top of page

Пошук па сайце

Search this site

1023 results found with an empty search

  • Кадравы рэзерв для Новай Беларусі

    Падбор і прафесійная падрыхтоўка грамадзян Беларусі для ўдзелу ў рэалізацыі рэформаў на ключавых пасадах у сферы дзяржаўнага і мясцовага кіравання на працягу пераходнага перыяду Эпоха Лукашэнкі плаўна падыходзіць да завяршэння. Вайна і геапалітычныя працэсы, якія адбываюцца сёння ў рэгіёне, павялічваюць верагоднасць наступлення пераменаў у Беларусі раней, чым мы меркавалі. Але ці гатовыя мы да іх? Уявім, хутка або паступова трыццацігадовая аўтакратыя Лукашэнкі спыняе існаванне, і Беларусь, нарэшце, становіцца на шлях дэмакратыі. Надыходзіць пераходны перыяд фарміравання і рэарганізацыі інстытутаў улады. Хто ў іх будзе працаваць? Чыноўнікі і спецыялісты рэжыму пройдуць працэдуру люстрацыі — кампетэнтныя, якія не парушылі закон і правы суграмадзян, застануцца працаваць. Аднак спецыялістаў спатрэбіцца куды больш. Паўстае пытанне, дзе іх узяць і як хутка падрыхтаваць, бо востры дэфіцыт кваліфікаваных кадраў створыць пагрозу для рэформаў і дэмакратычных пераўтварэнняў. Паўстае і іншая праблема. Усе гэтыя гады, асабліва пасля 2020-га, супрацоўнікаў у дзяржустановы падбіралі, зыходзячы з іх лаяльнасці рэжыму, а не прафесіяналізму. Менеджмент вышэйшых органаў улады папросту прызначалі, часта без вопыту, прычым, да прыкладу, кіраўнік аддзела ў ведамстве аднаго кірунку мог стаць міністрам у зусім іншым. Як следства, на ўсіх узроўнях дзяржкіравання чыноўнікі і кіраўнікі дэманструюць некампетэнтнасць, баяцца браць на сябе адказнасць і праяўляць ініцыятыву — уся сістэма працуе неэфектыўна. У лістападзе 2022 года Народнае Антыкрызіснае ўпраўленне, Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі і рух «За Свабоду» пры падтрымцы няўрадавых структур афіцыйна абвясцілі аб запуску маштабнай праграмы «Новыя кадры Новай Беларусі». Яе задача — падрыхтоўка будучых дзяржслужачых для краіны ў першы перыяд пасля змены ўлады. На базе Варшаўскага ўніверсітэта, Венскай Дыпламатычнай акадэміі і іншых навучальных устаноў ЕС будуць абучаныя будучыя міністры і іх намеснікі, паслы і дарадцы, кіраўнікі дэпартаментаў урада і мясцовых органаў улады, адміністратары гарадскіх транспартных і камунальных упраўленняў. Сістэма падрыхтоўкі спецыялістаў выбудаваная па стандартах заходніх краін. Па меры праходжання адукацыйных курсаў і сертыфікацыі студэнтаў накіруюць на стажыроўкі ў еўрапейскія органы ўлады і дзяржкіравання, а пасля — унясуць у адзіны кадравы рэестр. Такім чынам, каштоўнасныя арыенціры адукацыйнай праграмы будуюцца на трох базавых прынцыпах: незалежнасць, еўрапейскасць, дэмакратыя. Падаць заяўку на навучанне можа кожны паўналетні беларус, незалежна ад таго, супрацоўнічае ён са структурамі дэмсіл ці не: студэнтаў рыхтуюць да адміністрацыйнай, а не палітычнай працы. У той жа час прыхільнасць дэмакратыі — галоўнае патрабаванне да суіскальнікаў нароўні з кампетэнтнасцю ў сваёй сферы і недатычнасці да злачынстваў рэжыму. Усё гэта, а таксама пажаданні кандыдатаў і іх вопыт будуць высвятляць пры анкетаванні і на гутарках, дадзеныя ўдзельнікаў праграмы будуць захоўвацца асобна з ужываннем шыфраванняў і сістэм бяспекі. Пасля працэдуры верыфікацыі студэнтам прызначаць схему навучання і практыкі, ўсталююць тэрміны іх праходжання. Адзін толькі Варшаўскі ўніверсітэт падрыхтаваў за мінулыя 2 гады 45 спецыялістаў дыпламатычнага корпуса і апарата МЗС будучай Беларусі. У снежні залічаны яшчэ 15 слухачоў. І гэта не мяжа. Мы толькі на пачатку шляху.

