top of page

Год працы Музея Вольнай Беларусі



Адказная ў НАУ за сацыяльна-культурныя пытанні Наталля Задзяркоўская ў інтерв'ю распавяла пра працу, развіццё і далейшыя перспектывы Музея Вольнай Беларусі ў Варшаве.


Год таму, 17 ліпеня 2022 года, у гістарычным будынку на вуліцы Foksal 11 у цэнтры Варшавы быў урачыста адкрыты Музей Вольнай Беларусі. Падставай яго стварэння стала ўсведамленне таго, што ўдзельнікі пратэстнага руху сабралі вялікую колькасць дакументаў і артэфактаў, якія маюць гістарычную і культурную каштоўнасць.


Ідэю стварэння Музея Вольнай Беларусі распрацавала Народнае антыкрызіснае ўпраўленне, а кіраўніком праекта стала адказная ў НАУ па сацыяльна-культурных пытаннях Наталля Задзяркоўская.


Асноўныя тэзісы інтерв'ю:


– Мы былі ўражаны тым, як шмат засталося артэфактаў пасля падзей 2020 года. Таму з’явілася жаданне іх захаваць, каб спачатку зрабіць часовую экспазіцыю ў Варшаве, а пасля перамогі завесці іх у Беларусь, зрабіць там асобны музей ці калекцыю ў Нацыянальным гістарычным музеі.


– Калі мы атрымалі памяшканне, прыярытэты былі пашыраны. Пляцоўка стала вельмі запатрабаваная творчымі людзьмі, адразу пайшлі прапановы па правядзенні выстаў. Пасля з’явіліся прапановы па паказе спектакляў.


– 22 ліпеня мы хочам адкрыць працяг выставы Ігара Цішына. Тады творца распрацоўваў ідэю разбураных сцен паміж двума імгненнямі. Сёлетняя выстава стане плёнам яго думак пра Беларусь, пра падзеі, якія адбыліся за гэты год. Яе працоўная назва: «Ад краю да краю». Адкрыецца экспазіцыя адначасова са святкаваннем гадавіны Музея, якую мы ўрачыста будзем адзначаць у суботу 22 ліпеня. Карыстаючыся выпадкам, запрашаем наведаць нас у гэты дзень. Будзе не толькі адкрыццё выставы, але і канцэрт, дзіцячая пляцоўка, арт-маркет.


– Прастора застанецца шматфункцыянальнай, найперш працягне працаваць як культурніцкая. Часам гэта складана, бо, напрыклад, для многіх мастакоў важна, каб пляцоўка працавала як галерэя. Так было з мастачкай Цемрай і яе выставай «Лазарэт». Мы выдаткавалі тры тыдні толькі для яе экспазіцыі, цягам якіх тут нічога не праводзілася. Той інтарэс, які выклікала выстава, пацвердзіла правільнасць нашага рашэння. Але такую магчымасць мы не заўсёды можам адшукаць.


– Хацелася б заставацца той пляцоўкай, якая вяртае людзей у беларускую павестку, падтрымлівае яе, каб беларусы не забывалі, чаму мы тут апынуліся.


– На сённяшні дзень пляцоўка не падтрымліваецца ніводным еўрапейскім фондам. Музей быў і застаецца праектам НАУ і яго прыналежнасць да пэўнай палітычнай структуры, з аднаго боку, добра дапамагае, з іншага — стварае складанасці ва ўзаемадзеянні з фондамі, якія арыентаваны на падтрымку толькі культурных праектаў. Але лічу, што год працы прадэманставаў адсутнасць нейкай ангажаванасці, музей — насамрэч вельмі адкрытая пляцоўка, а таксама паказаў нашу здольнасць рабіць выдатныя культурныя праекты.


Поўную версія інтэрв'ю Наталлі Задзяркоўскай можна прачытаць па спасылцы


Калі ў вас ёсць магчымасць і жаданне падтрымаць працу Музея Вольнай Беларусі

bottom of page