Пошук па сайце
Search this site
1023 results found with an empty search
- Беларусь будзе часткай еўрапейскай эканомікі
Святлана Ціханоўская з праграмнай заявай у Давосе 19 студзеня нацыянальны лідэр і кіраўнік Аб'яднанага Пераходнага Кабінета прадставіла ў Давосе бачанне развіцця беларускай эканомікі і бізнесу. Галоўнае з яе выступлення: — «Беларусь заўсёды будзе часткай еўрапейскай эканомікі. Калі ў нашай краіне адбудуцца дэмакратычныя змены, краіны Еўрапейскай эканамічнай зоны стануць нашымі асноўнымі партнёрамі ў гандлі і інвестыцыях». — «Мы не баімся эканамічных выклікаў, з якімі сутыкнецца новая Беларусь. Мы ўжо ведаем, што рабіць, каб іх пераадолець: Нам давядзецца шмат працаваць, каб зняць санкцыі з Беларусі. Мы пачнем рэформы для лібералізацыі, стымулявання прыватнага сектара і зялёнай эканомікі, прыцягнення замежных інвестыцый. Мы будзем імкнуцца да лібералізацыі знешняга гандлю, падпісваючы пагадненні аб зоне свабоднага гандлю з ключавымі партнёрамі, у тым ліку з ЕС. Многія дзяржаўныя прадпрыемствы будуць прыватызаваны, у некаторых адбудуцца сур'ёзныя змены ў кіраўніцтве. Мы пачнем глыбокія інстытуцыйныя рэформы, уключаючы судовую рэформу, рэформу адукацыі і рэформу дзяржаўнага кіравання. — «Я заклікаю ўлады іншых краін прымаць у сябе беларускіх прадпрымальнікаў. Міжнародныя кампаніі - наймаць беларусаў у якасці супрацоўнікаў. Я заклікаю дапамагчы ў вырашэнні ключавых праблем беларускага бізнэсу. Іх як мінімум тры: праблемы з атрыманнем віз і ВНЖ як для беларускіх прадпрымальнікаў, так і для супрацоўнікаў і іх сям'ёй; складанасці пры адкрыцці і вядзенні банкаўскіх рахункаў; цяжкі доступ да фінансаў і інвестыцыяў з-за адсутнасці крэдытнай гісторыі». — «Я заклікаю вас абарваць любыя сувязі з бізнэсамі і людзьмі, лаяльнымі Лукашэнку, і ствараць сувязі з сумленнымі бізнэсамі дэмакратычнай Беларусі». Поўны тэкст выступу Святланы Ціханоўскай тут
- Абвешчаная дэнансацыя ні ў якой меры не вызваляе Рэспубліку Беларусь ад існуючых абавязацельстваў
Святлана Ціханоўская звярнулася да Генеральнага сакратара ААН з нагоды дэнансацыі рэжымам пагаднення, якое дазваляла беларусам падаваць скаргі ў Камітэт па правах чалавека. Факультатыўны пратакол № 1 да Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах уступіў у сілу для Беларусі ў 1992 годзе. З таго часу ён забяспечваў грамадзянам Рэспублікі Беларусь, якія вычарпалі ўсе сродкі юрыдычнай абароны ўнутры краіны, магчымасць падаваць індывідуальныя скаргі аб парушэнні сваіх правоў у адпаведную ўстанову ААН. Рэжым Лукашэнкі ініцыяваў дэнансацыю гэтага пагаднення ў кастрычніку 2022 г. У сваім звароце Ціханоўская адзначыла: «Гэты крок рэжыму Лукашэнкі накіраваны на тое, каб пазбавіць грамадзян Рэспублікі Беларусь ці не апошняга механізму звароту па міжнародную абарону, як гэта прадугледжана артыкулам 61 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Гэта наўмысна і груба адрывае беларусаў ад міжнароднага права» Зварот нацыянальнага лідара накіраваны на тое, каб «праліць святло на сапраўдныя намеры гэтага кроку і зрабіць ролю Камітэта ААН па правах чалавека сёння больш актуальнай, чым калі-небудзь раней» Ціханоўская заклікае выкарыстаць «дадатковыя механізмы для публічнага асвятлення і расследавання парушэнняў правоў чалавека, аднаўлення правоў пацярпелых і прыцягнення вінаватых да адказнасці», а ў выпадку неабходнасці — увесці «новыя механізмы, якія б адэкватна вырашалі бягучы крызіс правоў чалавека ў Беларусі» Улічваючы вялікую колькасць скаргаў беларусаў, якія знаходзяцца на разглядзе ў Камітэце ААН па правах чалавека, Ціханоўская выказала падтрымку і гатоўнасць супрацоўнічаць са Спецыяльным дакладчыкам па сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі і Вярхоўным камісарам ААН па правах чалавека. Ад імя беларускага народа Ціханоўская пацвердзіла гатоўнасць надалей прытрымлівацца палажэнняў Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах і выконваць адпаведныя міжнародныя абавязацельствы.
