top of page

Пошук па сайце

Search this site

1023 results found with an empty search

  • Еўрапарламент патрабуе вызваліць усіх палітвязняў

    Сёння, 14 снежня 2023 года, Еўрапейскі парламент прыняў Рэзалюцыю, прысвечаную палітычным зняволеным Беларусі і нядаўнім рэпрэсіям у дачыненні да членаў сем'яў беларускіх палітыкаў і актывістаў. Што неабходна сказаць пра змест Рэзалюцыі і чым важны сам факт яе прыняцця? Нефармальна дадзеную Рэзалюцыю можна назваць «Рэзалюцыяй Мікалая Статкевіча», а ў цэлым яе можна ахарактарызаваць як спецыяльную рэзалюцыю па сітуацыі з палітычнымі зняволенымі ў нашай краіне – менавіта на гэтым рэзалюцыя робіць асаблівы акцэнт. Гэта вельмі важна таму, што тэма палітычных зняволеных вынесена ў асобны фокус увагі, у адрозненне ад большасці рэзалюцый, якія прысвечаны сітуацыі ў Беларусі ў больш шырокім кантэксце. Такі фокус кажа пра тое, што сітуацыя з палітычнымі вязнямі працягвае пагаршацца, градус рэпрэсій не падае, усё больш палітвязняў аказваюцца ў статусе інкамунікадо і ізаляцыі, падвяргаюцца здзекам, паразе ў правах, такіх як права перапіскі, доступ да адвакатаў, медыцынскай дапамогі і гэтак далей. А таксама падвяргаюцца катаванням. Важна адзначыць, што Еўрапарламент спасылаецца на даклад Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека, дзе выразна пазначана, што ўмовы ўтрымання пад вартай у Беларусі раўнасільныя жорсткаму, бесчалавечнаму і зневажальнаму годнасць абыходжанню і катаванням, што, згодна, напрыклад, артыкулу 7 Рымскага статута, можа быць вызначана як злачынства супраць чалавечнасці. Таксама вельмі важна, што акрамя канстатацыі абуральнай сітуацыі з палітычнымі зняволенымі Беларусі, Еўрапарламент заклікае дзяржавы ЕС да прыняцця канкрэтных захадаў ціску на рэжым Лукашэнкі: узмацненню санкцыйнага ціску; выкліку дыпламатычных прадстаўнікоў рэжыму, якія яшчэ засталіся ў краінах ЕС, для атрымання доказаў стану і месцазнаходжання палітвязняў, пазбаўленых камунікацыі са знешнім светам; дакументаванню міжнародных злачынстваў і прыцягненню вінаватых да адказнасці; крымінальнаму пераследу і прымяненню санкцый у дачыненні да ўсіх, хто нясе адказнасць за парушэнні правоў чалавека і ваенныя злачынствы пры рэжыме Лукашэнкі. Уключэнне ў тэкст рэзалюцыі гэтых мер было ініцыявана пры актыўным удзеле каманды Народнага антыкрызіснага ўпраўлення. Кіраўнік НАУ Павел Латушка адзначыў: «У сваёй рэзалюцыі Еўрапарламент выразна пазначае патрабаванне неадкладнага і безумоўнага вызвалення ўсіх палітычных зняволеных, іх поўнай рэабілітацыі і кампенсацыі за прычыненую ім шкоду. Гэтая пазіцыя сугучная пазіцыям, нядаўна агучаным Вярхоўным прадстаўніком ЕС па замежных справах Жазэпам Барэлем і прэс-сакратаром Дзярждэпартамента ЗША Мэцью Мілерам – ціск на рэжым Лукашэнкі і санкцыі ў дачыненні да яго не будуць аслабленыя, пакуль усе палітвязні не будуць вызвалены. У кантэксце прыняцця дадзенай Рэзалюцыі таксама варта адзначыць, што 1 лістапада 2023 года падчас мітынгу ў Варшаве, наша каманда выступіла з ініцыятывай прыняцця рэзалюцыі, шмат у чым сугучнай з сённяшняй Рэзалюцыяй Еўрапарламента. Рэзалюцыя на мітынгу была прынятая аднагалосна і пасля была накіраваная ўрадам краін-чальцоў ЕС, ЗША, Канады, Вялікабрытаніі і ў Еўракамісію. Сёння мы бачым, што голас беларусаў чуюць. І актыўнасць дыяспары ў справе барацьбы за вызваленне палітвязняў вельмі важная. Нашы сумесныя намаганні даюць вынікі. Мы павінны іх нарошчваць і працягваць барацьбу за вызваленне нашых людзей і прыцягненне да адказнасці тых, хто ўзяў наш народ у закладнікі. Мы не маем права здавацца. Толькі праз адказнасць, толькі праз магутны ціск мы зможам вызваліць усіх». Жыве Беларусь!

  • Гарманізаваць санкцыі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі і Расіі

    11 снежня Павел Латушка сустрэўся ў Брусэлі са спецыяльным пасланнікам ЕС па санкцыях Дэвідам О'саліванам. Бакі абмеркавалі комплекс праблем санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі. Павел Латушка прадставіў пазіцыю Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі і Народнага антыкрызіснага ўпраўлення аб неабходнасці гарманізацыі эканамічных санкцый у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі і Расіі з мэтай недапушчэння абыходу санкцый (без паслаблення абмежаванняў у дачыненні да калійных угнаенняў з Беларусі). Акрамя таго, быў прапанаваны варыянт забароны транзіту праз Беларусь і Расію падсанкцыйных тавараў альбо ўвядзення гандлёвых квот на гэтыя тавары з трэцімі краінамі на даваенным узроўні, гэта значыць да прыняцця асноўных сектаральных санкцый у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. Таксама была выказана пазіцыя аб неабходнасці ізаляцыі Сістэмы перадачы фінансавых паведамленняў Банка Расіі і неабходнасці накладання санкцый на ўстановы і службовых асобаў Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расіі за незаконнае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей і дзеянні па абмежаванні суверэнітэту Беларусі. О'Саліван падтрымаў падыход пра важнасць гарманізацыі санкцый у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі і санкцый, уведзеных у дачыненні да Расіі. Бакі пагадзіліся, што адсутнасць вырашэння гэтай праблемы істотна ўплывае на эфектыўнасць санкцыйнай палітыкі ЕС. Аднак існуючыя перашкоды пакуль не дазваляюць зрабіць істотны крок у пытанні гарманізацыі санкцый, абмеркаваны прапановы пра шляхі іх пераадолення. Таксама О'Салівану былі перададзеныя апублікаваныя ў гэты дзень незалежнымі беларускімі СМІ вынікі расследавання праекта «Бюро» пра абыход санкцый на люксавыя аўтамабілі. Дадаткова перададзеныя прапановы па ўдасканаленні санкцый таксама ад Беларускага раследвальніцкага цэнтра. Кіраўнік НАУ таксама выступіў з просьбай звярнуць увагу на важнасць увядзення санкцый у дачыненні да Саюзнай дзяржавы як інстытута, які павялічвае залежнасць Беларусі ад Расіі з мэтай наступнай інкарпарацыі нашай краіны. Павел Латушка ініцыяваў абмеркаванне падыходу аб стварэнні дадатковага санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі для дасягнення адной з ключавых мэтаў беларускіх дэмсілаў — вызвалення палітвязняў. Таксама падчас сустрэчы Павел Латушка перадаў пералік асоб і арганізацый рэжыму Лукашэнкі, прапанаваных для накладання санкцый (больш за 200 фізічных і юрыдычных асоб). Плануецца, што ў наступны санкцыйны пакет ЕС за агрэсію супраць Украіны будзе уключаны шэраг вайскоўцаў і службовых асоб рэжыму Лукашэнкі.

