top of page

Чэхія разгледзіць магчымасць прызнання КДБ і ГУБАЗіК тэрарыстычнымі арганізацыямі


Намеснік кіраўніка Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Павел Латушка правёў у Празе сустрэчу з кіраўніком ніжняй палаты Парламента Чэхіі Маркетай Адамава


Раней, падчас сустрэчы Паўла Латушкі і Маркеты Адамавай у Варшаве, была дасягнутая дамоўленасць аб правядзенні адмысловай дыскусіі па тэматыцы Беларусі ў парламенце Чэхіі. Патранат над гэтым мерапрыемствам прыняла асабіста кіраўніца парламенту Чэшскай Рэспублікі.


Падчас размовы старшыня парламенту праінфармавала аб ходзе рэалізацыі тых дамоўленасцей, якія былі дасягнуты падчас першай сустрэчы ў Варшаве. Маркета Адамава праінфармавала, што прапанавала накіраваць падпісаны па яе ініцыятыве ліст жанчынамі-кіраўнікамі парламентаў Кіпру, Літвы, Польшчы, Германіі і Бельгіі са зваротам аб вызваленні Дар'і Лосік. Абяцала далей падтрымліваць усе магчымыя крокі па вызваленню палітвязняў.


Прэзідэнтам Чэхіі падпісаны чэшскі «акт Магніцкага», які дае магчымасці на нацыянальным узроўні чэшскаму ўраду прымяняць нацыянальныя санкцыі ў адносінах да рэжыму Лукашэнкі за рэпрэсіі супраць беларусаў і саўдзел у агрэсіі супраць Украіны.


Павел Латушка перадаў старшыні парламенту прапановы аб увядзенні нацыянальных санкцый у адносінах да некалькіх сот прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі: суддзяў, чыноўнікаў, прапагандыстаў, парламентарыяў, якія павінны адказваць за рэпрэсіі ў адносінах да беларусаў, якім павінны быць забаронены ўезд у Чэхію, у Еўрапейскі саюз.


Кіраўніца парламенту праінфармавала аб тым, што правела адмысловую сустрэчу з міністрам замежных спраў Чэхіі, дзе яны абмеркавалі далейшыя крокі па падтрымцы беларускага грамадства ў гэты складаны перыяд. Сярод такіх крокаў будзе ўважліва разгледжана прапанова аб прызнанні КДБ і ГУБАЗіК МУС тэрарыстычнымі арганізацыямі ў Чэшскай Рэспубліцы, таксама адбудзецца абмеркаванне на ўрадным узроўні магчымасцяў выкарыстання інструментаў універсальнай крымінальнай юрысдыкцыі.


Павел Латушка прывёў у якасці прыклада рэзалюцыю Сойму Літвы па праблематыцы правоў чалавека ў Беларусі, у якой утрымліваюцца ўжо згаданыя тэзісы.


Чэшскія парламентарыі ў камітэце па замежных справах абмяркуюць магчымасць прыняцця адмысловай рэзалюцыі на ўзроўні чэшскага парламенту — абяцанне Маркеты Адамавай.


Асаблівая ўвага была нададзена абмеркаванню праблематыкі, звязанай з саўдзелам рэжыму Лукашэнкі ў агрэсіі Расіі супраць Украіны і прымянення міжнародных інструментаў адказнасці ў адносінах да рэжыму за злачынства супраць Украіны і ўкраінскага народу.


Пасля завяршэнні сустрэчы ў парламенце Чэхіі адбылася арганізаваная кіраўніком парламенту дыскусія аб праблематыцы Беларусі, дамоўленасць аб правядзенні якой была дасягнутая падчас сустрэчы Паўла Латушкі і Маркеты Адамавай у Варшаве. У дыскусіі прысутнічалі і прынялі ўдзел паслы і дыпламаты Украіны, Еўрапейскага саюзу і іншых краінаў свету, чэшскія парламентарыі і супрацоўнікі апарату парламенту, таксама прадстаўнікі СМІ, грамадскасці.


Павел Латушка асабліва падкрэсліў важнасць таго, што Чэхія становіцца адным з лідараў у Еўропе па падтрымцы беларускага грамадства да пабудовы дэмакратычнай краіны. Таксама Павел Латушка даў інтэрвʼю цэнтральным СМІ Чэхіі, падкрэсліваючы важнасць раздзяляць рэжым Лукашэнкі і беларускае грамадства і не забываць пра драматычную сітуацыю, якая складваецца ў Беларусі.


bottom of page