top of page

Лукашэнка знішчае нацыянальныя ўстановы


Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол

Гэта сон? Не, гэта сапраўды так. Уявіць мне гэта было складана, немагчыма. Але звольненыя амаль ўсе кіраўнікі нацыянальных устаноў Беларусі, якія звязаныя з культурай. Знішчыць і разбурыць — асноўныя падыходы рэжыму Лукашэнкі. Лукашэнка знішчае нацыянальныя ўстановы краіны. Пачынаючы з 2020 года рэжым масава зачышчае арганізацыі грамадзянскай супольнасці, дабрачынныя арганізацыі, палітычныя партыі. Аб’ектам палітыкі разбурэння сталі і нацыянальныя ўстановы. Працэс знішчэння пачынаецца зверху: за апошнія гады на розных падставах было зменена кіраўніцтва большасці ўстаноў краіны са статусам «нацыянальнай».

Змянілася кіраўніцтва такіх важных для беларускай культуры арганізацый, як Нацыянальны гістарычны музей, Нацыянальны мастацкі музей, Нацыянальны гісторыка-культурны музей-запаведнік «Нясвіж», Нацыянальны Полацкі гісторыка-культурны музей-запаведнік, Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета, Нацыянальны акадэмічны драматычны тэатр імя Якуба Коласа, Нацыянальны гістарычны архіў Беларусі ў Мінску, Нацыянальны акадэмічны народны аркестр імя І. Жыновіча, Нацыянальны акадэмічны народны хор імя Цітовіча, Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы і іншыя. Розныя прычыны, розныя падставы, па-рознаму мы можам ставіцца да былых ужо кіраўнікоў. Але факт ёсць факт. Застаўся хіба што генеральны дырэктар Нацыянальнага акадэмічнага драматычнага тэатра імя Максіма Горкага, вядомы ў грамадстве як «Рускі тэатр», кіраўнік якога пайшоў на супрацу з рэжымам. Але для мяне, як для былога міністра культуры, гэта не дзіўна.

Праз змену кіраўніцтва летась прайшла і Нацыянальная бібліятэка Беларусі. І ў гэтым кантэксце варта разумець важнасць гэтай нацыянальнай установы. Нацыянальная бібліятэка — гэта не толькі пляцоўка для аматараў літаратуры, але і месца, якое мае асаблівае значэнне для даследчыкаў і навукоўцаў, для захавання літаратурнай спадчыны краіны. Гэта пацвярджае і аб’ём фондасховішча бібліятэкі, дзе змяшчаецца звыш 14 мільёнаў адзінак матэрыялаў, у тым ліку рэдкія творы беларускай культуры і літаратурнага мастацтва, рукапісы, творы беларускіх аўтараў. Гэтую калыску нацыянальнага жыццяпісу, месца, якое мае асаблівае значэнне для развіцця ў тым ліку і беларускай літаратуры, узначаліў прадстаўнік «рускага міра», прыхільнік заходнерусісцкіх поглядаў, прапагандыст Вадзім Гігін.

Біяграфія адыёзнага прапагандыста, адэпта «рускага свету», які адмаўляе самастойнасць беларусаў як нацыі. Прызначэнне Гігіна на пасаду гендырэктара бібліятэкі выклікала нават дыпламатычны скандал. Міністэрства замежных спраў Ізраіля выказала незадаволенасць прызначэннем на такую пасаду чалавека, які «агучваў антысеміцкія выказванні», а таксама «спрыяў знішчэнню яўрэйскай памяці».

Гендырэктар бібліятэкі — антыбеларускі чалавек. У якасці свайго любімага гістарычнага персанажа Гігін называў чалавека, які меў непасрэднае дачыненне да знішчэння вызваленчага беларускага руху.

Мне заўсёды імпанаваў віленскі генерал‑губернатар Міхаіл Мікалаевіч Мураўёў, які падавіў паўстанне 1863 года. Але я добра вывучыў яго біяграфію. Гэта быў надзвычайны чалавек, адміністратар, кіраўнік, які можа служыць прыкладам для любога дзяржаўнага дзеяча.

Палітыка падаўлення Мураўёва, які ў беларускай гісторыяграфіі атрымаў гаворачую мянушку Мураўёў-Вешальнік, згубіла жыцці многіх беларусаў — і гэтым персанажам захапляецца дырэктар беларускай нацыянальнай установы. Больш за 120 удзельнікаў паўстання 1863 года былі растраляныя, больш за 900 — сасланыя на катаргу, 12,5 тысячы — высланыя пад надзор паліцыі.

