top of page

Пошук па сайце

Search this site

1023 results found with an empty search

  • Чым займаецца Лукашэнка ў Манголіі?

    Крыўдзіцца на свабодныя СМІ, вучыць квазі-гісторыі і адкрыта пагражае мангольскаму грамадству. Падобна на тое, што адной з галоўных мэтаў візіту Лукашэнкі ў Манголію быў экспарт прапаганды і дыктатуры ў гэтую краіну. А сустрэўшы вострую крытыку шэрагу вядомых мангольскіх палітыкаў, СМІ і грамадзянскай супольнасці, незадаволены Лукашэнка — што б вы думалі? — пачаў закрываць рты. Як «гісторык». Бо ў Манголіі, відавочна, назіраецца востры недахоп гістарычнай «экспертызы» такога вялікага знаўцы гісторыі, як Лукашэнка. І вось гэты «гісторык», пакрыўджаны, што мангольскае грамадства негатыўна ўспрымае візіт Лукашэнкі і падтрымку, якую ён аказвае Расіі ў агрэсіі супраць Украіны, пусціўся ў «гістарычныя паралелі», параўноўваючы Чынгісхана і Пуціна. І адкрыта апраўдваючы ўсё тое, што Расія робіць сёння ва Украіне: «Яны (салдаты Чынгісхана) гінулі на полі бою тысячамі. Але калі хтосьці адважыўся пакрыўдзіць яго воінаў там, дзе яны знаходзіліся, ён (Чынгісхан) мячом і агнём змятаў паселішчы і гэтых людзей. Што ж адбылося паміж Украінай і Расіяй? А тое ж самае». Але «гісторык» Лукашэнка не разумее, што Манголія — ўжо даўно не імперыя, а дэмакратычная дзяржава, якая не вядзе агрэсіўных захопніцкіх войнаў, у якім ёсць змяняльнасць улады, свабода слова і прэсы. Усё тое, што чужое для Лукашэнкі. Усё тое, чаму ён з'яўляецца прамым антыподам. Менавіта таму Лукашэнка наракае на мангольскую грамадзянскую супольнасць і прэсу, бо яна піша пра яго і пра Расію праўду. А Лукашэнка праўду ненавідзіць. І таму ён хлусіць і скажае гістарычныя факты, спрабуючы праводзіць свае «гістарычныя паралелі». І пераконваючы мангольскае грамадства, што нападаць на суседнія дзяржавы, акупаваць іх тэрыторыі, паралельна сціраючы цэлыя гарады і паселішчы і масава знішчаючы мясцовае насельніцтва — гэта правільна. Што падтрымліваць гэта, браць у гэтым удзел, як гэта робіць Лукашэнка — гэта правільна. Гэта «саюзніцкі абавязак». Але «ангажаваныя» журналісты, як выказваецца Лукашэнка, і грамадства Манголіі не хочуць гэтага разумець. Далёка не ўсе ў Манголіі гатовыя слухаць яго лекцыі па гісторыі. І таму ён звяртаецца да другога свайму ўлюбёнаму прыёму — шантажу і пагрозам, робячы акцэнт на прыродныя багацці гэтай краіны. І гэтыя багацці і выкапні вельмі цікавяць ваенных агрэсараў — Расію і рэжым Лукашэнкі. Ад якіх у гэтым кантэксце і сыходзіць рэальная пагроза. Лукашэнка кажа, што Манголіі «нельга памыліцца». Бо інакш спакойнага жыцця ёй не дадуць. Хто ж не дасць? Адказ відавочны — тыя ж, хто не далі спакойна жыць Украіне. Тыя ж, хто мяркуе, што яна «памылілася», не захацеўшы добраахвотна стаць расійскай калоніяй. Тыя ж, хто за гэтую «памылку», вядзе супраць Украіны вайну на знішчэнне. І аналагічную пагрозу Лукашэнка ставіць перад мангольскім грамадствам. «Не рабіце нас ворагамі мангольскага народа. Мы вашы самыя блізкія сябры і браты», — патрабуе Лукашэнка ў мангольскіх журналістаў і лідараў меркаванняў. Вось толькі многія народы і краіны на сваім горкім досведзе ўжо пераканаліся, што значыць мець падобных «сяброў» і «братоў». Зусім нядаўна гэтак жа сама «сябрамі і братамі» Лукашэнка і Расія называлі ўкраінцаў.

  • Фінансаванне абыходу санкцый павінна быць максімальна магчыма заблакаванае

    «Пазбаўленне магчымасцяў забеспячэння фінансавых патокаў для абыходу санкцый з'яўляецца ключавым для Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі і НАУ. Мы спадзяемся, што дадзенае рашэнне істотна абмяжуе фінансавыя магчымасці рэжыму па абыходзе санкцый і фінансаванні працягу вайны» — Павел Латушка. Як стала вядома выданню Bloomberg з уласных крыніц, краіны G7 збіраюцца зрабіць больш жорсткімі санкцыі супраць банкаў, якія дапамагаюць Расіі ўхіляцца ад ужо ўведзеных абмежаванняў і выкарыстоўваюць для гэтага расійскі аналаг міжнароднай аплатнай сістэмы SWIFT — сістэму перадачы фінансавых паведамленняў Банка Расіі (СПФС). Таксама Bloomberg у пачатку траўня паведамляў, што ЕС разглядае забарону СПФС на сваёй тэрыторыі ў рамках 14 пакета санкцый супраць Расіі. У аснову дадзеных рашэнняў ляглі ў тым ліку і нашы прапановы. Падчас сустрэчы Паўла Латушкі са спецпасланнікам ЕС па санкцыях Дэвідам О'Саліванам у Брусэлі 11 снежня 2023 г. мы паднялі праблему абыходу існуючых санкцый, у тым ліку ў дачыненні да Расіі, праз беларускія банкі і іншыя банкі ў трэціх краінах, а таксама праз СПФС. Дэвіда О'Салівана зацікавіў дадзены аспект абыходу санкцый, у сувязі з чым 17 студзеня 2024 г. мы дадаткова накіравалі аналітычныя матэрыялы аб дадзенай сістэме плацяжоў і яе ролі ў інфраструктуры ўхілення ад санкцый. Сваю пазіцыю па гэтай праблеме мы таксама даводзілі нашым партнёрам у Германіі, Францыі, Польшчы і іншых краінах ЕС. Акрамя таго на праблему абыходу санкцый з дапамогай банкаўскай сістэмы Беларусі і СПФС мы звярталі ўвагу ў нашых лістах у адрас дыпустаноў і Дзярждэпартамента ЗША, у тым ліку ў лісце ад 17 верасня 2023 года на імя каардынатара па санкцыях Дзярждэпартамента ЗША Джэймса О'Брайэна і прадстаўніка міжнароднай рабочай групы па санкцыях супраць Расіі Майкла Макфола, а таксама ў ходзе асабістых сустрэч з амерыканскімі дыпламатамі і чыноўнікамі, у тым ліку ў рамках стратэгічнага дыялогу дэмакратычных сіл Беларусі і ЗША.