  • Як народ Беларусі будзе вырашаць далейшы лёс Аляксандра Лукашэнкі

    Беларускі суд з прысяжнымі, Міжнародны трыбунал альбо рэферэндум — як народ Беларусі будзе вырашаць далейшы лёс Аляксандра Лукашэнкі? У калонцы для MOST разважае Павел Латушка «Правасуддзе» было хуткім. Спроба збегчы і арышт. Спехам арганізаваны трыбунал. Двухгадзінны суд па чатырох артыкулах, уключаючы «Генацыд». І неадкладны прысуд — нягледзячы на права абскарджання. Яе апошнімі словамі былі «За што? Я была вам маці». Яго — куплеты «Інтэрнацыянала» і «Я не заслугоўваю…» — заглушанае чаргой з дваццаці дзевяці куль. Чвэрцьвекавая эпоха дыктатуры Нікалае і Алены Чаўшэску завяршаецца каля 14:50 па бухарэсцкім часе. Ён казаў, што не заслугоўвае. Народ Румыніі вырашыў інакш. А што вырашыць беларускі? Эра Лукашэнкі ў нашай краіне, відавочна, таксама падыходзіць да канца. Якім будзе яе фінал? Мы не ведаем. Занадта шмат бед прынёс аўтакрат, які кіраваў Беларуссю 26 гадоў; дыктатар, які ўзурпаваў яе яшчэ на два. Занадта шмат разбурыў лёсаў. І ўсё ж беларусы — нацыя спакойных і разважлівых людзей — еўрапейцаў у лепшым разуменні слова. Спадзяюся і шчыра перакананы: мы ўсе знойдзем сілы здзейсніць правасуддзе сумленна і па законе — калі прыйдзе для гэтага час. Праз тры гады. Дзесяць. Ці заўтра. Як гэта можна ажыццявіць? Рэферэндум як волевыяўленне народа Часам беларусы згадваюць гэты варыянт як, на іх думку, найбольш справядлівы. Адзначым адразу: ён незаконны. Пытанне будучага лёсу дыктатара (нават калі гэта першы і, спадзяемся, апошні дыктатар у гісторыі краіны) банальна не ўваходзіць у кампетэнцыю выбарчай сістэмы ў цэлым і Цэнтрвыбаркама ў прыватнасці. Парушаецца прынцып падзелу ўлады, на якім грунтуецца дэмакратыя: судзіць толькі ўлада судовая, ЦВК — ставіцца хутчэй да выканаўчай. Гэта прынцыпова розныя «галіны» дзяржсістэмы. Да таго ж рэферэндум юрыдычна складзены і патрабуе не аднаго месяца падрыхтоўкі. Гэта высокая нагрузка на краіну ў транзітны перыяд, які і без таго простым не будзе. Увесь гэты час патрабавалася б забяспечваць бяспеку апошняга дыктатара Беларусі, а таксама належна аформіць заканадаўча яго знаходжанне ў ізалятары (што вельмі складана, бо прэцэдэнтаў такіх рэферэндумаў, па згаданых прычынах, у свеце няма). Але нават прадставіўшы сабе ў тэорыі такі варыянт, варта адзначыць іміджавыя выдаткі падобнага рашэння. Лукашэнка — не роўна Беларусь — мы не можам ставіць дыктатара вышэй нацыянальнага заканадаўства, «падганяючы» рэгламенты пад яго. Нават у выглядзе выключэння і нават ва ўгоду правасуддзя над ім. Дастаткова, што Лукашэнка сам «падганяў» законы Беларусі пад сябе амаль тры дзесяцігоддзі Адкладзеная адплата — Міжнародны трыбунал Першае, што прыходзіць у галаву большасці беларусаў, калі гаворка заходзіць аб пакаранні Лукашэнку за яго злачынства. Ці здзяйсняльна гэта? Здзяйсняльна. Але працэдура бюракратычна вельмі складаная, таму прысуд мы пачуем не хутка, калі наогул пачуем. Па вопыце трыбуналаў над ваеннымі злачынцамі Югаславіі і Руанды, на рахунку якіх масавы генацыд і этнічныя чысткі, прысуд Лукашэнку могуць вынесці гадоў праз 15−20. Пры ўсім пры гэтым скліканне трыбунала ўсё ж цалкам рэальная перспектыва. Суд у рамках універсальнай юрысдыкцыі Опцыя дазваляе дэлегаваць правасуддзе над Лукашэнкам дэмакратычнай краіне з развітой судова-прававой сістэмай і вопытам разгляду спраў аб злачынствах супраць чалавечнасці. Як варыянт, Вялікабрытаніі. Прававым абгрунтаваннем такога працэсу стануць механізмы ўніверсальнай юрысдыкцыі, у кампетэнцыі якой такія злачынствы (і іншыя асабліва цяжкія і масавыя) як раз і знаходзяцца. Такія дзеянні не маюць тэрміну даўнасці. Падазраванага могуць затрымаць амаль у любой краіне свету па запыце Інтэрпола або Еўрапола і аддаць суду ў любой з дзяржаў, прававая сістэма якой дазваляе арганізоўваць следства і правасуддзе па механізмах універсальнай юрысдыкцыі. Гэта куды хутчэй прысуду трыбунала, але таксама досыць доўга і бюракратычна складана; прычым заўсёды ёсць рызыка абвінавачванняў у адрас краіны, якая арганізуе працэдуру — у яе палітычнай зацікаўленасці, бо мы маем сітуацыю, калі адна дзяржава судзіць фармальнага кіраўніка іншай, хай і нелегітымнага. Аднак нават да арганізацыі ўласна суда механізмы ўніверсальнай юрысдыкцыі дазваляюць уключыць меркаванага злачынца ў афіцыйны спіс падазраваных з блакаваннем рахункаў і абвясціць у міжнародны вышук. І гэта вялікі плюс. Суд у Беларусі Гэта, мабыць, і ёсць верагодны зыход лёсу Лукашэнкі — суд народа, які дыктатар зрабіў сваім закладнікам. Як будзе праходзіць судовы працэс, залежыць шмат у чым ад таго, як будуць развівацца падзеі беларускай рэвалюцыі, якая паставіць крыж на кіраванні дыктатара. Мы разгледзім прававы сцэнарый — наколькі яго магчыма арганізаваць у транзітны перыяд, пачынаючы з першых дзён. Вось прыкладны алгарытм. Арышт Аляксандра Лукашэнкі і закрыццё межаў Беларусі. Перавод праваахоўнікаў на асаблівы рэжым службы. Затрыманне злачынцаў рэжыму і прад’яўленне абвінавачванняў. Арганізацыя выбараў у парламент — упершыню дэмакратычных. Фарміраванне праз пераабраны парламент новага складу Вярхоўнага суда. Стварэнне паралельна люстрацыйнай камісіі — не як карнага органа, а як інструмента вызначэння кампетэнтных і бяспечных для новых дэмакратычных інстытутаў дзяржчыноўнікаў. Агульнанацыянальны дыялог. Дэбаты і шырокае грамадскае абмеркаванне будучыні Беларусі, Лукашэнкі і злачынстваў беларускага рэжыму ва ўсіх інфармацыйных рэсурсах краіны. Пры гэтым знешняя адкрытасць і свабодная акрэдытацыя замежнай прэсы на ўсіх этапах транзітнага перыяду і нацыянальнага дыялогу. Арганізацыя судовага працэсу. Адна з магчымых яго мадэляў — суд прысяжных — для больш шырокага грамадзянскага прадстаўніцтва і ўключэння ў працэс беларусаў, не ангажаваных парламентам або Вярхоўным судом. Пры гэтым гіпатэтычны суд прысяжных, які прымае рашэнне пра лёс экс-прэзідэнта, абвінавачанага як у міжнародных злачынствах, так і злачынствах супраць уласнага народа — беспрэцэдэнтная мера, таму павінна сур’ёзна абмяркоўвацца членамі парламента і юрыстамі. Незалежна ад формы арганізацыі працэсу, заканадаўчай базай, хутчэй за ўсё, стане Крымінальны кодэкс Беларусі бягучай рэдакцыі. На яго падставе Вярхоўны суд (пры ўдзеле суда прысяжных ці іншым чынам) павінен прыняць рашэнне аб адказнасці Лукашэнкі за злачынствы, учыненыя на пасадзе прэзідэнта і ў перыяд незаконнага ўтрымання ўлады. У выпадку, калі вердыкт сапраўды вынесуць па законах, якія дзейнічалі пры аўтакраце, верагодным прысудам стане пажыццёвае зняволенне пры разуменні, што пераходны ўрад увядзе неадкладны мараторый на смяротнае пакаранне з першых дзён транзітнага перыяду. Так ці інакш, выснова напрошваецца адна. Выбар, як аб’ектыўна ацаніць учынкі і рашэнні першага і апошняга дыктатара незалежнай Беларусі, іх наступствы; якую справядлівую адказнасць палітык панясе за іх, павінен належаць закону і народу — і толькі ім. Прытым галоўнай умовай павінна стаць празрыстасць і адсутнасць сумненняў у непадкупнасці ўдзельнікаў працэсу. Любое парушэнне дасць падставу заявіць аб расправе над дыктатарам і падштурхне яго прыхільнікаў да рэваншызму. Правасуддзе над Лукашэнкам не помста і нават не закрыццё «палітычнага гештальту». Гэта складаны грамадзянскі кансэнсус, агульнанацыянальнае падвядзенне вынікаў самай трагічнай эпохі ў сучаснай беларускай гісторыі. Гэта першы і, напэўна, самы важны экзамен, якi павінна годна прайсці грамадства краіны, якая рыхтуецца стаць дэмакратыяй — у лепшым разуменні гэтага слова. Аб’яднаць беларусаў, а не падзяліць іх.