  • Барацьба з Лукашэнкам

    Павел Латушка пра барацьбу беларусаў унутры краіны. Вы калі-небудзь задумваліся пра тое, што наогул значыць лічба 1500 палітвязняў (хоць у рэальнасці мы можам смела памнажаць яе ў 3, 4, а можа і 5 разоў) для Беларусі з насельніцтвам у 9 мільёнаў? Гэта значыць, што ідзе барацьба. Гэта значыць, што людзі не здаліся. Таму што само слова «палітвязень» азначае, што чалавек здзейсніў той ці іншы палітычны акт, дзеянне, праявіў сваю пазіцыю. І людзі працягваюць іх здзяйсняць. Для прыкладу, ў 140-мільённай Расіі па дадзеных, напрыклад, Мемарыяла, усяго 87 палітвязняў. Добра, давайце і тут памножым ў 3, 4 або 5 разоў. Але розніца, думаю, зразумелая. І, думаю, зразумела і тое, што гэтая розніца такая не таму, што Расія больш дэмакратычная дзяржава, чым Беларусь. Яна такая, бо беларусы — змагаюцца. Таму што ўнутраны ціск на рэжым ёсць, ён насамрэч адчувальны і рэжым вымушаны з гэтым лічыцца. Ён яго сапраўды баіцца. А вонкавы ціск — гэта пра адказнасць. Пра міжнародныя інструменты прыцягнення такіх рэжымаў, як у Беларусі, да адказнасці. Гэта і санкцыі, і крымінальная адказнасць, і палітычная ізаляцыя рэжыму. Гэта ўсё тыя інструменты, прымяненне якіх мы дамагаемся. Маючы частковы поспех, але не дастатковы на дадзены момант. У першую чаргу таму, што гэтыя інструменты — не ў нашых руках, а ў руках нашых партнёраў. Людзі, якія не здаюцца ўнутры краіны, павінны бачыць, што іх падтрымліваюць, што ім дапамагаюць, што рэжым нясе адказнасць, не застаецца беспакараным.

  • Ваенныя злачынствы Лукашэнкі ў фокусе ўвагі Асамблеі МКС у Нью-Ёрку

    З 4 па 14 снежня ў Нью-Ёрку праходзіць Асамблея дзяржаў-удзельніц Рымскага статута. Дадзенае мерапрыемства з'яўляецца найважнейшай пляцоўкай камунікацыі Міжнароднага крымінальнага суда з дзяржавамі-ўдзельнікамі Рымскага Статута, на якой прадстаўнікі дзяржаў прыцягваюць увагу МКС да сітуацый, у якіх здзяйсняюцца найбольш сур'ёзныя міжнародныя злачынствы. У ходзе дадзенага штогадовага мерапрыемства гэтым разам таксама праводзяцца і выбары 6 новых суддзяў Міжнароднага крымінальнага суда на наступныя 9 гадоў, разглядаюцца пытанні бюджэту і справаздачы аб дзейнасці суда. Цэлы шэраг прадстаўнікоў сваіх дзяржаў у ходзе выступленняў станоўча ацанілі рашучыя крокі МКС у дачыненні да пераследу вінаватых у дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей. Была выказана надзея, што расследаванне злачынстваў у дачыненні да ўкраінскіх дзяцей будуць працягнутыя. Дзякуючы намаганням каманды НАУ тэма ваенных злачынстваў у дачыненні да дзяцей, учыненых Лукашэнкам, таксама знаходзіцца ў фокусе пасяджэння ўдзельнікаў Асамблеі МКС. Акрамя таго, сярод прадстаўнікоў МКС і ўдзельнікаў экспертнай супольнасці не ўзнікае сумненняў у кваліфікацыі дзеянняў Лукашэнкі ў дачыненні да Украіны і беларускага народа як злачынства агрэсіі і злачынствы супраць чалавечнасці. Аднак неабходная палітычная воля дзяржаў для рэалізацыі наяўных механізмаў. У гэтай сувязі Павел Латушка і чальцы каманды НАУ працягнуць актыўнае прасоўванне пытання адказнасці Лукашэнкі за ўчыненыя ім злачынствы.

  • Чэхія падтрымлівае дэмакратычную Беларусь

    Сенатары ініцыююць у Мінюсце Чэхіі пытанне прыцягнення да адказнасці прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі. Спрашчэнне легалізацыі беларусаў у Чэхіі і прыцягненне да адказнасці предстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі — галоўныя тэмы абмеркавання падчас сустрэчы намесніка кіраўніка Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Паўла Латушкі і прадстаўнікоў пазаўрадавых арганізацый Беларусі з членамі дэлегацыі Сената Чэхіі і паслом Чэхіі ў Польшчы Бржеціславам Данчакам ў рамках «міттеранскага снядання», традыцыя якога была закладзеная 9 снежня 1988 года ў Празе. Падчас сустрэчы Павел Латушка ад імя дэмакратычных сілаў унёс прапановы па наступных пытаннях: аб неабходнасці выкарыстання інструментаў універсальнай юрысдыкцыі ў рамках чэшскага заканадаўства па прыцягненні да адказнасці асобаў, вінаватых у рэпрэсіях у адносінах да беларускага народа; аб важнасці выкарыстання «Акта Магніцкага», прынятага чэшскім парламентам з мэтай рэалізацыі нацыянальных санкцый Чэхіі ў адносінах да прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі; аб непрызнанні «выбараў», якія плануе арганізаваць рэжым Лукашэнкі ў лютым 2024 года; аб магчымасці вызвалення беларускіх палітзняволеных. Сенатары і пасол Чэхіі выказалі гатоўнасць прапрацаваць агучаныя прадстаўнікамі дэмакратычных сіл Беларусі праблемы, якія былі абмеркаваныя падчас сустрэчы. Кіраўнік чэшскай дэлегацыі сенатар Радуан Нвелаці праінфармаваў, што правядзе сустрэчу з міністрам юстыцыі Чэхіі, падчас якой падкрэсліць важнасць выкарыстання інструментаў універсальнай юрысдыкцыі і вырашэння праблем, якія перашкаджаюць выкарыстанню гэтага інструмента. Таксама ў МЗС Чэхіі будуць перададзеныя прапановы па выкарыстанні «Акта Магніцкага» ў Чэхіі па прымяненні санкцый, а таксама магчымасці прызначэння спецпрадстаўніка Чэхіі па Беларусі. Асобна было разгледжана пытанне працэдуры легалізацыі беларусаў, якія вымушаныя з-за рэпрэсій пакінуць тэрыторыю Беларусі і маюць патрэбу ў наданні ім статуса палітычных уцекачоў і спрашчэнні працэдуры выдачы дакументаў для грамадзян Беларусі, якія маюць праблемы ў сувязі са сканчэннем тэрміна дзеяння пашпартоў. Асабліва была адзначана тэма важнасці паляпшэння працэдур і магчымасцяў для атрымання віз грамадзянамі Беларусі. У «міттеранскім сняданні» таксама прынялі ўдзел прадстаўнікі НАУ, Беларускага прэс-цэнтра, ISANS, ЦБС, Беларускага дому ў Варшаве і Еўрарадыё. Павел Латушка падзякаваў чэшскаму боку за падтрымку незалежных СМІ, а таксама адзначыў важнасць таго, што Сенат Чэхіі быў адным з першых еўрапейскіх парламентаў, які прызнаў сваёй рэзалюцыей КДБ і ГУБАЗіК тэррарыстычнымі арганізацыямі ў лютым 2023 года.