  • Я спалю гэты дом

    Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол Лукашэнка заўсёды імкнуўся штучна перашкаджаць выбудоўванню паважлівых адносін з нашымі суседзямі, з народамі суседніх краін. І працягвае гэта рабіць сёння: ён закідвае дыверсантаў і нелегальных мігрантаў на тэрыторыю Польшчы, пастаянна дэстабілізуе сітуацыю на мяжы, пагражае суседзям. І яго памагатыя спрыяюць гэтаму. Яна сказала, што спаліць гэты дом. Я адказаў, што гэта знішчыць беларуска-польскія адносіны — менавіта такім быў дыялог у Гродзенскім аблвыканкаме ў 2004 годзе. Гаворка вялася пра дом Чэслава Немана — славутага польскага музыкі, аўтара знакамітай для вялікай колькасці палякаў песні — «Дзіўны гэты свет» (Dziwny jest ten świat). Нядаўняя сустрэча з міністрам культуры Польшчы пачалася менавіта з гэтых слоў. Слоў Чэслава Немана — легенды польскай музыкі, які нарадзіўся ў Беларусі. Успамінаю, як неўзабаве пасля смерці легендарнага польскага музыкі ў 2004 годзе да мяне (у той час — амбасадара Беларусі ў Польшчы) прыйшлі ўдава музыкі і ягоныя сваякі. Яны звярнуліся з ініцыятывай аб пераносе дома класіка польскай музыкі са Старых Васілішак на Гарадзеншчыне ў Польшчу, каб у Польшчы стварыць у ім музей. Менавіта ў гэтым доме ў Гродзенскай вобласці нарадзіўся Чэслаў Неман — сапраўды выбітная асоба, вядомы музыкант, выканаўца і кампазітар, без перабольшання легенда польскай музыкі. І Беларусь у жыцці музыканта мела асаблівае значэнне: стаўшы вядомым польскім музыкам, ён захаваў псеўданім у гонар беларускай ракі Нёман. Большасць палякаў, але, думаю, і многія беларусы памятаюць архіўнае выступленне Немана ў Аполе ў 1967 годзе — папулярны польскі выканаўца выступае на сцэне ў беларускай кашулі. Польшча. Аполе. Беларускі псеўданім і беларуская кашуля ў польскага музыкі. Чым не сімвалічная ілюстрацыя да сумеснай беларуска-польскай спадчыны? На беларускай зямлі знаходзіцца велізарная колькасць месцаў, звязаных з сумеснай беларуска-польскай гісторыяй. Менавіта на беларускай зямлі нарадзіліся вялікія прадстаўнікі беларускага і польскага народаў — Адам Міцкевіч, Тадэвуш Касцюшка, Рышард Капусцінскі, Станіслаў Манюшка і многія іншыя. І мы лічым іх сваімі. І ў Польшчы іх таксама лічаць сваімі. Не раз менавіта ад польскай эліты і інтэлігенцыі я чуў ацэнку аб тым, што гэтыя выбітныя асобы — наша агульная спадчына, гонар двух народаў. І выдатным прыкладам нашай агульнай гістарычнай спадчыны з'яўляецца і Чэслаў Неман. Памятаю гэтую гутарку з блізкімі Немана. Дом Чэслава Немана ў Старых Васілішках, дзе нарадзіўся і вырас музыка, быў каштоўным для яго блізкіх. І менавіта таму ў блізкіх Немана з'явілася ідэя перанесці яго ў Польшчу. Як беларус, як амбасадар, я разумеў важнасць захавання спадчыны Чэслава Немана не толькі для польскага грамадства, але таксама і для беларускага — таму што заўсёды такія прыклады аб'ядноўваюць. Але скажу шчыра, не быў схільны падтрымаць. Пазней у мяне адбылася гутарка ў Гродзенскім аблвыканкаме. У той час ужо нарошчваўся канфлікт з Саюзам палякаў Беларусі, павышаўся градус узаемаадносін. Гутарка аб адносінах з Польшчай праходзіла ў кабінеце намесніцы старшыні Гродзенскага аблвыканкама Марыі Біруковай. Прадстаўніца рускага светапогляду, яна сказала імператыўна наступнае: «Я дам указанне, і спалю гэты дом». Спаліць дом легенды польскай культуры — гэтая варварская прапанова выклікала ў мяне абурэнне і шок. Я адказаў ёй: «Думаю, што калі вы пойдзеце на гэты крок, то на наступны дзень Газета Выборча, Рэч Паспалітая і многія іншыя найбуйнейшыя газеты Польшчы — выйдуць з чорнымі палосамі. І вы нават не ўяўляеце, які ўдар вы зробіце па беларуска-польскіх адносінах — і гэтыя наступствы будуць проста катастрафічнымі». Рызыка і пагроза варварскага стаўлення з боку рэжыму існавала заўсёды. І працягвае існаваць. Але гэта стаўленне рэжыму Лукашэнкі, а не беларусаў — і гэта важна разумець. Пазней, у часы працы міністрам культуры, з'явілася грамадская ініцыятыва па стварэнні на базе дома Чэслава Немана музея, прысвечанага музыканту. На гэты конт у мяне нават была гутарка ў той момант з кіраўніком адміністрацыі Лукашэнкі Макеем. Як міністр культуры, тады я цалкам падтрымаў праект адкрыцця музея Чэслава Немана ў Старых Васілішках. Сёння гэты музей функцыянуе, захоўваючы памяць аб важным для Польшчы ўраджэнцы Беларусі. І такі праект быў унёскам ва ўмацаванне нашых сяброўскіх узаемаадносін з Польшчай. Лукашэнка — заўсёды імкнуўся перашкаджаць паважлівым адносінам з суседзямі. І працягвае ладзіць правакацыі і сёння. «Еще одна оперативная информация. Дословно цитирую (это уже для поляков важно): «Польская и американская разведки готовят крупномасштабную провокацию против гражданского населения Польши, в которой обвинят Россию и Беларусь». Ён робіць усё, каб убіць клін і ў беларуска-польскія ўзаемаадносіны, адрэзаць нас ад еўрапейскай спадчыны, разбурыць нашы добрыя адносіны з палякамі. Беларусы і палякі, літоўцы і латышы, павінны разумець, што рэжым робіць усё тое ж самае, што ён зрабіў паміж беларусамі і ўкраінцамі. На жаль, вельмі многія ўкраінцы да нас, беларусаў, ставяцца крытычна — і будуць напэўна ставіцца так доўгі час. Такое стаўленне — гэта вынік надання Лукашэнкам тэрыторыі Беларусі для агрэсіі. Але трэба разумець, што гэта, як і многія іншыя дзеянні Лукашэнкі ў дачыненні да суседзяў — не жаданне беларусаў. І беларусы гэтага не падтрымліваюць. Беларусы хочуць жыць у міры з суседзямі. Антыдобрасуседская палітыка Лукашэнкі — мэтанакіраваная і сістэмная — супярэчыць поглядам беларусаў. Відавочны таму прыклад: варварскае разбурэнне польскіх пахаванняў на тэрыторыі Беларусі: у Бабровічах і Дындылішках Іўеўскага раёна, у Іўі і Ашмянах, Мікулішках і Ваўкавыску, многіх іншых месцах. Беларусы заўсёды ставіліся з павагай да любых пахаванняў — месцаў памяці памерлых людзей. Радаўніца і Дзяды — дні памяці нашых памерлых продкаў, калі на могілках прынята наводзіць парадак, успамінаць сваіх памерлых блізкіх. Для беларусаў — гэта асаблівыя сімвалічныя дні, а месцы пахаванняў — па-свойму святыя месцы. Але ўявіце сабе: у нашай краіне бульдозерамі зносяць помнікі, раўняюць з зямлёй пахаванні палякаў. Зносяць помнікі, пад якімі спачываюць людзі. І гэта проста не ўкладваецца ў галаве. І варта разумець, што хтосьці аддае на гэта загад — і мы ведаем хто. Такую палітыку ініцыюе асабіста Лукашэнка. Лукашэнка — не беларус, ён чужародны нашаму менталітэту і культуры. І знос польскіх помнікаў і пахаванняў — гэта толькі адно з пацверджанняў гэтаму, бо сапраўды гэтак жа, у 2019 годзе, на загад Лукашэнкі зносілі крыжы ў Курапатах — месцы масавых растрэлаў беларусаў. Ён здзяйсняе тое, што ўнутры беларускага народа, унутры беларускага грамадства недапушчальна, непрымальна. Робіць тое, што супярэчыць нашаму выхаванню, нашым караням і традыцыям, нашаму стаўленню да памерлых, да гісторыі. Ён іншародны і не належыць да беларускага народу. Таму што ён парушае ўсе тыя традыцыі, якія былі створаныя беларусамі і перадаюцца ад дзядоў і прадзедаў — і гэта таксама трэба ўсвядоміць нам усім — як беларусам, так і палякам. Беларус ніколі не будзе бурыць чужыя магілы. Калі я быў студэнтам юрыдычнага факультэта, я пачаў вывучаць польскую мову. Памятаю, як у мяне пыталіся: «А навошта ты вучыш польскую мову?» Я адказваў: «Вы ведаеце, Польшча гэта наш суседка, гэта буйная краіна, у нас заўсёды будуць адносіны з Польшчай, бо мы суседзі, у нас шмат агульнага. І я перакананы, што ў маім жыцці спатрэбіцца веданне польскай мовы». Праз гады пасля гэтых слоў так і атрымалася: я працаваў у Польшчы консулам, паслом. Сёння для сотняў тысяч беларусаў Польшча стала прытулкам праз варварскую палітыку Лукашэнкі ў дачыненні як да беларусаў, так і да ўсяго свету. Важна не дапусціць знішчэння з боку Лукашэнкі добрасуседскіх адносін з Польшчай як і з любой іншай краінай. Важна ўмацоўваць тыя каштоўнасці, якія нас аб'ядноўваюць. І польскі музыка Чэслаў Неман — адзін з сімвалаў нашай агульнай спадчыны, культурных і гістарычных сувязяў. Сувязяў, якіх важна захаваць, насуперак злачыннай палітыцы Лукашэнкі.

