top of page

Пошук па сайце

Search this site

1023 results found with an empty search

  • Больш за 200 тысяч беларусаў знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы

    Павел Латушка абмеркаваў новую міграцыйную стратэгію Польшчы з кіраўніком UDSC Новая міграцыйная палітыка Польшчы і магчымасці для беларускіх грамадзян, якія пацярпелі ад палітычных рэпрэсій на радзіме — асноўныя тэмы сустрэчы намесніка кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі з кіраўніком Упраўлення па справах іншаземцаў Польшчы (UDSC) Томашам Цытрыновічам , якая адбылася сёння ў Варшаве.  Падчас сустрэчы Павел Латушка падкрэсліў неабходнасць захавання магчымасці для беларусаў атрымліваць міжнародную абарону ў Польшчы і звярнуў увагу на праблемныя пытанні, якія патрабуюць урэгулявання ў святле новай міграцыйнай стратэгіі Польшчы. Удзел у сустрэчы таксама прымала кіраўніца ініцыятывы «Partyzanka» , адвакат Ганна Маціеўская . Томаш Цытрыновіч праінфармаваў Паўла Латушку пра тое, што 137 тысяч беларусаў ужо валодаюць правам пражывання на тэрыторыі Польшчы. Усяго з улікам спраў, якія разглядаюцца, можна казаць пра 200 тысяч беларусаў, якія знаходзяцца на тэрыторыі Польшчы. Кіраўнік Упраўлення адзначыў, што абсалютную большасць беларусаў, якія легалізаваліся або плануюць легалізавацца ў Польшчы, новая стратэгія не закране. Яна разлічаная, у першую чаргу, на стварэнне надзейнай заслоны нелегальнай міграцыі. Па словах кіраўніка Упраўлення па справах іншаземцаў, варта прытрымлівацца дзеючых нормаў польскага заканадаўства і своечасова атрымліваць дакументы, якія адпавядаюць рэальным абставінам знаходжання на тэрыторыі Польшчы. Томаш Цытрыновіч падкрэсліў: «Тыя, хто маюць легальную працу, сям'ю ў Польшчы альбо адстойвалі дэмакратычныя каштоўнасці ў Беларусі і вымушана пакінулі тэрыторыю краіны, а галоўнае — выконваюць польскае заканадаўства, не павінны перажываць за будучыя змены ў міграцыйнай палітыцы Польшчы. Змены накіраваныя перадусім на супрацьдзеянне нелегальнай і некантраляванай міграцыі». У якасці прыкладаў змен у міграцыйнай палітыцы Томаш Цытрыновіч адзначыў, што будзе павялічана ўвага мэтаваму выкарыстанню віз. Напрыклад, нельга будзе атрымаць працу тым, хто прыехаў у Польшчу на падставе турыстычнай візы. Мэта прыезду, дзеля якой атрымлівалася віза, павінна выконвацца, а яе змяненне пры знаходжанні на тэрыторыі Польшчы хутчэй будзе магчымым толькі ў выключных сямейных абставінах. Змены міграцыйнай палітыкі ў першую чаргу будуць тычыцца тых, хто атакуе мяжу, выкарыстоўваючы падтрымку памежнай службы Беларусі, а не тых, хто легальна знаходзіцца ў Польшчы. Змены будуць мець дачыненне да сітуацыі, звязанай з супрацьдзеяннем гібрыднай вайне Беларусі і Расіі супраць Польшчы. Плануецца, што на падставе новай міграцыйнай стратэгіі будзе прыняты імплементацыйны дакумент, які будзе прадугледжваць хранаграму змянення дзеючага заканадаўства Польшчы. Павел Латушка звярнуўся з просьбай запрасіць прадстаўнікоў Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, грамадзянскай супольнасці да ўдзелу ў «круглым стале» па абмеркаванні пытанняў па змяненням у заканадаўстве, звязанымі з міграцыйнай палітыкай Польшчы. Было адзначана, што, калі рашэнне аб правядзенні «круглага стала» будзе прынятае, запыт беларускіх дэмсілаў на ўдзел у ім будзе разгледжаны. АПК плануе накіраваць адпаведны зварот міністру па справах грамадзянскай супольнасці Польшчы  Адрыяне Пароўскай. Томаш Цытрыновіч паведаміў, што ініцыяваны працэс аб падаўжэнні выдачы падарожных дакументаў (travel document) для грамадзян Беларусі з 1 студзеня 2025 года, а таксама разглядаецца магчымасць іх выдачы на двухгадовы тэрмін. Прадугледжваецца, што пры падрыхтоўцы дадзеных дакументаў будзе выкарыстоўвацца біяметрыя. Томаш Цытрыновіч адзначыў, што таксама плануецца падоўжыць тэрмін дзеяння Часовага пасведчання асобы замежніка, якое зараз выдаецца тэрмінам да 6 месяцаў, з улікам больш працяглага разгляду спраў па легалізацыі. Па словах кіраўніка Упраўлення, сёлета беларусам ужо выдадзена каля 1 500 падарожных дакументаў, летась — 450. Рост колькасці выдадзеных дакументаў звязаны ў тым ліку са сканчэннем тэрмінаў дзеяння пашпартоў, якія цяпер немагчыма замяніць праз консульскія ўстановы Беларусі. Павел Латушка звярнуў увагу, што ў сувязі з ростам рэпрэсій у Беларусі ў апошнія месяцы, у тым ліку напярэдадні так званай выбарчай кампаніі, будзе павялічвацца колькасць грамадзян Беларусі, дэпартаваных з тэрыторыі Беларусі, якія будуць звяртацца з просьбай аб міжнароднай абароне на тэрыторыі Польшчы. Асобна разгледжана пытанне па сітуацыі з дакументамі для беларусаў у Вроцлаве. Кіраўнік Упраўлення па справах іншаземцаў Польшчы адзначыў, што дасягнутыя пэўныя станоўчыя зрухі па выдачы падарожных дакументаў, але пакуль праблемная сітуацыя яшчэ захоўваецца. Для таго, каб у цэлым па краіне спрасціць падачу дакументаў на легалізацыю, з наступнага года плануецца ўвесці электронную сістэму падачы дакументаў на жыхарства. Падчас сустрэчы Паўла Латушкі з Томашам Цытрыновічам таксама былі абмеркаваныя наступныя тэмы: Працяг магчымасці атрымання міжнароднай абароны. Улічваючы павелічэнне колькасці заяў на міжнародную абарону, Павел Латушка выказаў надзею, што Польшча будзе падтрымліваць мігрантаў з Беларусі, якія пакідаюць краіну з-за рэпрэсій. Павел Латушка нагадаў, што для многіх грамадзян Беларусі гэты крок з'яўляецца адзінай магчымасцю пазбегнуць пераследу і палітыкі гвалту, якую ажыццяўляе рэжым Лукашэнкі. Праблемы з прадастаўленнем дакументаў і доказаў. З-за дзеянняў рэжыму ў Беларусі многія вымушаныя мігранты не могуць прадставіць афіцыйныя дакументы, якія пацвярджаюць іх пераслед. Пры гэтым беларуская дыяспара і актывісты ў Польшчы і іншых краінах ЕС могуць аказаць дапамогу ў верыфікацыі выпадкаў пераследу і падрыхтоўцы дакументаў. Томаш Цытрыновіч выказаў гатоўнасць улічваць дадзеныя акалічнасці пры разглядзе заяў аб атрыманні міжнароднай абароны. Доступ да працэдуры прытулку на мяжы, у тым ліку цяжкасці ў падачы заявак на прытулку на польска-ўкраінскай мяжы. Умовы знаходжання ў цэнтрах затрымання. Пытанне прымянення Дублінскай сістэмы.  Павел Латушка падкрэсліў, што для грамадзян Беларусі, якія сутыкаюцца з цяжкасцямі ў легалізацыі ў іншых краінах, важна забяспечыць магчымасць падачы заявы на абарону ў Польшчы, дзе яны знаходзяць больш бяспечныя і падтрымліваючыя ўмовы. У сваю чаргу Томаш Цытрыновіч адзначыў, што тут можа прымяняцца індывідуальны падыход пры вырашэнні дадзеных пытанняў, які перадусім можа грунтавацца на пацвярджэнні сямейных і актыўных грамадскіх сувязяў у Польшчы. У працяг дадзенай сустрэчы запланаваныя перамовы намесніка кіраўніцы Аб'яднананага Пераходнага Кабінета, кіраўніка НАУ Паўла Латушкі ў Міністэрстве ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы.

  • Прадстаўнік па міжнародным і еўрапейскім супрацоўніцтве Кабінета Уладзімір Астапенка пракаментаваў заяву Еўрапарламента наконт так званых «прэзідэнцкіх выбараў» 2025 года

    «Мы высока цэнім прынятую Еўрапарламентам заяву, якая яшчэ раз падкрэслівае непахісную падтрымку дэмакратычных памкненняў беларускага народа. Заява дакладна адлюстроўвае сённяшнюю рэчаіснасць у Беларусі, дзе выбары па-ранейшаму выкарыстоўваюцца не як механізм выяўлення волі народа, а як інструмент захопу ўлады . Пасля сфальсіфікаваных выбараў 2020 года беларусы сутыкнуліся з беспрэцэдэнтным узроўнем гвалту і парушэнняў правоў чалавека. Еўрапейскія дэпутаты таксама ведаюць гэтую жудасную статыстыку: больш за 1300 палітзняволеных, тысячы арыштаваных і сотні тысяч людзей, вымушаных пакінуць Беларусь у пошуках бяспекі.  Актуальныя для кожнага беларуса правы і свабоды, у тым ліку права ўдзельнічаць у галасаванні, працягваюць парушацца рэжымам,  і сёння любыя выбары без празрыстых умоў, без удзелу міжнародных назіральнікаў –  гэта толькі фарс. Мы дзякуем дэпутатам Еўрапарламента за гэты дакумент, які не проста асуджае дзеянні рэжыму, але і накіроўвае дакладны сігнал пра тое, што беларускі народ заслугоўвае свабоднага выбару і павагі да сваіх правоў. Беларусь заслугоўвае будучыні, у якой кожны грамадзянін можа свабодна галасаваць і вырашаць лёс сваёй краіны без страху, пагроз і прымусу. Мы будзем працягваць барацьбу за гэтыя правы і за вяртанне нашай краіны на шлях дэмакратыі ».

