14–17 кастрычніка прадстаўнік па транзіце ўлады Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Павел Латушка здзейсніў працоўную паездку ў Прагу. Павел Латушка правёў шэраг сустрэч у Чэхіі і прыняў удзел у цырымоніі адкрыцця 27th Forum 2000 Conference «For a Democratic World Order».
Вынікі сустрэчы з Старшыней Парламента Чэхіі Маркетай Адамавай:
на наступным тыдні адбудзецца сустрэча кіраўнікоў парламентаў і прадстаўнікоў парламентаў Крымскай платформы ў Празе. Падчас свайго выступу, на падставе той інфармацыі, якая была перададзена Народным антыкрызісным упраўленнем, кіраўнік парламента Чэхіі плануе звярнуць увагу на адказнасць рэжыму Лукашэнкі ў незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей і іх індактрынацыі. НАУ прадставіла інфармацыю па ваенных злачынствах, якія здзяйсняюцца рэжымам Лукашэнкі. Асобна закраналася пытанне злачынстваў супраць чалавечнасці.
Таксама НАУ перададзены спіс санкцый, якія мы прапануем разгледзець на магчымасць увядзення на нацыянальным узроўні Чэхіі (у адпаведнасці з чэшскім аналагам Акту Магніцкага). Яны датычацца прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі, сілавога апарата, вайсковых структур, так званых праваахоўных органаў, прапагандыстаў, спартыўных функцыянераў рэжыму. Кіраўніца Парламента Чэхіі абяцала перадаць дадзеныя прапановы ў МЗС Чэхіі для таго, каб больш прадметна была разгледжана магчымасць увядзення нацыянальных санкцый Чэхіі.
Таксама абмеркавалі пытанне імітацыі выбарчай кампаніі ў Беларусі, якую плануе правесці рэжым у наступным годзе. Кіраўніца Парламента адзначыла, што ў сітуацыі, калі ў Беларусі велізарная колькасць палітычных зняволеных, бесперапынныя рэпрэсіі, немагчыма казаць аб прызнанні выбараў у Беларусі.
На сустрэчы з міністрам абароны Чэхіі Янай Чарнаховай абмеркавалі:
магчымую падтрымку беларускіх добраахвотнікаў, якія змагаюцца ў шэрагах узброеных сіл Украіны;
роля рэжыму Лукашэнкі ў агрэсіі супраць Украіны, а таксама пытанні рэгіянальнай бяспекі. Абмеркавалі пытанні неабходнасці трымаць у перманентным фокусе сітуацыю ў Беларусі. Камандай НАУ прадстаўлена інфармацыя аб садзейнічанні, якое аказвае Лукашэнка ў справе працягу вайны супраць Украіны, у тым ліку ў выглядзе выкарыстання ваенна-прамысловага комплексу Беларусі для вытворчасці зброі ў інтарэсах Расіі, выкарыстанне прадстаўнікоў групы Вагнера для навучання ваенных у Беларусі.
Яна Чарнахова выказала падтрымку Аб'яднанаму Пераходнаму Кабінету Беларусі і дэмакратычным сілам Беларусі ў дзеяннях, накіраваных на дасягненне дэмакратычных пераўтварэнняў у нашай краіне.
На сустрэчы з намеснікам міністра юстыцыі Чэхіі Карэлам Дворжакам:
абмеркавалі магчымасць выкарыстання інструментаў універсальнай юрысдыкцыі для прыцягнення да адказнасці вінаватых у катаваннях беларускіх грамадзян. Больш за 40 ахвяр з Беларусі ў цяперашні час пражываюць у Чэхіі, беларусамі ініцыявана расследаванне па фактах катаванняў у дачыненні да іх. Дасягнута дамоўленасць аб правядзенні кансультацый Міністэрства юстыцыі з Генеральнай пракуратурай Чэхіі па пытаннях крымінальнага пераследу асоб, якія ўчынілі катаванні ў дачыненні да беларусаў, у рамках універсальнай юрысдыкцыі.
закранулі пытанні агрэсіі супраць Украіны, у якой бярэ ўдзел рэжым Лукашэнкі, і прававы пераслед за акт агрэсіі супраць Украіны.
праінфармавалі аб нашым расследаванні па фактах дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей; дамовіліся аб прадастаўленні інфармацыі па гэтай справе, у тым ліку ў кантэксце падрыхтоўкі ў Нацыянальнай асамблеі Чэхіі пастановы па фактах незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны і іх індактрынацыі. Асобна абмеркавалі тэму злачынстваў супраць чалавечнасці і магчымай падтрымкі Чэхіяй расследавання гэтых пытанняў у рамках МКС.