  • Лукашэнка ці санкцыі — хто штурхае Беларусь у Расію?

    Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол Многія мяркуюць, што санкцыі з'яўляюцца ключавым фактарам, які штурхае Беларусь бліжэй да Расіі. Аднак, дэталёвы погляд на эканамічныя індыкатары дае падставы па-іншаму зірнуць на гэта сцверджанне. Абмеркаванне санкцый і акупацыі У дэбатах пра санкцыі часта ўзнікае пытанне аб тым, ці лічыцца Беларусь акупаванай тэрыторыяй. Гэты аспект важны, паколькі санкцыі супраць суб'ектаў гаспадарання, зарэгістраваных на акупаваных тэрыторыях, звычайна яшчэ больш строгія, чым на тэрыторыі акупанта. Прыклады Крыма і т. зв. ДНР пацвярджаюць гэты падыход. І тут не чутныя аргументы аслабіць санкцыі супраць т. зв. ДНР каб не штурхаць Данецк у абдымкі Крамля. Чыннікаў тут шмат, у тым ліку і адкрытыя межы паміж акупантам і акупаванай тэрыторыяй, дзякуючы чаму любая шчыліна будзе выкарыстоўвацца акупантам для абыходу санкцый. Таму тым, хто сцвярджае, што наша краіна акупаваная і адначасова кажа, што санкцыі адводзяць нас у Расію і таму іх трэба аслабіць, трэба ўлічваць пры адназначных сцвярджэннях і гэтую акалічнасць. Эканамічная залежнасць ад Расіі Большая частка эканомікі Беларусі, за выключэннем некаторых галін, ужо даўно і цесна звязана з Расіяй без усялякіх санкцый. І гэта была мэта Лукашэнкі ў яго перадвыбарчай праграме ў 1994 годзе і гэта тая стратэгія, якой прытрымліваецца дыктатар ужо 30 гадоў. І тут няма нічога новага, нічога функцыянальна не змянілася ў яго падыходах і з 2020 года. Такія галіны як нафтаперапрацоўка, хімічная прамысловасць, машынабудаванне, металургія проста неканкурэнтаздольныя на сваіх традыцыйных рынках збыту без датаваных энергарэсурсаў з Расіі. Таму прывязаць іх мацней да Расіі папросту немагчыма. Рост імпарту з ЕС Нягледзячы на санкцыі, якія нібыта «штурхаюць» Беларусь у Расію, імпарт з ЕС у 2023 годзе дасягнуў рэкордных значэнняў, што супярэчыць сцвярджэнням аб поўным эканамічным павароце Беларусі да Расіі. Страта гандлёвых сувязей з Украінай Напрыклад, у 2019 годзе доля Расіі ў тавараабароце Беларусі складала 49%, а Украіны — больш за 8%. Летась доля Расіі склала 60%, а Украіны — 0%. Куды дзеўся тавараабарот з Украінай? Ён перацёк у гандлёвыя стасункі Беларусі з Расіяй. Поўная страта самай вялікай часткі нерасійскага экспарту адбылася зусім не праз санкцыі, а праз вераломны напад на Украіну і ўдзел у агрэсіі, на жаль, нашай краіны, што прывяло да поўнага спынення гандлю з Украінай. Аналіз індэксаў Акрамя абстрактных заключэнняў аналітыкаў, існуюць аб'ектыўныя паказчыкі, індэксы, якія паказваюць наколькі канцэнтраваны экспарт і імпарт любой краіны. Аналізуючы гэтыя індэксы, можна зрабіць наступныя высновы: Канцэнтрацыя гандлю была непрымальнай ужо даўно (задоўга да санкцый), і ў разы больш, чым гэтыя параметры для Літвы, Польшчы і Украіны. Да 2020 года быў трэнд на рост канцэнтрацыі, тады як у суседзяў — падзенне. Г.зн. нашы суседзі дыверсіфікавалі рынкі, а Беларусь, нягледзячы на селектарныя нарады ў Лукашэнкі, не. У 2021 годзе, калі былі ўведзены санкцыі, канцэнтрацыя гандлю не вырасла, а ўпала, гэта значыць наадварот рынкі, куды пастаўляюцца беларускія тавары, пашырыліся. Для сцверджання, што санкцыі ўзмацняюць гандлёвую залежнасць ад Расіі, неабходна выкананне трох умоў: нізкая канцэнтрацыя гандлю да санкцый, рост канцэнтрацыі пасля ўвядзення санкцый і прамая сувязь гэтага росту з уводам санкцый. У рэальнасці ж усе тры прыкметы адсутнічаюць.

