Этнацыд беларусаў
Прама сёння адбываецца сістэмны этнацыд і культурны генацыд беларускага народа
У Расіі і Беларусі прымаюцца законы пра «генацыд савецкага» і «генацыд беларускага народа» ў гады Другой сусветнай вайны. Пракуратура раней Шведа а цяпер Гары выкарыстоўвае гістарычную трагедыю як палітычную дубінку супраць апанентаў. Але пакуль яны прыкрываюцца мінулым, у сучаснай Беларусі здзяйсняецца сапраўдны этнацыд.
Што стаіць за гэтым тэрмінам?
Этнацыд — гэта свядомая палітыка знішчэння нацыянальнай ідэнтычнасці і самасвядомасці народа. Юрыст Рафаэль Лемкін, які ўвеў паняцце «генацыд», падкрэсліваў: генацыд — гэта не толькі фізічнае забойства. Яго найважнейшая складовая — культурны генацыд, гэта значыць накіраванае знішчэнне мовы, культуры і гістарычнай памяці групы людзей, ператварэнне іх у паслухмяных манкуртаў. Менавіта гэта робіцца ў Беларусі з 2020 года.
Давайце звернемся да сухіх, але страшных лічбаў Нацыянальнага статыстычнага камітэта.
Згодна з перапісам насельніцтва, у 1999 годзе 85,6% грамадзян лічылі беларускую мову роднай. У 2019 годзе гэты паказчык упаў да 61,2%. А за апошнія 10 гадоў колькасць школьнікаў, якія навучаюцца па-беларуску, зменшылася на 34,4%!
Зараз агулам па краіне на роднай мове навучаецца ўсяго каля 8% школьнікаў — гэта крыху больш за 88 тысяч дзяцей на ўсю 9-мільённую краіну.
Але найбольш катастрафічная сітуацыя ў сталіцы. У Мінску па-беларуску навучаецца ўсяго 1,6% школьнікаў! Гэта крыху больш за 3,5 тысячы дзяцей на двухмільённы горад. Гэта найніжэйшы паказчык сярод усіх рэгіёнаў. Беларускамоўныя гімназіі ў рэгіёнах прымусова перанакіроўваюць на рускую мову, а станам на 2026 год у краіне няма ніводнай моўнай школы, дзе замежнікі маглі б афіцыйна вывучаць беларускую мову. Сёння толькі 1,4% норматворчых актаў у Беларусі публікуюцца па-беларуску. Мова свядома выціскаецца з усіх сфер.

Рэжым нават не сорамеецца сваіх намераў. Кіраўнік Нацыянальнай бібліятэкі i дэпутат палаткі Вадзім Гігін у эфіры ў прапагандыста Азаронка адкрыта заяўляе пра знішчэнне культурных ініцыятыў. Ён так і кажа: «Будет ли оттепель? Будет вам по голове оттепель эта. Будем искоренять до конца. И то, что вы там верещите, то, что вы там паникуете, то, что у вас кривые лица — для нас это говорит, что мы всё делаем правильно. И более того, ни «Рагной», ни этим «Грюнвальдом» ничего не закончится. (…) И поверьте, как «Кнігаўку» когда-то испепелили просто, так и дальше так будет». А прапагандыст Азаронак дабаўляе, што асабіста маніторыць інтэрнэт у пошуках «крамолы», шукаючы, дзе збіраюцца беларускія паэткі ці дзе прадаюцца сувеніры з нацыянальным арнаментам.
І вынік іх чорнай справы бачны:
Зачыненая этнакрама Ragna, знішчаны брэнды HONAR і LSTR Adzieńnie.
Забаронены фестываль гістарычнай рэканструкцыі «Наш Грунвальд», які ладзіўся 16 гадоў запар.
Больш за 117 прадстаўнікоў культуры знаходзяцца за кратамі ці на «хіміі» — сярод іх Павел Белавус, музыкант Алег Хаменка.
У турме закатаваны і памёр выбітны мастак Алесь Пушкін.
Ліквідавана больш за 260 культурных арганізацый, звольнена па палітычных матывах як мінімум 428 дзеячаў культуры.
Усе беларускія культурныя асяродкі за мяжой — «Вольныя купалаўцы», Музей Вольнай Беларусі, «Будзьма беларусамі» — абвешчаныя «экстрэмісцкімі». Проста за прагляд іх матэрыялаў у Беларусі пагражае турма.

