top of page

Ад Анджэя Пачобута. Як прымусіць Лукашэнку вызваліць героя?


Пікет перад беларускім консульствам у Беластоку ў падтрымку Анджэя Пачобута Фота: PAP/Artur Reszko
Пікет перад беларускім консульствам у Беластоку ў падтрымку Анджэя Пачобута Фота: PAP/Artur Reszko

Павел Латушка для Wyborcza.pl

Ёсць толькі адзін спосаб адказаць на ціск Лукашэнкі — гэта выкарыстоўваць адзіную мову, якую разумее дыктатар.

16 красавіка Анджэй Пачобут зноў сустракае свой Дзень народзінаў за кратамі. Ужо больш за 3 гады гэты мужны актывіст польскай меншасці, сумленны журналіст і бескампрамісны змагар за праўду, свабоду і дэмакратыю — Анджэй знаходзіцца ў закладніках.

Ён — адзін з тысяч (!) закладнікаў рэжыму Лукашэнкі, тысяч палітвязняў, кінутых дыктатарам за краты з пачатку падзей 2020-га года. А тры гады для палітвязня ў Беларусі — гэта не проста тэрмін пазбаўлення волі. Гэта тры гады знаходжання ў нечалавечых умовах, пад пастаянным прэсінгам. Гэта тры гады здзекаў, катаванняў, пазбаўлення камунікацыі са знешнім светам, перадач, лекаў. Гэта тры гады пекла. Перажыць, які атрымоўваецца не ўсім.

Кантакт з Пачобутам перапынены. «Ён ізаляваны ад свету»

На сёння нам вядома ўжо пра 6 выпадкаў смерці палітвязняў у Беларусі. Рэжым Лукашэнкі, катаваннямі і неаказаннем неабходнай медыцынскай дапамогі, ужо давёў да смерці, а фактычна забіў Вітольда Ашурка, Алеся Пушкіна, Мікалая Клімовіча, Ігара Ледніка, Вадзіма Храсько. 10 красавіка стала вядома пра смерць Аляксандра Кулініча. Многія палітвязні знаходзяцца ў стане інкамунікада і нам нічога не вядома пра стан іх здароўя. Мы нават не ведаем дакладна, ці жывыя яны. Мікалай Статкевіч, Ігар Лосік, Віктар Бабарыка, Сяргей Ціханоўскі, Максім Знак, Марыя Калеснікава і многія іншыя. Мы нічога не ведаем пра іх стан.

З моманту пераводу ў папраўчую калонію №1 горада Наваполацк — адну з самых жорсткіх калоній у Беларусі — практычна ніякіх вестак няма і ад Анджэя Пачобута. У яго не было ніводнага спаткання, ніводнага званка, ніводнай перадачы. Ён цалкам ізаляваны ад свету. Нягледзячы на праблемы з сэрцам, ён не атрымлівае неабходных лекаў. Са жніўня мінулага года Анджэй сядзіць у ПКТ (памяшканне камернага тыпу) — гэта значыць, камеры з яшчэ больш строгім рэжымам утрымання. За гэты час яго ўжо некалькі разоў змяшчалі ў штрафны ізалятар. Гэта ўсё, што мы ведаем. З 26 лютага з Анджэем зусім знікла сувязь.

Андрэй Пачобут у судзе
Андрэй Пачобут у судзе Крыніца: spring96.org

Анджэй Пачобут — стаічны чалавек, сімвал барацьбы за дэмакратыю і наш агульны, беларуска-польскі герой. Усе, хто яго ведае, упэўненыя — ён трымаецца, не здаецца і не адступае ад сваіх прынцыпаў. Анджэй неаднаразова адмаўляўся пісаць Лукашэнку прашэнне аб памілаванні. Ён пайшоў на прынцып, у адным са сваіх лістоў так патлумачыўшы сваю пазіцыю: 

Ніякія памілаванні мне не патрэбныя. Звяртацца або прасіцца я не збіраюся. Нават калі будуць ціснуць. Па такіх справах, як мая, такія паводзіны было б амаральным.

Не здолеўшы зламаць Анджэя Пачобута, 8 лютага мінулага года рэжым Лукашэнкі прысудзіў яго да 8 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 26 мая мінулага года — адмовіў у апеляцыі. І нягледзячы на ўсе дыпламатычныя намаганні Польшчы, розныя рэзалюцыі міжнародных арганізацый, нягледзячы на закрыццё шэрагу памежных пераходаў з патрабаваннем вызваліць Пачобута і іншых палітвязняў — Лукашэнка, які прагне помсты, не робіць гэтага. 

