Экспертнае мерапрыемства «Шляхі выхаду з палітычнага крызісу ў Беларусі на прыкладзе польскага Круглага стала» адбылося ўчора ў Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве. Мэта мерапрыемства — аналіз досведу Польшчы і на яго падставе прапрацоўка магчымых сцэнароў дэмакратычных зменаў у Беларусі. Мерапрыемства было арганізавана прадстаўніцтвам Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па транзіце ўлады і Народным антыкрызісным ўпраўленнем.
Адным з асноўных патрабаванняў беларускага народа пасля беспрэцэдэнтнай жорсткасці рэжыму Лукашэнкі ў жніўні 2020 года стала правядзенне сумленных дэмакратычных выбараў пад кантролем міжнародных назіральнікаў. Па сутнасці — правядзенне транзіту ўлады, запуск працэса перадачы паўнамоцтваў і адказнасці ў палітычнай сістэме. Сярод патэнцыйных шляхоў транзіту ўлады ў Беларусі можа разглядацца дыялог паміж уладнымі элітамі (той часткай, якая не здзяйсняла злачынстваў) і дэмакратычнымі сіламі праз фармат «круглага стала» або перамоваў. Гэты сцэнар забяспечвае мірнае вырашэнне канфлікту, дзе зацікаўленыя бакі прыходзяць да кампрамісу, што можа ўключаць у сябе палітычныя рэформы, новыя выбары ці іншыя крокі па дэмакратызацыі — гэтым працэсам была прысвечана дыскусія ў рамках мерапрыемства.
Удзел у мерапрыемстве прынялі беларускія і польскія эксперты, палітычныя і грамадскія дзеячы, у тым ліку прадстаўнік Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі па транзіце ўлады Павел Латушка, выконваючы абавязкі прадстаўніка АПК Беларусі па нацыянальным адраджэнні Павел Баркоўскі, спікерка Каардынацыйнай Рады Анжаліка Мельнікава, кіраўнік апарату АПК Валерый Мацкевіч, намеснікі прадстаўніка па транзіце ўлады АПК Беларусі Юрый Губарэвіч і Арцём Брухан, першы намеснік старшыні Руху «За Свабоду», юрыст Алесь Міхалевіч, дырэктар Цэнтра усходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта Ян Маліцкі, экс-супрацоўнік пракуратуры Беларусі Аляксандр Ракіцкі, эксперт BEROC Дзмітрый Крук, палітычны аналітык Вадзім Мажэйка і іншыя.
«Умацаванне пазіцыі дэмакратычных інстытутаў і беларускага дэмакратычнага грамадства, а з іншага боку — гатоўнасць эліт да вырашэння грамадска-палітычнага крызісу ў Беларусі — перадумовы для правядзення любых перамоў. Любыя перамоўныя працэсы могуць адбывацца толькі пры ўмове адсутнасці ў ім Лукашэнкі ў якасці суб'екта. Бо Лукашэнка не пойдзе на перамовы, а эліты будуць баяцца гэта рабіць, пакуль Лукашэнка кантралюе ўладу. Асабліва важна быць падрыхтаванымі да такіх падзеяў: унутраны ціск, моцныя дэмакратычныя інстытуты і надзейныя знешнія партнёры, якія ў крытычны момант будуць гатовыя падтрымаць дэмакратычныя памкненні беларусаў», — адзначыў падчас мерапрыемства прадстаўнік АПК па транзіце ўлады, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка.
Павел Латушка таксама падкрэсліў: «Сацыялогія сведчыць аб тым, што 97% беларусаў хочуць жыць у незалежнай краіне — Рэспубліцы Беларусь. І я ведаю, што падобныя настроі ёсць і ў значнай частцы наменклатуры. Падчас працы міністрам і дыпламатам у мяне быў досвед узаемадзеяння з тымі, хто сёння займае ключавыя пасады ў сістэме дзяржаўнага кіравання. Важна, каб тыя чыноўнікі, якія не здзяйснялі злачынстваў, якія маюць прадзяржаўныя і прабеларускія погляды, разумелі, што галоўнай перашкодай для выхаду Беларусі з грамадска-палітычнага крызісу з’яўляецца Лукашэнка і што нацыянальным інтарэсам краіны адпавядае выхад з гэтага крызісу. Калі прадстаўнік наменклатуры не здзяйсняў злачынстваў, калі не займаўся рэпрэсіямі ці злачынствамі супраць беларускага народа, ён павінен разумець, ніхто нікога не будзе “вешаць на стаўбах”, як намагаецца запужаць чыноўнікаў Лукашэнка. Аднак разам з тым тыя, хто здзяйсняў цяжкія злачынствы, павінны разумець, што адказнасць за іх будзе непазбежнай».
コメント