- Канферэнцыя па беларускай кніжнай справе
Прадстаўніцтва па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета арганізуе канферэнцыю па беларускай кніжнай справе, якая мусіць стаць устаноўчым сходам па заснаванні Інстытута беларускай кнігі Прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Аліна Коўшык, Беларускі ПЭН-цэнтр, грамадская кампанія «Будзьма беларусамі!», платформа «Інбелкульт 2.0» запрашаюць на канферэнцыю «Інстытут беларускай кнігі: мары аб будучыні», якая адбудзецца ў Варшаве 21 студзеня. Ва ўмовах бесперапыннай барацьбы рэжыму супраць беларускай кнігі, калі ў спіс «экстрэмісцкіх матэрыялаў» уносяцца ўсё новыя і новыя беларускія мастацкія і гістарычныя выданні, канферэнцыя стане пляцоўкай для пошуку якасна новых рашэнняў па захаванні і развіцці беларускай кніжнай справы як базавага элемента нацыянальнай культуры. Удзельнікі канферэнцыі абмяркуюць актуальныя пытанні распаўсюду беларускай кнігі, прэзентацыі яе на міжнароднай арэне, фарміраванні беларускага кніжнага рынку. Для сістэмнага вырашэння гэтых пытанняў удзельнікі абмяркуюць магчымасць заснавання спецыяльнай установы — Інстытута беларускай кнігі. Канферэнцыя пройдзе ў гібрыдным фармаце. Для ўдзелу ў якасці арганізатара дыскусіі ці круглага стала, выступоўцы або слухача неабходна прайсці рэгістрацыю. Сувязь з арганізатарамі мерапрыемства: instbelknig@gmail.com
- Праведзен комплекс мерапрыемстваў па павышэнні боегатоўнасці сіл спецыяльных аперацый
Прадстаўнік па абароне і нацыянальнай бяспецы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета пракаментаваў тэлеканалу «Белсат» інфармацыю аб магчымым правядзенні мабілізацыі ў Беларусі ў бліжэйшы час: «Інфармацыя мае пад сабой вельмі сур’ёзныя падставы. Пытанне пра дату застаецца адкрытым. Але праведзена шмат дарагіх падрыхтоўчых мерапрыемстваў, якія проста так ніхто ніколі не праводзіць: вельмі сур’ёзна разгорнута прыватная беларуская кампанія «ГардСэрвіс», нанята вялікая колькасць супрацоўнікаў на вялікія заробкі, праведзены комплекс мерапрыемстваў па павышэнні боегатоўнасці частак і сіл спецыяльных аперацый — такога не рабілася яшчэ ніколі ў гісторыі самастойнай Беларусі, і гэта дакладна не для трэніровак. Таксама Валерый Сахашчык паведаміў, што паспяхова адбываецца фарміраванне і камплектаванне беларускай вайсковай часткі ў складзе Узброеных Сіл Украіны. Адносна беларускіх сілавікоў, якія застаюцца на службе Сахашчык заўважыў: «Кожнаму разумнаму чалавеку павінна быць зразумела, што рэжыму засталося зусім няшмат, і ўсе гэтыя людзі пасля могуць стаць фігурантамі крымінальных спраў. І таму кожны разумны чалавек зараз павінны — няхай не рабіць подзвігаў, але — не здзяйсняць подласці. Каб пасля з чыстым сумленнем можна было жыць у нармальнай новай краіне».
- Не адрываць увагу ад галоўнай мэты
Вярнуць уладу беларускаму народу і зрабіць нашую краіну бяспечным і ўтульным домам для нас усіх Прадстаўнік па замежных справах Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Валер Кавалеўскі распавёў пра свае працоўныя дасягненні ў 2022-м годзе і назваў тое, што дапаможа беларусам перамагчы рэжым і абараніць суверэнітэт Беларусі: «Шаноўныя беларусы! Ва ўсіх нас гэты год атрымаўся вельмі няпростым. І задачы, якія давялося выконваць мне, як прадстаўніку па замежных справах Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, сталі сапраўднымі выклікамі. Я ўсцешаны, што атрымалася дасягнуць наступных вынікаў: ва ўмовах выкарыстання ў вайне супраць Украіны беларускай тэрыторыі шмат намаганняў было накіравана на тое, каб у вачах міжнароднай супольнасці аддзяліць праўду ад хлусні, адасобіць беларускі народ ад нелегітымнага рэжыму, які незаконна ўцягнуў нашую краіну ў вайну. І ў нас сапраўды атрымалася шмат зрабіць у гэтым напрамку; міжнародная прастора дэмакратычных сіл Беларусі працягнула пашырацца дзякуючы інтэнсіўным сувязям Святланы Ціханоўскай, працы яе каманды і Аб’яднанага Пераходнага Кабінета. Гэта адбірала магчымасці ў рэжыма Лукашэнкі прасоўваць свае незаконныя інтарэсы; пачала развівацца замежная прысутнасць дэмакратычных сіл Беларусі. Для больш эфектыўнай пастаяннай працы з міжнароднымі арганізацыямі і нацыянальнымі ўрадамі ў 2022-м годзе былі створаны чатыры місіі: у Кіеве, Брусэлі, Празе і Таліне; зроблены першыя, але вельмі важныя крокі па інстытуцыяналізацыі адносінаў дэмакратычных сіл і грамадзянскай супольнасці Беларусі з міжурадавымі арганізацыямі. Рада Еўропы ўпершыню ў гісторыі ўсталявала з намі адносіны праз стварэнне Кантактнай групы. Гэта падкрэсленае міжнароднае прызнанне таго, хто з прадстаўнікоў Беларусі сапраўды дбае пра яе дзяржаўныя інтарэсы. мы атрымалі новыя магчымасці па вырашэнні практычных праблем беларусаў за межамі Беларусі. Былі паспяхова вырашаны многі пытанні з візамі і легалізацыяй. Асаблівую ўвагу мы надалі праблемам беларусаў, якія застаюцца ва Украіне, займаюцца валанцёрскай дзейнасцю і змагаюцца ў беларускіх добраахвотніцкіх фарміраваннях. Мы працягвам шукаць шляхі вырашэння праблемы з праязнымі дакументамі для беларусаў, якія не могуць вярнуцца дадому. Жадаю нам усім у новым годзе навучыцца шанаваць свае асабістыя і супольныя дасягненні, якія былі зроблены ў надзвычай складаных умовах, берагчы і падтрымліваць адзін аднога, не адрываць увагу ад галоўнай мэты: вярнуць уладу беларускаму народу і зрабіць нашую краіну бяспечным і ўтульным домам для нас усіх. Веры, сілы і салідарнасці жадаю ўсім нам у наступным годзе на шляху да Перамогі і ў справе абароны незалежнасці і суверэнітэта Беларусі».
