top of page

Міжнародны ціск на рэжым Лукашэнкі



Намеснік кіраўніка НАУ Уладзімір Астапенка пра міжнародную ізаляцыю рэжыма Лукашэнкі


Як вы ацэньваеце рэзалюцыю Еўрапарламента па Беларусі?


Рэзалюцыя Еўрапарламента па падзеях у Беларусі, на мой погляд, з’яўляецца вельмі істотным дакументам.


Мы ведаем, што Еўрапейскі парламент абіраецца ўсім насельніцтвам Еўропы, і дэпутаты Еўрапейскага парламента прадстаўляюць практычна ўсе еўрапейскія галоўныя партыі, і таму іх меркаванне, па сутнасці, зʼяўляецца меркаваннем народаў Еўропы.


У гэтай рэзалюцыі Парламент чарговы раз сцвярджае, што рэжым Лукашэнкі зʼяўляецца нелегітымным і што еўрапейскія краіны павінны зрабіць усё магчымае, каб змяніць сітуацыю ў Беларусі. Рэзалюцыя таксама вітае стварэнне Абʼяднанага Пераходнага Кабінету Беларусі ў дадатак да існуючай Каардынацыйнай рады і Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і заклікае ўсе краіны Еўропы наладзіць узаемадзеянне з гэтымі структурамі для таго, каб дамагчыся мэтаў, якія стаяць перад беларусамі.


Відавочна, што Еўрапарламент не пакідае па-за сваёй увагай пытання аховы правоў чалавека і прыцягнення да адказнасці ўсіх тых, хто парушаў гэтыя правы сістэматычна і масава ў Беларусі. Таму Еўрапарламент падтрымлівае ініцыятывы па стварэнні спецыяльных міжнародных трыбуналаў для таго, каб злачынцы былі прыцягнуты да адказнасці.


Ці змянілася пазіцыя еўрапейскіх палітыкаў у адносінах да Лукашэнкі?


Нам зразумела, і гэта становіцца відавочным для ўсіх зацікаўленых бакоў, што з Лукашэнкам няма аб чым гаварыць сёння, таму што ён працягвае рэпрэсіі супраць беларускага народу і ўдзел нашай краіны ў вайне супраць Украіны.


Мы будзем працягваць свае намаганні па ўзмацненні ціску на рэжым, падтрыманні пратэснай актыўнасці беларусаў, узмацненні кааліцыі тых, хто змагаецца за дэмакратычныя змены ў Беларусі. Будзем гэта рабіць на фоне базавага тэзіса аб тым, што за злачынным, тэрарыстычным рэжымам перамовы ніхто весці не будзе.


bottom of page