Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол
Расія зарабляе на абыходзе санкцый праз Беларусь больш за 1,4 млрд еўра
Мы ўжо даўно пераконваем нашых партнёраў аб неабходнасці гарманізацыі гандлёвых санкцый паміж рэжымам Лукашэнкі і Расіяй, бо яе адсутнасць стварае шчыліны для абыходу ўжо ўведзеных абмежаванняў. Шэраг каментатараў у сваю чаргу заяўляюць, што гарманізацыя штурхае рэжым Лукашэнкі ў бок Расіі і неабходна накладаць абмежаванні перш за ўсё супраць апошняй. Аднак, менавіта гарманізацыя санкцый будзе самай галоўнай санкцыяй супраць Расіі на беларускім кірунку і мы зараз раскажам чаму.
Шэраг экспертаў спрабуюць пераканаць нас, што гарманізацыя не будзе мець эфекту або нават зусім нашкодзіць. На іх думку, за межамі беларускай сферы паслуг, прадстаўленай бухгалтэрыяй, кансалтынгам, IT, юрыспрудэнцыяй, інжынірынгам, якія не маюць дачынення да гандлю таварамі і могуць патэнцыйна пацярпець, ніякага макраэканамічнага эфекту ад гарманізацыі санкцый не будзе, «таму што санкцыйныя спісы ў дачыненні да Беларусі і Расіі ўжо вельмі блізкія». Аднак, факты кажуць пра адваротнае.
Так, мы не маем доступу да поўных мытных дадзеных у дачыненні да грузаў, якія перамяшчаюцца праз мяжу ЕС-Беларусь і тым больш праз беларуска-расійскую мяжу, якая застаецца наогул адкрытай і адпаведна непадкантрольнай для якога-небудзь нагляду за выкананнем існуючых абмежаванняў. Таму з улікам таго, што рэжым Лукашэнкі і Расія закрылі большую частку сваёй знешнегандлёвай статыстыкі, мы звернемся да дадзеных Еўрастата. Як шмат можна даведацца з адкрытай статыстыкі ЕС?
Як высвятляецца, шмат цікавага. Возьмем два простыя прыклады. У красавіку 2022 года Еўрапейскі саюз прыняў пяты пакет санкцый супраць Расіі за агрэсію ў дачыненні да Украіны. Прычым значная частка абмежаванняў тычылася менавіта самой Расіі, але ніяк не закранала злачынны рэжым у Мінску, які, нагадаем, выступаў у ролі суагрэсара і дзякуючы менавіта яму гэтая агрэсія шмат у чым, калі не ў прынцыпе, змагла адбыцца.
Дык вось, прыклад першы. Прыняты 9 красавіка 2022 года пяты пакет санкцый ЕС супраць Расіі, у прыватнасці, забараніў пастаўкі ў Расію 23 таварных пазіцый з трыццаць другой групы таварнай наменклатуры знешнеэканамічнай дзейнасці (ТН ЗЭД).
Да 32 групы ТН ЗЭД адносяцца фарбы і лакі; экстракты дубільныя або фарбавальныя; фарбавальнікі і іх вытворныя; фарбавальнікі, пігменты і іншыя фарбуючыя рэчывы; шпатлёўкі і іншыя масцікі; паліграфічная фарба, чарнілы, туш або кажучы абагульнена розныя тэхнічныя лакі і фарбы, у тым ліку тыя, якія выкарыстоўваюцца ў аўтамабілевытворчасці, лёгкай прамысловасці, паліграфіі і г. д.
Яшчэ ў дасанкцыйны перыяд Беларусь, паводле дадзеных Еўрастата, практычна не пастаўляла па чыгунцы з ЕС лакі і фарбы, якія ўваходзяць у таварную групу 32. За перыяд 2015-2020 гадоў Беларусь сумарна паставіла па чыгунцы з ЕС лакаў і фарбаў на суму 67,2 тыс. еўра (г. зн. у сярэднім у год 11,2 тыс. еўра, з улікам таго, што ў некаторыя гады такіх закупак і зусім не было). У 2021 годзе Беларусь паставіла па чыгунцы лакаў і фарбаў, якія ўваходзяць у 32 групу ТН ЗЭД, яшчэ на 59 тысяч еўра.
