top of page

Лукашэнка і сыны


Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол

Не так даўно ў Аб'яднаных Арабскіх Эміратах прайшла сустрэча кіраўніка найбагацейшай сям'і ў свеце шэйха Мухамада ібн Заіда Аль Нахаяна і дыктатара Лукашэнкі — кіраўніка самай багатай сям'і з Беларусі.

Галоўнай крыніцай багацця Лукашэнкі з'яўляецца ўлада. З дапамогай нічым неабмежаванай улады, якую дыктатар незаконна захапіў, яму ўдаецца здабываць велізарныя даходы, якія не сніліся многім паспяховым бізнэсоўцам як у Беларусі, так і па-за яе межамі.

Лукашэнка стварыў велізарную асабістую бізнэс-імперыю пад назвай «кіраўніцтва справамі прэзідэнта». Фармальна дзяржаўная арганізацыя працуе на забеспячэнне патрэб толькі аднаго чалавека. Гэта самая сапраўдная дзяржава ў дзяржаве, якая бесперашкодна падмінае пад сябе нацыянальны здабытак ўсёй краіны і самыя прыбытковыя бізнэсы.

Другі спосаб узбагачэння — раздача розных прывілеяў свайму асяродку. Лукашэнка сваімі ўказамі, як правіла закрытага тыпу, выдзяляе бясплатна зямлю ў доўгатэрміновую арэнду або нават уласнасць, вызваляе ад падаткаў і іншых плацяжоў у бюджэт, а таксама прадастаўляе шматлікія іншыя прэферэнцыі. Гэтым ён стварае неканкурэнтныя перавагі для «выбраных» і набліжаных асабіста да яго. Гэтыя перавагі дазваляюць здабываць т. зв. інвестарам каласальныя прыбыткі, якія пазней выцякаюць за мяжу і асядаюць на сакрэтных рахунках сям'і і найбліжэйшага атачэння Лукашэнкі.

Бізнэс Лукашэнкі не абмяжоўваецца толькі Беларуссю, дзе ягоныя «гаманцы» вядуць свае справы, ёсць у яго і эканамічныя інтарэсы па-за межамі краіны. Рознага кшталту гандлёвыя дамы і фірмы-пракладкі прадаюць прадукцыю беларускіх дзяржпрадпрыемстваў, а большую частку маржы, вядома, перадаюць сям'і Лукашэнкі і частку прыбіраюць да сваіх рук. 

Прыкладам такой вось пракладкі можа служыць фірма AFTRADE, зарэгістраваная ў ААЭ і звязаная з Аляксандрам Зінгманам і Віктарам Шэйманам. Такіх фірмаў дзясяткі ў краінах Азіі і Афрыкі. Яны гандлююць зброяй, угнаеннямі, нафтапрадуктамі, здабываюць алмазы і золата. І ўсё гэта кантралюе Лукашэнка, яго сыны, а таксама людзі з самага блізкага кола дыктатара.

І за доўгія 30 гадоў кіравання Лукашэнкі гэтая бізнэс-імперыя істотна разраслася. І фактычна стала фінансава-прамысловым закрытым акцыянерным таварыствам «Лукашэнка і сыны».

Сямейству клептакратаў ніколі не будзе цікава лічыць скрадзеныя ў беларусаў галасы, затое яны з вялікім задавальненнем палічаць скрадзеныя ў беларусаў грошы. Таму не чакайце ад Лукашэнкі пабудовы сацыяльнай дзяржавы, такой яна будзе толькі для яго самога і ягонага найбліжэйшага атачэння.

Нам патрэбная дзяржава з правамі для ўсіх, а не з прывілеямі для дыктатара, які ўявіў сябе гаспадаром усяе Беларусі.

bottom of page