top of page

Пошук па сайце

Search this site

1023 results found with an empty search

  • Самы дарагі падарунак

    Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол Я ніколі не ведаў асабіста Рыгора Барадуліна, ніколі з ім не сустракаўся, але аднойчы, будучы міністрам культуры, атрымаў ад яго адзін з самых дарагіх падарункаў: кнігу вершаў Барадуліна з уласнаручным допісам аўтара. Гэты ўласнаручны допіс, які я не хацеў бы агучваць публічна, з’яўляецца адным з самых дарагіх для мяне як чалавека, як для асобы, як для беларуса. Гэта былі вельмі важныя і кранальныя словы. Толькі некалькі самых блізкіх людзей ведаюць змест гэтага допіса. Але да гэтай пары, калі я ўзгадваю гэты падарунак, шмат у чым тыя словы мяне матывуюць. Гісторыя маіх завочных узаемаадносінаў з Рыгорам Барадуліным пачалася з таго, што да мяне як да міністра культуры, прыйшоў ксёндз Уладзіслаў Завальнюк — пробашч касцёла святых Сымона і Алены ў Мінску — з прапановай адсвяткаваць 75-гадовы юбілей славутага беларускага паэта. Гэта не была ініцыятыва самаго спадара Барадуліна, але гэта была ініцыятыва беларускай грамадскасці. Памятаю, што праз некаторы час у мяне была сустрэча з Лукашэнкам. Падчас гэтай сустрэчы сярод іншых я падняў і пытанне юбілея Рыгора Барадуліна — аднаго з апошніх народных паэтаў Беларусі. І была прапанова з боку грамадскасці, каб гэтая падзея адбылася ў Палацы Рэспублікі. Не магу сказаць, што гэты аб’ект мне шчыра падабаецца, але ідэя была ў тым, каб выкарыстаць пляцоўку, у якой можна змясціць як мага большую колькасць людзей — і Палац Рэспублікі для гэтага пасаваў. Лукашэнка на гэта адрэагаваў адмоўна, але не выказаў пярэчанняў на карэкціроўку прапановы, бо былі і запасныя варыянты — Беларуская дзяржаўная філармонія і Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы. Лукашэнка быў супраць і тэатра імя Янкі Купалы як месца святкавання юбілею, але махнуў галавой на філармонію. Мы пачалі рыхтаваць мерапрыемства, я даў пісьмовае даручэнне Белдзяржфілармоніі, планаваў і сам пайсці на юбілей, каб асабіста павіншаваць народнага паэта Беларусі Рыгора Барадуліна. Але літаральна за дзень да гэтага раздаўся тэлефонны званок. Тэлефанавала Наталля Петкевіч, на той час першая намесніца кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі. І сказала, што катэгарычна забараняе мне прысутнічаць на гэтым свяце, бо лічыць, што гэта будзе правакацыя, што я фактычна магу аказацца асобай, міністрам, членам урада, які такім чынам падтрымае беларускую апазіцыю. Аднак выйсце тады знайсці ўдалося: я накіраваў на гэтае свята аднаго са сваіх намеснікаў — і ён прысутнічаў на гэтым мерапрыемстве. Для мяне было важна, што гэта адбылося, што мы тады ўшанавалі гонар выбітнейшага беларуса Рыгора Барадуліна. Рыгор Барадулін нарадзіўся на Ушаччынне — зямлі, на якой нарадзілася шмат выбітных пісьменнікаў і паэтаў: народны пісьменнік Васіль Быкаў, народны паэт Пятрусь Броўка, вядомая паэтэса Еўдакія Лось. Барадулін быў сапраўдным беларусам, які перадаў беларускую самаідэнтычнасць у сваіх творах. Аднак гэты каштоўны падарунак Барадуліна я дагэтуль часта ўзгадваю, перачытваючы творы славутага аўтара.

  • Адказ Еўрапарламента на чарговую хвалю рэпрэсій у Беларусі

    Сёння, 8 лютага 2024, Еўрапейскім парламентам была прынята рэзалюцыя ў сувязі з новай хваляй масавых арыштаў у Беларусі — нядаўнімі рэйдамі КДБ, накіраванымі супраць актывістаў, членаў сем'яў палітвязняў і былых палітвязняў. Паводле апошняй інфармацыі пад гэтыя рэйды трапіла як мінімум 224 чалавекі. Якім жа стаў адказ Еўрапейскага парламента і якія прапановы ў новую Рэзалюцыю ўнесла каманда Народнага антыкрызіснага ўпраўлення? 1. Асуджэнне рэпрэсій, патрабаванне іх неадкладнага спынення, роўна як і неадкладнага і безумоўнага вызвалення палітвязняў з выплатай кампенсацый і поўным аднаўленнем правоў пацярпелых ад рэпрэсій. Гэты пункт, нягледзячы на ўяўленні аб клішэ, важны таму, што тэма рэпрэсій захоўваецца на парадку дня Еўрапарламента і дадзеныя патрабаванні застаюцца нязменнымі. Рэжым Лукашэнкі не зможа разлічваць на змяненне палітыкі ЕС у дачыненні да яго датуль, пакуль гвалт і рэпрэсіі не спыняцца і палітвязні не будуць вызваленыя. 2. Еўрапарламент — і гэта важна — сярод іншага адзначае выкарыстанне рэжымам прымусовай працы палітвязняў і заклікае да ўзмацнення ціску на рэжым Лукашэнкі. У тэкст рэзалюцыі ўключаны пункт з канкрэтнымі мерамі ціску, а менавіта — увядзеннем санкцый у дачыненні да тавараў, якія вырабляюцца з прыцягненнем прымусовай працы. Гэта першае з прапаноў каманды НАУ, уключанае ў тэкст рэзалюцыі. Акрамя таго, мы падрыхтавалі аналіз адпаведных сектараў і груп тавараў з абгрунтаваннем мэтазгоднасці прымянення такіх санкцый. Дадзены падыход быў абраны намі як найбольш эфектыўны спосаб факусіроўкі на праблеме менавіта палітвязняў і прасоўвання прыняцця адпаведнага санкцыйнага пакета. Рэжым Лукашэнкі здзейсніў мноства злачынстваў, у тым ліку і ваенных, і павінен быць прыцягнуты за іх да адказнасці. Аднак нам таксама важна, каб у рамках адказнасці не размывалася праблема з палітвязнямі і злачынствамі ў дачыненні да канкрэтна беларусаў. Каб канкрэтныя меры былі прыняты нашымі партнёрамі менавіта ў гэтым кірунку. 3. Еўрапарламент таксама заклікае працягваць дакументаванне парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі, падтрымліваць пераўтварэнне экспертызы Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі ў цалкам незалежны механізм расследавання, падтрымліваць мандат Спецыяльнага дакладчыка ААН па правах чалавека ў Беларусі і, што вельмі важна — спрыяць прыцягненню рэжыму да адказнасці праз экстэрытарыяльную і ўніверсальную юрысдыкцыю. Дадзены пункт Рэзалюцыі таксама быў уключаны ў яе тэкст па ініцыятыве каманды НАУ. 4. Адзначаючы сітуацыю з сістэматычнымі парушэннямі правоў і свабод чалавека ў Беларусі, Еўрапарламент таксама заяўляе аб сваёй пазіцыі з нагоды адсутнасці празрыстасці, свабоды і справядлівасці напярэдадні так званых парламенцкіх і мясцовых «выбараў» у Беларусі і заклікае ЕС, яго дзяржавы-члены і міжнародную супольнасць не прызнаваць іх вынікі. Дадзены пункт — таксама вынік нашых кансультацый з шэрагам дэпутатаў Еўрапарламента ў ходзе падрыхтоўкі Рэзалюцыі. У рэжыму Лукашэнкі не павінна заставацца і ценю надзеі нават на частковае аднаўленне легітымнасці і прызнання праз імітацыю выбараў, якія ён запланаваў. 5. Акрамя таго, Еўрапарламент заклікае ўлады дзяржаў-членаў ЕС даць беларусам магчымасць атрымліваць візы і віды на жыхарства. Гэта значыць, што нашыя партнёры ўсведамляюць важнасць праблемы з легалізацыяй беларусаў за мяжой і нацэленыя на яе рашэнне. Натуральна, для нас, беларусаў і прадстаўнікоў беларускіх дэмакратычных сілаў, канкрэтныя дзеянні важнейшыя за словы і заклікі. Але абапіраючыся сярод іншага на такія дакументы, як рэзалюцыі Еўрапарламента, ПАСЕ і іншых арганізацый высокага ўзроўню і тым больш удзельнічаючы ў іх падрыхтоўцы, мы атрымліваем значна больш магчымасцяў і важкіх аргументаў для тых самых канкрэтных дзеянняў.