Але 2022 год стаў анамальным у гандлі гэтага віду прадукцыі — з ЕС на тэрыторыю Беларусі нечакана чыгуначным шляхам было пастаўлена 10 тысяч тон лакафарбавай прадукцыі 32 групы ТН ЗЭД на 15,1 млн еўра або ў 260 разоў больш! Прычым значныя пастаўкі (на 704 тысячы еўра) пачаліся менавіта ў красавіку, тобок у месяцы ўвядзення санкцый супраць Расіі (у маі было ўжо 1,7 млн еўра, а ў чэрвені — 2,5 млн еўра). За першыя 11 месяцаў 2023 года еўрапейскія пастаўкі былі ажыццёўлены яшчэ на 11,36 млн еўра.
Нагадаем, што Беларусь традыцыйна была ў дастатковай меры забяспечана айчыннай лакафарбавай прадукцыяй. Яе вытворчасцю ў нашай краіне займаецца больш за дзясятак прадпрыемстваў, многія з іх шырока вядомыя за межамі Беларусі. Таму для значнага росту патрэбы ў закупках гэтай групы тавараў у гэткіх вялікіх аб'ёмах на той момант не было абсалютна ніякай неабходнасці.
Толькі пасля ўвядзення сектаральных санкцый на Расію, пры адсутнасці такіх на рэжым Лукашэнкі, лакі і фарбы з Еўропы 32 таварнай групы ТН ЗЭД хлынулі па чыгунцы на беларускі рынак, які відавочна не меў патрэбу ў такой іх колькасці. З чаго вынікае лагічная выснова, што гэтыя залішнія для нашага рынку лакі і фарбы перапраўляюцца з Беларусі на тэрыторыю Расіі ў абыход уведзеных санкцый. І толькі па гэтай адной таварнай групе гаворка ідзе пра дзясяткі мільёнаў еўра!
Другі прыклад, звязаны не з пастаўкамі тавараў з ЕС на ўсход, а ўжо ў зваротным кірунку. У 2022 годзе ўвайшла ў дзеянне забарона на Імпарт шкла з Расіі ў ЕС у рамках згаданага ўжо пятага пакета санкцый у дачыненні да Расіі, у сваю чаргу на рэжым Лукашэнкі ніякіх такіх забаронаў накладзена не было.
І калі ў 2016-2021 гадах экспарт шкла (група ТН ЗЭД 70 — Шкло і вырабы з яго) з Беларусі ў ЕС па чыгунцы складаў у сярэднім 5 млн еўра ў год, то ў 2022 годзе гэтыя пастаўкі шкла з Беларусі склалі рэкордныя 21,94 млн еўра, тобок больш чым у чатыры разы перавысілі аб'ёмы папярэдніх даваенных гадоў. Прычым гэты рост зноў жа пачаўся з красавіка — месяца прыняцця санкцый супраць Расіі. За наступныя 11 месяцаў 2023 года Беларусь экспартавала па чыгуначных шляхах на еўрапейскі рынак шкла і вырабаў з яго яшчэ на 18,18 млн еўра.
Толькі на гэтых двух прыкладах зразумела, што адсутнасць гарманізацыі санкцый дазваляе ў першую чаргу той жа Расіі як прадаваць на Захад, так і атрымліваць праз тэрыторыю Беларусі на ўласны рынак падсанкцыйныя тавары на дзясяткі мільёнаў еўра. Такім чынам, закрыццё гэтай шчыліны стане магутнай санкцыяй як супраць самой Расіі, так і супраць рэжыму Лукашэнкі, які нажываецца на пасярэдніцтве пры гандлі падсанкцыйнай прадукцыяй.
