Гучны канфлікт паміж намесніцай старшыні абласной ячэйкі партыі Белая Русь Святланы Вараніцы з Рыгорам Азаронкам і Вольгай Бондаравай стаў першай такой яскравай публічнай праявай супрацьстаяння груп так званых элітаў рэжыму Лукашэнкі.
Гэты тэлеграм-канфлікт працягваецца досыць даўно, але, мабыць, менавіта цяпер актыўнасць прарасійскіх актывістаў і прарасійскіх інфлюенсераў стала ствараць пагрозу для існуючай сістэмы, калі дадзеныя групы сталі выказваць меркаванне, якое выходзіць за рамкі метадычак з адміністрацыі Лукашэнкі.
Адна з прычын з-за якой такое стала магчымым — гэта не толькі знішчэнне беларускай грамадзянскай супольнасці, але і з'яўленне на яго месцы прарасійскай сімуляцыі грамадзянскай супольнасці.
Падчас свайго візіту ў чэрвені 2021 года ў Мінск сакратар Рады бяспекі Расіі Мікалай Патрушаў заявіў, што «трэба надаваць увагу ... дзейнасці няўрадавых і некамерцыйных арганізацый.... Калі казаць пра Беларусь, то іх канчатковая мэта — памяняць лад і ўладу ў вашай краіне. Уласна кажучы, мы гэта назіраем апошнім часам, а вы, хто жыве ў Беларусі, лепш за ўсіх гэта бачыце».
Услед за Патрушавым Аляксандр Лукашэнка ў ліпені 2021 года, кажучы пра няўрадавыя арганізацыі, прызнаўся, што «ідзе зачыстка». А ўжо ў снежні абвінаваціў структуры грамадзянскай супольнасці ў замежным фінансаванні, спробе арганізацыі перавароту і мяцежу, заявіў аб іх ліквідацыі. У тым ліку праз інстытуты грамадзянскай супольнасці, са слоў Лукашэнкі, «калектыўны Захад не пакідае спробаў знізіць узровень інтэграцыйнага ўзаемадзеяння ў Еўразіі».
Паводле звестак праваабаронцаў, з 2020 года было закрыта больш за 1200 грамадскіх арганізацый.
У той жа самы час нелегітымныя ўлады ў процівагу рэальным НДА ствараюць так званыя ДАНДА — недзяржаўныя арганізацыі, фактычна створаныя дзяржавай. Прыкладам могуць быць «Круглы стол дэмакратычных сіл» Юрыя Васкрасенскага або «Сістэмная праваабарона» Дзмітрыя Белякова. Апошні таксама стварыў Міжнародны дабрачынны фонд імя Эміля Чачко, названы так у гонар польскага перабежчыка, які выступаў у дзяржаўных СМІ з галаслоўнымі заявамі аб злачынствах польскіх вайскоўцаў і памежнікаў падчас міграцыйнага крызісу 2021 года.
Многія з так званых ДАНДА аб'ядналіся ў «патрыятычныя сілы» (9 жніўня 2022 года прайшоў іх першы форум, а праз год адбылося пасяджэнне Штаба патрыятычных сіл Рэспублікі Беларусь). Дадзеныя так званыя «патрыятычныя» арганізацыі маюць выразную прарасійскую накіраванасць, пра што сведчыць прынятая імі 9 жніўня 2023 года дэкларацыя. «Беларусь захоўвае вернасць сваім абавязацельствам у Саюзнай дзяржаве, заснаваным на разуменні агульнасці шляху ўсходнеславянскіх народаў, нягледзячы на ўсе нягоды і выпрабаванні» — гаворыцца ў дэкларацыі.
Таксама для найбольш буйных ДАНДА («Белая Русь», БРСМ, Беларускі саюз жанчын, аб'яднанне ветэранаў) прадугледжаны асаблівыя формы ўзаемадзеяння з дзяржавай.
На фоне ліквідацыі незалежных НДА, акрамя дзейнасці як бы дзяржаўных структур так званай «саюзнай дзяржавы», на тэрыторыі Беларусі актывізаваліся буйныя расійскія грамадскія аб'яднанні і фонды, якія фінансуюцца з Крамля, у тым ліку Рассупрацоўніцтва, Фонд Гарчакова, Фонд «Рускі свет» і Фонд падтрымкі суайчыннікаў.
Таму давайце разгледзім аб якіх інфлюенсерах і актывістах ідзе гаворка, звязаных з прарасійскімі арганізацыямі наўпрост ці ўскосна.
У пул медыйных персон рэжымнага тэлевізара з відавочна прарасійскімі поглядамі ўваходзяць ужо ўсім вядомы Рыгор Азаронак, а таксама Яўген Пуставы, Ксенія Лебедзева, Аляксандр Шпакоўскі, Яўген Лазуткін. На больш нізкім узроўні праз тэлеграм-каналы імперскія наратывы прасоўваюць шэраг прарасійскіх актывістаў, сярод якіх Вольга Бондарава, Эльвіра Мірсалімава, Святлана Жыгімонт, а таксама Аляксей Талай.
Погляды вядома ж могуць быць ва ўсіх свае, але справа не толькі ў поглядах, можна, напрыклад, прасачыць сувязь як з рознымі расійскімі медыя-праектамі, так і з арганізацыямі, якія прасоўваюць паглыбленую інтэграцыю з Расіяй.
