Пошук па сайце
886 results found with an empty search
- Мы можам павялічыць колькасць галасоў за Каардынацыйную раду праз дзеянні, якія могуць дапамагчы дзясяткам або сотням тысяч беларусаў
Што беларусам далі выбары ў Каардынацыйную раду? Учора завяршылася трохдзённае галасаванне на выбарах у Каардынацыйную раду. Удзел у выбарах прынялі 6 723 выбаршчыкі. Выбарчая камісія падводзіць вынікі выбараў, канчатковыя вынікі будуць абвешчаныя 8 чэрвеня. Вядома, такая невялікая яўка — гэта не тое, чым мы б маглі ганарыцца. Мы разумеем прычыны такой яўкі. Сярод іх дакладна няма віны выбаршчыкаў. Ні адзін адэкватны палітык не можа сабе дазволіць вінаваціць людзей, выбаршчыкаў. Аб'ектыўныя прычыны, на наш погляд, наступныя: велізарны супраціў з боку рэжыму Лукашэнкі; хваля рэпрэсій і акцый запалохвання падчас выбараў; прызнанне ўсіх выбарчых спісаў «экстрэмісцкімі» і ўзбуджэнне 257 крымінальных спраў у дачыненні да ўдзельнікаў выбараў, канфіскацыя маёмасці, ціск, затрыманні і арышты іх блізкіх. Толькі ў спісе «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"» мы маем больш за 25 прыкладаў арыштаў маёмасці і рэпрэсій у дачыненні да сваякоў; кібератакі на платформу для галасавання; блакаванні VPN і г. д. Гэта ў цэлым стан перманентнага тэрору і страху, у якім жывуць беларусы (і нават за мяжой) з 2020 года. Гэта дакладна не самыя лепшыя ўмовы для выбараў. Але таксама важна прызнаваць адкрыта: гэта і нашы памылкі, памылкі дэмсілаў, у тым ліку разнастайныя канфлікты, якія дыскрэдытуюць дэмсілы; гэта і «халасты год» кадэнцыі папярэдняга складу КР; гэта і доўгі супраціў ідэі прамых выбараў; гэта і барацьба за тэрміны, а таксама вельмі няўдалы кампраміс па іх. Можна доўга працягваць, шукаць нейкія апраўданні. Але адзінае, што мы цяпер сапраўды можам апраўдаць — гэта аказаны давер тымі 7 тысячамі выбаршчыкаў, якіх нам усё ж такі ўдалося прыцягнуць, якія паверылі і даверылі нам свае галасы. Таму нас, нашу каманду, кааліцыю «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"» вынік не дэматывуе. Па-першае, таму што тысячы беларусаў і беларусак нягледзячы ні на што аддалі нам свае галасы, заявілі пра свой давер той працы і той праграме, з якой мы ўдзельнічалі ў выбарах. І мы будзем працаваць так, каб апраўдаць гэты давер. Мы аднолькава адказныя перад нашымі выбаршчыкамі — будзь іх сотні, тысячы, дзясяткі ці сотні тысяч. І мы будзем рабіць тое, што абяцалі. Мы ўжо гэта робім. Такая наша філасофія. Па-другое, перад намі пастаўлена амбіцыйная мэта. Сёння мы атрымалі выяўленую падтрымку тысяч выбаршчыкаў. Значыць мы павінны зрабіць усё, каб заўтра гэтая лічба вырасла ў дзясяткі, а паслязаўтра — у сотні разоў. Калі ж казаць пра высновы, якія ўсе мы павінны зрабіць па выніках выбараў, то я б спыніўся на двух ключавых: 1. 7 тысяч аддадзеных на іх галасоў — гэта ў 7 тысяч разоў больш, чым у любога «выбарнага» органа рэжыму Лукашэнкі, бо пры ім няма і не можа быць ніякіх выбараў. Роўна настолькі цяперашняя КР легітымней за тую ж «палатку» Лукашэнкі. Для пачатку — ужо нядрэнна. 2. Вызначана ключавая задача ўпершыню абранай Каардынацыйнай рады — сваёй эфектыўнай дзейнасцю, сваёй рэальнай працай і яе выніковасцю маштабаваць давер як мінімум у дзясяткі, а лепш — у сотні разоў. Што ж такое цяперашняя Каардынацыйная рада? Мы ўжо дакладна можам прыйсці да згоды, што гэта выбарны прадстаўнічы орган. І абраны — так, пакуль з невялікай яўкай выбаршчыкаў. У астатнім Каардынацыйнай радзе неабходна дамовіцца і выразна, зразумела адказаць на гэтае экзістэнцыяльны пытанне, зафіксаваўшы ўласнае вызначэнне ў Статуце. Важна таксама, каб новая Каардынацыйная рада эфектыўна працавала ў звязку са Святланай Ціханоўскай як прэзідэнткай-элект, з Аб'яднаным Пераходным Кабінетам як выканаўчым органам і аказваў уплыў на яго фарміраванне, каб уся сістэма працавала як гадзіннік і па адзінай стратэгіі. Важна разумець, што стратэгія павінна быць менавіта адзінай, таму што мы не знаходзімся ва ўмовах мірнага часу. Мы знаходзімся ў сітуацыі крызісу. І, як бы гучна гэта не гучала, барацьбы за ўладу — але не паміж сабой, а з рэжымам Лукашэнкі. І мы павінны сыходзіць з гэтага. Пры гэтым мы таксама павінны разумець, што на выбарах прымяненне інструмента галасавання не павінна заканчвацца. Нам неабходна забяспечыць рэальны ўплыў беларусаў на працу КР. У тым ліку ў рамках вызначэння праектных прыярытэтаў, прыярытэтаў фінансавання тых праектаў, якія адказваюць запыту грамадства. І таму важна ў бліжэйшы час стварыць механізм для ўплыву грамадства на гэты працэс. Я бачу тут патэнцыял для выкарыстання платформы Belarus ID і правядзення на ёй адпаведных апытанняў, галасаванняў. Мы можам павялічыць колькасць галасоў за Каардынацыйную раду праз дзеянні, якія могуць дапамагчы дзясяткам або сотням тысяч беларусаў.
