top of page

6 гадоў турмы за праўду


Крыніца: «Вясна»

Сёння я хачу перадаць словы падтрымкі майму стрыечнаму брату Анатолю Латушку — яшчэ аднаму чалавеку, лёс якога сёння паспрабавала перамалоць лукашэнкаўская машына рэпрэсій.


Сёння яго асудзілі на 6 гадоў за «хуліганства», «спробу зрыву рэферэндуму» і «незаконны збор дадзеных».


Чытаць: «За праўду». «За справядлівасць». «За пазіцыю».


Наша Беларусь ва ўсіх на вачах працягвае апускацца ў змрок таталітарнай дыктатуры, па пустых вуліцах краіны, як у 30-ых, ездзяць «варанкі», а людзі - «знікаюць» па спісах. Пакуль іх знаходзяць жывымі, але ўжо амаль заўсёды — за кратамі.


Рэжым подла знішчае самае святое і недатыкальнае ў нашым жыцці: разбурае сем'і, пазбаўляе блізкіх. Некаторых, на жаль, ужо назаўжды.


Я ведаю, што Анатоль — годны сын сваіх бацькоў, сын Беларусі і вельмі любіць сваю Радзіму. Ён сярод тысяч, соцен тысяч, мільёнаў беларусаў, якія вераць у свабоду Беларусі, вераць у тое, што мы яе вернем. Вернем разам.


У гэты дзень мае думкі з Анатолем, з усімі зняволенымі ў турмах беларусамі.


Я веру, што хутка мы зноў убачымся — у Новай Беларусі, якую пабудуем разам. І пад тысячамі бела-чырвона-белых сцягоў, што залунаюць па-над Беларуссю, смелыя, сумленныя, годныя беларусы выйдуць з засценак.


Comments

Couldn’t Load Comments
It looks like there was a technical problem. Try reconnecting or refreshing the page.
bottom of page