top of page

Пошук па сайце

Search this site

1023 results found with an empty search

  • У інтарэсах беларусаў – дэмакратычная, незалежная, суверэнная Беларусь

    Павел Латушка аб значэнні старшынства Польшчы ў ЕС Павел Латушка, прадстаўляючы Аб'яднаны Пераходны Кабінет, прыняў удзел у афіцыйнай інаўгурацыі пачатку старшынства Польшчы ў Радзе ЕС, на запрашэнне міністра па справах ЕС Польшчы Адама Шлапкі   «Ад імя Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, выканаўчага органа дэмакратычных сіл Беларусі, я хацеў бы выказаць удзячнасць міністру замежных спраў Польшчы Радаславу Сікорскаму , які ў сваёй прэзентацыі прыярытэтаў польскага старшынства ў ЕС асабліва падкрэсліў важнасць рэалізацыі падыходу "no business as usual" у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. Гэта можа стаць асновай для далейшых дзеянняў, у тым ліку супрацоўніцтва Польшчы з дэмакратычнымі інстытутамі і ініцыятывамі беларускай грамадзянскай супольнасці як падчас старшынства Польшчы ў ЕС, так і пасля яго. У інтарэсах абсалютнай большасці беларусаў — дэмакратычная, незалежная, суверэнная Беларусь, што, я перакананы, адпавядае і нацыянальным інтарэсам Польшчы, якая суседнічае з Беларуссю. На гэтым супадзенні інтарэсаў можа грунтавацца наша агульная стратэгія, якая падкрэслівае важнасць дэмакратычных змен у Беларусі. Для дэмакратычных сіл Беларусі важнай з’яўляецца сістэмная праца па папулярызацыі сумесна са структурамі ЕС еўрапейскай перспектывы для беларусаў» , — адзначыў намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка . Ён таксама акцэнтаваў увагу, што дэмакратычныя сілы вызначылі шэраг прыярытэтаў на найбліжэйшы час, у рэалізацыі якіх важная падтрымка ЕС і польскага старшынства ў ЕС: непрызнанне фарсу, які арганізуецца Лукашэнкам 26 студзеня пад выглядам выбараў, недапушчэнне вяртання міжнароднай суб’ектнасці Лукашэнкі; прыцягненне Лукашэнкі да адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларускага народа, а таксама за ваенныя злачынствы супраць украінскіх дзяцей; прадстаўленасць голасу беларускіх дэмакратычных сіл у выпадку правядзення перамоў па сітуацыі ва Украіне, што можа ажыццяўляцца праз прамы ўдзел дэмакратычных сіл ці праз старшынства Польшчы ў ЕС, а таксама недапушчэнне да магчымых перамоў дыктатара Лукашэнкі, які цалкам страціў права прадстаўляць інтарэсы беларусаў і ўжо не адновіць яго. Павел Латушка падкрэсліў, што падчас старшынства Польшчы ў ЕС важным застанецца пытанне паляпшэння магчымасці мабільнасці для беларусаў, а таксама працяг у садзейнічанні выдачы віз у краіны ЕС для камунікацыі беларускага грамадства з Еўропай. Важна таксама павялічваць колькасць адукацыйных стыпендый для беларусаў у Еўропе, падтрымку незалежных СМІ і блогераў, падтрымліваць нацыянальную культуру і беларускую ідэнтычнасць у процівагу палітыцы рэжыму Лукашэнкі і Расіі, накіраванай на прапаганду «рускага свету» ў беларускім грамадстве. Таксама Павел Латушка адзначыў важнасць правядзення 3-4 лютага 2025 года па ініцыятыве МЗС Польшчы Касцюшкаўскага форуму ў Еўрапейскім цэнтры Салідарнасці ў Гданьску, прысвечанага падтрымцы грамадзянскай супольнасці ў Беларусі. «Я спадзяюся, што лідарства Польшчы ў ЕС дазволіць звярнуць увагу еўрапейскіх партнёраў на масавыя рэпрэсіі і парушэнні правоў чалавека ў Беларусі, а таксама ўзмоцніць стратэгію ЕС у мэтах пошуку рашэнняў і інструментаў для пераадолення гуманітарнага крызісу ў Беларусі і пасадзейнічае вызваленню палітвязняў. Будзе ўзмоцнены ціск на пануючы ў Беларусі рэжым. Я таксама ўдзячны Польшчы і польскаму ўраду, польскаму грамадству за тую вялікую дапамогу, якая была аказаная і працягвае аказвацца для нас, як для беларускага грамадства, так і для дэмакратычных сіл у гэты складаны лёсавызначальны перыяд для Беларусі», — адзначыў Павел Латушка. Падчас інаўгурацыі Павел Латушка правёў размовы з кіраўнікамі Сейма і Сената, членамі ўрада Польшчы, еўрадэпутатамі ад Польшчы аб планах сумесных мерапрыемстваў падчас старшынства Польшчы ў ЕС.

