top of page

Павел Латушка: «Цягнік Лукашэнкі ў Гаагу рушыў. І яго ўжо нішто не спыніць»


Выступленне Паўла Латушкі, намесніка кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, Пасла на прэс-канферэнцыі, прысвечанай прававым мерам рэагавання міжнароднай супольнасці на злачынствы супраць чалавечнасці, учыненыя цяперашнім аўтарытарным рэжымам Беларусі

1 кастрычніка 2024, Гаага

Спадарыня Прэзідэнтка-элект, спадарыня намесніца міністра, Вашы Правасхадзіцельствы, спадарыні і спадары.

Прайшло 375 дзён — амаль год — з таго часу, як мы ўпершыню афіцыйна сустрэліся са спадарыняй намесніцай міністра і кіраўніком Міжнароднага юрыдычнага прадстаўніцтва Міністэрства юстыцыі Літвы і абмеркавалі магчымасць падачы гэтага звароту.

Сёння мы тут, у Гаазе. Зварот знаходзіцца ў Офісе Пракурора Міжнароднага крымінальнага суда. На сайце Міжнароднага крымінальнага суда з'явілася кароткая заява ад пракурора Карыма Хана, што «ён можа пацвердзіць, што яго офіс правядзе папярэдні разгляд, каб вывучыць запыт».

Кароткі выраз з велізарным значэннем. Што ён хавае?

Перш за ўсё, гэта жыцці, пакуты і страты сотняў тысяч ахвяр. Прайшоўшы праз жудасны каток рэпрэсій у Беларусі, катаванні, згвалтаванні, заключэнні, пазбаўленні асноўных правоў. Не маючы іншага выбару, яны пакінулі сваю радзіму ў пошуках прытулку ў Літве, Польшчы і іншых краінах. Яны пакінулі сваіх бацькоў, дзяцей, сяброў, не маючы магчымасці ўбачыць іх зноў. Яны пакінулі сваю маёмасць, пачынаючы жыццё з нуля.

І цяпер, прайшоўшы праз усё гэта, насельніцтва, якое падвергнулася рэпрэсіям, стала ахвярай новай хвалі пераследаў. Рэжым працягнуў пераследваць нас за мяжой з жахлівай эфектыўнасцю. Судовыя пераследы, арышты сваякоў і сяброў, рыторыка нянавісці, пагрозы гвалту, запалохвання, канфіскацыя і знішчэнне маёмасці ў Беларусі — гэта толькі частка таго, што Лукашэнка і яго памагатыя робяць сёння ў еўрапейскіх краінах.

Па-другое, цягам 4 гадоў беларусы жылі ў стане поўнай безнадзейнасці. Наш народ, прайшоўшы праз пекла страт за мірную абарону дэмакратычных каштоўнасцяў, адчувае сябе пакінутым і забытым.

Аднак сёння сотні тысяч ахвяр здабылі надзею на справядлівасць. Спадзяванне, што аднойчы вінаватыя будуць прыцягнутыя да адказнасці.

Па-трэцяе, праведзена неверагодная праца. Міністэрствам юстыцыі Літвы, юрыстамі і экспертамі, чые імёны я не магу назваць. Па сутнасці, яны стварылі новы прэцэдэнт. Упершыню ў практыцы МУС дзяржава-ўдзельніца Рымскага статута перадала сітуацыю ў Офіс Пракурора ў дачыненні да дзяржавы, якая не з'яўляецца ўдзельніцай гэтага Статута.

Праведзеная праца запатрабавала выключнага прафесіяналізму, крэатыўнасці і мужнасці.

Я і мая каманда выказваем падзяку Літве, Міністэрству юстыцыі, асабіста намесніцы міністра Габіі Грыгайце і кіраўніку Міжнароднага юрыдычнага прадстаўніцтва Рычарду Дзіковічу за іх узрушаючую працу.

Я хачу таксама падзякаваць нашым юрыстам і маёй камандзе, Народнаму антыкрызіснаму ўпраўленню, дэпутату Еўрапейскага парламента Дайніюсу Жалімасу і яго арганізацыі «Justice Hub», а таксама замежным экспертам, якія ініцыявалі гэты працэс у красавіку 2023 года. Паўтара года штодзённай працы. І вось вынік.

Я дзякую спадарыні прэзідэнтцы-элект Святлане Ціханоўскай, за яе падтрымку.

І асаблівая падзяка арганізацыям, якія ўваходзяць у МПАБ (Міжнародная платформа адказнасці для Беларусі). Асабліва хачу адзначыць праваабарончы цэнтр «Вясна» і Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі.

Гэты дзень увойдзе ў гісторыю

У гісторыю Беларусі — таму што гэта першы і на сёння самы важны крок да дасягнення справядлівасці для беларускага народа, для сотняў тысяч ахвяр злачынстваў супраць чалавечнасці, учыненых дыктатарам Лукашэнкам і яго памагатымі.

Гэты дзень увойдзе ў гісторыю. І асабістую гісторыю Лукашэнкі, а дакладней — асабістую крымінальную справу дыктатара, які ўвойдзе ў гісторыю менавіта як міжнародны злачынца.