На сустрэчы прысутнічалі прадстаўнік дэмакратычных сіл Беларусі ў Чэхіі Крысціна Шыянок, а таксама кіраўнік аддзела па правах чалавека і вяршэнству права iSANS Юрый Джыбладзэ.
Падчас сустрэчы з намеснікам міністра па еўрапейскіх справах Чэхіі Томашам Дубам галоўнымі тэмамі сталі пытанні гарманізацыі санкцый ЕС у дачыненні да Расіі і рэжыму Лукашэнкі, дзейнасць кансультацыйнай рады Беларусь-ЕС.
Асобна абмеркаваныя пытанні прававога пераследу прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі як у рамках нацыянальнай юрысдыкцыі Чэхіі, так і ў рамках МКС.
Адбылася сустрэча з прэзідэнтам Нацыянальнага спартыўнага агенцтва Ондржеям Шэбекам і намеснікам міністра адукацыі, моладзі і спорту Чэшскай Рэспублікі Яраславам Мілерам, у рамках якой:
прадстаўнікі Чэхіі заявілі, што прынятая агульная пастанова ўрада, якая не дапускае ўдзелу спартоўцаў рэжыму Лукашэнкі ў спаборніцтвах, якія праходзяць на тэрыторыі Чэхіі ў сувязі з тым, што рэжым Лукашэнкі падтрымлівае агрэсію і ажыццяўляе рэпрэсіі ў дачыненні да беларусаў;
чэшскім бокам агучана гатоўнасць прыняцця свабодных беларускіх спартсменаў для ўдзелу ў спартыўных спаборніцтвах, якія праходзяць на тэрыторыі Чэхіі. Вызначаны алгарытм узаемадзеяння па гэтым пытанні з дэмакратычным сіламі Беларусі;
Павел Латушка падзякаваў за дапамогу ў арганізацыі рэабілітацыі беларускага спартсмена, які пацярпеў ад рэпрэсій у Беларусі;
перададзеная падзяка ад беларускіх студэнтаў Чэхіі намесніку міністра адукацыі, моладзі і спорту Чэшскай Рэспублікі Яраславу Мілеру за сустрэчу з пяццю былымі палітвязнямі-студэнтамі, якіх прыняла Чэхія і выдала ўрадавыя стыпендыі.
Адбылася сустрэча з генеральным дырэктарам МЗС Чэхіі Яраславам Курфюрстам, у рамках якой:
дасягнута дамоўленасць аб актывізацыі ўзаемадзеяння па прыняцці нацыянальных санкцый з боку Чэхіі;
дасягнута дамоўленасць аб устанаўленні ўзаемаадносін з дагаворна-прававым Дэпартаментам МЗС Чэхіі па пытаннях адказнасці рэжыму Лукашэнкі з выкарыстаннем міжнародных інстытутаў за злачынствы супраць беларусаў, злачынствы супраць украінскіх дзяцей, за акт агрэсіі. Дэпартаменту, які адказвае за палітыку нацыянальных санкцый, перададзеныя прапановы па ўвядзенні санкцый у дачыненні да інстытутаў Саюзнай дзяржавы, асоб, якія ўдзельнічаюць у дзейнасці Саюзнай дзяржавы, накіраваную на ліквідацыю беларускай незалежнасці і суверэнітэту, канкрэтных юрыдычных асоб і персаналій, звязаных з масавымі рэпрэсіямі ў Беларусі, пракурораў, суддзяў, кіраўнікоў папраўчых устаноў.
Адбылася сустрэча са старшынёй Камітэта па міжнародных справах Сената Чэхіі Паўлам Фішэрам і членам Нацыянальнай Асамблеі Чэхіі, намеснікам старшыні Камітэта па еўрапейскіх справах Ондржеям Коларам. У цяперашні час ажыццяўляецца падрыхтоўка рэзалюцыі парламента Чэхіі па фактах незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей і іх індактрынацыі як ваенных злачынстваў супраць украінскага народа. Ад імя НАУ прадстаўлена інфармацыя аб працы па пытанні незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей, а таксама інфармацыя па справаздачы па злачынствах супраць чалавечнасці рэжыму Лукашэнкі. Прадстаўнікі парламента Чэхіі адзначылі, што ў цяперашні час рыхтуецца адпаведная рэзалюцыя па фактах, звязаных з незаконным перамяшчэннем ўкраінскіх дзяцей і іх індактрынацыяй. Матэрыялы, якія перададзены камандай НАУ, будуць улічаныя ў падрыхтоўцы дадзенага рашэння.
Таксама напярэдадні Павел Латушка сустрэўся з беларускімі студэнтамі Чэхіі. У рамках сустрэчы былі закрануты праблемы атрымання студэнцкіх віз і важнасць узаемадзеяння беларускага студэнцтва ў Чэхіі з дэмакратычнымі сіламі Беларусі.
Comments