- Дзяржаўны каталог Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь перайшоў у распараджэнне НАУ і Музея Вольнай Беларусі
Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол Каманда Паўла Латушкі атрымала кантроль над Дзяржаўным каталогам Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь. Мы заяўляем, што гэты кантроль атрыманы без выкарыстання дапамогі асобаў унутры Беларусі. Мы не ствараем ніякай рызыкі ніводнаму супрацоўніку беларускіх музеяў. Так званы міністр культуры Анатоль Маркевіч не кантралюе сферу культуры Беларусі. У нашым распараджэнні знаходзіцца каталог, які ўтрымлівае амаль 165000 музейных прадметаў, якія зʼяўляюцца нацыянальнай спадчынай беларускага народа, а не рэжыму Лукашэнкі. Дзяржаўны каталог Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь перададзены на захаванне Музею Вольнай Беларусі, які зʼяўляецца адным з шматлікіх праектаў НАУ. Усе грамадзяне Беларусі змогуць атрымаць доступ да звестак аб музейных прадметах, якія знаходзяцца ў музеях і калекцыях Рэспублікі Беларусь. Ад сённяшняга дня, калі хтосьці вырашыць знішчыць музейныя прадметы, або нанесці ім шкоду, прадаць, перадаць трэцім асобам і краінам, то ён павінен разумець, што мы дакладна ведаем стан музейных прадметаў, месца іх захоўвання і адказных за гэта асобаў. За знішчэнне, крадзеж і незаконную перадачу музейных прадметаў будзе прыменена адказнасць у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. У якасці першага кроку па прапанове Паўла Латушкі і супрацоўнікаў Музея Вольнай Беларусі ў Дзяржаўны каталог 26 траўня 2024 года ўносяцца прадметы, якія з’яўляюцца гістарычнай і культурнай каштоўнасцю беларускага народа: Бел-чырвона-белы сцяг з імёнамі палітзняволеных беларусаў. Аўтарка — Марыя Грыц. Сукенка «БЧБ-нявесты». Аўтарка — Іна Зайцава. Вопратка беларускага героя і добраахвотніка Палка Каліноўскага Васіля (Атама) Грудавіка, які загінуў у 2022 годзе ў барацьбе за вызваленне Украіны і за незалежную Беларусь. Вопратка беларускай палітвязынкі Юліі Марчанка (Юніцкай). Пратакол аб выніках галасавання па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь выбарчай камісіі нумар 35 (г.Ліда), у якім зафіксавана абсалютная перамога Святланы Ціханоўскай на выбарах прэзідэнта Беларусі ў 2020 годзе. Шыльда «Skwer Wolnej Białorusi» (Сквер Вольнай Беларусі) — дакладная копія вулічнай шыльды ў Беластоку. Таксама сёння мы ўносім у Дзяржаўны каталог Музейнага фонда фотаздымак кааліцыі «Каманда Латушкі і Рух “За Свабоду”», якая ўдзельнічае ў першых прамых дэмакратычных выбарах у Каардынацыйную раду. Прадметы, якія мы ўнеслі сёння ў музейны фонд Беларусі з’яўляюцца гістарычнай праўдай і нашай нацыянальнай спадчынай, на якой мы будзем будаваць будучыню краіны. Мы будзем пастаянна папаўняць Музейны фонд Беларусі. У сваім жыцці, як міністру культуры Беларусі, для мяне быў гонар адкрываць многія музеі ў краіне, спрыяць папаўненню іх калекцый, стварэнню новых экспазіцый. Сярод іх мне асабліва хочацца вылучыць музей Васіля Быкава ў Ждановічах, філіял Дзяржаўнага літаратурнага музея Рэспублікі Беларусь, новыя мультымедыйныя экспазіцыі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, адказваць за рэстаўрацыю і адкрываць музеі, якія належаць сусветнай спадчыне ЮНЭСКА: Нясвіжскі палац і Мірскі замак, ініцыяваць стварэнне музея выбітнага музыкі Чэслава Немана і многіх іншых. Але асаблівым для мяне будзе і Музей Вольнай Беларусі, які сёння знаходзіцца ў Варшаве. Перакананы, што ён абавязкова будзе адкрыты пасля нашага вяртання ў вольную ад рэжыму Беларусь. Хацеў бы, каб ён адкрыўся ў палацы, дзе сёння засядае ўзурпатар. Як палітык, як беларус, я буду працаваць над гэтым і буду змагацца. Шаноўныя супрацоўнікі музеяў Беларусі, ведаю, што вы сумленныя і працавітыя людзі, для якіх спадчына не пусты гук, а сапраўдная каштоўнасць. Праца кожнага з вас спатрэбіцца ў Новай Беларусі. Жыве Беларусь! Міністр культуры Беларусі (2019-2012) Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Павел Латушка
- Карпянкоў гатовы забраць у Лукашэнкі ўладу
Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол 19 мая Мікалай Карпянкоў абвясціў аб стварэнні як бы дабрачыннага фонда «Маладая гвардыя», у задачы якога будзе ўваходзіць фінансаванне 18 «ваенна-патрыятычных клубаў», раней гэтак жа створаных Карпянковым. У склад апякунскай рады фонду, па словах Карпянкова, увайшлі «прадстаўнікі ўсіх зацікаўленых ведамстваў, у тым ліку работнікі СМІ, прадпрымальнікі і палітыкі». Палітыкі? Мы не недачулі? І каго ж Карпянкоў лічыць палітыкам? Сябе? А мы ж памятаем, што ў сістэме Лукашэнкі ёсць толькі адзін палітык. З такіх заяў становіцца зразумела, што стаць новым Прыгожыным Карпянкоў зусім не адмовіўся. Карпянкоў стварае інфраструктуру, здольную ў будучыні прэтэндаваць на рэальную ўладу. Спачатку ён стварыў атрады спецназа, інфільтраваныя вагнераўцамі, затым заняўся выхаваннем падрастаючага пакалення, ну а цяпер прыйшла чарга для фарміравання матэрыяльнай базы свайго палітычнага праекта. Не варта падманвацца словам «фонд» — тое, што будуе Карпянкоў, на справе з'яўляецца рэальным плацдармам для барацьбы за ўладу. Адэпт, а хутчэй за ўсё агент, т. зв. «рускага свету» актыўна прасякае сваё «акно магчымасцяў» і рыхтуецца ім скарыстацца. Цікавай дэталлю з'яўляецца і тое, што зарэгістравалі фонд «Маладая гвардыя» яшчэ 3 мая па адрасе Нацыянальнай бібліятэкі. Месца рэгістрацыі зусім не выпадковае. Пасаду дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі ў цяперашні час займае такі ж агент «рускага свету» — Вадзім Гігін. Раней мы таксама звярталі ўвагу, што інфармацыйна Карпянкова і яго бурную дзейнасць найбольш актыўна асвятляў прапагандыст Рыгор Азаронак — яшчэ адзін аматар рускамірскіх «духоўных умацаванняў». Абодва — члены кіраўніцтва партыі Белая Русь, узначальвае якую рускамірац Алег Раманаў. Фактычна на прыкладзе Карпянкова і ягонага атачэння мы ўжо можам разглядзець сетку прарасійскіх агентаў уплыву, тую павуціну, якой яны актыўна аблытваюць Беларусь. На чале ж фонду «генерал» Карпянкоў паставіў асабліва даверанага чалавека — сваю даўнюю знаёмую Алу Веруш. Хто яна такая і чым можа быць цікавай? Падрабязна пра Алу Веруш — у відэа Паўла Латушкі, у тым ліку пра тое, як яна звязаная з Расіяй і рэпрэсіямі ў дачыненні да футбольных фанатаў і анархістаў, а таксама пра тое, якая яе роля ў развіцці канцэпцыі «экстрэмізму» ў Беларусі.
