top of page

Як перамагчы ў вайне за Беларусь?


Прама зараз у цэнтры Еўропы ідзе не адна, а адразу дзве вайны, развязаныя Расіяй. Вайна Расіі супраць свабоднай і незалежнай Украіны. І вайна Расіі супраць свабоднай і незалежнай Беларусі.


І ў абедзвюх нелегітымныя ўлады Беларусі б'юцца супраць Украіны і супраць Беларусі, б'юцца за Расію. Але ёсць тыя, хто б'ецца за Беларусь замест іх.


І таксама, як Украіне, нам патрэбны актыўныя саюзнікі, якія маюць стратэгію.


Так, на нашай тэрыторыі зараз не ідзе баявых дзеянняў і таму мы не просім Хаймарсы, Леапарды ці знішчальнікі F-16. Захоп Беларусі Расіяй ажыццяўляецца іншым спосабам. Гэта гібрыдная акупацыя, на якую Расія вытрачае вялізарныя рэсурсы.


Расія выдатковывае мільярды на ўтрыманне ва ўладзе марыянеткавага рэжыму Лукашэнкі, на забеспячэнне яго масавых рэпрэсій у адносінах да беларусаў, на рэалізацыю інтэграцыйных праграм Саюзнай дзяржавы — праекта паглынання Беларусі. На выкараненне нацыянальнай свядомасці і ідэалагічную перапрашыўку беларусаў у духу ідэй рашызму і «рускага свету».


Расія сёння — адзіная краіна, у якой ёсць стратэгія ў дачыненні да Беларусі. Гэта стратэгія паглынання Беларусі ў рамках праекта Саюзнай дзяржавы і яе растварэння ў «рускім свеце». Правадніком гэтай стратэгіі, інструментам яе рэалізацыі з'яўляецца марыянеткавы рэжым Лукашэнкі.


Ён даказаў гэта, стаўшы саўдзельнікам вайны супраць Украіны ў 2022 годзе і працягвае даказваць гэта сёння, удзельнічаючы ў ваенных злачынствах Расіі, у дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей з акупаваных тэрыторый, размяшчаючы ў Беларусі расійскую ядравую зброю і наймітаў ПВК Вагнер. І знішчаючы ўсё беларускае.


Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі — гэта аснова і галоўны інструмент імперскай палітыкі Расіі. Без Беларусі яе імперскія праекты робяцца немагчымымі. Як немагчымым становіцца і працяг вайны супраць Украіны.


Бо вайну супраць Украіны вядзе не адна Расія, а Саюзная дзяржава Беларусі і Расіі. У якой Беларусь знаходзіцца толькі таму, што існуе рэжым Лукашэнкі.


І таму хачу нагадаць словы былога Міністра замежных спраў Эстоніі Урмаса Рэйнсалу, які сказаў:


«Самая магутная санкцыя, якую Захад можа прымяніць да Расіі — гэта скасаванне рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі. Ліквідаваць рэжым Лукашэнкі — значыць ліквідаваць Саюзную дзяржаву — значыць выйграць абедзве вайны: вайну за Украіну і вайну за Беларусь».

Comments


bottom of page