  • Агульная заява дэмакратычных сілаў Беларусі да «выбараў» 2025

    23 кастрычніка, 2024 У 2025 годзе адбудуцца так званыя прэзідэнцкія выбары ў Беларусі, а на самой справе — бязвыбары, таму што права выбару ў людзей скрадзенае. Электаральная кампанія праводзіцца ў сітуацыі глыбокага палітычнага крызісу ў Рэспубліцы Беларусь. Аляксандр Лукашэнка незаконна ўтрымлівае ўладу шляхам рэпрэсіяў супраць беларускага грамадства, абапіраючыся на падтрымку Крамля.  Больш за 1300 чалавек на дадзены момант афіцыйна прызнаныя палітзняволенымі, а патэнцыйныя кандыдаты незаконна кінутыя за краты ці выціснутыя з краіны. З-за рэпрэсіяў беларусы і беларускі не змогуць пабачыць дэмакратычных кандыдатаў і кандыдатак у бюлетэнях, паўдзельнічаць у мітынгах і агітацыйнай кампаніі.  Баючыся чарговай паразы на выбарах, рэжым пазбавіў рэгістрацыі ўсе апазіцыйныя партыі, больш за 1700 грамадскіх арганізацыяў і закрыў усе незалежныя медыя.  Гэта яшчэ далей ад свабодных выбараў, чым калі-небудзь раней у Беларусі. Мы патрабуем спынення ўсіх відаў рэпрэсіяў, вызвалення ўсіх палітзняволеных, рэалізацыі права ўсіх грамадзянаў Беларусі на паўнавартасны ўдзел у выбарах незалежна ад месца жыхарства, забеспячэння свабоды сходаў і роўнага доступу да сродкаў масавай інфармацыі, а таксама правядзення выбараў у адпаведнасці з міжнароднымі стандартамі АБСЕ і пад кантролем назіральнікаў. Калі гэтыя патрабаванні не будуць выкананыя рэжымам, мы лічым тое, што адбудзецца ў 2025 годзе, імітацыяй выбарчага працэсу. Мы прапануем выказаць свой пратэст шляхам галасавання супраць усіх, хто крадзе нашае права голасу. Мы таксама прапрацоўваем і прапануем іншыя варыянты як выказаць пратэст у залежнасці ад развіцця сітуацыі.  Такім чынам мы пакажам, што беларускае грамадства дагэтуль выступае супраць Лукашэнкі і патрабуе свабодных і справядлівых выбараў.  Святлана Ціханоўская Аб’яднаны Пераходны Кабінет Беларусі Каардынацыйная рада Беларусі

  • Павел Латушка заклікаў краіны АБСЕ падтрымаць зварот Літвы ў Міжнародны крымінальны суд

    У рамках Варшаўскай канферэнцыі па правах чалавека адбыўся сайд-івэнт на тэму «Мабілізацыя Маскоўскага механізма АБСЕ для вывучэння прымусовага перамяшчэння беларусаў і іх экстэрытарыяльнага пераследу».   Гэтая тэма набывае асаблівую актуальнасць у святле нядаўняга звароту Літвы ў Міжнародны крымінальны суд з просьбай расследаваць трансгранічныя злачынствы супраць чалавечнасці, учыненыя аўтарытарным рэжымам Лукашэнкі ў дачыненні да беларусаў. Прэзентацыя была арганізавана НАУ сумесна з ПЦ «Вясна» і Міжнародным камітэтам па расследаванні катаванняў у Беларусі. У ёй прынялі ўдзел дыпламаты прадстаўніцтваў Вялікабрытаніі, Германіі, Італіі, Літвы, Францыі, Швецыі і іншых краін пры АБСЕ, прадстаўнікі дыпмісій у Варшаве, прадстаўнікі МЗС Польшчы, а таксама беларускія, польскія і міжнародныя праваабарончыя арганізацыі. Са сведчаннямі выступілі некалькі ахвяр рэжыму Лукашэнкі. Адкрываючы мерапрыемства, намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Павел Латушка  выказаў удзячнасць ураду Літвы за перадачу інфармацыі аб сітуацыі ў Беларусі ў Офіс пракурора Міжнароднага крымінальнага суда для расследавання злачынстваў супраць чалавечнасці, учыненых рэжымам Лукашэнкі ў дачыненні да беларусаў і адзначыў: « Усе гэтыя злачынствы адбываюцца ў абстаноўцы поўнай беспакаранасці вінаватых. Страх і пераслед прымусілі сотні тысяч беларусаў пакінуць Радзіму, пакінуўшы ўсё— жыццё, дом, блізкіх. Больш за 300 000 чалавек сталі ахвярамі злачынства дэпартацыі. Гэты крок Літвы мае вырашальнае значэнне для беларусаў на шляху да аднаўлення справядлівасці і разрыву заганнага кола тэрору. Лічу, што працяг сумесных намаганняў дзяржаў-членаў АБСЕ ў галіне ўсебаковага даследавання і ацэнкі дэпартацыі і экстэрытарыяльнага пераследу беларусаў будзе садзейнічаць прыняццю дзяржавамі рашэння аб далучэнні да звароту, пададзенага Літвой у МКС, і дапаможа забяспечыць справядлівасць для кожнай ахвяры ». Падчас прэзентацыі Часовая павераная ў справах Літвы ў Польшчы Аўдронэ Маркевічэнэ  заявіла:  « Мы ўдзячныя нашым беларускім калегам з Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, праваабарончай арганізацыі «Вясна» і іншым партнёрам за дапамогу ў зборы, абагульненні і прадстаўленні даных у Офіс пракурора МКС. Мы запрашаем усе зацікаўленыя краіны ЕС, якія ратыфікавалі Рымскі статут, афіцыйна далучыцца да гэтага звароту Літвы ».

  • Канферэнцыя па Беларусі можа адбыцца ў Сенаце Польшчы

    8 кастрычніка адбылася сустрэча намесніка кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Паўла Латушкі  і спікеркі Каардынацыйнай Рады Анжалікі Мельнікавай  з маршалкам Сената Польшчы Малгажатай Кідава-Блоньскай . На сустрэчы таксама прысутнічалі старшыня Камітэта па міжнародных справах Сената Гжэгаж Схетына , каардынатар па пытаннях Палоніі і палякаў за мяжой Роберт Тышкевіч . Павел Латушка ўзняў пытанне падтрымкі Польшчай звароту Літвы ў Міжнародны крымінальны суд наконт трансгранічных злачынстваў супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларусаў, якія здзяйсняе рэжым Лукашэнкі, у тым ліку на тэрыторыі Польшчы. « Вельмі важна, каб Польшча і іншыя дэмакратычныя краіны падтрымалі намаганні Літвы, скарыстаўшыся сваім правам згодна з артыкулам 14 Рымскага статута. Няхай справядлівасць возьме верх над беспакаранасцю. Гэтага жадае большасць беларусаў. Гэта тое, што нас яднае. Жаданне справядлівасці », —  падкрэсліў Павел Латушка. Павел Латушка праінфармаваў польскі бок аб працягу рэпрэсій у Беларусі, паведаміўшы, што толькі 8 кастрычніка Следчы камітэт рэжыму распачаў крымінальныя справы супраць 45 чалавек, у тым ліку чальцоў Каардынацыйнай Рады, якія былі абвінавачаныя ў датычнасці да спробы захопу ўлады. Маршалак Сената Малгажата Кідава-Блоньска  падкрэсліла важнасць актыўнай працы ў парламенце Польшчы групы за незалежную і дэмакратычную Беларусь. Старшыня камісіі па замежных справах Сената Гжэгаж Схетына  зазначыў, што старшынства Польшчы ў Еўрасаюзе стане добрай магчымасцю для дэманстрацыі падтрымкі дэмакратычных сіл і дэмакратычных пераўтварэнняў у Беларусі. «Мы гарачыя прыхільнікі вашай дзейнасці. Мы будзем дэманстраваць, што варта падтрымліваць барацьбу за вашу суб'ектнасць. Мы будзем нагадваць, што ў Еўропе ёсць краіна, глыбока недэмакратычная, дзе людзі сядзяць у турмах за свае погляды» , — заявіў на сустрэчы Гжэгаж Схетына . Каардынатар па пытаннях Палоніі і палякаў за мяжой Роберт Тышкевіч  акцэнтаваў асаблівую ўвагу на старшынстве Польшчы ў ЕС у кантэксце дэманстрацыі не разавага падыходу да падтрымкі дэмакратычнай Беларусі, а сістэмнага, які ахоплівае палітычныя, культурныя, эканамічныя пытанні і г.д., а таксама на важнасці паказаць еўрапейскую перспектыву для Беларусі. Асобна абмеркаваны перспектывы ўдзелу дэмакратычных сіл Беларусі ў ініцыятыве ЕС «Усходняе партнёрства». Павел Латушка і Анжаліка Мельнікава вылучылі ініцыятыву па правядзенні слуханняў і дыскусій, прысвечаных сітуацыі ў Беларусі ў сувязі з масавымі парушэннямі правоў чалавека, а таксама па супрацоўніцтве паміж камітэтамі і працоўнымі групамі Каардынацыйнай Рады і Сената Польшчы. Польскі бок выказаў зацікаўленасць у правядзенні ў парламенце Польшчы канферэнцыі, прысвечанай беларускай тэматыцы. « Польшча з'яўляецца лідарам сярод нашых партнёраў, якія падтрымліваюць дэмакратычную Беларусь, а таксама вядучай краінай у ЕС па выпрацоўцы палітыкі ЕС у дачыненні да Беларусі. Польшча нязменна праяўляе салідарнасць з беларускім грамадствам у нашым імкненні да незалежнай, дэмакратычнай і еўрапейскай Беларусі », —  падкрэсліў Павел Латушка.

