top of page

Пошук па сайце

Search this site

1023 results found with an empty search

  • Лукашэнка пачаў рыхтавацца да выбараў

    Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол Пасля Новага года дыктатар вырашыў выдаткаваць больш часу на алкаголь — менавіта такую выснову можна зрабіць, азнаёміўшыся з новымі папраўкамі ў закон аб рэкламе. Новаўвядзенні, падпісаныя дыктатарам, павялічваюць час на рэкламу піва, слабаалкагольных напояў, ігральных устаноў і азартных гульняў. А вось рэклама навучання і працаўладкавання за мяжой — цяпер знаходзіцца пад забаронай. Чым жа выкліканая такая цікавасць дыктатара да алкаголю і адначасова з гэтым агіда да адукацыі? На каго нацэленыя папраўкі і каму яны выгадныя? Мы азнаёміліся з папраўкамі Лукашэнкі і раскажам, да чаго прыводзіць «злоўжыванне» дыктатара алкаголем. Першыя дні студзеня ў Беларусі спалучаныя з новым «наступам» папраўкамі па законах. І Лукашэнка ў гэтым пытанні відавочна «перабраў». Гэтым разам дыктатар пераадольвае барацьбу з ведамі. Чым так не дагадзіла адукацыя за мяжой дыктатару — не складана здагадацца. Але цяпер спробы абмежаваць доступ беларусаў да ведаў сталі тэндэнцыяй. Напрыклад, нядаўна «анансавана» прызнанне Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта «экстрэмісцкай арганізацыяй», а цяпер рэжым абмежаваў рэкламу атрымання адукацыі за мяжой. І гэтыя дзеянні паказваюць стаўленне рэжыму да адукацыі беларусаў. Інвеставаць у адукацыю для Лукашэнкі — нявыгадна. Не выгадна, каб адукаваныя людзі разбіраліся ў эканоміцы і праве, сацыялогіі і дзяржкіраванні, бо такія людзі лепш разумеюць, наколькі правальная палітыка рэжыму. І менавіта адукаваных людзей пераканаць у гэтым складаней за ўсё. Дарэчы, успомнілася мне гісторыя: калі я быў яшчэ навучэнцам школы, мне паступіла запрашэнне з Сан-Францыскага каледжа для таго, каб паступіць на навучанне ў гэты каледж у Злучаныя Штаты Амерыкі. І тады мне ўдалося перадаць ліст сакратару цэнтральнага камітэта кампартыі Беларусі, якая тады рэальна кіравала ў краіне, здаецца, гэта быў таварыш Сакалоў. Пасля гэтага мяне выклікалі да загадчыка аддзела міжнародных адносін цэнтральнага камітэта кампартыі. Я памятаю, перада мной сядзеў пажылы чалавек у акулярах і з такой цікаўнасцю, але з негатывам спытаў: «А навошта вам ехаць вучыцца ў Злучаныя Штаты Амерыкі? Я думаю, што ў нашай краіне вы зможаце атрымаць годную адукацыю». І, вядома ж, мне адмовілі ў праве паехаць вучыцца ў ЗША. Ну што ж, гісторыя паўтараецца, цяпер паўтараецца ўжо ў перыяд кіравання рэжыму Лукашэнкі. Рэжым разумее, што замежныя краіны зацікаўленыя ў высокакваліфікаваных кадрах з Беларусі — і гэта наступная праблема, з якой апошнім часам сутыкнуўся рэжым. І менавіта ў гэтыя кваліфікаваныя кадры не трэба інвеставаць сродкі для атрымання імі досведу і адукацыі. Але рэжым, як і звычайна, вырашае праблему самым простым і ўжо звыклым шляхам: забараніць, абмежаваць, закрыць, робячы пры гэтым прынцыповую памылку — забароны не павышаюць прывабнасць краіны для спецыялістаў, а забіваюць яе; абмежаванні не ствараюць матывацыю заставацца ў краіне, а зніжаюць яе. Наступ на сферу ведаў адбыўся і ў іншых кірунках: па дадзеных СМІ, за снежань-студзень у Беларусі зачынілі каля 10 школ польскай мовы. Сілавікі правялі ператрусы, некалькі выкладчыкаў і дырэктараў устаноў затрымалі. Масавае наступленне на школы замежных моў — яшчэ адна тэндэнцыя. І ўзнікаюць відавочныя пытанні: ці ёсць прававыя падставы зачыняць школы? З якой мэтай гэта робіцца? Дарэчы, тут таксама ўспамінаецца гісторыя. Калі я быў паслом Беларусі ў Францыі, мы прапаноўвалі — гэта была ініцыятыва перш за ўсё французскага боку — адкрыць французскі інстытут у Мінску, які займаецца прадстаўленнем французскай культуры ў замежных дзяржавах. Дагэтуль у Беларусі французскага інстытута не было, не існавала прадстаўніцтва гэтай важнай арганізацыі. Тады дайшло да таго, што дзве дакладныя, якія былі напісаныя Лукашэнку, атрымалі адмоўны адказ. І Кабякоў, Андрэй Кабякоў, будучы ў той момант кіраўніком адміністрацыі, сабраў цэлую нараду. На гэтай нарадзе прысутнічалі міністр адукацыі, міністр культуры, старшыня КДБ, намеснік міністра замежных спраў, шэраг іншых чыноўнікаў, у тым ліку прысутнічаў і я. І ў ходзе абмеркавання мэтазгоднасці адкрыцця прадстаўніцтва французскага інстытута ў Мінску адзін з высокапастаўленых чыноўнікаў — гэта быў, мне здаецца, спадар Бараноўскі, былы пасол Беларусі ў Літве — сказаў: «Дык гэта што, французы плануюць адкрыць курсы па вывучэнні французскай мовы для беларусаў, а ў наступным гэта азначае, што беларусы з'едуць у Францыю?» На што я парыраваў на гэтай нарадзе аўтару гэтай тэзы: «Давайце забаронім вывучэнне і англійскай мовы, інакш усе паедуць у Злучаныя Штаты Амэрыкі». Да якога вар'яцтва можа дайсці рэжым — мы з вамі бачым у тым ліку і сёння. Барацьба рэжыму з «уцечкай мазгоў» ажыццяўляецца па ўсіх франтах — і на ўсіх франтах у самога рэжыму страты. Асаблівае значэнне ў гэтым займае прапаганда. Інфармацыйная барацьба з Польшчай, куды пераехала значная частка беларускага айці-сектара, набыла сістэмны характар. Паглядзіце, як выглядае ў вачах рэжымнай прапаганды Польшча. Прадстаўнікі рэжыму думаюць, што прапагандысцкі наступ на заходнія краіны палепшыць становішча адукацыі ў Беларусі, зробіць яго больш прывабным. Але гэта зусім не так. Перасцерагаючы беларусаў ад атрымання адукацыі за мяжой, рэжым зусім не клапаціцца аб павышэнні якасці адукацыі ў Беларусі. І таму ёсць свае пацверджанні: яшчэ некалькі гадоў таму найбуйнейшая беларуская ВНУ — Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт — пры любым зручным выпадку не абмінаў магчымасці нагадаць пра знаходжанне ў спісе 300 лепшых універсітэтаў свету. Безумоўна, не на самых высокіх пазіцыях, але ў знаходжанні ў аўтарытэтным спісе QS World University Rankings — і гэта не аспрэчвалася. Праўда, сітуацыя кардынальна змянілася ў 2023 годзе, калі БДУ апусціўся ў рэйтынгу адразу на 100 пазіцый — з 288-га месца на 387-ае. Прычына гэтага падзення абумоўленая сярод іншага зніжэннем міжнароднага навуковага супрацоўніцтва — перашкодай для беларускай сістэмы вышэйшай адукацыі, якую стварае сам рэжым Лукашэнкі. Асабліва камічна ў гэтай сітуацыі выглядае павелічэнне рэкламы алкаголю. Зразумела, што рэжыму ў год перад выбарамі адчайна патрэбныя грошы. І прадстаўнікі рэжыму разумеюць, што любая рэклама стымулюе попыт на прадукт, а значыць, спрыяе росту даходу кампаній, якія плацяць у бюджэт краіны акцызы. А тыя самыя акцызы з 1 студзеня 2024 года ў Беларусі павышаныя. Акцызы ўлічаныя ў кошце тавараў, таму чакаецца, што неўзабаве названыя тавары падаражэюць. І для рэжыму гэта яшчэ адна крыніца папаўнення бюджэту. Таму попыт на іх рэжым вырашыў павышаць шляхам павелічэння аб'ёму рэкламы. Дзеля справядлівасці: любая дзяржава папаўняе бюджэт за кошт акцызаў. Але ёсць нюанс. Далёка не любая дзяржава раздзімае сілавы апарат, вылучаючы на яго велізарныя бюджэты, мэта якіх толькі адна — забяспечыць захаванне ўлады нелегітымным дыктатарам; не кожная дзяржава мае патрэбу ў аплаце працы лабістаў адмовы ад санкцый — таму што, як мінімум, далёка не ў дачыненні да кожнай дзяржавы ўводзяцца санкцыі; далёка не любая дзяржава вылучае велізарныя сродкі на працу рэпрэсіўнай машыны. Грошы, якімі папоўніцца бюджэт Беларусі, пойдуць не на дапамогу тым, хто мае патрэбу, і малазабяспечаным сем'ям — рэжым яны не хвалююць. Гэтаму ёсць маса прыкладаў. Напрыклад, такое спакойнае развітанне са спыненым фінансаваннем Беларускага Чырвонага Крыжа замежнымі донарамі — гэтаму пацвярджэнне. Беларускае аддзяленне найбуйнейшай міжнароднай гуманітарнай арганізацыі пазбавілася фінансавання з-за адмовы генсека Шаўцова пакінуць сваю пасаду з-за грубага парушэння прынцыпаў руху. Толькі адзін прадстаўнік рэжыму — спадар Шаўцоў — каштаваў беларусам некалькіх мільёнаў даляраў замежнай дапамогі на гуманітарныя патрэбы. І гэта ў той час, калі той жа рэжым ліквідуе арганізацыі грамадзянскай супольнасці, у тым ліку дабрачынныя і гуманітарныя. А колькі каштуюць беларусам сілавікі, якія працягваюць ладзіць у краіне бязмежны тэрор, мучаць і ламаць лёсы сотням тысяч беларусаў? Колькі каштуе абслугоўванне рэжыму і рэпрэсіўнага апарата? Колькі каштуе нам сам Лукашэнка? Адказ адназначны: Лукашэнка абыходзіцца беларусам занадта дорага. Як жа ў гэтай сітуацыі растлумачыць беларусам, што ўсе гэтыя выдаткі ідуць на «добрыя» намеры? Правільна: павялічыць яшчэ адзін артыкул выдаткаў дзяржаўнага бюджэту — выдаткі на прапаганду. І на антыпольскія наратывы на ТБ, на піяр-кампанію па размяшчэнні ядзернай зброі ў краіне, на рэстаўрацыю іміджу дыктатара, нам, паважаныя беларусы, таксама прыйдзецца «скінуцца». Бо Азаронка, які крычыць мацюкамі — і гэта яшчэ мякка кажучы — з экранаў дзяржаўнага тэлебачання, таксама трэба карміць. Прапаганда — інструмент, які выкарыстоўваецца рэжымам для таго, каб людзі не заўважалі выразныя і адназначныя рэчы, якія адбываюцца ў краіне. Менавіта прапаганда гатовая абгрунтоўваць і забойства мірных пратэстоўцаў у 2020 годзе, і закрыццё школ, і прызнанне ўніверсітэтаў экстрэмістамі, і ваенныя злачынствы Лукашэнкі. Але рэжым павінен памятаць: апраўдання прапаганды ніяк не выключаюць адказнасць самога Лукашэнкі за ягоныя дзеянні і ягоных саўдзельнікаў. Беларускія дэмакратычныя сілы рэжымная прапаганда часта абвінавачвае ў тым, што яны займаюцца дэструктыўнай дзейнасцю. Гэта стары прапагандысцкі прыём — абвінаваціць апанента ў тым, у чым ты сам па вушы замяшаны, нанесці «папераджальны ўдар». І ў той час, калі ў Беларусі зачыняюцца беларускамоўныя выдавецтвы, у той час калі прыцясняецца беларуская мова і культура, у той час, калі з браслаўскага Музея традыцыйнай культуры пасля хапуна звольнілі 7 чалавек, у Варшаве працягвае актыўную дзейнасць Музей Вольнай Беларусі — праект каманды Народнага анткыкрызіснага ўпраўлення. За 2023 год ў музеі праведзена больш за 150 культурна-адукацыйных мерапрыемстваў, удзельнікамі якіх сталі больш за 8,5 тысяч чалавек. У той час, як у Беларусі зачыняюцца прыватныя школы і забараняецца рэклама замежнай адукацыі, за мяжой актыўна дзейнічае праграма «Кадравы рэзерв Новай Беларусі», якая дазваляе падрыхтаваць адукаваных і дасведчаных прафесіяналаў для працы ў Новай Беларусі. У той самы час, калі рэжым прызнае «экстрымісцкай» установу вышэйшай адукацыі, дэмакратычнымі сіламі Беларусі распрацоўваецца праект Беларускага Нацыянальнага ўніверсітэта ў Варшаве. Дык хто экстрэміст? Хто праводзіць дэструктыўную дзейнасць? І ў той час, як Лукашэнка пашырае рэкламу алкаголю, павышае акцызы для папаўнення свайго бюджэту, мы хочам, каб нашыя дзеці атрымалі добрую адукацыю, мы хочам, каб беларусы былі добрымі спецыялістамі, а беларускія ВНУ шанаваліся ва ўсім свеце. Мільёны беларусаў хочуць, каб у краіну вярнуўся закон, а палітычныя зняволеныя — тысячы нявінных людзей, якія выступілі супраць гвалту і несправядлівасці ў Беларусі — былі выпушчаныя. І гэты наш пазітыўны парадак дня. А што ж прапануе беларусам рэжым?