- Нацыянальная культура і мова – наша зброя, і мы павінны скарыстацца ёю ў поўнай меры
Прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Аліна Коўшык расказала пра тое, што азначае прысвячэнне 2023-га года — беларускай мове і нацыянальнаму адраджэнню, а таксама назвала напрамкі дзейнасці, якую плануецца ажыццяўляць у рамках аб'яўленага Года: «У гэтым годзе Аб'яднаны Пераходны Кабінет будзе спрыяць таму, каб пашырылася штодзённае выкарыстанне беларускай мовы, каб стала больш беларускіх праектаў, накіраваных на гэта. Што канкрэтна плануецца рабіць? Падрабязны план яшчэ дапрацоўваецца, але ўжо зараз магу сказаць, што мы будзем рабіць так, каб дарослым і дзецям было прасцей вывучаць беларускую мову. Будзем садзейнічаць стварэнню сеткі беларускіх школ. Будзем заахвочваць беларускія медыйныя пляцоўкі, уключаючы блогераў і знакамітасцяў — больш выкарыстоўваць беларускую мову для яго папулярызацыі. Калі ў самым пачатку працы ў Кабінеце я пачала збіраць інфармацыю пра розныя беларускія культурныя і адукацыйныя праекты, ініцыятывы, я ўбачыла, што існуе проста мноства выдатных, “лямпавых” праектаў, якія папулярызуюць нашу мову, культуру, гісторыю. Але пра гэтыя праекты мала хто ведае. І вось мы пастараемся падтрымаць іх, зрабіць так, каб інфармацыя пра іх была акумулявана, размешчана на адной пляцоўцы ў прывабным выглядзе. Таксама будзем спрыяць беларускаму кнігавыданню. Мы — скарынаўская, кніжная нацыя. У нас заўжды быў высокі ўзровень адукаванасці. Але сёння рэжым спрабуе знішчыць і забараніць беларускую кнігу. Таму мы, па прыкладзе наватара Скарыны, зробім стаўку на новыя тэхналогіі: паспрыяем стварэнню цэлай бібліятэкі беларускіх аўдыё- і электронных кніг. Каб кнігі даходзілі да беларусаў, мы будзем удзельнічаць у наладжванні сістэмы іх распаўсюду. Увогуле, нашая мэта — каб беларусы ўмацавалі сваю нацыянальную ідэнтычнасць, што асабліва важна для тых, хто з’ехаў за мяжу. І для ўсіх без выключэння беларусаў гэта важна ва ўмовах наступу “рускага міру”. Наша нацыянальная культура і мова — гэта сапраўдная зброя ў такі час. І мы мусім ёй скарыстацца напоўніцу, зважаючы на тое, што гэты год можа быць вырашальным».
- Лукашэнка – сіямскі блізнюк Пуціна
Інтэрв'ю Паўла Латушкі іспанскім СМІ Варшава, 11 студзеня (EFE) — Намеснік кіраўніка Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Павел Латушка параўнаў Аляксандра Лукашэнку і Уладзіміра Пуціна з «сіямскімі блізнятамі» і заявіў, што калі Захад не зойме цвёрдую пазіцыю, ён будзе заахвочваць дзеянні Лукашэнкі. «У Захаду да гэтага часу няма стратэгіі, як паводзіць сябе з Лукашэнкам. Мы павінны зразумець, што ён і Пуцін — як сіямскія блізняты», — сказаў агенцтву EFE Намеснік кіраўніка ўрада, створанага за мяжой лідарам беларускай дэмакратычнай апазіцыі Святланай Ціханоўскай. З 2012 па 2019 гг. Латушка быў паслом Беларусі ў Парыжы, Мадрыдзе і Лісабоне, а з 2009 па 2012 гг. займаў пасаду Міністра культуры ва ўрадзе Беларусі. Аднак у 2020 годзе ён выступіў у падтрымку масавых пратэстаў, якія адбыліся ў адказ на меркаваную фальсіфікацыю рэжымам вынікаў галасавання на прэзыдэнцкіх выбарах таго года пасля таго, як Лукашэнка прысвоіў сабе шосты прэзідэнцкі тэрмін. Цяпер, будучы членам Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, створанага апазіцыяй у Варшаве, Латушка заклікае еўрапейскія ўрады заняць больш жорсткую пазіцыю ў дачыненні да беларускага рэжыму. «Няўвага Захаду дазваляе Лукашэнку пашыраць рэпрэсіі і павялічваць падтрымку Пуціна. Гэта прынцыповая памылка, якую я не магу зразумець. Нашы прапановы аб стварэнні працоўнай групы і распрацоўцы стратэгіі натыкаюцца на маўчанне», — наракае ён. На яго думку, заходнія краіны павінны стварыць кааліцыю падтрымкі дэмакратыі ў Беларусі, выкарыстоўваючы санкцыі і іншыя інструменты міжнароднага права, каб паказаць Лукашэнку і іншым чальцам яго рэжыму, што яны павінны несці адказнасць за свае дзеянні. Лідар апазіцыі сцвярджае, што Лукашэнка ў сваім асяроддзі часта згадваў пра лёс былых сербскага і лівійскага лідараў Слабадана Мілошавіча і Муамара Кадафі. «Ён баіцца падобнага канца, таму яму неабходна паказаць такія ж перспектывы», — кажа Латушка. Насупраць, адсутнасць рэакцыі заахвоціць яго працягваць падтрымліваць Маскву. «Лукашэнка не лавіруе паміж Захадам і Пуціным. Ён лавіруе паміж Пуціным і Пуціным. Ён спрабуе атрымаць ад Пуціна як мага больш грошай і рэсурсаў, а затым выконвае заданні, якія атрымлівае ад Пуціна», — падкрэслівае апазіцыянер. На яго думку, беларускі рэжым поўнасцю залежыць ад эканамічнай падтрымкі Расіі. «Пуцін плаціць за ўсё і закрывае фінансавыя дзіркі», — кажа Латушка, адзначаючы, што адзіная прычына, па якой Лукашэнка не адпраўляе беларускае войска ва Украіну, заключаецца ў тым, што гэта выклікала б хвалю грамадскіх хваляванняў. Гэта таксама ўскладніць сітуацыю