top of page

Пошук па сайце

Search this site

1023 results found with an empty search

  • Стыхія агаліла дэградацыю рэжыму Лукашэнкі

    Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол Ва ўсякай бяды і трагедыі ёсць канкрэтныя прычыны. Шматлікія разбурэнні і пашкоджанні інфраструктуры населеных пунктаў 14 ліпеня, у тым ліку парушанае электразабеспячэнне большай часткі паўднёвага захаду Гомельскай вобласці, вядома ж, адбыліся па прычыне прыроднай стыхіі, якая абрынулася. Аднак немагчымасць аператыўнага аднаўлення пашкоджанага электразабеспячэння, а адпаведна нармалізацыі жыццёва важных патрэбаў людзей, адбылася менавіта з прычыны дазволу асабіста ад Лукашэнкі на ўварванне расійскіх войскаў ва Украіну з тэрыторыі Беларусі. На першы погляд здаецца, якая тут сувязь? Адказ — самая прамая. На Мазыршчыне электразабеспячэнне да моманту ўварвання ва Украіну магло ажыццяўляцца як па лініі электраперадач з тэрыторыі Беларусі, так і па лініі электраперадач з тэрыторыі Украіны. Напрыклад, электрасетка Мазыра з Гомелем была закальцаваная праз тэрыторыю Украіны. Пасля расійскай агрэсіі Расіі супраць Украіны з тэрыторыі Беларусі лінію «Гомель — Чарнігаў» украінскія ўлады, па зразумелых прычынах, адключылі. Таму закальцоўкі ў Гомельскай вобласці фактычна няма, а адпаведна няма і абавязковай у такіх выпадках альтэрнатывы. У сваю чаргу лінія электраперадач на тэрыторыі краіны была абясточаная з-за абрынутай апоры ЛЭП. Таму мясцовым жыхарам і арганізацыям давялося чакаць, пакуль яе адновяць. Але энергетыкі сваімі сіламі гэта зрабіць не могуць — патрэбна спецыялізаваная арганізацыя. Яе ў тэрміновым парадку выклікалі, аднак праз бюракратыю паўдня не дапускалі да працы, бо ні ў кога не хапіла смеласці заплюшчыць вочы на шматлікія інструкцыі і ўзгадненні, каб хутчэй даць допуск да працы і як мага хутчэй прыступіць да ліквідацыі наступстваў аварыі. Кожны дзень прапаганда Лукашэнкі паўтарае беларусам, што без моцнай рукі, без жорсткай улады немагчыма мабілізаваць грамадства і дзяржаву для вырашэння важных, патрабуючых маментальнага адказу праблем. Але практыка паказвае адваротнае. Вось ужо некалькі дзён у выніку стыхіі, якая абрынулася ў мінулую нядзелю на Беларусь, некалькі буйных гарадоў Гомельскай вобласці знаходзіліся без святла, вады, паліва і прадуктаў харчавання. У ваюючай Украіне, пад ударамі дронаў і ракет, электразабеспячэнне аднаўляецца на працягу сутак, а ў мірнай Беларусі пры дыктатуры Лукашэнкі святло не могуць даць людзям статысячнага Мазыра больш за два дні. І гэта пры тым, што кантроль за вырашэннем праблемы ўзяў на сябе сам дыктатар. Кантроль узяў, але дапамогу не аказаў. Людзі засталіся прадастаўлены самі сабе.

  • Аб’яднаны пераходны кабінет абмяркоўвае планы на 2025 год

    Стратэгія дзеянняў на 2025 год, стаўленне да будучых прэзідэнцкіх выбараў, падрыхтоўка да канферэнцыі «Новая Беларусь», падтрымка незалежных СМІ абмяркоўваецца 15 ліпеня ў Варшаве на пасяджэнні Аб’яднанага пераходнага кабінета (АПК). У сустрэчы бяруць удзел кіраўніца АПК Святлана Ціханоўская і прадстаўнікі — Павел Латушка (па транзіце ўлады) разам з намеснікамі Арцёмам Праскаловічам і Арцёмам Бруханам; Валерый Сахашчык (па абароне і нацыянальнай бяспецы); Аліна Коўшык (па нацыянальным адраджэнні) і яе намеснік Павел Баркоўскі; Вольга Гарбунова (па сацыяльнай палітыцы); Уладзімір Астапенка (па замежных справах, выканаўца абавязкаў), а таксама кіраўнік апарата кабінета Валерый Мацкевіч. Паводле інфармацыі АПК, падчас візіту дэмакратычнага лідара ў Польшчу «запланаваныя сустрэчы з дзеячамі культуры, прадстаўнікамі беларускага бізнесу, дыпламатамі, былымі палітвязнямі, прадстаўнікамі ініцыятыў гуманітарнай дапамогі ўцекачам», а таксама чыноўнікамі польскага Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі. Ціханоўская падзякавала польскім уладам «за рашучасць, асабліва ў справе вызвалення палітзняволеных». Дэмсілы, заявіла яна, вітаюць вызваленне ў Беларусі «некалькіх палітвязняў, у прыватнасці Рыгора Кастусёва», і дамагаюцца, каб «былі вызваленыя ўсе, у першую чаргу тыя, хто знаходзіцца ў крытычным стане па здароўі». Палітык выказала надзею, што па выніках сустрэчы ў МУС Польшчы працягне дзейнічаць рабочая група па пытаннях легалізацыі беларусаў і знойдуцца «разумныя рашэнні, каб беларусаў не абмяжоўвалі пры перасячэнні мяжы, а ўсе санкцыі былі накіраваныя найперш на рэжым Лукашэнкі, а не на простых грамадзян Беларусі». Сярод іншага з прадстаўнікамі польскіх уладаў плануецца абмеркаваць выдачу беларусам віз, спрашчэнне ўмоў для адкрыцця банкаўскіх рахункаў.

