top of page

Пошук па сайце

Search this site

1023 results found with an empty search

  • Польшча стане стратэгічным саюзнікам Беларусі

    Хачу павіншаваць полек і палякаў з нацыянальным святам Рэспублікі Польшча — Днём Канстытуцыі 3 траўня. Гісторыя беларускага і польскага народаў — глыбока ўкаранёная і багатая. Адной з важных вех нашай агульнай спадчыны з'яўляецца першая ў Еўропе Канстытуцыя, якая таксама напрамую звязана з гісторыяй Беларусі. Памятаю, будучы паслом Беларусі ў краінах Еўропы, я віншаваў польскіх паслоў 3 траўня з нашай агульнай гістарычнай падзеяй — Днём Канстытуцыі 1791 года. Карыстаючыся магчымасцю, хацеў бы падзякаваць польскім уладам і польскаму грамадству за салідарнасць і падтрымку, якая надаецца беларускаму народу ў гэты пераломны момант нашай гісторыі. З аднаго боку, гэта будзе спрыяць дасягненню мэты беларускага грамадства — дасягненню дэмакратыі, а з іншага боку, мы ўжо цяпер пішам новы раздзел нашай агульнай гісторыі. Шчыра веру, што незалежная і дэмакратычная Беларусь адпавядае нацыянальным інтарэсам як беларускага, так і польскага грамадстваў. Прагнем, каб Беларусь стала прадказальным і адказным партнёрам для Польшчы і Еўропы, а для нас, беларусаў, Польшча стане стратэгічным саюзнікам, які адкрые перад нашай Радзімай еўрапейскія перспектывы. З нагоды нацыянальнага свята выказваю найлепшыя пажаданні росквіту і поспехаў. Павел Латушка ад імя Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі па запрашэнні Прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды прымае ўдзел у афіцыйных урачыстасцях з нагоды Нацыянальнага свята Польшчы, якія праходзяць на Замкавай плошчы ў Варшаве, і дыпламатычным прыёме ў Палацы Прэзідэнта Польшчы. Пасольства рэжыму на мерапрыемствы не запрошана.

  • Расія акупуе Беларусь метадам «мяккай сілы»

    Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол Сёння Расія спрабуе акупаваць украінскія тэрыторыі вайсковым метадам. Але існуюць і неваенныя метады захопу тэрыторый і нават цэлых дзяржаў. У дачыненні да Беларусі Расія дзейнічае менавіта такімі метадамі. Адным з афіцыйных інструментаў расійскай «мяккай сілы» стала т. зв. Рассупрацоўніцтва. Дадзеная структура з'яўляецца Федэральным агенцтвам па міжнародным гуманітарным узаемадзеянні і створана для рэалізацыі палітыкі Расіі праз укараненне ідэй «рускага свету» за мяжой, у тым ліку ў Беларусі. Гэта дзяржаўны орган, які з'яўляецца галоўным маторам па прасоўванні гібрыднага ўплыву Крамля. Яго прадстаўніцтвы размешчаны ў 134 краінах свету, а «пад дахам» «Рассупрацоўніцтва» працуюць кадравыя супрацоўнікі ФСБ і СЗР. На працягу многіх гадоў «Рассупрацоўніцтва» дзейнічае як парасонавая арганізацыя для сеткі расійскіх агентаў уплыву, а таксама фінансуе розныя праекты публічнай дыпламатыі і прапаганды, кансалідуючы дзейнасць прарасійскіх гульцоў і распаўсюджваючы крамлёўскія наратывы. Дзеянні «Рассупрацоўніцтва» ў многіх краінах свету ацэньваюць як небяспечныя, якія ствараюць пагрозу нацыянальным інтарэсам і нацыянальнай бяспецы. 2 красавіка 2024 года ў Гродне адкрыўся т. зв. Рускі дом. Ён стаў чацвёртым прадстаўніцтвам «Рассупрацоўніцтва» ў Беларусі. «Рускія дамы» таксама працуюць у Мінску, Брэсце і Гомелі. Нелегітымныя ўлады Беларусі даюць карт-бланш «рускім дамам», у процівагу якім ім няма чаго прапанаваць. Пакуль прадстаўнікоў грамадзянскай супольнасці Беларусі рэпрэсуюць і заганяюць у падполле, і любая актыўнасць пагражае ім турмой, прарасійскія дзеячы маюць невычэрпную па мясцовых мерках фінансавую падтрымку «Рассупрацоўніцтва». Лукашэнка спаўна аддзячыў за сваё выратаванне ў 2020 годзе і працягвае дзякаваць «расійскаму свету», дазваляючы Расіі захопліваць Беларусь расійскай «мяккай сілай». Прадстаўнікі «рускага свету» пранікаюць ва ўсе сферы дзейнасці беларускага грамадства. І не толькі пранікаюць, але і захопліваюць лідзіруючыя пазіцыі, працуюць на ліквідацыю беларускай ідэнтычнасці, дыктуюць свае правілы і навязваюць рускамірскую ідэалогію. Расія і яе «рускі свет» праз дзейнасць «Рассупрацоўніцтва» ў Беларусі спрабуюць прадстаўляць сябе для беларусаў «не ў якасці мэты, а ў якасці метаду», грунтуючыся пры гэтым на трох слупах: «супрацоўніцтве, бяспецы і суверэнітэце». Пад «супрацоўніцтвам» яны ператвараюць у жыццё банальны захоп пад сваё кіраўніцтва і ўплыў на ўсю Беларусь. Спекулюючы «бяспекай», яны ўцягнулі Беларусь у вайну супраць Украіны і стварылі рэальную пагрозу жыццю ўсяму насельніцтву нашай краіны. Спекулюючы «суверэнітэтам», яны пазбаўляюць Беларусь элементарнай дзяржаўнай самастойнасці. Гэта і ёсць неваеннае паступовае паглынанне Беларусі з дапамогай метаду «мяккай сілы». І ўсяму гэтаму спрыяе Лукашэнка і яго набліжаныя. Усе гэтыя злачынныя дзеянні супраць беларускага народа і супраць Беларусі Лукашэнка рабіў і працягвае рабіць толькі дзеля захавання ўласнай улады.

  • Латушка замест Ціханоўскай? У чым каварны план майго ўдзелу ў выбарах Каардынацыйнай рады 3 склікання?

    Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол Давайце расставім кропкі над «і». І паставім кропку ў спекуляцыях на гэтую тэму. Не паспела стартаваць выбарчая кампанія ў Каардынацыйную раду, як у інфаполе закруціўся наратыў, што Павел Латушка збіраецца замяніць Святлану Ціханоўскую. Не буду хаваць, мне лісліва, што мяне як палітыка, маю каманду, нашу кааліцыю з Рухам «За Свабоду» і нашу працу ацэньваюць гэтак высока, што палёт чыіхсьці фантазій спараджае такія сцэнары. Аднак мяне расчароўвае, што такія сцэнары агучваюцца ў тым ліку людзьмі, якія адносяць сябе да аналітыкаў. Выбары Каардынацыйнай рады, якія пройдуць 25-27 траўня — гэта выбары калектыўнага прадстаўнічага органа. Гэта выбары 80 дэпутатаў, кожны з якіх атрымае свой мандат менавіта ў гэтай плоскасці, для выканання менавіта такой ролі. Роля дэпутата. Гэта НЕ выбары прэзідэнта. Таму нават па сваёй сутнасці дадзеная электаральная кампанія не можа быць накіравана на аспрэчванне пазіцыі Святланы Ціханоўскай, якая перамагла на ПРЭЗІДЭНЦКІХ выбарах у 2020 годзе. Зараз аб непрыемным. Падобныя спекуляцыі, скажу прама, шкодныя. Спроба выстаўляць матывацыю ўдзелу таго ці іншага кандыдата ў выбарах у КР як жаданне ўнесці раскол у дэмакратычны рух, справакаваць ўнутры яго канфлікт — сама гэта спроба з'яўляецца маніпуляцыяй, якая гэты раскол і ўносіць. Лепшага падарунка для прапаганды і дэматывацыі для выбаршчыкаў напярэдадні выбараў складана прыдумаць. Так што няма ў Паўла Латушкі ніякіх планаў прэтэндаваць на крэсла Святланы Ціханоўскай. Або адабраць у яе партфель. Таму што, па-першае, няма ніякіх крэслаў і партфеляў, а ёсць процьма працы і зоны адказнасці, якія неабходна выконваць вельмі абмежаванымі рэсурсамі. І выбары ў КР — гэта таксама магчымасць вырашыць у тым ліку кадравае пытанне ў дэмакратычных сілах. Выбары дазволяць уключыць у працу 80 абраных дэпутатаў, гатовых прысвячаць сябе ўзняццю хвалюючых беларусаў пытанняў на ўсіх даступных на дадзены момант пляцоўках. А па-другое, адзіная матывацыя, якая рухае мной і нашай камандай увесь гэты час, якая дае сілы ўвесь гэты час працаваць 24/7 і якая ляжыць у аснове нашага рашэння ўдзельнічаць у выбарах у КР — гэта жаданне змяніць палітычную сітуацыю ў нашай краіне. Жаданне зрабіць яе свабоднай, незалежнай, еўрапейскай, дэмакратычнай. Менавіта таму нам, не толькі Паўлу Латушку, не толькі кааліцыі Латушкі і Руха «За Свабоду», а ўсім нам, беларусам і беларускам, важна і трэба ўдзельнічаць у выбарах у Каардынацыйную раду. 30 гадоў нашы галасы нікому не былі важныя, іх ніхто не лічыў і ніхто не лічыўся з імі. Іх толькі кралі і фальсіфікавалі. А тых, хто павінен быў прадстаўляць нашы інтарэсы — проста прызначалі, ператварыўшы выбары ў пустую фармальнасць. За ўвесь гэты час у нас ні разу не было пазітыўнага досведу ўдзелу ў электаральных кампаніях. 25-27 мая мы можам упершыню атрымаць гэты досвед. Упершыню адчуць каштоўнасць свайго голасу і яго ўплыў. Упершыню за 30 гадоў мы разам зможам стварыць рэальна абраны орган, які будзе прадстаўляць і абараняць інтарэсы выбаршчыкаў — там, дзе гэта сёння магчыма. «Нічога пра нас без нас» — гэта адзін з ключавых прынцыпаў, якія ляжаць у аснове нашай выбарчай праграмы. Бо можна сядзець і казаць, што хтосьці там за мяжой замест нас адвольна нешта вырашае, а можна непасрэдна ў гэтым удзельнічаць праз выбары і наўпрост на гэтую палітыку ўплываць. Ні я, ні наша кааліцыя не ставіць сваёй мэтай замяніць сабой Святлану Ціханоўскую. Мы выступаем за ўмацаванне, развіццё і эфектыўнае ўзаемадзеянне створаных з 2020-га года палітычных інстытутаў. Адзіныя крэслы і пасады, якія мы хочам вызваліць — гэта тыя, што незаконна захопленыя рэжымам Лукашэнкі і яго памагатымі, прыцягнення да адказнасці якіх мы будзем дамагацца. Галасуйце, выбірайце, уплывайце. Выбары ў Каардынацыйную раду пройдуць 25-27 траўня. Наш нумар у бюлетэні — дзявяты. Жыве Беларусь!

  • Віцебскі клан прыходзіць да ўлады ў Беларусі?

    Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол Цікавае назіранне і аналіз, якім я хацеў бы з вамі падзяліцца: упершыню ў сваёй гісторыі, калі ён кіруе Беларуссю (цяпер — узурпаваўшы ўладу ў нашай краіне), Лукашэнка прыняў рашэнне аб увядзенні пасады свайго намесніка. Намеснікам старшыні прэзідыума так званага Усебеларускага народнага сходу (дарэчы, адчуваюцца адсылкі да ЦК КПСС, да палітбюро ЦК КПСС, праўда?) прызначаны Аляксандр Мікалаевіч Косінец. Хто такі Аляксандр Косінец? Гэта былы рэктар Віцебскага медыцынскага ўніверсітэта. Але, напэўна, не гэта галоўнае, а галоўнае тое, што ён з'яўляўся старшынёй Віцебскага аблвыканкама. У 2014 годзе ён быў прызначаны кіраўніком Адміністрацыі Лукашэнкі. У 2016 годзе кіраўніком Адміністрацыі Лукашэнкі была прызначаная Наталля Качанава — былая мэр Наваполацка, таксама з Віцебскай вобласці. Хто запрасіў у сталіцу (першасна на пасаду віцэ-прэм'ера ўрада Лукашэнкі, а ў наступным на пасаду кіраўніцы Адміністрацыі Лукашэнкі) Качанаву? Зрабіў гэта Аляксандр Косінец. Мы бачым з вамі сувязь: Косінец запрашае Качанаву на пасаду віцэ-прэм'ера па сацыяльных пытаннях, у наступным Косінца здымаюць з пасады кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта, а на яго пасаду становіцца Качанава. Качанава ў сваю чаргу адчыніла дзверы для наступнага прадстаўніка, назавем умоўна, віцебскай школы — Ігара Сергіенкі, які пасля яе заняў пасаду кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі. Хто такі Ігар Сергіенка? Гэта кадравы афіцэр КДБ, былы першы намеснік старшыні КДБ, генерал КДБ, які ў 2019 годзе заняў пасаду кіраўніка Адміністрацыі Лукашэнкі, змяніўшы на гэтай пасадзе Наталлю Качанаву. Мы бачым з вамі пераемнасць: Косінец — кіраўнік Адміністрацыі з Віцебшчыны; Качанава — кіраўнік Адміністрацыі таксама з Віцебскай вобласці; Сергіенка — кіраўнік Адміністрацыі таксама з Віцебскай вобласці. Кожны па чарзе лабіраваў свайго паслядоўніка. Мы бачым выразную сувязь, што сёння на вышэйшых пасадах у краіне (ёсць паняцце высокая пасада, ёсць паняцце вышэйшая службовая асоба — такую іерархію ўвёў сам Лукашэнка) знаходзяцца прадстаўнікі віцебскай школы. Гэта старшыня Палаты прадстаўнікоў (ніжняй палаты парламента Лукашэнкі) Ігар Сергіенка; старшыня Савета Рэспублікі (верхняй палаты парламента Лукашэнкі) Наталля Качанава; намеснік Лукашэнкі на пасадзе старшыні ў Усебеларускага народнага сходу — Аляксандр Косінец. Калі ўважліва прааналізаваць Канстытуцыю, разабрацца, хто і на што мае права, які орган прымае тыя ці іншыя рашэнні, то нават павярхоўны аналіз дае падставы меркаваць, што менавіта гэтыя тры фігуры могуць адыграць ключавую ролю ў сітуацыі недзеяздольнасці Лукашэнкі, калі ў яго наступаюць праблемы са здароўем ці ён сыходзіць па тых ці іншых абставінах у іншы свет. Ці ведаў пра гэта Лукашэнка, ствараючы такі трыумвірат «віцебскіх» на галоўных, ключавых пасадах у краіне? Гэта пытанне, вялікае пытанне. На яго, вядома, можа адказаць толькі сам дыктатар, але мы з вамі бачым, што гэтая група сапраўды атрымлівае вельмі сур'ёзны ўплыў пры ўзнікненні надзвычайнай сітуацыі ў краіне. Хто такі Аляксандр Косінец? Аляксандр Косінец — досыць актыўны чалавек, амбіцыйны чалавек, славалюбівы чалавек, які, як пагаворвалі ў маю бытнасць працы ва ўрадзе, фактычна ўвёў у велізарныя даўгі Віцебскую вобласць. Тады на розныя праекты Косінца было выдаткавана паўмільярда долараў ЗША — такія лічбы называліся на паседжаннях урада. У выніку ўся Віцебская вобласць была пагружаная ў пазыкі. Я думаю, што і да гэтага часу гэтыя даўгі існуюць — яны ці спісаныя, ці проста па іх Віцебская вобласць не расплацілася перад рэспубліканскім бюджэтам. Косінец хацеў даказаць сваю паспяховасць на пасадзе старшыні Віцебскага аблвыканкама, каб для яго гэта стала прыступкай на новую пасаду. Я ўспамінаю гутарку з ім у Віцебскім аблвыканкаме. У кожнага высокага чыноўніка побач з яго кабінетам знаходзіцца пакой адпачынку. Дык вось гэтая гутарка адбылася ў пакоі адпачынку Косінца ў 2011 годзе. Тады Косінец на працягу некалькіх гадзін распавядаў сваё бачанне развіцця Віцебскай вобласці, бачанне развіцця краіны. І зрабіў мне прапанову: ён сказаў, што ў яго ёсць планы стаць прэм'ер-міністрам краіны, і ён прапануе мне ўвайсці ў яго каманду. Вы разумееце мой стан, калі я пачуў гэтую прапанову: мы фактычна знаходзімся ў кабінеце старшыні аблвыканкама, мы разумеем, што ўсе гэтыя памяшканні знаходзяцца пад кругласутачнай праслухоўкай КДБ ды і не толькі — у нас усяго 6 службаў могуць праслухоўваць размовы грамадзян краіны і замежных грамадзян на тэрыторыі Беларусі. Я разумею, што калі я кажу: «Так, я згодны ўвайсці ў вашу каманду», а менавіта такая прапанова была зробленая з боку Касінца — значыць мы выходзім з гэтага кабінета ў кайданках удваіх у суправаджэнні афіцэраў КДБ ці выходжу ў кайданках я адзін. Вядома, я выкруціўся і сказаў, што мяне задавальняе тая праца, якой я займаюся ў дадзены момант. Але сам факт амбітнасці гэтага чалавека ўжо тады быў прадэманстраваны. У наступным ён быў прызначаны кіраўніком Адміністрацыі. Пазней мая адмова на яго прапанову ўплывала, як мне казалі, на некаторыя кадравыя рашэнні ў маёй біяграфіі. Але гэта ўжо, як кажуць, справа мінулая, мяне яна абсалютна не хвалюе. Так што Лукашэнка прызначыў на гэтую пасаду вельмі амбіцыйнага чалавека. Ён выдатна памятае пра тое, што, будучы кіраўніком Адміністрацыі, ён браў на сябе больш функцый, дакладней, больш паўнамоцтваў, чым можа ўзяць на сябе кіраўнік Адміністрацыі Лукашэнкі. І гэта з'явілася адной з ключавых прычын, чаму Косінец быў досыць хутка вызвалены ад пасады кіраўніка Адміністрацыі. І вось цяпер Лукашэнка робіць яго сваім намеснікам — першы раз у гісторыі Лукашэнка мае намесніка. Адна цікавая гісторыя з біяграфіі Аляксандра Косінца. Аляксандр Косінец займаў (яшчэ да пасады старшыні Віцебскага аблвыканкама) пасаду намесніка прэм'ер-міністра Беларусі і з'яўляўся старшынёй арганізацыйнага камітэта Міжнароднага кінафестывалю «Лістапад». Міжнароднага фестывалю, які цяпер, вядома, такім практычна не з'яўляецца. Косінец паставіў задачу запрасіць кіназорак міравога кіно на цырымонію адкрыцця кінафестывалю ў Мінск. Ён даў даручэнне запрасіць... Каго вы думаеце?.. Шварцэнэгера! Гэта насамрэч праўдзівая гісторыя. Праходзіць некалькі тыдняў і зноў збіраецца арганізацыйны камітэт Міжнароднага кінафестывалю «Лістапад». І Косінец пытаецца: «Дык што там, Шварцэнэгер... Ці даў ён згоду прыехаць на фестываль у Мінск?» Усе пачалі неяк мяцца, паціскаць плячыма, а Косінец сказаў: «Вы не ўмееце, не можаце гэтага зрабіць — дык дайце мне тэлефон Шварцэнэгера, я сам яго запрашу! Сам яму патэлефаную і сам яго запрашу». Такая гісторыя. Такіх гісторый яшчэ можа быць, вядома, вельмі шмат. Вось такі «віцебскі расклад» сёння ў Беларусі. Успамінаецца таксама гісторыя, звязаная з тым, што я ініцыяваў адкрыццё помніка Уладзіміру Караткевічу ў Кіеве. Напісаў адпаведную дакладную запіску ў Адміністрацыю Лукашэнкі — тады кіраўніком Адміністрацыі быў Уладзімір Макей. Я атрымаў адмоўнае заключэнне, але я не здаваўся, лічачы, што менавіта Уладзіміру Караткевічу важна адкрыць помнік у Кіеве. Ён скончыў філалагічны факультэт Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Дарэчы, у яго ёсць творы, напісаныя на ўкраінскай мове — і гэта тая асоба, якая яднае нас, беларусаў і ўкраінцаў, і я настойліва абараняў пазіцыю, што неабходна адкрыць помнік Уладзіміру Караткевічу ў Кіеве. Пасля адмоўнага адказу Уладзіміра Макея я вырашыў напісаць дакладную наўпрост Лукашэнку. І мне ўспамінаецца рэзалюцыя, якая вярнулася мне ад Лукашэнкі: «Падтрымаць прапанову міністра культуры аб адкрыцці помніка майму земляку». Уладзімір Караткевіч нарадзіўся ў Оршы. І Лукашэнка нарадзіўся ў Аршанскім раёне. Так, мы ўсе лічым, што ён належыць да «магілёўскага клану» або да магілёўскай часткі беларускага істэблішменту, але ён сапраўды нарадзіўся ў Віцебскай вобласці. Як вы лічыце, ці будзе мець уплыў гэты трыумвірат віцебскіх на сённяшняе і — галоўнае — на будучую сітуацыю ў Беларусі, калі Лукашэнка ўжо функцыянальна не зможа кіраваць краінай? Перакананы, што гэты трыумвірат «віцебскіх» будзе мець істотны ўплыў на сённяшнюю і — галоўнае — на будучую сітуацыю ў Беларусі, калі Лукашэнка ўжо функцыянальна не зможа кіраваць краінай. Павел Латушка Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол, былы міністр культуры Беларусі