  • Беларусы Падляшша гатовыя рабіць унёсак у будучыню дэмакратычнай Беларусі

    Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол Вырашэнне актуальных праблем беларусаў за мяжой у фокусе ўвагі дэмакратычных сіл Беларусі. Працягваецца рабочая паездка намесніка кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі ў Падляскае ваяводства. 16 студзеня адбылася сустрэча з новым ваяводам Падляскага ваяводства Яцэкам Бжазоўскім — прадстаўніком урада Польшчы ў дадзеным рэгіёне краіны. Падчас сустрэчы Павел Латушка ініцыяваў абмеркаванне праблемных пытанняў легалізацыі беларусаў, якія вымушана пакідаюць тэрыторыю Беларусі і цяпер пражываюць у Польшчы. Гэтыя пытанні закранаюцца беларусамі падчас сустрэч з прадстаўнікамі Аб'яднанага Пераходнага Кабінета і каманды НАУ. Падчас сустрэчы акцэнтавана ўвага на: пытаннях апастылявання дакументаў, у тым ліку магчымасці выкарыстання дамовы аб прававой дапамозе з мэтай пазбегнуць неабходнасці прастаўлення апастылю на дакументах, якія прадастаўляюцца ў органы дзяржаўнай улады і кіравання Польшчы; праблемах з выдачай польскага праязнога дакумента (dokument podróży) і падаўжэнні яго тэрміну дзеяння да 3 гадоў, а таксама магчымасці выдачы дадзенага дакумента для дзяцей беларусаў, якія нарадзіліся на тэрыторыі Польшчы; афармленні запрашэнняў ад грамадзян Беларусі, якія пражываюць на тэрыторыі Польшчы, для атрымання польскіх віз; пытаннях беларускамоўнай адукацыі ў ваяводстве для беларускай этнічнай меншасці і дыяспары, функцыянаванні ліцэяў з дадатковым вывучэннем беларускай мовы ў Гайнаўцы і Бельску Падляскім, а таксама магчымасці стварэння беларускамоўных школ выхаднога дня для беларускіх дзяцей; пытаннях функцыянавання Цэнтра беларускай культуры, які ствараецца ў Беластоку; пытаннях функцыянавання польска-беларускай мяжы, у тым ліку ў кантэксце правядзення рэжымам Лукашэнкі гібрыднай вайны з выкарыстаннем нелегальных мігрантаў у дачыненні да краін-членаў Еўрапейскага саюза, якія з'яўляюцца суседзямі Беларусі. Дасягнута дамоўленасць з ваяводам Падляскага ваяводства аб прыняцці на яго ўзроўні неабходных дзеянняў з мэтай вырашэння праблем, якія ўзнікаюць у беларусаў. Адначасова з гэтым абагульнены матэрыял будзе накіраваны ў працоўную групу, створаную паміж Міністэрствам унутраных спраў Польшчы і Аб'яднаным Пераходным Кабінетам, для выпрацоўкі рашэнняў праблемных пытанняў. Павел Латушка падчас сустрэчы падзякаваў за канструктыўнае стаўленне ўладаў рэгіёну да праблем беларусаў і падтрымкі беларускай этнічнай меншасці, а таксама адзначыў гатоўнасць Аб'яднанага Пераходнага Кабінета працягваць супрацоўніцтва. Павел Латушка адзначыў, што новыя дэмакратычныя ўлады ў Беларусі зробяць усё магчымае для забеспячэння правоў польскай этнічнай меншасці ў Беларусі, іх права на вывучэнне польскай мовы і развіццё польскай культуры ў адпаведнасці з усімі міжнароднымі стандартамі. Павел Латушка таксама правёў сустрэчы з Архіепіскапам Беластоцкім і Гданьскім Польскай аўтакефальнай праваслаўнай царквы Якавам; кіраўніцтвам Беларускага саюза ў Польшчы, які прадстаўляе беларускую этнічную меншасць; кіраўніцтвам «Радыё Рацыя» і тыднёвіка беларусаў у Польшчы «Ніва»; вядомымі прадстаўнікамі беларускай этнічнай меншасці Яўгенам Вапам, Алегам Латышонкам, арганізатарам фестывалю «Тутака» Паўлам Станкевічам і дырэктарам Цэнтра беларускай культуры Анатолем Вапам. Напярэдадні ў беларускім хабе «Новая Зямля» таксама адбылася двухгадзінная сустрэча з прадстаўнікамі беларускай дыяспары ў Беластоку, у межах якой Павел Латушка адказаў на пытанні пра ўнутраную сітуацыю ў Беларусі, выбары ў Каардынацыйную Раду, дапамогу і вызваленне палітвязняў, санкцыйны ціск і іншыя пытанні. Важна адзначыць, што ў ходзе сустрэчы беларусы ў першую чаргу закранулі пытанні магчымых дзеянняў з іх боку для таго, каб змяніць сітуацыю ўнутры Беларусі і спрыяць больш хуткаму вяртанню на Радзіму. Гэта падкрэслівае матывацыю беларускай дыяспары, якая пражывае ў Падляскім рэгіёне, да садзейнічання дэмакратычным зменам у Беларусі.