  • Лукашэнка асабіста падпісаў рашэнне аб фінансаванні вывазу дзяцей з Украіны

    Павел Латушка: больш за 2100 дзяцей былі незаконна вывезеныя ў Беларусь з Украіны, а Лукашэнка асабіста падпісаў рашэнне аб фінансаванні іх вывазу Крыніца: holosameryky.com Больш за 2100 украінскіх дзяцей былі незаконна вывезеныя ў Беларусь з часова акупаваных тэрыторый Украіны ў перыяд паміж вераснем 2022 года і маем 2023 года. Самаабвешчаны прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка асабіста падпісаў дакументы, у якіх ён прыняў фінансаванне вывазу ўкраінскіх дзяцей. Пра гэта ў інтэрв'ю ўкраінскай службе Голасу Амерыкі заявіў Павел Латушка, намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і былы міністр культуры Беларусі. Паводле слоў Латушкі, украінскіх дзяцей прымусова вывозілі ў Беларусь яшчэ ў 2021 годзе. Дзясяткі з гэтых дзяцей пазней знайшлі на тэрыторыі Расіі, дзе яны прайшлі праз працэдуру ўсынаўлення, і дзе яны, верагодна, знаходзяцца да гэтага часу. Дэпартацыя дзяцей у Беларусь адбывалася з чатырох акупаваных абласцей Украіны — у прыватнасці гэта тычылася Данецкай і Луганскай абласцей — і мінімум 20 населеных пунктаў. У размове Латушка адзначыў, што дзяцей спачатку вывозяць з Украіны ў Расію, у прыватнасці ў Растоў-на-Доне, пасля чаго яны трапляюць у Беларусь. Частка дзяцей потым могуць вяртаць у Расію, таму прасачыць іх цяперашняе месца знаходжання няпроста. Каманда Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, кіраўніком якой з'яўляецца Павел Латушка, ужо неаднаразова перадавала ў міжнародныя структуры доказы незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый Украіны на тэрыторыю Беларусі. У прыватнасці, апошняя партыя доказаў на мінулым тыдні была перададзена ў Міжнародную незалежную камісію ААН па расследаванні парушэнняў ва Украіне, якая месціцца ў Вене. Таксама дакументы з доказамі, якія сведчаць аб датычнасці вышэйшага кіраўніцтва Беларусі да дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей, былі перададзеныя ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе. Са слоў Латушкі, перадаючы доказы па гэтай справе ў МКС у чэрвені і лістападзе 2023 года, яго каманда падала «дакументы, падпісаныя асабіста Лукашэнкам, дзе ён прыняў рашэнне аб фінансаванні вывазу ўкраінскіх дзяцей». У дадатак у МКС былі пададзеныя дакументы, падпісаныя ў рамках Саюзнай дзяржавы Расіі і Беларусі, якія тычацца вялікага кола асоб, арганізацый і фондаў, такіх як, напрыклад, кампанія «Беларуськалій», якія былі датычныя да арганізацыі вывазу ўкраінскіх дзяцей. «Наш пункт гледжання — ёсць усе падставы, каб выдаць ордэр на арышт Лукашэнкі», — заявіў Латушка, спасылаючыся на шырокі спектр доказаў, уключаючы заявы самога Лукашэнкі, сабраныя Народным антыкрызісным упраўленнем. Заклікаючы да больш цеснага супрацоўніцтва з украінскім бокам у гэтым пытанні, Латушка дадаў, што яго каманда працягне расследаванне і збор доказаў, аб'ём якіх, на думку юрыстаў арганізацыі, ужо цяпер з'яўляецца цалкам дастатковым для выдачы міжнароднага ордэра на арышт Лукашэнкі. Нагадаем, што ў сакавіку 2023 года, Міжнародны крымінальны суд выдаў ордэр на арышт прэзідэнта Расіі Уладзіміра Пуціна і ўпаўнаважанага па правах дзяцей Марыі Львовай-Бяловай па абвінавачванні ў здзяйсненні ваенных злачынстваў, у прыватнасці выкрадання ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый.