  • Цягнік «Мінск-Гаага» павінен набраць максімальную хуткасць

    Выступ Паўла Латушкі на прэс-канферэнцыі, прысвечанай перадачы Урадам Літвы ў Офіс Пракурора Міжнароднага крымінальнага суда ў Гаазе матэрыялаў аб трансгранічных злачынствах супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларусаў 3 кастрычніка 2024, Варшава Уступнае слова Спадарыня Прэзідэнтка-элект Святлана Ціханоўская Спадар Старшыня Хельсінскага фонда па правах чалавека Мацей Навіцкі,  Паважаныя прадстаўнікі дыпкорпуса, Паважаныя прадстаўнікі СМІ, Спадары і спадарыні, Я вітаю ўсіх вас у «Музеі Вольнай Беларусі» і дзякую за ўдзел у сённяшняй прэс-канферэнцыі, прысвечанай перадачы ў Офіс Пракурора Міжнароднага крымінальнага суда матэрыялаў аб трансгранічных злачынствах супраць чалавечнасці, учыненых рэжымам Лукашэнкі супраць беларускага народа. Упершыню ў гісторыі ў фокусе ўвагі Міжнароднага крымінальнага суда будзе кантэкст маштабных міжнародных злачынстваў у Беларусі, а менавіта злачынстваў рэжыму Лукашэнкі супраць чалавечнасці. Я раблю на гэтым асаблівы акцэнт. Гаворка ідзе менавіта пра злачынствы Лукашэнкі і ягоных памагатых супраць беларусаў.  Адначасова я хачу нагадаць, што ў турмах рэжыму Лукашэнкі на сёння знаходзіцца амаль 1 300 чалавек. Нягледзячы на тое, што з ліпеня на волю па так званых «памілаваннях» выйшла 115 чалавек, як мінімум 142 чалавекі за той жа перыяд былі прызнаныя палітвязнямі.  У межах «справы Каардынацыйнай рады» ў сувязі з выбарамі ў прадстаўнічы орган беларускіх дэмакратычных сіл рэжымам Лукашэнкі было завочна распачата 257 крымінальных спраў. У тым ліку і чарговая крымінальная справа супраць мяне. 105 крымінальных спраў было распачата супраць беларусаў за мяжой за святкаванне Дня Волі 25 сакавіка. І гэта толькі частка прыкладаў. Прыводзіць іх можна яшчэ вельмі доўга. Чаму я кажу пра гэта? Канвеер рэпрэсій, як і злачынстваў рэжыму Лукашэнкі супраць чалавечнасці, пераследу беларусаў за мяжой — не спыняецца, а толькі набірае абароты.  Злачынствы супраць чалавечнасці — гэта адзін з 4 найбольш цяжкіх відаў злачынстваў у разуменні міжнароднага права. Артыкул 5 Рымскага Статута Міжнароднага крымінальнага суда абвяшчае: «Юрысдыкцыя Суда абмяжоўваецца найбольш сур'ёзнымі злачынствамі, якія выклікаюць заклапочанасць ўсёй міжнароднай супольнасці. У адпаведнасці з Рымскім статутам Суд валодае юрысдыкцыяй ў дачыненні да наступных злачынстваў: злачынства генацыду, злачынствы супраць чалавечнасці, ваенныя злачынствы, злачынства агрэсіі». І менавіта на злачынствах супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларусаў мы робім сёння акцэнт. На дадзены момант, дзякуючы звароту Урада Літвы, МКС мае доказы па трох відах злачынстваў супраць чалавечнасці , учыненых рэжымам Лукашэнкі:  дэпартацыя, пераслед беларусаў за мяжой, іншыя бесчалавечныя дзеянні аналагічнай цяжару. І хоць Беларусь не з'яўляецца дзяржавай-удзельніцай МКС, Суд можа ажыццяўляць сваю юрысдыкцыю ў выпадках, калі хаця б частка супрацьпраўных дзеянняў адбываецца на тэрыторыі дзяржавы-ўдзельніцы — у дадзеным выпадку ахвяры перасякалі тэрыторыі Літвы, Польшчы і іншых дзяржаў-удзельніц. Гэта значыць дадзеныя злачынствы носяць трансгранічны характар.  І менавіта гэтая акалічнасць дазволіла Літве як краіне-ўдзельніцы МКС накіраваць адпаведны зварот у Офіс Пракурора МКС.  Я зрабіў гэтае невялікае ўступленне для таго, каб мы з вамі выразна разумелі, пра што мы з вамі будзем падрабязней казаць сёння далей.  Выступ Паўла Латушкі Цягнік Мінск-Гаага з пасажырам па прозвішчы Лукашэнка прыйшоў у рух.  Для гэтага спатрэбіўся час. Магчыма, больш часу, чым хацелася. Але адваротнага шляху для Лукашэнкі больш няма. Народнае антыкрызіснае ўпраўленне пры падтрымцы Цэнтра права і дэмакратыі — «Justice Hub» ініцыявалі гэты працэс у красавіку 2023 года. У верасні 2023 года мы ўпершыню афіцыйна сустрэліся са спадарыняй намесніцай міністра юстыцыі Літвы Габіяй Грыгайце і абмеркавалі магчымасць падачы звароту Пракурору Міжнароднага крымінальнага суда для расследавання злачынстваў супраць чалавечнасці, учыненых аўтарытарным рэжымам Лукашэнкі. І вось Урад Літвы падаў зварот. А на сайце Міжнароднага крымінальнага суда 30 верасня 2024 года з'явілася кароткая заява ад пракурора Карыма Хана, што «ён можа пацвердзіць, што яго офіс правядзе папярэдні разгляд, каб вывучыць запыт». Кароткі выраз — але з велізарным значэннем. Што ж за ім хаваецца? Перш за ўсё , гэта жыцці, пакуты і страты сотняў тысяч ахвяр. Прайшоўшы праз жудасны каток рэпрэсій у Беларусі, катаванні, згвалтаванні, заключэнні, пазбаўленні асноўных правоў. Не маючы іншага выбару, яны пакінулі сваю радзіму ў пошуках прытулку ў Літве, Польшчы і іншых краінах. Яны пакінулі сваіх бацькоў, дзяцей, сяброў, не маючы магчымасці ўбачыць іх зноў. Яны пакінулі сваю маёмасць, пачынаючы жыццё з нуля. І цяпер, прайшоўшы праз усё гэта, насельніцтва, якое падвергнулася рэпрэсіям, стала ахвярай новай хвалі пераследаў. Рэжым працягнуў пераследаваць беларусаў за мяжой з жахлівай эфектыўнасцю. Судовыя пераследы, арышты сваякоў і сяброў, рыторыка нянавісці, пагрозы гвалту, запалохвання, канфіскацыя і знішчэнне маёмасці ў Беларусі — гэта толькі частка таго, што Лукашэнка і яго саўдзельнікі робяць сёння ў еўрапейскіх краінах. Па-другое , цягам 4 гадоў беларусы жылі ў стане поўнай асуджанасці. Наш народ, прайшоўшы праз пекла страт за мірную абарону дэмакратычных каштоўнасцяў, адчувае сябе пакінутым і забытым. Аднак цяпер сотні тысяч ахвяр здабылі надзею на справядлівасць. Спадзяванне, што аднойчы вінаватыя будуць прыцягнутыя да адказнасці. Па-трэцяе , праведзена неверагодная праца. Міністэрствам юстыцыі Літвы, юрыстамі і экспертамі, чые імёны я не магу назваць. Па сутнасці, створаны новы прэцэдэнт. Упершыню ў практыцы МКС дзяржава-ўдзельніца Рымскага статута перадала сітуацыю ў Офіс Пракурора ў дачыненні да дзяржавы, якая не з'яўляецца ўдзельнікам гэтага Статута. Я і мая каманда выказваем падзяку Літве, Міністэрству юстыцыі, асабіста намесніку міністра Габіі Грыгайце і кіраўніку Міжнароднага юрыдычнага прадстаўніцтва Рычарду Дзіковічу за іх узрушаючую працу. Я хачу таксама падзякаваць нашым юрыстам і маёй камандзе, Народнаму антыкрызіснаму ўпраўленню, дэпутату Еўрапейскага парламента Дайніюсу Джалімасу і яго арганізацыі «Justice Hub», а таксама замежным экспертам, якія ініцыявалі гэты працэс у красавіку 2023 года.  Я дзякую спадарыні Прэзідэнтцы-элект Святлане Ціханоўскай, за яе падтрымку. І асаблівая падзяка арганізацыям, якія ўваходзяць у МПАБ (Міжнародная платформа адказнасці для Беларусі). Асабліва хачу адзначыць праваабарончы цэнтр «Вясна» і Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі. Праведзеная праца запатрабавала выключнага прафесіяналізму, крэатыўнасці і мужнасці. І яе вынік увойдзе ў гісторыю У гісторыю Беларусі — таму што гэта першы і на сёння самы важны крок да дасягнення справядлівасці для беларускага народа, для сотняў тысяч ахвяр злачынстваў супраць чалавечнасці, учыненых дыктатарам Лукашэнкам і яго саўдзельнікамі. Гэты дзень увойдзе і ў асабістую крымінальную справу дыктатара, які ўвойдзе ў гісторыю менавіта як міжнародны злачынец. На чацвёрты дзясятак гадоў свайго кіравання Лукашэнка стварыў цэлую дзяржаўную машыну, як ён кажа, «чыстак» грамадства. Усе нелаяльнае яго рэжыму насельніцтва падлягае праходжанню праз канвеер зверстваў. Грамадства падзелена на лаяльных і нелаяльных. Лукашэнка пастаянна называе беларусаў, якія падвяргаюцца рэпрэсіям, «беглымі», «палітычнымі», «востракапытнымі». Удумайцеся — у краіне з насельніцтвам у 9 мільёнаў чалавек дыктатарам здзейсненыя ўжо сотні тысяч (!) злачынстваў супраць чалавечнасці.  