  • Вынікі-2024 ад Паўла Латушкі

    Адказнасць рэжыму, дапамога палітвязням, міжнароднае прызнанне дэмсілаў Павел Латушка, намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, член Каардынацыйнай рады, надзвычайны і паўнамоцны амбасадар — спецыяльна для «Позірку» Арыгінал артыкула: pozirk.online Узурпатар на шляху ў Гаагу Упершыню ў гісторыі нашай краіны афіцыйна адкрытая магчымасць перадачы ў офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда матэрыялаў аб учыненых прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі злачынствах супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларускага народа. Мэта — пачатак следства, выдача ордара на арышт Лукашэнкі і ягоных саўдзельнікаў, а таксама прыцягненне іх да адказнасці за злачынствы супраць беларусаў. З усіх санкцыйных рашэнняў я б асабліва вылучыў тых, каго можна назваць «пярэваратнямі ў мантыях». На аснове матэрыялаў, падрыхтаваных і перададзеных камандай НАУ, Еўрапейскі саюз увёў санкцыі супраць 24 суддзяў рэжыму, а таксама 10 супрацоўнікаў пенітэнцыярнай сістэмы і трох прапагандыстаў. Мы будзем дэманстраваць так званым суддзям, што, валодаючы вышэйшай юрыдычнай адукацыяй, яны выдатна ведаюць, што здзяйсняюць злачынствы. Унясенне іх у санкцыйныя спісы — першы крок на шляху іх прыцягнення да крымінальнай адказнасці. Сярод санкцый асаблівую ўвагу варта надаць абмежаванню выкарыстання самалётаў Лукашэнкі. 9 жніўня прапановы і абгрунтаванні каманды НАУ знайшлі адлюстраванне ў санкцыях ЗША супраць борта дыктатара № 1 — Boeing 767, што завяршыла нашу працу па ўвядзенні санкцый на ўсе паветраныя судны Лукашэнкі. Сёння пад санкцыямі знаходзяцца чатыры самалёты і адзін верталёт дыктатара. Нам было важна накіраваць яму персанальны сігнал, які падкрэслівае яго асабістую адказнасць за тое, што адбываецца. Лукашэнка будзе ўсё складаней працягваць карыстацца выгодамі і прывілеямі, якія ён незаконна стварыў для сябе і сваёй сям’і. Асобна варта адзначыць важнасць значнай гарманізацыі санкцый супраць Расіі і рэжыму Лукашэнкі, практычна на 60%. Гэта скарачае магчымасці абыходу ў інтарэсах Расіі раней накладзеных абмежаванняў і ўзмацняе ціск на рэжым Лукашэнкі. Істотным крокам стала абмежаванне транзіту санкцыйных тавараў праз Беларусь. НАУ сумесна з іншымі беларускімі ініцыятывамі, у тым ліку BelPol і Беларускім расследавальніцкім цэнтрам, дакументальна зафіксавала злоўжыванні транзітнымі схемамі, якія выкарыстоўвае рэжым для абыходу санкцый. Нашы доказы знайшлі адлюстраванне ў прававых нормах, замацаваных рашэннем Савета ЕС ад 29 чэрвеня 2024 года, якое істотна ўскладніла выкарыстанне ілжывых транзітных маршрутаў. Таксама прынцыпова важнымі сталі санкцыі супраць сістэмы перадачы фінансавых паведамленняў Банка Расіі (СПФП). Нашае абгрунтаванне, перададзенае яшчэ ў снежні 2023 года ў Брусэль аб неабходнасці санкцый супраць СПФП — сістэмы, якая выкарыстоўваецца для абыходу ўведзеных фінансавых санкцый і аплаты санкцыйных тавараў, неабходных для ВПК РФ у агрэсіі супраць Украіны, — было ўлічана ў 14-м пакеце санкцый ЕС супраць Расіі ад 24 чэрвеня 2024 года. Падтрымка палітвязняў і барацьба за іх вызваленне У працы Офіса Святланы Ціханоўскай і Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК) важным дасягненнем стала стварэнне Міжнароднага гуманітарнага фонду для дапамогі палітычным зняволеным і іх сем’ям, а таксама правядзенне міжнароднай кампаніі за вызваленне палітычных зняволеных, перш за ўсё з гуманітарнага спісу; правядзенне міжнародных дзён салідарнасці. Вызвалена больш за 200 палітзняволеных, але гэта толькі маленькая частка вязняў. Адначасова мы разумеем, што нашая барацьба — гэта спрынтамарафон з перманентнымі перашкодамі, якія стварае сам рэжым. У цяперашняй сітуацыі галоўная праблема — прынцып умоўнай ратацыі, які рэалізуе рэжым, вызваляючы адных і адначасова кідаючы ў засценкі новых ні ў чым не вінаватых беларусаў. У снежні 2024 года былі арганізаваныя беспрэцэдэнтныя Дні Беларусі ў Бруселі, у рамках якіх прайшла канферэнцыя высокага ўзроўню Еўрапейскага парламента ў падтрымку народа Беларусі. На канферэнцыі, у якой узялі ўдзел прадстаўнікі дэмакратычных інстытутаў Беларусі і беларускай грамадзянскай супольнасці, а таксама прэзідэнт Еўрапейскага парламента Раберта Метсола і еўрадэпутаты, шэраг еўракамісараў, была падкрэсленая прынцыповая падтрымка Еўрасаюзам дэмакратычных памкненняў беларусаў. Устойлівасць інстытутаў дэмакратычных сіл На пачатку жніўня 2024 года адбылася канферэнцыя «Новая Беларусь», у рамках якой былі падпісаныя важныя стратэгічныя дакументы: Пратакол узаемадзеяння, Дэкларацыя аб адказнасці і аднаўленні справядлівасці, Дэкларацыя аб знешнепалітычных прыярытэтах дэмакратычнай Беларусі. Таксама прынятая «Платформа 2025», якая аб’ядноўвае падыход усіх дэмакратычных сіл Беларусі да так званых выбараў у 2025 годзе. Важна, што для рэалізацыі агульнай стратэгіі мы здолелі прадэманстраваць устойлівасць інстытутаў дэмакратычных сіл. Гэта беспрэцэдэнтнае дасягненне для гісторыі Еўропы: нягледзячы на вымушанае выгнанне, існуюць і дзейнічаюць інстытуты абранага прэзідэнта (прэзідэнт-элект), Аб’яднаны пераходны кабінет як выканаўчы орган, а таксама Каардынацыйная рада як прадстаўнічы орган. Нас успрымаюць у якасці паўнапраўных партнёраў, менавіта таму праведзеныя стратэгічныя дыялогі са Злучанымі Штатамі Амерыкі і Еўрапейскай камісіяй, аналагічныя тым, якія ЗША і Еўрасаюз вядуць з урадамі іншых краін. У дадзеным выпадку — з прадстаўнікамі дэмакратычных інстытутаў Беларусі. Мы таксама пачалі стратэгічны дыялог з Канадай і плануем запусціць аналагічны працэс з Вялікабрытаніяй. Першыя рэальныя выбары прадстаўнічага органа Мы ўпершыню абралі прадстаўнічы орган Беларусі. Для Каардынацыйнай рады гэта, безумоўна, гістарычны момант. На жаль, удзел у галасаванні узяла адносна невялікая колькасць беларусаў. Гэта звязана як з аб’ектыўнымі, так і з суб’ектыўнымі прычынамі. Адным з фактараў, якія перашкаджаюць удзелу ў выбарах, стаў недавер сістэме падліку галасоў. Але сам факт, што ніхто з тых, хто узяў удзел у самім галасаванні, не быў ідэнтыфікаваны і прыцягнуты да адказнасці, дэманструе, што сістэма працуе і мы ўпершыню атрымалі прадстаўнічы орган. Для мяне і нашай кааліцыі ў КР гэта азначае, што мы прадстаўляем пазіцыю каля 2.400 выбаршчыкаў, якія падтрымалі нашу праграму. Мы атрымалі 35% мандатаў. І гэта прадстаўнічы орган, упершыню за дзесяцігоддзі сфармаваны дэмакратычным шляхам. Асабліва важна, што найбуйнейшая міжнародная парламенцкая арганізацыя — Парламенцкая асамблея Савета Еўропы (ПАСЕ) — прызнала статус прадстаўнічага органа Каардынацыйнай рады. І ўпершыню ў гісторыі запрасіла афіцыйную дэлегацыю КР узяць удзел у сесіі ПАСЕ ў студзені 2025 года. Гэта беспрэцэдэнтна. Кажу як былы амбасадар, які адказваў за працу місіі Беларусі пры СЕ да 2019 года. Дапамога беларусам за мяжой Мы здолелі аднавіць дзейнасць рабочай групы па пытаннях, звязаных са знаходжаннем грамадзян Беларусі ў Польшчы, паміж Міністэрствам унутраных спраў і адміністрацыі Польшчы і прадстаўнікамі беларускіх дэмакратычных сіл. У склад групы ўключаная мая кандыдатура, а таксама Віталь Малчанаў ад прадстаўніцтва АПК па сацыяльных пытаннях. Акрамя таго, створана рабочая група па пытаннях супрацоўніцтва з няўрадавымі арганізацыямі, заснаваная міжведамаснай рабочай групай Польшчы па пытаннях міграцыі. У яе склад увойдуць прадстаўнікі розных арганізацый дыяспары, а ў якасці прадстаўніка АПК — Арцём Праскаловіч. Гэтая дзейнасць фактычна накіраваная на штодзённае развязанне пытанняў, звязаных з легалізацыяй беларусаў за мяжой. Асобна мы сумесна з асацыяцыяй «Да Волі» надалі падтрымку ў атрыманні 126 віз, у тым ліку 117 гуманітарных віз для беларусаў, якіх пераследуе рэжым Лукашэнкі; і пры неабходнасці — эвакуацыяй беларусаў з тэрыторыі краіны. На жаль, легалізацыя дагэтуль застаецца праблемай. Мы адстойваем інтарэсы беларускіх добраахвотнікаў ва Украіне, але іншыя краіны абмяжоўваюць магчымасць іх легалізацыі, кіруючыся падыходамі нацыянальнай бяспекі. Пра вечныя каштоўнасці У 2024 годзе працягнуў дзейнасць праект каманды Народнага антыкрызіснага ўпраўлення — Музей вольнай Беларусі. За год праведзена больш за 100 культурна-адукацыйных мерапрыемстваў, удзельнікамі якіх стала больш за 8,5 тыс. чалавек, аб’ём фонду музея перавысіў 300 арыгінальных экспанатаў з найноўшай гісторыі беларускага пратэсту. Умацаваліся міжнародныя сувязі музея — устаноўленыя партнёрскія адносіны з прадстаўнікамі амбасадаў больш за 20 краін свету, а таксама з Сеймам, Сенатам, Міністэрствам замежных спраў, Міністэрствам культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы, мэрыяй Варшавы.