для Пуціна, бо ён будзе вымушаны дзейнічаць, каб вырашыць праблему стабілізацыі Беларусі, мяркуе Латушка. Аднак апазіцыйны палітык лічыць, што нават калі Мінск пакуль абмяжуецца навучаннем салдат і вытворчасцю зброі, у будучыні ён, верагодна, вырашыць уключыць частку сваіх войскаў у склад расійскіх ударных груп. Беларускія спецслужбы ствараюць «беларускую групу Вагнэра», спасылаючыся на групу расійскіх наёмнікаў, якія, паводле яго сцвярджэння, складуць ядро такога кантынгенту разам са спецназам. «Лукашэнка мог бы вылучыць ад 10 000 да 15 000 афіцэраў і кантрактнікаў», — лічыць Латушка. На думку апазіцыйнага палітыка, тое, што Захад глядзіць скрозь пальцы, таксама негатыўна адбіваецца на беларускай грамадзянскай супольнасці, заахвочваючы эскалацыю рэпрэсій. Ён адзначае, што за апошні год каля 7 000 грамадзян былі затрыманыя за свае погляды і што ў цяперашні час налічваецца каля 1500 палітычных зняволеных. Латушка таксама згадаў нядаўні судовы працэс над актывістам і лаўрэатам Нобелеўскай прэміі міру Алесем Бяляцкім, заснавальнікам праваабарончага цэнтру «Вясна». Самога Латушку, а таксама лідара апазіцыі Святлану Ціханоўскую і двух яго таварышаў будуць судзіць завочна з 17 студзеня, хаця ён кажа, што не атрымліваў ніякіх дакументаў ад следства ці абвінаваўчага заключэння. «Мяне абвінавачваюць у парушэнні крымінальнага кодэксу па 8 пунктах, некалькі з якіх караюцца смяротным пакараннем. Лукашэнка робіць гэта, каб адбіць ахвоту ў дэмакратычных актывістаў», — кажа ён. Акрамя таго, паводле слоў апазіцыйнага палітыка, рэжым часам робіць гвалтоўныя дзеянні супраць лідараў апазіцыі. «Лукашэнка прама сказаў мне, што калі я здраджу яму, ён задушыць мяне ўласнымі рукамі», — сказаў Латушка ў інтэрвʼю EFE, сцвярджаючы, што атрымаў больш за 30 пагроз смерці. Латушка распавядае, як атрымаў паведамленне з гісторыяй пра тое, як у польскай сталіцы, на беразе Віслы, хтосьці абезгалоўлівае яго сякерай. «Я нават не магу заправіць сваю машыну», — кажа ён, маючы на ўвазе небяспеку выбуху, выкліканага бомбай.
- Рэжым абмяжуе ў правах грамадзян Беларусі, якія маюць ВНЖ за мяжой
На мінулым тыдні рэжымам была апублікавана новая версія праекта змен у Закон «Аб грамадзянстве Рэспублікі Беларусь». Юрысты Народнага антыкрызіснага ўпраўлення прааналізавалі змены. Дадзены праект вядомы тым, што мяркуе заканадаўчае замацаванне магчымасці пазбаўлення беларускага грамадзянства, набытага па нараджэнні, нават калі такое з’яўляецца адзіным. Падставай для пазбаўлення грамадзянства ўстанаўліваецца наяўнасць прыгавору лукашысцкага суда за ўдзел у «экстрэмісцкай дзейнасці», калі такая асоба знаходзіцца за межамі Беларусі. Пры гэтым пад экстрэмісцкай дзейнасцю, сярод іншага, рэжым Лукашэнкі мае на ўвазе дзейнасць, звязаную з рэалізацыяй правоў на свабоду выказвання меркаванняў і мірныя сходы, а таксама іншых грамадзянскіх і палітычных свабод. Нягледзячы на тое, што такі падыход і так падрывае ўвесь міжнародны парадак барацьбы з адсутнасцю грамадзянства, відавочна парушае фундаментальнае права на грамадзянства і забарону на адвольнае пазбаўленне такога, ручныя дэпутаты Лукашэнкі пайшлі далей у сваім вычварэнні над правамі і свабодамі беларусаў. У новай версіі дакумента прама прапісваецца, што дапускаецца абмежаванне правоў і свабод грамадзян Рэспублікі Беларусь, якія маюць таксама іншае грамадзянства або від на жыхарства, або іншы дакумент замежнай дзяржавы, які прадастаўляе права на льготы і іншыя перавагі. Такім чынам, згаданыя змены насуперак усім міжнародным абавязкам Беларусі па недапушчэнні парушэння фундаментальнай забароны на дыскрымінацыю наўпрост прадугледжваюць абмежаванні правоў і свабод беларусаў за наяўнасць дакумента, які пацвярджае прыналежнасць да пэўнай этнічнай, рэлігійнай, палітычнай або нацыянальнай групы. Больш за тое, такое палажэнне дапускае абмежаванні правоў і свабод за наяўнасць дакумента, які дае міжнародную абарону ў адпаведнасці з Канвенцыяй аб статусе бежанцаў 1951 года, тым самым ушчамляючы групу асоб, прызнаных уразлівымі ў адпаведнасці з базавай міжнароднай дамовай у сферы абароны бежанцаў. Відавочна, што дадзеныя «новаўвядзенні» сведчаць аб тым, што для рэжыму больш не існуе ніякіх рамак у здзеках над правамі чалавека. Ручныя дэпутаты больш не лічаць неабходным прытрымлівацца хаця б мінімальных стандартаў абароны неад’емных правоў беларусаў і наўпрост пазбаўляюць грамадзян Беларусі ўсіх свабод, гарантаваных Міжнародным Білем аб правах чалавека. У бягучым кантэксце таксама бачыцца пацешным палажэнне аб прынясенні прысягі грамадзяніна Рэспублікі Беларусь, тэкст якой зацвярджаецца Лукашэнка. Ведаючы маніякальнае імкненне ўзурпатара да асабістага падпарадкавання сабе абсалютна ўсіх, няма сумневаў, што тэкст будзе змяшчаць словы аб «асабістай адданасці Прэзідэнту Рэспублікі Беларусь».