  • Чаму Латвія забараніла ўезд легкавых аўтамабіляў на беларускіх нумарах?

    Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол Рэжым Лукашэнкі стварае для Латвіі і ЕС рэальныя пагрозы, уключаючы гібрыдную агрэсію праз стварэнне штучнага міграцыйнага крызісу на мяжы, а таксама іншыя варожыя дзеянні, у тым ліку павелічэнне вайсковай пагрозы, дыверсійную і прапагандысцкую дзейнасць, якая праводзіцца рэжымам супраць латвійскага грамадства і дзяржавы. Таксама важна адзначыць, што распаўсюджаныя выпадкі, калі грамадзяне Расіі ў мэтах абыходу ўведзеных абмежаванняў выкарыстоўвалі аўтамабілі на беларускіх нумарах для перасячэння мяжы з Латвіяй. Мы цалкам падтрымліваем прыпыненне транзіту тавараў, прызначаных для гандлю, праз мяжу ЕС-Беларусь, каб абмежаваць рух грузавога транспарту і спыніць абыход санкцый, які дазваляе рэжыму Лукашэнкі дыверсіфікаваць крыніцы даходу для дапамогі агрэсару і спрыяе прадаўжэнню агрэсіўнай вайны. Мы толькі што былі сведкамі таго, што такія меры з'яўляюцца эфектыўным сродкам ціску на рэжым Лукашэнкі. Аднак мы ў чарговы раз даводзім нашу пазіцыю аб немэтазгоднасці абмежавання мабільнасці і перамяшчэння людзей. Важна захаваць кантакты паміж супольнасцю выгнаных са сваёй краіны беларусаў і тымі, хто застаўся ўнутры Беларусі. Перабоі ў пасажырапатоку будуць выкарыстоўвацца ў прапагандысцкіх мэтах, каб падарваць палітыку ЕС у дачыненні да Беларусі, малюючы Еўропу, якая ізалюе Беларусь, а не рэжым Лукашэнкі. НАУ лічыць, што неабходна дэманстраваць людзям, што абмежаванні накіраваны не супраць іх, а супраць злачыннага рэжыму. Таксама лічым неабходным даць магчымасць тым, хто хаваецца на тэрыторыі ЕС ад рэжыму Лукашэнкі, у ільготным парадку перарэгістраваць свае транспартныя сродкі. Мы заклікаем урад Латвіі перагледзець гэтае рашэнне ў кантэксце абмежавальных мер, якія ўжываюцца непасрэдна да грамадзян Беларусі. Таксама мы звяртаемся да ўладаў Польшчы і Літвы ўстрымацца ад падобных захадаў, якія ў першую чаргу закранаюць беларускае грамадства, а не рэжым Лукашэнкі. Сёння намеснік міністра ўнутраных спраў Польшчы Мацей Душчык падчас сустрэчы з Аб'яднаным Пераходным Кабінетам пракаментаваў сітуацыю, якая склалася з тым, што Польшча ў бягучы момант не валодае інфармацыяй аб такіх падыходах і рашэнняў такіх не прымала. Але ў выпадку, калі будуць разглядацца такія пытанні, польскі бок будзе прыкладаць намаганні, каб падзяляць рэжым і беларусаў, і гатовы загадзя праінфармаваць аб прыняцці такіх рашэнняў.

  • Марыць і Дзейнічаць

    Павел Латушка на Фестывалі «TUTAKA» «Чалавек жыве, пакуль марыць. Я думаю, тут сабраліся ўсе беларусы, якія мараць. Мараць пра галоўнае — вярнуць сабе Беларусь. Я вельмі мару пра тое, што вярнуся ў Беларусь. Але марыць недастаткова. Важна рабіць! Кожнага дня!», — сказаў Павел Латушка намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінету і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення падчас адкрыцця фестываля «TUTAKA» на Падляшшы. З 12 па 14 ліпеня непадалёк ад Беластока прайшоў фестываль «TUTAKA», які ўжо не першы год збірае беларусаў з усёй Еўропы на мяжы Польшчы з Беларуссю. І сёлета «TUTAKA» сабрала ў адным месцы тое, што ўяўляе сабой сёння незалежная беларуская культура. Фестываль «TUTAKA» не толькі паказаў багацце і разнастайнасць сучаснай незалежнай беларускай культуры, але і стаў важнай падзеяй для ўсіх, хто імкнецца захаваць і развіваць яе ва ўмовах вымушанай эміграцыі. «Я цешуся з таго факту, што сёння сабраліся таксама беларуская меншасць у Польшчы і беларуская дыяспара. На жаль, беларуская дыяспара з таго факту, што нас дэпартавалі з нашай краіны, але важна, што мы разам. Бо калі мы разам — мы сіла»,  —  заявіў Павел Латушка ў сваім звароце да ўдзельнікаў фестывалю. Гэты фестываль стаў сапраўдным святам для ўсіх, хто цэніць і падтрымлівае беларускія традыцыі, мастацтва і музыку. На працягу трох дзён госці маглі атрымліваць асалоду ад разнастайнай праграмы, якая ўключала канцэрты беларускіх выканаўцаў, тэатральныя пастаноўкі, літаратурныя чытанні і выстаўкі сучасных мастакоў. Акрамя забаўляльнай праграмы фестывалю важнай часткай сталі таксама дыскусійныя пляцоўкі, у адной з якіх прыняў удзел Павел Латушка. На панэлі «Выбары ў Беларусі 2025. Што рабіць далей?» абмяркоўваліся падыходы да выбарчай кампаніі ў Беларусі ў наступным годзе. Таксама разам з прэзідэнткай-элект Святланай Ціханоўскай Павел Латушка сустрэўся з пасламі і прадстаўнікамі Польшчы, Францыі, Швецыі, Канады, Нідэрландаў, ЗША, Латвіі, якія падтрымліваюць беларусаў, і кіраўнікамі Падляшскага ваяводства. Абмеркаваны новыя крокі, якія могуць быць зроблены нашымі партнёрамі для далейшай падтрымкі беларускага народа і ўзмацнення ціску на рэжым. Такія фестывалі, як «TUTAKА». Вялікая грамада беларусаў. Беларуская культура. Гэта сапраўды натхняе. Скончыў свой выступ Павел Латушка  такімі словамі: «На жаль, навала расейская пануе на нашай зямлі. На жаль, жудасны рэжым яшчэ існуе на нашай зямлі. Але гэта жудасная рэч знікне. Знікне не сама сабой. Яна знікне толькі тады, калі мы будзем разам, будзем моцныя, бузем сільныя. Нельга здавацца. Трэба верыць, марыць, жыць. Бо жыве наша родная Беларусь! Жыве Беларусь!»

