top of page

Вынікі сустрэч прадстаўнікоў Аб’яднанага Пераходнага Кабінета ў Варшаве


8-10 студзеня прадстаўнікі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета правялі шэраг сустрэч з прадстаўнікамі польскага ўраду, прэзідэнтам Польшчы і польскімі палітыкамі. Таксама 8 студзеня адбылася прэс-канферэнцыя Аб’яднанага Пераходнага Кабінета ў Варшаве. 

9 студзеня: Прадстаўнікі Кабіента заклікалі міністра па еўрапейскіх справах Польшчы падтрымаць еўрапейскі выбар для Беларусі

Кіраўніца і прадстаўнікі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Валер Кавалеўскі і Павел Латушка правялі перамовы з міністрам па еўрапейскіх справах Польшчы Адамам Шлапкай.

На сустрэчы абмеркавалі супрацоўніцтва ў межах старшынства Польшчы ў Савеце Еўрасаюза, падрыхтоўка да якога пачалася ўжо зараз. Прадстаўнікі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета папрасілі міністра падтрымаць еўрапейскі выбар беларусаў і зрабіць Беларусь адным з прыярытэтаў падчас старшынства ў 2025 годзе. Таксама была звернута ўвага на практыку «вольнага крэсла», калі на міжнародных мерапрыемствах Беларусь не прадстаўленая нікім: варта запрашаць у еўрапейскія структуры і на мерапрыемствы дэмакратычныя сілы, каб голас беларусаў быў пачуты.

Сустрэча з Радславам Сікорскім

Кіраўніца Кабінета Святлана Ціханоўская і яе намеснікі Валер Кавалеўскі і Павел Латушка сустрэліся з міністрам замежных спраў Польшчы Радаславам Сікорскім.

Падчас сустрэчы абмяркоўвалі: 

☑️ неабходнасць распрацоўкі новай стратэгіі па Беларусі на ўзроўні Еўрасаюза;

☑️ магчымыя крокі па вызваленні палітзняволеных;

☑️ узмацненне санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі, недапушчальнасць змякчэння санкцый на калійныя ўгнаенні, закрыццё шчылін у санкцыях, стварэнне на еўрапейскім узроўні механізма па кантролі за выкананнем санкцый;

☑️ індывідуальныя санкцыі супраць суддзяў, пракурораў, следчых, чыноўнікаў, вайскоўцаў рэжыму; 

☑️ ініцыіраванне Польшчай і Літвой расследавання ў Міжнародным крымінальным судзе па пытанні вымушанай масавай эміграцыі беларусаў з-за палітычных рэпрэсій;

☑️ прыцягненне памагатых рэжыму да адказнасці за дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей з акупіраваных тэрыторый;

☑️ легалізацыйныя пытанні, а таксама працяг выдачы віз беларусам – як звычайных, так і гуманітарных, каб павысіць мабільнасць беларусаў (польскаму боку адрасаваная просьба выдаваць візы не толькі ў Беларусі, але і ў консульствах іншых краін);

☑️ падтрымку грамадзянскай супольнасці і незалежных медыя, якія адыгрываюць важную ролю ў супрацьдзеянні расійскай прапагандзе;

☑️ падтрымку беларускага бізнесу ў Польшчы, у тым ліку працяг праграмы Poland Business Harbour і інш.

Дамовіліся запусціць міжведамасную рабочую групу для вырашэння актуальных беларускіх пытанняў і распрацоўкі стратэгіі па Беларусі. Летась пачала працу група з Міністэрствам унутраных спраў Польшчы па пытаннях легалізацыі беларусаў. 

Прадстаўнікі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета прапанавалі міністру Сікорскаму разам з Еўракамісіяй падтрымаць правядзенне канферэнцыі высокага ўзроўню па стратэгіі па Беларусі.