  • Незалежная Беларусь — гарантыя бяспекі ў Еўропе

    Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол Якія ёсць 5 асноўных элементаў магчымай падтрымкі беларускага народа дэмакратычнымі дзяржавамі? У 1991 годзе пасля распаду Савецкага Саюза з'явіўся шэраг нацыянальных дзяржаў, якія атрымалі незалежнасць. Як гэта ўспрыняла Еўропа? Па нейкай прычыне Беларусь, Украіна, Малдова і Грузія засталіся ў разуменні заходніх палітыкаў у сферы інтарэсаў Расіі. Па сканчэнні дзесяцігоддзяў сёння мы разумеем, што такое рашэнне было стратэгічнай памылкай. У 2014 годзе ніхто не меркаваў, што Беларусь згуляе адну з ключавых роляў у агрэсіі Расіі супраць Украіны ў 2022 годзе. Усё гэта вынік стратэгічных памылак 1991 года і 2014 года. Тэрытарыяльныя саступкі агрэсару і спробы яго ўлагодзіць заўсёды вялі да негатыўных наступстваў. І нават рэжым Лукашэнкі, які заўсёды цалкам падтрымліваў Расію, зрабіў адпаведныя высновы пасля 2014 года. Дыктатар спалохаўся. Не за краіну і дзяржаву, а за сваю ўладу. Тады ў 2014-2015 гадах Лукашэнку ўдалося пераканаць заходніх партнёраў у выгадным яму тэзісе, што толькі ён можа выратаваць Беларусь ад Пуціна, што ён з'яўляецца гарантам незалежнасці Беларусі. Лукашэнка маніпуляваў Захадам, ён выдатна разумеў, што не пойдзе ні на якія рэформы і не адмовіцца ад улады, а рух у бок Захаду быў толькі падставай атрымаць больш рэсурсаў як ад ЕС, так і ад Расіі. Мы часта кажам нашым партнёрам, што гэта пытанне толькі часу, калі Расія далучыць тэрыторыю Беларусі і калі будуць створаныя ўсе перадумовы зрабіць гэта неваенным спосабам. Лукашэнка не зможа гэтаму перашкодзіць, але горшы сцэнар — калі гэтаму не зможа перашкодзіць і беларускі народ. У нашых заходніх партнёраў ёсць выбар: Умоўна падтрымліваць Лукашэнку і думаць, што ён захавае Беларусь. Падтрымліваць беларускае грамадства і дапамагаць беларускаму народу вярнуць сваю суб'ектнасць. Толькі свабодная, незалежная, еўрапейская і дэмакратычная Беларусь — гэта гарантыя таго, што Расія больш не зможа ажыццявіць агрэсію не толькі ў дачыненні да Украіны, але і ў дачыненні да ЕС. Як палітык я абсалютна падтрымліваю ўсе дзеянні нашых партнёраў, накіраваныя на ўзмацненне нацыянальнай бяспекі і абароны. Разам з тым мне здаецца, што нашым заходнім партнёрам важна зразумець, што галоўнай зброяй, галоўнай сілай з'яўляецца беларускі народ. Беларускі народ, які штодня падвяргаецца рэпрэсіям, з'яўляецца нашай галоўнай зброяй у сітуацыі, калі рэжым Пуціна і Лукашэнкі наважацца паўторна выкарыстоўваць тэрыторыю Беларусі для агрэсіі ў дачыненні да Украіны або адной з дзяржаў-чальцоў ЕС.

