top of page

Агульная стратэгія і стратэгія па «выбарам» 2024



Пазіцыя каманды НАУ і прадстаўніка Кабінету Паўла Латушкі

9 жніўня — дзень, які ўвойдзе ў падручнікі гісторыі як адна з галоўных дат барацьбы беларускага народа за свабоду, незалежнасць і дэмакратыю. Бо толькі праз выпрабаванні нараджаюцца вольныя і незалежныя нацыі. Беларусы зрабілі свой выбар на карысць дэмакратыі і мы працягваем за яе змагацца разам!

На канферэнцыі «Новая Беларусь 2023», што адбылася 6 жніўня ў Варшаве, дэмакратычнымі сіламі быў падрыхтаваны шэраг дакументаў: Палітычная дэкларацыя, Дэкларацыя аб сяброўстве Беларусі ў ЕС, Дэкларацыя пра салідарнасць з народам Украіны і Заява адносна заплаваных рэжымам «выбараў» 2024.

Лічу неабходным давесці пазіцыю каманды НАУ і прадстаўніка Аб’яднанага Пераходнага Кабінету Беларусі па пытаннях транзіту ўлады датычна дадзеных дакументаў.

1. Палітычная дэкларацыя разглядаецца намі як асноўны дакумент, які поўнасцю адпавядае нашай стратэгіі.

Нашая мэта — гэта незалежная, дэмакратычная Беларусь, як нацыянальная дзяржава.

Наш выбар — будучае членства Беларусі ў ЕС і выхад з усіх саюзаў з Расіяй: Саюзнай дзяржавы, АДКБ і ЕАЭС. Дадам — і з СНД. Што было таксама зафіксавана ў Заяве Кабінету ад 24 чэрвеня 2023 года.

Галоўнай перашкодай для дасягнення нашай мэты з’яўляецца пра-расійскі рэжым Лукашэнкі, у першую чаргу — сам дыктатар і яго бліжэйшае лаяльнае кола, якія з’яўляюцца злачыннай групай, што часова захапіла дзяржаву і яе інстытуты, праводзіць палітыку этнацыду і сістэматычных масавых рэпрэсій, уцягнула Беларусь у вайну супраць Украіны і здае наш суверэнітэт на карысць Расіі.

Таму нашая ключовая задача — гэта ліквідацыя злачыннага пра-расійскага рэжыму праз адхіленне Лукашэнкі ад улады ў выніку рэалізацыі стратэгіі ўсебаковага ціску на рэжым, стварэння альтэрнатыўнай палітычнай сістэмы і расколу так званых элітаў. Што сутнасна і зафіксавана ў Палітычнай дэкларацыі, да якой мы далучаемся і кіруемся.

2. Дадатковыя Дэкларацыі аб сяброўстве Беларусі ў ЕС і салідарнасці з Украінай былі фактычна прынятыя ў развіццё Палітычнай дэкларацыі і з’яўляюцца складнікам акрэсленай вышэй стратэгіі.

3. Што ж датычыцца заявы пра «выбары» — мы бачым неабходнасць у больш выразнай артыкуляцыі пазіцыі.

Нашая ўласная пазіцыя, як каманды НАУ, а таксама — пазіцыя прадстаўніка Кабінета па транзіце ўлады, грунтуецца на тым, што мы не прызнаем «выбары —2024» выбарамі.

Мы канстатуем, што ўвогуле ніякія электаральныя кампаніі ў Беларусі зараз немагчымыя, а тое, што арганізоўвае нелегітымны рэжым Лукашэнкі, з’яўляецца злачынствам.

Наша пазіцыя заснаваная на базавай тэзе — у Беларусі адсутнічаюць легітымныя органы ўлады, якія маюць права на правядзенне будзь-якіх электаральных кампаній.

Дадатковымі фактарамі, якія не дазвалюць прызнаваць гэтую злачынную імітацыю выбарамі, з’яўляюцца:

  • сістэматычныя масавыя рэпрэсіі і злачынствы супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларусаў;

  • вайна супраць Украіны, у якой рэжым Лукашэнкі удзельнічае на баку Расіі ў рамках так званай «Саюзнай дзяржавы» і здзяйсняе ваенныя злачынствы;

  • знаходжанне расійскіх войскаў і наймітаў расійскай ПВК Вагнэр на тэрыторыі Беларусі;

  • значная страта суверэнітэту Беларусі і пагроза страты незалежнасці нашай краіны ў выніку злачынных антыдзяржаўных дзеянняў рэжыму Лукашэнкі;

  • абмежаванне свабоды слова і іншых палітычных свабодаў беларускіх грамадзян;

  • пазбаўленне значнай часткі беларускага грамадства выбарчых правоў.

Таму мы яшчэ раз падкрэсліваем, што «выбары», прызначаныя рэжымам Лукашэнкі на люты 2024 года, не з’яўляюцца выбарамі і таму апрыёры не могуць быць прызнанымі. Як і любыя імітацыі «электаральных кампаніі», якія ладзіў і плануе зладзіць гэты рэжым — пакуль ён існуе і Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе.

З гэтай пазіцыі мы будзем зыходзіць як у міжнароднай працы з нашымі замежнымі партнёрамі, так і ў камунікацыі з беларусамі.

Мы заклікаем беларусаў ігнараваць і не удзельнічаць у імітацыі «выбараў». Калі ж вас будуць прымушаць удзельнічаць пад пагрозамі — зыходзьце з меркаванняў уласнай бяспекі. У любым выпадку мы павінны разумець, што гэта — не выбары, яны не будуць прызнаныя, як і іх вынікі, а любы прымус да ўдзелу ў іх - незаконны.

Мы заклікаем дэмакратычныя сілы прадоўжыць фармаванне і ўмацаванне альтэрнатыўных палітычных інстытутаў на транзітны перыяд.

Альтэрнатыўная кампанія, на правядзенні якой мы будзем настойваць, зафіксаваная ў палітычнай дэкларацыі — гэта выбары ў Каардынацыйную раду.

І мы заклікаем усю дэмакратычную грамадзянскую супольнасць, палітычныя партыі, інстытуты і грамадскія аб’яднанні падтрымаць менавіта дадзеную кампанію з мэтай абраць новы склад Каардынацыйнай рады як легітымны Пераходны Парламент.

Мы не спыняем барацьбу, распачатую ў 2020 годзе, і мы дойдзем да перамогі. Бо беларусы заўсёды змогуць дамовіцца з беларусамі, каб разам абараніць суверэнітэт і незалежнасць нашай краіны і забяспечыць яе еўрапеўскую будучыню.

Мы ведаем, што рабіць, у нас ёсць стратэгія і мы разам пабудуем сістэму, якая зменіць незаконны пра-расійскі рэжым Лукашэнкі ў Беларусі.

Разам да перамогі! Жыве Беларусь!

コメント


bottom of page