  • Як «ваенна-патрыятычныя клубы» ў Беларусі рыхтуюць нашых дзяцей да вайны?

    Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол «Ваенна-патрыятычныя клубы» з'яўляюцца ў Беларусі ледзьве не штомесяц. Па некаторых дадзеных, іх можа быць ужо больш за 950. Афіцыйна ў іх налічваецца амаль пяць тысяч удзельнікаў. Рэальная колькасць дзяцей, насамрэч уцягнутых у іх дзейнасць, застаецца невядомай. Але ці ёсць у іх хоць доля патрыятызму? Прыгледзеўшыся ўважліва да ідэй і «каштоўнасцяў», якія гэтыя клубы прышчапляюць беларускім дзецям, мы выявім, што да Беларусі яны наўрад ці маюць нейкае дачыненне. Бо ідэалогія, на якой яны будуюцца — гэта ідэалогія «рускага свету». Дэструктыўная для Беларусі канцэпцыя, якая нясе ў сябе поўнае падпарадкаванне народаў, якія Расія лічыць сваёй неад'емнай часткай. Выкладчыкамі ў «ваенна-патрыятычных клубах» з'яўляюцца ідэолагі, так званыя афіцэры, байцы ПВК «Вагнер», а на чале ўсяго гэтага стаіць Мікалай Карпянкоў — галоўны прыхільнік «рускага свету» сярод беларускіх сілавікоў. Чалавек, які адкрыта падтрымлівае расійскую агрэсію супраць Украіны, стварае спецпадраздзяленні ва ўнутраных войсках, інструктарамі ў якіх працуюць вагнераўцы, і сам увесь час з'яўляецца на публіцы з шаўронам групы «Вагнер». Чаму вучаць нашых дзяцей так званыя «ваенна-патрыятычныя клубы», як яны звязаны з Карпянковым, вагнераўцамі, «рускім светам» і пры чым тут вайна супраць Украіны — глядзіце ў нашым новым відэа.

  • Карпянкоў і Талай — рускія, з імі Пуцін

    Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол Аляксей Талай атрымаў узнагароду з рук Пуціна. У Расіі па вартасці ацанілі яго ўклад у незаконнае перамяшчэнне ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі. На ўзнагароджанні Талай абвясціў сябе рускім, з якім, вядома ж, бог. І вось такія Талаі, якія адкрыта лічаць сябе рускімі, складаюць сетку расійскага ўплыву ў Беларусі. Мы ўжо распавядалі яшчэ аб адным рускім «патрыёце» — Мікалаі Карпянкове і яго асяроддзі, якое абслугоўвае персону «генерала» і сілавікоў вакол яго на прапагандысцкім узроўні, накшталт таго ж Рыгора Азаронка або Вадзіма Гігіна. Усе гэтыя персанажы, як і сам Карпянкоў, з'яўляюцца неад'емнай часткай сістэмы Лукашэнкі. Вонкава яны ўсяляк дэманструюць адданасць дыктатару. Але ці так гэта на самай справе? І хто звязвае актыўнасць «генерала» і прапагандыстаў у адзінае цэлае? Цяпер мы крыху прыадчынім заслону таямніцы і раскажам вам пра людзей, якія фармальна не з'яўляюцца часткай сістэмы Лукашэнкі, аднак выступаюць прамымі праваднікамі інтарэсаў Расіі ў Беларусі, рэгулярна ездзяць на акупаваныя Расіяй тэрыторыі Украіны, удзельнічаюць, а таксама самі арганізуюць мерапрыемствы ў расійскай амбасадзе і г. зв. расійскіх дамах, створаных Рассупрацоўніцтвам. Гаворка пра рух «Саюз». А дакладней — арганізацыйны камітэт стваранай у Беларусі палітычнай партыі. Варта сказаць, што Мінюст Лукашэнкі не стаў рэгістраваць гэтую партыю. Мабыць спецслужбы Лукашэнкі ўчулі пэўную пагрозу з боку новай прарасійскай сілы. Лідар партыі — Сяргей Лушч, у мінулым неанацыст, а цяпер рэспектабельны малады палітык і прапагандыст. Як сказана ўсё на тым жа сайце аргкамітэта «па перакананнях паслядоўны прыхільнік беларуска-расійскай інтэграцыі». Таксама Лушч з'яўляецца намеснікам старшыні савета кіраўнікоў «беларускіх грамадскіх аб'яднанняў расійскіх суайчыннікаў пры пасольстве Расійскай Федэрацыі ў Рэспубліцы Беларусь», гэта значыць аб'яднання ўсіх расійскіх арганізацый у Беларусі. Раней Лушч браў удзел у грамадскай арганізацыі «Русь» і ўзначальваў уласную моладзевую арганізацыю «Русь маладая». Лушч — заўзяты прадстаўнік «рускага свету» ў Беларусі і прыхільнік паглынання Беларусі Расіяй, ліквідацыі беларускай ідэнтычнасці. Лушч актыўна прасоўвае ідэі так званай «інтэграцыі» з Расіяй, а па сутнасці — займаецца падрыхтоўкай паглынання Беларусі. Адным з важных кірункаў дзейнасці Лушча і руху «Саюз» з'яўляецца падтрымка расійскай агрэсіі. За сваю дзейнасць Лушч быў «адзначаны прэстыжнымі знакамі адрознення»: падзякай і медалём Прэзідэнта Расійскай Федэрацыі Пуціна, падзякай Рассупрацоўніцтва, а таксама падзякай пасольства РФ у Беларусі. Мы таксама не засталіся ў баку і ўключылі гэтага персанажа ў нашы нядаўнія прапановы з абгрунтаваннямі для прымянення персанальных санкцый ЕС, ЗША і Канады. Прадстаўнікі «Саюза» пры падтрымцы расійскага пасольства актыўна праводзяць прапагандысцкія сустрэчы беларускіх школьнікаў і кадэтаў, удзельнікаў г. зв. патрыятычных клубаў з іх аднагодкамі з Расіі і, у асаблівасці, акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны. Мікалай Карпянкоў, Сяргей Лушч, Аляксей Талай, Вадзім Гігін, Рыгор Азаронак, Алег Раманаў, Ала Веруш — гэтыя прозвішчы не сустрэнеш у спісах «экстрэмістаў» і «тэрарыстаў». Але менавіта яны і арганізацыі, якія іх аб'ядноўваюць — сапраўдная пагроза нацыянальнай бяспецы і тэрытарыяльнай цэласнасці Беларусі. І яны чакаюць зручнага моманту, каб ажыццявіць іх мэту — канчаткова ліквідаваць нашу дзяржаўнасць і зрабіць нашу краіну часткай Расіі.