  • Павел Латушка і Аліна Коўшык сустрэліся з дзяржсакратаром Міністэрства адукацыі і навукі

    Аб’яднаны Пераходны Кабінет дамовіўся, што Польшча надалей будзе прызнаваць беларускія дыпломы аб адукацыі, нягледзячы на скасаванне рэжымам Лукашэнкі беларуска-польскага пагаднення Намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка і прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык сустрэліся з дзяржсакратаром Міністэрства адукацыі і навукі, паўнамоцным прадстаўніком урада Польшчы па пытаннях развіцця і міжнародных адносінаў у галіне адукацыі і навукі Томашам Жымкоўскім і дырэктарамі дэпартаментаў Міністэрства адукацыі і навукі Польшчы. «Мы надалей будзем прызнаваць беларускія пасведчанні і дыпломы. Для нас пагадненне працягвае дзейнічаць», — адказаў Томаш Жымкоўскі на прапанову прадстаўнікоў Кабінета праігнараваць рашэнне рэжыму Лукашэнкі аб скасаванні беларуска-польскага пагаднення аб узаемным прызнанні дыпломаў. Таксама прадстаўнікі Кабінета абмеркавалі магчымасць сумеснага з польскімі ўладамі рашэння, якое б зрабіла апастылі ад беларускіх уладаў непатрэбнымі, а адсутнасць сертыфіката ЦТ — не перашкаджала б пры паступленні ў Польшчы беларускім абітурыентам, калі яны не могуць яго атрымаць з-за рэпрэсій ці іншых паважных прычын. Дамоўлена, што пры станоўчым рашэнні польскіх уладаў, прадстаўнікі Аб’яднага Пераходнага Кабінета Беларусі разам з Міністэрствам адукацыі і навукі Польшчы сумесна распрацуюць адпаведныя інструкцыі ў гэтай справе. Было разгледжана пытанне рэпрэсаваных навучэнцаў беларускіх каледжаў. Прадстаўнікі Кабінета дамовіліся, што яны распрацуюць працэдуру, па якой рэпрэсаваныя беларускія студэнты змогуць дабіцца для сваёй няскончанай беларускай сярэднеспецыяльнай адукацыі статусу скончанай, што дасць ім магчымасць працягнуць навучанне ў Польшчы. Таксама было абмеркавана стварэнне сеткі суботніх школ па вывучэнні беларускай мовы, літаратуры і гісторыі з магчымасцю выдачы дыпломаў па ўзоры, зацверджаным Аб’яднаным Пераходным Кабінетам. Польскі бок выказаў зацікаўленасць у прыняцці на працу беларускіх настаўнікаў пасля настрыфікацыі іх дыпломаў. Асобна была закранута тэма павелічэння колькасці стыпендый для беларускіх студэнтаў і магчымасці больш шырокага інфармавання аб іх. Для дасягнення практычных вынікаў па вызначаных напрамках сумеснай дзейнасці будзе створана рабочая група па прыкладзе супрацоўніцтва Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі з Міністэрствам унутраных спраў і адміністрацыі, Міністэрствам спорту і турызму Польшчы.

  • «Беларусь у працэсе»