- Польшча адкрытая да вырашэння праблемаў беларусаў з заменай пасведчанняў кіроўцы і рэгістрацыяй аўтамабіляў
Такі адказ наша каманда атрымала ад Міністэрства інфраструктуры Польшчы на запыт, падрыхтаваны на падставе зваротаў актывістаў беларускай дыяспары. Многія беларусы, уцекачы ад рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі, апынуліся ў складанай сітуацыі: у адных мінае тэрмін пасведчанняў кіроўцы, іншыя хацелі б легалізаваць свае транспартныя сродкі, якія маюць беларускія нумарныя знакі. Што пра гэта кажа польскае Міністэрства? Рэгістрацыя аўтамабіляў палякамі і замежнікамі — аднолькавая і рэгулюецца Законам аб дарожным руху. Для рэгістрацыі аўтамабіля няма неабходнасці зняцця з беларускага ўліку. Польскія ўлады не ствараюць для беларусаў перашкодаў для рэгістрацыі транспартных сродкаў, раней зарэгістраванага ў Беларусі, а наадварот — гатовыя пазітыўна вырашаць праблемы. Што тычыцца пасведчанняў кіроўцы, іх замена дазволена на працягу ўсяго іх тэрміну дзеяння. Акрамя таго, пасведчанні беларусаў не будуць дасылацца ў Беларусь, калі асоба мае статус уцекача ў Польшчы, прытулак, дадатковую абарону або ВНЖ па гуманітарных прычынах. Наша каманда даслала ў Мінінфраструктуры Польшчы дадатковыя прапановы, накіраваныя на выключэнне з ліку абавязковых дакументаў пацверджання сапраўднасці пасведчання кіроўцы. За такой даведкай беларусы вымушаныя звяртацца ў амбасаду рэжыму, што, на нашу думку, з'яўляецца недапушчальным. Калі вы сутыкнуліся з праблемамі замены пасведчанняў кіроўцы ці рэгістрацыі аўтамабіля за мяжой, або маеце прапановы — пішыце нам у чат-бот. Мы будзем і далей займацца вырашэннем праблем і спрашчэннем бюракратычных працэдур для беларусаў, таму просім звяртацца да нас у выпадку ўзнікнення якіх-небудзь праблемных сітуацый. Поўны адказ Міністэрства інфраструктуры Польшчы, які мы рэкамендуем выкарыстоўваць пры ажыццяўленні адпаведных працэдур, — ніжэй у прымацаваным файле.
- Рэжым Лукашэнкі баіцца палітычнай альтэрнатывы
Чалец кааліцыі «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"», юрыст Міхаіл Кірылюк пракаментаваў навіну аб тым, што супраць усіх удзельнікаў выбараў у КР распачатыя крымінальныя справы. «Кандыдатаў у КР абвінавачваюць у парушэнні 4 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у ліку якіх асабліва цяжкае злачынства, якое караецца мінімальным тэрмінам 8 гадоў, а максімальна — пажыццёвым зняволеннем або смяротным пакараннем. Мінімальна магчымы тэрмін на кожнага з улікам усіх артыкулаў па правілах ч. 2 арт. 72 — 13,5 гадоў. Агульны тэрмін — 3 469,5 гадоў на ўсіх. СК сцвярджае, што кожны з 257 удзельнікаў гэтай неверагодна велізарнай злачыннай групоўкі здзейсніў (ці паспрабаваў здзейсніць) мінімум чатыры склады злачынства: 1. Змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады. Артыкул 357 КК. Асабліва цяжкае злачынства, пакаранне ўключае ў сябе турэмны тэрмін ад 8 да 25 гадоў, пажыццёвае зняволенне або смяротнае пакаранне. У першай частцы размова ідзе аб змове (ад 8 да 12 гадоў), у другой — аб захопе або ўтрыманні ўлады (ад 10 да 15 гадоў). Судзячы па фармулёўках, у першай частцы артыкула гаворка ідзе хутчэй аб падрыхтоўцы да захопу ўлады. Другая частка арт. 357 КК сфармуляваная так, што яе лагічна прымяняць, калі захоп улады ўжо адбыўся. Цяжка ўявіць пракурора, які будзе сцвярджаць, што Каардынацыйная рада, знаходзячыся ў выгнанні, ужо паспяхова захапіла ці ўтрымлівае ўладу ў Беларусі, і на гэтай падставе патрабуе частку 2 артыкула 357 КК. Аднак тое, што гэта абсурдна, не значыць, што мы гэтага не ўбачым. Трэцяя частка артыкула — самая цяжкая, прадугледжвае такія выключныя меры пакарання, як пажыццёвае зняволенне або пакаранне смерцю, у якасці ўмоў прымянення называе такія наступствы незаконнага захопу або ўтрымання ўлады, як гібель людзей або забойства. На мой погляд, дадзены артыкул падыходзіць Лукашэнку ў якасці арганізатара, а таксама шматлікім супрацоўнікам яго пракуратуры, СК, МУС і іншых саўдзельнікаў. Яны самі гэта добра разумеюць, што і з'яўляецца прычынай такой нервовасці, з якой яны рэагуюць на любыя ініцыятывы, якія гэта выкрываюць. 