Аб'ёмы абыходу санкцый толькі па двух, не самых важных і буйных сектарах эканомікі, кажуць аб маштабах усяго ўхілення, якое адбываецца за кошт розніцы гандлёвых санкцый супраць Расіі і рэжыму Лукашэнкі. Толькі па гэтых двух таварных пазіцыях гаворка ідзе пра мільёны еўра, а калі ўзяць усе таварныя патокі (а гэта сотні таварных пазіцый, па якіх абмежавальныя меры паміж рэжымамі Пуціна і Лукашэнкі адрозніваюцца) можна казаць ужо пра мільярды.
Так, згодна з дакладам «Санкцыі супраць Расіі як інструмент абароны правоў чалавека: парушэнні рэжыму кантролю за экспартам у Расію крытычна важных для вайны тавараў», падрыхтаваным Нарвежскім хельсінкскім камітэтам у кастрычніку 2023 года агульны памер выгады Расіі па абыходзе санкцый праз Беларусь толькі за кошт празмернага экспарту ЕС і ўскосных парушэнняў можа дасягаць, паводле самых сціплых ацэнак, 1,4 мільярда еўраў. Але гэтая лічба па факце значна большая.
Больш за тое, акрамя галін, якія ўдзельнічаюць у фінансаванні рэжымаў Лукашэнкі і Пуціна, абыход тычыцца тавараў крытычна важных для ВПК абедзвюх краін, якія працуюць на патрэбы агрэсіі супраць Украіны. Аднак нават названыя раней дзве галіны эканомікі, здавалася, не маючыя прамога дачынення да ВПК, таксама працуюць на яго.
Лакі і фарбы выкарыстоўваюцца, напрыклад, для афарбоўкі ваеннай тэхнікі і ўзбраенняў. Нядаўна Мінскі аўтазавод размясціў замову на куплю матэрыялаў для афарбоўкі кабін колеру хакі, якой хапіла б для афарбоўвання больш за 400 грузавікоў МАЗ. Я думаю тут не варта тлумачыць, каму і для якіх мэт трэба столькі грузавых аўтамабіляў ахоўнага колеру хакі.
Валюта, выручаная ад продажу шкла на Захад, у сваю чаргу можа ісці на закупку на тым жа захадзе праз падстаўныя фірмы крытычна важных камплектуючых для вытворчасці ўзбраення. Адсачыць патокі камплектуючых і тэхнікі для ўзбраення яшчэ складаней, чым фарбу або шкло, так як гэтая сфера — самая важная для агрэсараў і адпаведна самая закрытая.
Хтосьці скажа, што Расія ўсё роўна знойдзе, ды і знаходзіць іншыя шляхі для абыходу санкцый. І што ў гэтых схемах выкарыстоўваецца не толькі Беларусь. Гэта праўда. Аднак недаацэньваць і тым больш адмаўляць ролю рэжыму Лукашэнкі як у абыходзе санкцый, так і ў суагрэсіі супраць Украіны ў прынцыпе — нельга. І гэта наглядна відаць у тым ліку і з дадзенага матэрыялу.
І тым больш нельга — і мы не будзем гэтага рабіць — закрываць на гэтую ролю вочы і дазваляць рэжыму Лукашэнкі і далей бесперашкодна дапамагаць Расіі.
Таму мы працягнем працу па выяўленні шляхоў абыходу санкцый праз Беларусь і перадачы адпаведных матэрыялаў нашым партнёрам з мэтай далейшай гарманізацыі гандлёвых санкцый.
Роўна як і працу па ўвядзенні санкцый непасрэдна датычных да сітуацыі ў самой Беларусі: сітуацыі з бесперапыннымі рэпрэсіямі і ростам колькасці палітвязняў. У сувязі з гэтым намі была падрыхтаваная прапанова аб прымяненні санкцый у дачыненні да тавараў, якія вырабляюцца з прыцягненнем прымусовай працы палітвязняў. Дадзеная прапанова была накіравана намі ўсім нашым міжнародным партнёрам і ўжо знайшло адлюстраванне ў Рэзалюцыі Еўрапарламента ад 8 лютага 2024 года.
Kommentare