    Тэзісы выступлення намесніка кіраўніка Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Паўла Латушкі на паказе фільма «Беларусь у працэсе», прысвечаным масавым фактам гвалту супраць грамадзян Беларусі і праблематыцы прымянення ўніверсальнай юрысдыкцыі ў краінах ЕС Музей Вольнай Беларусі 15 снежня 2022 года Які вобраз паўстае ў вас у галаве калі вы чуеце слова Беларусь? Я не хачу быць палонным стэрэатыпаў, але я заўсёды ўяўляў добрую маладую дзяўчыну са светлымі валасамі ў нацыянальным касцюме. Яна жыве з вамі ў адным доме. Хтосьці сусед па лесвічнай клетцы, а хтосьці на розных паверхах, але ўсе ведаюць пра тое, што яна і яе дзеці кожны дзень на працягу 2,5 гадоў падвяргаюцца гвалту і катаванням. Так, суседзі выказвалі спачуванне, заклапочанасць і дапамагалі ёй чым маглі. Але калі яна атрымлівала дапамогу — яна падвяргалася яшчэ большаму збіццю. І калі таму, хто ажыццяўляе гэты гвалт, стала ясна, што ён можа працягваць рабіць з ёй усё, што заўгодна, адбылося яшчэ больш страшнае. Яшчэ адзін вобраз прыгожай дзяўчыны, але ўжо ў іншым нацыянальным касцюме, проста захацелі забіць і амаль гэта зрабілі. Тут я кажу пра Украіну. Перакананы, што вайна ва Украіне не была б магчымая, калі б рэжым Лукашэнкі не ўстояў. Заплюшчваючы вочы на маленькі гвалт, робячы выгляд, што мы не чуем крыкаў ад болю людзей, якія пакутуюць — становяцца магчымымі яшчэ большыя і страшныя гвалт і несправядлівасць. Я нездарма праводжу такую паралель. Можна назваць колькасць палітычных зняволеных, лічбы людзей, якія прайшлі праз турмы і затрыманні, катаванні і здзекі, але гэтыя дадзеныя мы перадаем на ўсіх сустрэчах з еўрапейскімі палітыкамі і дыпламатамі. Але калі гэтыя лічбы на паперы, яны падобныя на статыстыку. Але жыццё чалавека — гэта не статыстычная памылка. Кожны, хто перажыў катаванні, прыніжэнне і гвалт, атрымаў траўму на ўсё жыццё. Але пацярпелыя не хочуць помсты. Тут у Еўропе яны хочуць таго, каб тыя каштоўнасці, на падмурку якіх і з’явілася еўрапейская цывілізацыя — гуманізм, права, закон, яны проста выконваліся. Не на словах, а на справе. Паверце, здымачная група не ставіла сваёй задачай у чарговы раз жахнуць вас зверствамі паслугачоў рэжыму, якія яны тварылі ў жніўні дваццатага года і працягваюць тварыць да гэтага часу. Менавіта ў гэтую секунду ў Беларусі кагосьці затрымліваюць, арыштоўваюць, трымаюць у турме, збіваюць або трымаюць у катавальнай камеры. Гэты фільм — гісторыя трох ахвяр, якія пацярпелі ад катаванняў, вымушаныя зноўку будаваць жыццё за мяжой, але працягваюць жыць і змагацца, дамагаючыся справядлівасці і правасуддзя з дапамогай механізмаў універсальнай юрысдыкцыі. Уявіце, праз што прайшлі гэтыя людзі. 40 чалавек у чатырохмясцовых камерах плошчай 8 квадратных метраў. Сон, а хутчэй проста страта свядомасці- на падлозе, на стале, на металічных нарах без матраца. 2 літра вады на ўсіх. Адсутнасць ежы. І боль, боль і яшчэ раз боль. Фізічны і маральны. Тыя людзі, якія перажылі гэты боль, хочуць толькі аднаго — пакарання для вінаватых. А калі ўжо зусім проста — то справядлівасці. У нашай роднай Беларусі яе знішчылі, гэтак жа як і грамадзянскую супольнасць. Рашэннем дыктатара і ягоных паслугачоў. Але беларусы вераць, што справядлівасць яшчэ засталася тут — у Еўропе. У мяне няма сумневаў, што і ў тых, хто прыйшоў сёння на паказ фільма, ёсць разуменне таго, наколькі важная для нас справядлівасць. Кожны з вас здольны данесці да вашых сталіц (і тут я звяртаюся да прадстаўнікоў замежнага дыпкорпуса) тэзіс аб неабходнасці якасна і поўна, без фармалізму разглядаць справы аб катаваннях у рамках інструмента ўніверсальнай юрысдыкцыі і аб’яўляць падазраваных у вышук на падставе Канвенцыі ААН супраць катаванняў і нацыянальнага заканадаўства. Абвясціць у вышук, апублікаваць прозвішчы — гэта першы крок да справядлівасці. Зрабіць яго можаце менавіта вы. Гэты інструмент ужо не ў нас у руках, а ў вас. Еўропа сёння разам з беларускім народам праходзіць тэст: мы на здольнасць дамагчыся дэмакратычных пераменаў, нягледзячы на масавы тэрор і гвалт у дачыненні да нашага народа, а Еўропа — тэст на здольнасць прымяніць права, яго нацыянальныя інструменты для таго, каб паказаць беларусам, што каштоўнасці Еўропы існуюць не толькі на паперы. І гэта не завышаныя нашыя чаканні. Праінфармуйце сваіх міністраў юстыцыі і генеральных пракурораў. Разумею, што беларусы не грамадзяне вашых краін, але беларусы такія ж еўрапейцы, як і вы. Невялікія, але істотныя дапаўненні: — У бліжэйшы час сотні беларусаў, якія пражываюць за мяжой будуць асуджаныя завочнымі судамі да гадоў пазбаўлення волі, а пасля (ужо прыняты закон) будуць пазбаўленыя грамадзянства. Такая практыка ўжо ў гісторыі ўжывалася ў часы нацысцкай Германіі. У 2023 годзе ў ЕС могуць з’явіцца тысячы апатрыдаў, незаконна пазбаўленых грамадзянства нелегетымным, непрызнаным ЕС і беларускім народам рэжымам. Сябры, напярэдадні светлых добрых святаў я прашу вас дапамагчы здзейсніцца маленькаму цуду. У такія цяжкія і цёмныя часы гэта будзе ўсяляць надзею той дзяўчыне, пра якую я казаў у пачатку выступлення, што боль і страх скончацца і яна больш ніколі не будзе пакутаваць. Свабодная, незалежная і шчаслівая. Беларусь гэта заслужыла.

  • Аб планах па выкарыстанні механізмаў універсальнай юрысдыкцыі

    Прэс-рэліз Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі 2 снежня 2022 Як пісаў італьянскі юрыст Чэзарэ Бекарыя: «Непазбежнасць пакарання, нават умеранага, заўсёды робіць мацнейшае ўражанне, чым страх падвергнуцца самаму суроваму пакаранню, калі пры гэтым існуе надзея на беспакаранасць». Менавіта таму Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі ставіць перад сабою мэтаю прыняць усе неабходныя і магчымыя прававыя меры, закліканыя забяспечыць непазбежнае і справядлівае пакаранне для асоб, якія ўчынілі злачынствы супраць чалавечнасці, ваенныя злачынствы, а таксама акты міжнароднага тэрарызму. Тым самым ажыццявіць прававы ціск на рэжым Лукашэнкі, які, па нашым меркаванні, будзе спрыяць: адмове датычных асоб пад рознымі падставамі ад далейшай злачыннай дзейнасці, у тым ліку на мяжы з Еўрапейскім Звязам; паніжэнню ўзроўню рэпрэсій па палітычных матывах у дачыненні да грамадзян Беларусі, а магчыма і пэўнаму расколу ў шэрагах так званых праваахоўнікаў; сабатажу злачынных загадаў па непасрэдным уступленні беларускіх вайскоўцаў у баявыя дзеянні на тэрыторыі Украіны. Па стане на снежань 2022 года ў чатырох краінах пададзена звыш 10 заяў ад не менш як 50 асоб аб прыцягненні да адказнасці канкрэтных шэраговых выканаўцаў, якія здзяйснялі гвалт і катаванні, а таксама іх кіраўнікоў. Яшчэ ў дзвюх краінах вядзецца праца па падрыхтоўцы матэрыялаў. На падставе аналізу праблемных момантаў у прымяненні механізмаў універсальнай юрысдыкцыі Кабінет ужо накіраваў прапановы шэрагу краін (Чэхія і Польшча), каб упаўнаважаныя органы (МЗС, Парламент) далі тлумачэнні, як следчыя і іншыя органы павінны ўлічваць у сваёй дзейнасці асаблівасці крызісу ў Беларусі (напрыклад, не ўжываць асобныя нормы заканадаўства, якія абавязваюць узаемадзейнічаць з прадстаўнікамі рэжыму Лукашэнкі). У якасці самага лепшага вырашэння праблем прапанавана ўнесці змены ў нацыянальнае заканадаўства. Будуць прыняты захады па заключэнні пагадненняў паміж Аб’яднаным Пераходным Кабінетам Беларусі і шэрагам краін (у першую чаргу, Польшча і Літва) аб узаемнай прававой дапамозе. Гэта дасць дзяржаўным органам легальную магчымасць прадстаўляць Кабінету асноўную інфармацыю па адпаведных справах. Дадаткова такія пагадненні могуць быць пашыраны на сферу абароны правоў бежанцаў і іншых грамадзян Беларусі за мяжой (верыфікацыя па візавых пытаннях і іншае). У дадзены момант рыхтуюцца хадайніцтвы аб аб’яўленні ў вышук падазраваных асоб (раней гэта было немагчыма, паколькі не былі пройдзены пэўныя працэсуальныя стадыі). Дадзены крок з’яўляецца нашай галоўнай прамежкавай мэтай. Бачыцца мэтазгодным стварэнне сумеснай следчай групы з Польшчай, Літвой, Германіяй, Швецыяй, Нарвегіяй, Чэхіяй, а таксама Украінай па расследаванні злачынстваў па фактах прымянення катаванняў і гвалту да грамадзян Беларусі з 2020 года. Пры Кабінеце фарміруецца працоўная група з прадстаўнікоў дэмакратычных структур, праваабаронцаў, адвакатаў, асноўнай мэтай якой стане распрацоўка стратэгіі далейшай працы па напрамку універсальнай юрысдыкцыі. Нам важная падтрымка ў гэтым пытанні кожнага юрыста, праваабаронцы, палітыка, журналіста і кожнага беларуса, якія вераць у ідэалы правасуддзя, справядлівасці і непазбежнасці пакарання.