  • Мы можам павялічыць колькасць галасоў за Каардынацыйную раду праз дзеянні, якія могуць дапамагчы дзясяткам або сотням тысяч беларусаў

    Што беларусам далі выбары ў Каардынацыйную раду? Учора завяршылася трохдзённае галасаванне на выбарах у Каардынацыйную раду. Удзел у выбарах прынялі 6 723 выбаршчыкі. Выбарчая камісія падводзіць вынікі выбараў, канчатковыя вынікі будуць абвешчаныя 8 чэрвеня. Вядома, такая невялікая яўка — гэта не тое, чым мы б маглі ганарыцца. Мы разумеем прычыны такой яўкі. Сярод іх дакладна няма віны выбаршчыкаў. Ні адзін адэкватны палітык не можа сабе дазволіць вінаваціць людзей, выбаршчыкаў. Аб'ектыўныя прычыны, на наш погляд, наступныя: велізарны супраціў з боку рэжыму Лукашэнкі; хваля рэпрэсій і акцый запалохвання падчас выбараў; прызнанне ўсіх выбарчых спісаў «экстрэмісцкімі» і ўзбуджэнне 257 крымінальных спраў у дачыненні да ўдзельнікаў выбараў, канфіскацыя маёмасці, ціск, затрыманні і арышты іх блізкіх. Толькі ў спісе «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"» мы маем больш за 25 прыкладаў арыштаў маёмасці і рэпрэсій у дачыненні да сваякоў; кібератакі на платформу для галасавання; блакаванні VPN і г. д. Гэта ў цэлым стан перманентнага тэрору і страху, у якім жывуць беларусы (і нават за мяжой) з 2020 года. Гэта дакладна не самыя лепшыя ўмовы для выбараў. Але таксама важна прызнаваць адкрыта: гэта і нашы памылкі, памылкі дэмсілаў, у тым ліку разнастайныя канфлікты, якія дыскрэдытуюць дэмсілы; гэта і «халасты год» кадэнцыі папярэдняга складу КР; гэта і доўгі супраціў ідэі прамых выбараў; гэта і барацьба за тэрміны, а таксама вельмі няўдалы кампраміс па іх. Можна доўга працягваць, шукаць нейкія апраўданні. Але адзінае, што мы цяпер сапраўды можам апраўдаць — гэта аказаны давер тымі 7 тысячамі выбаршчыкаў, якіх нам усё ж такі ўдалося прыцягнуць, якія паверылі і даверылі нам свае галасы. Таму нас, нашу каманду, кааліцыю «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"» вынік не дэматывуе. Па-першае, таму што тысячы беларусаў і беларусак нягледзячы ні на што аддалі нам свае галасы, заявілі пра свой давер той працы і той праграме, з якой мы ўдзельнічалі ў выбарах. І мы будзем працаваць так, каб апраўдаць гэты давер. Мы аднолькава адказныя перад нашымі выбаршчыкамі — будзь іх сотні, тысячы, дзясяткі ці сотні тысяч. І мы будзем рабіць тое, што абяцалі. Мы ўжо гэта робім. Такая наша філасофія. Па-другое, перад намі пастаўлена амбіцыйная мэта. Сёння мы атрымалі выяўленую падтрымку тысяч выбаршчыкаў. Значыць мы павінны зрабіць усё, каб заўтра гэтая лічба вырасла ў дзясяткі, а паслязаўтра — у сотні разоў. Калі ж казаць пра высновы, якія ўсе мы павінны зрабіць па выніках выбараў, то я б спыніўся на двух ключавых: 1. 7 тысяч аддадзеных на іх галасоў — гэта ў 7 тысяч разоў больш, чым у любога «выбарнага» органа рэжыму Лукашэнкі, бо пры ім няма і не можа быць ніякіх выбараў. Роўна настолькі цяперашняя КР легітымней за тую ж «палатку» Лукашэнкі. Для пачатку — ужо нядрэнна. 2. Вызначана ключавая задача ўпершыню абранай Каардынацыйнай рады — сваёй эфектыўнай дзейнасцю, сваёй рэальнай працай і яе выніковасцю маштабаваць давер як мінімум у дзясяткі, а лепш — у сотні разоў. Што ж такое цяперашняя Каардынацыйная рада? Мы ўжо дакладна можам прыйсці да згоды, што гэта выбарны прадстаўнічы орган. І абраны — так, пакуль з невялікай яўкай выбаршчыкаў. У астатнім Каардынацыйнай радзе неабходна дамовіцца і выразна, зразумела адказаць на гэтае экзістэнцыяльны пытанне, зафіксаваўшы ўласнае вызначэнне ў Статуце. Важна таксама, каб новая Каардынацыйная рада эфектыўна працавала ў звязку са Святланай Ціханоўскай як прэзідэнткай-элект, з Аб'яднаным Пераходным Кабінетам як выканаўчым органам і аказваў уплыў на яго фарміраванне, каб уся сістэма працавала як гадзіннік і па адзінай стратэгіі. Важна разумець, што стратэгія павінна быць менавіта адзінай, таму што мы не знаходзімся ва ўмовах мірнага часу. Мы знаходзімся ў сітуацыі крызісу. І, як бы гучна гэта не гучала, барацьбы за ўладу — але не паміж сабой, а з рэжымам Лукашэнкі. І мы павінны сыходзіць з гэтага. Пры гэтым мы таксама павінны разумець, што на выбарах прымяненне інструмента галасавання не павінна заканчвацца. Нам неабходна забяспечыць рэальны ўплыў беларусаў на працу КР. У тым ліку ў рамках вызначэння праектных прыярытэтаў, прыярытэтаў фінансавання тых праектаў, якія адказваюць запыту грамадства. І таму важна ў бліжэйшы час стварыць механізм для ўплыву грамадства на гэты працэс. Я бачу тут патэнцыял для выкарыстання платформы Belarus ID і правядзення на ёй адпаведных апытанняў, галасаванняў. Мы можам павялічыць колькасць галасоў за Каардынацыйную раду праз дзеянні, якія могуць дапамагчы дзясяткам або сотням тысяч беларусаў.

