top of page

Новая рэзалюцыя СПЧ: крок да адказнасці?


Экспертнае меркаванне юрыстаў НАУ

У святле прыняцця новай рэзалюцыі Савета па правах чалавека ААН па Беларусі зроблена шмат заяў аб яе значэнні для ўстанаўлення адказнасці за сур'ёзныя парушэнні правоў чалавека і за міжнародныя злачынствы, учыненыя ў Беларусі. 

Ведучы працу па забеспячэнні правасуддзя ў Беларусі і мяркуючы неабходным сыходзіць з інтарэсу ахвяр да аб'ектыўнасці, НАУ дзеліцца сваім бачаннем значэння новай рэзалюцыі.

Новая рэзалюцыя безумоўна ўмацоўвае патэнцыял дзеючых праваабарончых механізмаў. Яна прадугледжвае стварэнне на аднаўляльны перыяд у адзін год групы з трох незалежных экспертаў па становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі, задачамі якой будуць:

  • правядзенне расследаванняў і ўстанаўленне фактаў сур'ёзных парушэнняў правоў чалавека ў Беларусі з 1 мая 2020 года;

  • збор, абагульненне, забеспячэнне захаванасці і аналіз доказаў такіх парушэнняў і, па магчымасці, выяўленне вінаватых з мэтай правядзення адпаведных судовых і іншых разглядаў, уключаючы крымінальны пераслед;

  • прадстаўленне рэкамендацый, у прыватнасці ў дачыненні да мер па прыцягненню да адказнасці;

  • узаемадзеянне з усімі зацікаўленымі бакамі, у прыватнасці з беларускімі зацікаўленымі бакамі, а таксама ў належных выпадках з уладамі Беларусі.

Нягледзячы на тое, што пэўнымі асобамі заяўляецца аб стварэнні новага механізму, дэ-факта адбываецца рэфармаванне раней існуючай групы з трох экспертаў, якая знаходзілася пад мандатам УВКПЧ. У адпаведнасці з новай рэзалюцыяй група атрымлівае незалежны статус, аднак цалкам захоўвае напрамкі сваёй дзейнасці, якія існавалі раней. Яна дадаткова надзяляецца правам ідэнтыфікаваць асоб, вінаватых у сур'ёзных парушэннях правоў чалавека. Плануецца, што рэфармаваны механізм «атрымае ў спадчыну» вынікі папярэдняй працы.

Новы статус дадзенай групы будзе спрыяць захаванню незалежнасці і аб'ектыўнасці экспертных ацэнак, выключаючы магчымы палітычны ўплыў на высновы і рэкамендацыі. 

НАУ цалкам вітае і падтрымлівае такое ўмацаванне патэнцыялу праваабарончага механізму па Беларусі і ўдзячна арганізацыям, якія ўнеслі важкі ўклад у яго рэфармаванне.

У той жа час НАУ лічыць неабходным адзначыць, што сцверджанні аб тым, што рэфармаваная група «створаная для мэт прыцягнення рэжыму Лукашэнкі да адказнасці за міжнародныя злачынствы», з'яўляюцца некарэктнымі. 

У мэтах пазбягання трактовак рэзалюцыі, якія ўводзяць у зман і якія ствараюць завышаныя чаканні з боку пацярпелых адносна эфектыўнасці працэсу, НАУ звяртае ўвагу на наступныя ключавыя аспекты механізму прыцягнення да адказнасці:

  1.  Па-першае, варта адзначыць, што тэрмін «злачынствы» ўжываецца выключна ў кантэксце крымінальнай адказнасці, якая дастасоўная да індывідуальных асоб, а не да рэжыму ў цэлым.

  1.  Па-другое, рэзалюцыяй выразна прапісаны выключна рэкамендацыйны і кансультатыўны характар працы групы. Вынікі яе дзейнасці не прыводзяць да прамых наступстваў для прыцягнення да крымінальнай адказнасці вінаватых асоб.

  1.  Па-трэцяе, неабходна ўлічваць, што група з'яўляецца праваабарончай інстытуцыяй, стандарты працы якіх адрозніваюцца ад крымінальных механізмаў. Парогі даказвання па крымінальных стандартах значна вышэйшыя і часта вынікі выключна праваабарончай працы не дастасавальныя да крымінальных працэдур. Неабходна адзначыць, што працай па дакументаванні сур'ёзных злачынстваў у Беларусі па стандартах крымінальнага права займаецца міжнародная платформа для Беларусі па прыцягненні вінаватых да адказнасці. Вядзенне працы, заснаванай на розных стандартах, дазваляе пазбягаць дублявання мандатаў двух механізмаў і больш поўна адпавядае інтарэсам ахвяр.

Публічныя заявы, арыентаваныя на аднаўленне правоў ахвяр, патрабуюць адказнага падыходу, заснаванага на базавым прынцыпе «не нашкодзь» і падыходзе, арыентаваным на інтарэсы ахвяр.

 

bottom of page