  • Прызнанне рэжыму Лукашэнкі дзяржаўным тэррарызмам

    Прэс-рэліз Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі 2 снежня 2022 Са жніўня 2020 года Аляксандр Лукашэнка і прадстаўнікі яго рэжыму здзяйсняюць цэлы шэраг злачынстваў на нацыянальным і міжнародным узроўнях. Да такіх злачынстваў адносяцца грубыя парушэнні правоў чалавека грамадзян Беларусі і замежных грамадзян, злачынствы супраць чалавечнасці, угон самалёта, гібрыдная міграцыйная вайна, саўдзел у агрэсіі Пуціна ў дачыненні да Украіны. Гэтыя злачынствы дагэтуль застаюцца беспакаранымі. Так, Аляксандр Лукашэнка фактычна захапіў уладу, здзейсніўшы «фальсіфікацыю выбараў», яго рэжым ажыццявіў знішчэнне грамадзянскай супольнасці шляхам незаконных затрыманняў і незаконных прысудаў за антырэжымныя погляды, і ўсё гэта суправаджалася і суправаджаецца бясконцымі бесчалавечнымі катаваннямі. Праз масавыя арышты ў Беларусі прайшлі больш за 60 000 чалавек, больш за 40 000 з іх падвергліся катаванням, у турмах утрымліваюцца 1446 палітвязняў, узбуджана не менш за 4691 крымінальнай справы па палітычных матывах, 1469 чалавек прызнаныя экстрэмістамі. 11 чалавек-чыгуначныя партызаны, якія праводзілі акцыі па спыненні паставак зброі расейскай арміі падчас нападу на Украіну з тэрыторыі Беларусі, прызнаныя рэжымам Лукашэнкі тэрарыстамі. Акрамя таго, 23 мая 2021 года ўлады Лукашэнкі здзейснілі незаконную прымусовую пасадку рэйса 4978 авіякампаніі Ryanair, які перавозіў больш за 100 пасажыраў па маршруце Афіны-Вільня у Мінску ў адказ на меркаваную пагрозу бомбы на борце самалёта. Пасля расследавання ІКАО ўстаноўлена, што рэжым Лукашэнкі сфабрыкаваў пагрозу з мэтай арышту беларускага журналіста і палітычнага актывіста, які ў розшуку беларускім урадам. Гэты акт паветранага пірацтва з’яўляецца яшчэ адным злачынствам тэрарызму, учыненым Лукашэнкам, якое павінна прывесці яго да міжнароднай крымінальнай адказнасці. Больш таго, пасля расійска-беларускіх ваенных вучэнняў «Саюзная рашучасць 2022», якія праходзілі ў Беларусі з 10 па 20 лютага, рэжым Лукашэнкі падтрымлівае і фінансуе Расійскую Федэрацыю — дзяржаву, якая прызнана тэрарыстычнай. Апагеем гэтай сітуацыі стала саўдзел лукашэнкаўскага рэжыму ў вайне супраць Украіны шляхам прадастаўлення сваёй тэрыторыі расійскім войскам для нападу на паўночныя раёны Украіны, аказання расійскай арміі розных відаў падтрымкі - ад медыцынскай дапамогі і абслугоўвання тэхнікі да забеспячэння расійскай арміі ўласнай зброяй, а таксама размяшчэння ракетных комплексаў і прадастаўлення беларускіх аэрадромаў для палётаў знішчальнікаў для паветраных атак на Украіну. Вышэназваныя злачынствы рэжыму ўяўляюць сабой тэрарызм, так як у адпаведнасці з нацыянальным і міжнародным заканадаўствам, тэрарызмам у тым ліку прызнаюцца злачынныя дзеянні супраць грамадзянскага насельніцтва, учыненыя з намерам прычыніць смерць або сур’ёзныя цялесныя пашкоджанні з мэтай выклікаць стан тэрору ў насельніцтва, запалохаць насельніцтва або прымусіць урад або міжнародную арганізацыю здзейсніць або ўстрымацца ад здзяйснення якога-небудзь дзеянні. Больш за тое, злачынныя дзеянні рэжыму Лукашэнкі адпавядаюць пяці з адзінаццаці відаў дзяржаўнага тэрарызму, замацаваным Жэнеўскай дэкларацыяй аб тэрарызме. Відавочна, што дзеянні нелегітымнага рэжыму Лукашэнкі-масавыя і сістэматычныя парушэнні правоў чалавека, катаванні і пазасудовыя расправы з мэтай запалохвання насельніцтва Беларусі пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў, ілжывая пагроза выбуху бомбы для захопу самалёта, саўдзел у злачынстве агрэсіі супраць Украіны — даюць шырокія падставы для кваліфікацыі гэтых фактаў як тэрарыстычнай дзейнасці. Каманда Аб’яднанага пераходнага Кабінета ўжо падрыхтавала і перадала факталагічнае і прававое абгрунтаванне для прызнання рэжыму Лукашэнкі на міжнародным узроўні дзяржаўным тэррарызмам і на дыпламатычным узроўні сумесна з дэмакратычнымі краінамі, перш за ўсё краінамі ЕС, ЗША, Канады, Вялікабрытаніі зараз ўзгадняе неабходны механізм такога прызнання. Палітычныя рашэнні аб прызнанні рэжыму Лукашэнкі дзяржаўным тэррарызмам адыграюць важную ролю ў міжнароднай ізаляцыі рэжыму Лукашэнкі, спыненні яго фінансавання з замежных крыніц, стварэнні перадумоў для пачатку незалежнага міжнароднага расследавання ўчыненых злачынстваў.