На дадзены момант Міжнародны крымінальны суд мае доказы па трох відах злачынстваў супраць чалавечнасці, учыненых рэжымам Лукашэнкі:  дэпартацыя; экстэрытарыяльны пераслед беларусаў; іншыя бесчалавечныя дзеі аналагічнай цяжару, учыненыя экстэрытарыяльна. Рэжым Лукашэнкі вымусіў грамадзянскае насельніцтва пакінуць Беларусь, стварыўшы атмасферу страху і тэрору. У выгнаных людзей не было выбару, каб застацца.  Аляксандр Лукашэнка разам з вышэйшымі чынамі ўрада, уключаючы ваенных, супрацоўнікаў органаў дзяржаўнай бяспекі, праваахоўных органаў, судовых органаў і іншых структур, разгарнулі кампанію супраць грамадзянскага насельніцтва Беларусі, якая ўключае ў сябе такія супрацьпраўныя дзеянні як: сур'ёзнае абмежаванне асноўных правоў; адвольныя затрыманні, пераследы і вынясенне судовых прысудаў; сур'ёзны супрацьпраўны гвалт; забойствы; сэксуальны гвалт; прычыненне фізічнай і псіхалагічнай шкоды; катаванні, бесчалавечнае і прыніжаючае годнасць абыходжанне; запалохванне і ціск; прымусовая праца; гвалтоўныя знікненні і многае іншае.  Гэтая кампанія вядзецца супраць грамадзянскага насельніцтва Беларусі і палітычных апанентаў рэжыму Лукашэнкі. Дзеянні рэжыму раўнасільныя шырокамаштабнаму і сістэматычнаму нападу на грамадзянскае насельніцтва ў рамках дзяржаўнай палітыкі, накіраванай на ліквідацыю любой апазіцыі і іншадумства. У сённяшнюю верхавіну, якая фарміруе і рэалізуе дадзеную палітыку, уваходзяць сам Аляксандр Лукашэнка, Мікалай Карпянкоў, Іван Церцель, Наталля Качанава, Юрый Караеў, Іван Кубракоў, Андрэй Швед, Дзмітрый Гара, Сяргей Хаменка, Іван і Наталля Эйсманты, Рыгор Азаронак, Андрэй Мукавозчык і іншыя. У рамках палітыкі нападу рэжым Лукашэнкі гвалтоўна перасяліў сотні тысяч беларусаў на тэрыторыю суседняй Літвы, Польшчы і іншых дзяржаў без падстаў, дазволеных міжнародным правам. Дэпартацыя з'яўляецца ключавой мэтай нападу рэжыму на грамадзянскае насельніцтва — любымі сродкамі пазбавіцца ад усіх крытыкаў і апанентаў, каб умацаваць аўтарытарную ўладу Лукашэнкі. Згодна з дакладам Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы за 2023 год і дакладам Упраўлення Вярхоўнага камісара ААН па правах чалавека за 2024 год, каля 300 000 беларусаў былі вымушаныя пакінуць Беларусь. Гэта прыкладна 3,5 % усяго насельніцтва краіны. Гэта шакавальныя, жудасныя лічбы. Выгнанню, дэпартацыі падвергнуўся кожны 30-ы беларус! І адбылося гэта ў выніку бесчалавечнага, жорсткага і зневажальнага годнасць абыходжання; палітычна матываваных прысудаў і турэмных зняволенняў; катаванняў; згвалтаванняў; забойстваў; пазбаўлення асноўных правоў.  І большасць ахвяр дэпартацыі знаходзяцца ў Польшчы і Літве.  Я падкрэсліваю гэта і паўтараю — гэта нават не дзясяткі, а сотні тысяч чалавек.  Ці пакінуў Лукашэнка гэтых людзей у спакоі, вымусіўшы бегчы з Беларусі? Не. Яго злачынствы супраць чалавечнасці працягнуліся. Пераслед беларусаў за мяжой ахоплівае комплекс дзеянняў рэжыму Лукашэнкі, які ўключае ў сябе:  пагрозы жыццю і здароўю; пераслед сваякоў у Беларусі; канфіскацыю маёмасці; вынясенне завочных прысудаў і палітычна матываваных прысудаў у парушэнне стандартаў справядлівага судовага разбору; адмова ў доступе да асноўных дзяржаўных паслуг (у тым ліку пазбаўленне беларусаў магчымасці мяняць пашпарты і атрымліваць іншыя неабходныя дакументы); атакі на дыскрымінацыйнай глебе ў дачыненні да пэўнай групы людзей (якую сам рэжым вызначыў як «беглых»); выкарыстанне мовы варожасці. Гэтая машына масавых злачынстваў не спыніцца сама. Калі не перасадзіць Лукашэнку з сядзення яе кіроўцы на сядзенне цягніка «Мінск — Гаага». І я веру, што нам гэта не проста ўдасца. Гэта ўжо адбываецца. Прыйшоў час для Лукашэнкі адказваць за злачынствы.  Прыйшоў час сілы права, якая атрымае верх над правам сілы. Цягнік Лукашэнкі ў Гаагу рушыў 30 верасня 2024 года.  І ён даедзе да месца прызначэння. Для Лукашэнкі няма і ўжо не можа быць адваротнага шляху. Запушчаны працэс правасуддзя незваротны. Мы заклікаем усе дэмакратычныя краіны, асабліва Польшчу, дзе сёння знаходзіцца большасць ахвяр злачынстваў рэжыму Лукашэнкі, доказы якіх былі перададзеныя ў МКС — далучыцца і падтрымаць працэс аднаўлення справядлівасці, які быў запушчаны Літвой. І распачаць аналагічныя дзеянні, каб надаць максімальную хуткасць цягніку «Мінск – Гаага».  Я дзякую Міністэрству замежных спраў Польшчы за афіцыйную пазіцыю, агучаную прэс-сакратаром Паўлам Уронскім, аб поўнай падтрымцы звароту Літвы ў Міжнародны крымінальны суд з боку МЗС Польшчы. Гэта вельмі важны сігнал.  Упэўнены, у нас не завышаныя чаканні да нашых партнёраў, а просьба выкарыстоўваць вашы магчымасці для прыцягнення Лукашэнкі і яго саўдзельнікаў да адказнасці. Лукашэнка заўсёды марыў увайсці ў гісторыю. Яму гэта ўдалося. І яму ўжо ніколі не пазбавіцца ад гэтага. Ва ўсіх падручніках пра яго будуць успамінаць не як пра першага прэзідэнта, а як пра апошняга беларускага дыктатара і міжнароднага злачынцу.  І я хачу, каб гэта пачуў не толькі ён сам, але і яго асяроддзе, яго найбліжэйшыя дзяржаўныя служачыя, прапагандысты. Спытайце сябе, ці вы хочаце быць спадарожнікамі Лукашэнкі? Хочаце падсесці да яго ў цягнік да Гаагі?  А можа быць, нарэшце, прыйшоў час прыняць рашэнне — і сысці з гэтага цягніка. Не садзіцца ў яго зусім. Вы ведаеце, што для гэтага трэба зрабіць. Вы ведаеце, куды адпраўляць інфармацыю.  Я ўпэўнены, сярод вас вельмі шмат тых, хто гэтага хоча. Большасць з вас не здзяйснялі ніякіх злачынстваў. Кагосьці з вас вымусілі іх здзейсніць. Але ў вас ёсць шанец дапамагчы сабе, сваёй краіне, беларусам і правасуддзю. Не абмінайце яго. Выходзьце на сувязь. Лукашэнка думаў, што зможа «перагарнуць старонку» сваіх злачынстваў. Не. Яго «балада пра дыктатара» падышла да канца. Наступная станцыя — Гаага.  У 2020 годзе людзі выходзілі на вуліцы з плакатамі «Лукашэнка ў Гаагу!», «Трыбунал!». Ён думаў, што гэта проста лозунгі, якія засталіся ў мінулым? Не, гэта яго будучыня.  Сіла права павінна перамагчы над правам сілы. Неабходна вярнуць веру беларусаў у справядлівасць. Дэмакратыя абавязкова пераможа, калі наступіць адказнасць. Гісторыя новай Беларусі пачнецца з аднаўлення справядлівасці.  Надзвычай важна, каб Польшча і іншыя дэмакратычныя краіны падтрымалі намаганні Літвы.  Скарыстайцеся сваім правам згодна з артыкулам 14 Рымскага статута. Хай справядлівасць пераможа над беспакаранасцю. Гэтага хоча ўвесь беларускі народ. Гэта тое, што нас усіх аб'ядноўвае. Жаданне справядлівасці. Я перакананы, што новая Беларусь таксама стане краінай-удзельніцай МКС. А значыць беспакаранасць за міжнародныя злачынствы стане немагчымай у нашай краіне. Ніводны міжнародны злачынец не зможа пазбегнуць адказнасці ў новай Беларусі. Жыве Беларусь!