  • Легалізацыя забойстваў

    Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол Нармалізацыя забойстваў нязгодных: пра што кажа ўказ Лукашэнкі, які дазваляе ваенным страляць у беларусаў, у тым ліку — без папярэджання 1 лютага Лукашэнка падпісаў указ №37, якім ён дазваляе вайскоўцам без папярэджання ўжываць агонь на паразу ў дачыненні да беларусаў. І вызваляе іх ад адказнасці за наступствы. Важна разумець, што пры такім дыктатарскім рэжыме, як у Беларусі, любы дазвол сілавікам да ўжывання гвалту ці зброі будзе трактавацца не проста як іх «законнае» права, а нават як абавязак. Умоўна кажучы, калі да прыняцця гэтага ўказа, вайсковец яшчэ мог бы адмовіцца ад прымянення зброі, то цяпер мы можам нават не сумнявацца, што рэжымам будзе праводзіцца актыўная праца па ўкараненні ў розумы ваенных дадзенага ім гэтым указам «права» такім чынам, каб іншыя варыянты дзеянняў (гэта значыць — непрымяненне зброі) не разглядаліся імі як пераважныя. Тут варта ўзгадаць, як у перыяд пратэстаў у Беларусі кіраўнік ГУБАЗіК МУС, а цяпер намеснік міністра ўнутраных спраў Мікалай Карпянкоў на злітых аўдыёзапісах інструктаваў сілавікоў забіваць пратэстоўцаў. Цяпер такія ж інструктажы варта чакаць у вайсковых часцях, у войску. Больш за тое, дадзены ўказ будзе працаваць на тое, каб зрабіць невыкананне ваенным загаду страляць на паразу ў выпадку, напрыклад, падаўлення вулічных пратэстаў з прыцягненнем арміі немагчымым. Гэта значыць такім чынам на заканадаўчым узроўні (як вядома ўказы Лукашэнкі ў Беларусі маюць сілу закона, а па сутнасці — стаяць над законам) для вайскоўцаў ухіляюцца і маральныя, і службовыя абмежаванні, і стрымліваючыя фактары. Цяпер загад забіваць без папярэджання — больш не з'яўляецца злачынным. Злачынствам, хутчэй, будзе з'яўляцца яго невыкананне. Варта таксама звярнуць увагу на павелічэнне колькасці выпадкаў асвятлення ў дзяржаўных СМІ эпізодаў з ужываннем сілавікамі зброі пры затрыманнях. Тое, што рэжым раней больш ахвотна хаваў, цяпер спакойна выносіцца ў публічную прастору. Нядаўна рэжым Лукашэнкі таксама дазволіў страляць па пратэстоўцах супрацоўнікам КДБ, яшчэ раней — ужываць зброю пры падаўленні пратэстаў супрацоўнікам МУС. Нельга сказаць, што сілавікі не рабілі гэтага раней. Мы памятаем, як 10 жніўня 2020 года ў Мінску быў забіты Аляксандр Тарайкоўскі стрэлам у грудзі з кароткай дыстанцыі з траўматычнай зброі. Мы памятаем, як 11 жніўня 2020 года ў Брэсце стрэлам у галаву быў забіты Генадзь Шутаў — стрэлам ужо з агнястрэльнай зброі. Ніхто з сілавікоў не панёс за гэта адказнасці нават тады, калі законы дазвалялі і нават абавязвалі да адказнасці. Зараз жа законы рэжыму Лукашэнкі, наадварот, заахвочваюць і матывуюць сілавікоў, а цяпер і ваенных — забіваць. Адначасова з гэтым з сакавіка 2023 года ў Беларусі дзейнічае закон, які прадугледжвае смяротнае пакаранне для службовых асоб і ваенных за дзяржздраду. Такім чынам, Лукашэнка фактычна ператварае беларускае войска ў акупацыйнае. Акупацыйнае войска для акупацыі яе ж уласнай краіны. А ў комплексе ўсё гэта выглядае як мэтанакіраваная кампанія па нармалізацыі забойстваў, нармалізацыі прымянення агнястрэльнай зброі супраць нязгодных з рэжымам і любых беларусаў у прынцыпе. Кампанія па прывучванні адных — да «права» забіваць, у тым ліку — без папярэджання, а іншых — быць забітымі.

  • НАУ перадалі ААН доказы ваенных злачынстваў Лукашэнкі

    Павел Латушка і каманда НАУ перадалі доказы ваенных злачынстваў Лукашэнкі і яго саўдзельнікаў у камісію ААН па расследаванні парушэнняў ва Украіне Матэрыялы аб датычнасці Лукашэнкі і шэрагу іншых асоб да незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей у Беларусь былі перададзены падчас сустрэчы намесніка кіраўніцы Кабінета, кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі і экспертаў НАУ з прадстаўнікамі Незалежнай міжнароднай камісіі па расследаванні парушэнняў ва Украіне ў штаб-кватэры ААН у Вене. Камісія ўпаўнаважаная праводзіць расследаванні парушэнняў правоў чалавека і міжнароднага гуманітарнага права ў кантэксце агрэсіі Расіі супраць Украіны, выяўляць адказных асоб і структуры, а таксама прадастаўляць рэкамендацыі па прыцягненні вінаватых да адказнасці і забеспячэнні доступу ахвяр да правасуддзя. Перададзеныя камандай НАУ доказы дазволяць умацаваць намаганні міжнароднай супольнасці па забеспячэнні адказнасці за адпаведныя ваенныя злачынствы. Факты ўчынення ваенных злачынстваў Лукашэнкам і яго саўдзельнікамі з гэтага моманту знаходзяцца ў міжнароднай камісіі, якая створана Саветам па правах чалавека ААН. Цяпер яны могуць запрошвацца адтуль следчымі і судовымі інстанцыямі. Камісія прадстаўляе справаздачы па ваенных злачынствах ва Ўкраіне Генеральнай асамблеі ААН і Савету па правах чалавека ААН. Перададзена інфармацыя аб фактах вывазу ўкраінскіх дзяцей у Беларусь пачынаючы са жніўня 2021 (да ўварвання). Прадстаўлена інфармацыя аб вядомых выпадках наступнага вывазу дзяцей, якія былі ў Беларусі ў 2021, у Расію для наступнага іх усынаўлення або ўстанаўлення над імі апекі/папячыцельства. Перададзены доказы арганізацыі шырокамаштабнай праграмы незаконнага перамяшчэння дзяцей з акупаваных Расеяй тэрыторый Украіны ў Беларусь пад эгідай Саюзнай дзяржавы за перыяд верасень 2022-май 2023. Большасць такіх дзяцей былі ва ўзросце ад 5 да 15 гадоў, сярод іх многія з'яўляліся сіротамі або выхадцамі з малазабяспечаных або няпоўных сем'яў з 4 акупаваных абласцей Украіны. Колькасць населеных пунктаў складана падлічыць, але па ўскосных сведчаннях можна зрабіць выснову, што такія праграмы вывазу закранулі большасць населеных пунктаў Данецкай і Луганскай абласцей, мы налічылі больш за 20. Хоць мы перакананыя, што іх значна больш. Прадастаўлена падрабязная інфармацыя аб асноўных арганізацыях, уцягнутых у працэс незаконнага перамяшчэння, а таксама асобах, якія ўнеслі найбольшы ўклад у ваеннае злачынства супраць гэтых дзяцей. Можна казаць, што ў цэлым з пачатку поўнамаштабнага ўварвання колькасць незаконна перамешчаных дзяцей перавысіла 3 тысячы. Гэта было пацверджана прадстаўнікамі рэжыму публічна. Мы дакументальна можам пацвердзіць, што іх колькасць з пачатку поўнамаштабнага ўварвання па май 2023 перавысіла 2100.

