Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол
Лукашэнка заўсёды імкнуўся штучна перашкаджаць выбудоўванню паважлівых адносін з нашымі суседзямі, з народамі суседніх краін. І працягвае гэта рабіць сёння: ён закідвае дыверсантаў і нелегальных мігрантаў на тэрыторыю Польшчы, пастаянна дэстабілізуе сітуацыю на мяжы, пагражае суседзям. І яго памагатыя спрыяюць гэтаму.
Яна сказала, што спаліць гэты дом. Я адказаў, што гэта знішчыць беларуска-польскія адносіны — менавіта такім быў дыялог у Гродзенскім аблвыканкаме ў 2004 годзе. Гаворка вялася пра дом Чэслава Немана — славутага польскага музыкі, аўтара знакамітай для вялікай колькасці палякаў песні — «Дзіўны гэты свет» (Dziwny jest ten świat). Нядаўняя сустрэча з міністрам культуры Польшчы пачалася менавіта з гэтых слоў. Слоў Чэслава Немана — легенды польскай музыкі, які нарадзіўся ў Беларусі.
Успамінаю, як неўзабаве пасля смерці легендарнага польскага музыкі ў 2004 годзе да мяне (у той час — амбасадара Беларусі ў Польшчы) прыйшлі ўдава музыкі і ягоныя сваякі. Яны звярнуліся з ініцыятывай аб пераносе дома класіка польскай музыкі са Старых Васілішак на Гарадзеншчыне ў Польшчу, каб у Польшчы стварыць у ім музей.
Менавіта ў гэтым доме ў Гродзенскай вобласці нарадзіўся Чэслаў Неман — сапраўды выбітная асоба, вядомы музыкант, выканаўца і кампазітар, без перабольшання легенда польскай музыкі. І Беларусь у жыцці музыканта мела асаблівае значэнне: стаўшы вядомым польскім музыкам, ён захаваў псеўданім у гонар беларускай ракі Нёман. Большасць палякаў, але, думаю, і многія беларусы памятаюць архіўнае выступленне Немана ў Аполе ў 1967 годзе — папулярны польскі выканаўца выступае на сцэне ў беларускай кашулі. Польшча. Аполе. Беларускі псеўданім і беларуская кашуля ў польскага музыкі. Чым не сімвалічная ілюстрацыя да сумеснай беларуска-польскай спадчыны?
На беларускай зямлі знаходзіцца велізарная колькасць месцаў, звязаных з сумеснай беларуска-польскай гісторыяй. Менавіта на беларускай зямлі нарадзіліся вялікія прадстаўнікі беларускага і польскага народаў — Адам Міцкевіч, Тадэвуш Касцюшка, Рышард Капусцінскі, Станіслаў Манюшка і многія іншыя. І мы лічым іх сваімі. І ў Польшчы іх таксама лічаць сваімі. Не раз менавіта ад польскай эліты і інтэлігенцыі я чуў ацэнку аб тым, што гэтыя выбітныя асобы — наша агульная спадчына, гонар двух народаў. І выдатным прыкладам нашай агульнай гістарычнай спадчыны з'яўляецца і Чэслаў Неман.
Памятаю гэтую гутарку з блізкімі Немана. Дом Чэслава Немана ў Старых Васілішках, дзе нарадзіўся і вырас музыка, быў каштоўным для яго блізкіх. І менавіта таму ў блізкіх Немана з'явілася ідэя перанесці яго ў Польшчу. Як беларус, як амбасадар, я разумеў важнасць захавання спадчыны Чэслава Немана не толькі для польскага грамадства, але таксама і для беларускага — таму што заўсёды такія прыклады аб'ядноўваюць. Але скажу шчыра, не быў схільны падтрымаць.
Пазней у мяне адбылася гутарка ў Гродзенскім аблвыканкаме. У той час ужо нарошчваўся канфлікт з Саюзам палякаў Беларусі, павышаўся градус узаемаадносін. Гутарка аб адносінах з Польшчай праходзіла ў кабінеце намесніцы старшыні Гродзенскага аблвыканкама Марыі Біруковай. Прадстаўніца рускага светапогляду, яна сказала імператыўна наступнае: «Я дам указанне, і спалю гэты дом».
Спаліць дом легенды польскай культуры — гэтая варварская прапанова выклікала ў мяне абурэнне і шок. Я адказаў ёй: «Думаю, што калі вы пойдзеце на гэты крок, то на наступны дзень Газета Выборча, Рэч Паспалітая і многія іншыя найбуйнейшыя газеты Польшчы — выйдуць з чорнымі палосамі. І вы нават не ўяўляеце, які ўдар вы зробіце па беларуска-польскіх адносінах — і гэтыя наступствы будуць проста катастрафічнымі». Рызыка і пагроза варварскага стаўлення з боку рэжыму існавала заўсёды. І працягвае існаваць. Але гэта стаўленне рэжыму Лукашэнкі, а не беларусаў — і гэта важна разумець.