2. Наступны пункт абвінавачання — заклікі да мераў абмежавальнага характару, артыкул 361 КК. Цяжкае злачынства, якое не мае аналагаў у міжнародным праве, прыдуманае паплечнікамі Лукашэнкі пасля таго, як яны парушылі арт. 357 КК і шэраг іншых у 2020 годзе. Улады Лукашэнкі хацелі б сажаць за гэта на тэрмін да 12 гадоў. Негвалтоўнае злачынства, пакаранне за якое супастаўнае з пакараннем за забойства. Такія тэрміны сведчаць аб тым, наколькі рэальна дзейсныя санкцыі. Няёмка павінны адчуваць сябе кандыдаты ў КР, якія выступаюць супраць санкцый, але патрапілі пад артыкул. Магчыма для іх надыйшоў час перагледзець свае погляды на тое, якія метады барацьбы Лукашэнка распазнае як сапраўдную пагрозу. 3. Наступны артыкул 361-1 КК — стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім. Яшчэ адна вынаходка Лукашэнкі для барацьбы з іншадумствам. Цяжкае злачынства, артыкул у залежнасці ад часткі прадугледжвае пакаранне ад паўгода да 10 гадоў пазбаўлення волі. Артыкул сфармуляваны нязграбна. Па тэксце артыкула экстрэмізмам называюць рэабілітацыю нацызму". А ў дадатках да артыкула — "злачынствы па матывах расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, палітычнай, ідэалагічнай варожасці ці варожасці ў адносінах да якой-небудзь сацыяльнай групы". Выкарыстанне артыкула паказвае, што адзіная група, інтарэсы якой абараняе гэты артыкул КК — саўдзельнікі Лукашэнкі. 4. Апошні пункт — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, артыкул 361-4 КК. Цяжкае злачынства, пакаранне да 7 гадоў. Па гэтым артыкуле ў Беларусі пераследуюць тых, хто дапамагае палітвязням. У кожнага кандыдата ў КР ёсць падставы для гонару. Яшчэ не пачатую працу кваліфікавалі аналагічна як і адпраўку палітвязням грошай і збор перадач. Мы ідзем ў КР менавіта для таго, каб дапамагаць палітвязням і дамагчыся іх свабоды. У чымсьці СК мае рацыю. Антылукашэнкаўская змова існуе. І ў ёй удзельнічае большасць беларусаў».
- Трыбунал над Лукашэнкам
Адной з ключавых задач, якую кааліцыя «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"» ставіць перад сабой — гэта забеспячэнне адказнасці за міжнародныя злачынствы Лукашэнкі. У цяперашні час міжнароднымі і беларускімі экспертамі, у прыватнасці НАУ, вядзецца актыўная праца па забеспячэнні міжнароднага правасуддзя ў дачыненні да беларускага дыктатара і ягоных памагатых. Гэта працяглы працэс, які патрабуе сур'ёзных чалавечых і фінансавых рэсурсаў. Мы працягнем актыўна палітычна прасоўваць гэты кірунак, але гэта не азначае, што для рэабілітацыі ахвяр рэпрэсій у Беларусі нічога нельга зрабіць ужо цяпер. Пасля фармавання новага складу Каардынацыйнай рады мы маем намер прыкласці неабходныя намаганні для стварэння Народнага трыбунала за найбольш сурʼёзныя злачынствы, учыненыя ў Беларусі. Гэта адна з першых ініцыятыў, якую мы плануем ініцыяваць у Каардынацыйнай радзе. Ці былі такія трыбуналы раней? Народныя трыбуналы не з'яўляюцца чымсьці новым. Яны былі створаны і паспяхова функцыянуюць у сітуацыях, калі міжнароднае правасуддзе мае абмежаваны патэнцыял або немагчыма ў цэлым. Што гэта такое? Народныя трыбуналы зʼяўляюцца формай нізавога правасуддзя і прымаюць форму трыбуналаў, арганізаваных грамадзянскай супольнасцю. Яны, наколькі гэта магчыма, прытрымліваюцца ўсіх прынятых стандартаў працэсуальных нормаў, прадстаўляюць высакаякасны юрыдычны аналіз, кансультацыі і могуць быць мадэллю ўжывання юрыдычна абавязковага правасуддзя. Фармальна рашэнні такіх трыбуналаў не маюць юрыдычна абавязковай сілы. Яны чэрпаюць сваю сілу з публічнага характару разбору, ад яго ўдзельнікаў (аўтарытэтнасці і кваліфікаванасці суддзяў, экспертаў) і празрыстасці, цэласнасці і сумленнасці працэдур. Для чаго неабходны Народны трыбунал па Беларусі? Галоўныя мэты: грамадская рэабілітацыя ахвяр злачынстваў і частковае папаўненне іх запыту на справядлівасць; пашырэнне правоў і магчымасцяў ахвяр для дакументавання іх сведчанняў; выяўленне асоб, якія ўчынілі адпаведныя злачынствы і стварэнне ўмоў для іх хутчэйшага прыцягнення да крымінальнай адказнасці ў будучыні; фарміраванне фонду легітымных доказаў учыненых злачынстваў; павышэнне дасведчанасці грамадскасці аб учыненых злачынствах. Якія злачынствы могуць разглядацца праз Народны трыбунал? Фармальных абмежаванняў не існуе. Мы накіраваны на тое, каб такі трыбунал займаўся злачынствамі супраць чалавечнасці, якое здзяйсняецца ў Беларусі. Лукашэнка адкажа за ўсе злачынствы перад беларускім народам. Вынікі працы Трыбунала будуць ціскам на сістэму Лукашэнкі, садзейнічаць расколу элітаў. Яны таксама ўвойдуць у гісторыю і стануць спадчынай для нашай нацыі, каб ніколі падобнага не паўтаралася на беларускай зямлі. Кааліцыя «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"» ініцыюе стварэнне дадзенага трыбунала пасля фарміравання новага складу Каардынацыйнай рады.