  • Жудасная трагедыя

    4 снежня апублікавана трагічная гісторыя 15-гадовай украінскай дзяўчынкі Арыны Яцюк і яе сям'і. Арыну і яе бацькоў забілі расійскія ваенныя падчас уварвання ва Украіну з тэрыторыі Беларусі. Са слоў малодшай сястры, Арына была яшчэ жывая, але цяжка параненая ў сцягно, калі яе забіралі расійскія ваенныя нібыта на лячэнне ў Беларусь. Амаль два гады блізкія шукалі інфармацыю пра лёс Арыны. Праўда адкрылася пасля перадачы па абмене цела дзяўчынкі ва Украіну, якое ўвесь гэты час знаходзілася ў моргу ў Мазыры, і правядзення аналізу ДНК. Жахлівасці гэтай трагедыі дадае паводзіны прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі, якім былі накіраваныя запыты пра лёс Арыны Яцюк. Запыты накіроўваліся і ў Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа. Усе спробы сваякоў атрымаць інфармацыю пра лёс Арыны засталіся без адказу. Ці варта ў чарговы раз нагадваць пра адсутнасць правоў чалавека ў Беларусі? Рэжым Лукашэнкі патаптаў права на годнасць Арыны Яцюк. Яны не правялі расследавання прычын яе смерці, нягледзячы на відавочныя прыкметы таго, што Арына загінула ў выніку незаконнага нападу на грамадзянскіх асоб. Яны не апавясцілі сваякоў Арыны, якія спадзяваліся, што дзяўчынка жывая. Ці магчыма цяпер прыцягнуць да адказнасці вінаватых? Па-першае, Арына, як і яе бацькі, як і многія іншыя загінулыя падчас расійскага ўварвання асобы ў Паўночнай і Цэнтральнай Украіне, з'яўляюцца ахвярамі злачынства агрэсіі Лукашэнкі і вышэйшага вайскова-палітычнага кіраўніцтва ягонага рэжыму. Калі б Лукашэнка не даў тэрыторыю Беларусі для расійскага ўварвання, то, хутчэй за ўсё, і Арына, і яе бацькі былі б жывыя сёння. Адказнасць за гэтае злачынства для Лукашэнкі магчымая ў выпадку задзейнічання спецыяльнага трыбунала за злачынства агрэсіі супраць Украіны. Па-другое, блізкія Арыны таксама з'яўляюцца ахвярамі злачынства гвалтоўнага знікнення. Асаблівасцю дадзенага злачынства з'яўляецца тое, што ахвярамі прызнаюцца блізкія, якія пазбаўленыя інфармацыі пра лёс зніклага чалавека, а само злачынства здзяйсняецца з удзелам дзяржаўных органаў. У дадзеным выпадку з удзелам менавіта дзяржаўных органаў, падкантрольных Лукашэнку. Дадзенае злачынства можа быць кваліфікавана як злачынства супраць чалавечнасці, у дачыненні да якога маецца юрысдыкцыя Міжнароднага крымінальнага суда.

  • Рэалізаваць стратэгію Германіі па Беларусі. Першыя крокі

    Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол Павел Латушка адзначыў важнасць прыняцця Бундэстагам Германіі 7 лістапада 2023 года рэзалюцыі «За дэмакратычную Беларусь у еўрапейскай сям'і», якая фактычна вызначае стратэгію палітыкі Германіі ў дачыненні да Беларусі і падтрымку дэмакратычных сіл Беларусі, а таксама дэмакратычнага выбару беларускага народа і еўрапейскіх памкненняў беларусаў. Магчымыя алгарытмы рэалізацыі гэтага рашэння Бундэстага былі абмеркаваны падчас сустрэчы з палітычным дырэктарам МЗС Германіі па пытаннях Усходняй Еўропы, Каўказа і Сярэдняй Азіі Маціясам Лютэнбергам, падчас якой Павел Латушка перадаў рэзалюцыю аб еўрапейскім выбары беларусаў, прынятую на канферэнцыі «Новая Беларусь» 6 жніўня 2023 года. Маціяс Лютэнберг пацвердзіў гатоўнасць Германіі працягваць санкцыйны ціск на рэжым Лукашэнкі, у тым ліку ў кантэксце недапушчэння зняцця ўведзеных Еўрапейскім саюзам абмежаванняў на пастаўкі калійных угнаенняў як найбольш істотнага інструмента ўплыву на рэжым. Кіраўнік НАУ звярнуў увагу на важнасць непрызнання т. зв. выбараў рэжыму, якія запланаваны на люты 2024 года. Асобна падчас сустрэчы былі абмеркаваныя магчымыя варыянты вызвалення палітычных зняволеных у Беларусі, у тым ліку ў кантэксце маючых адбыцца Алімпійскіх гульняў у 2024 годзе. Павел Латушка праінфармаваў аб прадпрымаемых камандай НАУ кроках, накіраваных на перадачу міжнародным інстытутам інфармацыі аб учыненых рэжымам Лукашэнкі і яго памагатымі ваенных злачынствах, звязаных з незаконным перамяшчэннем украінскіх дзяцей. Асобна адбылося абмеркаванне магчымых механізмаў прыцягнення да адказнасці Лукашэнкі і яго памагатых за злачынствы супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларускага народа. МЗС Германіі гатовы аказаць садзейнічанне ў кантактах з Міністэрствам юстыцыі Германіі для абмеркавання пытанняў адказнасці і выпрацоўкі сумесных крокаў па прыцягненні да адказнасці вінаватых у здзяйсненні злачынстваў.