Кіраўніца і прадстаўнікі Кабінета правялі сустрэчу з мэрам Варшавы Рафалам Тшаскоўскім

Падчас сустрэчы Святлана Ціханоўская, яе намеснікі Валер Кавалеўскі і Павел Латушка і прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Кабінета Аліна Коўшык:

☑️ падзякавалі мэру Тшаскоўскаму за падтрымку рэпрэсіраваных беларусаў: Варшава прыняла дзясяткі тысяч чалавек пасля падзей 2020 года;

☑️ прапанавалі правесці сумесную інфармацыйную кампанію ў падтрымку Анджэя Пачобута і іншых беларускіх палітзняволеных;

☑️ запрасілі далучыцца да Дня салідарнасці з Беларуссю 25 сакавіка;

☑️ узнялі пытанне выдзялення памяшканняў для беларускіх арганізацый, ініцыятыў, у тым ліку беларускага тэатра, школы, мастацкай галерэі; 

☑️ папрасілі працягнуць праграмы падтрымкі рэпрэсіраваных беларусаў і іх сем'яў па забеспячэнні жыллём;

☑️ абмеркавалі супрацоўніцтва па падрыхтоўцы кадравага рэзерву для новай Беларусі, каб беларусы маглі прайсці стажыроўкі ў гарадскіх установах; 

☑️ прапанавалі мэру арганізаваць стыпендыю для беларускіх культурных дзеячаў (як гэта зроблена ў іншых гарадах Польшчы), каб даць ім магчымасць працаваць у Варшаве.

Сустрэча Кабінета з новым кіраўніцтвам Польшчы

Кіраўніца Кабінета Святлана Ціханоўская і прадстаўнікі Павел Латушка, Валер Кавалеўскі, Валерый Сахашчык, Вольга Гарбунова і Аліна Коўшык сустрэліся з прадстаўнікамі вышэйшых органаў улады Польшчы. На сустрэчах спікеры Сейма і Сената Шыман Галоўня і Малгажата Кідава-Блоньска запэўнілі беларускі бок у поўнай падтрымцы дэмакратычных сіл Беларусі і пагадзіліся з неабходнасцю распрацоўкі новай, больш эфектыўнай стратэгіі па Беларусі дзеля вызвалення палітвязняў і спынення рэпрэсій. 

Таксама падчас сустрэч з членамі польскіх Сейма і Сената:

☑️ польскія палітыкі пагадзіліся правесці слуханні па Беларусі ў Сейме і Сенаце, пасля якіх мусіць быць прынятая рэзалюцыя — плануецца, што дакумент ухваліць падтрымку еўрапейскага выбару Беларусі, неабходнасць неадкладнага вызвалення палітзняволеных і падтрымае прыцягненне рэжыму Лукашэнкі да адказнасці;

☑️ абмеркавалі стварэнне беларускіх школ у Польшчы і пашырэнне магчымасцей для беларускамоўнай адукацыі дзяцей;

☑️ разгледзелі пытанне стажыровак для маладых беларусаў у сферы дыпламатыі — супрацоўніцтва плануецца ладзіць у рамках праекта Кабінета па навучанні будучых спецыялістаў для пераходнага перыяду «Кадравы рэзерв» ;

☑️ Шыман Галоўня ўзяў аднаго з беларускіх палітзняволеных пад патранаж – і заклікаў зрабіць тое ж самае іншых парламентарыяў.

Праграма Каліноўскага, стварэнне новага даследчага ўніверсітэта і стажыроўкі для кадравага рэзерву новай Беларусі

Кіраўніца Кабінета Святлана Ціханоўская, прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Кабінета Аліна Коўшык і яе намеснік Павел Баркоўскі, намеснік прадстаўніка па транзіце ўлады Кабінета Юрый Губарэвіч правялі працоўную сустрэчу з намеснікам міністра навукі і вышэйшай школы Польшчы прафесарам Анджэем Шэптыцкім, профільнымі супрацоўнікамі міністэрства, а таксама са спецпрадстаўніком па справах дэмакратычнай Беларусі Артурам Міхальскім.