- Спіс фізічных асоб, якія падпадаюць пад санкцыі Польшчы
Рашэнні Міністра ўнутраных спраў і Адміністрацыі аб уключэнні ў санкцыйны спіс ДРАЗДОЎСКІ Канстанцін Нарадзіўся 26.05.1974 Грамадзянін Беларусі, палітык, які засядае ў Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, член Камітэта па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці. Яго дзейнасць на сённяшні дзень адназначна адносіць К. Драздоўскага да прыхільнікаў рэжыму А. Лукашэнкі, якая ва ўмовах расійскіх ваенных дзеянняў ва Украіне, лагістычнай і палітычнай падтрымкі, якая аказваецца Маскве беларускімі ўладамі, а таксама гібрыднай вайны, якая вядзецца супраць Польшчы, стварае сур’ёзную рызыку правакацый або правакавання інцыдэнтаў, якія наносяць шкоду міжнароднай пазіцыі Польшчы. Унясенне ў спіс замежнікаў, знаходжанне якіх на тэрыторыі Рэспублікі Польшча непажаданае, 22.11.2022 ГОРВАЛЬ Святлана Нарадзілася 25.08.1986 Грамадзянка Беларусі, палітык, засядае ў Палаце Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, член Камітэта па эканамічнай палітыцы. Дзейнасць на сённяшні дзень відавочна характарызуе спадарыню Горваль як прыхільніцу рэжыму А. Лукашэнкі, уцягнутую ў дзеянні супраць дэмакратычнай апазіцыі, што, з улікам расійскіх ваенных дзеянняў ва Украіне, лагістычнай і палітычнай падтрымкі, якая аказваецца Маскве беларускімі ўладамі, а таксама гібрыднай вайны, якая вядзецца супраць Польшчы, уяўляе сур’ёзную рызыку правакацыі або правакавання інцыдэнтаў, якія наносяць шкоду міжнароднай пазіцыі Польшчы. Унесена ў спіс замежнікаў, знаходжанне якіх на тэрыторыі Рэспублікі Польшча непажаданае, 22.11.2022 КАРАСЬ Дзяніс Нарадзіўся 18.08.1978 Грамадзянін Беларусі, палітык, засядае ў Палаце прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь, член Пастаяннай камісіі па прамысловасці, паліве, энергетыцы, транспарце і сувязі. Мінулая дзейнасць. Д. Карася і распаўсюджваны ім кантэнт накіраваны на польска-беларускія адносіны і імідж Рэспублікі Польшча на міжнароднай арэне. Сярод іншага, ён сцвярджаў, што Польшча і краіны Балтыі выкарыстоўваюць міграцыйны крызіс, каб «прыцягнуць увагу і грошы заходніх краін». Гэта характарызуе Д. Карася як перакананага прыхільніка рэжыму А. Лукашэнкі. У мінулым ён, сярод іншага, абвінавачваў палякаў у арганізацыі мерапрыемстваў, прысвечаных гістарычным асобам, у нібыта прапагандзе нацыяналізму і фашызму, а таксама ў эскалацыі напружанасці паміж палякамі і беларусамі на гістарычнай глебе. З прычыны ваенных дзеянняў Расіі ва Украіне, лагістычнай і палітычнай падтрымкі, якая аказваецца Маскве беларускімі ўладамі, і гібрыднай вайны, якая вядзецца супраць Польшчы, узнікае сур’ёзная рызыка правакацый або правакавання інцыдэнтаў, якія наносяць шкоду міжнароднай пазіцыі Польшчы. Унясенне ў спіс замежнікаў, знаходжанне якіх на тэрыторыі Рэспублікі Польшча непажаданае, 22.11.2022 МАМАЙКА Іван Нарадзіўся 12.04.1974 Грамадзянін Беларусі, палітык, член Палаты прадстаўнікоў Рэспублікі Беларусь, член Камітэта па нацыянальнай бяспецы, палкоўнік міліцыі, выпускнік Акадэміі МУС Беларусі. Яго дзейнасць на сённяшні дзень відавочна пазіцыянуе І.Мамайку як прыхільніка рэжыму А. Лукашэнкі, які распаўсюджвае кантэнт у адпаведнасці з Мінскай прапагандай, накіраванай супраць краін ЕС і НАТА, у тым ліку аб меркаваных гібрыдных пагрозах. Такое стаўленне перад тварам расійскіх вайсковых аперацый ва Украіне, лагістычнай і палітычнай падтрымкі, якая аказваецца Маскве беларускімі ўладамі, і гібрыднай вайны, якая вядзецца супраць Польшчы, стварае сур’ёзную рызыку правакацый або правакавання інцыдэнтаў, якія наносяць шкоду міжнароднай пазіцыі Польшчы. Унясенне ў спіс замежнікаў, знаходжанне якіх на тэрыторыі Рэспублікі Польшча непажаданае, 22.11.2022 РАЧКОЎ Сяргей Нарадзіўся 4.11.1960 Грамадзянін Беларусі, палітык, які засядае ў Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь, старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах і нацыянальнай бяспецы. З 2020 года стварае і падтрымлівае палітыку рэжыму ў Мінску, у тым ліку ў галіне міжнародных адносін. Адказвае за распаўсюджванне кантэнту ў адпаведнасці з мінскай прапагандай, накіраванай на польска-беларускія адносіны і імідж Польшчы на міжнароднай арэне; сцвярджаў, сярод іншага, што Польшча ўмешваецца ва ўнутраныя справы