  • Вынікі працы каманды НАУ ў 2024 годзе

    Вынікі працы па прававым накірунку: 2 кастрычніка Офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда пачаў папярэдняе расследаванне «беларускай сітуацыі», што з'яўляецца вынікам працы НАУ, якое рыхтавала матэрыялы для перадачы ўладам Літвы. Урад Літвы накіраваў адпаведны зварот у Міжнародны крымінальны суд. Сістэма міжнароднага правасуддзя пачала сваю працу па злачынствах супраць беларусаў — і гэта важны вынік нашай працы. Праведзена работа, якая дазваляе разлічваць, што ўжо ў пачатку 2025 года можа быць запушчаны адзін з механізмаў АБСЕ для маніторынгу злачынстваў у Беларусі. Вынікі бягучага года таксама дазваляюць разлічваць, што ў 2025 гаду супраць рэжыму Лукашэнкі будзе ініцыяваны спор у Міжнародным судзе ААН, які дазволіць прыцягнуць яго да адказнасці. У Варшаве адбыўся арганізаваны НАУ сайд-івэнт у рамках Варшаўскай канферэнцыі па правах чалавека на тэму «Мабілізацыя Маскоўскага механізму АБСЕ для вывучэння прымусовага перамяшчэння беларусаў і іх экстратэрытарыяльнага пераследу» для прыцягнення максімальна шырокай міжнароднай увагі да злачынстваў прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі супраць беларусаў. 2 снежня ў горадзе Гаага ўпершыню ў рамках сесіі Асамблеі Міжнароднага крымінальнага суда адбылося спецыяльна арганізаванае мерапрыемства, прысвечанае перспектывам разгляду ў МКС «беларускай сітуацыі»: «Беларуская сітуацыя ў МКС: юрысдыкцыя МКС і неабходнасць падтрымкі дзяржавамі-ўдзельніцамі». Нацыянальная пракуратура Польшчы 4 верасня прыняла пастанову аб арышце трох грамадзян Беларусі, падазраваных у здзяйсненні злачынства, звязанага з захопам грамадзянскага самалёта Ryanair: былога дырэктара дзяржаўнага прадпрыемства «Белаэранавігацыя» Леаніда Чура, начальніка змены ў авіякантрольнай службе Яўгена Цыганова і высокапастаўленага афіцэра КДБ, прозвішча якога таксама вядома. Вынікі працы па накірунку санкцыйнага ціску: У 2024 годзе Народнае антыкрызіснае ўпраўленне ініцыявала і падрыхтавала абгрунтаванне прыняцця шэрагу міжнародных санкцый і абмежавальных мер супраць рэжыму Лукашэнкі і яго хаўруснікаў. Санкцыі супраць асабістага самалёта Аляксандра Лукашэнкі.  9 жніўня прапановы і абгрунтаванні каманды НАУ знайшлі адлюстраванне ў санкцыях ЗША супраць самалёта дыктатара №1 — Boeing 767, што завяршыла нашу працу па ўвядзенні санкцый на ўсе паветраныя судны Лукашэнкі. Сёння пад санкцыямі знаходзяцца 4 самалёты і 1 верталёт дыктатара. Гарманізацыя санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі і Расіі . НАУ неаднойчы ўносіла прапановы ўвядзення ўзгодненых мер і гэтыя прапановы былі ўлічаны ў рашэнні Савета ЕС ад 29 чэрвеня 2024 года, які выключае магчымасць заробку рэжымам на абыходзе абмежаванняў, якія ўжываюцца да ВПК Расіі. Абмежаванне транзіту падсанкцыйных тавараў праз Беларусь.  НАУ дакументальна зафіксавала злоўжыванні транзітнымі схемамі, якія ўжываюцца рэжымам для абыходу санкцый. Нашы доказы знайшлі адлюстраванне ў прававых нормах, замацаваных рашэннем Савета ЕС ад 29 чэрвеня 2024 года, якое істотна ўскладніла выкарыстанне «ілжывых» транзітных маршрутаў. Санкцыі супраць Сістэмы перадачы фінансавых паведамленняў Банка Расіі (СПФС) . Наша абгрунтаванне неабходнасці санкцый супраць СПФС — сістэмы, якая выкарыстоўваецца для абыходу ўведзеных фінансавых санкцый і аплаты падсанкцыйных тавараў, неабходных ВПК РФ для агрэсіі — было ўлічана ў 14-м пакеце санкцый ЕС супраць Расіі ад 24 чэрвеня 2024 года. Санкцыі ЕС супраць асобных прадстаўнікоў рэжыму: На падставе дас’е, падрыхтаваных і перададзеных камандай НАУ, Еўрапейскім саюзам уведзеныя санкцыі супраць: 24 суддзяў рэжыму, 10 супрацоўнікаў пенітэнцыярнай сістэмы, 3 вядучых прапагандыстаў. Дадатковыя санкцыі, прынятыя саюзнікамі ЕС на падставе прапаноў НАУ і іншых дэмакратычных ініцыятыў: ЗША (9 жніўня): супраць прадпрыемстваў ВПК і іх кіраўнікоў; Канада (9 жніўня): супраць суддзяў, ваенных рэжыму і прадпрыемстваў ВПК; Вялікабрытанія (3 кастрычніка): супраць ЗАТ «Альфа-банк»; Новая Зеландыя (24 верасня): супраць кіраўніка Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа, «БелОМА» і Аршанскага авіярамонтнага завода. Акрамя таго, дзякуючы нашым ініцыятывам, ЕС, ЗША і Канада ўвялі санкцыі ў дачыненні да Аляксея Талая і яго фонда, БРСМ, кіраўніка гэтай арганізацыі Аляксандра Лук'янава, а таксама дзяржсакратара Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі Дзмітрыя Мезенцава  — усе яны датычныя да ваеннага злачынства: незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі. Таксама 8 верасня 2024 года НАУ перадало ў МУС Польшчы матэрыялы для ўвядзення нацыянальных санкцый у дачыненні да 20 сілавікоў і 26 прапагандыстаў  рэжыму Лукашэнкі за развязаную міграцыйную вайну. Вынікі працы Музея Вольнай Беларусі — праекта НАУ У 2024 годзе працягнуў сваю дзейнасць праект каманды Народнага антыкрызіснага ўпраўлення — Музей Вольнай Беларусі, які знаходзіцца па адрасе Варшава, ul. Foksal, 11.  Праведзена больш за 150 культурна-адукацыйных мерапрыемстваў, удзельнікамі якіх сталі больш за 8,5 тысяч чалавек. Аб’ём фонду музея перавысіў 300 арыгінальных экспанатаў з найноўшай гісторыі беларускага пратэсту. Упершыню адбыліся экспазіцыі з уласных фондаў музея — фотапраект Сяргея і Дзмітрыя Брушко «REVISION 30» і «Несціхаючыя галасы» — праект, прысвечаны ролі жанчын у беларускім дэмакратычным руху. Выйшаў у друку першы Каталог артэфактаў Музея Вольнай Беларусі. Узмацніліся міжнародныя сувязі музея: устаноўлены партнёрскія стасункі музея з прадстаўнікамі амбасад больш як 20 краін свету, а таксама Сейма, Сената, Міністэрства замежных спраў, Міністэрства культуры і нацыянальнай спадчыны Польшчы, Варшаўскай мэрыі.  НАУ і Музею Вольнай Беларусі ўдалося сабраць спонсарскія сродкі ў памеры звыш 2 300 еўра і выдаць кнігу аднаго з вядомых беларускіх аўтараў, які зараз жыве ў замежжы, а таксама сабраць сродкі ў памеры 12 250 еўра на пастаноўку спектакля тэатральнай трупы «Вольныя Купалаўцы», падрыхтоўка якога распачата ў снежні бягучага года. Вынікі працы праекта «Кадравы Рэзерв»: Арганізаваны 2 адукацыйныя візіты, якія дазволілі ўдзельнікам пазнаёміцца з працай дзяржадміністрацыі ў Літве і еўрапейскіх інстытуцый у Бельгіі. 10 прац з канцэпцыямі будучых рэформ у Беларусі напісана ўдзельнікамі кампаніі. Адбылося абмеркаванне 6 канцэпцый будучых рэформ у Беларусі, прапанаваных запрошанымі экспертамі, якое прыцягнула больш за 680 каментароў удзельнікаў кампаніі. Створана Кадравая матрыца — прастора, дзе ўдзельнікі кампаніі могуць пазначыць, на якіх пасадах бачаць сябе ў Новай Беларусі. Праведзена анлайн-сустрэча «Шлях да дэмакратыі: прапановы і магчымасці» для ўдзельнікаў «Кадравага Рэзерву» з прадстаўнікамі дэмакратычных сіл. 7 відэа-інтэрв'ю з удзельнікамі кампаніі «Кадравы Рэзерв» аб бачанні рэформ у Новай Беларусі. 2 цыклы анлайн-лекцый: з удзелам літоўскіх палітычных і грамадскіх дзеячаў; цыкл лекцый «Спецкурс: Шлях да дэмакратычнай Беларусі» з прыцягненнем выбітных беларускіх навукоўцаў і аналітыкаў. Па выніках года ў Кадравым Рэзерве знаходзіцца 700 удзельнікаў, 30% з якіх знаходзяцца ў Беларусі. Дадаткова: Каманда НАУ аказала фінансавую падтрымку Беларускай асацыяцыі палітвязняў «Да Волі» ў памеры каля 2,5 тысяч злотых. Чальцы НАУ Павел Латушка і Уладзімір Астапенка працягваюць падтрымку дыпламатычнага курса «Новыя кадры для Новай Беларусі» ў рамках праекта Цэнтра даследаванняў Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта. За час рэалізацыі праграмы дыпломы атрымалі 74 выпускнікі. Распрацавана і прынята стратэгія дэмакратычных сіл на бязвыбары-2025, а таксама праведзены мерапрыемствы па тэматыцы транзіту ўлады: «Шляхі выхаду з палітычнага крызісу ў Беларусі на прыкладзе польскага Круглага стала» і «Ад Саюзнай дзяржавы да транзіту ўлады», у межах апошняга з якіх распрацаваны базавы дакумент па транзіце ўлады ў Беларусі. Сумесна з Беларускай асацыяцыяй палітвязняў «Да Волі» ў рамках праекта «Зямля» аказана падтрымка ў атрыманні 126 віз, у тым ліку 117 гуманітарных віз для беларусаў, якіх пераследуе рэжым Лукашэнкі. Прадстаўнікі НАУ сталі ўдзельнікамі працоўнай групы па пытаннях, звязаных са знаходжаннем грамадзян Беларусі ў Польшчы, паміж Міністэрствам унутраных спраў Польшчы і прадстаўнікамі беларускіх дэмакратычных сіл; працоўнай групы па пытаннях супрацоўніцтва з няўрадавымі арганізацыямі, заснаванай Міжведамаснай працоўнай групай Польшчы па пытаннях міграцыі. Далучайцеся да нас у сацыяльных сетках: Telegram Instagram YouTube YouTube PL Twitter Facebook Viber TikTok TikTok PL LinkedIn Народнае антыкрызіснае ўпраўленне: Telegram Instagram YouTube Twitter Facebook Сайт TikTok Музей Вольнай Беларусі: Instagram Facebook