  • Саветы дэпутатаў павінны абірацца народам

    Намеснік кіраўніка НАУ Арцём Брухан у размове з адказным у НАУ за рэгіянальнае развіццё Юрыем Губарэвічам на канале «Кадравы рэзерв» пра асаблівасці працы ў мясцовых органах улады. Падчас працы ў мяне склалася ўражанне, што абласны Савет дэпутатаў — гэта па сутнасці філіял аблвыканкаму. У якім сэнсе? Напрыклад, Савет павінен зацвердзіць бюджэт. І не дэпутаты гэты бюджэт ствараюць і распісваюць. Абласны бюджэт, напрыклад, па культуры ствараецца ўпраўленнем культуры — і так робіцца ў кожным упраўленні. Потым фінансавае ўпраўленне яго зацвярджае і толькі потым можна ісці з гэтым рашэннем у Савет дэпутатаў. То бок праект рашэнння Савета дэпутатаў рыхтуецца ў органе выканаўчай улады. Гэта нонсэнс, але так і ёсць. Канешне, можа знайсціся нейкі смелы чалавек, які скажа: «Слухайце, тут вось нешта трэба змяніць». Фармальна — яны могуць. Але хто гэта будзе рабіць? Яны ж там сядзяць не для гэтага, а каб падпісаць, падмахнуць, прагаласаваць, націснуць кнопку — і ўсё. Што варта памяняць? Галоўнае, каб абласны Савет дэпутатаў стаў рэальна выбарчым органам, які ўплывае на працу выканаўчай улады. Аблвыканкам як выканаўчы орган улады не будзе мяняць сутнасці, пакуль дэпутаты не абіраюцца народам, не даюць справаздачы перад народам, а выконваюць функцыі «ківал».

  • Падляскае ваяводства падтрымлівае развіццё беларускай культуры

    Легалізацыя беларускага бізнесу, адкрыццё Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку, вырашэнне праблем беларускай дыяспары ў Польшчы — асноўныя тэмы, закранутыя ў рамках сустрэчы намесніка кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі з маршалкам Падляскага ваяводства Артурам Касіцкім, якая адбылася 15 студзеня ў Беластоку. Падчас сустрэчы Павел Латушка падзякаваў за прынятае рашэнне аб адкрыцці Цэнтра беларускай культуры ў Беластоку і адзначыў значнасць дзейнасці такой арганізацыі. Акцэнтаваная важнасць прыняцця гэтай пастановы менавіта ўладамі Польшчы, што падкрэслівае запатрабаванасць стварэння беларускага культурнага інстытута ў рэгіёне і будзе спрыяць далейшаму развіццю беларускай культуры ў Падляскім ваяводстве. У ваяводстве гістарычна пражывае найбуйнейшая група этнічных беларусаў, якая ў апошнія гады пашырылася і дзясяткамі тысяч беларусаў, якія вымушана пакінулі Беларусь. Будучы паслом Беларусі ў Польшчы, Павел Латушка ў 2008 годзе адкрываў культурны цэнтр Беларусі ў Беластоку як дыпламатычную ўстанову, аднак у наступным рэжым Лукашэнкі прыняў рашэнне аб пераносе культурнага цэнтра ў Варшаву, гэты цэнтр практычна не функцыянуе. У бягучы момант створана юрыдычная асоба культурнага цэнтра і адкрыты разліковы рахунак. Маршалак праінфармаваў, што з бюджэту ваяводства сёлета плануецца вылучыць звыш 340 тысяч еўра на дзейнасць культурнага цэнтра. Цэнтр будзе ўзначальваць Анатоль Вап, прадстаўнік беларускай этнічнай меншасці ў Польшчы. Павел Латушка праінфармаваў аб тым, што ў Падляскім ваяводстве, паводле дадзеных польскай статыстыкі, дзейнічае 731 кампанія з беларускім удзелам — па дадзеным параметры ваяводства займае другое месца ў Польшчы. У адказ на прапанову Паўла Латушкі маршалак пацвердзіў зацікаўленасць у правядзенні асобнага мерапрыемства, арыентаванага на малы бізнес рэгіёна, для абмеркавання праблемных пытанняў, звязаных з легалізацыяй бізнесу, узаемадзеяння з банкаўскімі структурамі і іншых. У ходзе сустрэчы таксама былі абмеркаваныя пытанні выкарыстання сродкаў Еўрапейскага саюза, якія раней вылучаліся на трансгранічнае супрацоўніцтва Беларусі і Польшчы. У сувязі з дзеяннямі рэжыму Лукашэнкі гэтая фінансавая падтрымка была спыненая. Ваяводства звярнулася ў Еўрапейскую камісію з прапановай змяніць заканадаўства для таго, каб сродкі маглі быць выкарыстаныя на патрэбы рэгіёну і арыентаваныя на беларускую этнічную меншасць і дыяспару, якая пражывае тут, а таксама падтрымку культурных, эканамічных, сацыяльных, грамадскіх і іншых праектаў. Дасягнута дамоўленасць, што Аб'яднаны Пераходны Кабінет прапануе ў рамках кансультатыўнай групы «Беларусь-ЕС» падтрымаць дадзеную ініцыятыву мясцовых органаў улады. Падчас сустрэчы былі закранутыя пытанні адукацыі на беларускай мове і стыпендый выбітным дзеячам беларускай культуры, якія маглі б быць прафінансаваныя з сродкаў Падляскага ваяводства. Была атрымана папярэдняя згода маршалка ваяводства вылучыць такія сродкі ў сувязі з тым, што беларускія дзеячы культуры падвяргаюцца рэпрэсіям. Павел Латушка працягне прасоўванне дадзенага пытання сумесна з прадстаўніцай Аб'яднанага Пераходнага Кабінета па нацыянальным адраджэнні Алінай Коўшык. Дасягнута дамоўленасць аб тым, што маршалак будзе гатовы разгледзець прапанову аб правядзенні стажыровак у рамках праекта «Кадравы рэзерв для Новай Беларусі» ва ўпраўленні маршалка.

  • Электаральны цыкл даўжынёй у паўтары гады

    Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол 2024 год — гэта найважнейшы год у палітычным календары як для дыктатара Лукашэнкі, так і для дэмакратычна настроеных беларусаў. Справа ў тым, што ўжо сёння фактычна стартавала найдаўжэйшая электаральная кампанія ў Беларусі. 25 лютага ў Беларусі адбудзецца г. зв. адзіны дзень галасавання, а па сутнасці — г. зв. выбары ў мясцовыя органы ўлады і «парламент». Наша пазіцыя — гэта «бязвыбары», адзіны дзень прызначэння чыноўнікаў у органы, якія павінны абірацца народам. Але гэты працэс важны для дыктатара Лукашэнкі. Пасля незаконнага рэферэндуму 2022 года «Усебеларускі народны сход» атрымаў статус канстытуцыйнага органа. І, паводле лукашэнкаўскай канстытуцыі, УНС склікаецца на першае паседжанне не пазней, чым праз 60 дзён пасля выбараў «дэпутатаў». Гэта значыць самі па сабе «бязвыбары» не маюць ніякага значэння. Але з улікам таго, што значна ўзрастае роля УНС, становіцца зразумела, чаму для рэжыму важна правесці лютаўскую «выбарчую» кампанію стэрыльна і безальтэрнатыўна. Пасля таго, як будзе скліканы УНС, а паводле канстытуцыі гэта не пазней за 60 дзён пасля «бязвыбараў», на ім будзе абраны прэзідыум УНС і, самае галоўнае, — старшыня УНС. Не даводзіцца сумнявацца, што гэта будзе Лукашэнка. Верагодней за ўсё ў 20-х чыслах красавіка будзе скліканы першы ў гісторыі Беларусі УНС, які паводле лукашэнкаўскай канстытуцыі будзе мець статус канстытуцыйнага органа. І пасля таго, як Лукашэнка будзе абраны яго старшынёй, ён пачне сумяшчаць дзве пасады. З улікам заяў дыктатара пра важнасць гэтага года і ўзрослай згадкі прэзідэнцкіх выбараў, можна зрабіць выснову пра тое, што пасля УНС можа стартаваць прэзідэнцкая кампанія дыктатара. Як мінімум да ліпеня 2025 года ён можа сумяшчаць дзве пасады, але прывід жніўня 2020 года будзе падштурхоўваць яго правесці прэзідэнцкія выбары раней чым летам 2025 года. І лагічнай бачыцца адпрацаваная схема з адзіным днём галасавання, грамадства абвыкне да таго, што выбары праходзяць зімой у лютым. На дадзены момант можна выказаць здагадку пра два найбольш рэальных сцэнары таго, як Лукашэнка будзе вырашаць задачу недапушчэння двоеўладдзя: Дыктатар сумяшчае дзве пасады і зноў ідзе на выбары прэзідэнта зімой 2025 года. У такім выпадку не ствараецца альтэрнатыўны цэнтр сілы, паколькі ўсё завязана на адным чалавеку. Дыктатар становіцца старшынёй УНС, а на прэзідэнцкія выбары ідзе чалавек настолькі адданы Лукашэнку, каб не спрабаваць ствараць якой-небудзь альтэрнатывы. На нашу думку, гэта можа быць толькі член сям'і дыктатара, а менавіта — Віктар Лукашэнка. Таксама магчымы сцэнар, пры якім Лукашэнка становіцца старшынёй УНС, а на прэзідэнцкія выбары ідзе ўзгоднены з Крамлём чалавек. Гэты чалавек будзе працаваць у рамках створанай дыктатарам сістэмы. Але гэты сцэнар з высокай доляй верагоднасці прывядзе да ўладнай калізіі і Лукашэнка страціць рэшткі сваёй зрэзанай улады, паколькі аператыўнае кіраванне апынецца не ў яго руках і Масква зможа больш актыўна ўплываць на ўнутрыпалітычныя працэсы ў Беларусі. У Беларусі пачаўся электаральны цыкл даўжынёй паўтары гады. Для таго, каб разумець, як дзейнічаць нам, неабходны аналіз сітуацыі і выпрацоўка рашэнняў, якія мы будзем рэалізоўваць. Мы прапануем свае варыянты дзеянняў.