  • Беларусь на парадку дня падчас старшынства Польшчы ў ЕС

    Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол Падтрымка незалежных сродкаў масавай інфармацыі, у тым ліку тэлеканала «Белсат», а таксама стратэгія па сітуацыі ў Беларусі падчас старшынства Польшчы ў ЕС — галоўныя тэмы абмеркавання падчас сустрэчы намесніка кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі з прадстаўнікамі Міністэрства замежных спраў Польшчы. Учора адбылася сустрэча з упаўнаважаным міністра замежных спраў Польшчы па супрацьдзеянні міжнароднай дэзінфармацыі, амбасадарам Томашам Хлонем, сёння — сустрэча з намеснікам міністра замежных спраў Польшчы Марэкам Праўдай. Падтрымка і захаванне самастойнасці тэлеканала «Белсат» — прыярытэтна для беларускага дэмакратычнага грамадства. Павел Латушка адзначыў, што тэлеканал «Белсат» робіць значны ўнёсак у супрацьдзеянне прапагандзе рэжыму Лукашэнкі, данясенне да беларусаў аб’ектыўнай, праўдзівай і сумленнай інфармацыі пра бягучыя падзеі, пашырэнне выкарыстання беларускай мовы, супраць якой змагаецца рэжым Лукашэнкі. Падчас сустрэчы з намеснікам міністра замежных спраў Польшчы Марэкам Праўдай абмеркавана важнасць стратэгіі па Беларусі, асаблівая роля ў якой належыць Польшчы. Польшча гістарычна і культурна звязана з Беларуссю і беларускім народам, з’яўляецца краінай-суседкай Беларусі, мае сумесную мяжу. Разам з тым дзеянні рэжыму Лукашэнкі ствараюць пагрозы для нацыянальнай бяспекі Польшчы, для бяспекі ўсяго рэгіёна. Як для беларускага грамадства, так і для суседніх краін важна, каб Беларусь была незалежнай, дэмакратычнай і еўрапейскай краінай, якая не будзе з’яўляцца донарам нестабільнасці ў рэгіёне. Павел Латушка адзначыў: «Важна рабіць усё, каб не пераўтварыць Беларусь у Паўночную Карэю, каб не закрываліся межы, каб беларусы маглі камунікаваць з ЕС. Так, на жаль, ідзе вайна. Тое, што мы бачым сёння, тыя праблемы, якія ўзнікаюць для нас, для беларусаў, звязаныя з тым, што агрэсію супраць Украіны падтрымлівае рэжым Лукашэнкі. Віна за сітуацыю, якая складваецца сёння, у тым ліку на межах Беларусі — на баку асабіста Лукашэнкі і яго памагатых — менавіта яны падтрымліваюць агрэсію супраць Украіны і менавіта яны займаюцца рэпрэсіямі ўнутры краіны». Падчас сустрэчы абмеркавана будучае старшынства Польшчы ў Еўрапейскім саюзе, якое наступае з 1 студзеня 2025 года. Адно з першых дзеянняў падчас старшынства Польшчы ў ЕС — правядзенне Канферэнцыя імя Тадэвуша Касцюшкі, якая адбудзецца ў пачатку наступнага года ў Еўрапейскім цэнтры Салідарнасці ў Гданьску. На канферэнцыю будуць запрошаныя прадстаўнікі ўсіх краін-членаў ЕС. Як плануецца, гэтая канферэнцыя будзе адной з галоўных падзей падчас старшынства Польшчы ў ЕС. «Важна, каб падчас гэтай канферэнцыі былі выпрацаваны рашэнні, накіраваныя на тое, каб паскорыць змены ў Беларусі. Змены, за якія працягваюць змагацца беларусы», — адзначыў Павел Латушка.

  • Лукашэнка зробіць лекараў кітайскімі знахарамі?

    Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол Чаму рэжым Лукашэнкі дагэтуль рэпрэсуе медыкаў і зніжае ўзровень медыцынскага абслугоўвання насельніцтва да базавага ўзроўню? Медыцынская супольнасць Беларусі ў 2020 годзе сутыкнулася з беспрэцэдэнтным ціскам. Медыкі аднымі з першых праявілі сваю грамадзянскую пазіцыю. Яны аказвалі дапамогу параненым і пацярпелым на вуліцах і ў бальніцах, патрабавалі допуску лекараў да затрыманых у ізалятары. Адкрыта пратэставалі супраць гвалту над мірнымі жыхарамі краіны. У выніку многія з іх былі звольненыя і заключаныя ў турму, а некаторыя вымушаныя былі пакінуць краіну. Па дадзеных Фонду медыцынскай салідарнасці, Белых халатаў і ZUBR са жніўня 2020 года 248 медработнікаў падвергліся затрыманню і пазбаўленню волі. Гэта далёка не поўныя дадзеныя, але нават па іх можна сказаць, што ў краіне параўнальна персанал вельмі вялікай клінікі паспеў пабываць у турмах і РАУС. Акрамя затрымання існуюць іншыя метады рэпрэсій — такія як запалохванні, шантаж, звальненні паводле «чорных спісаў», прымус да ўступлення ў праўладны прафсаюз і іншыя. На сённяшні дзень можна сказаць, што рэпрэсіі ў ахове здароўя перманентыя і татальныя, у тым ці іншым выглядзе іх адчуў на сабе практычна кожны медыцынскі работнік. Атрымліваецца, што медык, які па сутнасці сваёй прафесіі з'яўляецца выратавальнікам і, натуральна, які выступае супраць забойстваў і гвалту — гэта вораг дзяржавы? Вядома ж, гэта абсурд. Але прынцып дыктатара «часам не да законаў» у дачыненні да медыкаў трансфармаваўся ў прынцып «лячы таго, каго дазваляем». І гэта пры тым, што на ліпень 2024 года ў банку вакансій не хапае 4943 урача-спецыяліста і 4165 медыцынскіх сясцёр. Недахоп медыкаў павялічваецца з кожным месяцам. Усё становіцца горш, але гэтага Лукашэнка спрабуе не заўважаць і часова спусціць на тармазах. Чаму часова? Ды таму што на падыходзе ўжо сумніўная для насельніцтва Беларусі, але жаданая для сям'і Лукашэнкі, «медыцынская дапамога ад кітайскай народнай медыцыны». Замест прафесійнай медыцынскай дапамогі Лукашэнка плануе прымусіць беларусаў лячыцца народнымі метадамі і сродкамі з Кітая.

  • Рэжым спрачаецца з ААН

    «Гэта спроба зняпраўдзіць афіцыйнае камюніке прэс-службы генеральнага сакратара Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, у якім чорным па белым напісаныя ўсе прэтэнзіі да рэжыму Лукашэнкі», — адзначыў намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка ў інтэрв'ю тэлеканалу «Белсат», каментуючы выказванні новапрызначанага кіраўніка міністэрства замежных спраў Лукашэнкі Максіма Рыжанкова па перамовах Лукашэнкі з генеральным сакратаром ААН Антонью Гутэрышам. Падчас саміту ШАС у Астане Лукашэнка правёў перамовы з генеральным сакратаром ААН Антонью Гутэрышам. У прэс-рэлізе ААН адзначана, што падчас сустрэчы генеральны сакратар «выказаў занепакоенасць сітуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі», а таксама заявіў «аб неабходнасці спыніць вайну ва Украіне на падставе прынцыпаў Статуту ААН, міжнароднага права і павагі да тэрытарыяльнай цэласнасці». Новапрызначаны міністр замежных спраў Лукашэнкі вырашыў пракаментаваць афіцыйную заяву прэс-службы ААН. Рыжанкоў заявіў, што практычна ўся сустрэча была прысвечаная дзейнасці ААН у Беларусі, а не правам чалавека, як «хтосьці там напісаў, што нібыта нас у чымсьці хтосьці папракаў і пра нейкія правы чалавека». Павел Латушка адзначыў, што нават перад самым самітам ШАС, 3 ліпеня, у Радзе правоў чалавека ААН была прадстаўленая справаздача пра сітуацыю з правамі чалавека ў Беларусі: «Не ведаць пра тое, што ў Радзе правоў чалавека разглядаўся кейс Беларусі, калі ўсе спікеры ад імя сваіх краін, аб’яднанняў ці арганізацый у той ці іншай форме асудзілі парушэнне правоў чалавека ў Беларусі, паспрабаваць зняпраўдзіць афіцыйнае камюніке прэс-службы генеральнага сакратара Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, у якім чорным па белым напісаныя ўсе прэтэнзіі да рэжыму Лукашэнкі — гэта першы дыпламатычны пракол Рыжанкова». Кіраўнік НАУ таксама назваў надзвычайнай рэдкасцю ў дыпламатычнай працы тое, калі паведамляецца, які бок ініцыяваў сустрэчу: «У прэс-рэлізе прэс-службы ААН указана, што менавіта Лукашэнка сам напрасіўся на сустрэчу, калі ні сказаць наўпрост — нарваўся». Рыжанкоў сваім каментаром, накіраваным перш за ўсё для ўнутранай аўдыторыі, спрабуе «аспрэчыць бясспрэчнае». Але забыў пра тое, што словы міністраў замежных справаў звяртаюць на сябе ўвагу за мяжой. Поўная версія інтэрв'ю на сайце тэлеканала «Белсат»

  • Жанчын у турмах рэжыму Лукашэнкі змяшчаюць у клеткі!