Адзіны спосаб справіцца з Лукашэнкам. «Мова прынцыповасці і сілы»

Наадварот, ён толькі ўзмацняе ціск на Анджэя. А разам з тым робіць больш жорсткай сваю антыпольскую палітыку, узмацняе рэпрэсіі польскай нацыянальнай меншасці ў Беларусі, ліквідуе польскія арганізацыі, закрывае школы і курсы вывучэння польскай мовы, знішчае пахаванні і помнікі і нарошчвае ціск на беларуска-польскай мяжы, штурмуючы яе цэлымі атрадамі нелегальных мігрантаў. 

Як доўга гэта будзе працягвацца? Як доўга будуць працягвацца рэпрэсіі ў Беларусі, здзекі і катаванні над палітвязнямі? Як доўга Лукашэнка будзе прадаўжаць набіраць і ўтрымліваць закладнікаў? Як доўга будзе працягвацца персанальнае пекла Анджэя Пачобута — год, два, усе восем гадоў? Як доўга будзе працягвацца гібрыдная агрэсія Лукашэнкі супраць Польшчы і іншых краін ЕС?

Я не думаю, што гэта пытанні без адказу. Думаю, адказ на гэтыя пытанні існуе. Але неабходная магутная палітычная воля, каб яго даць. Каб вызваліць Анджэя Пачобута і іншых палітвязняў. Каб спыніць агрэсію рэжыму Лукашэнкі.

Гэты чалавек, калі яго можна так назваць, разумее толькі адну мову — мову прынцыповасці і сілы. Мова яшчэ большага ціску.

Яго не палохаюць платы і закрытыя пагранпераходы, пакуль яны перашкаджаюць толькі мігрантам і пасажырапатоку звычайных беларусаў. Магчымасць для перамяшчэння простых беларусаў яго ў прынцыпе не турбуе. А дакладней — яго задаволяць цалкам закрытыя для такога перамяшчэння мяжы. Гэта ж мара любога дыктатара.

Не так ужо палохаюць яго і бягучыя гандлёвыя санкцыі і абмежавальныя паўмеры, бо яны носяць абмежаваны характар. Асабліва, калі ўлічваць, што ва ўмовах такіх санкцый, па прызнанні самога ж Лукашэнкі, тавараабарот па асобных таварных групах вырас у 3-5 разоў. 

А што ж яго можа напалохаць? Якой можа быць мова сілы ў кантэксце мяжы Беларусі і Польшчы? Якія дзеянні рэальна здольныя паставіць Лукашэнку перад неабходнасцю вызваліць Анджэя Пачобута і тысячы іншых палітвязняў, прымусіць яго спыніць атакі нелегальнымі мігрантамі?

Для гэтага неабходна пайсці на прынцып, як гэта зрабіў Анджэй Пачобут. І адказаць на ціск Лукашэнкі яшчэ большым ціскам, уключыўшы ў развязанне праблемы Лукашэнкі яшчэ і Кітай — цалкам перакрыўшы грузавыя зносіны з Беларуссю, у тым ліку чыгуначныя.

Пікет перад беларускім консульствам у Беластоку ў падтрымку Анджэя Пачобута Фота: Анатоль Хоміч / Forum
Пікет перад беларускім консульствам у Беластоку ў падтрымку Анджэя Пачобута Фота: Анатоль Хоміч / Forum

Наш агульны герой. Адзін за ўсіх і ўсе за аднаго

Анджэй Пачобут сёння ўсім нам дае сігнал, што свабода для ўсёй краіны ў цэнтры Еўропы важней, чым свабода для аднаго. А мы гатовыя прыняць і ажыццявіць гэты прынцып — адзін за ўсіх, а мы ўсе за аднаго? І не думаю, што мы маем права чакаць з адказам.

Неабходна пайсці на прынцып, каб у нашага агульнага героя Анджэя Пачобута і яшчэ тысяч закладнікаў Лукашэнкі з'явіўся рэальны шанец на свабоду. Бо свабода і барацьба за яе заўсёды павінны быць справай прынцыпу.

Варшава 16 красавіка 2024 года Крыніца: wyborcza.pl

Commenti


bottom of page