І якімі ж былі першыя крокі чалавека з такімі «гістарычнымі кумірамі» на пасадзе дырэктара галоўнай бібліятэкі краіны? Адпаведныя. Заняўшы пасаду, Гігін працягнуў актыўна прасоўваць антыбеларускія погляды. Адна з першых войн прапагандыста была разгорнутая супраць Уладзіміра Караткевіча — славутага зорнага класіка беларускай літаратуры. Разам з творчым унёскам, Караткевіч звяртаў увагу беларусаў на багацце гісторыі Беларусі, навучаў нас яшчэ ў 70-я гады, пачатку 80-х гадоў. А чаму «навучаў»? Ён працягвае гэта рабіць, нягледзячы на ўсялякіх Гігіных. Але сёлета будзе 40-ая гадавіна са дня смерці Уладзіміра Караткевіча, аднак класік, які пісаў пра Беларусь яшчэ задоўга да прыходу Лукашэнкі да ўлады, усё роўна стаў сённяшнім ворагам рэжыму. І ў гэтым пытанні акурат і праявіўся так званы дырэктар нацыянальнай бібліятэкі. Восенню 2023 года са школьнай праграмы выключылі твор «Каласы пад сярпом тваім», які Караткевіч напісаў у 1965 годзе. Як пазней заявіў сам Гігін, твор выключылі са школьнай праграмы па яго ўласнай ініцыятыве. Яшчэ раз. Твор беларускага класіка выключылі са школьнай праграмы па ініцыятыве дырэктара галоўнай нацыянальнай беларускай бібліятэкі.

Якія рашэнні на пасадзе дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі будзе прымаць чалавек, які выступае супраць беларускай літаратуры? Які змагаецца з беларускімі класікамі, а сам прытрымліваецца прарасійскіх пазіцый? Гэта пытанне рытарычнае і не патрабуе адказу.

З 2020 года двойчы змянялася кіраўніцтва і ў Нацыянальным гістарычным архіве Беларусі ў Мінску. У жніўні мінулага года архіў узначаліў Міхаіл Глушакоў, які да гэтага доўгі час працаваў у КДБ. Якімі былі першыя рашэнні дырэктара-сілавіка? Ужо праз дзень у архіве адбыліся масавыя затрыманні, якія закранулі не менш за сем супрацоўнікаў. І гэта — сведчанне адносін так званага дырэктара-кдбшніка да супрацоўнікаў архіва, гісторыкаў, даследчыкаў і архівістаў. Замест матывацыі працягваць працу — рэпрэсіі, замест рэалізацыі даследніцкіх праектаў — пасадкі. 

У гэтым шэрагу можна звярнуць увагу на антыбеларускую пераарыентацыю шматлікіх нацыянальных устаноў. Новапрызначанае кіраўніцтва Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы таксама пачало весці актыўную дзейнасць: цяпер беларускі тэатр, які больш за 100 гадоў ставіў спектаклі на нацыянальнай мове, які яшчэ нават у савецкія часы быў названы імем беларускага класіка Янкі Купалы, русіфікуецца. У верасні на сцэне Купалаўскага тэатра толькі адзін спектакль прагучаў па-беларуску і ажно 15 — на рускай мове. А трупа вольных купалаўцаў, якія звольніліся ў знак нязгоды з гвалтам на вуліцах у 2020 годзе, цяпер прызнаная «экстрэмістамі». І гэта — як прызнаць экстрэмістам самога Янку Купалу. Вось так пры Лукашэнку змяняюцца беларускія нацыянальныя ўстановы. Гэтая асоба баіцца ўсяго беларускага, менавіта ён — здраднік і акупант. І з кожным днём з’яўляюцца новыя факты яго здрадзе краіне. І галоўная лічба, якая пра гэта сведчыць: сёння больш за 140 асобаў, звязаных з культурай, з’яўляюцца палітычнымі зняволеннымі ў турмах рэжыму.

Варта ўзгадаць, што ў пачатку 2022 года адбыўся зліў дакумента, у якім сцвярджалася аб планах Расіі па паглынанні Беларусі да 2030 года. Сярод сярэднетэрміновых планаў у злітым дакуменце адзначалася павелічэнне палітычнага ўплыву на беларускія эліты, стварэнне прарасійскіх актараў. Мы не можам сцвярджаць пра тое, быў гэта фэйк ці не фэйк, але ўсё, чым сёння займаецца Лукашэнкі, адпавядае логіцы гэтага дакумента.