  • Беларусь – у фокусе прыярытэтнай увагі Еўрапейскага саюза падчас старшынства ў ім Польшчы

    Тэма Беларусі будзе адным з прыярытэтаў падчас старшынства Польшчы ў ЕС – адзначыла намесніца міністра замежных спраў Польшчы Хенрыка Масціцкая-Дэндыс  на сустрэчы з намеснікам кіраўніцы Кабінета, кіраўніком НАУ Паўлам Латушкам . З 1 студзеня 2025 года пачынаецца старшынства Польшчы ў Еўрапейскім саюзе. Прадстаўніца МЗС Польшчы адзначыла, што адным з галоўных прыярытэтаў падчас старшынства Польшчы ў ЕС будзе падтрымка дэмакратычных памкненняў беларусаў.  Адной з першых важнейшых падзей падчас старшынства Польшчы ў ЕС стане і правядзенне ў пачатку лютага 2025 года па ініцыятыве Міністра замежных спраў Польшчы Радаслава Сікорскага  «Kościuszko Forum» – канферэнцыі высокага ўзроўню. Да ўдзелу ў мерапрыемстве плануецца запрасіць як кіраўнікоў шэрагу міністэрстваў замежных спраў еўрапейскіх краін, так і кіраўніцу і прадстаўнікоў Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, Каардынацыйнай Рады, а таксама іншых прадстаўнікоў беларускай дэмакратычнай супольнасці. Павел Латушка выказаў удзячнасць Польшчы як члену Еўрапейскага саюза за арганізацыю «Беларускага Тыдня» ў Бруселі, які стаў важным сігналам падтрымкі для беларускай дэмакратычнай супольнасці, а таксама адзначыў важнасць 4-га пасяджэння кансультатыўнай групы «Беларусь – ЕС», якая з’яўляецца эфектыўным інструментам узаемадзеяння дэмакратычнай супольнасці Беларусі і ЕС. Асобна Павел Латушка праінфармаваў намесніцу міністра замежных спраў аб павелічэнні рэпрэсій у Беларусі напярэдадні г.зв. выбараў. Павел Латушка і Хенрыка Масціцкая-Дэндыс пагадзіліся, што сёння няма ніякіх падстаў і ўмоў, каб назваць фарс, які арганізуе рэжым, дэмакратычнымі і празрыстымі выбарамі. Польшча будзе ўдзельнічаць у падрыхтоўцы агульнай пазіцыі Еўрапейскага саюза, якая, як плануецца, будзе агучана адразу пасля 26 студзеня 2025 года.  Падчас сустрэчы абмяркоўвалася тэма прыцягнення да адказнасці Лукашэнкі і яго саўдзельнікаў за здзейсненыя злачынствы супраць чалавечнасці ў адносінах да беларускага народа і ваенныя злачынствы супраць украінскага народа. Павел Латушка звярнуўся з просьбай падтрымаць зварот Урада Літвы ў Міжнародны крымінальны суд, а таксама прадставіў прававыя абгрунтаванні магчымага выкарыстання інструментаў МКС для прыцягнення Лукашэнкі да адказнасці. Хенрыка Масціцкая-Дэндыс адзначыла, што Польшча палітычна падтрымлівае дадзены крок. Асобна былі прадстаўлены магчымасці выкарыстання механізмаў АБСЕ на шляху дасягнення адказнасці для прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі.  Пры ўдзеле дырэктаркі консульскага дэпартамента МЗС Польшчы Юстыны Хжаноўскай  асобна былі абмеркаваныя візавыя пытанні і пытанні легалізацыі беларусаў у Польшчы, у тым ліку праблемныя пытанні выдачы віз на падставе запрашэнняў беларусаў, якія маюць міжнародную абарону ў Польшчы. Павел Латушка падзякаваў польскаму боку за падтрымку ў выдачы гуманітарных віз беларусам, якія вымушана пакідаюць краіну ў сувязі з пагрозай рэпрэсій.

  • Пазіцыя МЗС Польшчы застаецца «незменнай і цвёрдай» у адносінах да рэжыму Лукашэнкі

    Першы намеснік міністра замежных спраў Польшчы Анджэй Шэйна  падчас сустрэчы з намеснікам кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўніком Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўлам Латушкам  адзначыў, што падчас старшынства Польшчы ў ЕС краіна будзе працягваць адстойваць падыход санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі, а таксама падтрымку дэмакратычных сіл Беларусі. Пазіцыя МЗС Польшчы ў адносінах да рэжыму Лукашэнкі застаецца «незменнай і цвёрдай» . Падчас сустрэчы Павел Латушка перадаў Анджэю Шэйну памятную запіску, падрыхтаваную Народным антыкрызісным упраўленнем на аснове даных беларускіх праваабарончых арганізацый, у якой адлюстраваны маштаб палітычных рэпрэсій, якія працягваюць узмацняцца ў Беларусі на фоне спробаў Лукашэнкі зноў прызначыць сябе на захопленую пасаду прэзідэнта. Павел Латушка асабліва звярнуў увагу на тое, што фактычна ў Беларусі рэалізуецца падыход часоў сталінізму — рэпрэсіі закранаюць цэлыя сем’і. Першы намеснік міністра замежных спраў Польшчы таксама адзначыў, што прызначэнне Адама Халацынскага  спецыяльным прадстаўніком Міністра замежных спраў Польшчы па сувязях з дэмакратычнымі сіламі Беларусі з'яўляецца важным сігналам аб прыярытэтнасці падтрымкі беларускіх дэмакратычных сіл. Анджэй Шэйна падкрэсліў, што няма падстаў чакаць дэмакратычных і празрыстых выбараў, бо Лукашэнка працягвае палітыку рэпрэсій супраць беларусаў. «Мы гэта бачым і разумеем. Польскі бок не застаецца абыякавым» , — дадаў Анджэй Шэйна. Таксама падчас сустрэчы было закранута пытанне магчымых падыходаў да вызвалення палітычных зняволеных у Беларусі і абмеркаваны варыянты міжнароднага пасярэдніцтва. Намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета таксама звярнуўся да Анджэя Шэйны, які адначасова з'яўляецца дэпутатам Сейма Польшчы, з просьбай падтрымкі польскім бокам афіцыйнай дэлегацыі Каардынацыйнай Рады Беларусі, якая ўпершыню прыме ўдзел у пасяджэнні Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы 27–31 студзеня 2025 года . Анджэй Шэйна падкрэсліў важнасць таго, што дакладчыкам ПАСЕ па Беларусі прызначаны дэпутат Сейма Польшчы Рышард Петру , і выказаў гатоўнасць польскай місіі пры Савеце Еўропы аказваць садзейнічанне ў працы беларускай дэлегацыі. Павел Латушка акцэнтаваў увагу на тым, што для дэмакратычных сіл важна, каб у момант магчымых перамоваў па Украіне тэма Беларусі не засталася па-за ўвагай . Гэтае пытанне, безумоўна, патрабуе дадатковых кансультацый з украінскім бокам і Еўрапейскім саюзам. Асобна Павел Латушка адзначыў магчымую вядучую ролю Польшчы ў гэтым пытанні, якая з 1 студзеня 2025 года прыме старшынства ў ЕС. «Лукашэнка не мае права прадстаўляць Беларусь на гэтых перамовах, бо ён страціў суб'ектнасць і не можа гаварыць ад імя беларускага народа. Важна, каб голас дэмакратычнай большасці беларускага грамадства быў пачуты падчас гэтых перамоў», — падкрэсліў Павел Латушка.

