Варшаве, таксама ёсць воля змагацца за нашу свабоду. І гэтая воля, я не маю сумневу, ёсць у тых беларусаў, якія сёння ў Беларусі і, на жаль, не могуць выйсці. Але мы за іх выходзім. І нашы сэрцы б’юцца разам», — адзначыў намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка падчас выступу на Маршы ў Варшаве, прысвечаным Дню Волі.

Марш беларусаў на Дзень Волі. Варшава, Польшча. 2026. Фота: НАУ-медыя.
Марш беларусаў на Дзень Волі. Варшава, Польшча. 2026. Фота: НАУ-медыя.

«У нас ёсць воля, і гэтую волю мы рэалізоўваем. Сёння мы можам сказаць, што мы выконваем тое, што абяцалі. Вы памятаеце, што неаднойчы, выступаючы на нашых сустрэчах, я казаў, што мы будзем дамагацца адказнасці для Лукашэнкі і яго хаўруснікаў за злачынствы супраць беларускага народа. І гэта сталася!

12 сакавіка пракурор Міжнароднага крымінальнага суда пачаў афіцыйнае расследаванне па факце злачынства супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларускага народа. Я дзякую Літве, я дзякую праваабаронцам, я дзякую сваёй камандзе Народнага антыкрызіснага ўпраўлення за тое, што мы гэта пачалі ў 2023-м, і сёння мы вельмі блізкія да выніку», — заявіў Павел Латушка.

Намеснік кіраўніцы Кабінета адзначыў, што сёння прыйшла вельмі добрая і сімвалічная навіна. Было агучана, што рашэнне аб выдачы ордэра на арышт Лукашэнкі будуць прымаць 3 жанчыны, 3 суддзі Міжнароднага крымінальнага суда. Сімвалічна, што менавіта ў год жанчыны, які ён абвясціў, зноў, як у 2020 годзе, 3 жанчыны будуць вырашаць яго лёс.

Выступ Паўла Латушкі на маршы беларусаў на Дзень Волі ў Варшаве, Польшча, 2026.

«Лукашэнка можа атрымаць не толькі ордэр у Міжнародным крымінальным судзе. Ён можа атрымаць 3 ордэры і стаць тройчы „ордэраносцам”. Ён можа быць фактычна рэкардсменам у свеце».

  1. Першы ордэр — у Міжнародным крымінальным судзе за злачынствы супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларускага народа.

  2. Другі ордэр — за незаконную дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей і індактрынацыю іх у ідэях «рускага свету».

  3. Трэці ордэр — за акт агрэсіі супраць Украіны.

«Як дэлегат Каардынацыйнай Рады, як чалец дэлегацыі ў Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы, мне ўдалося разам з маімі паплечнікамі ўнесці папраўку ў дакументы Рады Еўропы, што вышэйшае вайскова-палітычнае кіраўніцтва Беларусі на чале з Лукашэнкам будзе адказваць за акт агрэсіі. Мы будзем працаваць на гэта — каб ён стаў тройчы „ордэраносцам”».

Нацыянальная лідарка Беларусі і кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Святлана Ціханоўская, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, прадстаўнік АПК па транзіце ўлады і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка на маршы беларусаў на Дзень Волі ў Варшаве, Польшча, 2026. Фота: НАУ-медыя.
Нацыянальная лідарка Беларусі і кіраўніца Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Святлана Ціханоўская, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, прадстаўнік АПК па транзіце ўлады і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка на маршы беларусаў на Дзень Волі ў Варшаве, Польшча, 2026. Фота: НАУ-медыя.

Таксама падчас выступу Павел Латушка заклікаў беларусаў прымаць удзел у выбарах у Каардынацыйную Раду, якія адбудуцца з 11 па 17 траўня, бо дадзены інстытут дае нам магчымасць адстойваць нашы інтарэсы перад міжнароднымі партнёрамі, вырашаць пытанні легалізацыі, у тым ліку палітвязняў. Гэты орган, дэмакратычна сфармаваны беларусамі, павінен быць голасам нас, беларусаў.


Comments


bottom of page