  • Альтэрнатыва Лукашэнку

    Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол 10 студзеня ў Варшаве ў пасольстве Канады адбыўся брыфінг Аб'яднанага Пераходнага Кабінета для паслоў, часовых павераных у справах, намеснікаў паслоў усіх краін-членаў ЕС, а таксама Аргенціны, Вялікабрытаніі, Канады, Чылі, Японіі, Украіны, Малдовы, Арменіі, Аўстраліі, Новай Зеландыі. У відэа можна азнаёміцца з тэзісамі, якія былі агучаны мной замежным дыпламатам. У мяне часта запытваюцца, што матывуе мяне не здавацца і працягваць барацьбу. У што я веру, нягледзячы на тое, што сітуацыя ў Беларусі з кожным днём пагаршаецца. Я б мог расказаць вам пра гэта ў дэталях і змрочных фарбах. Але замест гэтага агучу некалькі лічбаў, якія кажуць самі за сябе. Па дадзеных праваабарончага цэнтра «Вясна», па выніках 2023 года ў Беларусі ў зняволенні знаходзіцца 1430 афіцыйна прызнаных палітвязняў. 745 былых палітвязняў, якія цалкам адседзелі свае тэрміны. Не менш за 48 палітвязняў — пенсіянеры. Не менш за 42 — людзі з інваліднасцю і цяжкімі захворваннямі. За мінулы год двое палітвязняў памерлі ў турме: Алесь Пушкін і Мікалай Клімовіч. Раней у турме памёр Вітольд Ашурак. Ёсць і выпадкі самагубстваў. Але гэта не ўсё. Па дадзеных справаздачы Цэнтра права і дэмакратыі Justice Hub, з мая 2020 года па май 2023 года ахвярамі злачынстваў супраць чалавечнасці ў Беларусі сталі не менш за 136 тысяч чалавек. Незаконнае пазбаўленне волі, катаванні, забойствы, згвалтаванні і іншыя цяжкія формы сэксуальнага гвалту, у тым ліку ў дачыненні да непаўналетніх, гвалтоўныя знікненні, дэпартацыі — вось што адбываецца ў Беларусі. Кожны дзень. Дык у што ж я веру, ведаючы, што ўсе гэтыя лічбы працягваюць расці, што злачынствы супраць беларускага народа не спыняюцца ні на дзень? Адкажу — веру ў міжнароднае права і адказнасць. І менавіта гэта ляжыць у аснове той стратэгіі, у рамках якой мы працягваем дзейнічаць і якую ўсе гэтыя гады мы прапануем нашым міжнародным партнёрам. Лукашэнка і яго памагатыя павінны быць прыцягнутыя да адказнасці, каб грамадства ўбачыла не толькі доўгачаканую справядлівасць, але і альтэрнатыву таму стану, у які пагрузіў краіну Лукашэнка. Альтэрнатыву стану татальнага самавольства дыктатуры, беззаконня і прававога дэфолту. Як жа стварыць гэтую альтэрнатыву і зрабіць яе асновай агульнай стратэгіі Захаду па Беларусі? Міжнародны пераслед. Неабходна выдаць ордэр на арышт Лукашэнкі. І тут у нас ёсць адразу два віды злачынстваў, учыненых дыктатарам, якія могуць стаць падставай для выдачы такога ордэра Міжнародным крымінальным судом: злачынствы супраць чалавечнасці ў дачыненні да беларусаў і ваенныя злачынствы. Санкцыі, як інструмент адказнасці. Неабходна рабіць больш жорсткімі санкцыі ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі і сур'ёзна ўзмацняць кантроль над іх выкананнем. Адной з мер, якія мы прапануем, з'яўляецца прыняцце новага магутнага праваабарончага пакета ў дачыненні да тых сектараў эканомікі і тавараў, пры вытворчасці якіх выкарыстоўваецца праца палітвязняў. Важным з'яўляецца гарманізацыя эканамічных санкцый у дачыненні да Расіі і рэжыму Лукашэнкі за вайну супраць Украіны. Міжнароднае прызнанне Аб'яднанага Пераходнага Кабінета. Неабходна падтрымаць палітычную альтэрнатыву нелегітымнаму рэжыму Лукашэнкі. І працягнуць непрызнанне і ізаляцыю Лукашэнкі і ягонага ўрада. Альтэрнатыва «рускаму свету» — еўрапейская перспектыва для Беларусі. Наш геапалітычны выбар, выбар дэмакратычных сіл — Еўрапейскі саюз. Я заклікаю падтрымаць гэты выбар, працягнуўшы пашыраць і ўзмацняць супрацоўніцтва інстытутаў ЕС з дэмакратычнымі сіламі.