  • Новы міністр замежных спраў дыктатара

    Павел Латушка пра Сяргея Алейніка Характарызуючы Сяргея Алейніка, трэба сказаць, што мы яшчэ два месяцы таму з нашых крыніц у сістэме МЗС і атачэння Лукашэнкі атрымалі інфармацыю аб тым, што Алейнік разглядаецца на пасаду міністра замежных спраў замест Макея. У дачыненні да яго былі распачатыя ўсе неабходныя праверкі. Пра гэта таксама ведаў і Макей — гэта неабходна прыняць да ўвагі. Алейнік з’яўляўся блізкім сябрам Макея, разам з жонкай былі сведкамі на вяселлі Уладзіміра Макея і Веры Паляковай-Макей. У апошні час склалася ўражанне, што ў іх дружбе намеціўся раскол, які можна звязаць з тым, што Макею стала вядома пра тое, што Алейнік рыхтуецца замяніць яго на пасадзе міністра замежных спраў. Сяргея Алейніка я ведаю з перыяду яго працы на пасадзе начальніка службы дзяржаўнага пратакола МЗС Беларусі. Служба дзяржаўнага пратакола забяспечвае ўсе візіты Лукашэнкі за межы краіны — афіцыйныя і неафіцыйныя, начальнік службы знаходзіцца ў непасрэднай блізкасці каля дыктатара пры правядзенні гэтых візітаў. Таксама ён забяспечвае ўсе пратакольныя мерапрыемствы з удзелам дыктатара ўнутры краіны. Такім чынам, у той перыяд Алейнік атрымаў пэўную ступень даверу і камунікацыю з Лукашэнкам. Трэба разумець, што дыктатар не прызначае на такія пасады людзей, якіх ён дасканала не вывучыў або калі ён мае хоць найменшы недавер да чалавека. Сяргей Алейнік працаваў таксама пастаянным прадстаўніком Беларусі ў Жэневе і адначасова паслом Беларусі ў Ватыкане і пры Мальтыйскім Ордэне. Менавіта Алейнік стаіць за перамовамі з Ватыканам па цяперашняй сітуацыі ў Беларусі. Перш за ўсе, з ім праводзяць кансультацыі паслы заходніх краін, тыя, што засталіся ў Беларусі. Так што яго роля ў камунікацыі з Ватыканам можа прадстаўляць пэўную цікавасць для Лукашэнкі. За апошні час Алейнік тройчы выязджаў у Швейцарыю для кантактаў са швейцарскай фірмай, якая займаецца вырашэннем канфліктаў у розных частках свету, у тым ліку адказвала за вырашэнне канфлікту ў сувязі з анэксіяй Крыма, што дэманструе яе адносную «эфектыўнасць». Прадстаўнікі гэтай фірмы прыязджалі на сустрэчу да Макея і ў адміністрацыю Лукашэнкі. За ўсімі гэтымі перамовамі стаіць Алейнік. У перыяд працы паслом у Вялікабрытаніі на працягу 6 гадоў Алейнік аброс досыць шырокімі сувязямі ў элітах Вялікабрытаніі, што, тэарэтычна, таксама можа быць выкарыстана рэжымам у сваіх інтарэсах. Алейнік таксама апошнім часам ажыццяўляў камунікацыю з некаторымі чыноўнікамі Еўракамісіі. Алейнік — гэта дастаткова шматслоўны чалавек, які вельмі цяжка перадае сутнасць пытанняў, адданы сістэме і асабіста Лукашэнку цалкам, для якога нацыянальная самасвядомасць, беларуская мова і культура не знаходзяцца ў яго асабістым парадку дня, але ён адначасова той, хто схільны ўсталёўваць камунікацыі з Захадам. Таму, дзве галоўныя прычыны, па якіх Лукашэнка прыняў такое рашэнне: асабісты давер; наяўнасць неабходных сувязяў. Дадзенае прызначэнне можа сведчыць аб жаданні Лукашэнкі паменшыць уплыў Расіі і павялічыць камунікацыю з Захадам. Разам з тым, мяркую, нічога істотнага ні салдат Лукашэнкі Алейнік, ні сам дыктатар не могуць прапанаваць сёння Захаду.

  • Чэхія разгледзіць магчымасць прызнання КДБ і ГУБАЗіК тэрарыстычнымі арганізацыямі

    Намеснік кіраўніка Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Павел Латушка правёў у Празе сустрэчу з кіраўніком ніжняй палаты Парламента Чэхіі Маркетай Адамава Раней, падчас сустрэчы Паўла Латушкі і Маркеты Адамавай у Варшаве, была дасягнутая дамоўленасць аб правядзенні адмысловай дыскусіі па тэматыцы Беларусі ў парламенце Чэхіі. Патранат над гэтым мерапрыемствам прыняла асабіста кіраўніца парламенту Чэшскай Рэспублікі. Падчас размовы старшыня парламенту праінфармавала аб ходзе рэалізацыі тых дамоўленасцей, якія былі дасягнуты падчас першай сустрэчы ў Варшаве. Маркета Адамава праінфармавала, што прапанавала накіраваць падпісаны па яе ініцыятыве ліст жанчынамі-кіраўнікамі парламентаў Кіпру, Літвы, Польшчы, Германіі і Бельгіі са зваротам аб вызваленні Дар'і Лосік. Абяцала далей падтрымліваць усе магчымыя крокі па вызваленню палітвязняў. Прэзідэнтам Чэхіі падпісаны чэшскі «акт Магніцкага», які дае магчымасці на нацыянальным узроўні чэшскаму ўраду прымяняць нацыянальныя санкцыі ў адносінах да рэжыму Лукашэнкі за рэпрэсіі супраць беларусаў і саўдзел у агрэсіі супраць Украіны. Павел Латушка перадаў старшыні парламенту прапановы аб увядзенні нацыянальных санкцый у адносінах да некалькіх сот прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі: суддзяў, чыноўнікаў, прапагандыстаў, парламентарыяў, якія павінны адказваць за рэпрэсіі ў адносінах да беларусаў, якім павінны быць забаронены ўезд у Чэхію, у Еўрапейскі саюз. Кіраўніца парламенту праінфармавала аб тым, што правела адмысловую сустрэчу з міністрам замежных спраў Чэхіі, дзе яны абмеркавалі далейшыя крокі па падтрымцы беларускага грамадства ў гэты складаны перыяд. Сярод такіх крокаў будзе ўважліва разгледжана прапанова аб прызнанні КДБ і ГУБАЗіК МУС тэрарыстычнымі арганізацыямі ў Чэшскай Рэспубліцы, таксама адбудзецца абмеркаванне на ўрадным узроўні магчымасцяў выкарыстання інструментаў універсальнай крымінальнай юрысдыкцыі. Павел Латушка прывёў у якасці прыклада рэзалюцыю Сойму Літвы па праблематыцы правоў чалавека ў Беларусі, у якой утрымліваюцца ўжо згаданыя тэзісы. Чэшскія парламентарыі ў камітэце па замежных справах абмяркуюць магчымасць прыняцця адмысловай рэзалюцыі на ўзроўні чэшскага парламенту — абяцанне Маркеты Адамавай. Асаблівая ўвага была нададзена абмеркаванню праблематыкі, звязанай з саўдзелам рэжыму Лукашэнкі ў агрэсіі Расіі супраць Украіны і прымянення міжнародных інструментаў адказнасці ў адносінах да рэжыму за злачынства супраць Украіны і ўкраінскага народу. Пасля завяршэнні сустрэчы ў парламенце Чэхіі адбылася арганізаваная кіраўніком парламенту дыскусія аб праблематыцы Беларусі, дамоўленасць аб правядзенні якой была дасягнутая падчас сустрэчы Паўла Латушкі і Маркеты Адамавай у Варшаве. У дыскусіі прысутнічалі і прынялі ўдзел паслы і дыпламаты Украіны, Еўрапейскага саюзу і іншых краінаў свету, чэшскія парламентарыі і супрацоўнікі апарату парламенту, таксама прадстаўнікі СМІ, грамадскасці. Павел Латушка асабліва падкрэсліў важнасць таго, што Чэхія становіцца адным з лідараў у Еўропе па падтрымцы беларускага грамадства да пабудовы дэмакратычнай краіны. Таксама Павел Латушка даў інтэрвʼю цэнтральным СМІ Чэхіі, падкрэсліваючы важнасць раздзяляць рэжым Лукашэнкі і беларускае грамадства і не забываць пра драматычную сітуацыю, якая складваецца ў Беларусі.

