top of page

Фінансаванне абыходу санкцый павінна быць максімальна магчыма заблакаванае


«Пазбаўленне магчымасцяў забеспячэння фінансавых патокаў для абыходу санкцый з'яўляецца ключавым для Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі і НАУ. Мы спадзяемся, што дадзенае рашэнне істотна абмяжуе фінансавыя магчымасці рэжыму па абыходзе санкцый і фінансаванні працягу вайны» — Павел Латушка. 

Як стала вядома выданню Bloomberg з уласных крыніц, краіны G7 збіраюцца зрабіць больш жорсткімі санкцыі супраць банкаў, якія дапамагаюць Расіі ўхіляцца ад ужо ўведзеных абмежаванняў і выкарыстоўваюць для гэтага расійскі аналаг міжнароднай аплатнай сістэмы SWIFT — сістэму перадачы фінансавых паведамленняў Банка Расіі (СПФС).

Таксама Bloomberg у пачатку траўня паведамляў, што ЕС разглядае забарону СПФС на сваёй тэрыторыі ў рамках 14 пакета санкцый супраць Расіі. У аснову дадзеных рашэнняў ляглі ў тым ліку і нашы прапановы.  

Падчас сустрэчы Паўла Латушкі са спецпасланнікам ЕС па санкцыях Дэвідам О'Саліванам у Брусэлі 11 снежня 2023 г. мы паднялі праблему абыходу існуючых санкцый, у тым ліку ў дачыненні да Расіі, праз беларускія банкі і іншыя банкі ў трэціх краінах, а таксама праз СПФС.   

Дэвіда О'Салівана зацікавіў дадзены аспект абыходу санкцый, у сувязі з чым 17 студзеня 2024 г. мы дадаткова накіравалі аналітычныя матэрыялы аб дадзенай сістэме плацяжоў і яе ролі ў інфраструктуры ўхілення ад санкцый. Сваю пазіцыю па гэтай праблеме мы таксама даводзілі нашым партнёрам у Германіі, Францыі, Польшчы і іншых краінах ЕС. 

Акрамя таго на праблему абыходу санкцый з дапамогай банкаўскай сістэмы Беларусі і СПФС мы звярталі ўвагу ў нашых лістах у адрас дыпустаноў і Дзярждэпартамента ЗША, у тым ліку ў лісце ад 17 верасня 2023 года на імя каардынатара па санкцыях Дзярждэпартамента ЗША Джэймса О'Брайэна і прадстаўніка міжнароднай рабочай групы па санкцыях супраць Расіі Майкла Макфола, а таксама ў ходзе асабістых сустрэч з амерыканскімі дыпламатамі і чыноўнікамі, у тым ліку ў рамках стратэгічнага дыялогу дэмакратычных сіл Беларусі і ЗША.

 

Commentaires


bottom of page