І вось пайшоў ужо чацвёрты дзясятак гадоў, як Лукашэнка будуе свой рэжым рэпрэсій і гвалту. І фарміраванне гэтага рэжыму сапраўды блізка да сваёй «найвышэйшай кропкі». Удумайцеся — у краіне з насельніцтвам у 9 мільёнаў чалавек дыктатарам учыненыя ўжо сотні тысяч злачынстваў супраць чалавечнасці. 

Лукашэнка стварыў цэлую дзяржаўную машыну, як ён кажа, «чыстак» грамадства. Усе нелаяльнае яго рэжыму насельніцтва падлягае праходжанню праз канвеер зверстваў. Грамадства падзелена на лаяльных і нелаяльных. Лукашэнка ўвесь час называе беларусаў, якія падвяргаюцца рэпрэсіям, «беглымі», «палітычнымі», «востракапытнымі».

Але прыйшоў час для справядлівасці і правасуддзя. Прыйшоў твой час, Лукашэнка, адказваць за гэтыя злачынствы. Прыйшоў час сілы права, якая атрымае верх над правам сілы. 

Я хачу звярнуцца да вышэйшых чыноў яго рэжыму.

Цягнік Лукашэнкі ў Гаагу крануўся сёння. Лукашэнка ўжо знаходзіцца ў ім. І ён даедзе да месца прызначэння. Цяпер ужо — без варыянтаў. Для Лукашэнкі няма шляху назад. Запушчаны працэс правасуддзя незваротны.

Мы заклікаем усе дэмакратычныя краіны далучыцца і падтрымаць працэс аднаўлення справядлівасці, які быў запушчаны Літвой. І распачаць аналагічныя дзеянні, каб надаць максімальную хуткасць цягніку «Мінск – Гаага». 

Упэўнены, у нас не завышаныя чаканні да нашых партнёраў, а просьба выкарыстоўваць вашы магчымасці для прыцягнення Лукашэнкі і яго саўдзельнікаў да адказнасці.

Лукашэнка заўсёды марыў увайсці ў гісторыю. Яму гэта ўдалося. І яму ўжо ніколі не пазбавіцца ад гэтага. Ва ўсіх падручніках пра яго будуць успамінаць не як пра першага прэзідэнта, а як пра апошняга беларускага дыктатара і міжнароднага злачынцу. 

І я хачу, каб гэта пачуў не толькі ён сам, але і яго асяроддзе, яго найбліжэйшыя дзяржаўныя служачыя, прапагандысты. Спытаеце сябе, вы хочаце быць спадарожнікамі Лукашэнкі? Хочаце падсесці да яго ў цягнік да Гаагі? 

А можа быць, нарэшце, прыйшоў час прыняць рашэнне — і сысці з гэтага цягніка. Не садзіцца ў яго зусім. Вы ведаеце, што для гэтага трэба зрабіць. Вы ведаеце, куды адпраўляць інфармацыю. 

Я ўпэўнены, сярод вас вельмі шмат тых, хто гэтага хоча. Большасць з вас не здзяйснялі ніякіх злачынстваў. Кагосьці з вас вымусілі іх здзейсніць. Але ў вас ёсць шанец дапамагчы сабе, сваёй краіне, беларусам і правасуддзю. Не выпускайце яго. Выходзьце на сувязь.

Лукашэнка думаў, што зможа «перавярнуць старонку» сваіх злачынстваў. Не. Яго «балада пра дыктатара» падышла да канца. І так, мы выключым цябе, Лукашэнка, з вялікай палітыкі. Як і абяцалі. Ты — злачынца. Наступная станцыя — Гаага. 

Памятаеш, з якімі плакатамі людзі выходзілі на вуліцы ў 2020-ым? «Лукашэнка ў Гаагу», «Трыбунал». Ты думаў, што гэта проста лозунгі, якія засталіся ў мінулым? Не, гэта твая будучыня. 

Сёння сіла права перамагае. Сёння мы разам аднаўляем веру беларусаў у справядлівасць. Мы пішам гісторыю новай Беларусі. Якая пачнецца пасля суда над дыктатарам. Немінучага суда. 

Мы заклікаем усе дэмакратычныя краіны падтрымаць намаганні Літвы. Скарыстайцеся сваім правам згодна з артыкулам 14 Рымскага статута. Хай справядлівасць пераможа над беспакаранасцю. Гэтага хоча ўвесь беларускі народ. Што нас усіх аб'ядноўвае. Жаданне справядлівасці.

Я падтрымліваю сённяшнюю заяву кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Святланы Ціханоўскай. Ратыфікацыя Рымскага статута новай Беларуссю гарантуе, што беспакаранасць за міжнародныя злачынствы стане немагчымай у нашай краіне. Ніводны міжнародны злачынца не зможа пазбегнуць адказнасці ў новай Беларусі.

Жыве Беларусь!

 

Comments

Couldn’t Load Comments
It looks like there was a technical problem. Try reconnecting or refreshing the page.
bottom of page