Беларусі і нясе адказнасць за напружаную сітуацыю з бяспекай у рэгіёне. Яго дзейнасць на сённяшні дзень адназначна пазіцыянуе спадара Рачкова як перакананага прыхільніка рэжыму А. Лукашэнкі, які, ва ўмовах расійскіх вайсковых аперацый ва Украіне, лагістычнай і палітычнай падтрымкі, якая аказваецца Маскве беларускімі ўладамі, і гібрыднай вайны, якая вядзецца супраць Польшчы, уяўляе сур’ёзную рызыку правакацый або правакавання інцыдэнтаў, якія наносяць шкоду міжнароднай пазіцыі Польшчы. Унясенне ў спіс замежнікаў, знаходжанне якіх на тэрыторыі Рэспублікі Польшча непажаданае, 22.11.2022. РУМО Алег Нарадзіўся 26.07.1970 Грамадзянін Беларусі, палітык, засядае ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, член Камітэта па нацыянальнай бяспецы. Яго дзейнасць на сённяшні дзень відавочна пазіцыянуе Румо як прыхільніка рэжыму А. Лукашэнкі, асабліва ў галіне нацыянальнай бяспекі і абароны, якая, улічваючы ваенныя дзеянні Расіі ва Украіне, лагістычную і палітычную падтрымку, якая аказваецца Маскве беларускімі ўладамі, а таксама гібрыдную вайну, якая вядзецца супраць Польшчы, стварае сур’ёзную рызыку правакацый або правакавання інцыдэнтаў, якія прыводзяць да шкоды для міжнароднага становішча Польшчы. Унясенне ў спіс замежнікаў, знаходжанне якіх на тэрыторыі Рэспублікі Польшча непажаданае, 22.11.2022. САВІНЫХ Андрэй Нарадзіўся 21.12.1962 Грамадзянін Беларусі, палітык, дэпутат Палаты прадстаўнікоў Беларусі, старшыня Пастаяннай камісіі па міжнародных справах, кіраўнік парламенцкай групы па польска-беларускай дружбе. З 1993 года пастаянна звязаны з дзяржаўным апаратам Беларусі, стварае і падтрымлівае палітыку рэжыму ў Мінску, у тым ліку ў галіне міжнародных адносін. Адказваў за распаўсюджванне кантэнту, адпаведнага прапагандзе Мінска, накіраванай на польска-беларускія адносіны і імідж Польшчы на міжнароднай арэне; сцвярджаў, у прыватнасці, што санкцыі ЕС, уведзеныя супраць Беларусі, з’яўляюцца вынікам намаганняў Польшчы па ўмацаванні свайго ўплыву ў рэгіёне. Дзейнасць на сённяшні характарызуе A. Савіных як прыхільніка рэжыму А. Лукашэнкі, што ва ўмовах расійскіх ваенных дзеянняў ва Украіне, лагістычнай і палітычнай падтрымкі, якая аказваецца Маскве беларускімі ўладамі, і гібрыднай вайны, якая вядзецца супраць Польшчы, стварае сур’ёзную рызыку правакацый або правакавання інцыдэнтаў, якія наносяць шкоду міжнароднай пазіцыі Польшчы. Унясенне ў спіс замежнікаў, знаходжанне якіх на тэрыторыі Рэспублікі Польшча непажаданае, 22.11.2022. СЕМЯНЮК Ганна Нарадзілася 22.01.1977 Яна з’яўляецца сакратаром беларускай дэлегацыі ў Парламенцкай асамблеі АБСЕ. Займае пасаду намесніка начальніка ўпраўлення міжнароднага супрацоўніцтва Сакратарыята Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь. Яна актыўна падтрымлівае рэжым А. Лукашэнкі, які парушае фундаментальныя правы чалавека і падтрымлівае незаконную агрэсію Расійскай Федэрацыі супраць Украіны. Дзейнасць на сённяшні дзень характарызуе A. Семянюк як прыхільніцу рэжыму А. Лукашэнкі, датычная да санкцыянавання дзеянняў рэжыму ў парламенце, які ва ўмовах ваенных дзеянняў Расіі ва Украіне, матэрыяльна-тэхнічнай і палітычнай падтрымцы, якая аказваецца Маскве беларускімі ўладамі, і гібрыднай вайны, якая вядзецца супраць Польшчы, ствараюць сур’ёзную рызыку правакацый або правакавання інцыдэнтаў, якія наносяць шкоду міжнароднай пазіцыі Польшчы. Унясенне ў спіс замежнікаў, знаходжанне якіх на тэрыторыі Рэспублікі Польшча непажаданае, 22.11.2022. СЦЕЛЬМАШОК Сяргей Нарадзіўся 15.04.1971 Грамадзянін Беларусі, палітык, засядае ў Палаце Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, член Камітэта па бюджэце і фінансах. Прафесійна працуе ў нафтавым сектары. Дзейнасць на сённяшні дзень характарызуе С. Сцельмашка як прыхільніка рэжыму А. Лукашэнкі, актыўны ў энергетычным сектары, што ва ўмовах расійскіх ваенных дзеянняў ва Украіне, лагістычнай і палітычнай падтрымкі, якая аказваецца Маскве беларускімі ўладамі, а таксама гібрыднай вайны, якая вядзецца супраць Польшчы, уяўляе сур’ёзную рызыку правакацый або правакавання інцыдэнтаў, якія прыводзяць да шкоды для міжнароднага становішча Польшчы. Унясенне ў спіс замежнікаў, знаходжанне якіх на тэрыторыі Рэспублікі Польшча непажаданае, 22.11.2022. ТАЎТЫН Ігар Нарадзіўся 11.01.1971 