  • Бяспека асабістых дадзеных беларусаў у Польшчы

    У сувязі з прыходзячымі ў адрас НАУ пытаннямі аб бяспецы асабістых дадзейных беларусаў, якія атрымалі статус міжнароднай ці дадатковай абароны ў Польшчы, лічым важным адзначыць наступнае. На нашу думку, зараз няма ніякіх падставаў казаць пра якую-небудзь сыстэмную перадачу ў адрас прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі асабістых дадзеных беларусаў, якія зазналі палітычны пераслед у Беларусі і знаходзяцца ў Польшчы. Мы падкрэсліваем, што польскім бокам прымаюцца разнастайныя меры па абароне беларускіх бежанцаў і асоб, якія маюць патрэбу ў абароне. Па выніках шматлікіх двухбаковых сустрэч мы можам сцвярджаць, што польскімі кампетэнтнымі ведамствамі пастаянна вядзецца праца, накіраваная на ўдасканаленне абароны такіх асоб і іх дадзеных, а таксама па паляпшэнні статусу і ўмоў іх знаходжання. Адпаведныя пытанні рэгулярна абмяркоўваюцца прадстаўнікамі польскіх кампетэнтных ведамстваў з прадстаўнікамі Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, НАУ і грамадзянскай супольнасці. Для гэтых мэтаў створаны і функцыянуюць профільныя рабочыя групы. Лічым, што Польшча з'яўляецца надзейным прытулкам для сотняў тысяч беларусаў, якія вымушана пакінулі сваю Радзіму: прадастаўляецца найбольш спрыяльны рэжым уезду, знаходжання і сацыяльнай падтрымкі, права на працу і праграмы сацыяльнай інтэграцыі, выпрацаваны асаблівыя падыходы па выдачы міжнародных праязных дакументаў. Гэта толькі частка падобных дзеянняў.

  • Крымінальныя справы супраць Лукашэнкі ў Польшчы

    Павел Латушка: Лукашэнка прыедзе ў Польшчу? У цяперашні час у Нацыянальнай пракуратуры Польшчы праводзяцца крымінальна-працэсуальныя дзеянні ў дачыненні да Аляксандра Лукашэнкі і службовых асоб у яго падначаленні, звязаных са здзяйсненнем злачынстваў супраць нацыянальнай і палітычнай груп і іншых асоб. НАУ ажыццяўляе дзеянні, накіраваныя на максімальна глыбокае расследаванне фактаў злачынстваў, учыненых Лукашэнкам і яго памагатымі, у дачыненні да грамадзян Беларусі і замежных дзяржаў, у тым ліку падаючы адпаведныя матэрыялы ў адрас Пракуратуры Польшчы, Офіса пракурора Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе і Генеральную пракуратуру Украіны. У развіццё дамоўленасцяў, дасягнутых у лістападзе 2023 года, Упаўнаважаны па грамадзянскіх правах Польшчы Марцін Вёнцэк праінфармаваў кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушку аб ходзе разгляду заяў беларусаў па фактах учыненых у дачыненні да іх злачынстваў. У сваім лісце ў адрас НАУ Амбудсмен Польшчы адзначыў, што цяпер у аддзеле барацьбы з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй Нацыянальнай пракуратуры Польшчы ў Любліне знаходзяцца на разглядзе справы паводле фактаў: злачынстваў супраць чалавечнасці, учыненых Аляксандрам Лукашэнкам і іншымі ўстаноўленымі службовымі асобамі Рэспублікі Беларусь, у дачыненні як да беларускіх, так і замежных грамадзян, у тым ліку шматразовыя злачынствы забойства, цяжкія ненаўмысныя забойствы, прычыненне цяжкай цялеснай і псіхічнай шкоды, наўмыснага стварэння ўмоў жыцця, разлічаных на поўнае або частковае фізічнае знішчэнне нацыянальнай або палітычнай групы з боку арганізаванай узброенай злачыннай групы, у склад якой уваходзілі Аляксандр Лукашэнка і іншыя пайменна названыя службовыя асобы, у мэтах рэалізацыі дзяржаўнай палітыкі, якая прадстаўляе сабой палітычны тэрарызм, які падтрымліваецца дзяржаўным тэрарызмам; захопу польскага паветранага судна, спалучанага з прамой пагрозай жыццю або здароўю многіх людзей і які складаецца ў незаконным прымусе да пасадкі рэйса FR4978 авіякампаніі Ryanair 23 мая 2021 года ў аэрапорце Мінска ў Рэспубліцы Беларусь супрацоўнікамі КДБ Беларусі, якія выконваюць загады Аляксандра Лукашэнкі, і іншымі асобамі, якія дзейнічаюць на шкоду прыватным інтарэсам і інтарэсам Рэспублікі Польшча; гандлю людзьмі шляхам эксплуатацыі грамадзян Ірака і іншых нацыянальнасцяў, арганізацыі вярбоўкі, перавозкі, дастаўкі, перадачы, укрывальніцтва або прыёму асоб з-за межаў тэрыторыі Беларусі за ўзнагароджанне з мэтай прымусу іх да незаконнага перасячэння мяжы Беларусі з краінамі Еўрапейскага саюза (Латвіі, Літвы і Польшчы), учыненых Аляксандрам Лукашэнкам у якасці кіруючага выканаўцы з выкарыстаннем падпарадкаванай яму дзяржаўнай адміністрацыі і беларускіх турыстычных агенцтваў, якія дзейнічаюць па даручэнні дзяржаўнай адміністрацыі; гвалту і пагроз у дачыненні да груп і канкрэтных асоб па прыкмеце іх нацыянальнай і палітычнай прыналежнасці, аб'яднаных вакол дэмакратычнай бел-чырвона-белай сімволікі Беларусі, з боку Аляксандра Лукашэнкі і іншых устаноўленых службовых асоб, у тым ліку з выкарыстаннем незаконных і карных пагроз праз сродкі масавай інфармацыі, інтэрнэт-парталы, месенджары, якія паказваюць на магчымасць здзяйснення злачынстваў супраць здароўя і жыцця асоб, якім пагражаюць, і членаў іх сем'яў. Для расследавання названых злачынстваў створана сумесная следчая група, удзельнікамі якой, акрамя Польшчы, з'яўляюцца Літва і Германія. Следства ажыццяўляецца на падставе рашэння намесніка Генеральнага пракурора Польшчы па пытаннях арганізаванай злачыннасці і карупцыі. Марцін Вёнцэк запэўніў Паўла Латушку, што працягне назіраць за ходам следства ў мэтах забеспячэння захавання правоў і грамадзянскіх свабод. «Працяг працы пракуратурай Польшчы па магчымым прыцягненні Лукашэнкі і яго памагатых, якія маюць дачыненне да здзяйснення злачынстваў у дачыненні да грамадзян Беларусі і іншых краін, мае важнае значэнне для дасягнення мэтаў няўхільнасці пакарання за ўчыненыя прадстаўнікамі рэжыму ў Беларусі цяжкія і асабліва цяжкія злачынствы. Па ўсіх вышэйпаказаных справах мы таксама давалі доказы і сведкавыя паказанні. Мы працягнем ажыццяўляць усе магчымыя дзеянні для забеспячэння прававога пераследу Лукашэнкі і ў рамках наяўных пяці міжнародных механізмаў, сярод якіх можна вылучыць два асноўных: перадача на разгляд сітуацыі Беларусі ў МУС па фактах здзяйснення злачынстваў супраць чалавечнасці, а таксама за ваеннае злачынства па незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый Украіны ў Беларусь, учыненых Аляксандрам Лукашэнкам і ягонымі памагатымі. Думаю, што ў Польшчу Лукашэнка можа прыехаць хіба што ў кайданках», — адзначыў кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка, каментуючы перспектывы прававога пераследу.