  • Верталёты і танкі замест дарог і паліклінік

    Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол У бягучым годзе арсенал Узброеных сіл Лукашэнкі папоўняць наступныя ўзоры ўзбраення: верталёты «Мі-35М», зенітныя ракетныя комплексы «Тор-М2». Будзе працягнутая пастаўка сродкаў радыёлакацыі, такіх як «праціўнік-ГМ» і «Усход», малавышынных радыёлакацыйных комплексаў «Раса». У сухапутныя войскі пачнецца пастаўка мадэрнізаваных танкаў Т-72БМ2. У сілы спецыяльных аперацый працягнецца пастаўка мадэрнізаваных бронетранспарцёраў БТР-70МБ. Выдаткі бюджэту на нацыянальную абарону ў 2024 годзе вырастуць. Тым не менш зніжэнне беларускай пазіцыі ў рэйтынгу наймацнейшых армій свету Global Firepower Index адбываецца ўжо трэці год запар. Спробы адлюстраваць з сябе магутную ў ваенным плане дзяржаву, нягледзячы на велізарныя выдаткі і незаконнае размяшчэнне на сваёй тэрыторыі расійскай ядзернай зброі, рэжымам Лукашэнкі ў выніку праваленыя. І адгаворкі накшталт «калі вы не хочаце ўтрымліваць сваё войска, то будзеце ўтрымліваць чужое» таксама не актуальныя, бо на тэрыторыі Беларусі размяшчаюцца чужыя расійскія войскі і амаль тысяча вагнераўцаў, якія ўжо цяпер інкарпараваныя ў атрады спецназа ўнутраных войскаў МУС. Але навошта ўнутраным войскам, якія выконваюць зусім іншыя задачы, вучыцца прымяняць артылерыю, валодаць майстэрствам снайперскага бою і вучыцца выкарыстоўваць цяжкую тэхніку? Гэта трэба толькі ва ўмовах вядзення сапраўдных баявых дзеянняў. Унутраныя войскі МУС падчас баявых дзеянняў патрэбныя толькі ў адным выпадку — прымушаць ісці ў бой тых, хто гэтага рабіць не хоча. Магчыма, спецназ Карпянкова — гэта загарадатрады, якія будуць падганяць у атаку беларусаў у кірунку магчымага праціўніка. Але хто за гэта заплаціць? Правільна — грамадзяне Рэспублікі Беларусь. А калі ты не хочаш працаваць на хунту, то для цябе сілавікі Лукашэнкі, акрамя ўжо існуючых пабораў у выглядзе падвышаных тарыфаў ЖКГ, прапануюць увесці як у часы СССР артыкул за дармаедства. Паводле інфармацыі «Люстэрка», ударныя верталёты «Мі-35М» Расія прадае сваім хаўруснікам па АДКБ прыкладна па 20 мільёнаў даляраў за штуку. Для параўнання, будаўніцтва новай паліклінікі ў Гродне абышлося бюджэту прыкладна ў 10 мільёнаў долараў. Кошт камплекта пастаўкі зенітна-ракетнага комплексу «Тор-М» новых мадыфікацый у 2020 годзе расійскімі крыніцамі ацэньваўся ў 50-60 мільёнаў долараў, гэта значыць прыкладна ў 5-6 сучасных гарадскіх паліклінік. Так калі мы мірныя людзі і не збіраемся ваяваць, навошта гэта ўсё? Можа ўсё ж такі лепш выдаткаваць гэтыя сродкі не на вагнераў і жалезныя цацкі, а на медыцыну, адукацыю, ЖКГ і транспартную інфраструктуру?

  • Збор экспанатаў для выставы

    Народнае антыкрызіснае ўпраўленне і Музей Вольнай Беларусі запрашаюць далучыцца да праекта «Несціхаючыя галасы. Пашырэнне правоў і магчымасцей жанчын у беларускай дэмакратыі», прысвечанага беларускім жанчынам — тым, хто змагаўся і працягвае змаганне супраць існуючага ў Беларусі рэжыму. Працягвае, знаходзячыся ў глыбокім падполлі на Радзіме, у вымушай эміграцыі ці нават за кратамі. Гэта праект аб непахіснасці і самапавазе беларускіх жанчын у дэмакратычным руху Беларусі. Праект раскажа пра каханне, салідарнасць і ўзаемадапамогу, якія аказаліся важнымі складнікамі ў падзеях 2020 года, а таксама пра ролю жанчын сёння, пра іх галасы, якія не сціхаюць і будуць гучаць, пакуль Беларусь не стане вольнай. Мы запрашаем паўдзельнічаць у зборы артэфактаў для музейнай выставы «Несціхаючыя галасы», якая стане адным з вынікаў праекту. Што мы шукаем: асабістыя гісторыі ўдзельніц падзей 2020 года; дакументы і артэфакты (лісты, паштоўкі, рэчы), звязаныя з 2020-м годам і наступным перыядам; відэа і фотаматэрыялы, якія адлюстроўваюць пратэсты і падзеі 2020 года; дзённікі, тэксты і матэрыялы, якія ілюструюць асабістыя перажыванні і погляды. Калі ў вас ёсць жаданне і магчымасць паўдзельнічаць у праекце, просім запоўніць форму па спасылцы, пасля чаго з вамі звяжацца прадстаўніца каманды Музея Вольнай Беларусі для далейшага дэталёвага абмеркавання супрацоўніцтва. Задаць пытанні ці запытаць дадатковую інфармацыю можна праз адрас: freebelarusmuseum@gmail.com Будзем вельмі ўдзячныя за дапамогу, супрацоўніцтва, парады і, канешне, музейныя прадметы для калекцыі. Калі ласка, далучайцеся да справы даследавання і музеефікацыі нашай агульнай памяці. Усё, што мы сёння занатуем і захаваем, стане важнай гістарычнай крыніцай для нас і нашых дзяцей! Удзел у праекце можа быць ананімным, а прадастаўленыя дадзеныя будуць выдаленыя пасля вынікаў адбору, аднак просім устрымацца ад ўдзелу ў праекце, калі вы знаходзіцеся ці плануеце ў бліжэйшы час вяртацца ў Беларусь. Праект рэалізуецца пры фінансавай падтрымцы Міністэрства замежных спраў Канады.