- Мы не абяцаем, мы робім
Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол Лідар кааліцыі «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"» падчас «Вялікай палітычнай канферэнцыі 2024» па выбарах у Каардынацыйную раду адказаў на пытанне пра «пасады». «Гэта не пасады, гэта — адказнасць. Чарговыя крымінальныя справы, чарговыя рызыкі. Калі мы ідзем у Каардынацыйную раду, мы ідзем з багажом таго, што ўжо зрабілі. Мы хочам зрабіць больш. Калі вы хочаце, каб быў выдадзены ордар на арышт Лукашэнкі, галасуйце за нас. Калі вы хочаце, каб была перададзена сітуацыя па Беларусі па злачынствах супраць чалавечнасці, галасуйце за нас. Калі вы хочаце, каб адна з краінаў свету падала заяву ў Міжнародны суд ААН аб злачынствах і гвалту, якія ў Беларусі, галасуйце за нас. Калі вы хочаце, каб папаўняліся спісы адказных у персанальных санкцыях, падтрымлівайце нас. Мы ідзем дзейнічаць і за гэта атрымліваем шантаж ад КДБ, пагрозы, крымінальныя справы. Я хачу яшчэ раз звярнуцца да ўсіх: мы павінны зразумець у якой складанай сітуацыі знаходзяцца ўсе тут прысутныя і таксама выбаршчыкі. З аднаго боку мы вядзем барацьбу за галасы беларусаў і гэта нармальна для кожнай выбарчай кампаніі. З другога боку — мы бачым, што рэжым аб'явіў адкрытую вайну ўсім тым, хто ідзе супраць яго. Хто стварае альтэрнатыву. І адначасова ён робіць усё, каб дэматываваць беларусаў, зрабіць ім максімальныя пагрозы, каб яны не прынялі ўдзел у гэтых выбарах. Гэта вельмі спецыфічная, асаблівая кампанія. Тут ніхто не ідзе за пасадамі. Тут людзі, якія ідуць весці барацьбу. Я з вялікай павагай стаўлюся да ўсіх кандыдатаў. Галоўнае, каб мы зразумелі, што зараз вырашаецца лёс Беларусі. Мы можам апынуцца Паўночнай Карэяй, калі будзе занавес, калі не будуць працаваць памежныя пераходы, калі не будуць выдавацца візы. Гэта крытычны момант для будучыні нашай дзяржавы, нашай нацыі. Таму важна прагаласаваць. Нішто не павінна вырашацца за нас без нас». Мы ідзем за пасадамі? «Гэта не пасады, гэта — адказнасць. Чарговыя крымінальныя справы, чарговыя рызыкі. Калі мы ідзем у Каардынацыйную раду, мы ідзем з багажом таго, што ўжо зрабілі. Мы хочам зрабіць больш. Калі вы хочаце, каб быў выдадзены ордар на арышт Лукашэнкі, галасуйце за нас. Калі вы хочаце, каб была перададзена сітуацыя па Беларусі па злачынствах супраць чалавечнасці, галасуйце за нас. Калі вы хочаце, каб адна з краінаў свету падала заяву ў Міжнародны суд ААН аб злачынствах і гвалту, якія ў Беларусі, галасуйце за нас. Калі вы хочаце, каб папаўняліся спісы адказных у персанальных санкцыях, падтрымлівайце нас. Мы ідзем дзейнічаць і за гэта атрымліваем шантаж ад КДБ, пагрозы, крымінальныя справы. Я хачу яшчэ раз звярнуцца да ўсіх: мы павінны зразумець у якой складанай сітуацыі знаходзяцца ўсе тут прысутныя і таксама выбаршчыкі. З аднаго боку мы вядзем барацьбу за галасы беларусаў і гэта нармальна для кожнай выбарчай кампаніі. З другога боку — мы бачым, што рэжым аб'явіў адкрытую вайну ўсім тым, хто ідзе супраць яго. Хто стварае альтэрнатыву. І адначасова ён робіць усё, каб дэматываваць беларусаў, зрабіць ім максімальныя пагрозы, каб яны не прынялі ўдзел у гэтых выбарах. Гэта вельмі спецыфічная, асаблівая кампанія. Тут ніхто не ідзе за пасадамі. Тут людзі, якія ідуць весці барацьбу. Я з вялікай павагай стаўлюся да ўсіх кандыдатаў. Галоўнае, каб мы зразумелі, што зараз вырашаецца лёс Беларусі. Мы можам апынуцца Паўночнай Карэяй, калі будзе занавес, калі не будуць працаваць памежныя пераходы, калі не будуць выдавацца візы. Гэта крытычны момант для будучыні нашай дзяржавы, нашай нацыі. Таму важна прагаласаваць. Нішто не павінна вырашацца за нас без нас». Што нам застаецца рабіць? Міхаіл Кірылюк выступіў на «Вялікай палітычнай канферэнцыі 2024». «Што застаецца беларусам, калі мірны пратэст немагчымы і для ваеннага супрацьстаяння няма рэсурсаў? Сядзець і чакаць пакуль два дыктатары памруць? Мы абавязаны рабіць усё, каб набліжаць свабодную Беларусь. Нас пераконваюць, што трэба паслабляць ціск. Мы лічым, што трэба не паслабляць, а ўзмацняць ціск. Калі паслабім — гэта дапаможа толькі Крамлю і Лукашэнку, але не палітвязням. Палітвязні — тыя людзі, якія стварылі максімальную пагрозу для Лукашэнкі за ўсе 30 гадоў. Ён не выпусціць іх калі мы будзем паслабляць ціск. На доўгай дыстанцыі Расія прайграе. На доўгай дыстанцыі гэта бітва эканомік. Хутка здарыцца так, што мы апынемся ў той сітуацыі, у якой апынуўся Савецкі саюз у 1991 годзе. Тады на развал СССР уплывалі санкцыі, вайна ў Афганістане, дрэнная эканоміка і тое, што народ не верыў у магчымасць добрай будучыні. Зараз мы маем тыя ж фактары, толькі Расія ў шмат разоў слабей. Але таксама мы апынемся ў той сітуацыі, калі Беларусь будзе вольная. Калі тыя, хто зараз за кратамі, змогуць выйсці на волю. Мы зможам стварыць дэмакратычны парламент. Гэта