top of page

Легалізацыя забойстваў


Разгон пратэстоўцаў у Мінску 2020 людзьмі з агнястрэльнай зброяй
Разгон пратэстоўцаў у Мінску 2020 людзьмі з агнястрэльнай зброяй

Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол

Нармалізацыя забойстваў нязгодных: пра што кажа ўказ Лукашэнкі, які дазваляе ваенным страляць у беларусаў, у тым ліку — без папярэджання

1 лютага Лукашэнка падпісаў указ №37, якім ён дазваляе вайскоўцам без папярэджання ўжываць агонь на паразу ў дачыненні да беларусаў. І вызваляе іх ад адказнасці за наступствы. 

Важна разумець, што пры такім дыктатарскім рэжыме, як у Беларусі, любы дазвол сілавікам да ўжывання гвалту ці зброі будзе трактавацца не проста як іх «законнае» права, а нават як абавязак. 

Умоўна кажучы, калі да прыняцця гэтага ўказа, вайсковец яшчэ мог бы адмовіцца ад прымянення зброі, то цяпер мы можам нават не сумнявацца, што рэжымам будзе праводзіцца актыўная праца па ўкараненні ў розумы ваенных дадзенага ім гэтым указам «права» такім чынам, каб іншыя варыянты дзеянняў (гэта значыць — непрымяненне зброі) не разглядаліся імі як пераважныя.

Тут варта ўзгадаць, як у перыяд пратэстаў у Беларусі кіраўнік ГУБАЗіК МУС, а цяпер намеснік міністра ўнутраных спраў Мікалай Карпянкоў на злітых аўдыёзапісах інструктаваў сілавікоў забіваць пратэстоўцаў. Цяпер такія ж інструктажы варта чакаць у вайсковых часцях, у войску.

Разгон пратэстоўцаў у Мінску 2020 з ужываннем зброі і светлашумавымі гранатамі
Разгон пратэстоўцаў у Мінску 2020 з ужываннем зброі і светлашумавымі гранатамі. Крыніца: tut.by

Больш за тое, дадзены ўказ будзе працаваць на тое, каб зрабіць невыкананне ваенным загаду страляць на паразу ў выпадку, напрыклад, падаўлення вулічных пратэстаў з прыцягненнем арміі немагчымым. Гэта значыць такім чынам на заканадаўчым узроўні (як вядома ўказы Лукашэнкі ў Беларусі маюць сілу закона, а па сутнасці — стаяць над законам) для вайскоўцаў ухіляюцца і маральныя, і службовыя абмежаванні, і стрымліваючыя фактары. Цяпер загад забіваць без папярэджання — больш не з'яўляецца злачынным. Злачынствам, хутчэй, будзе з'яўляцца яго невыкананне. 

Варта таксама звярнуць увагу на павелічэнне колькасці выпадкаў асвятлення ў дзяржаўных СМІ эпізодаў з ужываннем сілавікамі зброі пры затрыманнях. Тое, што рэжым раней больш ахвотна хаваў, цяпер спакойна выносіцца ў публічную прастору.

Нядаўна рэжым Лукашэнкі таксама дазволіў страляць па пратэстоўцах супрацоўнікам КДБ, яшчэ раней — ужываць зброю пры падаўленні пратэстаў супрацоўнікам МУС.

Момант забойства Аляксандра Тарайкоўскага 10 жніўня 2020 у Мінску. Скрыншот з відэа Associated Press
Момант забойства Аляксандра Тарайкоўскага 10 жніўня 2020 у Мінску. Скрыншот з відэа Associated Press. Крыніца: reform.by

Нельга сказаць, што сілавікі не рабілі гэтага раней. Мы памятаем, як 10 жніўня 2020 года ў Мінску быў забіты Аляксандр Тарайкоўскі стрэлам у грудзі з кароткай дыстанцыі з траўматычнай зброі. Мы памятаем, як 11 жніўня 2020 года ў Брэсце стрэлам у галаву быў забіты Генадзь Шутаў — стрэлам ужо з агнястрэльнай зброі. Ніхто з сілавікоў не панёс за гэта адказнасці нават тады, калі законы дазвалялі і нават абавязвалі да адказнасці.

Зараз жа законы рэжыму Лукашэнкі, наадварот, заахвочваюць і матывуюць сілавікоў, а цяпер і ваенных — забіваць. Адначасова з гэтым з сакавіка 2023 года ў Беларусі дзейнічае закон, які прадугледжвае смяротнае пакаранне для службовых асоб і ваенных за дзяржздраду. 

Такім чынам, Лукашэнка фактычна ператварае беларускае войска ў акупацыйнае. Акупацыйнае войска для акупацыі яе ж уласнай краіны.

А ў комплексе ўсё гэта выглядае як мэтанакіраваная кампанія па нармалізацыі забойстваў, нармалізацыі прымянення агнястрэльнай зброі супраць нязгодных з рэжымам і любых беларусаў у прынцыпе. Кампанія па прывучванні адных — да «права» забіваць, у тым ліку — без папярэджання, а іншых — быць забітымі.

bottom of page