  • Місія дэмакратычнай Беларусі ў Бруселі

    Намеснік кіраўніка НАУ Уладзімір Астапенка пра Пераходны Кабінет і Прадстаўніцтва ў Бруселі Чым вы зараз займаецеся ў Аб'яднаным Пераходным Кабінеце Беларусі? Я займаюся пытаннямі, звязанымі з фармаваннем прыярытэтаў і плана дзеянняў Кабінета. Вельмі складана сцісла апісаць увесь вялікі аб'ём працы, які нам сёння прыходзіцца праробліваць, але ў аснове гэтай працы галоўная тэза: стварыць усе неабходныя ўмовы для абароны суверэнітэту і незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Мы канстатуем, што Беларусь з'яўляецца фактычна акупіраванай расейскімі войскамі. Мы бачым, як нелегітымны рэжым Лукашэнкі губляе суверэнітэт у розных сферах, пачынаючы з ваенна-палітычнай і працягваючы гаспадарчымі і любымі іншымі пытаннямі. Таму задача забеспячэння незалежнасці і суверэнітэту Беларусі — гэта галоўная задача ў знешнепалітычным парадку дня Кабінета, якой мы займаемся падчас нашых сустрэч з міжнароднымі партнёрамі, выступаючы на міжнародных канферэнцыях, падтрымліваючы кантакты з палітыкамі высокага ўзроўню ва ўсіх еўрапейскіх краінах. Вельмі важна адзначыць, што мы сустракаем іх разуменне, гатоўнасць аказваць нам усялякае садзейнічанне ў гэтай рабоце, і мы ўпэўнены, што з гэтай падтрымкай міжнародных партнёраў мы зможам забяспечыць вырашэнне гэтай задачы. Калі прадстаўніцтва дэмакратычнай Беларусі ў Брусэлі будзе адкрытае для беларусаў? Я рады аб'явіць аб тым, што Місія дэмакратычнай Беларусі ў Бруселі адчыняе свае дзверы для беларусаў. Мы ўжо запланавалі на снежань правядзенне шэрагу інфармацыйных і аналітычных мерапрыемстваў па актуальных праблемах Беларусі. Запрашаю ўсіх жадаючых далучацца да іх. Місія ў Брусэлі адкрытая для ўсіх беларусаў, і мы спадзяемся, што гэты пункт на мапе Еўропы стане чарговым месцам прасоўвання беларускіх нацыянальных інтарэсаў.

  • Працэс прызнання КДБ і ГУБАЗіК тэрарыстычнымі арганізацыямі

    Прэс-рэліз Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі 2 снежня 2022 З чэрвеня 2020 года сілавыя структуры КДБ і ГУБАЗіК, цалкам падкантрольныя Лукашэнку, здзейснілі шэраг тэрарыстычных злачынстваў на нацыянальным і міжнародным узроўнях. Да такіх злачынстваў адносяцца масавыя парушэнні правоў чалавека як грамадзян Беларусі, так і замежных грамадзян, злачынствы супраць чалавечнасці, захоп самалёта Ryanair, выкарыстанне замежных грамадзян у развязанай рэжымам Лукашэнкі гібрыднай міграцыйнай вайне на межах Беларусі і ЕЗ. Аднак, нягледзячы на нядаўнюю прынятую рэзалюцыя Еўрапарламента ад 23 лістапада 2022 года, у якой ЕЗ заклікае рэжым Лукашэнкі спыніць пераслед, катаванні і жорсткае абыходжанне з народам Беларусі, уключаючы гвалт жанчын і ўразлівых груп і гвалтоўныя знікненні, падпарадкаваныя Лукашэнку структуры, з асаблівай стараннасцю, працягваюць здзяйсняць у Беларусі гэтыя злачынствы ў гэты момант. Злачынствы, здзяйсняныя дадзенымі арганізацыямі, задакументаваныя ў: Справаздачы АБСЕ ў рамках Маскоўскага механізму аб парушэннях правоў чалавека ў сувязі з прэзідэнцкімі выбарамі 9 жніўня 2020 года ў Беларусі; Дакладах Міжнароднага камітэта па расследаванні катаванняў у Беларусі, Справаздачах Праваабарончага цэнтра «Вясна»; Дакладах беларускіх праваабарончых арганізацый аб сітуацыі з правамі чалавека ў Поствыбарчы перыяд, апублікаваны Беларускім Хельсінскім камітэтам. Вызначэнне дзеянняў, па сваім характары або кантэксту якія з’яўляюцца тэрарызмам, змяшчаецца ў шэрагу міжнародных прававы актаў і прававое рэгуляванне ў дачыненні да дадзеных злачынстваў змяшчаецца ў мінімум пяці міжнародных канвенцыях. Напрыклад, Дырэктыва 2017/541 ад 15 сакавіка 2017 года аб барацьбе з тэрарызмам падтрымлівае рэзалюцыю 1566 (2004) Савета Бяспекі ААН ад 8 кастрычніка 2004 і ўключае ў тэрарыстычныя злачынствы «напады на жыццё чалавека, якія могуць прывесці да смерці» або «на фізічную недатыкальнасць чалавека», накіраваныя на «сур'ёзнае запалохванне насельніцтва» або «сур'ёзную дэстабілізацыю або разбурэнне фундаментальных палітычных, канстытуцыйных, эканамічных ці сацыяльных структур краіны». А Канвенцыя Савета Еўропы аб папярэджанні тэрарызму (CETS 196) устанаўлівае, што тэрарыстычныя злачынствы і злачынствы супраць чалавечнасці, кім бы яны ні здзяйсняліся, ні пры якіх абставінах не могуць быць апраўданыя меркаваннямі палітычнага, філасофскага, ідэалагічнага, расавага, этнічнага, рэлігійнага ці іншага падобнага характару. У выпадку немагчымасці прадухілення дадзеных злачынстваў члены Савета Еўропы абавязваюцца пераследваць і забяспечваць, каб такія злачынствы караліся мерамі пакарання, якія ўлічваюць іх цяжкі характар. Сабраныя доказы і міжнародная заканадаўчая база ў поўнай меры дае дэмакратычным дзяржавам права прызнаць дадзеныя арганізацыі тэрарыстычнымі. Камандай прадстаўніка Аб’яднанага пераходнага Кабінета Беларусі па транзіце ўлады падрыхтавана і накіравана ў Міністэрства юстыцыі і парламенты дэмакратычных краін шэрагу краін разгорнутае прававое абгрунтаванне, якое змяшчае больш за 50 фактаў тэрарыстычных злачынстваў, учыненых за апошнія 2 гады КДБ і ГУБАЗіК, якое ў поўнай меры дазваляе дадзеным краінам прыняць рашэнне аб прызнанні КДБ і ГУБАЗіК тэрарыстычнымі арганізацыямі як на лакальным, так і на міжнародным узроўнях. Што чакае членаў КДБ і ГУБАЗіК пасля прызнання? Кожны з чальцоў гэтых «груповак» сустрэне крымінальны пераслед за сваю тэрарыстычную актыўнасць з боку дэмакратычных дзяржаў, а іх не менш за 166 з 197. У кожнай з гэтых краін іх чакае арышт і турэмныя тэрміны не менш за 10 гадоў і да пажыццёвага зняволення. Грошы, атрыманыя ад рэжыму яны таксама не змогуць захаваць — па дадзеных злачынствах спадарожным пакараннем з’яўляецца канфіскацыя. Каманда працягне працаваць над пашырэннем спісу краін, гатовых прызнаць дадзеныя арганізацыі тэрарыстычнымі, з улікам іх асаблівасцяў і нацыянальных працэдур, а таксама рыхтуе факталагічную базу па прызнанні іншых арганізацый рэжыму Лукашэнкі тэрарыстычнымі.