будзе пачатак новай гісторыі». Нічога пра нас без нас Юрый Губарэвіч выступіў на «Вялікай палітычнай канферэнцыі 2024». «Для беларусаў выбары ў Каардынацыйную раду — гэта дастаткова сурʼёзны іспыт на сталасць як нацыі. На тое, каб паказаць усяму свету, што праблемы беларусаў існуюць рэальна, што яны патрабуюць вырашэння і дапамогі. Што вырашэнне гэтых праблем залежыць не толькі ад нас саміх, але і ад міжнароднай супольнасці, якая дэкларуе дэмакратычныя каштоўнасці і жаданне следаваць гэтым каштоўнасцям. Беларусы ўжо не адзін раз засведчылі, што яны здольныя да салідарнасці. Напрыклад, збор у падтрымку палітвязняў, які адбыўся ў мінулым годзе, калі літаральна за дзень была сабраная аграмадная сума. Людзі адгукнуліся з розных краінаў. Яны змаглі прыняць удзел, яны пералічвалі сродкі. Гэтыя грошы паказалі, што беларусы здольныя дапамагаць адзін аднаму. У праграме кааліцыі "Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду" ёсць канкрэтныя пункты аб тым, што трэба рабіць дзеля таго, каб інтарэс да беларусаў не знікаў і каб гэты інтарэс павялічваўся. Перад усім гэта тэзіс "Нічога пра нас без нас". Важным з'яўляецца дэклараванне беларусамі еўрапейскага выбару, падтрымка Украіны, стварэнне групы стратэгічных партнёраў Беларусі, а таксама міжпарламенцкае супрацоўніцтва. Усё гэта прысутнічае ў нашай праграме. Беларусы мусяць быць пачуты на ўсіх узроўнях, на ўсіх міжнародных сустрэчах, на самітах, дзе падымаюцца пытанні беларусаў. І роля Каардынацыйнай рады таксама будзе выключна важная». Як мы можам вызваліць палітвязняў? Алег Кулеша выступіў на «Вялікай палітычнай канферэнцыі 2024». Мы павінны зрабіць дзейсную, нармальную Каардынацыйную раду, якая павінна данесці ўсяму сусветнаму грамадству наступнае: вызваленне нашых палітвязняў не можа адрознівацца ад вызвалення тэрыторыі нашай краіны, таму што яна захопленая. Суадносна, вызваліць палітвязняў немагчыма, пакуль не вызвалім краіну. Што для гэтага трэба зрабіць? Для гэтага трэба дзейсна прыкласці ўсе намаганні і высілкі гэтай Каардынацыйнай рады, каб міжнароднае грамадства ўпершыню прыняла санкцыі супраць таго, што выконваецца рабская праца ў зонах палітвязнямі і вынікі гэтай працы ідуць на ўзбраенне Расійскай Федэрацыі. Цяжкім пытаннем з'яўляецца прызнанне палітзняволенымі. Гэта ўсё давядзе да таго, што ў нас не будзе палітвязняў. Рэжым пачне садзіць усіх на «хатнюю хімію» і што мы будзем рабіць? «Хатняя хімія» зараз такая ж цяжкая, як і зона. Людзей даводзяць да шаленства. Яны кожную хвіліну жывуць пад прэсінгам і разуменнем, што заўтра да іх прыйдуць за тую ж самую лыжачку, альбо не так ляжачую паперку ў доме. Перавядуць на іншы рэжым і ты паедзеш на зону. Каардынацыйная рада павінна данесці ўсяму свету, што палітвязняў у Беларусі болей, чым 1.5 тысячы. У прымацаваным відэа можна падрабязней паглядзець пра праблемы, з якімі сутыкаюцца палітвязні, пра канцэпцыю іх рэабілітацыі, а таксама пра стаўленне грамадства да палітвязняў, якія былі рэпрэсаваныя да 2020 года.
- Жанчына — гэта новае жыццё, новае адкрыццё, гэта будучыня для свету
Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол З пачатку пратэстаў жанчыны былі не толькі побач са сваімі паплечнікамі-мужчынамі, яны былі наперадзе, яны натхнялі, яны сталі для ўсіх нас прыкладам нязломнасці. Павел Латушка выступіў на адкрыцці фотавыставы з гісторыямі палітзняволеных беларусак «Minsk Anti Zoo. Red Mark» у Музеі Вольнай Беларусі, які з'яўляецца праектам НАУ. Лукашэнка калісьці сказаў, што «с женщинами я не воюю». Гэта хлусня, як і ўсё што ён гаворыць. Са жніўня 2020 года пад палітычны пераслед у Беларусі трапілі не менш за 8 тысяч жанчын. У зняволенні сёння знаходзіцца не менш за 190 жанчын. Ім наўмысна ствараюць жорсткія ўмовы, пазбаўляюць бацькоўскіх правоў ці пагражаюць гэта зрабіць, павялічваюць тэрміны зняволення. Так рэжым «не ваюе з жанчынамі». Сёння мы ўсе павінны, як мінімум, не маўчаць аб гэтым, падымаючы тэму палітзняволеных на кожнай пляцоўцы — міжнародных трыбунах, акцыях і сустрэчах. Падчас выставы былая палітзняволеная Дарʼя Афанасьева, якая была ў няволі два з паловай гады, распавяла пра адзенне, якое носяць у калоніі зняволеныя жанчыны. Яна паказала сукенку і турэмную целагрэйку з Гомельскай калоніі. Пра беларускіх жанчын у зняволенні распавядалі суаўтаркі праекту «Minsk Anti Zoo. Red Mark» стылістка Ганна Прышывалка і стваральніца праекту «Палітвязынка» Яўгенія Доўгая, акторка Свабоднага тэатру Юлія Шаўчук, сястра Рамана Бандарэнкі Вольга Кучарэнка, маці і дачка палітзняволенай Антаніны Канавалавай. А ў фінале выйшлі палітзняволеныя жанчыны Вольга Скрашчук, Вольга Рытус і Мія Міткевіч. Іх сустракалі гучнымі воплескамі. Падчас імпрэзы таксама выступіў жаночы гурт «Spievy». Фотавыставу ў Музеі Вольнай Беларусі па адрасе Foksal 11 можна наведаць да 9 чэрвеня 2024.
- Намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка пракаментаваў заяву Следчага камітэта рэжыму аб пераследзе арганізатараў Дня Волі–2024
«Няма аніякіх прававых падстаў для пераследу і тым больш для канфіскацыі маёмасці. Усе, хто могуць стаць ахвярамі дзеянняў рэжыму, змогуць вярнуць уласнасць пасля транзіту ўлады і атрымаць кампенсацыі за незаконныя захады лукашэнкаўскіх хаўруснікаў. А тыя, хто гэтыя захады ініцыюе і рэалізоўвае, будуць прыцягнутыя да адказнасці. І рэжым гэта разумее. Навошта тады гэта робіць? Звярніце ўвагу на час. Прайшло амаль 4 гады пасля выбараў 2020 года, якія Лукашэнка прайграў. Ён паспрабаваў утрымаць уладу сілай. Але нямногім больш чым праз тыдзень, 25-27 мая, – выбары ў Каардынацыйную Раду, якая з’яўляецца пагрозай для рэжыму. І мэта гэтай правакацыі – паспрабаваць знізіць яўку на іх. Яны адчуваюць пагрозу ва ўзмацненні дэмакратычных сіл і спрабуюць дэматываваць беларусаў. Але не ўлічваюць важную дэталь: дзеянні СК і іншых карных органаў Лукашэнкі толькі больш радыкалізуюць беларускае грамадства, большасць якога ў 2020 годзе сказала Лукашэнку ўсё, што ён дагэтуль не можа зразумець. Цяпер карныя органы спрабуюць пазбавіць беларусаў замежжа таго, што для некаторых было стрымліваючым фактарам. Выснова адна: ніхто не робіць такі ўнёсак у радыкалізацыю беларусаў, як сам рэжым. Толькі слабы чалавек – а менавіта такім з'яўляецца Лукашэнка – можа ажыццяўляць ціск, рэпрэсіі, прыцягваць да крымінальнай адказнасці безабаронных людзей, якімі з'яўляюцца нашы мамы і бацькі, дзядулі і бабулі, браты і сёстры. Мы будзем працягваць змагацца, каб прыцягнуць Лукашэнку і яго памагатых да міжнароднай крымінальнай адказнасці. Нам ужо ўдалося дамагчыся 6 ордараў для арышту катаў рэжыму, перш за ўсё кіраўнікоў Акрэсціна і Жодзіна; КДБ і ГУБАЗіК прызнаныя ў Сенаце Чэхіі і Сейме Літвы арганізацыямі-спосарамі тэрарызму. Мы будзем працягваць гэту працу, каб усе злачынцы разумелі: адказнасць непазбежная. І дэмакратыя ў Беларусі пераможа толькі тады, калі гэтая адказнасць наступіць».
- Мэта — вырашыць праблему легалізацыі беларусаў у Вроцлаве да канца 2024 года
Сёння адбылася сустрэча намесніка кіраўніцы Кабінета Паўла Латушкі з ваяводам Ніжнесілезскага ваяводства Мацеем Авіжэнем, удзел у якой таксама прынялі прадстаўнікі беларускай дыяспары Вроцлава. Ваявода прынёс прабачэнні ў сувязі з назапашанай праблемай выдачы дакументаў для беларусаў, якая вынікае з хібаў у дзейнасці папярэдняй адміністрацыі ваяводства. Ваявода адзначыў, што спадзяецца, што да канца чэрвеня ў яго будзе большае разуменне аб магчымасці атрымаць дадатковае фінансаванне дзеля павелічэння колькасці супрацоўнікаў, якія будуць займацца вырашэннем існуючай праблемы. Павел Латушка па выніках сустрэчы з беларускай дыяспарай у Вроцлаве 14 мая 2024 года, на якой прысутнічала каля 200 беларусаў, прадставіў сістэмныя праблемы з атрыманнем пастаяннага і часовага жыхарства ў Польшчы, дакумента падарожніка і інш. Запыты, якія былі атрыманы ад беларусаў падчас сустрэчы, былі данесены да ваяводы. Мацей Авіжэнь запэўніў, што паспрабуе як мага хутчэй іх вырашыць. Усяго 49 тысяч спраў замежных грамадзян, у тым ліку і тысяч беларусаў, патрабуюць неадкладнага вырашэння. Яны былі назапашаныя ў папярэднія гады. Агулам у ваяводстве пражывае каля 20 тысяч беларусаў. Падчас сустрэчы Ніжнесілезскі ваявода Мацей Авіжэнь адзначыў, што разумее спецыфіку праблемы, якая існуе ў пытаннях легалізацыі беларусаў у Польшчы і канкрэтна ў Ніжнесілезскім ваяводстве, звязаную з тым, што рэжым Лукашэнкі адмовіў беларусам у праве атрымліваць новыя пашпарты ці працягваць пашпарты ў пасольствах і консульствах Беларусі за мяжой. Ваявода запэўніў, што пытанні легалізацыі беларусаў у яго як новага ваяводы Ніжнесілезскага ваяводства знаходзяцца ў фокусе ўвагі і будуць вырашацца. Для іх вырашэння будуць прымацца наступныя канкрэтныя крокі: запланавана павялічыць на 51 адзінку колькасць супрацоўнікаў ваяводскай адміністрацыі, якія займаюцца пытаннем выдачы дакументаў: відаў на пастаяннае і часовае жыхарства, польскіх падарожных дакументаў і г.д.; будзе арганізавана адмысловая адукацыйная праграма для рабочай групы з прадстаўнікоў беларускай дыяспары, якая дапаможа праінфармаваць аб правільным зборы дакументаў для найхутчэйшага вырашэння пытанняў легалізацыі. Ваявода Ніжнесілезскага ваяводства Мацей Авіжэнь падчас сустрэчы запэўніў Паўла Латушку аб намерах вырашыць да канца бягучага года назапашаныя ў перыяд да сённяшняга дня праблемы легалізацыі беларусаў. Дзясяткі нестандартных і спецыфічных кейсаў, а таксама кейсаў, якія патрабуюць неадкладнага вырашэння і ўтрымліваюць пытанні беларусаў у асабліва складанай сітуацыі, былі прынятыя ваяводам для найхутчэйшага разгляду і прыняцця адпаведных рашэнняў. Павел Латушка падрыхтуе для ваяводы прапановы для магчымага ўліку пры змене закона аб замежніках, якія важна вырашыць для таго, каб паменшыць час чакання, колькасць зваротаў па пытаннях афармлення адных і тых жа дакументаў, каб выдаваць польскі падарожны дакумент на 3 гады, каб польскі падарожны дакумент сведчыў асобу замежнага грамадзяніна ў Польшчы і іншыя прапановы. Ваявода абяцаў перадаць дадзеныя прапановы ў цэнтральныя органы ўлады Польшчы. Па выніку сустрэчы створана працоўная група з прадстаўнікоў беларускай дыяспары ў Вроцлаве, якая будзе камунікаваць з упаўнаважаным ваяводы, каб паскорыць вырашэнне праблем легалізацыі беларусаў. Мацей Авіжэнь і Павел Латушка дамовіліся пра тое, што праз два месяцы адбудзецца іх сустрэча, каб прааналізаваць, што ўдалося зрабіць за гэты час для таго, каб зрушыць гэтую праблему ў бок вырашэння.