  • Лукашэнка звольніў начальніка Генштаба па загадзе з Крамля

    Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол «Хопіць запіхваць Беларусь у Расію! Ва ўсім вінаватыя санкцыі! Дайце Лукашэнку прастору для манеўру!». Стоп. Якога манеўру? Ваеннага? Ці можа быць адразу вайсковага? Вайсковы манеўр — арганізаванае перамяшчэнне войскаў у ходзе выканання баявой задачы ў мэтах заняцця выгаднага становішча ў адносінах да суперніка і стварэння неабходнай групоўкі войскаў і сродкаў, а таксама пераносу або перанацэльвання ўдараў і агню для найбольш эфектыўнай паразы груповак і аб'ектаў праціўніка. «Раптоўная» праверка сіл СПА прайшла зусім нядаўна. Тая самая, калі Лукашэнка вельмі перажываў наконт гэтай раптоўнасці і каб усё адпавядала ваеннаму часу. Гэта быццам бы пра абарону. Праўда, хто збіраецца біць па Беларусі — незразумела. Хіба што Лукашэнка не плануе біць першым. І вось — сумесныя ядзерныя вучэнні з Расіяй. Адпрацоўка прымянення ядзернай зброі. І пагрозы пра адсутнасць «чырвоных ліній». Усё гэта каштуе велізарных грошай, патрабуе задзейнічання велізарных рэсурсаў. Рэсурсаў, якія ніводная краіна, а тым больш такая небагатая, як Беларусь пры Лукашэнку, не стане растрачваць проста так. І тут чарговая навіна. Лукашэнка звальняе начальніка Генштаба, генерала-маёра Віктара Гулевіча. І звальняе ў момант пачатку чарговай спробы расійскага наступу ў Харкаўскай вобласці. Чым звяртае на сябе ўвагу гэтая навіна, спытаеце вы? Па чутках, Гулевіч падтрымліваў кантакты з заходнімі калегамі, якія лічылі яго праціўнікам актыўнага ўдзелу Беларусі і беларускай арміі ў вайне. І вось Лукашэнка яго звальняе. Толькі вярнуўшыся з Масквы. Мабыць, гэта і ёсць тое «прывітанне з Масквы», якое прывёз Лукашэнка сваім генералам. А дакладней — загад аб тым, што ў камандаванні не павінна быць людзей не тое што нязгодных на актыўны ўдзел беларускай арміі ў вайне супраць Украіны, але нават тых, хто сумняецца. Дык да чаго рыхтуецца Лукашэнка? Да вайны? І што, да гэтага яго штурхаюць санкцыі? А на гэтае пытанне як нельга больш прама адказаў прэм'ер-міністр Лукашэнкі Раман Галоўчанка, які яшчэ ў канцы красавіка заявіў, што нарошчванне супрацоўніцтва з Расіяй незваротна, нават калі санкцыі Захаду аслабнуць: — «Гэты працэс ужо незваротны, як бы далей не пачала развівацца міжнародная абстаноўка. Нават калі санкцыйны ціск з нейкіх прычын будзе слабець, мы цвёрда разумеем, і расійскія калегі падзяляюць наш пункт гледжання, мы свой урок засвоілі. Будзем абапірацца выключна на ўласныя сілы». Гэта значыць выбар зроблены. Канчаткова. З санкцыямі або без рэжым Лукашэнкі будзе працягваць «інтэгравацца» з Расіяй. Што ў перакладзе значыць — ён будзе запіхваць Беларусь у Расію датуль, пакуль наша краіна не стане з той адзінай цэлай. Як гэта ўжо адбылося ў ваенным плане. І як гэта ўжо практычна адбылося ў эканамічным. Вось тая самая прастора для манеўру, якую пакінуў Беларусі Лукашэнка. Манеўру, які будзе каштаваць Беларусі незалежнасці, калі і далей верыць і прасоўваць абсалютна абсурдную ідэю аб тым, што Лукашэнку не варта злаваць і што на яго не варта аказваць ціск.