  • Выступ Паўла Латушкі ў Парламенце Аўстрыі

    30.01.2024, Вена Паважаная спадарыня Прэзідэнт, шаноўнае спадарства. Сёлета спаўняецца 4 гады з пачатку падзей лета 2020 года ў Беларусі. 2 гады з пачатку вайны Расіі і рэжыму Лукашэнкі супраць Украіны. У кантэксце сусветнай гісторыі гэтыя гады і падзеі з'яўляюцца толькі імгненнем. Але для мільёнаў беларусаў падзеі апошніх гадоў сталі самым вялікім і цяжкім выпрабаваннем у іх жыцці. І самым доўгім. Мяне часта пытаюцца, што матывуе мяне не здавацца і працягваць барацьбу. У што я веру, нягледзячы на тое, што сітуацыя ў Беларусі працягвае пагаршацца з кожным днём. Я магу расказаць вам мноства падрабязнасцяў, але гэта будзе патрабаваць значна большай колькасці часу, чым у нас з вамі ёсць сёння. Таму я проста прывяду некалькі лічбаў і фактаў, якія кажуць самі за сябе. Па дадзеных праваабарончага цэнтра «Вясна», па стане на канец 2023 года ў Беларусі ў зняволенні ўтрымлівалася больш за 1400 афіцыйна прызнаных палітвязняў. 745 былых палітвязняў на той момант ужо цалкам адбылі свае тэрміны. Тобок, як бачыце, лічба не змяншаецца. На месца палітвязняў, якія выйшлі з турмаў, рэжым Лукашэнкі саджае новых. Прынамсі 48 палітвязняў з'яўляюцца пенсіянерамі. Мінімум 42 чалавекі з'яўляюцца людзьмі з абмежаванымі магчымасцямі і цяжкімі захворваннямі. У турме ўжо памерлі як мінімум чацвёра палітвязняў: Вітольд Ашурак, Алесь Пушкін, Мікалай Клімовіч і Вадзім Храсько. Катаванні, нечалавечыя ўмовы ўтрымання, адсутнасць медыцынскай дапамогі — вось з чым сутыкаюцца палітвязні ў турмах Лукашэнкі. І яны паміраюць. У гуманітарным спісе палітвязняў, складзеным Аб'яднаным Пераходным Кабінетам сумесна з праваабаронцамі, знаходзяцца больш за 200 чалавек. Гэта людзі, якія з-за ўзросту, стану здароўя, інваліднасці і іншых фактараў маюць патрэбу ў тэрміновай медыцынскай дапамозе і павінны быць неадкладна вызваленыя. І ўсё гэта толькі афіцыйна пацверджаныя выпадкі. У рэальнасці, ва ўмовах страху і рэпрэсій, не ўсе выпадкі публікуюцца ахвярамі рэжыму Лукашэнкі ці іх сваякамі, і не ўсе з іх звяртаюцца да праваабаронцаў ці СМІ. Большасць гэтага не робіць — баючыся за сябе ці сваіх блізкіх. А ва ўмовах татальнай цэнзуры і дэзінфармацыі, ва ўмовах, калі ўсе праваабарончыя арганізацыі і незалежныя СМІ былі выгнаныя з краіны, разам з тысячамі НКА і сотнямі тысяч беларусаў, і практычна не могуць працаваць унутры Беларусі — убачыць поўную карціну, зафіксаваць усе выпадкі і ацаніць рэальную, дакладную колькасць палітвязняў у Беларусі проста немагчыма. Арганізацыі і актывісты, якія ўдзельнічаюць у гэтым працэсе, лічаць, што рэальная колькасць палітвязняў на дадзены момант як мінімум у тры разы перавышае афіцыйна пацверджаную. Гэта значыць гаворка можа ісці прыкладна пра 4500-5000 чалавек. Але гэта не ўсё. Паводле справаздачы цэнтра права і дэмакратыі «Justice Hub», з мая 2020 да мая 2023 года ахвярамі злачынстваў супраць чалавечнасці ў Беларусі сталі не менш за 136 тысяч чалавек. Незаконнае пазбаўленне волі, катаванні, забойствы, згвалтаванні і іншыя сур'ёзныя формы сэксуальнага гвалту, у тым ліку ў дачыненні да непаўналетніх, гвалтоўныя знікненні, дэпартацыі — вось што адбываецца ў Беларусі. Кожны дзень. Маштабы і характар рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі таксама асвятляюцца ў прынятай 25 студзеня рэзалюцыі Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы «Дэмакратычная будучыня для Беларусі». Цытую: «Рэпрэсіі рэжыму Лукашэнкі супраць беларускага народа настолькі сур'ёзныя, шырокамаштабныя і сістэматычныя, што могуць быць прыроўненыя да злачынстваў супраць чалавечнасці і патрабуюць поўнай адказнасці ў адпаведнасці з унутраным і міжнародным правам». І гэтыя рэпрэсіі, гэтыя злачынствы не спыняюцца ні на дзень. Толькі на мінулым тыдні больш за 200 чалавек падвергліся чарговай хвалі пераследаў, калі рэжым Лукашэнкі арганізаваў рэйд запалохвання сваякоў палітвязняў. Задумайцеся, многія з іх засталіся без карміцеляў і звярнуліся да ініцыятыў па дастаўцы прадуктовых набораў для падтрымкі сем'яў палітвязняў. І толькі за гэта іх падвяргаюць новым рэпрэсіям. Многія з іх у выніку былі затрыманыя. Сярод затрыманых — жонка Мікалая Статкевіча — Марына Адамовіч, арыштаваная на 15 сутак. Мікалай Статкевіч — вядомы беларускі палітык, прысуджаны рэжымам Лукашэнкі да 14 гадоў пазбаўлення волі, і на сёння з ім ужо год няма кантакту. Гэта яшчэ адна форма рэпрэсій — многія палітвязні месяцамі жывуць у ізаляцыі, без права перапіскі і зносін са знешнім светам, і пра іх стан мы нічога не ведаем. Мы нават не ведаем, ці жывыя яны. Шакавальныя лічбы для краіны з насельніцтвам у 9 мільёнаў чалавек, з якіх не менш за паўмільёна пакінулі яе, ратуючыся ад тэрору і рэпрэсій. Гэта факты. А як наконт дзеянняў? Што можна — не, што ТРЭБА рабіць? І, вяртаючыся да пачатку майго выступу: у што я асабіста веру, ведаючы, што шакавальныя лічбы працягваюць расці, рэпрэсіі працягваюць нарастаць і злачынствы супраць беларускага народа не спыняюцца ні на дзень? Адкажу — я па-ранейшаму веру ў міжнароднае права і адказнасць. Менавіта гэта ляжыць у аснове стратэгіі, у межах якой мы працягваем дзейнічаць і якую ўсе гэтыя гады прапануем нашым міжнародным партнёрам. Лукашэнка і ягоныя памагатыя павінны быць прыцягнутыя да адказнасці — каб беларускае грамадства ўбачыла доўгачаканую справядлівасць і альтэрнатыву стану беззаконня і прававога дэфолту. І то вельмі важна ў каштоўнасным і светапоглядным плане — каб грамадства ўбачыла цывілізаваную, а таксама цывілізацыйную альтэрнатыву дыктатуры Лукашэнкі і альтэрнатыву «рускаму свету», у які Лукашэнка ўцягвае нашу краіну. Альтэрнатыву ў асобе заходняй дэмакратыі, Еўрапейскага саюза, дзе дзейнічаюць права і яго інстытуты. Дзе закон і правы чалавека з'яўляюцца фундаментальнай каштоўнасцю. Як стварыць гэтую альтэрнатыву і зрабіць яе асновай агульнай стратэгіі Захаду ў дачыненні да Беларусі? Стратэгія, якая з’яўляецца неабходнай. 