  • Вынікі сустрэч прадстаўнікоў Аб’яднанага Пераходнага Кабінета ў Варшаве

    8-10 студзеня прадстаўнікі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета правялі шэраг сустрэч з прадстаўнікамі польскага ўраду, прэзідэнтам Польшчы і польскімі палітыкамі. Таксама 8 студзеня адбылася прэс-канферэнцыя Аб’яднанага Пераходнага Кабінета ў Варшаве. 9 студзеня: Прадстаўнікі Кабіента заклікалі міністра па еўрапейскіх справах Польшчы падтрымаць еўрапейскі выбар для Беларусі Кіраўніца і прадстаўнікі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета Валер Кавалеўскі і Павел Латушка правялі перамовы з міністрам па еўрапейскіх справах Польшчы Адамам Шлапкай. На сустрэчы абмеркавалі супрацоўніцтва ў межах старшынства Польшчы ў Савеце Еўрасаюза, падрыхтоўка да якога пачалася ўжо зараз. Прадстаўнікі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета папрасілі міністра падтрымаць еўрапейскі выбар беларусаў і зрабіць Беларусь адным з прыярытэтаў падчас старшынства ў 2025 годзе. Таксама была звернута ўвага на практыку «вольнага крэсла», калі на міжнародных мерапрыемствах Беларусь не прадстаўленая нікім: варта запрашаць у еўрапейскія структуры і на мерапрыемствы дэмакратычныя сілы, каб голас беларусаў быў пачуты. Сустрэча з Радславам Сікорскім Кіраўніца Кабінета Святлана Ціханоўская і яе намеснікі Валер Кавалеўскі і Павел Латушка сустрэліся з міністрам замежных спраў Польшчы Радаславам Сікорскім. Падчас сустрэчы абмяркоўвалі: ☑️ неабходнасць распрацоўкі новай стратэгіі па Беларусі на ўзроўні Еўрасаюза; ☑️ магчымыя крокі па вызваленні палітзняволеных; ☑️ узмацненне санкцыйнага ціску на рэжым Лукашэнкі, недапушчальнасць змякчэння санкцый на калійныя ўгнаенні, закрыццё шчылін у санкцыях, стварэнне на еўрапейскім узроўні механізма па кантролі за выкананнем санкцый; ☑️ індывідуальныя санкцыі супраць суддзяў, пракурораў, следчых, чыноўнікаў, вайскоўцаў рэжыму; ☑️ ініцыіраванне Польшчай і Літвой расследавання ў Міжнародным крымінальным судзе па пытанні вымушанай масавай эміграцыі беларусаў з-за палітычных рэпрэсій; ☑️ прыцягненне памагатых рэжыму да адказнасці за дэпартацыю ўкраінскіх дзяцей з акупіраваных тэрыторый; ☑️ легалізацыйныя пытанні, а таксама працяг выдачы віз беларусам – як звычайных, так і гуманітарных, каб павысіць мабільнасць беларусаў (польскаму боку адрасаваная просьба выдаваць візы не толькі ў Беларусі, але і ў консульствах іншых краін); ☑️ падтрымку грамадзянскай супольнасці і незалежных медыя, якія адыгрываюць важную ролю ў супрацьдзеянні расійскай прапагандзе; ☑️ падтрымку беларускага бізнесу ў Польшчы, у тым ліку працяг праграмы Poland Business Harbour і інш. Дамовіліся запусціць міжведамасную рабочую групу для вырашэння актуальных беларускіх пытанняў і распрацоўкі стратэгіі па Беларусі. Летась пачала працу група з Міністэрствам унутраных спраў Польшчы па пытаннях легалізацыі беларусаў. Прадстаўнікі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета прапанавалі міністру Сікорскаму разам з Еўракамісіяй падтрымаць правядзенне канферэнцыі высокага ўзроўню па стратэгіі па Беларусі. Кіраўніца і прадстаўнікі Кабінета правялі сустрэчу з мэрам Варшавы Рафалам Тшаскоўскім Падчас сустрэчы Святлана Ціханоўская, яе намеснікі Валер Кавалеўскі і Павел Латушка і прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Кабінета Аліна Коўшык: ☑️ падзякавалі мэру Тшаскоўскаму за падтрымку рэпрэсіраваных беларусаў: Варшава прыняла дзясяткі тысяч чалавек пасля падзей 2020 года; ☑️ прапанавалі правесці сумесную інфармацыйную кампанію ў падтрымку Анджэя Пачобута і іншых беларускіх палітзняволеных; ☑️ запрасілі далучыцца да Дня салідарнасці з Беларуссю 25 сакавіка; ☑️ узнялі пытанне выдзялення памяшканняў для беларускіх арганізацый, ініцыятыў, у тым ліку беларускага тэатра, школы, мастацкай галерэі; ☑️ папрасілі працягнуць праграмы падтрымкі рэпрэсіраваных беларусаў і іх сем'яў па забеспячэнні жыллём; ☑️ абмеркавалі супрацоўніцтва па падрыхтоўцы кадравага рэзерву для новай Беларусі, каб беларусы маглі прайсці стажыроўкі ў гарадскіх установах; ☑️ прапанавалі мэру арганізаваць стыпендыю для беларускіх культурных дзеячаў (як гэта зроблена ў іншых гарадах Польшчы), каб даць ім магчымасць працаваць у Варшаве. Сустрэча Кабінета з новым кіраўніцтвам Польшчы Кіраўніца Кабінета Святлана Ціханоўская і прадстаўнікі Павел Латушка, Валер Кавалеўскі, Валерый Сахашчык, Вольга Гарбунова і Аліна Коўшык сустрэліся з прадстаўнікамі вышэйшых органаў улады Польшчы. На сустрэчах спікеры Сейма і Сената Шыман Галоўня і Малгажата Кідава-Блоньска запэўнілі беларускі бок у поўнай падтрымцы дэмакратычных сіл Беларусі і пагадзіліся з неабходнасцю распрацоўкі новай, больш эфектыўнай стратэгіі па Беларусі дзеля вызвалення палітвязняў і спынення рэпрэсій. Таксама падчас сустрэч з членамі польскіх Сейма і Сената: ☑️ польскія палітыкі пагадзіліся правесці слуханні па Беларусі ў Сейме і Сенаце, пасля якіх мусіць быць прынятая рэзалюцыя — плануецца, што дакумент ухваліць падтрымку еўрапейскага выбару Беларусі, неабходнасць неадкладнага вызвалення палітзняволеных і падтрымае прыцягненне рэжыму Лукашэнкі да адказнасці; ☑️ абмеркавалі стварэнне беларускіх школ у Польшчы і пашырэнне магчымасцей для беларускамоўнай адукацыі дзяцей; ☑️ разгледзелі пытанне стажыровак для маладых беларусаў у сферы дыпламатыі — супрацоўніцтва плануецца ладзіць у рамках праекта Кабінета па навучанні будучых спецыялістаў для пераходнага перыяду «Кадравы рэзерв» ; ☑️ Шыман Галоўня ўзяў аднаго з беларускіх палітзняволеных пад патранаж – і заклікаў зрабіць тое ж самае іншых парламентарыяў. Праграма Каліноўскага, стварэнне новага даследчага ўніверсітэта і стажыроўкі для кадравага рэзерву новай Беларусі Кіраўніца Кабінета Святлана Ціханоўская, прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Кабінета Аліна Коўшык і яе намеснік Павел Баркоўскі, намеснік прадстаўніка па транзіце ўлады Кабінета Юрый Губарэвіч правялі працоўную сустрэчу з намеснікам міністра навукі і вышэйшай школы Польшчы прафесарам Анджэем Шэптыцкім, профільнымі супрацоўнікамі міністэрства, а таксама са спецпрадстаўніком па справах дэмакратычнай Беларусі Артурам Міхальскім. Падчас сустрэчы кіраўніца Кабінета надала асаблівую ўвагу праграмам польскіх улад, якія сталі важнымі сімваламі падтрымкі Беларусі і яе грамадзянскай супольнасці, – гэта праграма Каліноўскага, Вольны ўніверсітэт і Цэнтр усходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта. Прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Аліна Коўшык: «На сустрэчы гучала, што больш за 12 тысяч беларускіх студэнтаў навучаюцца ў Польшчы. Гэта дазваляе ім атрымліваць добрую еўрапейскую адукацыю і вопыт жыцця ў дэмакратычным асяроддзі, што супрацьстаіць тэндэнцыі на атрыманне вышэйшай адукацыі ў Расіі. Наша мэта – падтрымка рэпрэсіраваных беларускіх студэнтаў і навукоўцаў. Важна ўзмацняць ініцыятывы па падтрымцы беларускай навукі за мяжой: ад стварэння новага беларускага даследчага ўніверсітэта ў Польшчы да ўзмацнення Цэнтра ўсходнееўрапейскіх даследаванняў Варшаўскага ўніверсітэта. Таксама мы размаўлялі пра стажыроўкі і курсы ў рамках праграмы «Кадравы рэзерв для Новай Беларусі». Наша сустрэча была прадуктыўнай і паспрыяла больш глыбокаму разуменню магчымасцей для супрацоўніцтва». 10 студзеня: Прадстаўнікі Кабінета сустрэліся з прэзідэнтам Польшчы Анджэем Дудам Кіраўніца і прадстаўнікі Кабінета прынялі ўдзел ва ўрачыстым прыёме прэзідэнта Польшчы Анджэя Дуды, падчас якога выступілі беларускія калядоўшчыкі. Анджэй Дуда прыняў кіраўніцу і прадстаўнікоў Кабінета ў прэзідэнцкай рэзідэнцыі ў Бельведэры. Ён выказаў поўную падтрымку кіраўніцы АПК, дэмакратычным сілам і народу Беларусі ў барацьбе за свабоду. Анджэй Дуда падкрэсліў, што Польшча працягне падтрымліваць беларускую грамадзянскую супольнасць і медыя, а ён сам на кожнай міжнароднай сустрэчы звяртае ўвагу партнёраў на важнай ролі Беларусі ў бяспецы Еўропы. Прадстаўнікі Кабінета і прэзідэнт Польшчы Дуда абмеркавалі: ☑️ сітуацыю ў Беларусі і сітуацыю ва Украіне. Агучана прапанова Польшчы зрабіць усё магчымае, каб Беларусь не стала «суцяшальным прызам» для Пуціна; ☑️ сумесныя мерапрыемствы і дзеянні ў міжнародных арганізацыях, у тым ліку ў ААН; ☑️ сітуацыю з палітзняволенымі, у тым ліку з Анджэем Пачобутам, якога трымаюць у стане інкамунікада. Палітыкі абмеркавалі, што можна зрабіць для іх вызвалення. Прадстаўнікі Кабінета заклікалі працягваць ціск на рэжым, а таксама выкарыстоўваць механізмы прыцягнення рэжыму да адказнасці за рэпрэсіі супраць беларусаў і за злачынствы супраць Украіны; ☑️ магчымыя мерапрыемствы на працягу года ў фармаце Люблінскага трохкутніка, чальцамі якога з’яўляюцца Польшча, Літва і Украіна. Прадстаўнікі Кабінета папрасілі, каб Беларусь таксама была ўключана ў гэты фармат. Пасля сустрэчы прэзідэнт Дуда і чальцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета накіраваліся ў залу для прыёмаў, дзе адбылася сустрэча з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасці. Удзел у сустрэчы прынялі больш за 150 актывістаў, экспертаў, журналістаў і інш. Прэзідэнт Дуда ў выступленні на прыёме падкрэсліў, што ён будзе падтрымліваць дэмакратычныя памкненні Беларусі, сказаў, што адчувае боль і падтрымлівае барацьбу беларусаў. Святлана Ціханоўская звярнулася да прысутных са словамі падтрымкі, а потым калядоўшчыкі – гурт пад кіраўніцтвам Сяргея Доўгушава – праспявалі беларускія народныя песні. Беларускамоўныя школы і ліцэі ў Польшчы, беларуская мова як замежная ў польскіх школах Кіраўніца Кабінета Святлана Ціханоўская і яе намеснік Павел Латушка, прадстаўніца па нацыянальным адраджэнні Кабінета Аліна Коўшык і яе намеснік Павел Баркоўскі сустрэліся з міністрам школьнай адукацыі Польшчы Барбарай Навацкай і абмеркавалі: ☑️ сітуацыю з адкрыццём у Польшчы беларускамоўных школ, а таксама вывучэннем беларускай мовы як замежнай у польскіх школах (цяпер у польскіх школах навучаецца больш за 25 тысяч беларускіх дзяцей); ☑️ сітуацыю з беларускімі ліцэямі на Падляшшы і магчымасць для беларускай меншасці, якая там пражывае, атрымліваць адукацыю на беларускай мове. Прадстаўнікі Кабінета, якія бралі ўдзел у сустрэчы, звярнулі ўвагу міністра на неабходнасць навучання і стажыровак для беларускіх настаўнікаў і магчымасць адкрыцця беларускіх школ выхаднога дня ў Польшчы. Падтрымка рэпрэсіраваных спартсменаў, нядопуск да міжнародных спаборніцтваў прарэжымных спартсменаў Кіраўніца Кабінета Святлана Ціханоўская, прадстаўнік Кабінета па транзіце ўлады Павел Латушка і яго намеснік Міхаіл Залеўскі сустрэліся з міністрам спорту Польшчы Славамірам Вітольдам Нітрасам і абмеркавалі: ☑️ падтрымку беларускіх рэпрэсіраваных спартсменаў і магчымасць іх удзелу ў спаборніцтвах і Алімпійскіх гульнях; ☑️ пытанне нядопуску да спаборніцтваў прарэжымных спартсменаў, якія падтрымалі тэрор і рэпрэсіі. Кіраўніцы і прадстаўнікі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, адказныя за гэтыя пытанні, звярнулі ўвагу на тое, што беларускім незалежным спартсменам неабходныя ўмовы для трэніровак і іншая падтрымка з боку Польшчы. Еўрапейская будучыня для Беларусі, міграцыйныя праблемы беларусаў, падтрымка грамадзянскай супольнасці Кіраўніца і прадстаўнікі Кабінета правялі брыфінг для дыпламатычнай супольнасці ў пасольстве Канады ў Варшаве У брыфінгу ўдзельнічалі Святлана Ціханоўская, Валер Кавалеўскі, Павел Латушка, Вольга Гарбунова, Аліна Коўшык і больш за 30 паслоў розных краін: Іспаніі, Нідэрландаў, Ірландыі, Вялікабрытаніі, Швецыі, Чэхіі, Літвы і інш. Падчас брыфінгу абмеркавалі: ☑️ сітуацыю з палітзняволенымі. Прадстаўнікі АПК заклікалі прысутных да больш рашучых дзеянняў для іх вызвалення з прыцягненнем міжнародных арганізацый; ☑️ падтрымку незалежных медыя, праваабаронцаў і ініцыятыў грамадзянскай супольнасці; ☑️ пытанні бяспекі і размяшчэння ядзернай зброі; ☑️ важнасць еўрапейскай будучыні Беларусі як альтэрнатывы «рускаму свету»; ☑️ працэдуры легалізацыі беларусаў, выдачы віз, ВНЖ і інш. Прадстаўнікі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета расказалі аб праекце новага нацыянальнага пашпарта, папрасіла дыпламатаў трымаць Беларусь на парадку дня і не дазволіць Расіі паглынуць нашу краіну, заклікала актывізаваць міжнародныя механізмы па прыцягненні рэжыму да адказнасці. Падчас дыскусіі слова ўзялі паслы Германіі, Швецыі і іншых краін. Пытанні ў асноўным тычыліся знаходжання беларусаў за мяжой, праекта новага пашпарта і так званых «выбараў», якія збіраецца правесці рэжым у Беларусі.

