top of page

Шматлікія пагрозы забойствам на адрас Паўла Латушкі


Павел Латушка
Павел Латушка Фота: НАУ-медыя

"Яны актывізаваліся пасля з’яўлення інфармацыі аб дэпартацыі дзяцей рэжымам Лукашэнкі"


Павел Латушка ў інтэрв'ю парталу Польскага Радыё PolskieRadio24.pl. . распавёў пра пагрозы, якія паступаюць у яго адрас

Неафіцыйны пераклад з польскай мовы


Пагрозы ў мой адрас – гэта пастаянны выклік, пачынаючы з 2020 года. Але асабліва жорстка сігналы такога роду гучаць пасля таго, як мы заняліся прадстаўленнем доказаў ваенных злачынстваў Аляксандра Лукашэнкі і яго паплечнікаў, звязаных з незаконнай дэпартацыяй украінскіх дзяцей”, – заявіў беларускі апазіцыянер, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка ў інтэрв’ю парталу Польскага Радыё PolskieRadio24.pl.


Што з’яўляецца мэтай? Мэта – дэматывацыя. Гэта не атрымаецца. Прычына можа быць і ў тым, што мы фактычна ўпершыню за год пачалі дыктаваць парадак дня і ў тым, што мы трапілі ў вельмі балючы пункт для рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Ён разумее, што праўда на нашым баку, таму што ёсць факты здзяйснення злачынстваў, кваліфікаваных ў адпаведнасці з міжнародным правам. У нас ёсць доказы гэтых ваенных злачынстваў. Вядома, усё залежыць ад рашэння пракурора Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе аб прад’яўленні абвінавачвання", – сказаў Павел Латушка ў інтэрв'ю Польскаму Радыё.


Пра некаторыя выпадкі пагроз было паведамлена ў пракуратуру.

Начныя навіны аб абезгалоўліванні

Польскаму Радыё стала вядома змест некаторых пагроз. Увечары кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення атрымаў пагрозы, у якіх гаварылася, што ў сувязі з расследаваннем ім ваенных злачынстваў яму “не жыць”, дзяцей з Украіны не выкрадаюць, а “лечаць” (!). “Запомні, табе [...]. Наша група ўжо ў Варшаве. Чакай гасцей”, - напісаў аўтар пагрозы.

У іншым выпадку аўтар пагроз пагражаў Паўлу Латушку адсячэннем галавы.



Прысуд і пераслед сям’і

Павел Латушка быў завочна прысуджаны ў Беларусі да 18 гадоў пазбаўлення волі за сваю апазіцыйную дзейнасць.

Яго сям’я таксама падвяргаецца пераследам. “У Беларусі распачатая крымінальная справа супраць Яны, маёй дачкі”, – распавёў Польскаму Радыё Павел Латушка. Яна Латушка вядзе актыўную дзейнасць на карысць Беларусі і цяпер знаходзіцца ў Варшаве.

Стрыечны брат Паўла Латушкі Анатоль Латушка знаходзіцца ў турме ў Беларусі, асуджаны на 6 гадоў.

Афіцыйнае тэлебачанне Лукашэнкі пагражае расправай. "Ён заслугоўвае таго, каб быць пахаваным жыўцом"

Пагрозы на адрас Паўла Латушкі, часцей за ўсё не завуаляваныя, з’яўляюцца таксама ў выступленнях прапагандыстаў, у матэрыялах расійскіх і беларускіх інфармацыйных агенцтваў. З пагрозамі выступаюць прадстаўнікі ўлады, у тым ліку і сам Лукашэнка.

Як паведамляе Народнае антыкрызіснае ўпраўленне на аснове сабраных звестак, вялікая хваля прапагандысцкіх нападаў і пагроз фізічнай расправы прайшла раней, у траўні, а таксама ў афіцыйных беларускіх СМІ, калі каманда Народнага антыкрызіснага ўпраўлення (НАУ) і Павел Латушка рыхтавалі справаздачу аб дачыненні Аляксандра Лукашэнкі і ягоных паплечнікаў да перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей у Расію і Беларусь.

Доказы па гэтым пытанні былі перададзены НАУ пракурору ў Гаазе з мэтай выдачы ордэра на арышт асоб, адказных за гэтыя злачынствы, уключаючы А.Лукашэнку. Варта дадаць, што ў сакавіку гэтага года пракурор у Гаазе выдаў ордэр на арышт Уладзіміра Пуціна за ягонае дачыненне да дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Расію.