  • Прыгоды «агента Шмідта»

    Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол Прайшло ўжо амаль 2,5 гады вайны. Але Захад, на жаль, так і не перабудаваўся на антыкрызіснае мысленне, адпаведнае часу. Так і не прыняў крызіс бяспекі і пагрозы, якія сыходзяць ад Расіі і рэжыму Лукашэнкі сур'ёзна. Кейс суддзі Томаша Шміта — ён менавіта пра гэта. Томаш Шміт, былы суддзя з Варшавы, 6 траўня 2024 года ў Менску заявіў пра просьбу палітычнага прытулку ў Беларусі, сцвярджаючы, што ў Польшчы яго пераследвалі за незалежнасць поглядаў. Яго выпадак шырока асвятляўся беларускімі СМІ і спецслужбамі як частка антыпольскай прапаганды. У Польшчы Шміт быў вядомы ўдзелам у «хейтэрскай афёры», якая выклікала шэраг расследаванняў і дыскусій. Выведкі заўсёды працавалі і працуюць у розных краінах. Цяпер выведкі рэжыму Лукашэнкі і Расіі дзейнічаюць праактыўна. Чаму? Таму што атрымана палітычнае заданне. Мэта — дэстабілізаваць сітуацыю ў Польшчы, у Літве, у цэлым у ЕС, на Захадзе. Для чаго гэта робіцца? Ідзе вайна, развязаная Расіяй і рэжымам Лукашэнкі супраць Украіны. Шмідт у гэтых адносінах выконвае, з аднаго боку, ролю карыснага ідыёта. Ён ужо выкарыстоўваецца ў антыпольскіх, антызаходніх мэтах у рамках інфармацыйна-прапагандысцкай вайны супраць «калектыўнага Захаду». У такіх персанажаў нядоўгі тэрмін службы. Гэта як жуйка, якая мае густ у пачатку, а потым досыць хутка яго губляе і яе выплёўваюць. І ў гэтым сэнсе ў далейшым самога Шмідта чакае лёс аднаразовага прапагандыста. Лукашэнка нядаўна пра былога польскага суддзю заявіў наступнае: «Мы яго (Шмідта) папярэдзілі: ты можаш даць прэс-канферэнцыю і іншае. Яны ж забілі Чачко. Глядзі, ты ставіш сябе пад удар». Эміль Чачко быў польскім жаўнерам, які ў снежні 2021 года перасёк мяжу Беларусі, дзе папрасіў палітычнага прытулку, патлумачыўшы свой учынак нязгодай з палітыкай Польшчы ў дачыненні да міграцыйнага крызісу і абыходжаннем з уцекачамі. Пасля пераходу мяжы Чачко заяўляў у інтэрв'ю, што стаў сведкам масавых забойстваў мігрантаў польскімі сілавікамі. У сакавіку 2022 года ён быў знойдзены павешаным у Мінску. Хто забіў? Якія яны? Зразумела, Лукашэнка тут намякае на Польшчу, такі танны прапагандысцкі ход. І нам, і таму ж Шмідту таксама зразумела, што ўсё гэта — галаслоўныя абвінавачванні. Але ўжо былому суддзі пасля гэтых слоў варта напружыцца. Для Лукашэнкі не ўпершыню прыбіраць сведак. З іншага ж боку, калі Шмідт на самой справе сапраўдны шпіён, праблема больш істотная. Калі ён сапраўды валодае істотнай інфармацыяй, то, выкарыстаўшы яго для прыніжэння і палівання брудам Польшчы, Лукашэнка перадасць яго Расіі. Пуцін зацікавіўся гэтай гісторыяй. Ну а Расія знойдзе такой інфармацыі прымяненне, калі яшчэ не знайшла. Якую выснову варта зрабіць з «прыгод» агента Шмідта? Падчас вайны нельга недаацэньваць праціўніка. А галоўнае — падчас вайны трэба дакладна разумець, хто з'яўляецца тваім саюзнікам, а хто праціўнікам. З боку Расіі і рэжыму Лукашэнкі, праціўнік даўно вызначаны — для іх гэта Захад, сама дэмакратыя. І яны ў адзіным саюзным парыве будуць ваяваць з ёй усімі даступнымі сродкамі. На Захадзе такога ж выразнага разумення, здаецца, дагэтуль няма. Як дагэтуль няма і выразнай стратэгіі дзеянняў.

  • Ці вылечаць Лукашэнку?

    Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол У пачатку траўня быў апублікаваны сусветны рэйтынг сістэм аховы здароўя Health Care Index за 2024 год. Беларусь у ім размясцілася на 88 месцы з 94. Тэма сацыяльнай дзяржавы, часткай якой безумоўна з'яўляецца і сфера аховы здароўя — адзін з прыярытэтных наратываў прапаганды рэжыму Лукашэнкі. На гэтай важнай тэме рэжым неаднаразова спекулюе, выстаўляючы жаданае за існае. Але пры гэтым ён дапускае прынцыповую памылку: замест рэальнага павышэння эфектыўнасці медыцыны ў Беларусі, рэжым імкнецца зрабіць прапагандысцкую аўру ўнікальнага становішча лекараў у Беларусі, якім зайздросціць ледзьве не ўвесь свет. Давайце прааналізуем, якія перспектывы будуе рэжым Лукашэнкі для сістэмы аховы здароўя. І істотны аспект у гэтым пытанні — колькасць спецыялістаў, якія будуць працаваць у сферы медыцыны заўтра. Ці матываваная сёння моладзь у Беларусі ісці ў медыцыну? Ці будзе папаўняцца сістэма аховы здароўя новымі кадрамі? Адшукаць адказ на гэтыя пытанні нам дапаможа новая рэдакцыя закона «Аб ахове здароўя», апублікаваная ў лістападзе мінулага года. Сярод новаўвядзенняў закона, у прыватнасці, павелічэнне тэрмінаў навучання ў ардынатуры і працягласці адпрацоўкі пасля яе заканчэння. Тэрмін адпрацоўкі вырас з двух да пяці гадоў, у тым ліку для будучых спецыялістаў, якія навучаюцца завочна, а за сыход з вучобы ў ардынатуры або пры адлічэнні лекару прыйдзецца пакрыць выдаткі на навучанне больш чым у двухразовым памеры. Сістэма размеркавання медыкаў, як і многіх іншых маладых спецыялістаў — удасканаленая схема рабства. І гэта не стварае перадумоў для павелічэння колькасці лекараў у краіне або павышэння якасці медыцыны. Скончыўшы навучанне ў ВНУ і ардынатуры, выпускнікі, якія трапілі па размеркаванні на адпрацоўку ва ўмоўную паліклініку на нізкую зарплату, асабліва «на старце», па сутнасці трапляюць у рабства: зарплата не дазваляе сабраць дастатковую колькасць сродкаў на пакрыццё кошту навучання ў выпадку звальнення і спецыялісты аказваюцца прывязаныя да працоўнага месца, не маючы права выбару. Ці будуць заматываваны спецыялісты эфектыўна працаваць, не маючы выбару? Праблему недахопу медыцынскага персанала ў бальніцах, паліклініках, установах аховы здароўя дыктатар прапануе развязваць павелічэннем нагрузкі на лекараў. Не, не стварэннем спрыяльных умоў для прыходу кваліфікаваных спецыялістаў у сферу медыцыны, а павелічэннем нагрузкі на і так перагружаных спецыялістаў. Сістэма аховы здароўя Беларусі — найважнейшая сфера сацыяльнай палітыкі дзяржавы. Менавіта ад таго, як працуе ахова здароўя ў краіне, залежыць працягласць жыцця насельніцтва, наша здароўе, здароўе нашых бацькоў, бабуль і дзядуляў, нашых дзяцей — будучыні нашай краіны. І беларускія медыкі — гонар краіны. Шматлікія даследаванні ў сферы медыцыны, самаадданая праца на карысць беларусаў тысяч прадстаўнікоў сферы аховы здароўя паўплывала на тое, што ў Беларусі праводзяцца ўнікальныя аперацыі. Але ёсць істотная праблема: гэта адбываецца не дзякуючы, а насуперак палітыцы рэжыму. І замест таго, каб паляпшаць рэальнае становішча спраў, каб ствараць умовы для прыцягнення ў сістэму аховы здароўя спецыялістаў, рэжым толькі ўзмацняе прапагандысцкую рыторыку і спрабуе на словах — не справай — растлумачыць медыкам, як ім добра жывецца. Лукашэнку хвалюе толькі ўласнае здароўе і здароўе набліжаных да яго людзей. І толькі пра яго — а не пра ахову здароўя насельніцтва — ён гатовы клапаціцца. А ўсе астатнія пытанні, на думку Лукашэнкі, зможа развязаць прапаганда.