Грамадзянін Беларусі, палітык, які засядае ў Палаце Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, член Камітэта па ахове здароўя, фізічнай культуры, сямейнай палітыцы і справах моладзі. Яго дзейнасць на сённяшні дзень відавочна пазіцыянуе спадара Таўтына як прыхільніка аб’яднання Рэспублікі Беларусь і Расійскай Федэрацыі ў саюзную дзяржаву, што, з улікам ваенных дзеянняў Расіі ва Украіне, лагістычнай і палітычнай падтрымкі, якая аказваецца Маскве беларускімі ўладамі, а таксама гібрыднай вайны, якая вядзецца супраць Польшчы, стварае сур’ёзную рызыку правакацый або правакавання інцыдэнтаў, якія наносяць шкоду міжнароднай пазіцыі Польшчы. Унясенне ў спіс замежнікаў, знаходжанне якіх на тэрыторыі Рэспублікі Польшча, непажаданае 22.11.2022. ВАРАНЕЦКІ Валерый Нарадзіўся 14.10.1963 Грамадзянін Беларусі, дыпламат і палітык, які засядае ў Палаце прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, былы пасол у Славацкай Рэспубліцы, намеснік міністра замежных спраў у 2006−11 гг. Дзейнасць на сённяшні дзень характарызуе У. Варанецкага як цвёрдага прыхільніка рэжыму А. Лукашэнкі; у мінулым, сярод іншага, ён абвінавачваў палякаў у тым, што яны за арганізацыю мерапрыемстваў, прысвечаных гістарычным асобам, якія нібыта прапагандуюць нацыяналізм і фашызм, а таксама за эскалацыю напружанасці паміж палякамі і беларусамі на гістарычнай глебе. З прычыны ваенных дзеянняў Расеі ва Украіне, матэрыяльна-тэхнічнай і палітычнай падтрымкі, якая аказваецца Маскве беларускімі ўладамі, і гібрыднай вайны, якая вядзецца супраць Польшчы, гэта стварае сур’ёзную рызыку правакацый або правакавання інцыдэнтаў, якія наносяць шкоду міжнароднай пазіцыі Польшчы. Унясенне ў спіс замежнікаў, знаходжанне якіх на тэрыторыі Рэспублікі Польшча непажадана, 22.11.2022. ВАРАНЮК Дзмітрый Нарадзіўся 23.05.1987 Грамадзянін Беларусі, палітык, які працуе ў Савеце Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, былы першы сакратар Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі. Дзейнасць на сённяшні дзень выразна характарызуе Д. Варанюка як прыхільніка рэжыму А. Лукашэнкі, які прапагандуе гістарычную хлусню, асабліва сярод моладзі, якая перад тварам расійскіх вайсковых аперацый ва Украіне, лагістычнай і палітычнай падтрымкі, якая аказваецца Маскве беларускімі ўладамі, а таксама гібрыдная вайна, якая вядзецца супраць Польшчы, ствараюць сур’ёзную рызыку правакацый або правакацыйных інцыдэнтаў, якія могуць нанесці шкоду міжнароднай пазіцыі Польшчы. Унясенне ў спіс замежнікаў, знаходжанне якіх на тэрыторыі Рэспублікі Польшча непажадана 22.11.2022 Поўны спіс даступны на сайце.
- Вольга Гарбунова — прадстаўніца па сацыяльных пытаннях
Святлана Ціханоўская прызначыла Вольгу Гарбунову на пасаду прадстаўніцы па сацыяльных пытаннях Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Прыярытэтным напрамкам дзейнасці Вольгі Гарбуновай — былой палітзняволенай — стане арганізацыя сістэматычнай дапамогі палітзняволеным і іх блізкім. Таксама яна ўзмоцніць працу Кабінета па вырашэнні пытання палітзняволеных на міжнароднай арэне. Прадстаўніца па сацыяльных пытаннях Аб’яднанага Пераходнага Кабінета будзе займацца стварэннем кансалідаванай платформы беларускіх грамадскіх ініцыятыў і арганізацый для павелічэння эфектыўнасці іх дзейнасці па такіх напрамках як юрыдычная, сацыяльна-псіхалагічная і гуманітарная дапамога. Асобным напрамкам дзейнасці новай прадстаўніцы стане дапамога юрыстам у дапрацоўцы Закона аб рэабілітацыі, а таксама іншых нарматыўна-прававых дакументаў, якія на стратэгічным узроўні вызначаць развіццё Беларусі ў будучым як сацыяльнай дзяржавы, з дзейсным і эфектыўным сацыяльна арыентаваным заканадаўствам, інстытутам абмудсмена (упаўнаважанага па правах чалавека) і механізмамі абароны найбольш уразлівых слаёў насельніцтва. Вольга Гарбунова — заснавальніца прытулку для жанчын і іх дзяцей, пацярпелых ад хатняга гвалту, былая кіраўніца грамадскага аб’яднання «Радзіслава». Больш за 10 гадоў яна навучала прадстаўнікоў праваахоўных органаў, сістэмы сацыяльнай абароны і аховы здароўя, псіхолагаў і настаўнікаў працаваць з ахвярамі хатняга гвалту, прадухіляць яго цяжкія наступствы. 20 гадоў аказвае дапамогу па абароне правоў уразлівых сацыяльных груп, у тым ліку жанчын і прадстаўнікоў ЛГБТ-супольнасці.
