Лукашэнка напярэдадні пачатку поўнамаштабнай агрэсіі Расіі ў дачыненні да Украіны марыў пра тое, як будзе разам з Пуціным прымаць «марш перамогі» ў Кіеве, дзяліць з Пуціным маёмасць і эканоміку Украіны, працягваць палохаць Еўропу сваёй магутнасцю, а таксама атрымае ад свайго сюзерэна ордэн. Ордэн за саўдзел у страшным злачынстве — агрэсіі ў дачыненні да Украіны. Бо прадастаўленне тэрыторыі для агрэсіі з пункту гледжання міжнароднага права — гэта агрэсія. Але за яшчэ адно злачынства, на першы погляд не такое відавочнае, але не менш страшнае – незаконнае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей, а таксама іх перавыхаванне, русіфікацыю і індактрынацыю ён атрымае ордэн, ой, прабачце, ордэр.
Вядома, ён спрабуе выратавацца. Напрыклад, пераканаць кіраўнікоў дзяржаў СНД не прызнаваць дзеянне МУС на іх тэрыторыях, але ў адказ ён чуе цішыню. Увесь цяжар міжнароднай адказнасці яму давядзецца несці.
Вядома, яго спрабуе адбяліць яго прапаганда.
Паводле плану, які распрацаваны ў Адміністрацыі ўзурпатара, яна здзяйсняе чарговыя спробы прыкрыць туманам ваенныя злачынствы рэжыму ў дачыненні да ўкраінскіх дзяцей.
Але сёння мы прадэманструем вам сюжэт расійскага дзяржаўнага тэлеканала, які пацвярджае персанальнае дачыненне дыктатара Лукашэнкі да вывазу ўкраінскіх дзяцей. У відэа дзяржсакратар г. зв. Саюзнай дзяржавы Мезенцаў акцэнтаваў ролю Лукашэнкі ў гэтым злачынстве. Цытата: «Падкрэсліваю, гэта рашэнне ўзгоднена і падтрымана прэзідэнтам Пуціным і прэзідэнтам Лукашэнкам».
«Расія-1»: «Рашэнне падтрымана Лукашэнкам і Пуціным»
І яшчэ адзін сюжэт пацвярджае факт русіфікацыі ўкраінскіх дзяцей, што таксама з'яўляецца ваенным злачынствам рэжыму. Гэта відэа датаванае ліпенем 2023 года, на ім праўладны актывіст Аляксей Талай, які мае дачыненне да здзяйснення ваенных злачынстваў, распавядае дзіцяці з Марыупаля:
«Будзеш служыць вялікай Расіі»
Яшчэ адзін факт перавыхавання ўкраінскіх дзяцей раней быў апублікаваны камандай НАУ і перададзены замежным СМІ і, вядома ж, пракурорам. У ім удзельнічаюць сёстры Груздзевы — праўладныя спявачкі, якія выступалі восенню 2022 года ў беларускім аздараўленчым лагеры «Дубрава» перад прывезенымі з акупаваных тэрыторый Украіны дзецьмі. Гэта прыклад індактрынацыі.
«Каб Байдэн здох і Зяленскі таксама. А Пуцін квітнеў»
Як бы лукашэнкаўская прапаганда не намагалася легітымізаваць свае злачынствы, сабраныя камандай НАУ матэрыялы пацвярджаюць факты незаконнага вывазу, індактрынацыі, перавыхавання, русіфікацыі і мілітарызацыі ўкраінскіх дзяцей. Дадзеныя матэрыялы пацвярджаюць здзяйсненне ваенных злачынстваў. Аднак варта разумець, што гэта толькі невялікая частка доказаў, якая была сабраная камандай НАУ і якія пацвярджаюць удзел у ваенных злачынствах самога Лукашэнкі і прадстаўнікоў яго рэжыму.
Што спрабуе зрабіць рэжым?
Першыя прыкметы незаконнага вывазу ўкраінскіх дзяцей у Беларусь былі выяўленыя намі яшчэ летам 2022 года. У той час Лукашэнка не меркаваў, што міжнародная супольнасць не пакіне яго дзеянні па-за ўвагай і пасля стане разглядацца пытанне аб выдачы ордэра на арышт за ўчыненне ваенных злачынстваў.