  • Саюзная дзяржава як інструмент прыкрыцця імперскай палітыкі Расіі

    Даклад Народнага антыкрызіснага ўпраўлення 6 жніўня 2023 года дэмакратычнымі сіламі Беларусі была прынята палітычная дэкларацыя, дзе адной са стратэгічных мэтаў пазначаны выхад з усіх саюзаў з агрэсарам — Расійскай Федэрацыяй. Адным з такіх саюзаў з'яўляецца так званая Саюзная дзяржава. З мэтай павышэння інфармаванасці беларусаў аб тым, што з сябе ўяўляе Саюзная дзяржава, камандай НАУ пры падтрымцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі падрыхтаваны даклад «Саюзная дзяржава як інструмент прыкрыцця імперскай палітыкі Расіі». У дадзеным дакладзе ўтрымліваецца аналіз шэрагу нарматыўна-прававых актаў Саюзнай дзяржавы, аналіз публічных выказванняў дзяржаўных чыноўнікаў Расіі і Беларусі на тэму Саюзнай дзяржавы, а таксама аналіз публікацый расійскіх экспертаў і аналітыкаў на дадзеную тэму. Саюзная дзяржава як інтэграцыйны праект Расіі і Беларусі доўгі час разглядаўся многімі экспертамі як нейкі фантом. Сапраўды, цягам амаль 20 гадоў з моманту падпісання Дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы працэсы інтэграцыі Беларусі і Расіі адбываліся практычна незаўважна. Да 20-годдзя праекта расійскі бок распачаў спробу актывізаваць дзейнасць для стварэння «паўнавартаснай» Саюзнай дзяржавы, але ў 2019 годзе з шэрагу прычын, у тым ліку праз нежаданне Лукашэнкі ісці на больш глыбокую інтэграцыю без папярэдніх умоў у выглядзе зніжэння коштаў энэрганосьбітаў, адкрыцця расійскіх рынкаў для беларускіх тавараў, кампенсацыі за «падатковы манеўр» Расіі, не ўдалося рэалізаваць задуманае. Аднак, пасля падзей 2020 года Лукашэнка, паставіўшы жаданне захаваць сваю ўладу вышэй за інтарэсы Беларусі, павялічыў залежнасць беларускай дзяржавы ад Расіі. Лагічным вынікам гэтага стала падпісанне 4 лістапада 2021 года 28 інтэграцыйных праграм Саюзнай дзяржавы, а таксама абноўленай ваеннай дактрыны Саюзнай дзяржавы — такім чынам, Расія дасягнула сваёй мэты, якую ставіла перад сабой яшчэ ў 2019 годзе. Пад шырмай Саюзнай дзяржавы стаў адбывацца чарговы этап узмацнення ўплыву Расійскай Федэрацыі на Беларусь. На цяперашнім этапе відавочна, што Расіі важна было забяспечыць дадатковы плацдарм для наступу ва Украіне, а таксама падтрымку расійскай агрэсіі з боку Беларусі. Пры гэтым фармат Саюзнай дзяржавы разглядаўся як платформа для будучага паглынання заваяваных тэрыторый і афармлення новай імперыі, якая без Украіны і Беларусі проста немагчымая. Гэты даклад ставіць сваёй мэтай раскрыць і паказаць Саюзную дзяржаву як інструмент імперскай палітыкі Расіі ў дачыненні да Беларусі. З улікам зменлівага кантэксту аналіз ролі Саюзнай дзяржавы патрабуе актуалізацыі і дадатковага абмеркавання як у экспертным асяроддзі, так і ў беларускім грамадстве. Дадзены даклад дазволіць стымуляваць грамадскае абмеркаванне з мэтай фарміравання ў беларускім дыскурсе ўспрымання Саюзнай дзяржавы, адэкватнага пагрозам і выклікам, якія адбываюцца ад яе, і важнасці захавання незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Бо Беларусь пад кіраўніцтвам Лукашэнкі з'яўляецца непасрэднай пагрозай бяспецы як мінімум для чатырох краін Еўропы (Украіны, Польшчы, Літвы, Латвіі), таму што яна знаходзіцца ў сферы ўплыву Расіі. Пры гэтым для Рэспублікі Беларусь Саюзная дзяржава не стала тым аб'яднаннем, у рамках якога яна атрымлівала б значныя эканамічныя выгады. Адначасова ў рамках двухбаковых адносін паміж Расіяй і Беларуссю узнікала мноства канфліктаў на эканамічнай глебе. Аднак Расійская Федэрацыя выкарыстала Саюзную дзяржаву як шырму для дасягнення сваіх ваенна-палітычных, а цяпер і ўнутрыпалітычных мэтаў. Сёння Саюзная дзяржава не з'яўляецца суб'ектам міжнароднага права, але пры гэтым з'яўляецца шырмай для павелічэння ўплыву Расіі ў Беларусі і апраўданнем для агрэсіўнай імперскай палітыкі Расійскай Федэрацыі. Таксама можна меркаваць, што на аснове рыторыкі вакол Саюзнай дзяржавы Уладзімір Пуцін плануе перамагчы на выбарах прэзідэнта Расіі ў 2024 годзе як збіральнік зямель. Так, на дадзены момант адбываецца стварэнне перадумоў для ўбудавання партыйна-палітычнай сістэмы Беларусі ў партыйную сістэму Расіі, адпаведна адбываецца своеасаблівая ўніфікацыя партыйнага прадстаўніцтва ў парламентах Расіі і Беларусі. Верагодней за ўсё, канчаткова гэты працэс завершыцца пасля парламенцкіх выбараў у Беларусі і Расіі. Гэта можа адкрыць прамую дарогу да старту палітычнай «інтэграцыі» ў рамках Саюзнай дзяржавы шляхам стварэння Парламента Саюзнай дзяржавы, што цалкам адпавядае тым заявам у СМІ прадстаўнікоў рэжыму, якіх можна назваць у нейкай ступені ідэолагамі Саюзнай дзяржавы. Так, праўладны філосаф, выкладчык Акадэміі кіравання пры Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь Леў Крыштаповіч, адказваючы на пытанне «Якімі вы бачыце шляхі далейшага развіцця Саюзнай дзяржавы і супрацоўніцтва двух нашых народаў у будучыні?», агучыў наступныя словы: «На мой погляд, трэба казаць не пра мадэрнізацыю, а пра выкананне Дамовы аб Саюзнай дзяржаве. Гэта значыць ствараць саюзныя органы ўлады, саюзныя грошы, саюзнае грамадзянства, рабіць Саюзную дзяржаву суб'ектам сусветнай супольнасці, карацей: будаваць паўнавартасную Саюзную дзяржаву». Для незалежнай Рэспублікі Беларусь дэнансацыя Дамовы аб Саюзнай дзяржаве стратэгічна не пацягне негатыўных наступстваў, паколькі сам праект Саюзнай дзяржавы не прынёс за 25 гадоў свайго існавання ніякіх значных вынікаў для ўдзельнікаў Дамовы. Пры гэтым Расія выкарыстоўвае праект Саюзнай дзяржавы як інструмент сваёй імперскай палітыкі, накіраванай на знішчэнне незалежнасці Рэспублікі Беларусь, што з'яўляецца экзістэнцыяльным выклікам для беларускай дзяржаўнасці. Рэзюмэ 1. Дамова аб стварэнні Саюзнай дзяржавы 1999 года так і не прывяла да стварэння рэальнага дзяржаўнага ўтварэння, таксама як і органы Саюзнай дзяржавы не сталі паўнавартаснымі дзяржаўнымі інстытутамі. Аналіз Дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы дазваляе сцвярджаць, што яна супярэчыць Канстытуцыі Беларусі. Асноўная мэта стварэння праекта Саюзнай дзяржавы — вяртанне ў сферу ўплыву Расіі постсавецкай прасторы, у тым ліку замацаванне за ёй акупаваных тэрыторый Украіны, а ідэалогіяй Саюзнай дзяржавы з'яўляюцца антылібералізм і ідэі «рускага свету». 2. У рамках дзейнасці Саюзнай дзяржавы асаблівае месца займае ваенна-палітычная інтэграцыя. Пад прыкрыццём вучэнняў «Саюзная рашучасць-2022» адбылося ўварванне на тэрыторыю Украіны з тэрыторыі Саюзнай дзяржавы. Нягледзячы на тое, што планы Пуціна і Лукашэнкі «ўзяць Кіеў за 3 дні» праваліліся, яны не адмовіліся ад галоўнай мэты — знішчэння ўкраінскай дзяржаўнасці і ўключэння ў перспектыве акупаваных тэрыторый у склад Саюзнай дзяржавы. Далейшыя дзеянні Лукашэнкі па саўдзеле ў агрэсіі супраць Украіны рэалізоўваліся ў рамках абноўленай у лістападзе 2021 года ваеннай дактрыны Саюзнай дзяржавы. 3. У рамках рэалізацыі праекта Саюзнай дзяржавы актывізавалася ваенна-эканамічнае і ваенна-тэхнічнае супрацоўніцтва Беларусі і Расіі. Сёння беларускі ВПК з'яўляецца важным элементам для функцыянавання расійскай ваеннай машыны. Рэжым Лукашэнкі падтрымлівае планамерныя намаганні Расіі па мадэрнізацыі свайго войска, стварэнні новых узораў узбраенняў, лакалізацыі ваеннай вытворчасці, а таксама ўмацаванні яго кадравага і прамысловага патэнцыялу. 4. Адным з фактараў, якія запавольвалі працэс «інтэграцыі» ў рамках Саюзнай дзяржавы, стала развітая грамадзянская супольнасць Беларусі, якая была арыентавана на захаванне незалежнасці сваёй краіны. У 2021 годзе Лукашэнка пачаў ліквідацыю структур грамадзянскай супольнасці. На гэтым фоне ў тым ліку пад прыкрыццём Саюзнай дзяржавы на тэрыторыі Беларусі актывізаваліся арганізацыі, фактычна створаныя рэжымам Лукашэнкі, а таксама расійскія грамадскія аб'яднанні і фонды, якія фінансуюцца з Крамля. Гэта фарміруе ўмовы для з'яўлення такога феномену, як псеўдаграмадзянская супольнасць Саюзнай дзяржавы, якая можа стварыць глебу для рэальнага паглынання Беларусі Расіяй. 5. На бягучым этапе таксама робяцца крокі па фарміраванні абноўленай палітычнай сістэмы Беларусі, якая б заклала падмурак для наступнай больш цеснай «інтэграцыі». Адбываецца выбудоўванне партыйна-палітычнай сістэмы Беларусі па прыкладзе Расіі і адпаведна своеасаблівая ўніфікацыя партыйнага прадстаўніцтва ў парламентах Расіі і Беларусі. Гэта можа адкрыць прамую дарогу да стварэння Парламента Саюзнай дзяржавы. 6. Нягледзячы на масіраваную прапагандысцкую апрацоўку, значнага росту падтрымкі беларусаў ідэі аб больш глыбокай інтэграцыі з Расіяй не назіраецца. Беларускае грамадства не прымае той праект Саюзнай дзяржавы, які навязваецца Масквой. Саюзная дзяржава на сёння не стала паўнавартасным суб'ектам міжнароднага права і выкарыстоўваецца як шырма для павелічэння ўплыву Расіі ў Беларусі. Дэнансацыя Дамовы аб Саюзнай дзяржаве стратэгічна не пацягне для Рэспублікі Беларусь негатыўных наступстваў, а, хутчэй, наадварот, паколькі сам саюзны праект не прынёс ніякіх значных станоўчых вынікаў для Рэспублікі Беларусь як незалежнай дзяржавы. Цалкам даклад можна прачытаць тут:

  • ЗША пацвердзілі неабходнасць узмацнення санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі

    Пад амерыканскія санкцыі трапіў шэраг фізічных і юрыдычных асоб з Беларусі Перш за ўсё гэта прадпрыемствы ваенна-прамысловага комплексу: Навукова-вытворчы холдынг «Планар»; ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «ГАРЫЗОНТ»; ААТ «ММЗ імя С. І. Вавілава — кіруючая кампанія холдынгу «БелОМА»; ААТ «Зеніт-БелОМА»; ААТ «Алеўкурп»; Навукова-тэхнічны цэнтр «ЛЭМТ» БелОМА, іх кіраўнікі (Мікалай Гайчук, Аляксандр Мароз, Аляксей Шкадарэвіч). Таксама ў санкцыйны спіс унеслі канцэрн «Беллеспаперапрам», кіруючую кампанію холдынгу «Беларуская цэментная кампанія» і РУП «Белмытнясэрвіс» разам з гендырэктарам Вадзімам Бабарыкіным. Акрамя таго, пад санкцыямі апынуліся некаторыя «гаманцы» Лукашэнкі і іх кампаніі: ТАА «Тытунь-інвест», яго дырэктар Віктар Пятровіч і ўладальнік Павел Тапузідзіс, а таксама ААТ «Кіруючая кампанія холдынгу «Амкадор» і яе ўладальнік Аляксандр Шакуцін. Таксама пад санкцыямі апынуўся Дзмітрый Шаўцоў — непрызнаны кіраўнік Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа, датычны да незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей. Нягледзячы на ўзмацненне спробаў лабіравання змякчэння санкцый у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі, ЗША пацвердзілі сваю прыхільнасць палітыцы ціску на парушальнікаў нормаў міжнароднага права. Мы вітаем рашэнне ўладаў ЗША аб пашырэнні санкцый, якое з'яўляецца следствам выразнага разумення Злучанымі Штатамі злачыннага характару рэжыму Лукашэнкі, адказнага за развязванне вайны супраць Украіны, здзяйсненне такіх ваенных злачынстваў, як незаконнае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей з часова акупаваных тэрыторый Украіны, а таксама злачынстваў супраць чалавечнасці ў дачыненні да народа Беларусі. Прыняцце гэтага рашэння напярэдадні Стратэгічнага дыялогу «Беларусь — ЗША» з'яўляецца важным сігналам аб тым, з кім Злучаныя Штаты гатовыя весці дыялог як з партнёрамі, на прапановы якіх (у тым ліку санкцыйныя) яны гатовыя рэагаваць. А з кім — выключна як са злачынцамі і агрэсарамі, адзінай магчымай рэакцыяй на няспынныя злачынствы якіх з'яўляецца пакаранне. Мы перакананыя, што гаварыць з рэжымам Лукашэнкі магчыма толькі з пазіцыі сілы, а паскорыць перамены ў Рэспубліцы Беларусь магчыма толькі праз прымяненне адпаведных інструментаў. Спадзяемся, што прыкладам ЗША будуць кіравацца і нашы еўрапейскія партнёры. Роўна як і на тое, што падчас найбліжэйшых мерапрыемстваў нам удасца пераканаць ЗША і ЕС у неабходнасці поўнай гарманізацыі эканамічных санкцый у дачыненні да Расіі і рэжыму Лукашэнкі, а таксама — ва ўжыванні механізмаў міжнароднай крымінальнай адказнасці.