  • Плацэба для слабеючага імунітэту Лукашэнкі

    Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол У пачатку года Лукашэнка падпісаў папраўкі ў Закон аб Прэзідэнце Рэспублікі Беларусь. Сярод іншых выгод новым законам праяўляецца асаблівы клопат аб імунітэце дыктатара і членаў яго сям'і. І, як вы можаце здагадацца, гаворка ідзе не пра здароўе Лукашэнкі, які старэе. Так, Лукашэнка адчувае, што яго імунітэт, якім паводле звычаю надзяляюцца кіраўнікі дзяржаў, ужо не справіцца з наступствамі тых злачынстваў, якія ён учыніў за апошнія тры з паловай гады. Таму дыктатар вырашыў «лячыць» падобную праблему адзіным вядомым яму спосабам — калі сёння няма закона, які гарантуе яму нешта, то такі закон трэба прыдумаць. І калі ва ўзаемаадносінах з народам, які знаходзяцца ў закладніках у дыктатара, такі метад можа быць эфектыўным (сістэма, на жаль, можа перажыць дыктатара), то вось якую сілу такі закон будзе мець за межамі Беларусі? А імунітэт жа службовых асоб дзяржавы — гэта ў першую чаргу прававая канцэпцыя, якая рэгулюе ўзаемаадносіны паміж дзяржавамі. Давайце разгледзім, наколькі такі захад можа быць эфектыўным Згодна з нормамі звычайнага міжнароднага права, імунітэт выцякае з прынцыпу суверэннай роўнасці дзяржаў і прызначаны для ўстанаўлення межаў прымянення юрысдыкцыі дзяржаў ва ўзаемаадносінах паміж сабой. Дзяржаўны імунітэт распаўсюджваецца на асоб у розных формах у залежнасці ад іх дачынення да дзяржавы, якую яны прадстаўляюць, галоўным чынам для забеспячэння недатыкальнасці такіх асоб ад крымінальнай і грамадзянскай юрысдыкцыі іншых дзяржаў. Асобы, якія прадстаўляюць дзяржаву, могуць карыстацца двума формамі імунітэту: асабісты, функцыянальны. Функцыянальны імунітэт распаўсюджваецца, як правіла, на ўсіх прадстаўнікоў дзяржавы, якія дзейнічаюць у афіцыйнай плоскасці. Пры гэтым такі імунітэт не пакрывае дзеянняў асобы, якія здзейсненыя ў асабістай якасці (прыватныя дзеянні). Аднак! У цяперашні час шырока прызнана, што міжнароднае права распрацавала выключэнні з функцыянальнага імунітэту, калі гаворка ідзе пра судовы пераслед за найбольш сур'ёзныя міжнародныя злачынствы, такія як злачынствы супраць чалавечнасці і ваенныя злачынствы, да прыкладу. Існуюць розныя тэорыі і абгрунтаванні гэтага выключэння, у тым ліку, па-першае, некаторыя навукоўцы сцвярджаюць, што абавязак ажыццяўляць судовы пераслед і ўстрымлівацца ад здзяйснення міжнародных злачынстваў складаюць абавязковыя нормы, якія маюць прыярытэт над іншымі нормамі міжнароднага права. Па-другое, распаўсюджаная сярод экспертаў пазіцыя складаецца ў тым, што прымаючы міжнародныя дамовы, якія ўтрымліваюць абавязацельствы па пераследзе злачынстваў у адпаведнасці з міжнародным правам, дзяржавы ўскосна адмаўляюцца ад імунітэту сваіх службовых асоб, якія ўчынілі такія злачынствы. Гэтая лінія разваг легла ў аснову справы Піначэта, разгледжанай Палатай лордаў Вялікабрытаніі, якая пастанавіла, што функцыянальны імунітэт за злачынства катаванняў быў імпліцытна адменены тымі дзяржавамі, якія прынялі Канвенцыю супраць катаванняў 1984 года. Найбольш прагрэсіўная пазіцыя, якая мае шырокую падтрымку сярод экспертнай супольнасці: у рамках звычайнага міжнароднага права з'явілася выключэнне, якое прадугледжвае, што функцыянальны імунітэт не распаўсюджваецца на ажыццяўленне юрысдыкцыі ў дачыненні да найбольш сур'ёзных міжнародных злачынстваў, такіх як злачынствы супраць чалавечнасці. Паводле прынятых паправак, Аляксандр Лукашэнка пасля спынення выканання сваіх паўнамоцтваў будзе валодаць недатыкальнасцю. Ён не можа быць прыцягнуты да адказнасці за дзеянні, учыненыя ў сувязі з ажыццяўленнем ім прэзідэнцкіх паўнамоцтваў, а таксама ў сувязі з гэтым затрыманы, іншым чынам пазбаўлены асабістай свабоды, падвергнуты следчым і іншым працэсуальным дзеянням. Акрамя таго, члены яго сям'і (у першую чаргу гаворка пра дзяцей), таксама будуць валодаць аналагічнай недатыкальнасцю. Такім чынам прынятыя папраўкі прама ўтрымліваюць адсылку да функцыянальнага імунітэту, а менавіта да афіцыйных дзеянняў, да якіх па вызначэнні не могуць дачыняцца тыя, якія звязаныя з учыненнем найбольш сур'ёзных міжнародных злачынстваў. Таму гэты Закон прадстаўляе свайго роду плацэба для дыктатара, які фактычна прызначаны для імітацыі імунітэту Аляксандра Лукашэнкі, якога ў рэальнасці так і не ўзнікла. У сваю чаргу, тры найбольш высокія службовыя асобы дзяржавы, якімі па звычаі прызнаюцца кіраўнік дзяржавы, кіраўнік урада і міністр замежных спраў, акрамя функцыянальнага таксама карыстаюцца асабістым імунітэтам. Асабісты імунітэт дзейнічае датуль, пакуль асоба займае адпаведную пасаду, і распаўсюджваецца не толькі на афіцыйныя, але і на прыватныя дзеянні. Асабісты імунітэт перастае прымяняцца, калі асоба пакідае сваю пасаду або губляе свой статус, але працягвае прымяняцца да афіцыйных дзеянняў, здзейсненым у той час, калі асоба займала сваю пасаду або мела статус. Варта ўлічваць, што ў сувязі з некаторым прызнаннем Аляксандра Лукашэнкі ў якасці асобы, якая працягвае кантраляваць сістэму дзяржаўнага кіравання ў Беларусі, некаторыя дзяржавы могуць прызнаваць за ім права карыстання прывілеямі асабістага імунітэту. А для магчымасці пераследу асобы, якая валодае асабістым імунітэтам, ніякіх выключэнняў не існуе ў адпаведнасці з дзеючым міжнародным правам. Аднак важна памятаць, што пасля таго як Аляксандр Лукашэнка спыніць выконваць функцыі кіраўніка рэжыму, ні функцыянальны, ні асабісты імунітэт не будуць распаўсюджвацца на дзеянні, учыненыя ім у бытнасць кіраўніка ў асабістай якасці, яго міжнародныя злачынствы ў прыватнасці. Любая дзяржава, якая валодае жаданнем і неабходным заканадаўствам, будзе мець магчымасць прыцягнуць Аляксандра Лукашэнку да адказнасці за гэтыя злачынствы ў рамках сваёй нацыянальнай юрысдыкцыі. Пры гэтым члены сям'і Аляксандра Лукашэнкі не маюць ніякіх асабістых імунітэтаў. У выпадку іх датычнасці да міжнародных злачынстваў могуць быць падвергнутыя крымінальнаму пераследу ў любой краіне ўжо цяпер. Разам з гэтым, у цяперашні час шэраг дзяржаў пачалі дапускаць магчымасць непрызнання асабістых імунітэтаў дзеючых кіраўнікоў дзяржаў, калі гаворка ідзе пра найбольш сур'ёзныя міжнародныя злачынствы. Яскравым прыкладам з'яўляецца нядаўна выдадзены французскім судом ордэр на арышт дзейнага прэзідэнта Сірыі Башара Асада за злачынствы супраць чалавечнасці. Аднак! Важна памятаць, што спасылкі на імунітэт актуальныя толькі ў кантэксце крымінальнага пераследу ў нацыянальных юрысдыкцыях. Сёння міжнародныя злачынствы Аляксандра Лукашэнкі ўжо знаходзяцца ў фокусе ўвагі Міжнароднага крымінальнага суда, у рамках працэдур якога ніякіх імунітэтаў проста не існуе. І НАУ ў гэтым пытанні абавязкова зробіць усё магчымае, каб спрыяць давядзенню да лагічнага фіналу ўсіх неабходных працэдур. Ва ўмовах наяўнасці ордэра на арышт, выдадзенага Палатай папярэдняй вытворчасці Міжнароднага крымінальнага суда, любая дзяржава-ўдзельнік Рымскага Статута абавязана ажыццявіць працэдуру выдачы адпаведнай асобы ў выпадку з'яўлення такой у межах юрысдыкцыі гэтай дзяржавы. І ніякі закон, прыняты ў Беларусі, ні на што не паўплывае. У якасці прыкладу механізму працы гэтага інструмента мы рэкамендуем азнаёміцца з лёсам былога прэзідэнта Судана, блізкага сябра дыктатара Лукашэнкі Амара аль-Башыра, які 10 гадоў хаваўся ад міжнароднага правасуддзя, а кожны яго выезд за межы краіны суправаджаўся пастаяннымі рызыкамі арышту. Гэты лёс для Аляксандра Лукашэнкі ўжо непазбежны. А новы закон — гэта плацэба для дыктатара ад ягонага атачэння, якое, магчыма, на нейкі час і палепшыць ягоны маральны стан за кошт самаўнушэння, але ні ў якім разе не паўплывае на адсутнасць у яго імунітэту ад міжнароднага крымінальнага пераследу.