  • Павел Латушка: «Цягнік Лукашэнкі ў Гаагу рушыў. І яго ўжо нішто не спыніць»

    Выступленне Паўла Латушкі, намесніка кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, Пасла на прэс-канферэнцыі, прысвечанай прававым мерам рэагавання міжнароднай супольнасці на злачынствы супраць чалавечнасці, учыненыя цяперашнім аўтарытарным рэжымам Беларусі 1 кастрычніка 2024, Гаага Спадарыня Прэзідэнтка-элект, спадарыня намесніца міністра, Вашы Правасхадзіцельствы, спадарыні і спадары. Прайшло 375 дзён — амаль год — з таго часу, як мы ўпершыню афіцыйна сустрэліся са спадарыняй намесніцай міністра і кіраўніком Міжнароднага юрыдычнага прадстаўніцтва Міністэрства юстыцыі Літвы і абмеркавалі магчымасць падачы гэтага звароту. Сёння мы тут, у Гаазе. Зварот знаходзіцца ў Офісе Пракурора Міжнароднага крымінальнага суда. На сайце Міжнароднага крымінальнага суда з'явілася кароткая заява ад пракурора Карыма Хана, што «ён можа пацвердзіць, што яго офіс правядзе папярэдні разгляд, каб вывучыць запыт». Кароткі выраз з велізарным значэннем. Што ён хавае? Перш за ўсё,  гэта жыцці, пакуты і страты сотняў тысяч ахвяр. Прайшоўшы праз жудасны каток рэпрэсій у Беларусі, катаванні, згвалтаванні, заключэнні, пазбаўленні асноўных правоў. Не маючы іншага выбару, яны пакінулі сваю радзіму ў пошуках прытулку ў Літве, Польшчы і іншых краінах. Яны пакінулі сваіх бацькоў, дзяцей, сяброў, не маючы магчымасці ўбачыць іх зноў. Яны пакінулі сваю маёмасць, пачынаючы жыццё з нуля. І цяпер, прайшоўшы праз усё гэта, насельніцтва, якое падвергнулася рэпрэсіям, стала ахвярай новай хвалі пераследаў. Рэжым працягнуў пераследваць нас за мяжой з жахлівай эфектыўнасцю. Судовыя пераследы, арышты сваякоў і сяброў, рыторыка нянавісці, пагрозы гвалту, запалохвання, канфіскацыя і знішчэнне маёмасці ў Беларусі — гэта толькі частка таго, што Лукашэнка і яго памагатыя робяць сёння ў еўрапейскіх краінах. Па-другое , цягам 4 гадоў беларусы жылі ў стане поўнай безнадзейнасці. Наш народ, прайшоўшы праз пекла страт за мірную абарону дэмакратычных каштоўнасцяў, адчувае сябе пакінутым і забытым. Аднак сёння сотні тысяч ахвяр здабылі надзею на справядлівасць. Спадзяванне, што аднойчы вінаватыя будуць прыцягнутыя да адказнасці. Па-трэцяе,  праведзена неверагодная праца. Міністэрствам юстыцыі Літвы, юрыстамі і экспертамі, чые імёны я не магу назваць. Па сутнасці, яны стварылі новы прэцэдэнт. Упершыню ў практыцы МУС дзяржава-ўдзельніца Рымскага статута перадала сітуацыю ў Офіс Пракурора ў дачыненні да дзяржавы, якая не з'яўляецца ўдзельніцай гэтага Статута. Праведзеная праца запатрабавала выключнага прафесіяналізму, крэатыўнасці і мужнасці. Я і мая каманда выказваем падзяку Літве, Міністэрству юстыцыі, асабіста намесніцы міністра Габіі Грыгайце і кіраўніку Міжнароднага юрыдычнага прадстаўніцтва Рычарду Дзіковічу за іх узрушаючую працу. Я хачу таксама падзякаваць нашым юрыстам і маёй камандзе, Народнаму антыкрызіснаму ўпраўленню, дэпутату Еўрапейскага парламента Дайніюсу Жалімасу і яго арганізацыі «Justice Hub», а таксама замежным экспертам, якія ініцыявалі гэты працэс у красавіку 2023 года. Паўтара года штодзённай працы. І вось вынік. Я дзякую спадарыні прэзідэнтцы-элект Святлане Ціханоўскай, за яе падтрымку. І асаблівая падзяка арганізацыям, якія ўваходзяць у МПАБ (Міжнародная платформа адказнасці для Беларусі). Асабліва хачу адзначыць праваабарончы цэнтр «Вясна» і Міжнародны камітэт па расследаванні катаванняў у Беларусі. Гэты дзень увойдзе ў гісторыю У гісторыю Беларусі — таму што гэта першы і на сёння самы важны крок да дасягнення справядлівасці для беларускага народа, для сотняў тысяч ахвяр злачынстваў супраць чалавечнасці, учыненых дыктатарам Лукашэнкам і яго памагатымі. Гэты дзень увойдзе ў гісторыю. І асабістую гісторыю Лукашэнкі, а дакладней — асабістую крымінальную справу дыктатара, які ўвойдзе ў гісторыю менавіта як міжнародны злачынца. І вось пайшоў ужо чацвёрты дзясятак гадоў, як Лукашэнка будуе свой рэжым рэпрэсій і гвалту. І фарміраванне гэтага рэжыму сапраўды блізка да сваёй «найвышэйшай кропкі». Удумайцеся — у краіне з насельніцтвам у 9 мільёнаў чалавек дыктатарам учыненыя ўжо сотні тысяч злачынстваў супраць чалавечнасці.  Лукашэнка стварыў цэлую дзяржаўную машыну, як ён кажа, «чыстак» грамадства. Усе нелаяльнае яго рэжыму насельніцтва падлягае праходжанню праз канвеер зверстваў. Грамадства падзелена на лаяльных і нелаяльных. Лукашэнка ўвесь час называе беларусаў, якія падвяргаюцца рэпрэсіям, «беглымі», «палітычнымі», «востракапытнымі». Але прыйшоў час для справядлівасці і правасуддзя. Прыйшоў твой час, Лукашэнка, адказваць за гэтыя злачынствы. Прыйшоў час сілы права, якая атрымае верх над правам сілы.  Я хачу звярнуцца да вышэйшых чыноў яго рэжыму. Цягнік Лукашэнкі ў Гаагу крануўся сёння. Лукашэнка ўжо знаходзіцца ў ім. І ён даедзе да месца прызначэння. Цяпер ужо — без варыянтаў. Для Лукашэнкі няма шляху назад. Запушчаны працэс правасуддзя незваротны. Мы заклікаем усе дэмакратычныя краіны далучыцца і падтрымаць працэс аднаўлення справядлівасці, які быў запушчаны Літвой. І распачаць аналагічныя дзеянні, каб надаць максімальную хуткасць цягніку «Мінск – Гаага».  Упэўнены, у нас не завышаныя чаканні да нашых партнёраў, а просьба выкарыстоўваць вашы магчымасці для прыцягнення Лукашэнкі і яго саўдзельнікаў да адказнасці. Лукашэнка заўсёды марыў увайсці ў гісторыю. Яму гэта ўдалося. І яму ўжо ніколі не пазбавіцца ад гэтага. Ва ўсіх падручніках пра яго будуць успамінаць не як пра першага прэзідэнта, а як пра апошняга беларускага дыктатара і міжнароднага злачынцу.  І я хачу, каб гэта пачуў не толькі ён сам, але і яго асяроддзе, яго найбліжэйшыя дзяржаўныя служачыя, прапагандысты. Спытаеце сябе, вы хочаце быць спадарожнікамі Лукашэнкі? Хочаце падсесці да яго ў цягнік да Гаагі?  А можа быць, нарэшце, прыйшоў час прыняць рашэнне — і сысці з гэтага цягніка. Не садзіцца ў яго зусім. Вы ведаеце, што для гэтага трэба зрабіць. Вы ведаеце, куды адпраўляць інфармацыю.  Я ўпэўнены, сярод вас вельмі шмат тых, хто гэтага хоча. Большасць з вас не здзяйснялі ніякіх злачынстваў. Кагосьці з вас вымусілі іх здзейсніць. Але ў вас ёсць шанец дапамагчы сабе, сваёй краіне, беларусам і правасуддзю. Не выпускайце яго. Выходзьце на сувязь. Лукашэнка думаў, што зможа «перавярнуць старонку» сваіх злачынстваў. Не. Яго «балада пра дыктатара» падышла да канца. І так, мы выключым цябе, Лукашэнка, з вялікай палітыкі. Як і абяцалі. Ты — злачынца. Наступная станцыя — Гаага.  Памятаеш, з якімі плакатамі людзі выходзілі на вуліцы ў 2020-ым? «Лукашэнка ў Гаагу», «Трыбунал». Ты думаў, што гэта проста лозунгі, якія засталіся ў мінулым? Не, гэта твая будучыня.  Сёння сіла права перамагае. Сёння мы разам аднаўляем веру беларусаў у справядлівасць. Мы пішам гісторыю новай Беларусі. Якая пачнецца пасля суда над дыктатарам. Немінучага суда.  Мы заклікаем усе дэмакратычныя краіны падтрымаць намаганні Літвы . Скарыстайцеся сваім правам згодна з артыкулам 14 Рымскага статута. Хай справядлівасць пераможа над беспакаранасцю. Гэтага хоча ўвесь беларускі народ. Што нас усіх аб'ядноўвае. Жаданне справядлівасці. Я падтрымліваю сённяшнюю заяву кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Святланы Ціханоўскай. Ратыфікацыя Рымскага статута новай Беларуссю гарантуе, што беспакаранасць за міжнародныя злачынствы стане немагчымай у нашай краіне. Ніводны міжнародны злачынца не зможа пазбегнуць адказнасці ў новай Беларусі. Жыве Беларусь!

