top of page

Латушка адказаў Лукашэнку


Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол

Напярэдадні так званага адзінага дня прызначэнняў дэпутатаў усіх масцяў, прабачце, усіх узроўняў саветаў Лукашэнка вырашыў у чарговы раз знайсці ворагаў. Але гэтая параноя надыходзіць у Лукашэнкі практычна... Ды не, заўсёды. Заўсёды, перад кожнай выбарчай кампаніяй. Цяпер дыктатар распавядаў пра ворагаў на нарадзе з прадстаўнікамі так званых сілавых органаў. Гэтым разам мапы з пазіцыямі, адкуль на Беларусь рыхтаваўся напад, у дыктатара з сабой не было, таму ён вырашыў выступіць па іншых тэмах. Напрыклад, распавёў пра сцэнары змены ўлады ў краіне. Што ж нагаварыў гэтым разам Лукашэнка?

Лукашэнка: да чаго гэтыя зусім абсурдныя неправавыя санкцыі, маштабная мілітарызацыя, дэманстратыўная гульня мускуламі, у тым ліку ваенная актыўнасць паблізу нашых межаў? Якія ў іх для гэтага падставы? Хто ім пагражае? І калі такое было ў гісторыі, што мы камусьці пагражалі?

Якія падставы? Хто пагражае? Калі чалавек, які мае дачыненне да цэлага шэрагу злачынстваў, спрабуе казаць аб законнасці — гэта выглядае асабліва недарэчна, па-блюзнерску. 136 тысяч ахвяр супраць чалавечнасці — і гэта толькі па май 2023 года, забойствы, катаванні, гвалтоўныя знікненні, згвалтаванні жанчын, мужчын, непаўналетніх, памерлыя ў турмах, прымусовая дэпартацыя — гэта самыя цяжкія злачынствы, якія пераследуюцца ў адпаведнасці з міжнародным правам. І Лукашэнка пытаецца, за што санкцыі? Можа быць слушней спытаць, чаму так мала санкцый? Ці чаму ён дагэтуль не арыштаваны, не затрыманы і не прыцягнуты да адказнасці?

24 лютага 2022 года Лукашэнка даў тэрыторыю Беларусі для ўварвання ва Украіну. З-за гэтага ўварвання адбыўся генацыд у Бучы, Гастомелі, Ірпене. Расійская армія стаяла пад Кіевам, з тэрыторыі Беларусі было запушчана каля 800 ракет. Колькі дзяцей, жанчын загінула праз тое, што Лукашэнка стаў агрэсарам у гэтай вайне? І ён нешта кажа з нагоды мілітарызацыі, дэманстрацыі сілы? Што нібыта ён нікому не пагражае? 

Ён пачаў масавыя рэпрэсіі ў дачыненні да беларусаў. Праз Лукашэнку пазбавіліся жыццяў дзясяткі беларусаў. Ён тысячамі саджае людзей у турмы. Захапіў грамадзянскі самалёт, арганізаваў штучную міграцыйную вайну, прадаставіў тэрыторыю для агрэсіі, размясціў тактычную ядзерную зброю на тэрыторыі Беларусі. І ён нікому не пагражае? На каго адрасаваны гэты тэзіс?

Дададзім. Увосень мінулага года так званы першы намеснік дзяржсакратара Рады бяспекі Павел Муравейка, каментуючы санкцыі з боку краін Балтыі, заявіў: «З пункту гледжання банальнай логікі мы маем усе падставы, каб прасекчы жыццёва важны для нас калідор сілай зброі».

Прасекчы да Балтыйскага мора? Прабіць калідор сілай зброі... Па сутнасці, гэта была пагроза ваеннага ўварвання ў суседнюю краіну. Ці не гэтае выказванне намесніка дзяржсакратара Рады бяспекі Вальфовіча было наўпроставай пагрозай краіне NATO? Як павінны рэагаваць на падобныя выказванні краіны-суседзі? Пры тым, што рэжым Лукашэнкі ўжо аказаў садзейнічанне ва ўварванні Расіі ва Украіну, пры тым, што ў Беларусі перыядычна і перманентна праходзяць ваенныя вучэнні з Расіяй, пры тым, што Лукашэнка размясціў у краіне ядзерную зброю?

Лукашэнка: Наступная задача — усім праваахоўным органам, у першую чаргу, МУС і МНС — людзі павінны адчуваць сябе ў бяспецы дома, на працы, на вуліцы ў любы час сутак. Папярэджваю — МУС, КДБ, спецслужбы, каго заўгодна, пракуратуру — трэба ўзяць гэта на кантроль. Папярэджваю, на вуліцах павінны быць нашы хлопцы, патрулі. [...]. З голымі рукамі хадзілі — ну гэта тады. А цяпер — патрулі павінны быць узброеныя, стралковай зброяй, як мінімум пісталетамі — і гэта павінны ведаць усе.