  • Агрэсар за сцяной. Ці ёсць Польшчы пра што гаварыць з Лукашэнкам?

    Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол Сёлета ў польска-беларускіх стасунках надыходзіць своеасаблівы юбілей — 30 гадоў па той бок усходняй мяжы Польшчы ва ўладзе будзе знаходзіцца рэжым дыктатара Лукашэнкі. У адносінах Польшчы і Беларусі пад кіраваннем рэжыму Лукашэнкі былі розныя часы, але такога марозу ў сучаснай гісторыі не было ніколі. Гэта не фігура мовы — сёння гэтыя адносіны літаральна замарожаныя. Пры гэтым, важна абмовіцца — замарожаныя яны менавіта з рэжымам Лукашэнкі, у той час як з беларускімі дэмакратычнымі сіламі стасункі Польшчы яшчэ ніколі не былі настолькі блізкімі і саюзніцкімі. Паводле звестак справаздачы Цэнтра права і дэмакратыі Justice Hub, з мая 2020 года ахвярамі злачынстваў рэжыму Лукашэнкі супраць чалавечнасці сталі не менш за 136 тысяч чалавек. Незаконнае пазбаўленне волі, катаванні, забойствы, згвалтаванні і іншыя цяжкія формы сэксуальнага гвалту, у тым ліку ў дачыненні да непаўнагадовых, гвалтоўныя знікненні, дэпартацыі — вось што сёння адбываецца за ўсходняй сцяной Польшчы. Гэты напад на грамадзянскае насельніцтва — гэта дзяржаўная палітыка рэжыму Лукашэнкі. З сотняў тысяч беларусаў, якія бягуць ад гэтай «палітыкі», большасць прыняла і працягвае прымаць у сябе менавіта Польшча. Аказваемую ёю дапамогу складана пераацаніць, Польшча літаральна з'яўляецца лідарам у Еўропе па падтрымцы беларускага народа. І адным з самых актыўных драйвераў у пытанні ціску на злачынны рэжым Лукашэнкі. Гэтая роля, безумоўна, спалучаная і з сур'ёзнымі пагрозамі, якія гэты рэжым стварае для Польшчы. За падтрымку беларусаў у 2021 годзе Лукашэнка фактычна абвясціў Польшчы гібрыдную вайну. Яе складнікамі з'яўляецца і міграцыйны крызіс, асноўны ўдар ад якога прыняла на сябе Польшча, і рэпрэсіі ў дачыненні да польскай нацыянальнай меншасці ў Беларусі. Гэта і інфармацыйная вайна ў выглядзе ашалелай антыпольскай прапаганды. Вайна канчаткова паказала, што словы Лукашэнкі не вартыя нічога. За абяцаннем дыктатара, што ніводзін салдат не ўвойдзе ва Украіну з тэрыторыі Беларусі, якое ён даваў напярэдадні пачатку вайны, рушыў услед подлы ўдар у спіну і крывавая разня ў Бучы, Ірпене, Гастамелі, Барадзянцы. А сёння гэты ж чалавек распавядае пра важнасць міру. Пра суседзяў, якія «ад бога». А ягоная ценявая дыпламатыя зноў спрабуе пракруціць стары трук, пасылаючы Захаду сігналы аб тым, што Лукашэнка — «гарант суверэнітэту», што яму зноў трэба «даць прастору для манеўру». Напэўна падобныя сігналы з-за сцяны павінны прыходзіць і ў Польшчу. А ўлічваючы ўсе праблемы, якія стварыў і працягвае ствараць Польшчы агрэсар за сцяной, здаецца, што з ім сапраўды ёсць пра што пагаварыць. Паспрабаваць дамовіцца. Паспрабаваць паверыць яму... у які раз. І паспрабаваць ухіліцца ад удару ў спіну, які рушыць услед за яго абяцаннямі.