  • Дзяржаўны каталог Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь перайшоў у распараджэнне НАУ і Музея Вольнай Беларусі

    Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол Каманда Паўла Латушкі атрымала кантроль над Дзяржаўным каталогам Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь. Мы заяўляем, што гэты кантроль атрыманы без выкарыстання дапамогі асобаў унутры Беларусі. Мы не ствараем ніякай рызыкі ніводнаму супрацоўніку беларускіх музеяў. Так званы міністр культуры Анатоль Маркевіч не кантралюе сферу культуры Беларусі. У нашым распараджэнні знаходзіцца каталог, які ўтрымлівае амаль 165000 музейных прадметаў, якія зʼяўляюцца нацыянальнай спадчынай беларускага народа, а не рэжыму Лукашэнкі. Дзяржаўны каталог Музейнага фонду Рэспублікі Беларусь перададзены на захаванне Музею Вольнай Беларусі, які зʼяўляецца адным з шматлікіх праектаў НАУ. Усе грамадзяне Беларусі змогуць атрымаць доступ да звестак аб музейных прадметах, якія знаходзяцца ў музеях і калекцыях Рэспублікі Беларусь. Ад сённяшняга дня, калі хтосьці вырашыць знішчыць музейныя прадметы, або нанесці ім шкоду, прадаць, перадаць трэцім асобам і краінам, то ён павінен разумець, што мы дакладна ведаем стан музейных прадметаў, месца іх захоўвання і адказных за гэта асобаў. За знішчэнне, крадзеж і незаконную перадачу музейных прадметаў будзе прыменена адказнасць у адпаведнасці з заканадаўствам Рэспублікі Беларусь. У якасці першага кроку па прапанове Паўла Латушкі і супрацоўнікаў Музея Вольнай Беларусі ў Дзяржаўны каталог 26 траўня 2024 года ўносяцца прадметы, якія з’яўляюцца гістарычнай і культурнай каштоўнасцю беларускага народа: Бел-чырвона-белы сцяг з імёнамі палітзняволеных беларусаў. Аўтарка — Марыя Грыц. Сукенка «БЧБ-нявесты». Аўтарка — Іна Зайцава. Вопратка беларускага героя і добраахвотніка Палка Каліноўскага Васіля (Атама) Грудавіка, які загінуў у 2022 годзе ў барацьбе за вызваленне Украіны і за незалежную Беларусь. Вопратка беларускай палітвязынкі Юліі Марчанка (Юніцкай). Пратакол аб выніках галасавання па выбарах прэзідэнта Рэспублікі Беларусь выбарчай камісіі нумар 35 (г.Ліда), у якім зафіксавана абсалютная перамога Святланы Ціханоўскай на выбарах прэзідэнта Беларусі ў 2020 годзе. Шыльда «Skwer Wolnej Białorusi» (Сквер Вольнай Беларусі) — дакладная копія вулічнай шыльды ў Беластоку. Таксама сёння мы ўносім у Дзяржаўны каталог Музейнага фонда фотаздымак кааліцыі «Каманда Латушкі і Рух “За Свабоду”», якая ўдзельнічае ў першых прамых дэмакратычных выбарах у Каардынацыйную раду. Прадметы, якія мы ўнеслі сёння ў музейны фонд Беларусі з’яўляюцца гістарычнай праўдай і нашай нацыянальнай спадчынай, на якой мы будзем будаваць будучыню краіны. Мы будзем пастаянна папаўняць Музейны фонд Беларусі. У сваім жыцці, як міністру культуры Беларусі, для мяне быў гонар адкрываць многія музеі ў краіне, спрыяць папаўненню іх калекцый, стварэнню новых экспазіцый. Сярод іх мне асабліва хочацца вылучыць музей Васіля Быкава ў Ждановічах, філіял Дзяржаўнага літаратурнага музея Рэспублікі Беларусь, новыя мультымедыйныя экспазіцыі Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы, адказваць за рэстаўрацыю і адкрываць музеі, якія належаць сусветнай спадчыне ЮНЭСКА: Нясвіжскі палац і Мірскі замак, ініцыяваць стварэнне музея выбітнага музыкі Чэслава Немана і многіх іншых. Але асаблівым для мяне будзе і Музей Вольнай Беларусі, які сёння знаходзіцца ў Варшаве. Перакананы, што ён абавязкова будзе адкрыты пасля нашага вяртання ў вольную ад рэжыму Беларусь. Хацеў бы, каб ён адкрыўся ў палацы, дзе сёння засядае ўзурпатар. Як палітык, як беларус, я буду працаваць над гэтым і буду змагацца. Шаноўныя супрацоўнікі музеяў Беларусі, ведаю, што вы сумленныя і працавітыя людзі, для якіх спадчына не пусты гук, а сапраўдная каштоўнасць. Праца кожнага з вас спатрэбіцца ў Новай Беларусі. Жыве Беларусь! Міністр культуры Беларусі (2019-2012) Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі Павел Латушка

  • Карпянкоў гатовы забраць у Лукашэнкі ўладу

    Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол 19 мая Мікалай Карпянкоў абвясціў аб стварэнні як бы дабрачыннага фонда «Маладая гвардыя», у задачы якога будзе ўваходзіць фінансаванне 18 «ваенна-патрыятычных клубаў», раней гэтак жа створаных Карпянковым. У склад апякунскай рады фонду, па словах Карпянкова, увайшлі «прадстаўнікі ўсіх зацікаўленых ведамстваў, у тым ліку работнікі СМІ, прадпрымальнікі і палітыкі». Палітыкі? Мы не недачулі? І каго ж Карпянкоў лічыць палітыкам? Сябе? А мы ж памятаем, што ў сістэме Лукашэнкі ёсць толькі адзін палітык. З такіх заяў становіцца зразумела, што стаць новым Прыгожыным Карпянкоў зусім не адмовіўся. Карпянкоў стварае інфраструктуру, здольную ў будучыні прэтэндаваць на рэальную ўладу. Спачатку ён стварыў атрады спецназа, інфільтраваныя вагнераўцамі, затым заняўся выхаваннем падрастаючага пакалення, ну а цяпер прыйшла чарга для фарміравання матэрыяльнай базы свайго палітычнага праекта. Не варта падманвацца словам «фонд» — тое, што будуе Карпянкоў, на справе з'яўляецца рэальным плацдармам для барацьбы за ўладу. Адэпт, а хутчэй за ўсё агент, т. зв. «рускага свету» актыўна прасякае сваё «акно магчымасцяў» і рыхтуецца ім скарыстацца. Цікавай дэталлю з'яўляецца і тое, што зарэгістравалі фонд «Маладая гвардыя» яшчэ 3 мая па адрасе Нацыянальнай бібліятэкі. Месца рэгістрацыі зусім не выпадковае. Пасаду дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі ў цяперашні час займае такі ж агент «рускага свету» — Вадзім Гігін. Раней мы таксама звярталі ўвагу, што інфармацыйна Карпянкова і яго бурную дзейнасць найбольш актыўна асвятляў прапагандыст Рыгор Азаронак — яшчэ адзін аматар рускамірскіх «духоўных умацаванняў». Абодва — члены кіраўніцтва партыі Белая Русь, узначальвае якую рускамірац Алег Раманаў. Фактычна на прыкладзе Карпянкова і ягонага атачэння мы ўжо можам разглядзець сетку прарасійскіх агентаў уплыву, тую павуціну, якой яны актыўна аблытваюць Беларусь. На чале ж фонду «генерал» Карпянкоў паставіў асабліва даверанага чалавека — сваю даўнюю знаёмую Алу Веруш. Хто яна такая і чым можа быць цікавай? Падрабязна пра Алу Веруш — у відэа Паўла Латушкі, у тым ліку пра тое, як яна звязаная з Расіяй і рэпрэсіямі ў дачыненні да футбольных фанатаў і анархістаў, а таксама пра тое, якая яе роля ў развіцці канцэпцыі «экстрэмізму» ў Беларусі.

