top of page

Чэхія падтрымлівае дэмакратычную Беларусь


Фота: НАУ-медыя

Сенатары ініцыююць у Мінюсце Чэхіі пытанне прыцягнення да адказнасці прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі.

Спрашчэнне легалізацыі беларусаў у Чэхіі і прыцягненне да адказнасці предстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі — галоўныя тэмы абмеркавання падчас сустрэчы намесніка кіраўніка Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Паўла Латушкі і прадстаўнікоў пазаўрадавых арганізацый Беларусі з членамі дэлегацыі Сената Чэхіі і паслом Чэхіі ў Польшчы Бржеціславам Данчакам ў рамках «міттеранскага снядання», традыцыя якога была закладзеная 9 снежня 1988 года ў Празе.

Падчас сустрэчы Павел Латушка ад імя дэмакратычных сілаў унёс прапановы па наступных пытаннях:

  • аб неабходнасці выкарыстання інструментаў універсальнай юрысдыкцыі ў рамках чэшскага заканадаўства па прыцягненні да адказнасці асобаў, вінаватых у рэпрэсіях у адносінах да беларускага народа;

  • аб важнасці выкарыстання «Акта Магніцкага», прынятага чэшскім парламентам з мэтай рэалізацыі нацыянальных санкцый Чэхіі ў адносінах да прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі;

  • аб непрызнанні «выбараў», якія плануе арганізаваць рэжым Лукашэнкі ў лютым 2024 года;

  • аб магчымасці вызвалення беларускіх палітзняволеных.

Сенатары і пасол Чэхіі выказалі гатоўнасць прапрацаваць агучаныя прадстаўнікамі дэмакратычных сіл Беларусі праблемы, якія былі абмеркаваныя падчас сустрэчы.

Кіраўнік чэшскай дэлегацыі сенатар Радуан Нвелаці праінфармаваў, што правядзе сустрэчу з міністрам юстыцыі Чэхіі, падчас якой падкрэсліць важнасць выкарыстання інструментаў універсальнай юрысдыкцыі і вырашэння праблем, якія перашкаджаюць выкарыстанню гэтага інструмента. Таксама ў МЗС Чэхіі будуць перададзеныя прапановы па выкарыстанні «Акта Магніцкага» ў Чэхіі па прымяненні санкцый, а таксама магчымасці прызначэння спецпрадстаўніка Чэхіі па Беларусі.

Асобна было разгледжана пытанне працэдуры легалізацыі беларусаў, якія вымушаныя з-за рэпрэсій пакінуць тэрыторыю Беларусі і маюць патрэбу ў наданні ім статуса палітычных уцекачоў і спрашчэнні працэдуры выдачы дакументаў для грамадзян Беларусі, якія маюць праблемы ў сувязі са сканчэннем тэрміна дзеяння пашпартоў. Асабліва была адзначана тэма важнасці паляпшэння працэдур і магчымасцяў для атрымання віз грамадзянамі Беларусі.

У «міттеранскім сняданні» таксама прынялі ўдзел прадстаўнікі НАУ, Беларускага прэс-цэнтра, ISANS, ЦБС, Беларускага дому ў Варшаве і Еўрарадыё.

Павел Латушка падзякаваў чэшскаму боку за падтрымку незалежных СМІ, а таксама адзначыў важнасць таго, што Сенат Чэхіі быў адным з першых еўрапейскіх парламентаў, які прызнаў сваёй рэзалюцыей КДБ і ГУБАЗіК тэррарыстычнымі арганізацыямі ў лютым 2023 года.

Comments


bottom of page