  • Упершыню пра злачынствы Лукашэнкі на Асамблеі дзяржаў-удзельніц МКС

    Выступ кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі на сайд-івэнце «Беларуская сітуацыя ў МКС: юрысдыкцыя МКС і неабходнасць падтрымкі дзяржамі-удзельніцамі» ў рамках 23-й сесіі Асамблеі Міжнароднага крымінальнага суда 2 снежня 2024 года, Гаага Паважаны кіраўнік міжнароднага прадстаўніцтва Міністэрства юстыцыі Літвы, спадар Дзіковіч, прадстаўнікі дзяржаў-удзельніц МКС. Паважаныя арганізатары і дакладчыкі, паважаныя госці, Перш за ўсё, дзякуй за прыцягненне ўвагі да Беларусі і злачынстваў, якія здзяйсняюцца рэжымам як унутры краіны, так і за яе межамі. Гэта першае ў гісторыі мерапрыемства, прысвечанае сітуацыі ў Беларусі, на Асамблеі Міжнароднага крымінальнага суда. Прайшло чатыры з паловай гады з таго часу, як Беларусь стала арэнай масавых зверстваў... Чатыры гады цяжкіх міжнародных злачынстваў, такіх як масавыя катаванні, бесчалавечнае і прыніжаючае годнасць абыходжанне, згвалтаванні і іншыя формы сэксуальнага гвалту, гвалтоўныя знікненні, адвольныя заключэнні і забойствы… Усе гэтыя зверствы адбываюцца ва ўмовах поўнай беспакаранасці для злачынцаў. Рэжым у Мінску стварыў неверагодна эфектыўную машыну для масавага пераследу і рэпрэсій супраць тых, каго яны лічаць «нелаяльнымі». Гэты рэжым распрацаваў і ўкараніў цэлую дзяржаўную палітыку пераследу, увёўшы заканадаўства, накіраванае на дыскрымінацыю так званых нелаяльных, з мэтай, як неаднаразова заяўляў сам Аляксандр Лукашэнка, «ачысціць беларускае грамадства». Створаная атмасфера страху, тэрору і пераследаў вымусіла каля 300,000 чалавек пакінуць сваю радзіму. Гэта азначае, што кожны трыццаты жыхар пакінуў Беларусь. У іх проста не заставалася іншага выбару. Мы разглядаем усіх гэтых людзей як ахвяр злачынства дэпартацыі, злачынства супраць чалавечнасці. Аднак беларускія ўлады не спыніліся на выгнанні часткі насельніцтва за межы Беларусі; яны працягваюць пераследаваць беларусаў за мяжой. Беларусы за мяжой і ў выгнанні падвяргаюцца: запалохванню і пагрозам гвалтам; ціску і крымінальнаму пераследу іх сваякоў і сяброў; судоваму пераследку, а менавіта: крымінальным справам, ініцыяваным па палітычных матывах, завочным судовым працэсам без выканання належных працэдур, канфіскацыі маёмасці; пазбаўленню іншых фундаментальных правоў. Мы лічым, што гэтыя дзеянні ў сукупнасці ўяўляюць сабой злачынства супраць чалавечнасці ў форме пераследу, здзейсненае высокапастаўленымі прадстаўнікамі рэжыму за межамі краіны супраць беларусаў у выгнанні. Такім чынам, 30 верасня Літва стала першай краінай, якая, прытрымліваючыся ідэалаў міжнароднага правасуддзя, скарысталася сваім правам у адпаведнасці з артыкулам 14 Рымскага статута і перадала ў Офіс Пракурора Міжнароднага крымінальнага суда сітуацыю з трансгранічнымі злачынствамі супраць чалавечнасці, здзейсненымі высокапастаўленымі прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі. Адно з найважнейшых пытанняў сёння: Ці далучацца іншыя краіны да ініцыятывы Літвы ў будучыні? Практыка паказвае, што далучэнне іншых дзяржаў-удзельніц да звароту мае вялікае значэнне для поспеху гэтага працэсу. Мы таму заклікаем нашых партнёраў — асабліва Польшчу і Латвію, якія далі прытулак большасці беларускіх бежанцаў, — падтрымаць зварот Літвы, умацаваць гэтыя намаганні па забеспячэнні адказнасці. І я шчыра веру, што сённяшняя выдатная экспертная дыскусія прадаставіць удзельнікам пераканаўчыя аргументы. Дзякуй!