  • Польшча адкрытая да вырашэння праблемаў беларусаў з заменай пасведчанняў кіроўцы і рэгістрацыяй аўтамабіляў

    Такі адказ наша каманда атрымала ад Міністэрства інфраструктуры Польшчы на запыт, падрыхтаваны на падставе зваротаў актывістаў беларускай дыяспары. Многія беларусы, уцекачы ад рэпрэсій рэжыму Лукашэнкі, апынуліся ў складанай сітуацыі: у адных мінае тэрмін пасведчанняў кіроўцы, іншыя хацелі б легалізаваць свае транспартныя сродкі, якія маюць беларускія нумарныя знакі. Што пра гэта кажа польскае Міністэрства? Рэгістрацыя аўтамабіляў палякамі і замежнікамі — аднолькавая і рэгулюецца Законам аб дарожным руху. Для рэгістрацыі аўтамабіля няма неабходнасці зняцця з беларускага ўліку. Польскія ўлады не ствараюць для беларусаў перашкодаў для рэгістрацыі транспартных сродкаў, раней зарэгістраванага ў Беларусі, а наадварот — гатовыя пазітыўна вырашаць праблемы. Што тычыцца пасведчанняў кіроўцы, іх замена дазволена на працягу ўсяго іх тэрміну дзеяння. Акрамя таго, пасведчанні беларусаў не будуць дасылацца ў Беларусь, калі асоба мае статус уцекача ў Польшчы, прытулак, дадатковую абарону або ВНЖ па гуманітарных прычынах. Наша каманда даслала ў Мінінфраструктуры Польшчы дадатковыя прапановы, накіраваныя на выключэнне з ліку абавязковых дакументаў пацверджання сапраўднасці пасведчання кіроўцы. За такой даведкай беларусы вымушаныя звяртацца ў амбасаду рэжыму, што, на нашу думку, з'яўляецца недапушчальным. Калі вы сутыкнуліся з праблемамі замены пасведчанняў кіроўцы ці рэгістрацыі аўтамабіля за мяжой, або маеце прапановы — пішыце нам у чат-бот. Мы будзем і далей займацца вырашэннем праблем і спрашчэннем бюракратычных працэдур для беларусаў, таму просім звяртацца да нас у выпадку ўзнікнення якіх-небудзь праблемных сітуацый. Поўны адказ Міністэрства інфраструктуры Польшчы, які мы рэкамендуем выкарыстоўваць пры ажыццяўленні адпаведных працэдур, — ніжэй у прымацаваным файле.

  • Рэжым Лукашэнкі баіцца палітычнай альтэрнатывы

    Чалец кааліцыі «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"», юрыст Міхаіл Кірылюк пракаментаваў навіну аб тым, што супраць усіх удзельнікаў выбараў у КР распачатыя крымінальныя справы. «Кандыдатаў у КР абвінавачваюць у парушэнні 4 артыкулаў Крымінальнага кодэксу, у ліку якіх асабліва цяжкае злачынства, якое караецца мінімальным тэрмінам 8 гадоў, а максімальна — пажыццёвым зняволеннем або смяротным пакараннем. Мінімальна магчымы тэрмін на кожнага з улікам усіх артыкулаў па правілах ч. 2 арт. 72 — 13,5 гадоў. Агульны тэрмін — 3 469,5 гадоў на ўсіх. СК сцвярджае, што кожны з 257 удзельнікаў гэтай неверагодна велізарнай злачыннай групоўкі здзейсніў (ці паспрабаваў здзейсніць) мінімум чатыры склады злачынства: 1. Змова з мэтай захопу дзяржаўнай улады. Артыкул 357 КК. Асабліва цяжкае злачынства, пакаранне ўключае ў сябе турэмны тэрмін ад 8 да 25 гадоў, пажыццёвае зняволенне або смяротнае пакаранне. У першай частцы размова ідзе аб змове (ад 8 да 12 гадоў), у другой — аб захопе або ўтрыманні ўлады (ад 10 да 15 гадоў). Судзячы па фармулёўках, у першай частцы артыкула гаворка ідзе хутчэй аб падрыхтоўцы да захопу ўлады. Другая частка арт. 357 КК сфармуляваная так, што яе лагічна прымяняць, калі захоп улады ўжо адбыўся. Цяжка ўявіць пракурора, які будзе сцвярджаць, што Каардынацыйная рада, знаходзячыся ў выгнанні, ужо паспяхова захапіла ці ўтрымлівае ўладу ў Беларусі, і на гэтай падставе патрабуе частку 2 артыкула 357 КК. Аднак тое, што гэта абсурдна, не значыць, што мы гэтага не ўбачым. Трэцяя частка артыкула — самая цяжкая, прадугледжвае такія выключныя меры пакарання, як пажыццёвае зняволенне або пакаранне смерцю, у якасці ўмоў прымянення называе такія наступствы незаконнага захопу або ўтрымання ўлады, як гібель людзей або забойства. На мой погляд, дадзены артыкул падыходзіць Лукашэнку ў якасці арганізатара, а таксама шматлікім супрацоўнікам яго пракуратуры, СК, МУС і іншых саўдзельнікаў. Яны самі гэта добра разумеюць, што і з'яўляецца прычынай такой нервовасці, з якой яны рэагуюць на любыя ініцыятывы, якія гэта выкрываюць. 2. Наступны пункт абвінавачання — заклікі да мераў абмежавальнага характару, артыкул 361 КК. Цяжкае злачынства, якое не мае аналагаў у міжнародным праве, прыдуманае паплечнікамі Лукашэнкі пасля таго, як яны парушылі арт. 357 КК і шэраг іншых у 2020 годзе. Улады Лукашэнкі хацелі б сажаць за гэта на тэрмін да 12 гадоў. Негвалтоўнае злачынства, пакаранне за якое супастаўнае з пакараннем за забойства. Такія тэрміны сведчаць аб тым, наколькі рэальна дзейсныя санкцыі. Няёмка павінны адчуваць сябе кандыдаты ў КР, якія выступаюць супраць санкцый, але патрапілі пад артыкул. Магчыма для іх надыйшоў час перагледзець свае погляды на тое, якія метады барацьбы Лукашэнка распазнае як сапраўдную пагрозу. 3. Наступны артыкул 361-1 КК — стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або ўдзел у ім. Яшчэ адна вынаходка Лукашэнкі для барацьбы з іншадумствам. Цяжкае злачынства, артыкул у залежнасці ад часткі прадугледжвае пакаранне ад паўгода да 10 гадоў пазбаўлення волі. Артыкул сфармуляваны нязграбна. Па тэксце артыкула экстрэмізмам называюць рэабілітацыю нацызму". А ў дадатках да артыкула — "злачынствы па матывах расавай, нацыянальнай, рэлігійнай, палітычнай, ідэалагічнай варожасці ці варожасці ў адносінах да якой-небудзь сацыяльнай групы". Выкарыстанне артыкула паказвае, што адзіная група, інтарэсы якой абараняе гэты артыкул КК — саўдзельнікі Лукашэнкі. 4. Апошні пункт — садзейнічанне экстрэмісцкай дзейнасці, артыкул 361-4 КК. Цяжкае злачынства, пакаранне да 7 гадоў. Па гэтым артыкуле ў Беларусі пераследуюць тых, хто дапамагае палітвязням. У кожнага кандыдата ў КР ёсць падставы для гонару. Яшчэ не пачатую працу кваліфікавалі аналагічна як і адпраўку палітвязням грошай і збор перадач. Мы ідзем ў КР менавіта для таго, каб дапамагаць палітвязням і дамагчыся іх свабоды. У чымсьці СК мае рацыю. Антылукашэнкаўская змова існуе. І ў ёй удзельнічае большасць беларусаў».

