top of page

Гандлёвыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі і Расіі плануецца гарманізаваць


ЕС рыхтуе новы санкцыйны пакет, у якім улічаны асобныя палажэнні праграмы кааліцыі «Каманда Латушкі і Рух “За Свабоду”». Нашы падыходы чуюць у ЕС, а праца ў пытанні санкцый ужо пачынае прыносіць плён.

«Радыё Свабода» апублікавала паведамленне аб тым, што Еўракамісія падрыхтавала праект новага пакета санкцый, які накіраваны на ўзмацненне жорсткасці мер у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі за падтрымку расійскай агрэсіі ва Украіне, і гарманізацыю санкцый з Расіяй.

Лісты аб неабходнасці гарманізацыі санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі і Расіі раней былі накіраваны нашай камандай у Еўракамісію, Еўрапейскую службу знешніх дзеянняў, а таксама ў МЗС шэрагу краін-членаў ЕС. Цяпер ЕС гатовы прыняць гэтыя прапановы.

Мы неаднаразова ўказвалі на неабходнасць гэтай і іншых важных мер, каб спыніць выкарыстанне Беларусі як «чорнай дзіркі» для абыходу існуючых санкцый. Напрыклад, па дакументах тавар едзе з Польшчы ў Грузію, а ў Беларусі адрасат мяняецца на кампанію расійскага ВПК.

У праекце Еўракамісіі прадугледжаны новыя абмежаванні, уключаючы забарону на пастаўкі ў Беларусь тавараў двайнога прызначэння, а таксама навігацыйнага абсталявання і прадметаў раскошы — тых самых груп тавараў, якія найбольш падвяргаліся незаконнаму рээкспарту ў Расію.

Адмысловая ўвага нададзена кантролю за рээкспартам, што таксама дапаможа прадухіліць трапленне гэтых тавараў у Расію праз Беларусь.

Уведзены таксама абмежаванні на імпарт пэўных тавараў з Беларусі, у тым ліку алмазаў і мінеральных прадуктаў, а таксама на экспарт у Беларусь тавараў і тэхналогій для нафтаперапрацоўкі.

Нам важна, каб свет зразумеў: санкцыі павінны быць не толькі шырокімі, але і глыбокімі, каб выключыць любыя шчыліны. Інакш на санкцыях толькі нажываюцца набліжаныя да рэжыму праз схемы іхняга абыходу.

Мы працягнем працу, каб забяспечыць выкананне і ўзмацненне гэтых мер дзеля міру і бяспекі ў рэгіёне.

 

bottom of page