- Гандлёвыя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі і Расіі плануецца гарманізаваць
ЕС рыхтуе новы санкцыйны пакет, у якім улічаны асобныя палажэнні праграмы кааліцыі «Каманда Латушкі і Рух “За Свабоду”». Нашы падыходы чуюць у ЕС, а праца ў пытанні санкцый ужо пачынае прыносіць плён. «Радыё Свабода» апублікавала паведамленне аб тым, што Еўракамісія падрыхтавала праект новага пакета санкцый, які накіраваны на ўзмацненне жорсткасці мер у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі за падтрымку расійскай агрэсіі ва Украіне, і гарманізацыю санкцый з Расіяй. Лісты аб неабходнасці гарманізацыі санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі і Расіі раней былі накіраваны нашай камандай у Еўракамісію, Еўрапейскую службу знешніх дзеянняў, а таксама ў МЗС шэрагу краін-членаў ЕС. Цяпер ЕС гатовы прыняць гэтыя прапановы. Мы неаднаразова ўказвалі на неабходнасць гэтай і іншых важных мер, каб спыніць выкарыстанне Беларусі як «чорнай дзіркі» для абыходу існуючых санкцый. Напрыклад, па дакументах тавар едзе з Польшчы ў Грузію, а ў Беларусі адрасат мяняецца на кампанію расійскага ВПК. У праекце Еўракамісіі прадугледжаны новыя абмежаванні, уключаючы забарону на пастаўкі ў Беларусь тавараў двайнога прызначэння, а таксама навігацыйнага абсталявання і прадметаў раскошы — тых самых груп тавараў, якія найбольш падвяргаліся незаконнаму рээкспарту ў Расію. Адмысловая ўвага нададзена кантролю за рээкспартам, што таксама дапаможа прадухіліць трапленне гэтых тавараў у Расію праз Беларусь. Уведзены таксама абмежаванні на імпарт пэўных тавараў з Беларусі, у тым ліку алмазаў і мінеральных прадуктаў, а таксама на экспарт у Беларусь тавараў і тэхналогій для нафтаперапрацоўкі. Нам важна, каб свет зразумеў: санкцыі павінны быць не толькі шырокімі, але і глыбокімі, каб выключыць любыя шчыліны. Інакш на санкцыях толькі нажываюцца набліжаныя да рэжыму праз схемы іхняга абыходу. Мы працягнем працу, каб забяспечыць выкананне і ўзмацненне гэтых мер дзеля міру і бяспекі ў рэгіёне.
- Лукашэнка знішчае эканоміку Беларусі
Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол «Вялікія нацыі ніколі не бяднеюць з-за марнатраўства і неразумнасці прыватных асоб, але яны нярэдка бяднеюць у выніку марнатраўства і неразумнасці дзяржаўнай улады» — пісаў вялікі шатландскі эканаміст Адам Сміт. Беларусы — неверагодна працавіты народ. Пакаленні беларусаў стваралі нашу краіну. Не адно стагоддзе наша шматпакутная зямля палівалася крывёй і потым Беларусь аднаўлялася пасля разбуральных войнаў і бедстваў. І ўсё атрымалася ў беларускага народа: не проста аднавілі краіну, а стварылі сваю, незалежную дзяржаву. Але на гэтым беды беларусаў не скончыліся. Да ўлады прыйшоў Лукашэнка. І 30 гадоў праз яго нязменнае праўленне сітуацыя ў нашай краіне склалася так, што хутка працаваць на яе карысць будзе проста няма каму. Колькасць занятых у эканоміцы Беларусі з 2010 года скарацілася на 550 тысяч чалавек. Гэта больш, чым насельніцтва цэлага Гомеля — другога па колькасці горада ў краіне. Агульная колькасць насельніцтва Беларусі таксама пачала скарачацца менавіта з моманту з'яўлення ва ўладзе Лукашэнкі. За час яго кіравання насельніцтва Беларусі скарацілася больш, чым на мільён чалавек. Лукашэнка сваім бяздарным праўленнем і неразуменнем эканамічных працэсаў перашкаджаў руплівай працы таленавітай нацыі беларусаў: ён хацеў як мага больш кантраляваць і красці, а гэта не давала падстаў павышаць прадукцыйнасць і пашыраць вытворчасць, ды і наогул праяўляць ініцыятыву. Замест новых прадпрыемстваў Лукашэнка будаваў лядовыя палацы, куды не кожны беларус можа аддаць займацца хакеем сваё дзіця, бо не кожнаму па кішэні купіць для свайго дзіцяці хакейную форму і рыштунак. Замест парадаў і салютаў каласальныя грошы можна было выдаткаваць на дапамогу ветэранам і вязням нацысцкіх лагераў. Замест будаўніцтва цэнтраў ідэалагічнага і г. зв. патрыятычнага выхавання можна было пусціць сродкі на будаўніцтва школ і дзіцячых садкоў. Замест будаўніцтва АЭС і новых будынкаў пракуратуры і міліцыі мы маглі б падтрымліваць беларускі бізнэс, развіваць альтэрнатыўныя крыніцы энергіі. Замест закупак вадамётаў, дубінак і гумовых куль грошы беларусаў маглі б пайсці на закупку лекаў і неабходнага медыцынскага абсталявання для бальніц і паліклінік. Усё гэта можна было зрабіць за 30 гадоў. Калі б не Лукашэнка. Наша задача зараз — выправіць памылку даўжынёй ў трыццаць гадоў. А для гэтага нам неабходна аб'яднацца вакол альтэрнатывы Лукашэнку. Гэта значыць — падтрымліваць палітвязняў, добраахвотнікаў, палітычныя інстытуты. Важна прагаласаваць за сваіх прадстаўнікоў у Каардынацыйную раду 25-27 траўня. Упершыню за 30 гадоў мы рэальна можам правесці дэмакратычныя выбары і стварыць па-сапраўднаму прадстаўнічы інстытут. Не прызначыць, як Лукашэнка, а сапраўды выбраць тых, хто будзе нас прадстаўляць, абапіраючыся на рэальныя галасы беларусаў, а заўтра, у транзітны перыяд, узяць на сябе адказнасць за тое, каб пабудаваць незалежную і свабодную Беларусь. Такую Беларусь, якую 30 гадоў беларусам не даваў пабудаваць рэжым Лукашэнкі. Мы ж, беларусы, вартыя лепшага. Вартыя выбіраць лепшых. Вартыя жыць у лепшай Беларусі.


