  • Знішчай або будзь знішчаны

    Чаму realpolitik у дачыненні да рэжыму Аляксандра Лукашэнкі асуджаны на правал Арыгінал артыкула: novayagazeta.eu «Калі б у мяне папрасілі парады прадстаўнікі беларускай апазіцыі, я б параіў ім пагадзіцца на ўсё, што скажа Лукашэнка, у абмен на свабодныя парламенцкія выбары і парламенцкую недатыкальнасць» , — сказаў нядаўна былы міністр унутраных спраў Украіны Юрый Луцэнка ў інтэрв’ю незалежнаму беларускаму медыя « Zerkalo.io ». Бачыць такія заявы прымушае мяне разважаць пра тое, наколькі моцная вера ў дэмакратыю сярод тых, хто меў шчасце бачыць яе на практыцы і жыць у дэмакратычнай краіне. Як яна здаецца безумоўнай людзям з усталяваным дэмакратычным мысленнем. І як гэтая вера часам можа прыводзіць да здагадкі, што рэжымы, якія дыяметральна процілеглыя дэмакратыі, могуць добраахвотна пагадзіцца на плаўны пераход да дэмакратыі і самі пагадзіцца распачаць працэс свайго самазнішчэння. Тым часам Беларусь ужо чацвёрты дзесяцігоддзе жыве пад дыктатурай Лукашэнкі. І ў гэтым чацвёртым дзесяцігоддзі ясна відаць, што пераўтварэнне яго рэжыму з аўтарытарнай дыктатуры ў таталітарную набліжаецца да завяршэння. Любыя прыкметы паслаблення яго жалезнай хваткі, адлігі, лібералізацыі ці дэмакратызацыі тут абсалютна адсутнічаюць. Беларускі доктар сацыялогіі Генадзь Коршунаў у канцы ліпеня апублікаваў апошнюю частку свайго даследавання «Барометр рэпрэсій». Гэта абавязковае чытанне для ўсіх, хто сапраўды хоча зразумець цяперашні маштаб рэпрэсій у Беларусі. Яно дае дакладную ацэнку сітуацыі, заснаваную на фактах, а не на суб'ектыўных адчуваннях ці здагадках. У чацвёртым дзесяцігоддзі праўлення Лукашэнкі ёсць відавочныя прыкметы таго, што пераўтварэнне Беларусі з аўтарытарнай дыктатуры ў таталітарную практычна завершана. У прыватнасці, колькасць палітвязняў павялічылася, колькасць новых крымінальных спраў супраць беларусаў, якія не згодныя з рэжымам Лукашэнкі, дасягнула максімуму за апошнія чатыры гады, 50 тысяч чалавек былі затрыманыя з пачатку выбарчай кампаніі 2020 года, больш за 1700 беларускіх некамерцыйных арганізацый былі зачынены з 2021 года — і гэта кансерватыўныя ацэнкі. Сардэчна запрашаем у рэальнасць жыцця пад дыктатурай, альтэрнатыўную рэальнасць дэмакратыі, дзе дэмакратычнае мысленне часта памірае. Дэмакратычнае мысленне не дзейнічае і не можа дзейнічаць у такой альтэрнатыўнай рэальнасці, паколькі рэальнасць дыктатуры функцыянуе па зусім іншых правілах. Правілы простыя, і асноўны прынцып — «знішчай або будзь знішчаны». І ўсе гэтыя гады Лукашэнка быў заняты тым, што знішчаў сваіх апанентаў, журналістаў, мірных пратэстоўцаў ці палітвязняў. Ён знішчае грамадзянскія правы, свабоды, грамадзянскую супольнасць і прыватны бізнэс — усё, што ўяўляе ўнутраную пагрозу. Яго агрэсія даўно выйшла за межы Беларусі. Акрамя рэпрэсій унутры краіны, рэжым Лукашэнкі не адмаўляецца і ад знешняга тэрарызму: ці то захоп грамадзянскага самалёта, ці то запуск гібрыднай міграцыйнай вайны з ЕС, ці то накіраванне шпіёнаў і дыверсантаў у суседнія еўрапейскія краіны, ці то саўдзел у вайне супраць Украіны. Знішчай або будзь знішчаны. Мы ўсе бачылі ўварванне ва Украіну з тэрыторыі Беларусі 24 лютага 2022 года. Разню ў Бучы. Больш за 800 ракетных удараў, нанесеных з тэрыторыі Беларусі . Як мінімум 3500 украінскіх дзяцей, дэпартаваных непасрэдна рэжымам Лукашэнкі. Мы бачым дапамогу, якую рэжым Лукашэнкі аказвае Расіі ў абыходзе санкцый. Мы бачым масавую перадачу зброі ў Расію. Мы бачым вытворчасць зброі для Расіі беларускім ваенна-прамысловым комплексам. І хто можа забыць пра перавозку расійскай ядзернай зброі ў Беларусь? Мы бачым напады на польскіх памежнікаў. Мы бачылі забойства польскага салдата на мяжы. Мы бачылі дыверсіі і падпалы на польскай тэрыторыі. І, прабачце за асабісты погляд, але ў канцы ліпеня я даў паказанні ў польскай пракуратуры па справе падбухторвання да забойства. Мэтай быў я, і для гэтага павінны былі выкарыстоўвацца замежныя спецслужбы. Тым не менш мы да гэтага часу бачым прапановы, што з Лукашэнкам можна аб чымсьці дамовіцца. Ці пайсці на нейкія саступкі. На жаль, некаторыя прапановы зыходзяць нават ад людзей, якія называюць сябе прадстаўнікамі дэмакратычных сіл Беларусі. Прапановы прызнаць рэжым легітымным, вярнуць еўрапейскіх амбасадараў, перагледзець санкцыі, праводзіць «гнуткую палітыку» і кампрамісы з Лукашэнкам. Прапановы могуць выглядаць так, быццам яны з паралельнай рэальнасці, але гэта рэальнасць дыктатуры Лукашэнкі, і людзі, якія іх агучваюць, фактычна заклікаюць нармалізаваць і прыняць рэжым. Нягледзячы на тое, што гэта, па сутнасці, капітуляцыя, такія прапановы часткова абапіраюцца на заходнюю пазіцыю, якая пераважна неадназначная і непаслядоўная адносна рэжыму Лукашэнкі, што ў цяперашняй форме наўрад ці можна назваць стратэгіяй. Гэтая пазіцыя, падобна, заключаецца ў тым, каб аказваць ціск на рэжым, але не занадта моцны. Увесці гандлёвыя санкцыі, але не дапусціць занадта моцнага эканамічнага шоку. Гарманізаваць санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі і Расіі за вайну — але не цалкам. Абвясціць на самым высокім узроўні неабходнасць прыцягнуць рэжым Лукашэнкі да адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці і ваенныя злачынствы — але не рэалізаваць гэта. І што бачаць такія рэжымы, як рэжым Лукашэнкі, у такой пазіцыі? Слабасць. Шанец працягваць свае злачынствы, працягваць тэрарызм, развязваць агрэсію. Бо адзіная мова, якую яны разумеюць, — гэта мова сілы. Яны не размаўляюць на іншай мове. У любыя паўмеры і спробы дыпламатыі яны бачаць праяву слабасці, прастору для манеўру і магчымасць павысіць стаўкі. І яны гэтым карыстаюцца. Мы назіраем пазіцыйныя дзеянні, тактыку рэакцыі, а не праактыўныя дзеянні. Гэта тактыка без стратэгіі. У рэшце рэшт, стратэгія прадугледжвае дакладна акрэсленыя мэты і дакладнае разуменне таго, чаго вы хочаце дасягнуць. І тактыка павінна набліжаць вас да гэтай мэты, спалучацца з гэтай стратэгіяй і актыўна спрыяць яе дасягненню. Якой павінна быць асноўная стратэгічная мэта Захаду ў адносінах да Беларусі? Я думаю, што гэта відавочна — дэмакратызацыя, а затым інтэграцыя Беларусі ў еўрапейскую супольнасць і еўрапейскую цывілізацыю. Ці магчыма гэта пры прадаўжэнні і замацаванні дыктатуры Лукашэнкі? Вядома, не. Ці магчыма дасягнуць чаго-небудзь, акрамя далейшага ўмацавання яго ўлады, палавінчатымі мерамі і саступкамі? Прызнаўшы рэжым легітымным? Зняўшы санкцыі, апраўдаўшы яго ад юрыдычнай адказнасці? Не, гэта немагчыма. Трыццацігадовае праўленне Лукашэнкі — найлепшы доказ гэтага, і аб’ектыўныя факты выразна вызначаюць траекторыю эвалюцыі рэжыму — таталітарная дыктатура, якая абараняецца суседняй імперыяй. Паўночная Карэя 2.0. Вы наўрад ці знойдзеце каго-небудзь, хто скажа, што realpolitik у дачыненні да дыктатараў, якія развязалі крывавыя войны, масавыя рэпрэсіі і генацыд, калі-небудзь была паспяховай «стратэгіяй». У сувязі з гэтым падыход realpolitik, прыхільнікі якога прапануюць кампрамісы з Лукашэнкам, ужо не проста ілюзія, самападман ідэалістычных дэмакратаў, якія лічаць, што паступовыя змены ў такой дыктатуры магчымыя і што ў ёй ёсць хоць бы зерне здаровага сэнсу і гнуткасці. Гэта зусім іншае. Гэта прызнанне права дыктатуры на існаванне. Але як толькі вы прызнаеце, што дыктатар, які жыве і кіруе па прынцыпе «знішчай або будзеш знішчаны», мае «права сілы», ён можа зрабіць толькі адзін вывад — што ён можа быць упэўнены ў сваёй уладзе і беспакаранасці. Гісторыя ведае шмат такіх прыкладаў. І вы наўрад ці знойдзеце каго-небудзь, хто скажа, што рэалпалітык у дачыненні да дыктатараў, якія развязалі крывавыя войны, масавыя рэпрэсіі і генацыд, калі-небудзь была паспяховай «стратэгіяй». І мы выразна бачым, да чаго прывёў гэты падыход у дачыненні да Лукашэнкі. Мы быццам бачым, але не хочам заўважаць. Ёсць паняцце «погляд на прыз», але калі справа даходзіць да стратэгіі ў дачыненні да Беларусі, адбываецца адваротнае. Без вызначэння і пастаноўкі мэты немагчыма перайсці ад тактыкі да стратэгіі. Чым даўжэй гэта зацягваецца, тым даўжэй беларускае пытанне застаецца крывацечнай ранай.

  • Выступленне Паўла Латушкі на цырымоніі ўручэння ўзнагароды «Салідарнасць» імя Леха Валенсы