  • Мясцовае самакіраванне — падмурак дэмакратыі

    Тэкст выступлення намесніка кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі падчас адкрыцця варкшопа па канцэпцыі мясцовага самакіравання для Новай Беларусі  «Кіраванне рэформай дэцэнтралізацыі, этапы пераходу і ацэнка рызык» 28.11.2024 Беларусь мае глыбокую гісторыю развіцця мясцовага самакіравання: пачынаючы ад Полацкага і Тураўскага княстваў з іх выбарамі мясцовых кіраўнікоў, Вялікага Княства Літоўскага з Магдэбургскім правам у гарадах і шляхецкім самакіраваннем на ўзроўні ваяводстваў і паветаў і заканчваючы ўжо першай паловай 90-х гадоў мінулага стагоддзя, калі ў 1991 годзе Вярхоўным саветам быў прыняты закон «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь».  Але з прыходам да ўлады Лукашэнкі пачалося знішчэнне дэмакратыі. Адзін з першых удараў быў нанесены менавіта па мясцовым самакіраванні, калі Лукашэнка ў канцы 1994 года фактычна дабіўся стварэння прэзідэнцкай вертыкалі ўлады, што дапамагло яму потым у супрацьстаянні з іншымі галінамі ўлады: пазней былі знішчаны Парламент, Канстытуцыйны суд і незалежныя СМІ. Пачаткам узыходжання дыктатуры якраз стала яго барацьба з мясцовым самакіраваннем. Але здарыўся 2020 год. Гэта быў год, калі ў палітычных адносінах абудзіліся рэгіёны, калі беларусы праявілі свае здольнасці да самаарганізацыі — найважнейшай падставы для функцыянавання эфектыўнай сістэмы самакіравання. Узаемадапамога ў часы пандэміі, дваровыя чаты і зборы сталі прыкметамі нараджэння самакіравання знізу. І гэта каштоўна з пункту гледжання будучага развіцця краіны. Мясцовае самакіраванне адыгрывае ключавую ролю ў развіцці дэмакратычных інстытутаў любой краіны, і Новая Беларусь тут не будзе выключэннем. Яно забяспечвае грамадзянам рэальны ўдзел у кіраванні сваім жыццём і вырашэнні актуальных праблем на месцах. Прычым не толькі традыцыйных пытанняў развіцця адукацыі, медыцыны, сацыяльнай сферы ці культуры, але нават бяспекі, калі на мясцовым узроўні існуюць уласныя органы правапарадку. Мясцовае самакіраванне садзейнічае павышэнню ўзроўню даверу да ўлады, паколькі рашэнні, якія прымаюцца на мясцовым узроўні, часта з'яўляюцца больш блізкімі і зразумелымі для грамадзян. Людзі могуць наўпрост уплываць на прыняцце рашэнняў, што спрыяе большай павазе да дэмакратычных прынцыпаў і нормаў. Прычым не толькі ўплываць, але і прымаць рашэнні самастойна. Напрыклад, у Аўстраліі ёсць вёска, якая ўвогуле не мае мэра ці іншых чыноўнікаў у традыцыйным разуменні. Замест гэтага мясцовае насельніцтва актыўна ўдзельнічае ва ўпраўленні праз рэгулярныя сходы, дзе прымаюцца рашэнні аб бюджэце, сацыяльным развіцці і іншых пытаннях. Я думаю, беларусы пасля 2020 года даказалі, што таксама здольныя на высокі ўзровень самаарганізацыі. Такім чынам, адной з ключавых рэформаў, якую трэба правесці новым дэмакратычным уладам Беларусі, будзе рэформа мясцовага самакіравання. Менавіта сыходзячы з гістарычнага досведу, можна сцвярджаць, што мясцовае самакіраванне і дэцэнтралізацыя ўлады, якія эфектыўна працуюць, з'яўляюцца адной з ключавых перашкодаў для ўсталявання ў краіне дыктатуры. Важна адзначыць, што пасля сыходу Лукашэнкі, рэфармаванне мясцовых органаў павінна стаць важнай часткай транзітнага перыяду, а менавіта павінна адбыцца павелічэнне ролі мясцовых органаў улады і забеспячэнне на месцах сумленных выбараў, што дасць магчымасць пазбегнуць вяртання дыктатарскай вертыкалі, а таксама дазволіць хутка стварыць мясцовыя эліты. Самыя развітыя дзяржавы, з самым высокім узроўнем дэмакратыі паводле сусветных рэйтынгаў, маюць высокі ўзровень дэцэнтралізацыі, а таксама развіцця мясцовага самакіравання. Большасць ключавых пытанняў сацыяльна-эканамічнага развіцця там вырашаюцца менавіта на мясцовым узроўні. Для будучага дэмакратычнага развіцця Беларусі вельмі важна развіваць і ўмацоўваць мясцовыя органы ўлады, забяспечваючы іх незалежнасць і здольнасць эфектыўна кіраваць грамадскімі рэсурсамі. Гэта таксама дапаможа павысіць узровень палітычнай культуры, далучаючы людзей да актыўнага і свядомага ўдзелу ў жыцці грамадства. Асаблівую ролю ў працэсе стварэння мясцовага самакіравання ў будучыні змогуць адыграць дэмакратычныя сілы Беларусі, якія, нягледзячы на ​​жорсткія рэпрэсіі, працягваюць змагацца за правы грамадзян і пабудову дэмакратыі. Дэмакратычныя сілы і грамадзянскія актывісты — неад'емная частка будучага развіцця краіны.  У межах рэформы мясцовага самакіравання неабходна будзе ажыццявіць і адміністратыўна-тэрытарыяльную рэформу, у прыватнасці скараціўшы колькасць узроўняў адміністратыўна-тэрытарыяльных адзінак, грунтуючыся ў тым ліку на нашай гістарычнай традыцыі з падзелам на паветы. Увогуле каб дабіцца станоўчага эфекту, рэформу мясцовага самакіравання неабходна праводзіць у комплексе з іншымі рэформамі. Тут варта адзначыць узаемасувязь развіцця мясцовага самакіравання і рынкавых эканамічных рэформаў. Без эфектыўных і незалежных мясцовых уладаў цяжка рэалізаваць паспяховыя эканамічныя рэформы, накіраваныя на развіццё рынкавай эканомікі, малога і сярэдняга бізнесу. Мясцовыя ўлады могуць больш эфектыўна кіраваць мясцовымі рэсурсамі, вырашаць праблемы на ўзроўні супольнасцяў, падтрымліваць ініцыятывы па паляпшэнню якасці жыцця і стымуляваць эканамічнае развіццё. Такім чынам, без моцных і самастойных мясцовых уладаў немагчыма пабудаваць сапраўдную дэмакратыю і прававую, эканамічна развітую дзяржаву.

  • Чыноўнікам, якія не здзяйснялі злачынстваў, не варта баяцца пагроз Лукашэнкі

    Экспертнае мерапрыемства «Шляхі выхаду з палітычнага крызісу ў Беларусі на прыкладзе польскага Круглага стала» адбылося ўчора ў Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве. Мэта мерапрыемства — аналіз досведу Польшчы і на яго падставе прапрацоўка магчымых сцэнароў дэмакратычных зменаў у Беларусі. Мерапрыемства было арганізавана прадстаўніцтвам Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па транзіце ўлады і Народным антыкрызісным ўпраўленнем. Адным з асноўных патрабаванняў беларускага народа пасля беспрэцэдэнтнай жорсткасці рэжыму Лукашэнкі ў жніўні 2020 года стала правядзенне сумленных дэмакратычных выбараў пад кантролем міжнародных назіральнікаў. Па сутнасці — правядзенне транзіту ўлады, запуск працэса перадачы паўнамоцтваў і адказнасці ў палітычнай сістэме. Сярод патэнцыйных шляхоў транзіту ўлады ў Беларусі можа разглядацца дыялог паміж уладнымі элітамі (той часткай, якая не здзяйсняла злачынстваў) і дэмакратычнымі сіламі праз фармат «круглага стала» або перамоваў. Гэты сцэнар забяспечвае мірнае вырашэнне канфлікту, дзе зацікаўленыя бакі прыходзяць да кампрамісу, што можа ўключаць у сябе палітычныя рэформы, новыя выбары ці іншыя крокі па дэмакратызацыі — гэтым працэсам была прысвечана дыскусія ў рамках мерапрыемства. Удзел у мерапрыемстве прынялі беларускія і польскія эксперты, палітычныя і грамадскія дзеячы, у тым ліку прадстаўнік Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі па транзіце ўлады Павел Латушка , выконваючы абавязкі прадстаўніка АПК Беларусі па нацыянальным адраджэнні Павел Баркоўскі , спікерка Каардынацыйнай Рады Анжаліка Мельнікава , кіраўнік апарату АПК Валерый Мацкевіч , намеснікі прадстаўніка па транзіце ўлады АПК Беларусі Юрый Губарэвіч  і Арцём Брухан , першы намеснік старшыні Руху «За Свабоду», юрыст Алесь Міхалевіч , дырэктар Цэнтра усходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта Ян Маліцкі , экс-супрацоўнік пракуратуры Беларусі  Аляксандр Ракіцкі , эксперт BEROC Дзмітрый Крук , палітычны аналітык Вадзім Мажэйка  і іншыя. «Умацаванне пазіцыі дэмакратычных інстытутаў і беларускага дэмакратычнага грамадства, а з іншага боку — гатоўнасць эліт да вырашэння грамадска-палітычнага крызісу ў Беларусі — перадумовы для правядзення любых перамоў. Любыя перамоўныя працэсы могуць адбывацца толькі пры ўмове адсутнасці ў ім Лукашэнкі ў якасці суб'екта. Бо Лукашэнка не пойдзе на перамовы, а эліты будуць баяцца гэта рабіць, пакуль Лукашэнка кантралюе ўладу. Асабліва важна быць падрыхтаванымі да такіх падзеяў: унутраны ціск, моцныя дэмакратычныя інстытуты і надзейныя знешнія партнёры, якія ў крытычны момант будуць гатовыя падтрымаць дэмакратычныя памкненні беларусаў» , — адзначыў падчас мерапрыемства прадстаўнік АПК па транзіце ўлады, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка. Павел Латушка таксама падкрэсліў: «Сацыялогія сведчыць аб тым, што 97% беларусаў хочуць жыць у незалежнай краіне — Рэспубліцы Беларусь. І я ведаю, што падобныя настроі ёсць і ў значнай частцы наменклатуры. Падчас працы міністрам і дыпламатам у мяне быў досвед узаемадзеяння з тымі, хто сёння займае ключавыя пасады ў сістэме дзяржаўнага кіравання. Важна, каб тыя чыноўнікі, якія не здзяйснялі злачынстваў, якія маюць прадзяржаўныя і прабеларускія погляды, разумелі, што галоўнай перашкодай для выхаду Беларусі з грамадска-палітычнага крызісу з’яўляецца Лукашэнка і што нацыянальным інтарэсам краіны адпавядае выхад з гэтага крызісу. Калі прадстаўнік наменклатуры не здзяйсняў злачынстваў, калі не займаўся рэпрэсіямі ці злачынствамі супраць беларускага народа, ён павінен разумець, ніхто нікога не будзе “вешаць на стаўбах”, як намагаецца запужаць чыноўнікаў Лукашэнка. Аднак разам з тым тыя, хто здзяйсняў цяжкія злачынствы, павінны разумець, што адказнасць за іх будзе непазбежнай».