Падчас сустрэчы кіраўніца Кабінета надала асаблівую ўвагу праграмам польскіх улад, якія сталі важнымі сімваламі падтрымкі Беларусі і яе грамадзянскай супольнасці, – гэта праграма Каліноўскага, Вольны ўніверсітэт і Цэнтр усходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта.

Прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык: «На сустрэчы гучала, што больш за 12 тысяч беларускіх студэнтаў навучаюцца ў Польшчы. Гэта дазваляе ім атрымліваць добрую еўрапейскую адукацыю і вопыт жыцця ў дэмакратычным асяроддзі, што супрацьстаіць тэндэнцыі на атрыманне вышэйшай адукацыі ў Расіі.

Наша мэта – падтрымка рэпрэсіраваных беларускіх студэнтаў і навукоўцаў. Важна ўзмацняць ініцыятывы па падтрымцы беларускай навукі за мяжой: ад стварэння новага беларускага даследчага ўніверсітэта ў Польшчы да ўзмацнення Цэнтра ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта. Таксама мы размаўлялі пра стажыроўкі і курсы ў рамках праграмы «Кадравы рэзерв для Новай Беларусі».

Наша сустрэча была прадуктыўнай і паспрыяла больш глыбокаму разуменню магчымасцей для супрацоўніцтва».

10 студзеня: Прадстаўнікі Кабінета сустрэліся з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам

Кіраўніца і прадстаўнікі Кабінета прынялі ўдзел ва ўрачыстым прыёме прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды, падчас якога выступілі беларускія калядоўшчыкі.

Анджэй Дуда прыняў кіраўніцу і прадстаўнікоў Кабінета ў прэзідэнцкай рэзідэнцыі ў Бельведэры. Ён выказаў поўную падтрымку кіраўніцы АПК, дэмакратычным сілам і народу Беларусі ў барацьбе за свабоду.

Анджэй Дуда падкрэсліў, што Польшча працягне падтрымліваць беларускую грамадзянскую супольнасць і медыя, а ён сам на кожнай міжнароднай сустрэчы звяртае ўвагу партнёраў на важнай ролі Беларусі ў бяспецы Еўропы. 

Прадстаўнікі Кабінета і прэзідэнт Польшчы Дуда абмеркавалі:

☑️ сітуацыю ў Беларусі і сітуацыю ва Украіне. Агучана прапанова Польшчы зрабіць усё магчымае, каб Беларусь не стала «суцяшальным прызам» для Пуціна;

☑️ сумесныя мерапрыемствы і дзеянні ў міжнародных арганізацыях, у тым ліку ў ААН;

☑️ сітуацыю з палітзняволенымі, у тым ліку з Анджэем Пачобутам, якога трымаюць у стане інкамунікада. Палітыкі абмеркавалі, што можна зрабіць для іх вызвалення. Прадстаўнікі Кабінета заклікалі працягваць ціск на рэжым, а таксама выкарыстоўваць механізмы прыцягнення рэжыму да адказнасці за рэпрэсіі супраць беларусаў і за злачынствы супраць Украіны;

☑️ магчымыя мерапрыемствы на працягу года ў фармаце Люблінскага трохкутніка, чальцамі якога з’яўляюцца Польшча, Літва і Украіна. Прадстаўнікі Кабінета папрасілі, каб Беларусь таксама была ўключана ў гэты фармат. 

Пасля сустрэчы прэзідэнт Дуда і чальцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета накіраваліся ў залу для прыёмаў, дзе адбылася сустрэча з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасці. Удзел у сустрэчы прынялі больш за 150 актывістаў, экспертаў, журналістаў і інш.

Прэзідэнт Дуда ў выступленні на прыёме падкрэсліў, што ён будзе падтрымліваць дэмакратычныя памкненні Беларусі, сказаў, што адчувае боль і падтрымлівае барацьбу беларусаў. Святлана Ціханоўская звярнулася да прысутных са словамі падтрымкі, а потым калядоўшчыкі – гурт пад кіраўніцтвам Сяргея Доўгушава – праспявалі беларускія народныя песні.