    18 верасня 2024 года, г. Варшава Палац Красіньскіх Шаноўны Спадар Прэзідэнт Шаноўны Спадар Міністр замежных спраў Спадарыні і спадары Міністры Ваша правасхадзіцельства Паважаныя спадары і спадарыні, Прымаць гэтую высокую ўзнагароду — вялікі гонар. І вялізная адказнасць. Але я ведаю, што я не адзін, што беларусы — не адны. Бо разам з адказнасцю, мы адчуваем і вялізную падтрымку. Гэта магутная матывацыя для мяне асабіста і для ўсіх, хто змагаецца за дэмакратыю ў Беларусі. Я дзякую Капітулу ўзнагароды Салідарнасці імя Леха Валенсы, Спадару Прэзідэнту, Міністру замежных спраў Рэспублікі Польшча, Яго Эксэленцыі Радаславу Сікорскаму за Вашую ініцыятыву прысуджэння ўзнагароды беларусу. Успрымаю гэта як важны стратэгічны сігнал аб прыярытэтнасці дэмакратычных зменаў у Беларусі для знешняй палітыкі Польшчы. Дзякую сардэчна, Спадар Міністр. Дзякую кожнаму, хто змагаецца. У гэтай залі асабліва хачу падзякаваць былым кандыдатам у прэзідэнты Беларусі Аляксандру Мілінкевічу і Уладзіміру Някляеву, выбітнаму беларускаму гісторыку Уладзіміру Арлову, прадстаўніку беларускай меншасці Польшчы Яўгену Вапу, калегам і калежанкам з маёй каманды Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і прадстаўнікам дэмакратычных сілаў Беларусі, усім прысутным сёння на цырымоніі за тое, што разам падзелім гэту важную падзею.  Дзякую ўсім, хто падтрымлівае барацьбу беларусаў за свабоду і дэмакратыю. Салідарнасць — гэта неверагодная сіла. Я хацеў бы выказаць словы падтрымкі і салідарнасці з Польшчай у гэтыя цяжкія дні. З усімі палякамі, якія пацярпелі ад паводкі. Хачу таксама выказаць сваё захапленне салідарнасцю польскага народа. Нашы сэрцы з вамі. І Польшча — прыклад таго, як сіла салідарнасці мяняе ход гісторыі. Вельмі многія беларусы чэрпаюць натхненне з руху Салідарнасці Леха Валенсы. І для мяне вялікі гонар быць удастоеным узнагароды імя чалавека, які змяніў ход еўрапейскай гісторыі. Перамога польскай Салідарнасці — гэта перамога для ўсёй Еўропы. Часткай якой з'яўляецца і Беларусь . І я веру, што беларуская Салідарнасць, уздым якой мы ўсе ўбачылі ў 2020 годзе, таксама пераможа. Веру таму, што ў нас ёсць ваш прыклад і ваша падтрымка. Польшча — стратэгічны партнёр для дэмакратычнай Беларусі. Сёння — для дэмакратычных сіл і грамадства. Заўтра — для дэмакратычнай дзяржавы. І гэта заўтра настане хутчэй, чым можа здавацца. Наша агульнае заўтра. Дазвольце разпавесці адну асабістую гісторыю. Калі я быў падлеткам і вучыўся ў школе, мы жылі ў адным пакоі з маім старэйшым братам, якога, на жаль, ужо няма на гэтым свеце. І ён увесь час, кожны дзень слухаў Polskie Radio, Program Pierwszy, навіны і як зараз памятаю Magazyn Muzyczny Rytm. Я памятаю тады пачуў песню «O Magdaleno». Не ведаю, хтосьці з прысутных ці памятае гэтую песню, але чаму я пра гэта гавару. Тады, калі я бачыў, што брат купляе польскія газеты – так, у той момант можна было набыць толькі «Trybunu Ludu», гэта былі 80-ыя – але тады зарадзілася маё жаданне вывучыць мову суседняй краіны. Потым культуру, гісторыю. І прыйшло разуменне таго, наколькі глыбока мы звязаны. Што Беларусь з'яўляецца часткай еўрапейскай гісторыка-культурнай спадчыны. Пазней, ужо будучы міністрам культуры, я меў гонар ажыццяўляць аднаўленне Нясвіжскага палаца, Мірскага замка — былых рэзідэнцый Радзівілаў, помнікаў ЮНЕСКА. Падтрымаць стварэнне музея Чэслава Немана. Будучы паслом, ініцыяваць адкрыццё помніка Адаму Міцкевічу ў Мінску. Гэта тое, што знаходзіцца ў Беларусі і належыць да беларускай гісторыі і культуры. І гэта тое, што адначасова звязвае нас, беларусаў і палякаў. Гэтых прыкладаў і сувязей значна больш. Мы звязаны агульнай еўрапейскай гісторыяй. Бо Беларусь — гэта еўрапейская краіна, беларусы — гэта еўрапейскі народ. Беларусь — гэта не Расія. І наша агульная еўрапейская гісторыя павінна працягвацца. Тым важней мець стратэгічных саюзнікаў на гэтым шляху — шляху вяртання Беларусі ў еўрапейскую прастору, у еўрапейскую сям'ю. Я перакананы, што стратэгічнае партнёрства з Польшчай, з ЕС у цэлым будзе прыярытэтным для свабоднай дэмакратычнай Беларусі. Яго пачатак ужо пакладзены — Польшча ўжо з'яўляецца нашым ключавым партнёрам і саюзнікам, уклад Польшчы ў падтрымку беларускіх дэмакратычных сіл і дэмакратычных памкненняў беларусаў немагчыма пераацаніць. Мы ўдзячныя польскаму ўраду і польскаму грамадству за дапамогу, якую вы аказваеце беларусам, якія вымушаны пакідаць сваю радзіму з-за масавых рэпрэсій.  І ўсё гэта вялікі задзел на будучыню, будучыню паўнавартаснага стратэгічнага партнёрства — партнёрства на ўзроўні дзяржаў. У мяне няма сумневаў, што гэтая будучыня наступіць. Бо я, як і мільёны беларусаў, веру ў дэмакратыю. Нават тады, калі некаторыя еўрапейскія дэмакратыі ў сабе сумняваюцца. Мой пасыл такім краінам — будзьце вельмі асцярожныя ў сваіх сумневах. Менавіта з сумневаў грамадства ў дэмакратычных каштоўнасьцях нараджаюцца такія як Лукашэнка. Усумніўшыся ў дэмакратыі, вы рызыкуеце вельмі хутка апынуцца пад іх уладай. Яны забяруць у вас свабоду, правы і годнасць. На дзесяцігоддзі адкінуць вашыя краіны ў развіцці, прамяняўшы яго на залежнасць ад танных расейскіх энерганосьбітаў. Я ведаю, што вы ўжо бачыце і чуеце такія словы. Будзьце асцярожныя. Гэта прыкметы таго, што дэмакратыя ў небяспецы. Польскі народ цудоўна ведае, як складана за яе змагацца, як складана яе набыць. Беларусы, на жаль, ведаюць, як лёгка яе згубіць. І якую цану нам даводзіцца плаціць, каб яе вярнуць. Рэжым Лукашэнкі здзейсніў сотні тысяч (!) злачынстваў супраць чалавечнасці ў Беларусі, уключаючы забойствы, масавыя катаванні, згвалтаванні міліцэйскімі дубінкамі жанчын, мужчын, дзяцей, масавыя дэпартацыі. Толькі за 4 гады пасля падзей 2020-га года ён пагрузіў краіну ў стан самых масавых рэпрэсій, якіх Еўропа не бачыла апошнія 50 гадоў. Гэта перманентнае рэпрэсіўнае пекла, якое не спыняецца ні на адзін дзень. Усе справаздачы праваабаронцаў гавораць аб тым, што рэпрэсіі толькі працягваюць нарастаць. У турмах рэжыму знаходзяцца 1330 на сённяшні дзень афіцыйна прызнаных палітвязняў. Сярод іх Лаўрэат Нобелеўскай прэміі міру Алесь Бяляцкі, журналіст, актывіст польскай меншасці Анджэй Пачобут, былы кандыдат у прэзідэнты Мікалай Статкевіч, лінгвістка Наталля Дуліна, грамадска-палітычная дзяячка Марыя Калеснікава. Для таго, каб пералічыць усіх спатрэбяцца гадзіны… І гэта толькі сітуацыя ўнутры Беларусі. Але рэжым у сваіх злачынствах выйшаў далёка за яе межы. Польшча адчувае гэта на сабе. Дыверсіі. Шпіянаж. Інфармацыйная вайна і кібератакі. Рэпрэсіі польскай нацыянальнай меншасці. Міграцыйны крызіс, які працягваецца з 2021 года і які ўжо пацягнуў за сабой ахвяры з боку польскіх вайскоўцаў. Кроў забітага польскага салдата, Матэвуша Сітэка — на руках Лукашэнкі. Назавем рэчы сваімі імёнамі — рэжым Лукашэнкі вядзе сапраўдную гібрыдную вайну супраць Польшчы, Літвы, Латвіі, супраць Еўрапейскага саюза. І ён пачаў разбураць сістэму рэгіянальнай бяспекі задоўга да лютага 2022 года. А што адбылося далей? Акт агрэсіі. Так, менавіта так у тлумачэнні міжнароднага права называецца прадастаўленне рэжымам Лукашэнкі тэрыторыі і інфраструктуры для поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. Разня ў Кіеўскай вобласці, уся гэтая кроў - на руках рэжыму Лукашэнкі. Больш за 800 ракетных удараў па Украіне з тэрыторыі Беларусі — на руках рэжыму Лукашэнкі. Перадача і вытворчасць зброі, аказанне Расіі дапамогі ў абыходзе санкцый, арганізацыя ваеннага злачынства: незаконнай дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей у Беларусь - гэта тое, што робіць рэжым Лукашэнкі да гэтага часу. Хтосьці скажа вам — «не ўсё так адназначна». А нехта пойдзе далей і скажа, што ставіцца да ўсяго гэтага трэба «прагматычна». Бо нібыта такая Realpolitik. Але хіба нехта з прысутных рэальна гатовы пагадзіцца з тым, што ў XXI стагоддзі, у Еўропе будуецца таталітарная дыктатура, ідуць масавыя рэпрэсіі, здзяйсняюцца масавыя злачынствы супраць чалавечнасці, ваенныя злачынствы? Упэўнены, што не ўбачу ў зале паднятых рук. А значыць сёння, з гэтай залі Лукашэнка павінен атрымаць пасланне: Дыктатар, ты хочаш перагарнуць старонку? Не. Твая кніга ўжо скончылася. Сёння бандыт знаходзіцца ва ўладзе ў Беларусі. Учыняе 3 з 4 самых сур'ёзных міжнародных злачынстваў. Доказаў злачынстваў Лукашэнкі — цэлыя тамы. Але інструменты ў руках нашых партнёраў у дэмакратычных краінах. Я заклікаю задзейнічаць іх. Лукашэнка павінен быць аб'яўлены ў міжнародны крымінальны вышук. Адказнасць павінна наступіць. Трэба вярнуць веру беларусаў у справядлівасць, у эфектыўнасць дэмакратыі. Гавораць, што суседзяў не выбіраюць. Але ж гэта не зусім так. У Аб'яднанай Еўропы ёсць гэтая магчымасць — абраць. Абраць, з якой Беларуссю вы будзеце жыць па суседстве. Я звяртаюся да нашых еўрапейскіх партнёраў. Калі б сёння ў Мінску быў бы дэмакратычны ўрад, то поўнамаштабнай вайны Расіі супраць Украіны магло б не быць. Калі сёння купіць хлусню Лукашэнкі і пакінуць беларусаў адных у барацьбе з ягоным рэжымам, то вайна можа прыйсці ў Еўрапейскі саюз. Рэжым Лукашэнкі — гэта перманентная пагроза для еўрапейскай бяспекі. Гэта факт. Але ключ да бяспекі ў Еўропе — таксама ляжыць у Беларусі. У дэмакратычнай Беларусі. Большасць беларусаў не падтрымлівае вайну і не падтрымлівае Лукашэнку. Патэнцыял дэмакратычных перамен у Беларусі, патэнцыял беларускага грамадства — значна вышэйшы, чым у той жа Расіі. І мы разумеем, што будучыня Беларусі ў руках беларускага народа. У пачатку выступу я сказаў: прымаць гэтую ўзнагароду — вялікі гонар. Але гэта і вялізная адказнасць. Я ўдзячны за тое, што беларусам ёсць, з кім яе падзяліць. Бо наша агульная гісторыя — гэта наша агульная адказнасць. Мы пішам яе разам. Гісторыю будучыні — незалежнай, дэмакратычнай і еўрапейскай Беларусі. Я прысвячаю гэтую ўзнагароду майму бацьку Паўлу і старэйшаму брату Андрэю Латушку, якія да апошняга дня свайго жыцця змагаліся за свабодную Беларусь. Майму стрыечнаму брату Анатолю Латушку, палітычнаму зняволенаму. Я абавязаны перад імі працягваць барацьбу. І давесці яе да перамогі. Жыве Беларусь!

