top of page

Хто сапраўдны здраднік дзяржаве?


У нашай гісторыі ёсць асаблівыя даты. Адна з іх – 27 ліпеня. Менавіта ў гэты дзень да 1996 года беларусы адзначалі Дзень незалежнасці. 27 ліпеня 1990 года выбар беларускага народу, дзякуючы намаганням дэпутатаў Вярхоўнага савету, быў зацверджаны прыняццём Дэкларацыі аб дзяржаўным сувернітэце, якая мусіла сцвердзіць самастойнасць Беларусі як дзяржавы.

З’яўленне незалежнай беларускай дзяржавы – гэта момант, які я перажыў асабіста. Добра памятаю гэты дзень, калі юнаком стаяў на Плошчы Незалежнасці, чакаючы прыняцця лёсавызначальнага рашэння. Таксама добра памятаю апошні мітынг перад сваёй першай замежнай камандыроўкай у якасці віцэ-консула Беларусі ў Беластоку. Тады, 27 ліпеня 1996 года, узгадваю калону з бел-чырвона-белымі сцягамі, якая ішла па сталічнай Нямізе.

Праз 33 гады пасля гэтай лёсавызначальнай падзеі беларускі сувернітэт сытукнуўнся з найвастрэйшым крызісам: нацыянальныя сімвалы з тысячагадовай гісторыяй забараняюцца, выкараняецца выкарыстанне беларускай мовы, а ў турмах знаходзіцца больш за 140 дзеячоў беларускай культуры (крыніца: дадзеныя Беларускай Рады культуры – сайт БРР).

Здрада дзяржаве – адзін з «запатрабаваных» артыкулаў крымінальнага кодэксу, па якім судзяць дзеячоў беларускай культуры – тых людзей, якія спрыялі захаванню нашай нацыянальнай спадчыны. Рэжым Лукашэнкі лічыць такіх людзей персанальнымі ворагамі, а марыянеткавыя суды прызначаюць вялізныя тэрміны па сфабрыкаваных справах за здраду дзяржаве. Але менавіта рэжым Лукашэнкі здраджвае краіне, здраджвае беларускаму народу і беларускай культуры. Бо сапраўдная здрада краіне – выкараненне беларускай мовы. Сапраўдная здрада людзям – дзесяткі тысяч палітзатрыманых і тысячы палітзняволеных. Сапраўдная здрада дзяржаве – гандль сувернітэтам.

Сёння галоўны для нас выклік – захаванне незалежнасці Беларусі. І сёння відавочна, што галоўная пагроза для яе – гэта рэжым Лукашэнкі. Сёння на тэрыторыі краіны базуюцца расіскія войскі, замежная вайсковая кампанія, рукамі рэжыму зносяцца помнікі дзеячам культуры, закрываюцца беларускамоўныя кнігарні, нацыянальны вокліч «Жыве Беларусь!» прызнаны рэжымам нацысцкім. Але паралельна з гэтым самапрызначаны дыктатар са справаздачамі ездзіць у Маскву і дазваляе выкарыстоўваць у ваенных мэтах тэрыторыю Беларусі. Дык хто сапраўдны здраднік дзяржаве? У інтарэсах якой дзяржавы гуляе дыктатар?

Лукашэнка жыве толькі бягучым момантам, ён думае выключна пра уласныя амбіцыі, мэта якіх – захаваць уладу і пазбегнуць пакарання за здзейсненыя злачынствы. Каб забяспечыць жыццядзейнасць сістэмы, ён гатовы ўступіць у хаўрус з Расіяй на любых умовах. У абмен на такую падтрымку ён ахвотна адкупаецца галоўнымі элементамі дзяржавы – сувернітэтам і незалежнасцю. Ён, сапраўдны здраднік дзяржаве, гатовы на ўсё, каб пазбегнуць пакарання за злачынствы. Але ўлада не можа быць вечнай. Неўзабаве і яго час завершыцца, а ўсе рэальныя здраднікі дзяржаве – панясуць адпаведнае пакаранне.

Рэжым робіць усё, каб пазбавіць нас свайго, беларускага, спрабуючы перавесці краіну на культурныя, эканамічныя і палітычныя рэльсы замежнай дзяржавы – Расіі. Але ў той час, як Лукашэнка пазбаўляецца ўсяго нацыянальнага, беларуская культура знаходзіць сваё развіццё за мяжой. 22 ліпеня год працы адзначыў Музей вольнай Беларусі, адкрыты ў Варшаве пры падтрымцы Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, за мяжой ладзяцца фестывалі беларускай культуры і адбываюцца гастролі беларускіх тэатраў, працягваецца праца беларускіх выдавецтваў.

Беларуская дзяржаўнасць немагчымая без захавання беларускай ідэнтычнасці і культуры. Бо наша спадчына – гэта наша адметнасць. І менавіта адносіны да яе лепш за ўсё паказваюць, хто сапраўдны здраднік дзяржаве. 27 ліпеня 1990 года – адна з лёсавызначальных дат беларускай гісторыі. Узгадваючы гэты дзень, мы памятаем, што адказнасць за захаванне беларускай незалежнасці сёння ляжыць толькі на нас, беларусах.

Comments


bottom of page