Як былы дырэктар Купалаўскага тэатра, я бачу гэты бязлітасны пагром знутры. З Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы былі звольненыя 58 чалавек, з іх 36 акцёраў — фактычна ўся трупа! На іх месца прызначаюць расійскіх рэжысёраў і акцёраў. Адзіны цалкам беларускамоўны тэатр прымусова русіфікуюць.
З 2019 па 2024 год колькасць назваў кніг на беларускай мове скарацілася з 1271 да 893, а сукупны тыраж упаў амаль на 700 000 асобнікаў. Незалежныя выдавецтвы «Янушкевіч», «Кнігазбор», Gutenberg Publisher абвешчаны экстрэмісцкімі. Мінінфарм забараніў 258 кніг, а спісы так званых «экстрэмісцкіх матэрыялаў» налічваюць больш за 9 тысяч аб'ектаў. З школьнай праграмы выкінуты раман Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім»!
Больш за 50 вядучых гісторыкаў былі звольненыя з інстытутаў і ВНУ або выціснутыя з краіны. На 2026–2027 гады Мінск і Масква ўводзяць адзіныя падручнікі гісторыі «Саюзнай дзяржавы», дзе перыяд Рэчы Паспалітай прадстаўляецца цяжкім выпрабаваннем, а Расійская імперыя — эпохай міру. Дэмантуюцца помнікі Касцюшкі і Каліноўскаму, затое ў Мінску ставяць 11-метровы манумент Аляксандру Неўскаму.
І ведаеце, чаму гэта адбываецца?

Я згадаю адну асабістую размову з Лукашэнкам, калі я яшчэ працаваў у міністэрстве. Ён аднойчы сказаў мне сам-насам: «Я б і сам загаварыў па-беларуску, але тады Пуцін будзе прадаваць мне нафту значна даражэй».
Вось і ўся сутнасць гэтага палітыка. Ён гатовы прадаць беларускую мову, культуру і гісторыю за танную нафту, газ і захаванне ўласнай улады.
Заходні свет доўга ўспрымаў сітуацыю ў Беларусі проста як лакальны крызіс правоў чалавека. Гэта небяспечная памылка.

Сёння культура — гэта лінія фронту. Без маштабнай падтрымкі беларускай мовы і ідэнтычнасці Еўрапейскі Саюз атрымае на сваёй мяжы альбо новую губерню Расіі, альбо краіну з цалкам замешчаным расійскім менталітэтам — агрэсіўным і мілітарызаваным. Знішчэнне культуры ператварае 9 мільёнаў беларусаў у бязлікі мабілізацыйны рэсурс Крамля.
Даследаванні інстытута Эберта даводзяць: менавіта нацыянальна свядомыя беларусы найбольш падтрымліваюць еўрапейскі шлях Беларусі. Знішчаючы мову, Лукашэнка знішчае еўрапейскую будучыню краіны.
Нацыя можа выжыць без межаў, але яна ніколі не выжыве без нацыянальнай ідэнтычнасці. Калі мы не абаронім беларускую культуру сёння, заўтра давядзецца будаваць новыя расійскія ваенныя базы і ісці на чарговае СВО.
Але я веру ў наш народ. Беларуская мова жыве ў нашых сэрцах, у нашых кнігах і ў нашым супраціве.
Падзяліцеся гэтым відэа, стаўце лайкі і напішыце ў каментарах, што для вас значыць беларуская мова сёння. Праўду павінны чуць!




Comments