Па дадзеных НАУ, да нападаў на Паўла Латушку датычны, у прыватнасці, Рыгор Азаронак (прапагандыст). У эфіры тэлеканала СТВ ён заявіў, што “гэта [...] істота за сам факт такой брыдоты заслугоўвае быць закапаным жывым [...] Яму лепш цяпер зашыць свой [...] і маўчаць усё жыццё [...] Ты апусціўся на крайняе дно, цябе нават пракруціць на колу і засмажыць нельга, бо дым будзе такі угарны, што атруціць навакольных".

Канал Жоўтыя слівы Premium у Telegram (кантралюецца прэс-сакратаром Лукашэнкі Наталляй Эйсмант) напісаў: "Твая гнюсная хлусня, інсінуацыі нават цені не кінуць ні на "рэжым", ні на Талая. Толькі асінавы кол у тваю [...] зробяць тоўшчы".

Старшыня ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі, дэпутат Алег Гайдукевіч прыгразіў, што Павел Латушка “адкажа за ўсё”.

Прапагандыст Андрэй Мукавозчык заявіў, што Павел Латушка павінен быць пазбаўлены беларускага грамадзянства "ў першую чаргу".

Лукашэнка пра Паўла Латушку

У чэрвені з’явіліся публікацыі беларускага агенцтва Белта і расійскага РІА Навіны, у якіх Лукашэнка заявіў, што Паўлу Латушку ніколі не будзе прабачэння, і абвясціў, што ён панясе адказнасць.

Тады ж у сацыяльных сетках з'явіліся новыя пагрозы, па словах Паўла Латушкі, у тым ліку з выявай яго месца жыхарства ў Варшаве.

******

Пра пагрозы забойствам на адрас беларускага апазіцыянера Паўла Латушкі, былога пасла Беларусі ў Польшчы і Францыі, былога міністра культуры Беларусі, кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, раней казаў, у прыватнасці, тэлеканал Белсат. Паўлу Латушку пагражалі вывезці з Польшчы ў багажніку і нават запісалі спецыяльнае відэа, якое ілюструе гэта. З тых часоў Павел Латушка пастаянна атрымлівае новыя пагрозы.

Спіс экстрэмістаў

Як вядома, 14 ліпеня МУС Беларусі ўнесла Паўла Латушку, Святлану Ціханоўскую і грамадзяніна Польшчы Роберта Тампалу ў спіс асоб, якія ажыццяўляюць экстрэмісцкую дзейнасць.

Старонка Музея Вольнай Беларусі ў Варшаве (праект Народнага антыкрызіснага ўпраўлення) у Instagram прызнаная "экстрэмісцкім матэрыялам" – як і старонкі Паўла Латушкі і НАУ – што азначае, растлумачыў апазіцыянер, што за іх прагляд у Беларусі прадугледжаныя крымінальныя справы.

Павел Латушка таксама нагадаў, што згодна з заканадаўствам, нядаўна ўведзеным рэжымам Лукашэнкі, у хуткім часе актывісты, прадстаўнікі дэмакратычных сіл могуць быць пазбаўленыя рэжымам беларускага грамадзянства.

***

Павел Латушка быў паслом Беларусі ў Польшчы і Францыі, а таксама міністрам культуры і дырэктарам тэатра імя Янкі Купалы. Ён з’яўляецца кіраўніком Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і намеснікам Святланы Ціханоўскай у Аб'яднаным Пераходным Кабінеце Беларусі.

 

Дадаткова да артыкула Польскага Радыё таксама публікуем заяву пра Паўла Латушку дэпутата Палаты прадстаўнікоў Алега Гайдукевіча ў эфіры MINSKNEWS.BY ад 20 ліпеня 2023 г.:

"Бегае на каленях па кабінетах, выпрошвае нейкія крымінальныя пераследы – абы нагадзіць краіне! Як рэагаваць? Ён павінен панесці пакаранне. Як лідар партыі, мы два гады таму давалі ўзнагароду…, каб яго прывезлі сюды. Я павялічваю ўзнагароду…! Каб яго прывезлі сюды жывога і ў СІЗА. Я ўпэўнены, на наступны дзень ён будзе поўзаць і распавядаць, што ён ні ў чым не вінаваты і заўсёды быў за Лукашэнку".

留言


bottom of page