- Народныя пасольствы адкрыліся ў Ізраілі і Італіі
22 снежня ў Варшаве ў рамках навучальнага семінара для Народных пасольстваў, арганізаванага НАУ, прайшла прэс-канферэнцыя. Разам з прадстаўнікамі Народных пасольстваў у ёй удзельнічалі прадстаўнік Аб'яднанага Пераходнага Кабінета па транзіце ўлады, кіраўнік НАУ Павел Латушка і намеснік прадстаўніка Кабінета па замежных справах, намеснік кіраўніка НАУ Уладзімір Астапенка. Прадстаўнікі Народных пасольстваў дэмакратычнай Беларусі ў Аўстрыі, Германіі, Польшчы, Славеніі, Швецыі, Шатландыі і іншых дзяржавах падзяліліся падрабязнасцямі сваёй працы і адказалі на пытанні беларусаў і СМІ. Уладзімір Астапенка паведаміў аб адкрыцці яшчэ двух прадстаўніцтваў у Ізраілі і Італіі, а таксама аб аднаўленні ў бліжэйшы час працы прадстаўніцтва ва Украіне. 10 снежня незалежнай валанцёрскай ініцыятыве дыяспар – Народным пасольствам Беларусі споўнілася 2 гады. За гэты час яны сталі паўнавартаснымі ўдзельнікамі дыпламатычнай працы дэмакратычнай Беларусі за мяжой.
- Кадравы патэнцыял на транзітны перыяд
Мы найбольш падрыхтаваныя, каб забяспечыць знешнепалітычны накірунак Беларусі ў транзітны перыяд 20−21 снежня Народнае антыкрызіснае ўпраўленне арганізавала вучэбна-практычны семінар для прадстаўнікоў Народных пасольстваў Беларусі. У гэтым мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Павел Латушка і Аліна Коўшык, намеснік прадстаўніка Кабінета па замежных справах Уладзімір Астапенка, эксперты НАУ, прадстаўнікі Народных пасольстваў і іншых дэмакратычных ініцыятыў. «Калі б сёння надышоў дзень пачатку транзітнага перыяду, то з усіх органаў дзяржаўнага кіравання мы найбольш блізкія да таго, каб забяспечыць бесперабойную працу Міністэрства замежных спраў Беларусі і ключавых пасольстваў, з улікам наяўнага ў Аб’яднанага Пераходнага Кабінета і дэмакратычных сіл кадравага патэнцыялу. Народныя пасольства — гэта інстытут, які ўжо за два гады склаўся ў сістэму прадстаўніцтва інтарэсаў Беларусі ў замежных краінах праз камунікацыю з урадамі, парламентамі, міністэрствамі замежных спраў, замежнымі дыпламатычнымі ўстановамі, грамадствам і СМІ.» — адзначыў у сваім выступленні Павел Латушка. За апошнія два гады ў рамках праграмы падрыхтоўкі дыпламатаў Варшаўскі ўніверсітэт выпусціў 47 будучых дыпламатаў для Новай Беларусі. У снежні на праграму залічаны яшчэ 15 слухачоў. Паралельна будучых дыпламатаў рыхтуе Венская дыпламатычная акадэмія. Выпускнікі праграм гэтых ВНУ папоўняць рэестр праграмы «Кадравы рэзерв для Новай Беларусі», якая рыхтуе кіраўнікоў у органы выканаўчай улады Беларусі для пераходнага перыяду. Прадстаўнік арганізацыі BYPOL азнаёміў удзельнікаў з прэзентацыяй гатоўнасці плана «Перамога»: «Асноўны тэзіс — гэта ўсёабдымны план, ён тычыцца ўсіх беларусаў - унутры краіны і за мяжой. Мы ўсе павінны быць гатовыя ў патрэбны момант выканаць прадпісаныя задачы, выкарыстоўваць усе магчымасці і сувязі, каб перакрыць кісларод рэжыму і прыйсці да перамогі.». «Неабходна павышаць дасведчанасць еўрапейскіх палітыкаў аб шляхах абыходу праз Беларусь санкцый, накіраваных на Расію, памылковасці палітыкі нераўназначных санкцый у дачыненні да Расіі і рэжыму Лукашэнкі» — адзначыў у сваім выступленні прадстаўнік эканамічнага блока НАУ. Масква і Мінск лёгка абыходзяць санкцыі, якія такім чынам наносяць меншую шкоду ваенным агрэсарам у Крамлі, а пасярэднікі ў бізнэсе і рэжыме Беларусі - узбагачаюцца на кантрабандзе. Чаму санкцыі не прывялі да чакаемай мэты? Яны ўводзіліся занадта павольна, мелі шмат выключэнняў і далі час падрыхтавацца, перабудаваць лагістыку, яшчэ і зарабіўшы на гэтым. Гэтыя санкцыйныя дзюры трэба закрыць, каб абмежаванні былі эфектыўнымі, а не дэкаратыўнымі. Кіраўнік Прадстаўніцтва Фландрыі (рэгіён Бельгіі) у Польшчы Томас Кастрэл пазнаёміў удзельнікаў са знешнепалітычнай працай свайго ведамства і заканатворчай сістэмай Бельгіі. Дыпламат падкрэсліў: Фландрыя падтрымлівае Аб’яднаны Пераходны Кабінет. У тым ліку дзякуючы ўраду Фландрыі адкрылася прадстаўніцтва Кабінета Беларусі ў Брусэлі. Прадстаўніца Кабінета па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык адзначыла: «Разам з Народнымі пасольствамі мы можам рэалізоўваць шэраг стратэгічных праектаў, як беларускія суботнія школкі, бібліятэкі і кніжныя клубы, а таксама супольна адзначаць важныя для нацыянальнага адраджэння падзеі».