Палітыка рэжыму Лукашэнкі па русіфікацыі, дэбеларусізацыі і разбурэнні нацыянальных устаноў таксама адпавядае гэтаму. Грамадзянская супольнасць у Беларусі знішчаецца, беларуская нацыянальная супольнасць знішчаецца, а на яе месца прыходзяць прарасійскія персанажы. Сёння ў Беларусі ствараюцца прарасійскія недзяржаўныя арганізацыі, мабілізоўваюцца прарасійскія актывісты. Праз уніфікацыю псеўдапартыйнай сістэмы сёння інтэгруюцца ў палітычнае поле Беларусі з Расіі. У палітсавет лукашэнкаўскай «Белай Русі» сёння ўваходзіць… Той жа самы Гігін, фанат Мураўёва-Вешальніка.

Пошукі пагроз нацыянальнай бяспецы — любімае хобі дыктатара і яго спецслужбістаў. Але калі рэжым так любіць паўсюль шукаць пагрозу нацыянальнай бяспецы, то можа варта пашукаць яе ўнутры сістэмы? Бо менавіта такія людзі кідаюць сур’ёзны выклік беларускай культуры, беларускай гісторыі і дзяржаўнасці, Беларусі як незалежнай краіны. Менавіта такія прызначэнні кіраўніцтва нацыянальных устаноў ствараюць перадумовы для антыбеларускай пераарыентацыі. І менавіта ў гэтым крыецца пагроза беларускай дзяржаўнасці, якую штучна стварае сам Лукашэнка. Зразумела, што кіраўніцтва нацыянальных устаноў — гэта не эліта культуры, можа не ўся культура і не ўся эліта культуры, але тым не менш яны задаюць палітыку дзейнасці арганізацый, займаецца стратэгіяй працы нацыянальных устаноў. І паўстае пытанне: што рабіць?

І я ўпэўнены, я перакананы, што беларускую культуру немагчыма перамагчы. Усходнія суседзі стагоддзямі намагаліся знішчыць беларускую мову і культуру, падпарадкаваць беларусаў сабе, але беларусы дагэтуль выдаюць беларускія кнігі, вывучаюць беларускую мову, ставяць беларускамоўныя спектаклі. У справе захавання нашай нацыянальнай самаідэнтычнасці ва ўмовах дыструктыўнай дзейнасці рэжыму асаблівае значэнне набывае самаадукацыя, захаванне традыцый сваёй сям’і і агульнанацыянальных, агульнабеларускіх традыцый. Менавіта таму прадстаўніцтвам па нацыянальным адраджэнні Аб'яднанага Пераходнага Кабінета гэты год аб’яўлены годам традыцый. Асабліва важна ўкладваць ідэалы беларушчыны наступнаму пакаленню, нашым дзецям і ўнукам. Бо менавіта наша культура робіць нас беларусамі, менавіта наша мова з’яўляецца падмуркам нашай нацыянальнай самабытнасці і дзяржаўнасці. І я веру таксама ў дзеячоў беларускай культуры, у рупліўцаў, якія працуюць у дамах культуры, у раёнах, у вёсках, у бібліятэках. Я веру ў беларускіх артыстаў і акцёраў, якія неглядзячы на ўсё тое жудаснае, што адбываецца з нашай нацыянальнай беларускай культурай, змогуць захаваць яе на нашай роднай беларускай зямлі, каб передаць яе новым пакаленням беларусаў. А Лукашэнка і яго памагатыя — гэта галоўная пагроза для ўсяго беларускага. І важна зразумець, што без ліквідацыі гэтага рэжыму мы не зможам уратаваць тое самае важнае, што важна для сумленнага чалавека, грамадзяніна — нашу культуру.

За мяжой нам таксама крытычна неабходна свтвраць нацыяльныя асяродкі, якія дазволяць захаваць беларускую культуру, працягнуць яе развіццё, стварыць умовы для будучага вяртання ў Беларусь — гісторыі, культуры, мастацтва, літаратуры, музыкі і іншых галін нацыянальнай спадчыны. 

Я веру ў тое, што Беларусь будзе жыць, і з ёй беларуская культура і наша мова. 

Жыве Беларусь!

bottom of page