top of page

Павел Латушка выступіў на адкрыцці другога набору «Кадравага рэзерву»


Павел Латушка выступіў на адкрыцці ўстаноўчай сэсіі другога набору навучальнага курса кампаніі «Кадравы Рэзерв» — праекта, накіраванага на падрыхтоўку прафесіяналаў у сферы дзяржаўнага кіравання для працы ў будучай Новай Беларусі. У рамках праграмы ажыццяўляецца падбор і прафесійная падрыхтоўка грамадзян Беларусі, якія ў далейшым прымуць удзел у рэалізацыі рэформаў на ключавых пасадах у сферы дзяржаўнага і мясцовага кіравання на працягу пераходнага перыяду.

Зварот Паўла Латушкі да слухачоў праграмы:

Паважаныя слухачы праграмы Кадравы рэзерв!

Як прадстаўнік Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі па транзіце ўлады, рады вас вітаць на прэзентацыі гэтай праграмы. Мой намеснік Юрый Губарэвіч кіруе гэтым праектам, які можна без перабольшання назваць ключавым у пытаннях, звязаных з транзітам улады і транзітным перыядам у Беларусі.

Мой досвед дзяржаўнага кіравання кажа пра тое, што эфектыўнасць любой арганізацыі, любога органа залежыць ад людзей, ад каманды, якая сфарміравана і гатовая выконваць самыя амбіцыйныя задачы.

А што можа быць больш амбіцыйным, чым прывесці нашу Беларусь да дэмакратыі?

І праграма кадравы рэзерв гэта важны крок да таго, каб зрабіць гэта стала магчымым. Бо пабудаваць устойлівыя дэмакратычныя інстытуты - гэта працэс, які зойме не адзін год.

Перакананы, што менавіта вы, слухачы курсаў кадравага рэзерву, будзеце той рухаючай сілай сістэмных пераменаў і рэформаў у незалежнай, дэмакратычнай і Еўрапейскай Беларусі.

Тыя веды, якія будуць вамі атрыманы на гэтай праграме будуць неабходныя нашай краіне і нашаму народу ў няпросты гістарычны момант пераходу да дэмакратыі. І вы зоймеце ключавыя месцы ў сістэме дзяржаўнага кіравання ў будучыні.

Таму хацеў бы падзякаваць Вам за тое, што сталі слухачамі праграмы кадравы рэзерв, пажадаць цікавых і карысных лекцый, прадуктыўных семінараў і практычных заняткаў.

bottom of page