  • Літва працягне ўзмацняць ціск на рэжым Лукашэнкі

    Днямі намеснік кіраўніцы Кабінета, кіраўнік НАУ Павел Латушка правёў двухбаковую сустрэчу з намеснікам міністра замежных спраў Літвы Сімонасам Шатунасам. « Мы будзем працягваць узаемадзейнічаць з урадам Літвы для ўзмацнення санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі да таго часу, пакуль рэжым не спыніць рэпрэсіі, не вызваліць усіх палітычных зняволеных, не спыніць міграцыйную вайну на мяжы з Еўрапейскім саюзам і не спыніць падтрымку Расіі ў яе агрэсіі супраць Украіны », —  адзначыў Павел Латушка па выніках сустрэчы. Павел Латушка падрабязна праінфармаваў намесніка міністра пра: галоўную мэту працы Народнага антыкрызіснага ўпраўлення: выкарыстоўваючы існуючыя міжнародна-прававыя механізмы, прыцягнуць дыктатара Лукашэнку і яго памагатых да адказнасці за злачынствы супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларускага народа і іншыя міжнародныя злачынствы; адсутнасць ўмоў для правядзення канкурэнтных і празрыстых выбараў у Беларусі ў 2025 годзе. Сіманас Шатунас зазначыў, што калі так званыя «выбары» ў Беларусі пройдуць у такім жа ключы, як і праходзіць падрыхтоўка да іх, рэжым Лукашэнкі можа чакаць наступны этап санкцый. У сувязі з тым, што Сіманас Шатунас адказвае ў МЗС Літвы за санкцыйную палітыку, асаблівая ўвага на сустрэчы была нададзеная пытанням санкцый. Павел Латушка падкрэсліў, што існуючыя «шчыліны» паміж двума дыктатарскімі рэжымамі дазваляюць Лукашэнку атрымліваць прадукцыю, неабходную для падтрымкі расійскай агрэсіі ва Украіне . Таксама абмяркоўвалася пытанне ўзмоцненага кантролю за выкананнем ужо ўведзеных санкцый і неабходнасці комплекснага падыходу да гэтага пытання, каб прадухіліць абыход санкцыйных абмежаванняў. Сіманас Шатунас зазначыў, што выступае за далейшую гарманізацыю санкцый супраць рэжыму Лукашэнкі і Расіі. Павел Латушка звярнуў асаблівую ўвагу намесніка міністра замежных спраў Літвы на рэпрэсіі, якія працягваюцца ў Беларусі. Кожны дзень рэжым працягвае палітычна матываваны пераслед. Штомесяц дзясяткі новых палітзняволеных трапляюць у турмы. Працягваюцца арышты беларусаў, якія вяртаюцца з-за мяжы. Пад рэпрэсіі трапляюць і тыя, хто аказвае дапамогу палітзняволеным. У сувязі з тым, што камандай НАУ быў накіраваны запыт міністру фінансаў Літвы наконт аўтамабіляў беларусаў, якія «захраслі» ў порце Клайпеды, намеснік міністра прадставіў пазіцыю літоўскага боку па гэтай праблеме. Таксама было закранута пытанне забароны на ўезд аўтамабіляў з беларускай рэгістрацыяй на тэрыторыю Літвы. «Прадметны дыялог з намеснікам міністра замежных спраў Літвы дэманструе супадзенне пазіцый Аб'яднанага Пераходнага Кабінета і Міністэрства замежных спраў Літвы па прынцыповых пытаннях далейшай палітыкі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. Падчас сустрэчы была адзначана не толькі важнасць санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі, але і неабходнасць міжнароднага супрацоўніцтва ў пытаннях абароны правоў чалавека і дэмакратычных прынцыпаў, а таксама неабходнасць падзелу паміж рэжымам Лукашэнкі і беларусамі, якія выступаюць супраць вайны і дыктатуры»,  — адзначыў Павел Латушка.

  • Вяршэнства права — прыярытэт знешняй палітыкі Швецыі

    У межах серыі кансультацый з замежнымі дыпламатамі, акрэдытаванымі ў Варшаве, адбылася сустрэча намесніка кіраўніцы Кабінета Паўла Латушкі з амбасадарам Швецыі Андрэасам фон Бекератам  па ініцыятыве кіраўніка дыпмісіі Швецыі. Падчас сустрэчы было адзначана, што Швецыя ў дачыненні да рэжыму ў Беларусі будзе зыходзіць з прынцыпу вяршэнства права (the rule of law). У сустрэчы таксама прымала ўдзел спікерка Каардынацыйнай Рады Анжаліка Мельнікава . Павел Латушка прадставіў шведскаму боку інфармацыю аб запланаваных рэжымам «бязвыбарах», працягу і ўзмацненні рэпрэсій супраць беларусаў, падтрымцы Лукашэнкам расійскай агрэсіі супраць Украіны, а таксама аб ролі дэмакратычных інстытутаў і адзінстве большасці прадстаўнікоў дэмсіл Беларусі, якое было падкрэслена падчас канферэнцыі «Новая Беларусь» у Вільні. Асобна Павел Латушка спыніўся на прыярытэтах знешнепалітычнай стратэгіі дэмакратычных інстытутаў і стратэгіі прыцягнення да міжнароднай адказнасці прадстаўнікоў рэжыму за злачынствы супраць чалавечнасці і ваенныя злачынствы. Амбасадар Швецыі таксама быў праінфармаваны аб міжнароднай канферэнцыі «Прыцягненне да адказнасці за злачынствы і парушэнні правоў чалавека ў Беларусі», якая адбудзецца 13 верасня ў Вільні. Амбасадар запэўніў, што Швецыя і далей будзе праводзіць праактыўную палітыку па падтрымцы дэмакратычных сіл Беларусі, і гэты падыход не зменіцца з улікам прызначэння новай кіраўніцы Міністэрства замежных спраў Швецыі Марыі Мальмер Стэнергард . Спікерка Каардынацыйнай Рады  Анжаліка Мельнікава  падняла пытанне аб міграцыйнай палітыцы Швецыі і магчымых кроках, каб палепшыць сітуацыю з наданнем статусу міжнароднай аховы беларускім уцекачам. Спікерка адзначыла, што гэта адзін з найважнейшых трэкаў, якім займаецца сёння Народная амбасада ў Стакгольме і міжнародная камісія Каардынацыйнай Рады.  Анжаліка Мельнікава падкрэсліла, што Каардынацыйная Рада зацікаўлена ў пашырэнні супрацоўніцтва з парламентам Швецыі, у тым ліку з групай за свабодную і дэмакратычную Беларусь і камітэтам па замежных справах, у цесным супрацоўніцтве з Аб’яднаным Пераходным Кабінетам, Офісам Святланы Ціханоўскай і Народнай амбасадай у Стакгольме.

  • «Несціхаючыя галасы»

    Выстава пра ролю жанчын у барацьбе за дэмакратычную Беларусь Тэзiсы намесніка Кіраўніка Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўніка Народнага Антыкрызіснага Упраўлення Па ўла Латушкi на адкрыццё выставы  «Несціхаючыя галасы»  Музей Вольнай Беларусі 6 верасня 2024 года  Вітаю вас, шаноўнае спадарства, на пляцоўцы Народнага антыкрызіснага ўпраўлення — у Музеі Вольнай Беларусі.  Сёння мы адкрываем выставу прысвечаную надзвычайнай ролі, якую жанчыны адыгралі і працягваюць адыгрываць ў сучаснай палітычнай гісторыі Беларусі , у яе імкненні да дэмакратыі, да незалежнасці, да свабоды.  Грамадска-палітычныя падзеі ў Беларусі ў 2020 годзе называюць Рэвалюцыяй годнасці , і ў гэтых падзеях беларускія жанчыны прадэманстравалі ўсяму свету сваю моц і адвагу, сваю нязломнасць і … сваю прыгажосць . Яны ўпэўнілі нас у тым, што дабро абавязкова пераможа зло, нават перад тварам рэпрэсій.  Тысячы жанчын, якія актыўна ўдзельнічалі ў пратэстах, сутыкнуліся з пераследам, многія з іх былі вымушаныя эміграваць, іншыя знаходзяцца ў зняволенні. Але яны працягваюць мець велізарны ўплыў на нашу агульную барацьбу за свабоду. І я сапраўды ганаруся тым, што працую побач з iмi.  Сёння не магу не нагадаць пра драматычны лёс Марыі Калеснікавай, Паліны Шарэнды-Панасюк, Марфы Рабковай, Насты Лойка, Кацярыны Андрэевай і  сотняў іншых жанчын, якія знаходзяцца за кратамі ў жахлівых, нечалавечых умовах. Карыстаючыся нагодай, зноў звяртаюся да дыпламатаў, да прадстаўнікоў Урада Польшчы — нам трэба зрабіць усё магчымае для вызвалення беларускіх палітвязынак.  Мне перадалі просьбу (і ніцыятыва «Палітвязынка» ) асабліва сказаць сёння аб Марыі Калеснікавай , адной з лідарак дэмакратычнага руху, якую проста забіваюць у беларускай турме, ствараючы невыносныя ўмовы існавання. Яна гераiня для ўсіх нас i яе свабода — наша агульная задача.  Таксама я хачу агучыць вытрымкі са звароту, які некалькі дзён таму напісаў ў сацсетках Андрэй Шарэнда — муж палітзняволенай Паліны Шарэнды-Панасюк:  «Паліна памірае ў турме. Стан яе здароўя рэзка пагоршыўся. Сёння прыйшлі дзве цяжкія навіны. Па- першае — стала вядома аб рэзкім пагаршэнні стану здароўя Паліны. Яна пакутуе ад рэзкіх боляў збоку жывата, якія аддаюць у спіне. Патрэбную медыцынскую дапамогу Паліне не аказваюць, даюць толькі абязбольваючыя. Мы дагэтуль не ведаем нічога аб стане здароўя Паліны. Нам вядомы толькі яе дыягназ — хранічны панкрэатыт. Гэта вельмі цяжкая хвароба, якая патрабуе строгай дыеты і сталага кантролю лекараў. Ва ўмовах, якіх утрымліваюць Паліну, гэта проста адтэрмінаваны смяротны прысуд» ….  «Паліну трэба ратаваць! Яе жыццё сапраўды ў небяспецы».  Палітвязні — наша годнасць і нашае сумленне, якое не дае нам апускаць рухі каб змагацца за іх хутчэйшае вызваленне, а таксама за вызваленне Беларусі.  Я хачу выказаць падзяку усім, хто спрычыніўся да стварэння гэтай выставы — (нажаль,у мэтах бяспекі мяне прасілі не называюць імёны куратаркі выставы і яе дызайнера), Музею Вольнай Беларусі, яго валанцёрам. Вялікі дзякуй цудоўнай вядучай — Народнай артыстке Беларусі, акторке Купалаўскага тэатру Зое Белахвосцік.  Мы ўдзячны ўсім аўтаркам фотадакументаў і ўладальніцам экспанатаў, якія былі перададзены ў фонд музея.  Выстава з'яўляецца часткай больш грунтоўнага праекта Музея Вольнай Беларусі «Несціхаючыя галасы. Пашырэнне правоў і магчымасцей жанчын у беларускай дэмакратыі» , мэта якога — збор, дакументаванне і захаванне калектыўнай памяці беларусаў.

bottom of page