    Гэта клетка ў літаральным сэнсе гэтага слова. Яе памер складае каля 1,5 метра ў даўжыню і 2 метра ў шырыню. Яна нагадвае прастакутную клетку з металічнымі прутамі. У ёй няма ні крэсла, ні нават лаўкі. Адміністрацыя турмы сочыць, каб увесь час праведзенае ў ёй, жанчына знаходзілася ў становішчы стоя. Сядзець забаронена, інакш тэрмін знаходжання там павялічыцца. Клетка знаходзіцца на вуліцы, і ў яе можна трапіць у любы час, незалежна ад надвор'я. Жанчыны вымушаныя стаяць там падчас дажджу, пякучага сонца або марозу, часта да 3-4 гадзін. Калі зняволеная стаіць там да ночы, ёсць рызыка застацца без абеду. Кася Будзько, былая палітзняволеная, якая правяла 2,5 года ў жаночай калоніі за сваю прабеларускую пазіцыю, падзялілася рэальнасцю беларускай турмы. Там існуе мноства розных пакаранняў, якія прыніжаюць гонар і годнасць чалавека. Адным з найбольш жудасных з'яўляецца размяшчэнне палітвязняў у клетку. У сённяшняй Беларусі няцяжка трапіць за краты, дастаткова не падзяляць ідэі і каштоўнасці рэжыму Лукашэнкі. Аднак, што за злачынства трэба здзейсніць, каб патрапіць у клетку ўнутры клеткі? Туды змяшчаюць палітычных зняволеных, якія як-небудзь парушылі рэжым: напрыклад, у выпадку бойкі ці іншага «інцыдэнту». Гэты «інцыдэнт» мае на ўвазе пад сабой вялікі спектр дзеянняў. Туды адпраўляюць, калі ў кагосьці здарылася істэрыка або пры напісанні афіцыйнай паперы аб адмове ад працы. Па расказах былой палітвязні Дар'і Чульцовай, кожная жанчына ў калоніі ведае, што калі «нахаміць» «прадстаўнікам адміністрацыі», то ў той жа момант апынешся ў клетцы. Важна ўдакладніць, што пад хамствам разумеецца любы выраз свайго меркавання. Пры гэтым казаць груба або няветліва зусім не абавязкова. Трэба проста сказаць, што ты з чымсьці не згодны і пачаць прыводзіць довады. Нават такая дробязь, як няправільна прышыты гузік, становіцца прычынай зняволення ў клетку. Таксама туды могуць трапіць і ў прафілактычных мэтах, каб паказаць іншым, што гэтая жанчына нешта парушыла. Фактычна, не патрабуецца асаблівая прычына для размяшчэння чалавека ў клетку. Дастаткова дрэннага настрою ў супрацоўнікаў адміністрацыі турмы. Гэта паўсядзённая практыка, дзе прыніжэнне і парушэнне правоў чалавека сталі нормай. Клетка — не толькі фізічны, але і псіхалагічны гвалт, якому падвяргаюцца жанчыны, якія знаходзяцца там. Адміністрацыя турмы спецыяльна стварае найцяжэйшыя ўмовы для зняволеных. Памяшканне чалавека ў клетку супярэчыць міжнароднаму і нацыянальнаму праву. Згодна з матэрыяламі праваабарончага цэнтра «Вясна», парушаецца частка 2 артыкула 10 Крымінальна-выканаўчага кодэкса РБ, а таксама правілы 39 і 47 Дакумента аб мінімальных стандартных правілах ААН у дачыненні да абыходжання са зняволенымі (Законы Нэльсана Мандэлы). Парушаецца права не падвяргацца жорсткаму, бесчалавечнаму альбо зневажальнаму годнасць абыходжанню і права на гуманнае абыходжанне і павагу годнасці, якая ўласцівая чалавечай асобе. Стойкасць беларускіх жанчын дзівіць. Па расказах былой палітзняволенай, яна бачыла ў клетцы жанчыну, якая дэманстравала свой пратэст, знаходзячыся ўнутры, іншая — што дзяўчына, якая стаіць там, увесь час усміхалася. Нам усім трэба праяўляць такую ж стойкасць і паслядоўнасць у адстойванні свабоды кожнага палітычнага зняволенага. Важна памятаць, што ў Беларусі застаюцца больш за 1400 афіцыйна прызнаных палітвязняў і больш за 5000 чалавек, якія асуджаныя па палітычных артыкулах. Усе яны знаходзяцца ў нечалавечых умовах і кожны стойка змагаецца за сваё жыццё. «Гэта па-сапраўднаму жудасная навіна. Факт, што беларускіх жанчын падвяргаюць такім нечалавечым катаванням, з'яўляецца абуральным парушэннем усіх магчымых нормаў міжнароднага права і самых базавых правоў чалавека. Аб абуральных злачынствах супраць чалавечнасці, учыненых рэжымам Лукашэнкі, павінны ведаць як мага больш людзей, а сам ён павінен панесці прамую адказнасць за ўсе гэтыя парушэнні. Наша каманда Народнага антыкрызіснага ўпраўлення падрыхтавала сумесна з партнёрамі ўсе неабходныя матэрыялы для перадачы «сітуацыі ў Беларусі» ў Міжнародны крымінальны суд. Падстава — здзяйсненне Лукашэнкам і яго саўдзельнікамі злачынстваў супраць чалавечнасці. Толькі з траўня 2020 па травень 2023 года ахвярамі злачынстваў супраць чалавечнасці сталі не менш за 136 тысяч беларусаў (забойстваў, знікненняў, катаванняў, палітычна матываваных прысудаў і інш.). З Беларусі па дадзеных ААН прымусова дэпартавана не менш за 300 тысяч беларусаў, перш за ўсё ў Польшчу, Літву і Латвію. Гэта 3,5% насельніцтва Беларусі. На нядаўняй сустрэчы з Лукашэнкам у Астане на саміце ШАС генеральны сакратар ААН Антоніу Гутэрыш у твар выказаў тырану прынцыповую пазіцыю па пытанні спынення рэпрэсій у Беларусі. Звяртаюся да міністраў замежных спраў Польшчы, Літвы і Латвіі, як прадстаўнікоў найбольш дружалюбных беларускаму народу краін, прыняць рашэнне, праявіць волю і перадаць справу Лукашэнкі ў Міжнародны суд у Гаазе. Даўно настаў час прымяніць усе даступныя інструменты міжнароднага і нацыянальнага права, каб прыцягнуць дыктатара да адказнасці. Беларусы, мы ўсе разам працягваем змагацца за свабоду для еўрапейскага беларускага народа. Дэмакратыя ў Беларусі не пераможа датуль пакуль не наступіць адказнасць дыктатара і яго саўдзельнікаў» — падкрэсліў Павел Латушка, намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета і кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення. У матэрыяле выкарыстаныя дадзеныя праваабарончага цэнтра «Вясна», лідар якога лаўрэат Нобелеўскай узнагароды свету Алесь Бяляцкі прысуджаны да 10 гадоў пазбаўлення волі і з'яўляецца палітычным вязнем.