  • Рэжым ігнаруе сапраўдных экстрэмістаў, але пераследуе за беларускасць

    Юрыст НАУ Міхаіл Кірылюк  адзначыў у інтерв'ю «Радыё Свабода», што рэжым ігнаруе міжнародных экстрэмістаў, але пераследуе беларусаў за праявы нацыянальнай ідэнтычнасці, нібыта яны з'яўляюцца тэрарыстамі: «Калі ў Беларусь прыязджаюць расійскія вайскоўцы, якія здзяйснялі злачынствы ва Украіне, што можна параўнаць са сапраўдным экстрэмізмам, ім дазваляюць прасоўваць у нашай краіне наратывы "рускага міру" і нават вучыць беларускую моладзь "патрыятызму". На гэта ўлады заплюшчваюць вочы. А заснавальніка Symbal.by , сапраўднага патрыёта сваёй краіны Паўла Белавуса, пасадзілі фактычна за прасоўванне беларускай нацыянальнай ідэі. Намеснік галоўнага рэдактара "Нашай Нівы" адзначаў, як жорстка ў турмах ставяцца да людзей, якія размаўляюць па-беларуску. Пераслед беларусаў у Беларусі — гэта ўжо нацыянальная палітыка». Тыя, хто гавораць пра традыцыйныя каштоўнасці, самі парушаюць хрысціянскія догмы Міхаіл Кірылюк адзначыў, што ўзрастае ўзровень рэпрэсій і супраць сваякоў палітвязняў, якія хочуць падтрымаць сваіх родных за кратамі: «Усюды дапамога, перадачы ў турму — гэта дабрачыннасць, частка хрысціянскага светапогляду, што згадваецца нават у Нагорнай пропаведзі. А тут за дапамогу невінаватаму, які сядзіць у турме, людзей таксама кідаюць за краты. Гэта вельмі страшны ўзровень знявагі да правоў чалавека і маральных каштоўнасцяў. Гэта азначае, што нават на чацвёрты год жорсткага сілавога ўтрымання ўлады Лукашэнка і яго паплечнікі не адчуваюць сябе ў бяспецы. Таму яны намагаюцца падтрымліваць у краіне атмасферу страху і тэрору, бо відавочна лічаць яе адзінай крыніцай сваёй улады» , — мяркуе юрыст НАУ.

  • Лукашэнка заблытаўся ў выбудаванай ім сістэме ўлады

    Намеснік кіраўніка НАУ Арцём Брухан  распавёў у эфіры «Еўрарадыё» пра тое, як дыктатар плануе свой транзіт улады і хто будзе пасля яго. «Зразумела, што так званы Усебеларускі народны сход, які ствараўся для транзіту ўлады Лукашэнкі, з цягам часу стаў выкарыстоўвацца для іншых мэтаў і нават аказаўся забытым. І вось цяпер яго ізноў "дасталі", каб надаць вагу гэтаму органу. Дзеля чаго? Адна з версій: Лукашэнка часта задумваецца пра Дзмітрыя Крутога (кіраўніка адміністрацыі). Дыктатар шмат разоў абмяркоўваў ідэю — як зрабіць так, каб у новага прэзідэнта не было моцнай вертыкалі ўлады, падобнай да лукашэнкаўскай». Калі транзіт улады адбудзецца праз т.зв. УНС, гэта будзе на карысць Крутога «Дзмітрый Круты цяпер актыўна піярыцца падчас марафону "Адзінства". Ён ездзіць па гарадах і выступае з палітычнымі мэсэджамі, кажучы, напрыклад, пінчукам, што сам паходзіць з Пінска. Гэта выглядае як спроба спадабацца людзям. У выніку мы назіраем дзве электаральныя кампаніі: масіраваны піяр Лукашэнкі і паралельны піяр Крутога». Лукашэнка не забыў урокі транзіту ўлады ў Казахстане «Дыктатар хоча, каб новы прэзідэнт не меў занадта вялікай улады. У гэтым кантэксце Круты падыходзіць на такую ролю. Лукашэнка імкнецца ўмацаваць сваю легітымнасць праз "бязвыбары" і толькі пасля гэтага рэалізаваць транзіт улады, падаючы гэта як "мудры ўчынак". Для яго гэта мае вялікае значэнне».

  • МЗС Польшчы прызначыў новага Упаўнаважанага па супрацоўніцтве з дэмакратычнымі сіламі Беларусі

    Я вітаю пасла Адама Халацінскага ў якасці новага Упаўнаважанага прадстаўніка Міністра замежных спраў Польшчы па супрацоўніцтве з беларускімі дэмакратычнымі сіламі . Упэўнены, што наша плённае супрацоўніцтва, якое пачалося яшчэ падчас вашай дзейнасці на пасадзе Пастаяннага прадстаўніка Польшчы ў АБСЕ, будзе працягвацца. Гэта важнае рашэнне МЗС Польшчы, якое дэманструе пераемнасць дзейнасці распачатай паслом, Спецпрадстаўніком МЗС Польшчы па супрацоўніцтве з беларускімі дэмакратычнымі сіламі Артурам Міхальскім, і сталую падтрымку дэмакратычных сілаў Беларусі нашымі польскімі партнёрамі. Прызначэнне новага Упаўнаважанага прадстаўніка Міністра замежных спраў Польшчы па супрацоўніцтве з беларускімі дэмакратычнымі сіламі азначае нязменную падтрымку Польшчай памкненняў беларускага грамадства да дэмакратычных зменаў у Беларусі.

