Як жаданне прыехаць дадому ператвараецца ў турэмны тэрмін
Здавалася, ужо тры гады з'яўляюцца навіны пра тое, як беларусы, якія з'ехалі ад рэжыму, вяртаюцца дадому і трапляюць пад рэпрэсіі. Упэўнены, што многія, знаходзячыся за мяжой, хоць аднойчы задумваліся, што яго ці яе гэта не закране, што ўлады забыліся, што прайшло шмат часу. Але гэта зусім не так.
23 ліпеня «Наша Ніва» апублікавала артыкул пра Наталлю Левую, якая пасля доўгага часу вярнулася ў Беларусь. Як вынікае з матэрыялу, 17 ліпеня яе асудзілі на 6 гадоў калоніі са штрафам 40 тысяч рублёў.
Наталлі 38 гадоў, яна прафесійны 2D-мастак, жыла ў Польшчы і вельмі хацела вярнуцца ў Беларусь. Калегі адгаворвалі яе з'язджаць, але жаданне дзяўчыны вярнуцца на радзіму было мацнейшым. Яна нават аплаціла ў кратным памеры данаты за 2020 год, пра што атрымала даведку ад КДБ. З гэтай даведкай яна і накіравалася ў Беларусь.
Аднак Радзіма сустрэла яе не абдымкамі
Наталлю затрымалі на мяжы. 17 ліпеня ў Брэсцкім гарадскім судзе яе абвінавацілі па трох артыкулах: «Фінансаванне вайны», «Фінансаванне экстрэмісцкага фарміравання» і «Фінансаванне экстрэмісцкай дзейнасці». 6 гадоў калоніі — такую цану заплаціла дзяўчына за жаданне вярнуцца ў родную краіну, верачы, што КДБ яе не кране за так званую кампенсацыю.
Чаму мы закранаем гэтую гісторыю? Гэта добры прыклад хлусні рэжыму, яго рэпрэсіўнай палітыкі і нянавісці да сваіх грамадзян.
У пачатку года праваабаронцы заяўлялі пра больш чым 200 затрыманых беларусаў, якія вярнуліся на радзіму. Многія з іх звярталіся ў «Камісію па вяртанні», але гэта іх не выратавала. Сярод іх была Таццяна Курыліна. Яе абвінавацілі ў адміністраванні пратэстных чатаў і пасадзілі на чатыры з паловай гады калоніі. Берасцеец Ігар Неміровіч таксама звяртаўся ў камісію і вярнуўся ў Беларусь. Яму прызначылі адзін год калоніі. І такіх прыкладаў сотні.
Не варта верыць у бяспеку вяртання дадому
Вось, напрыклад, Лукашэнка стварыў сваю камісію для вяртання грамадзян. Але што мы бачым на практыцы? Людзі, якія паверылі ў гэтыя абяцанні, вяртаюцца дадому і аказваюцца за кратамі. Гэтая камісія стала чарговым інструментам для заваблівання апазіцыйна настроеных грамадзян і іх наступнага пераследу.
Іншая яго ініцыятыва — схема з паборамі за данаты. І зноў вынік той жа: людзі плацяць велізарныя сумы, спадзеючыся на абарону, але замест гэтага сутыкаюцца з арыштамі і турэмнымі тэрмінамі. Гэтыя паборы апынуліся яшчэ адным спосабам выцягвання грошай з грамадзян пад ілжывымі падставамі.
Нарэшце, нядаўна ўведзены бязвізавы рэжым для еўрапейскіх грамадзян таксама апынуўся толькі пасткай. За прыгожымі заявамі аб свабодзе перамяшчэння хаваецца рэальнасць: рэжым затрымаў грамадзяніна Германіі і прысуджае яму смяротнае пакаранне. Атрымліваецца, што нават для замежнікаў Беларусь застаецца вельмі небяспечным месцам.
Усё гэта пацвярджае тое, што вяртанне для беларусаў у краіну, дзе кіруе рэжым Лукашэнкі, вельмі рызыкоўнае і небяспечнае. Ніякія «камісіі», «кампенсацыі» або «раскаянні» не гарантуюць бяспеку. Пра гэта трэба нагадваць усім, хто цяпер у бяспецы за мяжой і хоча паехаць дадому.
Comentários