top of page

Кадравы патэнцыял на транзітны перыяд



Мы найбольш падрыхтаваныя, каб забяспечыць знешнепалітычны накірунак Беларусі ў транзітны перыяд


20−21 снежня Народнае антыкрызіснае ўпраўленне арганізавала вучэбна-практычны семінар для прадстаўнікоў Народных пасольстваў Беларусі. У гэтым мерапрыемстве прынялі ўдзел прадстаўнікі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Павел Латушка і Аліна Коўшык, намеснік прадстаўніка Кабінета па замежных справах Уладзімір Астапенка, эксперты НАУ, прадстаўнікі Народных пасольстваў і іншых дэмакратычных ініцыятыў.


«Калі б сёння надышоў дзень пачатку транзітнага перыяду, то з усіх органаў дзяржаўнага кіравання мы найбольш блізкія да таго, каб забяспечыць бесперабойную працу Міністэрства замежных спраў Беларусі і ключавых пасольстваў, з улікам наяўнага ў Аб’яднанага Пераходнага Кабінета і дэмакратычных сіл кадравага патэнцыялу. Народныя пасольства — гэта інстытут, які ўжо за два гады склаўся ў сістэму прадстаўніцтва інтарэсаў Беларусі ў замежных краінах праз камунікацыю з урадамі, парламентамі, міністэрствамі замежных спраў, замежнымі дыпламатычнымі ўстановамі, грамадствам і СМІ.» — адзначыў у сваім выступленні Павел Латушка.


За апошнія два гады ў рамках праграмы падрыхтоўкі дыпламатаў Варшаўскі ўніверсітэт выпусціў 47 будучых дыпламатаў для Новай Беларусі. У снежні на праграму залічаны яшчэ 15 слухачоў. Паралельна будучых дыпламатаў рыхтуе Венская дыпламатычная акадэмія. Выпускнікі праграм гэтых ВНУ папоўняць рэестр праграмы «Кадравы рэзерв для Новай Беларусі», якая рыхтуе кіраўнікоў у органы выканаўчай улады Беларусі для пераходнага перыяду.


Прадстаўнік арганізацыі BYPOL азнаёміў удзельнікаў з прэзентацыяй гатоўнасці плана «Перамога»: «Асноўны тэзіс — гэта ўсёабдымны план, ён тычыцца ўсіх беларусаў - унутры краіны і за мяжой. Мы ўсе павінны быць гатовыя ў патрэбны момант выканаць прадпісаныя задачы, выкарыстоўваць усе магчымасці і сувязі, каб перакрыць кісларод рэжыму і прыйсці да перамогі.».


«Неабходна павышаць дасведчанасць еўрапейскіх палітыкаў аб шляхах абыходу праз Беларусь санкцый, накіраваных на Расію, памылковасці палітыкі нераўназначных санкцый у дачыненні да Расіі і рэжыму Лукашэнкі» — адзначыў у сваім выступленні прадстаўнік эканамічнага блока НАУ.


Масква і Мінск лёгка абыходзяць санкцыі, якія такім чынам наносяць меншую шкоду ваенным агрэсарам у Крамлі, а пасярэднікі ў бізнэсе і рэжыме Беларусі - узбагачаюцца на кантрабандзе. Чаму санкцыі не прывялі да чакаемай мэты? Яны ўводзіліся занадта павольна, мелі шмат выключэнняў і далі час падрыхтавацца, перабудаваць лагістыку, яшчэ і зарабіўшы на гэтым. Гэтыя санкцыйныя дзюры трэба закрыць, каб абмежаванні былі эфектыўнымі, а не дэкаратыўнымі.


Кіраўнік Прадстаўніцтва Фландрыі (рэгіён Бельгіі) у Польшчы Томас Кастрэл пазнаёміў удзельнікаў са знешнепалітычнай працай свайго ведамства і заканатворчай сістэмай Бельгіі. Дыпламат падкрэсліў: Фландрыя падтрымлівае Аб’яднаны Пераходны Кабінет. У тым ліку дзякуючы ўраду Фландрыі адкрылася прадстаўніцтва Кабінета Беларусі ў Брусэлі.


Прадстаўніца Кабінета па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык адзначыла: «Разам з Народнымі пасольствамі мы можам рэалізоўваць шэраг стратэгічных праектаў, як беларускія суботнія школкі, бібліятэкі і кніжныя клубы, а таксама супольна адзначаць важныя для нацыянальнага адраджэння падзеі».

bottom of page