  • Беларусь — адзін з галоўных выклікаў у рэгіёне

    Канферэнцыя ў Варшаве «Масты для беларусаў, муры для рэжыму» — адзначыў на варшаўскай канферэнцыі па Усходняй Еўропе намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета і кіраўнік Народнага антыкрызіснага упраўлення Павел Латушка. У Варшаве адбылася канферэнцыя на тэму «Будучыня Беларусі: забыты фронт расійскай экспансіі», на якой абмяркоўваліся галоўныя выклікі нашага рэгіёна. На канферэнцыі прысутнічалі эксперты з Беларусі, Літвы, Польшчы, ЗША і Украіны. Павел Латушка прадставіў даныя аб палітычных рэпрэсіях у Беларусі. Колькасць афіцыйна прызнаных палітвязняў складае больш за 1400 чалавек. Паводле меркавання праваабаронцаў, рэальная колькасць палітвязняў можа быць у тры, а то і ў чатыры разы большая. У кантэксце рэгіянальнай бяспекі Павел Латушка паказаў, як Лукашэнка працягвае разбураць суверэнітэт і незалежнасць Беларусі. Так званая «інтэграцыя» з Расіяй у межах Саюзнай дзяржавы набліжаецца да крытычнага ўзроўню. Палітычны і вайсковы кантроль над Беларуссю ўсё больш перадаецца ў рукі Расіі, ад рэсурсаў якой зараз поўнасцю залежыць існаванне яго рэжыму. Кіраўнік НАУ таксама назваў галоўныя памылкі ў падыходзе заходніх краін адносна рэжыму Лукашэнкі. Стратэгія «не злаваць дзеда», не ціснуць на Лукашэнку, з’яўляецца бессэнсоўнай. Яна прывяла нас у кропку крытычнай сітуацыі як унутры Беларусі, так і на межах з Украінай і ЕС. Лукашэнка ўжо зрабіў практычна ўсё, на што яго баяліся справакаваць. Найбольшую колькасць пагроз ён стварыў менавіта у той перыяд, калі яго практычна не чапалі. Баючыся «заштурхаць Лукашэнку ў абдымкі Расіі», Захад у выніку проста назірае за абдымкамі Пуціна і Лукашэнкі. Павел Латушка на канферэнцыі запрапанаваў канкрэтныя крокі па падтрымцы беларусаў: візавая падтрымка для беларусаў, каб умацоўваць, а не разбураць нашыя сувязі з Еўропай і Захадам; неабходнасць павелічэння падтрымкі незалежных СМІ і дэмакратычных інстытутаў, без якіх немагчыма разлічваць на еўрапейскую дэмакратычную Беларусь; сціранне «чырвоных ліній» адносна Лукашэнкі, якія ён даўно перайшоў, — гарманізацыя санкцый адносна яго рэжыму і Расіі, выдача ордэра на арышт Лукашэнкі. «Большасць беларусаў па-ранейшаму выступае за дэмакратыю і супраць вайны. Менавіта падтрымка беларусаў, узмацненне іх суб'ектнасці — гэта тое, што павінна быць асновай стратэгіі па Беларусі. А значыць, неабходна ўмацоўваць, а не разбураць сувязі беларусаў з Еўропай, з Захадам» — скончыў свой выступ Павел Латушка.