1. Міжнародны судовы пераслед. Неабходна выдаць ордэр на арышт Аляксандра Лукашэнкі. І тут мы маем два віды злачынстваў, учыненых дыктатарам, якія могуць стаць падставай для выдачы такога ордэра Міжнародным крымінальным судом: Злачынствы супраць чалавецтва, учыненыя ў дачыненні да беларусаў, пра якія я казаў раней. Ваеннае злачынства — незаконнае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый. Наша каманда — Народнае антыкрызіснае ўпраўленне — ужо перадала пракурору МКС у Гаазе дзве часткі камунікацыі «Аб незаконнай дэпартацыі або перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторый у Беларусь» у адпаведнасці з артыкулам 15 Рымскага статута. Акрамя таго, у сярэдзіне лістапада 2023 года быў апублікаваны даклад лабараторыі гуманітарных даследаванняў Ельскай школы грамадскай аховы здароўя «Супрацоўніцтва Беларусі з Расіяй у сістэматычнай дэпартацыі дзяцей Украіны». Гэтая справаздача фактычна пацвердзіла ўсе факты, якія мы раней прадставілі ў МКС. Больш за тое, Парламенцкая асамблея Савета Еўропы прыняла ўжо другую рэзалюцыю адносна дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей, у якой гэтыя дзеянні, у якіх непасрэдна замешаныя рэжым Лукашэнкі і асабіста дыктатар, названыя патэнцыйна падпадаючымі пад артыкул II Канвенцыі 1948 года аб папярэджанні злачынства генацыду і пакаранні за яго. Лукашэнка зноў пойдзе на «прэзідэнцкія выбары» ў 2025 годзе. Мы разумеем, што ў 2020 годзе Лукашэнка ўжо прайграў выбары, сфальсіфікаваў іх і сілай захапіў уладу. Новыя «выбары» гэтага не адмяняюць. Лукашэнка больш не прэзідэнт і ўжо ніколі ім не стане. Але тым не менш на «выбары» 2025 года нам варта адправіць Лукашэнку з ордэрам на арышт. Гэта будзе магутны ўдар па яго рэжыму, удар па цэнтры яго сістэмы, здольны яе раскалоць. 2. Санкцыі як інструмент адказнасці. Неабходна зрабіць больш жорсткімі санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі і сур'ёзна ўзмацніць кантроль за іх выкананнем. Адным з захадаў, якія мы прапануем, з'яўляецца прыняцце новага магутнага праваабарончага пакета эканамічных санкцый у дачыненні да тых галін эканомікі і тавараў, у вытворчасці якіх выкарыстоўваецца праца палітвязняў. Мы не павінны забываць, што рэжым Лукашэнкі з'яўляецца саўдзельнікам вайны супраць Украіны. Найлепшым рашэннем было б гарманізаваць эканамічныя санкцыі супраць Расіі і рэжыму Лукашэнкі, захаваўшы пры гэтым існуючыя санкцыі, такія як санкцыі ў дачыненні да беларускага калію. Любыя спекуляцыі вакол калійных санкцый павінны спыніцца. Адмена гэтых санкцый непрымальная датуль, пакуль існуе рэжым Лукашэнкі. Само пытанне санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі не можа быць прадметам спекуляцый. Мы бачым, як тавары ідуць у Расію ў абыход уведзеных санкцый праз Беларусь, беларуская прамысловасць працуе на вайну фактычна як складнік расійскага ВПК, дзейнічае адзіная Ваенная дактрына Саюзнай дзяржавы, абноўленая Вайсковая дактрына Беларусі. А ў гэты час Еўропа рыхтуецца да новай вайны, але нават не намагаецца прыняць рэальныя эканамічныя меры супраць агрэсараў, якія ўсталі на ваенныя рэйкі. Стратэгічнай памылкай было захоўваць розніцу ў эканамічных санкцыях супраць двух агрэсараў — Расіі і рэжыму Лукашэнкі — так доўга. Цяпер гэтая памылка пагражае ператварыцца ў фатальную. 4. Палітычны ціск на рэжым — міжнароднае прызнанне Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі пад кіраўніцтвам Святланы Ціханоўскай. Неабходна прызнаць і падтрымаць гэтую палітычную альтэрнатыву нелегітымнаму рэжыму Лукашэнкі. І неабходна працягваць непрызнанне і ізаляцыю Лукашэнкі і ягонага ўрада. А таксама непрызнанне так званых выбараў, якія яны спрабуюць імітаваць. Сапраўдных выбараў пры гэтым рэжыме няма і не будзе — пакуль гэты рэжым Існуе. Таму пазіцыя нашых міжнародных партнёраў павінна быць цвёрдай — ніякага прызнання Лукашэнкі, ягонага ўрада, ягонага так званага парламента і ягоных так званых выбараў не будзе. Замест гэтага варта прызнаць Аб'яднаны Пераходны Кабінет Беларусі і іншыя інстытуты беларускіх дэмакратычных сіл. У сувязі з гэтым мы дзякуем Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы за прыняцце рэзалюцыі «Дэмакратычная будучыня для Беларусі», у якой, цытую: «вітаецца стварэнне Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, цэнтральнага выканаўчага органа дэмакратычнага руху, сумесна з Каардынацыйнай Радай — адзіным прадстаўнічым органам беларускага дэмакратычнага грамадства, як суб'ектаў, якія прадстаўляюць законныя дэмакратычныя памкненні народа Беларусі». Такое прызнанне таксама вельмі важна для абароны суверэнітэту Беларусі, непрызнання любых дамоваў і пагадненняў, якія падпісваюцца нелегітымным рэжымам Лукашэнкі з Расіяй і пагражаюць нашай незалежнасці і суверэнітэту, якія імкліва руйнуюцца з дапамогай праекта так званай Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі. І пад прыкрыццём якога пасля падпісання сумеснай Ваеннай дактрыны ў лістападзе 2021 года пачаліся так званыя саюзныя ваенныя вучэнні, вынікам якіх стала ўварванне ва Украіну. Гэта вельмі важна разумець: праект Саюзнай дзяржавы — гэта не нейкі фантом. Гэта інструмент, які сапраўды працуе для паглынання Беларусі і агрэсіі супраць Украіны. Акрамя таго, у рамках Саюзнай дзяржавы і з яе бюджэту фінансавалася незаконнае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей у Беларусь і іх ідэалагічная апрацоўка. Больш за тое, у рамках Саюзнай дзяржавы вядзецца актыўная праца па знішчэнні беларускай ідэнтычнасці, культуры і мовы і замене іх рускімі. У тым ліку гэта адбываецца з дапамогай масіраванай прапаганды. Наўпрост зараз ідзе стварэнне адзінага медыяхолдынга Саюзнай дзяржавы. 4. Таму неабходна ўсімі сіламі падтрымліваць беларускую культуру і незалежныя СМІ. Існуе вострая неабходнасць у комплекснай праграме падтрымкі беларускіх культурных праектаў у выгнанні, перш за ўсё, культурных праектаў на беларускай мове. Вельмі важна ўзмацніць падтрымку беларускіх незалежных СМІ ў выгнанні. І адмовіцца ад дэструктыўнай практыкі аб'яднання падтрымкі незалежных беларускіх і расійскіх СМІ і падтрымкі беларускіх СМІ па рэштавым прынцыпе. Падобны падыход можа знішчыць беларускую і асабліва беларускамоўную незалежную журналістыку. Беларусь не з'яўляецца часткай «рускага свету». Беларусь — не частка расійскага інфармацыйнага асяроддзя. І не павінна ёй быць. Мы шмат гаворым пра важнасць захавання суверэнітэту і незалежнасці Беларусі. Незалежныя беларускія СМІ — гэта іх неад'емны складнік. 5. Альтэрнатыва Саюзнай дзяржаве і «рускаму свету» — еўрапейская перспектыва для Беларусі. Наш геапалітычны выбар, выбар дэмакратычных сіл — гэта Еўрапейскі саюз. Я заклікаю падтрымаць гэты выбар, працягваючы пашыраць і ўмацоўваць супрацоўніцтва інстытутаў ЕС з дэмакратычнымі сіламі. Пустое крэсла на снежаньскай сустрэчы міністраў Усходняга партнёрства не павінна быць пустым — гэта месца могуць заняць беларускія дэмакратычныя сілы. Вось ключавыя дзеянні, на мой погляд, якія неабходныя для стварэння альтэрнатывы, у якую павераць беларусы і якая стане каталізатарам наступу дэмакратычных пераменаў у Беларусі. Дзякуй за ўвагу. Жыве Беларусь!

