top of page

Чым заняцца на гэтым тыдні ў Беларусі?


Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол

На гэтым тыдні ў Беларусі праходзяць бязвыбары. Менавіта з прыстаўкай «бяз», таму што назваць выбарамі тое, што рэжым Лукашэнкі праводзіць, немагчыма. Ні з палітычнага, ні з прававога пункту гледжання.

Сёння ў Беларусі адсутнічаюць базавыя ўмовы для правядзення якіх-небудзь электаральных кампаній, якія могуць быць такімі прызнаныя. 

Няма легітымных, законных органаў улады, якія маюць права праводзіць такія кампаніі. Краіна ў прынцыпе пагружаная ў татальны прававы дэфолт, настолькі глыбокі, што гаворка ідзе нават не пра адсутнасць магчымасці для рэалізацыі выбарчых правоў грамадзян — рэжымам Лукашэнкі не гарантуюцца нават самыя базавыя правы і свабоды чалавека. Наадварот, яны пастаўленыя пад перманентную пагрозу. Уключаючы права на жыццё. Нават гэтае права ў захопленай рэжымам Лукашэнкі дзяржаве больш не гарантаванае — прычым нікому.

Ніхто не будзе лічыць вашыя галасы. Гэта не мае сэнсу. Бо ўсе «кандыдаты» ў «дэпутаты» прайшлі самы пільны адбор і былі ўзгодненыя загадзя. Конкурс — 2-2,5 чалавекі на месца. Рэжым нават не стаў спрабаваць імітаваць нейкую канкурэнцыю. А навошта? Парогавая яўка — адменена. Гэта значыць наогул усё роўна, хто прыйдзе і ці прыйдзе наогул на ўчасткі — бязвыбары ўсё роўна адбудуцца. І загадзя прызначаныя «дэпутаты» — сядуць на свае месцы.

Так што давайце назавем рэчы сваімі імёнамі — гэта адзіны дзень прызначэння. І нават фальсіфікаваць гэтым разам рэжыму нічога не трэба.

Але ён усё роўна будзе гэта рабіць. Таму што яму патрэбны рытуал. І нягледзячы на адмену парогавай яўкі — ён будзе яе маляваць. Прымушаць да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні. Заганяць на ўчасткі. Для карцінкі. Дзеля ўласнага эга. Для імітацыі ўласнай важнасці і значнасці. 

Дык чым жа нам, беларусам, заняцца на гэтым тыдні?

Галоўнае — не даць сябе атруціць усёй гэтай хлуснёй. Не дазволіць пераканаць сябе і сваіх блізкіх, што гэты рытуал рэжыму і карцінка, якую ён будзе нам паказваць, маюць хоць нейкае дачыненне да рэальнасці, да выбараў, да дэмакратыі. 

Размаўляйце з роднымі і блізкімі. З сябрамі. Не пражывайце гэты абсурд у адзіноце. Рэжым будзе рабіць усё, каб прыхільнікі пераменаў паверылі, што большасць стала меншасцю. Што ўсе вакол «перавярнулі старонку». Гэта не так. І вы лёгка пераканайцеся ў гэтым, калі не будзеце замыкацца ў сабе.

І самае галоўнае, што б вы не рабілі — беражыце сябе. Не варта падвяргаць сябе лішнім, непатрэбным рызыкам. Пазіцыя Народнага антыкрызіснага ўпраўлення — пазбягайце ўдзелу ў імітацыі выбараў, не ідзіце на ўчасткі, асабліва на фоне пагрозы правакацый, якую ўвесь час транслюе рэжым. Калі ж вас прымушаюць да ўдзелу ў датэрміновым галасаванні — прымайце рашэнне па сітуацыі. Ваша бяспека — гэта галоўнае. 

Гэта не выбары і яны не будуць прызнаныя ў цывілізаваным свеце, як і іх вынікі. Ні мы, беларусы, ні нашы партнёры не перавернуць старонку ў адносінах з рэжымам Лукашэнкі. Старонка будзе перавернутая толькі разам з ім. 

Жыве Беларусь!

bottom of page