  • Медыцына пры дыктатуры

    Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол За 2023 год у краіне колькасць лекараў рэзка скарацілася на 7 тысяч. Пры гэтым маніпуляцыі з лічбамі па колькасці практыкуючых урачоў рэжым Лукашэнкі пачаў актыўна ажыццяўляць з 2020 года, гэта значыць з моманту пандэміі. А мэтай такіх маніпуляцый быў падман міжнародных арганізацый, якія вылучалі грошы на праекты Міністэрства аховы здароўя. У чэрвені ў Беларусі святкаваўся Дзень медыцынскага работніка. Гэта прафесійнае свята прысвечана людзям, якія выбралі няпросты шлях — дапамагаць хворым, дарыць надзею на выздараўленне і ратаваць жыцці. 12 чэрвеня 2024 года адбылося «ўрачыстае» мерапрыемства, прысвечанае 105-годдзю сістэмы айчыннай аховы здароўя і Дню медыцынскіх работнікаў. Качанава павіншавала медыкаў у Палацы Рэспублікі, падкрэсліўшы, што ў нашай краіне надаецца пільная ўвага сістэме аховы здароўя і агучыла шэраг стандартных крывадушных і цынічных заяў. Качанава заявіла, што ахова здароўя — «гэта адзін з прыярытэтных напрамкаў дзяржаўнай сацыяльнай палітыкі. Выдзяляецца фінансаванне, будуюцца новыя медыцынскія і рэканструююцца дзеючыя ўстановы, набываецца новае сучаснае абсталяванне, на нашых прадпрыемствах выпускаюцца новыя фармпрэпараты, установы адукацыі штогод рыхтуюць спецыялістаў для галіны аховы здароўя». А што ў рэальнасці? Паводле дадзеных Белстата, колькасць арганізацый аховы здароўя з 1990 па 2023 гады зменшылася з 874 да 569. Пры гэтым падлічыць колькасць бальнічных ложкаў за гэты перыяд немагчыма, паколькі Белстат не публікуе гэтыя дадзеныя ўжо некалькі гадоў. Але не складана выказаць здагадку, што колькасць бальнічных ложкаў істотна зменшылася. Усё часцей беларусы сутыкаюцца з сітуацыяй, калі медыцынскія пункты ў невялікіх вёсках і пасёлках і зусім зачыняюцца. Жыхары вёсак застаюцца без магчымасці аператыўна атрымаць медыцынскую кансультацыю, зрабіць просты лабараторны аналіз, вымераць ціск, праверыць сэрца і лёгкія. Закрыццё бальніц і медыцынскіх пунктаў прыводзіць да пагаршэння даступнасці медыцынскай дапамогі. Жыхарам асабліва аддаленых населеных пунктаў даводзіцца пераадольваць вялікія адлегласці для атрымання медыцынскіх паслуг, што асабліва цяжка для пажылых і малазабяспечаных грамадзян. Без рэгулярнага медыцынскага назірання павялічваецца рызыка абвастрэння хранічных захворванняў і несвоечасовага выяўлення новых хвароб. Але хіба гэта цікавіць чыноўнікаў, якія падтакваюць Лукашэнку, і яго самога? Дыхтоўную і якасную медыцыну для сябе, шайка, якая незаконна захапіла ўладу, забяспечыла. А факты і лічбы рэальнай захворвальнасці і смяротнасці яны хавалі і працягваюць хаваць. Жыццё і здароўе насельніцтва краіны іх не цікавіць і не будзе цікавіць.

  • Лукашэнка выконвае ўльтыматум Польшчы

    Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол Апошнім часам мы назіраем зніжэнне колькасці спробаў перасячэння мяжы нелегальнымі мігрантамі з тэрыторыі Беларусі ў Польшчу, а таксама ў Літву і Латвію. Польшча, як мы ведаем, вылучыла ўльтыматум рэжыму Лукашэнкі. Фактычна гэта агучыў міністр замежных спраў Радаслаў Сікорскі ў нядзелю 23 чэрвеня. Лукашэнка падпарадкаваўся? Дадатковым аргументам стала абмеркаванне гэтай тэмы прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам падчас яго візіту ў Кітай. Пекін адрэагаваў і апублікаваў прэс-рэліз, у якім заклікаў бакі сесці за стол перамоваў. Пакінем за дужкамі, чаму тут не патрэбныя перамовы. Тут патрэбная аднабаковая адмова рэжыму Лукашэнкі ад дэстабілізацыі сітуацыі на мяжы. Аднак, гэта своеасаблівы падыход кітайскай дыпламатыі, які фактычна значыць, што Кітай вельмі незадаволены. Паводле нашай інфармацыі, Лукашэнка двойчы склікаў нарады, а таксама Раду бяспекі, дзе ацэньваліся фінансава-эканамічныя рызыкі ў выпадку закрыцця памежных пераходаў з краінамі ЕС. Дарэчы, міністр замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі апублікаваў твіт, спасылаючыся на мой каментар выданню «Факты», у якім гаворыцца, што мы падтрымліваем максімальна жорсткі ціск на Лукашэнку праз закрыццё памежных пераходаў для гандлю. Адначасова мы на ўсіх магчымых узроўнях, уключаючы МЗС Польшчы і польскія СМІ, заклікаем не закрываць магчымасці выезду для грамадзян Беларусі ў ЕС. Гэта наш падыход. Мне здаецца, што ў цяперашні час складваецца досыць цікавая сітуацыя. У кароткатэрміновай перспектыве можа быць нават гістарычная магчымасць націснуць на Лукашэнку. Прымусіць яго не толькі спыніць міграцыйную вайну, але таксама дамагчыся свабоды для шэрагу палітвязняў. Лепш сотняў, а лепш і ўсіх. Давайце ацэнім, якія наступствы для рэжыму Лукашэнкі будуць, калі ён не спыніць міграцыйную вайну. Бо падобна, у яго не застаецца іншага выбару, акрамя як саступіць. Страты ад закрыцця мяжы з ЕС 1. Цяпер доля ЕС у структуры знешнегандлёвага абароту Беларусі складае каля 5,8 млрд. долараў ЗША. Пастаўкі з Беларусі ў ЕС у 2023 годзе склалі 1,4 млрд еўраў (1,5 млрд даляраў ЗША). Беларусь у тым жа годзе імпартавала з ЕС на суму каля 4 млрд. еўра (4,3 млрд. долараў ЗША). 2. Не менш істотнымі чым прамыя страты для ўнутранага рынку Беларусі, будуць страты за кошт знікнення транзіту. Напрыклад, па дадзеных супольнасці чыгуначнікаў Беларусі ад страты транзіту толькі Беларуская чыгунка можа страціць каля 280 млн.даляраў ЗША. А калі падсумаваць страты ўсёй транспартнай галіны, то гэта будуць такі ўдар ад якога яна яшчэ доўга не зможа акрыяць. Праз Беларусь праходзіць, у пераважнай перавазе па чыгунцы, каля 4% кітайскага экспарту ў ЕС. Прычым часцяком гэта найбольш адчувальны экспарт па прычыне таго, што чыгуначныя зносіны, нягледзячы на тое, што з'яўляецца больш дарагім, да цяперашняга часу з'яўляецца адным з самых хуткіх (хутчэй толькі авіязносіны, якое ахоплівае нязначную долю рынку). Страта гэтага транзітнага шляху можа сур'ёзна нашкодзіць гандлю Кітая з Еўропай. Тым больш, што пасля падзення транзітнага таварапатоку з-за лакдаўна ў сувязі з эпідэміяй кавіда, а таксама з пачаткам расійскай агрэсіі ва Украіне, аб'ёмы перамяшчаных тавараў на чыгуначным шляху паміж Кітаем і Еўропай праз Беларусь зноў пачалі расці. Так, польскі чыгуначны тэрмінал Малашэвічы на мяжы з Беларуссю прадэманстраваў у першым квартале 2024 года павелічэнне праходжання тавараў амаль на 50% у параўнанні з аналагічным перыядам мінулага года. Праз закрыццё мяжы акрамя цяжкасцяў для Кітая таксама і Расія не зможа хутка атрымліваць падсанкцыйныя тавары з Еўропы праз Беларусь, якія ёй па-ранейшаму ўдаецца здабываць альбо дзякуючы розніцы гандлёвых санкцый з Беларуссю, альбо з дапамогай схем так званага «фальшывага транзіту», калі падсанкцыйныя тавары пад выглядам следуемых у або з Азіі асядаюць у Расеі ці Беларусі. Акрамя чыгуначнага можа быць перакрыты і асноўны канал для грузавога аўтамабільнага транспарту. Менавіта пераход для грузавых аўтамабіляў «Казловічы» на мяжы з Польшчай з'яўляюцца асноўнымі варотамі з ЕС для дастаўкі грузаў у абодва бакі. Напрыклад, па стане на 24 чэрвеня гэтага года, праз «Казловічы» праехала 773 фуры ў адзін бок. У той жа час праз «Беняконі» толькі 98, «Каменны Лог» — 49, «Рыгораўшчыну» — 63. Разам праз усе пераходы на мяжы з Літвой і Латвіяй — 210 велікагрузаў. Ускосным эфектам закрыцця мяжы стануць таксама праблемы з кантрабандай, з дапамогай якой узбагачаюцца рэжым Лукашэнкі і афіляваныя з ім ценявыя структуры. Агульная сума выяўленай кантрабанды на ўсходняй мяжы Польшчы ў 2023 годзе склала амаль 50 млн злотых (11,6 млн еўра). Ільвіная доля ад гэтай сумы прыпадае на Беларусь. Польскія памежнікі і супрацоўнікі іншых службаў летась канфіскавалі нелегальна ўвезеных з Беларусі тавараў на суму 30 млн злотых (крыху менш за 7 млн еўраў). Дыктатары разумеюць толькі мову сілы Факт таго, што Польшча заняла жорсткую пазіцыю, і Кітай уключыўся ў гэты працэс, паказвае, што Лукашэнка павінен саступаць. Ён саступіць. Калі не саступіць, ён фактычна будзе секчы сук, на якім сядзіць. Сітуацыя патрабуе ад Лукашэнкі сур'ёзных рашэнняў. Калі ён не пойдзе на кампрамісы, эканамічныя і палітычныя наступствы могуць стаць катастрафічнымі для яго рэжыму.

