top of page

Што новага ў парушэнні правоў беларусаў прыдумае Лукашэнка?


Юрыст НАУ Арцём Праскаловіч пра пагаршэнне прававой сітуацыі ў Беларусі

З якой мэтай рэжым узмацняе рэпрэсіі ў дачыненні да беларусаў?


Таму што пратэст беларусаў не «здуўся», ён працягваецца. Незадаволенасць дзеяннямі Лукашэнкі жыве ўнутры беларусаў. Страта кантактаў з замежнымі партнёрамі, разбурэнне эканомікі, уцягненне Беларусі ва ўдзел у агрэсіўнай вайне з боку Расіі ў дачыненні да Украіны — усё гэта непакоіць людзей, прымушае іх дзейнічаць супраць рэжыму Лукашэнкі тым ці іншым чынам. Адпаведна Лукашэнка стараецца з усіх сіл трымаць сітуацыю пад кантролем.


Рэпрэсіі сталі проста татальнымі, максімальнымі, абсалютна бессэнсоўнымі і беспадстаўнымі настолькі, што нават у краіне, дзе «не да законаў» ужо не імкнуцца зазірнуць у які-небудзь кодэкс ці заканадаўчы акт, а прыцягваюць да адказнасці, прымяняюць гвалт і катаванні проста па сваім разуменні і сваім жаданні.


Ці варта беларусам баяцца завочных судоў і пазбаўлення грамадзянства?


Самога статуса прыцягнутага да крымінальнай адказнасці людзям, якія зʼехалі з Беларусі, баяцца не варта. Зразумела, што гэтыя працэсы — не самамэта рэжыму, а інструмент для таго, каб пазбаўляць людзей грамадзянства, узнагарод, статусаў, маёмасці.


Пакуль рэжым яшчэ не ўвёў на поўную ў дзеянне ўсе гэтыя інстытуты, якія яны плануюць рэалізаваць, я б рэкамендаваў прыняць захады да таго, каб пазбавіцца актываў унутры Беларусі тым людзям, якія разумеюць, што да іх гэтыя пытанні могуць узнікнуць, якія вельмі моцна прысутнічаюць у публічнай прасторы, якія сапраўды робяць максімальны ўнёсак у барацьбу з рэжымам.


Пазбаўленне грамадзянства не будзе мець ніякіх наступстваў для тых людзей, якія ўжо знаходзяцца за межамі Беларусі. Калі будзе патрэбна, яны змогуць звярнуцца ў дзяржаўныя органы, атрымаць адпаведны статус, распачаць працэдуры для таго, каб атрымаць нейкія дакументы, якія будуць дазваляць ім перасоўвацца ўнутры краіны і за яе межамі тады, калі скончыцца дзеянне беларускага пашпарту.


Што тычыцца таго, што на падставе страты грамадзянства чалавек пазбавіцца нейкіх выгод з боку беларускай дзяржавы, то відавочна, што людзям, якіх рэжым прымусіў выехаць з Беларусі, абсалютна не патрэбна, на сённяшні дзень, бясплатная беларуская медыцына ці адукацыя. Іншых нейкіх наступстваў праз тое, што чалавек будзе пазбаўлены статусу грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, я не бачу. Беларусам ён пры гэтым застанецца і, як мне падаецца, беларусам з максімальным знакам якасці.


Якіх наступных дзеянняў Лукашэнкі па парушэнні правоў і свабод беларусаў можна чакаць?


Немагчыма прадказаць, якія канкрэтна артыкулы Канстытуцыі і заканадаўчых актаў Лукашэнка працягне парушаць. Зразумела толькі адно — ціснуць ён будзе да апошняга дня свайго жыцця. Таму што адзіная мэта, якая ёсць у Лукашэнкі - утрыманне ўлады, і для дасягнення гэтай мэты ён не спыніцца ні перад чым.


Галоўнае, што павінна зразумець беларускае грамадства — рэжым Лукашэнкі штодня пазбаўляе іх якаснай адукацыі, аховы здароўя, дабрабыту, развіцця эканомікі, бяспекі грамадзян — як унутры Беларусі, так і па за яе межамі. І змяніцца сітуацыя можа толькі са зменай рэжыму лукашызму.

ความคิดเห็น


bottom of page