  • Хто прадстаўляе беларускае грамадства? Вядома, не Лукашэнка

    18.11.2024 Прамова Паўла Латушкі, намесніка кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета і кіраўніка Народнага антыкрызіснага кіравання. На канферэнцыі «Пасля выбараў у ЗША: будучыня еўрапейскай бяспекі і трансатлантычнага супрацоўніцтва», арганізаванай «Gazeta Wyborcza» і Цэнтрам амерыканскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта, на панэльнай дыскусіі «Спыніць захад дэмакратыі. Выбары ў ЗША і правы чалавека ва ўсім свеце». Мы не хочам быць дэсертам на абедзеным стале Пуціна, бо зараз усе гавораць пра Украіну, і гэта безумоўна важна, але ніхто не згадвае Беларусь. Здаецца, усе забываюцца, што Беларусь мяжуе з Латвіяй, Літвой, Польшчай і Украінай. Гэта больш за 2 000 кіламетраў мяжы. Рашэнне праблемы вайны Расіі супраць Украінай без уліку сітуацыі ў Беларусі не азначае вырашэнне праблемы бяспекі для Польшчы і ўсёй Еўропы. Да гэтага часу няма стратэгіі для Беларусі, і нават няма намераў яе распрацоўваць. Стратэгія неабходна, і яна павінна быць комплекснай.  Каб зразумець, на чым яна павінна базавацца, трэба адрозніваць беларускае грамадства ад расійскага. Паводле сацыялагічных даследаванняў, 6 5% беларусаў хочуць жыць у дэмакратыі, а 97% хочуць незалежную Беларусь.  Наадварот, большасць расіян падтрымліваюць вайну, у той час як большасць беларусаў — не. Большасць беларусаў не падтрымліваюць Лукашэнку, у той час як большасць расіян падтрымліваюць Пуціна. Калі для Беларусі і беларускага грамадства не будзе выпрацавана правільная стратэгія, то праз некалькі гадоў мы можам убачыць салдатаў беларускага паходжання, але ўжо ў расійскай форме, на межах Польшчы, Літвы і Латвіі, гатовых атакаваць межы Еўрапейскага саюза. Калі заканчваецца дэмакратыя, пачынаецца вайна. Беларусы — гэта народ з дэмакратычным мысленнем. Мы бачылі гэта шмат разоў, і гэта стала абсалютна зразумела ў 2020 годзе. Большасць беларусаў хочуць дэмакратыі і падтрымліваюць дэмакратычныя змены ў краіне. Але, сапраўды, нам яшчэ не атрымалася ўсталяваць дэмакратыю. Мы павінны прызнаць, што недаацанілі дыктатара Лукашэнку і ягоны рэжым, і тое, на што яны гатовыя пайсці, каб застацца ва ўладзе: гвалт, забойствы, катаванні, масавыя рэпрэсіі і злачынствы супраць чалавечнасці. Сотні тысяч злачынстваў. Дзясяткі забітых. Тысячы палітычных зняволеных. Дзясяткі тысяч палітычна матываваных крымінальных спраў. Самыя масавыя рэпрэсіі ў Еўропе за апошнія 50 гадоў. Практычнае ператварэнне рэжыму Лукашэнкі ў таталітарны.  Гібрыдная вайна супраць ЕС. І поўнамаштабная вайна супраць Украіны, у якой рэжым Лукашэнкі ўдзельнічаў і працягвае ўдзельнічаць. Прызнаючы, што адказнасць за будучыню Беларусі ляжыць на беларускім грамадстве, важна таксама зразумець: якія памылкі былі дапушчаны нашымі заходнімі партнёрамі? Памылка заключалася ў тым, што ніхто не хацеў бачыць, куды ўсё гэта вядзе. Гэта велізарная стратэгічная памылка, якую Захад, на жаль, працягвае рабіць і сёння. Памылка ў тым, што лічаць, нібы аўтарытарныя, дыктатарскія рэжымы могуць прайсці праз эвалюцыйную перамену. Не, яны імкнуцца да таталітарызму і вайны. Таму што вайна — гэта самы надзейны спосаб кантраляваць грамадства. Я магу прадказаць, што магчымы перамір'е ў вайне адбудзецца. Расійская прапаганда і прапаганда Лукашэнкі прадставяць гэта як сваю перамогу, што ўмацуе ў расійскім грамадстве перакананне, што сілай можна прымусіць Захад саступіць. Што будзе далей? Гэта матывуе расійскае грамадства зноў пачаць агрэсію супраць Украіны і дестабілізаваць Захад.  У гэтай сітуацыі Беларусь адыгрывае ролю стратэгічнага балкона. Але Беларусь — гэта не толькі Лукашэнка, гэта таксама беларускі народ, большасць якога выступае супраць вайны. Беларусы выступаюць супраць гэтага. Нават у разгары масавых рэпрэсій, калі пачалася вайна паміж Расіяй і рэжымам Лукашэнкі супраць Украіны, беларусы выходзілі на пратэсты. Многія беларусы далучыліся да шэрагаў добраахвотнікаў, каб змагацца на баку Украіны. Беларусы ўдзельнічалі ў партызанскай дзейнасці, перашкаджаючы перасоўванню расійскіх войскаў па чыгуначных дарогах, выведзелі з ладу расійскі самалёт далёкага радыёлакацыйнага выяўлення А-50, які накіроўваў авіяўдары па Украіне. Але беларусы не могуць змагацца адны. І тым больш яны не могуць гэта рабіць, калі Захад працягвае паводзіць сябе нерашуча. Беларусы ніколі не прасілі вайсковай дапамогі. Вайсковая дапамога неабходна Украіне, і ў значна большых аб'ёмах і лепшай якасці, чым яна прадстаўляецца на дадзены момант. Мы заклікалі да жорсткіх санкцый, настойвалі на тым, каб іх не адкладвалі, заклікалі да гарманізацыі санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі і Расіі за вайну. Мы таксама заклікалі да выкарыстання юрыдычных і судовых інструментаў — міжнароднай крымінальнай адказнасці для дыктатара Лукашэнкі і яго атачэння за здзейсненыя імі злачынствы. На працягу дзесяцігоддзяў Захад назіраў за трансфармацыяй рэжыму Лукашэнкі ў Беларусі. Захад абманваўся яго хлуснёй і касметычнымі мерамі, фальшывымі «адлігамі». Сёння мы бачым, да чаго гэта прывяло. І я заклікаю вас — не верце яго хлусні зноў. Гэты рэжым павінен быць ліквідаваны. Калі заканчваецца дэмакратыя, пачынаецца вайна. Дэмакратычная Беларусь, Беларусь без Лукашэнкі, ніякім чынам не можа ўяўляць пагрозу для Украіны ці Еўропы. Рэжым Лукашэнкі ўяўляе сабой пастаянную пагрозу для еўрапейскай бяспекі.  І не толькі для Еўропы — бо сёння Беларусь не толькі размяшчае ваенныя аб'екты, але і расійскія ядзерныя ўзбраенні. Гэта факт. Але ключ да бяспекі таксама знаходзіцца ў Беларусі. У дэмакратычнай Беларусі. Пакуль у Беларусі існуе дыктатура, а Беларусь застаецца ў «сферы ўплыву» Расіі, Захад будзе заставацца ў небяспецы. У 2025 годзе рэжым Лукашэнкі і Расія плануюць правесці найбольшыя сумесныя ваенныя вучэнні — «Запад - 2025». І, думаю, не трэба нагадваць, да чаго прывялі іх сумесныя вучэнні ў лютым 2022 года. Сёння мы бачым, якія вялізныя рэсурсы суседнія краіны, у тым ліку Польшча, вымушаныя ўкладваць у ахову межаў, унутраную бяспеку і абарону ад агрэсіі рэжыму Лукашэнкі. Так, у бягучай сітуацыі гэта ўжо абсалютная неабходнасць. Стратэгія бяспекі будзе недастатковай, калі нашы парнёры не будуць адначасова ўкладацца ў падтрымку беларускага грамадства. Большасць якога супраць агрэсіі. Але беларускае грамадства нельга пакідаць змагацца адно супраць рэжыму Лукашэнкі і Расіі. Таму сёння, кажучы аб бяспецы Еўропы і Захаду, я ўпэўнены, што мы павінны гаварыць пра комплексную стратэгію, якая павінна ўключаць актыўную працу з беларускім грамадствам. Гэта ўключае падтрымку незалежных СМІ, прызнанне і падтрымку альтэрнатыўных інстытутаў (Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, Каардынацыйнай Рады), прыцягненне дыктатара да адказнасці для матывацыі грамадства, а таксама для расколу эліт. Вельмі важным крокам стаў зварот Літвы ў Міжнародны крымінальны суд наконт трансгранічных злачынстваў, здзейсненых рэжымам Лукашэнкі. Мы чакаем падтрымкі і аналагічных крокаў ад польскага і іншых еўрапейскіх урадаў. Адна з самых важных стратэгічных мэтаў — дасягненне дэмакратычнай Беларусі па-за сферай уплыву Расіі, як неад'емнай часткі еўрапейскай супольнасці і рэгіянальнай сістэмы бяспекі. Для гэтага мы нарэшце павінны быць гатовыя прызнаць: дэмакратызацыя Беларусі азначае ліквідацыю рэжыму Лукашэнкі. Гэта ўжо не павінна быць "чырвонай лініяй". Гэта "чырвоная лінія" — вынік памылковай стратэгіяй, якая доўгі час дамінавала ў заходняй палітыцы. Заўтра будзе вырашацца лёс Украіны, Еўропы і Беларусі. Ці будзе Беларусь за сталом перамоў? І хто будзе прадстаўляць краіну — Лукашэнка ці дэмакратычныя сілы Беларусі? Хто прадстаўляе беларускае грамадства? Вядома, не Лукашэнка. Мы настойваем на тым, каб голас дэмакратычнай большасці беларусаў быў пачуты за сталом перамоў.  Час выпраўляць памылкі. Час прыняць праактыўную, а не рэактыўную стратэгію. У іншым выпадку вайна будзе на мяжах Еўрапейскага Саюза. Дзякуй за ўвагу.

bottom of page