  • Чырвоны Крыж Лукашэнкі выгналі

    Рашэнне аб прыпыненні сяброўства Беларускага Чырвонага Крыжа ў Міжнароднай Федэрацыі Таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца (МФТЧКіЧП) уступіла ў сілу. Аднак варта памятаць, што само рашэнне было прынята раней, яшчэ ў кастрычніку. Фактычна тады Беларускаму Чырвонаму Крыжу быў выстаўлены ультыматум. Дакладней, прапанавана рашэнне, якое магло б прывесці да таго, што Беларускі Чырвоны Крыж не прыпыніў бы сваё сяброўства ў Міжнароднай Федэрацыі. Новых рашэнняў не прымалася, гэта па сутнасці аўтаматычная рэалізацыя таго, што было зацверджана раней Міжнароднай Федэрацыяй. Рашэнне з'яўляецца следствам паслядоўнай палітыкі такой аўтарытэтнай арганізацыі, як Міжнародная Федэрацыя Таварыстваў Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца, якая прытрымліваецца прынцыпу недапушчальнасці закранання пытанняў рэпутацыі руху. Як мы з вамі ведаем, рэпутацыя — адзін з найбольш важных элементаў працы любой арганізацыі, любой міжнароднай арганізацыі, тым больш такі ўплывовай, як Міжнародны рух Чырвонага Крыжа і Чырвонага Паўмесяца. Таму любыя дзеянні, якія якім-небудзь чынам ачарняюць працу ўсяго міжнароднага руху, вельмі жорстка спыняюцца. МФТЧКіЧП паказала паслядоўнасць у пытанні кантролю выканання ўнутрана устаноўленых правілаў усімі арганізацыямі. Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа, якое ў бягучы момант знаходзіцца пад кантролем і кіраваннем рэжыму Лукашэнкі, што ўжо само па сабе парушае адзін з базавых прынцыпаў міжнароднага руху — прынцып незалежнасці — фактычна пакусілася на фундаментальныя асновы і каштоўнасці міжнароднага руху. І такім чынам рашэнне Федэрацыі было прынцыповым. Гэта рашэнне аб тым, як арганізацыя паслядоўна падпарадкоўваецца сваім нормам і прынцыпам. А мы ж з вамі выдатна памятаем, што спадар Дзмітрый Шаўцоў, які публічна падкрэсліваў сваю падтрымку агрэсіі Расіі ў дачыненні да Украіны, наведаў часова акупаваныя тэрыторыі Украіны, Данецк і Луганск, прызнаваўся ў падтрымцы незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі, размяшчэння ядзернай зброі ў Беларусі. Усё гэта, усе гэтыя заявы, а галоўнае — і дзеянні, з'яўляюцца парушэннем галоўных прынцыпаў арганізацыі. А з іншага боку рэжым Лукашэнкі ў чарговы раз прадэманстраваў, што яму напляваць на міжнародныя арганізацыі, на іх прынцыпы, правілы і стандарты, калі найважнейшым фактарам з'яўляецца незалежнасць дзейнасці падобных арганізацый, у тым ліку і на тэрыторыі Беларусі. І тут рэжым выразна паказаў свой фактычна ўплыў, ціск, а БТЧК — аффилированность з рэжымам у рэалізацыі сваіх дзеянняў. Адхіленне, якое наступіла, азначае, што Беларускі Чырвоны Крыж губляе свае правы сябра МФТЧКіЧП. Любое новае фінансаванне ў дачыненні да Беларускага Чырвонага Крыжа таксама будзе прыпынена. Фактычна яно ўжо прыпынена з кастрычніка, але новых паступленняў дакладна не будзе. Акрамя таго, Беларускі Чырвоны Крыж не зможа ўдзельнічаць у Генеральнай Асамблеі МФТЧКіЧП, а таксама галасаваць або быць абраным на якіх-небудзь статутных сходах. Акрамя таго, МФТЧКіЧП настойліва рэкамендуе сваім сябрам не заключаць новыя партнёрскія пагадненні з Беларускім Чырвоным Крыжам, а гэта азначае, што БЧК пазбаўляецца асноўнай крыніцы фінансавання сваёй дзейнасці. Вельмі важна, што ў заяве МФТЧКіЧП было падкрэслена: у выпадку, калі будзе неабходнасць гуманітарнай дапамогі Беларусі — не дай Божа, каб такая сітуацыя наступіла — МФТЧКіЧП будзе кіравацца менавіта гэтым прынцыпам важнасці аказання гуманітарнай падтрымкі.