Я спытаў у аднаго з афіцэраў Міністэрства ўнутраных спраў: «А ці раней хадзілі патрулі са зброяй?» І адказ быў станоўчы. Лукашэнка проста стварае чарговую хлусню. Ён такім чынам спрабуе зноў пагражаць беларусам, пагражаць зброяй. Лукашэнка працягвае напампоўваць сваіх сілавікоў. Цяпер ён проста дае сігнал, што яны маюць права страляць у мірных людзей. Фактычна, індульгенцыя на забойствы. А чаму ён гэта робіць? Бо беларусы — мацнейшыя за яго, бо ён баіцца нас, ён баіцца нас з вамі, беларускі народ.

У выніку дзеянняў сілавікоў — забойстваў, незаконнага зняволення і затрымання, давядзення да самагубства — пасля 2020 года пазбавіліся жыццяў дзясяткі беларусаў. Яшчэ раз: з-за прамых дзеянняў карнікаў гінуць людзі — і гэтыя смерці не спыняюцца. Дык пра якую бяспеку пры выглядзе сілавікоў кажа Лукашэнка? Хто з беларусаў адчувае «абвастрэнне» пачуцця бяспекі, калі побач з'яўляюцца сілавікі? 

Можа быць, сам Лукашэнка і адчувае гэтую бяспеку, калі побач з ім сілавікі? Адказ на пытанне відавочны і ляжыць на паверхні: раздзіманне сілавога апарата дазваляе яму захоўваць уладу. Гэта ягоны спосаб абароны ад беларусаў, якія выразна далі зразумець дыктатару — хопіць! І раздзіманнем сілавога апарата Лукашэнка сам сабе капае яму, бо тая зброя, якой ён так актыўна шпігуе сваіх сілавікоў, гэтым самым трапляючы да іх у залежнасць, тая зброя, якую ён накіроўвае супраць беларусаў, рана ці позна можа павярнуцца супраць яго самога.

І тут важна разумець: ні адзін кіраўнік у свеце не раздзімае сілавы апарат і не перанасычае яго зброяй, калі ў яго няма праблем з падтрымкай, калі ён не здзяйсняў злачынстваў, калі ў яго няма праблем з легітымнасцю. Але чамусьці ў дыктатараў, якія ва ўладзе не першы дзясятак гадоў — гэта часты сімптом. Чамусьці яны хочуць загадзя забяспечыць сябе імунітэтам, на выпадак калі яны ўжо не будуць ва ўладзе. Навошта, калі ніякіх злачынстваў не здзяйсняў?

Хочам расчараваць Лукашэнку. Пад руляй аўтаматаў не развіваецца бізнэс, пад кантролем сілавікоў не працуюць айцішнікі, пад наглядам «патрулёў» не нараджаюцца інавацыі. І высокакваліфікаваных спецыялістаў, якія выплатай падаткаў робяць значны ўнёсак у эканоміку любой краіны, наяўнасць бандытаў на вуліцах, якіх Лукашэнка па незразумелай прычыне называе супрацоўнікамі сілавых органаў, не матывуе заставацца ў Беларусі. І самае галоўнае — патрулі не вырашаць праблему з падтрымкай.

Лукашэнка: Зараз зразумееце, я сказаў пра сцэнары. Іх тры — як яны гэта трактуюць. Першы — самы жаданы для іх — гэта арганізацыя дзяржаўнага перавароту альбо гвалтоўны захоп улады непасрэдна ў перыяд правядзення электаральных кампаній.

І вось вельмі цікава. Лукашэнка сам апісаў, што было зроблена акурат ім жа самім у 2020 годзе. Так, сапраўды, Лукашэнка здзейсніў гвалтоўны захоп улады непасрэдна ў перыяд правядзення электаральнай кампаніі. І тут нічога новага няма: адзін з любімых прыёмаў рэжымнай прапаганды — абвінаваціць апанента ў тым, у чым ты сам па вушы замяшаны, нанесці «папераджальны ўдар». На злодзеі і шапка гарыць.

Тры сцэнары, пра якія кажа Лукашэнка. А можа ёсць чацвёрты сцэнар? І я павінен знерваваць Лукашэнку: сцэнар ён не адгадаў. 

Лукашэнка: Адначасова, цытата, Варшава спрабуе завербаваць высокапастаўленых беларускіх чыноўнікаў, якія змогуць замяніць нашых ціхушак і лахушак. Яны разумеюць: яны не здольныя перавярнуць Беларусь, яны не здольныя рэалізаваць сцэнар ні каляровай нейкай рэвалюцыі ці нейкага марш-браска сюды, у Беларусь, яны не змогуць рэалізаваць узброенае ўварванне. Мы сочым за гэтым працэсам, мы бачым іх падыходы да кіраўнікоў як у сферы ваеннай, так і ў сферы грамадзянскай у Беларусі. Яны будуць шукаць і ствараць новых, лаяльных Захаду, і больш эфектыўных дзеячаў тут. У ход пойдуць усе метады: ад банальнага подкупу, шантажу, да пагроз жыццю і здароўю вам, нам і вашым блізкім і родным.