  • У Мінску знясуць помнік Леніну

    Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол «Беларусь зменіцца толькі тады, калі гэты помнік будзе вынесены з цэнтральнай плошчы Беларусі», — пачуў ад мяне першы віцэ-прэм’ер Андрэй Кабякоў, калі стаяў каля вакна і глядзеў на помнік Леніну на плошчы Незалежнасці. Гэты помнік узнік на плошчы 90 гадоў таму. У тыя часы Леніны пачалі актыўна з’яўляцца ў многіх гарадах Беларусі. З прыходам саветаў беларусы пайшлі на масавае знішчэнне нацыянальнай культуры, гісторыі і мовы, праз крывавыя рэпрэсіі і пераслед соцен тысячаў беларусаў. Прайшло шмат гадоў з таго моманту. З часам сімвал савецкай эпохі стаў сімвалам і эпохі лукашызму. Як і ў савецкія часы, сёння ў краіне тысячы палітзняволеных, як і ў савецкія часы, знішчаецца беларуская культура і мова. Усё па-ранейшаму, толькі імёны выканаўцаў змяніліся. А сімвал застаўся ранейшым — усё той жа помнік Леніну на цэнтральнай плошчы Беларусі. І нават на хвалі ўзбуджэння грамадскай свядомасці беларусаў у 2020-ым годзе сведкам шматтысячных мітынгаў свабодных беларусаў у Мінску таксама быў усё той жа самы Ленін. Ён жа быў сведкам і мітынгаў 1990-х. Помнікі Леніну паказваюць сутнасць Лукашэнкі. Яму не патрэбныя нацыянальныя героі, яго не цікавяць беларускія дзеячы культуры і мастацтва. І, на жаль, варта канстатаваць, што пакуль мы не пазбавімся ленінаў па ўсёй краіне, пакуль мы будзем звяртаць увагу на чужых герояў, а не на сваіх, беларускіх, мы наўрад ці можам думаць, што Беларусь стане свабоднай, дэмакратычнай і незалежнай. Аднаўленне гістарычнай памяці — гэта пытанне часу. Незалежнасць краіны — гэта асаблівы здабытак, які неабходна абараняць. У гэтым пытанні асаблівую ролю мае нацыянальная культура. Упэўнены, што ў будучай Новай Беларусі будзе ўшанавана памяць тых, хто спрычыніўся да нашай нацыянальнай спадчыны і гэта будзе адна з важных для нас задач. Беларуская культура — багатая, выбітная, асаблівая. І прыдзе час, калі на беларускіх вуліцах будуць стаяць помнікі беларусам, а не чужынцам.

  • Санкцыі за рабскую працу палітвязняў

    Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол Цемрашальства ў Беларусі не спыняецца ні на адзін дзень. Толькі за апошні час былі затрыманыя сотні беларусаў. Народнае антыкрызіснае ўпраўленне ў камунікацыі з еўрапейскімі дэпутатамі ў гэтыя выходныя ўнесла прапановы ў праект рэзалюцыі Еўрапарламента ў сувязі з пагаршэннем сітуацыі ў нашай краіне, якая будзе прынятая ў бліжэйшы час. Мы заклікаем Савет ЕС: 1. Прыняць найхутчэйшыя санкцыі ў дачыненні да ўсіх груп тавараў, якія вырабляюцца з дапамогай прымусовай працы палітычных зняволеных у пенітэнцыярных установах Рэспублікі Беларусь, з мэтай прымусу Лукашэнкі да вызвалення палітвязняў. 2. Прыняць больш хуткую гарманізацыю гандлёвых санкцый паміж рэжымам Лукашэнкі і Расіяй. 3. Абмежаваць транзіт падсанкцыйных тавараў праз тэрыторыю Беларусі і Расіі ў/з трэціх краін, у тым ліку з дапамогай спецыяльных квот, з мэтай ліквідацыі магчымасці абыходу існуючых абмежаванняў. 4. Узмацніць фінансавыя санкцыі супраць галоўнага хаўрусніка Расіі ў агрэсіі супраць Украіны — рэжыму Лукашэнкі — аж да закрыцця/блакавання карэспандэнцкіх рахункаў беларускіх банкаў, якія абслугоўваюць падсанкцыйныя кампаніі з Расіі і Беларусі. 5. Накласці санкцыі на сістэму перадачы фінансавых паведамленняў Банка Расіі — расійскага аналага сістэмы SWIFT, з дапамогай якога расійскія ўлады і кампаніі хаваюць факты абыходу абмежавальных захадаў. Раней гэтыя прапановы перададзеныя камандай НАУ таксама ў адрас міністраў замежных спраў Польшчы, Літвы, Эстоніі, Швецыі і іншых краін. Мы не спынімся ў нашым ціску на рэжым Лукашэнкі. Рэжым павінен панесці адказнасць за ўсе тыя злачынствы, якія здзяйсняюцца ў дачыненні да беларусаў.