Беларускамоўныя школы і ліцэі ў Польшчы, беларуская мова як замежная ў польскіх школах

Кіраўніца Кабінета Святлана Ціханоўская і яе намеснік Павел Латушка, прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Кабінета Аліна Коўшык і яе намеснік Павел Баркоўскі сустрэліся з міністрам школьнай адукацыі Польшчы Барбарай Навацкай і абмеркавалі:

☑️ сітуацыю з адкрыццём у Польшчы беларускамоўных школ, а таксама вывучэннем беларускай мовы як замежнай у польскіх школах (цяпер у польскіх школах навучаецца больш за 25 тысяч беларускіх дзяцей);

☑️ сітуацыю з беларускімі ліцэямі на Падляшшы і магчымасць для беларускай меншасці, якая там пражывае, атрымліваць адукацыю на беларускай мове. 

Прадстаўнікі Кабінета, якія бралі ўдзел у сустрэчы, звярнулі ўвагу міністра на неабходнасць навучання і стажыровак для беларускіх настаўнікаў і магчымасць адкрыцця беларускіх школ выхаднога дня ў Польшчы.

Падтрымка рэпрэсіраваных спартсменаў, нядопуск да міжнародных спаборніцтваў прарэжымных спартсменаў

Кіраўніца Кабінета Святлана Ціханоўская, прадстаўнік Кабінета па транзіце ўлады Павел Латушка і яго намеснік Міхаіл Залеўскі сустрэліся з міністрам спорту Польшчы Славамірам Вітольдам Нітрасам і абмеркавалі:

☑️ падтрымку беларускіх рэпрэсіраваных спартсменаў і магчымасць іх удзелу ў спаборніцтвах і Алімпійскіх гульнях;

☑️ пытанне нядопуску да спаборніцтваў прарэжымных спартсменаў, якія падтрымалі тэрор і рэпрэсіі.

Кіраўніцы і прадстаўнікі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, адказныя за гэтыя пытанні, звярнулі ўвагу на тое, што беларускім незалежным спартсменам неабходныя ўмовы для трэніровак і іншая падтрымка з боку Польшчы.

Еўрапейская будучыня для Беларусі, міграцыйныя праблемы беларусаў, падтрымка грамадзянскай супольнасці

Кіраўніца і прадстаўнікі Кабінета правялі брыфінг для дыпламатычнай супольнасці ў пасольстве Канады ў Варшаве

У брыфінгу ўдзельнічалі Святлана Ціханоўская, Валер Кавалеўскі, Павел Латушка, Вольга Гарбунова, Аліна Коўшык і больш за 30 паслоў розных краін: Іспаніі, Нідэрландаў, Ірландыі, Вялікабрытаніі, Швецыі, Чэхіі, Літвы і інш.

Падчас брыфінгу абмеркавалі:

☑️ сітуацыю з палітзняволенымі. Прадстаўнікі АПК заклікалі прысутных да больш рашучых дзеянняў для іх вызвалення з прыцягненнем міжнародных арганізацый;

☑️ падтрымку незалежных медыя, праваабаронцаў і ініцыятыў грамадзянскай супольнасці;

☑️ пытанні бяспекі і размяшчэння ядзернай зброі;

☑️ важнасць еўрапейскай будучыні Беларусі як альтэрнатывы «рускаму свету»;

☑️ працэдуры легалізацыі беларусаў, выдачы віз, ВНЖ і інш.

Прадстаўнікі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета расказалі аб праекце новага нацыянальнага пашпарта, папрасіла дыпламатаў трымаць Беларусь на парадку дня і не дазволіць Расіі паглынуць нашу краіну, заклікала актывізаваць міжнародныя механізмы па прыцягненні рэжыму да адказнасці. 

Падчас дыскусіі слова ўзялі паслы Германіі, Швецыі і іншых краін. Пытанні ў асноўным тычыліся знаходжання беларусаў за мяжой, праекта новага пашпарта і так званых «выбараў», якія збіраецца правесці рэжым у Беларусі.

bottom of page