І вось цікава. Мы гэты праект нават не хавалі, ён быў абсалютна публічны, пра гэта была інфармацыя ва ўсіх каналах — і Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, і Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, і ёсць спецыяльны тэлеграм-канал — «Кадравы Рэзерв». Дэмакратычныя сілы Беларусі сапраўды рэалізуюць праект — «Кадравы рэзерв для Новай Беларусі». Нам патрэбныя сумленныя чыноўнікі, беларусам патрэбныя сумленныя чыноўнікі, якія будуць падтрымліваць дзяржаўнасць, тыя чыноўнікі, якія сёння працуюць у сістэме, для якіх важна захаванне нашай краіны, якія не здзяйснялі злачынстваў. 

Мы нікога не збіраемся «вешаць на слупах», пра што ўвесь час кажа Лукашэнка. Менавіта ён здзяйсняе злачынствы і так ставіцца да беларусаў. Галоўнае — і гэты зварот да чыноўнікаў — не здзяйсняйце злачынстваў, галоўнае, не запэцкайце свае рукі ў крыві — і вы будзеце запатрабаваныя ў Новай Беларусі. Лукашэнка спалохаўся нашага праекта, таму што ў ім удзельнічаюць прадстаўнікі дзяржкіравання. Але вымушаны расчараваць яго спецслужбы: ім не ўдалося атрымаць звесткі пра ўдзельнікаў праекта. І яны іх не атрымаюць.

Не Захаду патрэбныя лаяльныя чыноўнікі, а нам, беларусам, патрэбныя тыя чыноўнікі, якія будуць падтрымліваць незалежнасць, суверэнітэт, правы чалавека, свабоду і дэмакратыю. І мы над гэтым працуем, а не спецслужбы, якія паўсюль бачыць Лукашэнка.

Лукашэнка: Вы ж ведаеце, што хаваецца пад фармулёўкай будучых вучэнняў узброеных сіл NATO і ЗША «Абаронца-2024», ведаеце, што значыць іх правядзенне на тэрыторыі краін Балтыі, Германіі і Польшчы для нас. Паводле атрыманых звестак, блізу 90 тысяч ваенных з 32 краін-чальцоў і партнёраў альянсу будуць стаяць на парозе нашага дома: адпрацоўваць стратэгію, цытата, адбіццё спробы расійскай агрэсіі — чытай нашай — супраць адной з краін альянсу. Слухайце, поўнае глупства, Расія рыхтавацца напасці на краіны Балтыі. 

Давайце ўспомнім, як Расія «не рыхтавалася» напасці на Украіну. Усе ўжо навучаныя гэтым горкім досведам 2022 года і аддаюць сабе справаздачу, што ад Расіі і дыктатуры Лукашэнкі можна чакаць усяго чаго заўгодна. Я 16 гадоў прапрацаваў дыпламатам у Еўропе, жыву цяпер ужо 3,5 гады ў Польшчы. Але ніколі і нідзе — ні ў прыватных гутарках з простымі грамадзянамі еўрапейскіх краін, ні ад палітыкаў — не чуў нават намёку аб тым, што хто б там ні было хацеў бы напасці на тэрыторыю Беларусі і захапіць нейкія тэрыторыі. Вы ведаеце, пра што мараць еўрапейцы? Яны мараць нараджаць дзяцей, будаваць дамы, ездзіць-падарожнічаць, развівацца, адпачываць... Але не мараць захопліваць чыісьці тэрыторыі.

А нарада Лукашэнкі — чарговы прыклад таго, як дыктатар спрабуе сфармаваць парадак дня, перакласці з хворай галавы на здаровую. Навошта ён гэта робіць? Яму трэба стварыць вобраз ворага — кансалідаваць яго электарат пад гэтым вобразам. Для гэтага ён павялічвае выдаткі на абарону, на сілавы апарат. І мэта ў гэтага толькі адна — захаваць сваю ўладу. Дзеянні Лукашэнкі — гэта фактычна падрыхтоўка да правакацый, дыверсій у кірунку краін-суседзяў. Гэта значыць ён такім чынам закладвае інфармацыйна-прапагандысцкую базу для наступных агрэсіўных дзеянняў у дачыненні да краін-суседак. А тое, што гэта ўжо мела месца ў 2022 годзе і адбываецца да сённяшняга дня — мы з вамі ведаем. 

Таму слухаючы словы Лукашэнкі, заўсёды трэба рабіць агаворку: гэта прапаганда. Накіравана яна толькі на захаванне яго ўлады. І Лукашэнка — самы вялікі хлус, якога раней не ведала гісторыя Беларусі.

bottom of page