  • Лукашэнка рыхтуе вайну

    Павел Латушка ў інтэрв'ю APA-Austria Presse Agentur Крыніца: apa.at У сувязі з мілітарызацыяй рэжыму Аляксандра Лукашэнкі беларускі палітык у выгнанні Павел Латушка асцерагаецца, што цягам некалькіх гадоў войска Беларусі зможа разам з расійскім войскам пачаць ваенныя дзеянні супраць Захаду. Пра гэта Латушка заявіў APA у аўторак вечарам падчас мерапрыемства па Беларусі ў аўстрыйскім парламенце, на якое яго запрасіла знешнепалітычны прадстаўнік зялёных Эва Эрнст-Дзедзіч. «Мой прагноз такі: калі ў Беларусі не будзе стратэгіі падтрымкі дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці, то праз два-тры гады большая частка беларускага войска будзе гатовае пачаць вайну разам з узброенымі сіламі Расійскай Федэрацыі, у тым ліку супраць Захаду», — растлумачыў у інтэрв'ю АPA былы міністр культуры і паплечнік лідара апазіцыі ў беларускім урадзе ў выгнанні Святланы Ціханоўскай. У такім выпадку Беларусь магла б не толькі даць сваю тэрыторыю для агрэсіі, як гэта адбываецца цяпер, але і сама ўзяць удзел у нападзе. Палітык, завочна асуджаны на 18 гадоў пазбаўлення волі, згадаў у гэтай сувязі пра папраўкі да закона, якія тычацца ваенных дзеянняў. Смяротнае пакаранне было ўведзена для салдат за дзяржаўную здраду, а таксама было створана народнае апалчэнне. Акрамя таго, былі праведзены трэнінгі, якія тычацца кіравання рэсурсамі, палівам і харчаваннем падчас вайны, для кіраўнікоў кампаній. «Ён (Лукашэнка — заўв.) таксама размясціў на беларускай тэрыторыі тактычную ядзерную зброю, каб выкарыстоўваць яе як гарантыю бяспекі, калі б ён накіраваў у бой узброеныя сілы супраць іншай дзяржавы», — растлумачыў Латушка, згадаўшы аперацыю каля літоўска-польскага калідора Сувалкі або супраць Украіны ў якасці гіпатэтычных прыкладаў. У той час як расійскія прадстаўнікі дзяржавы заўсёды казалі пра тое, што расійская ядзерная зброя знаходзіцца ў Беларусі, Лукашэнка неаднаразова падкрэсліваў, што рашэнне аб ужыванні гэтай зброі будзе прымаць ён сам. Латушка мяркуе, што гэта права Мінска было замацаванае ў сакрэтным дадатковым пратаколе да расійска-беларускага пагаднення аб размяшчэнні тактычнай ядзернай зброі ў Беларусі. У якасці меры супраць магчымай ваеннай эскалацыі палітык у выгнанні прапанаваў энергічныя меры супраць рэжыму і падтрымку па-праеўрапейску настроеных беларусаў. Урэшце, тысячы з іх былі пазбаўленыя волі за пратэсты супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў 2020 года, і сотні тысяч пакінулі сваю радзіму. Аднак не прадпрымаючы дастатковых захадаў супраць Лукашэнкі, Захад дэматывуе гэтых людзей. «Ніхто не быў прыцягнуты да адказнасці (міжнародным крымінальным правасуддзем — заўв. рэд.), не прынятыя санкцыі, якія былі б супастаўныя з санкцыямі супраць Расіі», — крытыкуе ён. Неэфектыўнасць падыходу Захаду да рэжыму выклікае ў беларусаў пытанне, навошта ім змагацца за дэмакратыю. У той жа час Расія актыўна падтрымлівае прарасійскую і антызаходнюю меншасць і выкарыстоўвае «велізарную прапагандысцкую машыну», растлумачыў ён. Толькі ў панядзелак Лукашэнка і прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін абвясцілі аб стварэнні сумеснага медыяхолдынга. Неабходнасць больш жорсткіх захадаў Латушка абгрунтоўвае, у прыватнасці, тым, што больш мяккія санкцыі дазваляюць імпартаваць у Беларусь грамадзянскія і ваенныя тавары, перадаючы іх у Расію або выкарыстоўваючы ва ўласнай ваеннай прамысловасці. «Адным з галоўных пытанняў з'яўляецца вытворчасць дронаў, у якую Лукашэнка істотна інвеставаў», — сказаў ён. У той жа час палітык у выгнанні выказаў шкадаванне, што ў апошнія гады на Захадзе неаднаразова недаацэньвалі Лукашэнку. Міжнародныя кампаніі павінны былі вырашыць у 2020 ці 2021 годзе, ці хочуць яны заставацца ў Беларусі. «Мы таксама казалі аўстрыйскім кампаніям, што рызыкі ўзрастуць, і гэта можа прывесці да страты інвестыцый», — падкрэсліў Латушка. Цяпер усе апынуліся ў пастцы, сказаў ён, спасылаючыся на ўказ Лукашэнкі ад восені 2023 года, згодна з якім кампаніі з «недружалюбных» краін павінны пры продажы долей выплаціць дзяржаве 25 адсоткаў ад рынкавага кошту, а продаж павінен быць ухвалены ўрадам. Палітык, які жыве ў выгнанні ў Варшаве, ускладае вялікія надзеі на новы польскі ўрад. Польшча заўсёды была саюзнікам дэмакратычных сіл у Беларусі — у гэтым ёсць міжпартыйны кансэнсус. «Аднак, паколькі (прэм'ер-міністр Дональд) Туск і (міністр замежных спраў Радаслаў) Сікорскі з'яўляюцца праеўрапейскімі палітыкамі, яны будуць мець большы ўплыў на распрацоўку стратэгіі Еўрапейскага саюза ў дачыненні да Беларусі», — кажа Латушка.

  • Чыноўнікі змагаюцца адзін з адным

    Намеснік кіраўніка НАУ Арцём Брухан у інтэрв'ю каналу «6TV Biełaruś» У Беларусі распачынаецца кампанія прызначэнняў у Палату прадстаўнікоў, якой характэрная ўнутраная барацьба розных груп уплыву. Такая барацьба была заўсёды: чыноўнікі заўсёды паміж сабой абмяркоўвалі, хто больш уплывовы, а хто — менш. Проста ў нейкія часы яна больш відавочная, напрыклад, як зараз, а ў нейкія часы яна не такая моцная. У гэтай барацьбе можна вызначыць два трэкі. Першы — барацьба паміж сілавымі структурамі. Умоўна кажучы, барацьба паміж КДБ і МУС. Паміж гэтымі структурамі барацьба была заўсёды, але зараз яна выйшла на новы ўзровень. Напрыклад, так званы намеснік міністра ўнутраных спраў фарміруе пул рускамірскіх прапагандыстаў, якія ідуць у «палатку». Другі — грамадзянскі трэк. Хтосьці меціў, напрыклад, на пазіцыю кіраўніка адміністрацыі Лукашэнкі, а гэта па-сутнасці найбольш уплывовая пасля Лукашэнкі фігура. Не прэм’ер-міністр, не спікер парламента — яны нічога не вызначаюць. Адміністрацыя Лукашэнкі — гэта вельмі ўплывовая структура ў лукашэнкаўскай сістэме, дзе ўлада сканцэнтравана на самым высокім узроўні. Таму і ідзе барацьба. У гэтую ўключаюцца і сілавыя структуры: хтосьці хабар знойдзе ў кіраваўніцтве спраў Лукашэнкі, хтосьці — яшчэ нешта. Гэта спроба палітычнага ўплыву, вынікі якога можна будзе пабачыць неўзабавае.

bottom of page