Рэакцыя міжнароднай супольнасці на дзеянні Расіі не прымусіла сябе чакаць: 17 сакавіка 2023 года Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэры на арышт прэзідэнта Расіі Пуціна і ўпаўнаважанага пры Прэзідэнце Расійскай Федэрацыі па правах дзіцяці Львовай-Бяловай па падазрэнні ў здзяйсненні ваенных злачынстваў. Пасля гэтай падзеі і перад Лукашэнкам, як саўдзельнікам гэтых злачынстваў, нарастае пагроза выдачы ордэра на арышт. Бо ён таксама адказны за арганізацыю дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Беларусь і адпаведныя дакументы былі перададзеныя камандай НАУ 27 чэрвеня ў Міжнародны крымінальны суд.
Выдача ордэра на арышт — гэта не толькі фактычна адмова ад замежных паездак, але адначасова і каласальныя рэпутацыйныя страты, якія маюць значэнне не толькі ў кантэксце іміджу асобнага палітыка, але ў міжнародным становішчы ўсёй краіны: не кожная цывілізаваная дзяржава, якая ажыццяўляе сваю знешнюю палітыку ў адпаведнасці з нормамі міжнароднага права, будзе гатова мець справу з тымі персонамі, якія падазраюцца ў ваенных злачынствах.
І Аляксандр Лукашэнка — адна з ключавых асоб гэтых злачынстваў. Яго подпісы стаяць на адпаведных дакументах Саюзнай дзяржавы, пра ўдзел Лукашэнкі ў гэтых злачынствах згадвалася на ўзроўні прадстаўнікоў гэтага аб'яднання, а падчас вывазу дзяцей у 2022 годзе шматразова запісваліся прапагандысцкія ролікі, у якіх супрацоўнікі прарэжымных медыя ў фарбах апісвалі працэс дэпартацыі дзяцей — злачынства паводле нормаў міжнароднага крымінальнага права. Чаму яны гэта рабілі? Відавочна, што прапагандысты проста не разумелі, што дзеянні рэжыму парушаюць міжнародныя нормы.
Паколькі «адмяніць» здзяйсненне ваенных злачынстваў Аляксандрам Лукашэнкам немагчыма, сёння прапаганда здзяйсняе спробы схаваць факты, якія пацвярджаюць здзяйсненне гэтых злачынстваў, што толькі пацвярджае разуменне зробленага і жаданне схаваць гэтыя факты.
Як каманда НАУ процідзейнічае прапагандзе Лукашэнкі?
За час працы па зборы доказаў у пытаннях здзяйснення ваенных злачынстваў мы знайшлі мноства матэрыялаў, якія пацвярджаюць дачыненне да іх самога Лукашэнкі і прадстаўнікоў яго рэжыму. Частка з іх носіць канфідэнцыйны характар і будзе разглядацца толькі пракурорам Міжнароднага крымінальнага суда і Генеральным пракурорам Украіны; частку такіх матэрыялаў мы апублікавалі на нашых рэсурсах; яшчэ частка матэрыялаў будзе апублікаваная ў будучыні.
Справаздача НАУ пра ролю рэжыму Лукашэнкі і Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі ў незаконным перамяшчэнні і перавыхаванні ўкраінскіх дзяцей была прадстаўлена ў Савеце Еўропы і Еўрапейскім парламенце, а таксама падчас сустрэч з прадстаўнікамі міністэрстваў замежных спраў шэрагу краін-членаў Еўрапейскага саюза. Тэма закраналася падчас выступу на сайт-івэнце Human Dimension Conference у межах АБСЕ і на сустрэчы з дэпутатамі Еўрапарламента. Справаздача была перададзена і дэпутатам Вярхоўнай Рады Украіны. Тэма датычнасці Лукашэнкі да ваенных злачынстваў працягвае актыўна асвятляцца ў сусветных медыя, напрыклад, у такіх найбуйнейшых выданнях як Washington Post, The New York Times, The Telegraph.
Ці можа рэжым сысці ад адказнасці?
Не. Каманда Народнага антыкрызіснага ўпраўлення распачала сістэмныя крокі для таго, каб зафіксаваць доказы здзяйснення Лукашэнкам ваенных злачынстваў. Зразумела, у нас захаваныя ўсе матэрыялы, якія пацвярджаюць дачыненне Лукашэнкі да злачынстваў, у тым ліку і тыя, якія прапаганда спрабуе сёння спешна выдаліць. «Ліквідацыя рэчавых доказаў» на бягучым этапе па сутнасці не мае ніякага сэнсу, тым больш, што ўсе дакументы ўжо перададзеныя ў Міжнародны крымінальны суд. Яны могуць выдаліць ролікі са сваіх прапагандысцкіх рэсурсаў, але не з матэрыялаў, перададзеных у МУС.