  • Дзень залежнасці?

    Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол Ці можаце вы сабе ўявіць незалежную Беларусь, па сталіцы якой у Дзень незалежнасці маршыравалі б чужыя войскі? Напэўна, не. Але вось па Мінску маршыруюць расійскія салдаты з расійскімі трыкалорамі і спяваюць «За намі Расія!» Яны што, заблукалі? Не ведаюць геаграфіі? Не разумеюць, дзе яны знаходзяцца? Не, яны ўсё выдатна разумеюць. І ніякай незалежнай Беларусі ў іх разуменні проста не існуе. Ну і як вам такі «Дзень незалежнасці»? Незалежнасці ад каго? Ад саміх беларусаў? І што на гэта скажа праславуты «гарант суверэнітэту» па прозвішчы Лукашэнка? Той самы, які ў Палацы Рэспублікі стаяў і распавядаў пра беларускую дзяржаўнасць, сувэрэнітэт, нацыянальную бяспеку. Гэта значыць салдаты краіны, якая прама цяпер вядзе супраць Украіны вайну, мэтай якой з'яўляецца знішчэнне Украіны як дзяржавы — яны маршыруюць па нашай сталіцы ў інтарэсах нашай нацыянальнай бяспекі? Можа быць у інтарэсах нашай нацыянальнай бяспекі было ўварванне расійскага войска ва Украіну з Беларусі? Знішчэнне суседняй дзяржавы — у інтарэсах нашай незалежнасці? А расійская ядзерная зброя ў нас у краіне — гэта прыкмета нашага моцнага суверэнітэту? Дык можа быць сёлета Лукашэнка ўжо проста зменіць назву свайго свята — на «Дзень незалежнасці Саюзнай дзяржавы»? Бо інакш расійскіх жаўнераў, якія маршыруюць на беларускім парадзе пад лозунгам «За намі Расія», калоны расійскай тэхнікі з георгіеўскімі стужкамі і расійскімі трыкалорамі — яму няма чым апраўдаць. Ён кажа пра выбар беларускага народа, але беларускі народ не рабіў такога выбару. А праўда ў тым, што калі Лукашэнка кажа пра важнасць суверэнітэту і незалежнасці — ён хлусіць. І чым часцей ён ужывае гэтае слова, тым больш відавочнай становіцца гэтая хлусня. І тым менш гэтага самага суверэнітэту ў Беларусі застаецца.

bottom of page