  • Трыбунал над Лукашэнкам

    Адной з ключавых задач, якую кааліцыя «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"» ставіць перад сабой — гэта забеспячэнне адказнасці за міжнародныя злачынствы Лукашэнкі. У цяперашні час міжнароднымі і беларускімі экспертамі, у прыватнасці НАУ, вядзецца актыўная праца па забеспячэнні міжнароднага правасуддзя ў дачыненні да беларускага дыктатара і ягоных памагатых. Гэта працяглы працэс, які патрабуе сур'ёзных чалавечых і фінансавых рэсурсаў. Мы працягнем актыўна палітычна прасоўваць гэты кірунак, але гэта не азначае, што для рэабілітацыі ахвяр рэпрэсій у Беларусі нічога нельга зрабіць ужо цяпер. Пасля фармавання новага складу Каардынацыйнай рады мы маем намер прыкласці неабходныя намаганні для стварэння Народнага трыбунала за найбольш сурʼёзныя злачынствы, учыненыя ў Беларусі. Гэта адна з першых ініцыятыў, якую мы плануем ініцыяваць у Каардынацыйнай радзе. Ці былі такія трыбуналы раней? Народныя трыбуналы не з'яўляюцца чымсьці новым. Яны былі створаны і паспяхова функцыянуюць у сітуацыях, калі міжнароднае правасуддзе мае абмежаваны патэнцыял або немагчыма ў цэлым. Што гэта такое? Народныя трыбуналы зʼяўляюцца формай нізавога правасуддзя і прымаюць форму трыбуналаў, арганізаваных грамадзянскай супольнасцю. Яны, наколькі гэта магчыма, прытрымліваюцца ўсіх прынятых стандартаў працэсуальных нормаў, прадстаўляюць высакаякасны юрыдычны аналіз, кансультацыі і могуць быць мадэллю ўжывання юрыдычна абавязковага правасуддзя. Фармальна рашэнні такіх трыбуналаў не маюць юрыдычна абавязковай сілы. Яны чэрпаюць сваю сілу з публічнага характару разбору, ад яго ўдзельнікаў (аўтарытэтнасці і кваліфікаванасці суддзяў, экспертаў) і празрыстасці, цэласнасці і сумленнасці працэдур. Для чаго неабходны Народны трыбунал па Беларусі? Галоўныя мэты: грамадская рэабілітацыя ахвяр злачынстваў і частковае папаўненне іх запыту на справядлівасць; пашырэнне правоў і магчымасцяў ахвяр для дакументавання іх сведчанняў; выяўленне асоб, якія ўчынілі адпаведныя злачынствы і стварэнне ўмоў для іх хутчэйшага прыцягнення да крымінальнай адказнасці ў будучыні; фарміраванне фонду легітымных доказаў учыненых злачынстваў; павышэнне дасведчанасці грамадскасці аб учыненых злачынствах. Якія злачынствы могуць разглядацца праз Народны трыбунал? Фармальных абмежаванняў не існуе. Мы накіраваны на тое, каб такі трыбунал займаўся злачынствамі супраць чалавечнасці, якое здзяйсняецца ў Беларусі. Лукашэнка адкажа за ўсе злачынствы перад беларускім народам. Вынікі працы Трыбунала будуць ціскам на сістэму Лукашэнкі, садзейнічаць расколу элітаў. Яны таксама ўвойдуць у гісторыю і стануць спадчынай для нашай нацыі, каб ніколі падобнага не паўтаралася на беларускай зямлі. Кааліцыя «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"» ініцыюе стварэнне дадзенага трыбунала пасля фарміравання новага складу Каардынацыйнай рады.