  • Рэзалюцыя Еўрапарламента па Беларусі

    Трыбунал для Лукашэнкі, прызнанне Кабінета, акупацыя Беларусі, санкцыі У чым каштоўнасць гэтага дакумента? 1) Рэзалюцыя вітае стварэнне Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі — першае задакументаванае міжнароднае прызнанне Кабінета на такім узроўні. Задача — распаўсюджванне гэтага прызнання на органы выканаўчай улады і яго трансфармацыя ў прызнанне Кабінета пераходным урадам Новай Беларусі. 2) Еўрапарламент адзначае, што «Лукашэнка і звязаныя з ім асобы нясуць роўную адказнасць за ваенныя злачынствы ва Украіне і павінны несці адказнасць перад міжнародным трыбуналам і Міжнародным крымінальным судом». Грамадзяніну Лукашэнку і ягоным памагатым — вялікае прывітанне з будучага трыбунала. Вы не ўцячэце ад адказнасці. 3) Мы дабіліся падтрымкі нашай пазіцыі аб неабходнасці прызнання Беларусі акупаванай тэрыторыяй (п. 10 Рэзалюцыі). Таксама Еўрапарламент далучыцца да патрабавання аб неадкладным вывадзе расійскіх войскаў з Беларусі і Украіны. Афіцыйнае прызнанне факта акупацыі стварае падставы для афіцыйнага прызнання Кабінета, для дэакупацыі Беларусі і легальны статус для ўсіх удзельнікаў нацыянальна-вызваленчага руху. 4) Еўрапарламент заклікаў Савет ЕС і Еўракамісію прадухіляць ухіленне ад санкцый і люстрана прымяняць у дачыненні да рэжыму Лукашэнкі санкцыі, уведзеныя супраць Расіі — і прымяняць гэты падыход у будучых раундах санкцый. Дадзенага падыходу мы дамагаліся з самага пачатку вайны. Задача — дамагчыся адпаведных санкцыйных рашэнняў на практыцы. Таксама Еўрапарламент заклікае дапрацаваць прававы рэжым, каб канфіскоўваць актывы, замарожаныя ЕС, у тым ліку актывы Лукашэнкі, яго сям'і і бліжэйшага акружэння. І накіроўваць гэтыя рэсурсы на падтрымку ахвяраў рэпрэсіяў і падтрымку дэмсілаў. Прыняцце Рэзалюцыі — вынік працы дэмсіл і Кабінета за апошнія месяцы. Вынік — гэта сінхранізацыя стратэгіі дэмсіл і нашых партнёраў па ціску на рэжым. За ім — сотні сустрэч і лістоў, аналітычных матэрыялаў і іншых дакументаў, перададзеных нашым партнёрам. Так, гэта прамежкавы вынік. Але шлях наперад адчынены. А значыць — час дзейнічаць!

  • Прызначэнне ў Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі

    Прадстаўнік Аб’яднанага Пераходнага Кабінета па транзіце ўлады Павел Латушка прызначыў двух намеснікаў — Арцёма Праскаловіча і Юрыя Губарэвіча Арцём Праскаловіч будзе адказваць за юрыдычныя пытанні ў справе пераследу прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі на падставе міжнароднага права. Да гэтага ён 14 гадоў працаваў на дзяржаўнай службе — у судзе Партызанскага раёна г. Мінска, Міністэрстве юстыцыі, Адміністрацыі прэзідэнта — і звольніўся 13 жніўня 2020 года ў знак пратэсту. Мае вялікі досвед у рабоце з заканадаўствам па пытаннях канстытуцыйнага будаўніцтва і праваахоўнай дзейнасці. Апошнія два гады працуе ў Народным антыкрызісным упраўленні і адказвае за юрыдычныя пытанні. Юрый Губарэвіч будзе займацца пытаннямі падрыхтоўкі кадравага рэзерву для новай Беларусі. У першай палове 2000-х гадоў Губарэвіч быў дэпутатам, намеснікам старшыні Белаазёрскага гарадскога савета. З’яўляецца старшынёй руху «За Свабоду». У камандзе Народнага антыкрызіснага упраўлення адказвае за пытанні рэгіянальнага развіцця. Прызначэнне ў Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі вопытных спецыялістаў дазволіць сістэмна і інстытуцыйна працаваць над набліжэннем пераменаў у Беларусі.

bottom of page