  • Супраць Мінска патрэбныя такія ж санкцыі, як супраць РФ

    Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка распавёў пра канфіскацыю ягонага дома, пра шанцы прыцягнуць Лукашэнку да суду, будучыя выбары ў Беларусі і памылкі санкцыйнай палітыкі ЕC Крыніца: dw.com У Берліне 4 снежня прайшло заключнае пасяджэнне 21-га Мінскага форуму, які з 1997 года праводзіць Германа-беларускае таварыства (DBG). Сярод прадстаўнікоў беларускіх дэмсілаў, якія прыехалі ў нямецкую сталіцу, быў і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка. Пасля выступлення на пасяджэнні форуму ў акадэміі Фонду імя Конрада Адэнаўэра (Konrad-Adenauer-Stiftung) ён адказаў на пытанні DW аб шанцах прыцягнуць Аляксандра Лукашэнку да суду за саўдзел у выкраданні ўкраінскіх дзяцей, аб экспрапрыяцыі дома самога Латушкі, аб санкцыйнай палітыцы ЕС і маючых адбыцца ў Беларусі парламенцкіх выбарах. Спадар Латушка, вы займаецеся, сярод іншага, тэмай выкрадання дзяцей на акупаваных Расіяй тэрыторыях Украіны і іх вывазу ў Беларусь. Але пакуль без асаблівага поспеху. Што перашкаджае? — Я б не сказаў, што поспеху няма. Што лічыць поспехам? Прыцягненне да адказнасці вінаватых або вяртанне ўкраінскіх дзяцей? Гэтым займаюцца многія краіны і інстытуты, каб дапамагчы Украіне. Нам удалося сабраць велізарны аб'ём доказаў, якія пацвярджаюць здзяйсненне рэжымам Лукашэнкі, асабіста Лукашэнкам і яго саўдзельнікамі ваенных злачынстваў. Гэтыя доказы дзвюма часткамі мы перадалі ў адпаведнасці з артыкулам 15-ым Рымскага статута ў офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда (МКС). Але ордэра на арышт па-ранейшаму няма… — Другая частка была перададзена 7 лістапада. Немагчыма чакаць, што працэсуальныя рашэнні, рашэнні пракурора рушаць услед на наступны дзень пасля перадачы доказаў. Ідзе назапашванне матэрыялаў, удакладненне ўсіх перададзеных намі звестак. З'явіўся таксама вельмі важны даклад амерыканскай Ельскай школы грамадскай аховы здароўя, які дапаўняе яе лютаўскую справаздачу і дае аналіз здзяйснення падобных злачынстваў Пуціным і Львовай-Бяловай, а таксама іншымі арганізацыямі на тэрыторыі Расіі (у дакладзе падрабязна апісваецца ўдзел Беларусі ў сістэматычным вывазе Расіяй дзяцей з Украіны. — рэд.). Гэта значыць, да нашай працы цяпер далучылася вельмі сур'ёзная структура. Ваша канчатковая мэта — пасадзіць Лукашэнку? — Наша першая мэта — спыніць здзяйсненне такіх злачынстваў. Другая мэта — дапамагчы Украіне вярнуць украінскіх дзяцей дадому. Трэцяя — прыцягнуць да адказнасці Лукашэнку і ягоных памагатых. Калі, на вашу думку, можа быць выпісаны ордэр на яго арышт? — Пракурор Міжнароднага крымінальнага суда — гэта незалежны інстытут. Мы спадзяемся, што нашы матэрыялы будуць спачатку прааналізаваныя ў папярэдняй палаце расследаванняў суда, а пасля гэтага суддзі будуць прымаць рашэнне. Але яшчэ раз падкрэслю: гэта самастойнае рашэнне незалежнага органа. І мы не хацелі б аказваць на яго хоць які б там ні быў ціск. Але, паводле ацэнкі нашых юрыстаў, юрыстаў Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, якія падмацаваныя меркаваннямі шматлікіх міжнародных прававых экспертаў, мы сабралі дастатковую колькасць доказаў, каб адпаведныя падазрэнні ў здзяйсненні ваенных злачынстваў былі прад'яўленыя Лукашэнку. Мінскія ўлады праводзяць у Беларусі арышты кватэр, якія належаць супернікам рэжыму Лукашэнкі, у прыватнасці, сяброў Каардынацыйнай рады. Ваша нерухомасць таксама арыштаваная? — Гэта тычыцца не толькі членаў Каардынацыйнай рады, але і Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, іх сваякоў. Усе яны падвергліся нападам у апошні тыдзень. Праводзяцца допыты. Такія дзеянні праводзяцца ў дачыненні да офіса Святланы Ціханоўскай, у дачыненні да нашай каманды — Народнага антыкрызіснага ўпраўлення. У апошнія дні было восем выпадкаў, калі прыходзілі ў дамы, у кватэры да нашых сваякоў. Рэжым хоча дэматываваць нас, рэжым хоча перашкаджаць нашай выбарчай кампаніі, якую мы плануем для выбараў у Каардынацыйную раду ў наступным годзе. Вы асабіста як пацярпелі? — Адбыўся ўзлом майго дома. Спецслужбы разыгралі спектакль. Узброеныя людзі ў масках узламалі дзверы, зайшлі дадому, наклалі арышт на маёмасць. А можна было б проста пайсці і ўзяць ключы. Ключы знаходзяцца ў дэпартаменце аховы таго ж міністэрства ўнутраных спраў. Раней дом знаходзіўся пад аховай, ключы я не забраў. Але ім трэба было разыграць цэлы спектакль. Гаворка ідзе пра канфіскацыю. Улады нават не хаваюць свайго намеру канфіскаваць маёмасць у даход дзяржавы. Плюс распачатыя новыя крымінальныя справы. Лукашэнкаўская пракуратура кажа аб тым, што паводле шасьці артыкулаў Крымінальнага кодэксу распачатыя новыя крымінальныя справы. У экспертнай супольнасці прагучала ідэя аб тым, што рэжым Лукашэнкі мог бы адпусціць палітвязняў, калі дэмсілы прызнаюць сваю паразу і складуць, што называецца, зброю. Вы б пайшлі на гэта? — Ніколі не чуў такіх заяў з боку рэжыму. Першы раз чую ад вас. А калі такая прапанова будзе? Як вы паставіцеся да такой угоды? — Я не веру, што рэжым зробіць такую заяву. Лукашэнка не вызваліць усіх. Ён разумее, што сапраўдныя лідары, магутныя палітычныя фігуры знаходзяцца ў турмах. І для яго вызваленне такіх лідараў азначала б павышэнне пагрозы яго рэжыму. Але гэта не азначае, што мы не павінны дамагацца вызвалення палітычных зняволеных. Мы лічым, што тыя інструменты ціску, якія маглі быць ужытыя — з улікам маштабу рэпрэсій, якія прымяняе рэжым — не дасягнулі належнага ўзроўню з прычыны адсутнасці дастатковай волі ў нашых партнёраў. Трэба шукаць новыя інструменты ціску. Яны ёсць, напрыклад, у руках Францыі. Магчыма, Германія магла б таксама стаць нашым партнёрам. Гэта, напрыклад, допуск рэжымных спартоўцаў Лукашэнкі на Алімпійскія гульні толькі пры ўмове вызвалення палітычных зняволеных. А таксама допуск на Гульні свабодных беларускіх спартоўцаў, якія зазналі рэпрэсіі і былі вымушаныя пакінуць Беларусь. Вось рэальны інструмент рашэнняў. Патрэбна толькі палітычная воля. Выступаючы ў Берліне, вы даволі крытычна ацанілі палітыку санкцый у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. Што менавіта вас не задавальняе? — Мы, на жаль, сутыкнуліся з неразуменнем, з нежаданнем зразумець або жаданнем проста закрыць вушы на тое, што мы падчас усіх міжнародных сустрэч гаворым з сакавіка 2022 года — на ўзроўні Святланы Ціханоўскай, на ўзроўні Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, мы падрыхтавалі велізарную колькасць аналітыкі, дакументаў, прапаноў, афіцыйных лістоў. І ні разу не атрымалі адказу. Упаўнаважаны па пытаннях санкцый Еўрапейскага Саюза наогул не знаходзіць часу сустрэцца і абмеркаваць гэтыя пытанні. Але ж Беларусь і Расія пабудавалі Саюзную дзяржаву. Саюзная дзяржава — гэта адзіная эканамічная прастора, гэта адзіны Мытны саюз. І калі адны санкцыі ўводзяцца ў дачыненні да Расіі, а іншыя — у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі, то рэжым Лукашэнкі становіцца вялікай санкцыйнай дзіркай у санкцыях у дачыненні да Расіі. Вось цяпер разглядаецца 12-ы пакет. Гаворка ідзе пра расійскія дыяменты. А Лукашэнка на мінулым тыдні наведвае дыяментавае прадпрыемства ў Гомелі. Гэта значыць, ужо гатовая схема абыходу санкцый, якія будуць уведзеныя супраць Расіі. Мы крычым пра гэта, мы гаворым пра гэта, мы пішам, але ніхто не рэагуе. У лютым наступнага года ў Беларусі павінны адбыцца парламенцкія выбары. Вы заклікаеце Еўразвяз загадзя абвясціць іх несапраўднымі. Баіцеся прайграць? Нават віртуальна? — Як можна казаць пра выбары ў Беларусі, калі ў Беларусі — тысяча палітычных зняволеных, калі няма наогул незалежных СМІ, калі ўсе апазіцыйныя партыі ліквідаваныя, калі ліквідаваныя 1400 няўрадавых арганізацый, калі наогул нічога немагчыма сказаць супраць існуючай улады. Пра якія выбары можа ісці гаворка? Лукашэнка і выбары — гэта два несумяшчальныя словы, два несумяшчальныя паняцці. Гэта не выбары, а адзіны дзень прызначэння дэпутатаў. Анатоль Лябедзька, прадстаўнік Аб'яднанага Кабінета, прапануе правесці віртуальную кампанію з заклікам галасаваць на тых выбарах супраць усіх. У чым сэнс такой тактыкі? — Мы не прапануем байкот. Хай беларусы самі вырашаюць, што яны могуць зрабіць. Мы разумеем, што рэжым будзе прымушаць ісці на выбары. І няма нават мільённай долі працэнта, што іх вынікі не будуць сфальсіфікаваныя. Гаворка ідзе пра інтэрнэт-кампанію. Гэта значыць, калі ўжо цябе прымусілі прыйсці на выбарчы ўчастак, то пастаў галачку супраць усіх. Прынамсі старшыня выбарчай камісіі ці КДБ атрымае рэальны зрэз грамадства. Але сэнсу прыходзіць на выбарчы ўчастак ніякага няма.

bottom of page