  • Мы не абяцаем, мы робім

    Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол Лідар кааліцыі «Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду"» падчас «Вялікай палітычнай канферэнцыі 2024» па выбарах у Каардынацыйную раду адказаў на пытанне пра «пасады». «Гэта не пасады, гэта — адказнасць. Чарговыя крымінальныя справы, чарговыя рызыкі. Калі мы ідзем у Каардынацыйную раду, мы ідзем з багажом таго, што ўжо зрабілі. Мы хочам зрабіць больш. Калі вы хочаце, каб быў выдадзены ордар на арышт Лукашэнкі, галасуйце за нас. Калі вы хочаце, каб была перададзена сітуацыя па Беларусі па злачынствах супраць чалавечнасці, галасуйце за нас. Калі вы хочаце, каб адна з краінаў свету падала заяву ў Міжнародны суд ААН аб злачынствах і гвалту, якія ў Беларусі, галасуйце за нас. Калі вы хочаце, каб папаўняліся спісы адказных у персанальных санкцыях, падтрымлівайце нас. Мы ідзем дзейнічаць і за гэта атрымліваем шантаж ад КДБ, пагрозы, крымінальныя справы. Я хачу яшчэ раз звярнуцца да ўсіх: мы павінны зразумець у якой складанай сітуацыі знаходзяцца ўсе тут прысутныя і таксама выбаршчыкі. З аднаго боку мы вядзем барацьбу за галасы беларусаў і гэта нармальна для кожнай выбарчай кампаніі. З другога боку — мы бачым, што рэжым аб'явіў адкрытую вайну ўсім тым, хто ідзе супраць яго. Хто стварае альтэрнатыву. І адначасова ён робіць усё, каб дэматываваць беларусаў, зрабіць ім максімальныя пагрозы, каб яны не прынялі ўдзел у гэтых выбарах. Гэта вельмі спецыфічная, асаблівая кампанія. Тут ніхто не ідзе за пасадамі. Тут людзі, якія ідуць весці барацьбу. Я з вялікай павагай стаўлюся да ўсіх кандыдатаў. Галоўнае, каб мы зразумелі, што зараз вырашаецца лёс Беларусі. Мы можам апынуцца Паўночнай Карэяй, калі будзе занавес, калі не будуць працаваць памежныя пераходы, калі не будуць выдавацца візы. Гэта крытычны момант для будучыні нашай дзяржавы, нашай нацыі. Таму важна прагаласаваць. Нішто не павінна вырашацца за нас без нас». Мы ідзем за пасадамі? «Гэта не пасады, гэта — адказнасць. Чарговыя крымінальныя справы, чарговыя рызыкі. Калі мы ідзем у Каардынацыйную раду, мы ідзем з багажом таго, што ўжо зрабілі. Мы хочам зрабіць больш. Калі вы хочаце, каб быў выдадзены ордар на арышт Лукашэнкі, галасуйце за нас. Калі вы хочаце, каб была перададзена сітуацыя па Беларусі па злачынствах супраць чалавечнасці, галасуйце за нас. Калі вы хочаце, каб адна з краінаў свету падала заяву ў Міжнародны суд ААН аб злачынствах і гвалту, якія ў Беларусі, галасуйце за нас. Калі вы хочаце, каб папаўняліся спісы адказных у персанальных санкцыях, падтрымлівайце нас. Мы ідзем дзейнічаць і за гэта атрымліваем шантаж ад КДБ, пагрозы, крымінальныя справы. Я хачу яшчэ раз звярнуцца да ўсіх: мы павінны зразумець у якой складанай сітуацыі знаходзяцца ўсе тут прысутныя і таксама выбаршчыкі. З аднаго боку мы вядзем барацьбу за галасы беларусаў і гэта нармальна для кожнай выбарчай кампаніі. З другога боку — мы бачым, што рэжым аб'явіў адкрытую вайну ўсім тым, хто ідзе супраць яго. Хто стварае альтэрнатыву. І адначасова ён робіць усё, каб дэматываваць беларусаў, зрабіць ім максімальныя пагрозы, каб яны не прынялі ўдзел у гэтых выбарах. Гэта вельмі спецыфічная, асаблівая кампанія. Тут ніхто не ідзе за пасадамі. Тут людзі, якія ідуць весці барацьбу. Я з вялікай павагай стаўлюся да ўсіх кандыдатаў. Галоўнае, каб мы зразумелі, што зараз вырашаецца лёс Беларусі. Мы можам апынуцца Паўночнай Карэяй, калі будзе занавес, калі не будуць працаваць памежныя пераходы, калі не будуць выдавацца візы. Гэта крытычны момант для будучыні нашай дзяржавы, нашай нацыі. Таму важна прагаласаваць. Нішто не павінна вырашацца за нас без нас». Што нам застаецца рабіць? Міхаіл Кірылюк выступіў на «Вялікай палітычнай канферэнцыі 2024». «Што застаецца беларусам, калі мірны пратэст немагчымы і для ваеннага супрацьстаяння няма рэсурсаў? Сядзець і чакаць пакуль два дыктатары памруць? Мы абавязаны рабіць усё, каб набліжаць свабодную Беларусь. Нас пераконваюць, што трэба паслабляць ціск. Мы лічым, што трэба не паслабляць, а ўзмацняць ціск. Калі паслабім — гэта дапаможа толькі Крамлю і Лукашэнку, але не палітвязням. Палітвязні — тыя людзі, якія стварылі максімальную пагрозу для Лукашэнкі за ўсе 30 гадоў. Ён не выпусціць іх калі мы будзем паслабляць ціск. На доўгай дыстанцыі Расія прайграе. На доўгай дыстанцыі гэта бітва эканомік. Хутка здарыцца так, што мы апынемся ў той сітуацыі, у якой апынуўся Савецкі саюз у 1991 годзе. Тады на развал СССР уплывалі санкцыі, вайна ў Афганістане, дрэнная эканоміка і тое, што народ не верыў у магчымасць добрай будучыні. Зараз мы маем тыя ж фактары, толькі Расія ў шмат разоў слабей. Але таксама мы апынемся ў той сітуацыі, калі Беларусь будзе вольная. Калі тыя, хто зараз за кратамі, змогуць выйсці на волю. Мы зможам стварыць дэмакратычны парламент. Гэта будзе пачатак новай гісторыі». Нічога пра нас без нас Юрый Губарэвіч выступіў на «Вялікай палітычнай канферэнцыі 2024». «Для беларусаў выбары ў Каардынацыйную раду — гэта дастаткова сурʼёзны іспыт на сталасць як нацыі. На тое, каб паказаць усяму свету, што праблемы беларусаў існуюць рэальна, што яны патрабуюць вырашэння і дапамогі. Што вырашэнне гэтых праблем залежыць не толькі ад нас саміх, але і ад міжнароднай супольнасці, якая дэкларуе дэмакратычныя каштоўнасці і жаданне следаваць гэтым каштоўнасцям. Беларусы ўжо не адзін раз засведчылі, што яны здольныя да салідарнасці. Напрыклад, збор у падтрымку палітвязняў, які адбыўся ў мінулым годзе, калі літаральна за дзень была сабраная аграмадная сума. Людзі адгукнуліся з розных краінаў. Яны змаглі прыняць удзел, яны пералічвалі сродкі. Гэтыя грошы паказалі, што беларусы здольныя дапамагаць адзін аднаму. У праграме кааліцыі "Каманда Латушкі і Рух "За Свабоду" ёсць канкрэтныя пункты аб тым, што трэба рабіць дзеля таго, каб інтарэс да беларусаў не знікаў і каб гэты інтарэс павялічваўся. Перад усім гэта тэзіс "Нічога пра нас без нас". Важным з'яўляецца дэклараванне беларусамі еўрапейскага выбару, падтрымка Украіны, стварэнне групы стратэгічных партнёраў Беларусі, а таксама міжпарламенцкае супрацоўніцтва. Усё гэта прысутнічае ў нашай праграме. Беларусы мусяць быць пачуты на ўсіх узроўнях, на ўсіх міжнародных сустрэчах, на самітах, дзе падымаюцца пытанні беларусаў. І роля Каардынацыйнай рады таксама будзе выключна важная». Як мы можам вызваліць палітвязняў? Алег Кулеша выступіў на «Вялікай палітычнай канферэнцыі 2024». Мы павінны зрабіць дзейсную, нармальную Каардынацыйную раду, якая павінна данесці ўсяму сусветнаму грамадству наступнае: вызваленне нашых палітвязняў не можа адрознівацца ад вызвалення тэрыторыі нашай краіны, таму што яна захопленая. Суадносна, вызваліць палітвязняў немагчыма, пакуль не вызвалім краіну. Што для гэтага трэба зрабіць? Для гэтага трэба дзейсна прыкласці ўсе намаганні і высілкі гэтай Каардынацыйнай рады, каб міжнароднае грамадства ўпершыню прыняла санкцыі супраць таго, што выконваецца рабская праца ў зонах палітвязнямі і вынікі гэтай працы ідуць на ўзбраенне Расійскай Федэрацыі. Цяжкім пытаннем з'яўляецца прызнанне палітзняволенымі. Гэта ўсё давядзе да таго, што ў нас не будзе палітвязняў. Рэжым пачне садзіць усіх на «хатнюю хімію» і што мы будзем рабіць? «Хатняя хімія» зараз такая ж цяжкая, як і зона. Людзей даводзяць да шаленства. Яны кожную хвіліну жывуць пад прэсінгам і разуменнем, што заўтра да іх прыйдуць за тую ж самую лыжачку, альбо не так ляжачую паперку ў доме. Перавядуць на іншы рэжым і ты паедзеш на зону. Каардынацыйная рада павінна данесці ўсяму свету, што палітвязняў у Беларусі болей, чым 1.5 тысячы. У прымацаваным відэа можна падрабязней паглядзець пра праблемы, з якімі сутыкаюцца палітвязні, пра канцэпцыю іх рэабілітацыі, а таксама пра стаўленне грамадства да палітвязняў, якія былі рэпрэсаваныя да 2020 года.

bottom of page