Аднак спробы сысці ад адказнасці рэжым усё роўна прадпрымае. Мэта такіх дзеянняў — «падмануць» міжнародныя інстанцыі і саўдзельнікаў. Дакладней, паспрабаваць зрабіць такую спробу. Сёння мы можам канстатаваць:
Прадстаўнікі рэжыму разумеюць, у якую сітуацыю прывялі іх факты вывазу дзяцей. Таму сёння яны спрабуюць «легалізаваць» свае злачынствы. Верагодна, менавіта ў гэтым складаецца сэнс, напрыклад, арганізацыі сустрэч дыпламатаў з вывезенымі дзецьмі.
Прарэжымная прапаганда таксама актывізавалася. Сёння ў ёй сустракаюцца наратывы пра нібыта аздараўленне дзяцей і пра тое, што іх дзеянні ляжаць у прававым полі. Але гэта не мае сувязі з рэчаіснасцю: насамрэч у лагерах адбываецца перавыхаванне дзяцей, што пацвярджаецца сабранымі камандай НАУ матэрыяламі.
Паколькі рэжым пабудаваны на персаналісцкай уладзе Лукашэнкі, яго прадстаўнікі спрабуюць абгрунтаваць тое, што сам Лукашэнка персанальна не ўдзельнічаў у здзяйсненні злачынстваў і ордэр павінен атрымаць не ён. Такім чынам яны перыядычна самі спрабуюць зрушыць фокус на праўладнага актывіста Талая або ролю Беларускага Чырвонага Крыжа. Але рэжым павінен зразумець: іх спробы зрушыць фокус не спрыяюць нявыдачы ордэра на арышт Лукашэнкі, а, хутчэй, толькі павялічваюць колькасць падазраваных у здзяйсненні злачынстваў. Але асноўны віноўнік злачынстваў кіраўнік вышэйшага дзяржсавета так званай саюзнай дзяржавы Лукашэнка. І мы яшчэ раз падкрэсліваем: віна ў прымусовым перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей і іх пераадукацыі ляжыць персанальна на ім. Ваенныя злачынствы ў дачыненні да ўкраінскіх дзяцей здзяйсняюцца на падставе пісьмовых рашэнняў і рэзалюцый дыктатара, па яго ўзгадненні і з яго дазволу. І ў МУС перададзеныя дакументы менавіта за подпісам Лукашэнкі.
Разумеючы, што верагоднасць выдачы ордэра на арышт Лукашэнкі за ваенныя злачынствы высокая, прапагандысцкая машына беларускага рэжыму запісвае рэпартажы, у якіх здзяйсняе спробы абгрунтаваць «добрыя намеры» і законнасць дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Беларусь, запрашае замежных дыпламатаў, якім спрабуе прадэманстраваць, што ўсё ў парадку, што ўсё гэта «гуманітарная дапамога ўкраінскім дзецям, якія ратуюцца ад жахаў вайны», якую, дарэчы, развязала Расія пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі.
Аднак факт застаецца фактам: ваенныя злачынствы, якія ўчыняліся і ўчыняюцца прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі і самім дыктатарам па прымусовым перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей-сірот, нікуды не зніклі. Яны зафіксаваныя камандай НАУ, сабраныя ў дасье, перададзеныя ў Міжнародны крымінальны суд і Генеральную пракуратуру Украіны.
Калі будзе выдадзены ордэр на арышт дыктатара — гэта выключная кампетэнцыя пракурора МКС. Але Лукашэнка павінен ведаць, што яму давядзецца адказваць як за злачынствы ў дачыненні да ўкраінскіх дзяцей, так і за злачынствы ў дачыненні да беларускага народа, якія ён учыняў і працягвае ўчыняць. І пакарання пазбегнуць не атрымаецца. Ды і пасля сённяшніх заяў дыктатара я ўпэўнены, што ён вельмі дрэнна спіць, таму што разумее: не відаць яму ордэна, а вось ордэр ужо маячыць на гарызонце.
Comentarios