Пазней, у часы працы міністрам культуры, з'явілася грамадская ініцыятыва па стварэнні на базе дома Чэслава Немана музея, прысвечанага музыканту. На гэты конт у мяне нават была гутарка ў той момант з кіраўніком адміністрацыі Лукашэнкі Макеем. Як міністр культуры, тады я цалкам падтрымаў праект адкрыцця музея Чэслава Немана ў Старых Васілішках. Сёння гэты музей функцыянуе, захоўваючы памяць аб важным для Польшчы ўраджэнцы Беларусі. І такі праект быў унёскам ва ўмацаванне нашых сяброўскіх узаемаадносін з Польшчай.
Лукашэнка — заўсёды імкнуўся перашкаджаць паважлівым адносінам з суседзямі. І працягвае ладзіць правакацыі і сёння.
«Еще одна оперативная информация. Дословно цитирую (это уже для поляков важно): «Польская и американская разведки готовят крупномасштабную провокацию против гражданского населения Польши, в которой обвинят Россию и Беларусь».
Ён робіць усё, каб убіць клін і ў беларуска-польскія ўзаемаадносіны, адрэзаць нас ад еўрапейскай спадчыны, разбурыць нашы добрыя адносіны з палякамі. Беларусы і палякі, літоўцы і латышы, павінны разумець, што рэжым робіць усё тое ж самае, што ён зрабіў паміж беларусамі і ўкраінцамі. На жаль, вельмі многія ўкраінцы да нас, беларусаў, ставяцца крытычна — і будуць напэўна ставіцца так доўгі час. Такое стаўленне — гэта вынік надання Лукашэнкам тэрыторыі Беларусі для агрэсіі. Але трэба разумець, што гэта, як і многія іншыя дзеянні Лукашэнкі ў дачыненні да суседзяў — не жаданне беларусаў. І беларусы гэтага не падтрымліваюць. Беларусы хочуць жыць у міры з суседзямі.
Антыдобрасуседская палітыка Лукашэнкі — мэтанакіраваная і сістэмная — супярэчыць поглядам беларусаў. Відавочны таму прыклад: варварскае разбурэнне польскіх пахаванняў на тэрыторыі Беларусі: у Бабровічах і Дындылішках Іўеўскага раёна, у Іўі і Ашмянах, Мікулішках і Ваўкавыску, многіх іншых месцах. Беларусы заўсёды ставіліся з павагай да любых пахаванняў — месцаў памяці памерлых людзей. Радаўніца і Дзяды — дні памяці нашых памерлых продкаў, калі на могілках прынята наводзіць парадак, успамінаць сваіх памерлых блізкіх. Для беларусаў — гэта асаблівыя сімвалічныя дні, а месцы пахаванняў — па-свойму святыя месцы. Але ўявіце сабе: у нашай краіне бульдозерамі зносяць помнікі, раўняюць з зямлёй пахаванні палякаў. Зносяць помнікі, пад якімі спачываюць людзі. І гэта проста не ўкладваецца ў галаве. І варта разумець, што хтосьці аддае на гэта загад — і мы ведаем хто. Такую палітыку ініцыюе асабіста Лукашэнка.
Лукашэнка — не беларус, ён чужародны нашаму менталітэту і культуры. І знос польскіх помнікаў і пахаванняў — гэта толькі адно з пацверджанняў гэтаму, бо сапраўды гэтак жа, у 2019 годзе, на загад Лукашэнкі зносілі крыжы ў Курапатах — месцы масавых растрэлаў беларусаў. Ён здзяйсняе тое, што ўнутры беларускага народа, унутры беларускага грамадства недапушчальна, непрымальна. Робіць тое, што супярэчыць нашаму выхаванню, нашым караням і традыцыям, нашаму стаўленню да памерлых, да гісторыі. Ён іншародны і не належыць да беларускага народу. Таму што ён парушае ўсе тыя традыцыі, якія былі створаныя беларусамі і перадаюцца ад дзядоў і прадзедаў — і гэта таксама трэба ўсвядоміць нам усім — як беларусам, так і палякам. Беларус ніколі не будзе бурыць чужыя магілы.
Калі я быў студэнтам юрыдычнага факультэта, я пачаў вывучаць польскую мову. Памятаю, як у мяне пыталіся: «А навошта ты вучыш польскую мову?» Я адказваў: «Вы ведаеце, Польшча гэта наш суседка, гэта буйная краіна, у нас заўсёды будуць адносіны з Польшчай, бо мы суседзі, у нас шмат агульнага. І я перакананы, што ў маім жыцці спатрэбіцца веданне польскай мовы». Праз гады пасля гэтых слоў так і атрымалася: я працаваў у Польшчы консулам, паслом. Сёння для сотняў тысяч беларусаў Польшча стала прытулкам праз варварскую палітыку Лукашэнкі ў дачыненні як да беларусаў, так і да ўсяго свету.
Важна не дапусціць знішчэння з боку Лукашэнкі добрасуседскіх адносін з Польшчай як і з любой іншай краінай. Важна ўмацоўваць тыя каштоўнасці, якія нас аб'ядноўваюць. І польскі музыка Чэслаў Неман — адзін з сімвалаў нашай агульнай спадчыны, культурных і гістарычных сувязяў. Сувязяў, якіх важна захаваць, насуперак злачыннай палітыцы Лукашэнкі.
Comments