Так, напрыклад Рыгор Азаронак вядзе перадачу на канале расійскага прапагандыста Уладзіміра Салаўёва, Ксенія Лебедзева дае каментары шавіністычнаму сайту «Царьград. тв», Шпакоўскі і Лазуткін удзельнічалі ў дзейнасці фінансуемага Адміністрацыяй Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі праекта «Сонар-2050». Аляксандр Шпакоўскі і ўвогуле атрымаў высокую пасаду ў пасольстве Беларусі ў Расіі, што не магло адбыцца без узгаднення з расійскім бокам.
Вольга Бондарава з'яўляецца часткай руху «Інфаспецназ», створанага супрацоўнікам псеўдаправаахоўнай арганізацыі «Сістэмная праваабарона» Дзмітрыем Беляковым, які вядомы як ініцыятар стварэння прарасійскай партыі «Адзіная айчына».
Таксама існуе шэраг ананімных тэлеграм-каналаў, рэпост з якіх робяць у свае каналы Вольга Бондарава і Святлана Жыгімонт. І вось на наратывах аднаго з іх прапаную спыніцца падрабязней.
Адной з мэт крытыкі стаў гурт «Дразды», які ў гэтым тэлеграм-канале называюць «дзятламі». Іх вінавацяць у тым, што яны – прыхільнікі дэмакратычных сілаў, і называюць іх бчбшнікамі і змагарамі. На гэты канфлікт можна было б не звяртаць увагі, калі б не адно але. Праз крытыку «Драздоў» можна прасачыць крытыку дзейнасці адміністрацыі Лукашэнкі за тое, што ўзгадняюць удзел гэтай групы ў мерапрыемствах на высокім узроўні, а таксама пакуль мяккая крытыка кіраўніка адміністрацыі – Ігара Сяргеенкі.
Але вось цяпер з'явіліся пасты, у якіх аўтары спрабуюць стварыць уражанне датычнасці да дзейнасці схаваных ячэек людзей з прозвішчам Лукашэнка, так, напрыклад, на фота з фестывалю «Вытокі», дзе ў цэнтры стаіць сын дыктатара Лукашэнкі Віктар адзначаны людзі, якіх яны называюць схаванымі змагарамі.
Паралельна з гэтым Вольга Бондарава абвінавачвае міністра адукацыі Андрэя Іванца ў распаўсюдзе нацызму толькі за тое, што ён паведаміў пра тое, што ў Беларусі 40 адсоткаў беларускамоўных школ і што трэба — цытата — «больш надаваць увагі вывучэнню нашай мовы». У гэтым яна ўбачыла дыскрымінацыю рускай мовы і прыкметы нацызму.
Дарэчы гурт «Дразды» трапіў у няласку таксама пасля таго, як стаў больш актыўна спяваць песні на беларускай мове і стаў вельмі папулярным сярод ябацек у ціктоку.
Дарэчы менавіта гэтая група прарасійскіх актывістаў асабліва заўзята ўсхваляе беларускі ГУБАЗіК і АМАП, а таксама фанатычна любіць ПВК «Вагнер».
І як бы не спрабавалі прапагандысты заявіць, што расколу ў іх шэрагах няма і быць не можа — не заўважаць яго немагчыма.
Паколькі абазначылася другая група сярод лукашыстаў, якая крытыкуе дадзеных прарасійскіх актывістаў. Відавочна, імі не кіруе нейкая шчырая любоў да Беларусі. Яны бачаць у гэтым пагрозу ўсталяванай лукашэнкаўскай сістэме.
Дык хто ж гэтыя людзі?
Ігар Тур, які на адной з сустрэч з Лукашэнкам спрабаваў праводзіць больш прымірэнчую рыторыку ў дачыненні да пратэстнай супольнасці; Марат Маркаў, які досыць рэзка называе прарасійскіх актывістаў «вомбатамі»; а таксама Ілля Бягун, які хутчэй за ўсё звязаны з КДБ Беларусі.
А вось сярод актывістаў можна адзначыць Святлану Вараніцу, якая дэманстратыўна размяшчае ў сваім канале кліпы гурта «Дразды», а таксама павялічыла колькасць беларускамоўнага кантэнту ў сваім канале, што не можа не выклікаць раздражнення ў прарасійскіх актывістаў, якія ўжо назвалі Вараніцу схаванай бчбшніцай.
У 2020 годзе, калі беларускі народ зрабіў свой выбар на карысць дэмакратыі — такія актывісты як Вараніца, такія журналісты як Тур думалі, што яны змогуць зарабіць ачкі сваёй лаяльнасцю дыктатару, заплюшчыўшы вочы на хлусню і гвалт, а з часам усё вернецца ў камфортны 2019 год і тады яны апынуцца на кані.
Але розныя прарасійскія актывісты так не думалі, яны крычалі тыя ж лозунгі, што і Тур з Вараніцай, але рабілі гэта для таго, каб больш ніколі не вярнуць Беларусь у 2019 год. Іх мэта – зрабіць Беларусь часткай Расіі, і робяць яны гэта хітра, прадумана і цынічна — напяваючы ўладалюбіваму Лукашэнку, што толькі яны ягоныя сапраўдныя прыхільнікі.
Але і тыя і іншыя не разумеюць таго, што беларусы – гэта нацыя, якая сама зможа зрабіць выбар і вызначыць сваю будучыню. І беларусы заўсёды змогуць дамовіцца адзін з адным. Але ёсць той, хто перашкаджае нам гэта зрабіць – дыктатар Лукашэнка, і ёсць сур'ёзная пагроза ўсім нам — рускі свет, які адмаўляе існаванне нашай Беларусі.
Comments