  • Заява аб удзеле ў выбарах у Каардынацыйную раду

    Сумесная заява Паўла Латушкі і Юрыя Губарэвіча аб удзеле ў выбарах у Каардынацыйную раду Павел Латушка: «Беларусы павінны мець права абіраць сваіх прадстаўнікоў. На жаль, пакуль гэта немагчыма рабіць у Беларусі, але ў нас ёсць магчымасць абраць сваіх прадстаўнікоў на выбарах у Каардынацыйную раду. Заклікаю ўсіх нас прыняць удзел у гэтых выбарах. Як беларускі палітык, заяўляю аб удзеле ў выбарах у Каардынацыйную раду і ўдзячны ўсім, хто далучыўся да нашай каманды. Мы стварылі кааліцыю з Рухам "За Свабоду", да якой таксама далучыліся іншыя грамадскія аб’яднанні, блогеры, дыпламаты, юрысты, адвакаты, дзеячы культуры, прадпрымальнікі». Юрый Губарэвіч: «Рух "За Свабоду" падтрымлівае заклік да беларусаў прыняць удзел у выбарах у Каардынацыйную раду. Умацаванне прадстаўнічага інстытуту дэмакратычных сіл праз выбары — гэта натуральны шлях дэмакратычнага працэсу і яго развіцця. Дзесяцігодзямі пазбаўленыя права выбару на Радзіме беларусы нарэшце атрымалі магчымасць абіраць сваіх прадстаўнікоў». Павел Латушка: «Давайце разам прымем удзел у выбарах. Нам важна зразумець пасля 3,5 гадоў несупыннай барацьбы, што ніхто не вырашыць за нас беларусаў нашыя праблемы. Адначасова нам важна дамагацца ад міжнародных партнёраў выканання правіла — нічога пра нас без нас. Новая Каардынацыйная рада павінна мець задачу — адстойваць нацыянальныя інтарэсы Беларусі, правы беларусаў і ўплываць на рашэнні, якія могуць датычыцца нас з вамі. Перакананы, што Каардынацыйная рада як дэмакратычна абраны інстытут таксама будзе запатрабавана і ў транзітны перыяд зменаў у Беларусі. Нам важна вашая падтрымка! Падтрымай незалежнасць, адказнасць, свабоду! Падтрымай НАС!». Жыве Беларусь!

  • Пасольства Беларусі ў Бруселі адкрывалася пад бел-чырвона-белым сцягам

    Намеснік кіраўніка НАУ Уладзімір Астапенка пра адкрыццё пасольства Беларусі ў Бельгіі ў 1995 годзе. На гэтым адкрыцці нават прысутнічаў Лукашэнка — тады, у пачатку сакавіка 1995 года, адбыўся яго першы і апошні афіцыйны візіт у Брусель. Ён сустрэўся з кіраўніцтвам Бельгіі і Еўрапейскага саюза, з якім тады ж было падпісана пагадненне аб партнёрстве і супрацоўніцтве, якое так і не набыло моц, паколькі яго ратыфікацыя была замарожаная пасля антыканстытуцыйнага рэферэндуму 1996 года. Яшчэ да гэтага ў Брусель быў прызначаны пасол, якому давялося пачынаць сваю працу па сутнасці ў чыстым полі. Для пачатку арандавалі кватэру ў шматпавярхоўцы — там і пачыналася праца. Неўзабаве быў знойдзены асобны дом, які пасля быў набыты і адрамантаваны пад патрэбы амбасады. Гэтым актыўна займаўся і я ў якасці дарадцы-пасланніка пасольства Беларусі ў Бельгіі. Да адкрыцця пасольства мы замовілі вялікі тыраж шыкоўнай паштоўкі — малюнка з фатаграфіі, дзе мастак у стылі імпрэсіянізму адлюстраваў пасольства, на якім красаваўся наш нацыянальны сцяг. І ў мяне дагэтуль перад вачыма стаіць карцінка — старадаўні будынак з бел-чырвона-белым сцягам. Пасля сумна вядомага рэферэндуму 1995 года Лукашэнка змяніў нашы нацыянальныя сімвалы на чырвона-зялёную палітру часоў БССР і разаслаў усім даручэнні замяніць сцягі. Але ў нас, што называецца, не паднялася рука адразу зняць бел-чырвона-белы сцяг, які яшчэ доўгі час упрыгожваў будынак пасольства. Сёння ў Бруселі ёсць прадстаўніцтва беларускага грамадства — той большасці, якая ў 2020 годзе выйшла пад тысячамі бел-чырвона-белых сцягоў супраць дыктатуры і гвалту. І ў будынку місіі дэмакратычнай Беларусі ў Бруселі лунае наш нацыянальны сцяг. Праца такога інстытута — важная перадумова да таго, каб над беларускімі пасольствамі па ўсім свеце неўзабаве былі паднятыя нацыянальныя сцягі, якія ўжо нікому не ўдасца зняць.

bottom of page