  • Што зрабіла каманда НАУ ў 2023 годзе

    2023 год – што нам ўдалося зрабіць? ☑️ Выдадзены першыя 6 ордэраў на міжнародны вышук прадстаўнікоў рэжыму Лукашэнкі: у тым ліку ў дачыненні да кіраўнікоў Акрэсціна і турмы ў Жодзіна. Каманда НАУ працягвае суправаджэнне дзясяткаў спраў беларусаў у Польшчы, Літве, Швейцарыі, Германіі, Чэхіі і іншых краінах. ☑️ Падрыхтаваны 2 камунікацыі ў Міжнародны крымінальны суд у Гаазе, матэрыялы для Генпракуратуры Украіны, якія пацвярджаюць дачыненне Лукашэнкі да ваенных злачынстваў. Дадзеныя каманды НАУ былі пацверджаныя дакладам Ельскага ўніверсітэта (ЗША). Камандай НАУ передадзены Амбудсмену Украіны звесткі аб дзецях, якія сталі аб’ектам незаконнага перамяшчэння. Матэрыялы былі прадстаўлены на мерапрыемствах Асамблеі МКС у Нью-Ёрку. На Аляксея Талая, саўдзельніка ў злачынстве па незаконным перамяшчэнні дзяцей, ва Украіне ўзбуджана крымінальная справа. ☑️ Прадстаўніцтва на Еўрапейскіх гульнях. Па афіцыйным запрашэнні Міністэрства спорта і турызма Польшчы, а таксама Аргкамітэта спаборніцтваў беларуская дэлегацыя, у склад якой увайшлі прадстаўнікі Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, каманды НАУ і вольныя беларускія спартсмены, прыняла ўдзел ў цэрымоніі адкрыцця III Еўрапейскіх гульняў у Кракаве. ☑️ Сенат Чэхіі прызнаў КДБ і ГУБАЗіК арганізацыямі, якія падтрымліваюць тэрарызм. ☑️ На падставе у тым ліку матэрыялаў, падрыхтаваных камандай НАУ, прыняты шэраг рэзалюцый Еўрапарламента і Савета Еўропы, Вярхоўнай Рады Украіны, Бундэстага, Сената Чэхіі і іншых. Прадстаўленне дэмсілаў Беларусі на міжнародных сустрэчах, прэзентацыі ў Еўрапарламенце, Савеце Еўропы, на міжнародных форумах, сустрэчы з кіраўнікамі ўрадаў і парламентаў, міністрамі і прадстаўнікамі МЗС Польшчы, Літвы, Германіі, Францыі, Славакіі, Украіны, Чэхіі, Эстоніі, Аўстрыі і іншых дзяржаў. Створаны працоўныя групы па ўзаемадзеянні з ЕС і ЗША. ☑️ Цэнтр даследванняў Усходняй Еўропы Варшаўскага ўніверсітэта адкрыў 4-ы набор праграмы «Новыя кадры для Новай Беларусі, якая была створана ў 2020 годзе пры падтрымцы Народнага антыкрызіснага ўпраўлення. ☑️ Па ініцыятыве НАУ ўдзельнікамі мітынгу ў Варшаве 1 лістапада прынята рэзалюцыя, змест якой быў уключаны ў рэзалюцыю Еўрапарламента ад 13 снежня аб вызваленні палітзняволенных у Беларусі. ☑️ Падрыхтаваны шэраг аналітычных і экспертных заключэнняў па пытаннях знешняй палітыкі, унутранай сітуацыі ў Беларусі, міжнароднага права і беларускага «заканадаўства». ☑️ Падрыхтаваны шэраг дакладаў і справаздач, у якіх сабраныя доказы і факты з мэтай далейшай працы каманды НАУ: сумесна з партнёрамі падрыхтавана справаздача аб злачынствах супраць чалавечнасці рэжыма Лукашэнкі; справаздача аб пагрозах Саюзнай дзяржавы; даклад аб пераследзе рэжымам Лукашэнкі беларусаў, якія выехалі за межы Беларусі. ☑️ Адбыліся сустрэчы з прадстаўнікамі беларускай грамадзянскай супольнасці, беларускай дыяспары, на якіх вырашаліся пытанні легалізацыі беларусаў за мяжой, а таксама праблемы, з якімі сутыкаюцца беларусы ў сувязі з вымушаным пераездам у іншыя краіны. Аказана садзейнічанне са станоўчым вынікам дзясяткам беларусаў па пытаннях вырашэння індывідуальных кейсаў, звязаных з візавай падтрымкай і вырашэннем пытанняў легалізацыі, сітуацыі на польска-беларускай мяжы. ☑️ Аказана матэрыяльная дапамога: беларускім добраахвотнікам перададзены пазадарожнік, сабрана дапамога на суму 15 тысяч еўра; сем’ям палітвязняў дапамога ў памеры больш як 4,5 тысячы еўра. ☑️ Падрыхтаваны спіс 179 спартсменаў, афіляваных з сілавымі і ваеннымі структурамі рэжыму, з мэтай недапушчэння ўдзелу ў міжнародны спаборніцтвах, у тым ліку ў Алімпійскіх гульнях у 2024 годзе. ☑️ Сукупная колькасць праглядаў матэрыялаў на старонках у сацыяльных сетках НАУ за год перавысіла 72 мільёны. Каманда НАУ суправаджае 17 старонак у сацыяльных сетак для аб’ектыўнага інфармавання беларусаў і замежных партнёраў. Сістэмная супраца з міжнароднымі і сусветнымі медыя: Associated Press, Reuters, The Telegraph, RFI, The Wall Street Journal, The Washington Post, PAP, AFP, Укрінформ і іншымі. Далучайцеся да нас у сацыяльных сетках: Telegram Instagram YouTube YouTube PL Twitter Facebook Viber TikTok TikTok PL LinkedIn Народнае антыкрызіснае ўпраўленне: Telegram Instagram YouTube Twitter Facebook Сайт TikTok Вынікі працы Музея Вольнай Беларусі — праекта НАУ ☑️ Праведзена больш за 150 мерапрыемстваў, удзельнікамі якіх сталі больш за 8,5 тысяч чалавек; арганізавана 3 паседжанні АПК, паседжанні КР. ☑️ На дзейнасць музея і для падтрымкі беларускай культуры прыцягнута больш за 40 тысяч еўра спонсарскай дапамогі. ☑️ Міністэрствам замежных спраў Польшчы і Нацыянальным цэнтрам культуры пры ўдзеле віцэ-прэм’ера Польшчы і міністра культуры і нацыянальнай спадчыны ў музей перададзены плакаты калекцыі «Бел-чырвона-белы». ☑️ Устаноўлены партнёрскія стасункі музея з амбасадамі краін: Амбасадай Германіі ў Польшчы, Прадстаўніцтвам Фландрыі ў Польшчы і краіных Балтыі, Амбасадай Канады. Наладжана супрацоўніцтва з шэрагам арганізацый: Цэнтрам дыялога ім. Ю. Мірашэўскага, Старамейскім Домам культуры, Нацыянальным інстытутам музеяў і іншымі. Вынікі працы па накірунку санкцыйнага ціску ☑️ ЕС, ЗША, Польшчай, Украінай, Канадай, Вялікабрытаніяй і іншымі краінамі ўведзены санкцыі ў адносінах да больш як 340 фізічных асоб і дзясяткаў арганізацый рэжыму Лукашэнкі. ☑️ Падрыхтаваны прапановы па ўдасканаленні санкцыйнай палітыкі ЕС і ЗША, шэрагу іншых краін, у тым ліку па пытаннях гарманізацыі санкцый у адносінах да рэжыму Лукашэнкі і Расіі, захадаў па рэгуліраванні гандлю, фінансавых абмежаванняў. Накіравана звыш 100 лістоў у адрас нашых партнёраў. ☑️ Праведзена кампанія па супрацьдзеянні лабіраванню паслаблення санкцый на калійныя ўгнаенні, у выніку чаго санкцыі ў дачыненні да калію былі захаваны. ☑️ Распрацаваны і накіраваны аналітычныя дакументы, у якіх прыводзіцца анаіз наступстваў дзеючых санкцый і адпаведных прапаноў аб павышэнні эфектыўнасці з мінімальнымі «пабочнымі эфектамі». Асаблівае «прызнанне» значнасці нашай працы: за год на членаў каманды НАУ беларускім рэжымам узбуджана 5 новых крымінальных спраў, адбыўся арышт маёмасці членаў каманды НАУ. За год было атрымана не менш за 10 пагроз фізічнай ліквідацыі і дзясяткі пагроз гвалту. Аднак Народнае антыкрызіснае ўпраўленне не спыніць сваю працу. За гэты год мы працавалі для беларусаў і для будучай дэмакратычнай, еўрапейскай і незалежнай Новай Беларусі. Мы не спынімся! Мы будзем удзячныя за падтрымку нашай працы. Аб тым, як можна дапамагчы НАУ, па спасылцы. Жыве Беларусь!

  • Па ўзроўні грамадзянскіх свабод Беларусь апусцілася ў «склеп» сусветнага рэйтынгу

    Павел Латушка пра паглыблены крызіс з фундаментальнымі правамі чалавека ў Беларусі ў інтэрв'ю «Голасу Амерыкі» У «Індэксе чалавечай свабоды», складзеным даследчым цэнтрам Інстытута Катона (ЗША) і аналітычным цэнтрам Інстытута Фрэйзера (Канада), Беларусь за мінулы год апусцілася на сем пазіцый. Пры складанні рэйтынгу ўлічваецца 86 паказчыкаў, у тым ліку стан асабістых, грамадзянскіх і эканамічных свабод, сітуацыя з бяспекай, свабодай веравызнання, правам на ўласнасць і гэтак далей. У сусветным «Індэксе чалавечай свабоды» Беларусь у 2023 годзе заняла 133-е месца — разам з Нікарагуа, Марока і Конга. У параўнанні з 2022 годам краіна страціла сем пазіцый, апусціўшыся з 126-га месца. Як адзначаюць складальнікі рэйтынгу, за год у Беларусі становішча пагоршылася па ўсіх трох паказчыках — у асабістай, грамадскай і эканамічнай свабодах. Па ўсіх гэтых паказчыках палітыка мінскага рэжыму адкінула Беларусь у «склеп» сусветнага рэйтынгу. Для параўнання, сярод суседніх краін найлепшы паказчык мае Латвія (15-е месца), за ёй ідуць Літва (17) і Польшча (47). Украіна знаходзіцца на 83-м радку, Расія — на 121-м. Цяперашні «Індэкс чалавечай свабоды» ацэньвае сітуацыю ў 185 краінах і тэрыторыях, якія ахопліваюць 98,8% насельніцтва Зямлі. «Чаму сусветная грамадскасць не кажа, што Нобелеўскі лаўрэат міру асуджаны на 10 гадоў турмы?» Намеснік кіраўніка Аб'яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Павел Латушка лічыць такую нізкую пазіцыю Беларусі ў «Індэксе чалавечай свабоды» сведчаннем таго, што Лукашэнка, фактычна «абнуліў» у краіне правы чалавека. І сітуацыя ў гэтых адносінах стала, па яго словах, катастрафічнай. «Аб дэмакратыі ў Беларусі наогул нельга казаць, калі там кіруе таталітарны, жорсткі рэжым, які выбудоўвае сістэму татальнага кантролю за ўсімі інстытутамі грамадства і за канкрэтнымі грамадзянамі», — падкрэсліў Латушка ў гутарцы з карэспандэнтам Рускай службы «Голасу Амерыкі». Апазіцыянер таксама адзначае, што сёння Беларусь з'яўляецца адным з сусветных рэкардсменаў па колькасці палітычных зняволеных. «Прызнаных арганізацыяй "Вясна" іх 1500, а ў рэальнасці эксперты кажуць пра тое, што гэтую лічбу неабходна памножыць у разы. Вельмі многія людзі не прызнаныя (палітычнымі зняволенымі), ці мы нават не ведаем пра іх знаходжанне ў турмах. У Беларусі летась былі ліквідаваныя ўсе апазіцыйныя палітычныя партыі, за апошнія паўтара года было ліквідавана 1440 няўрадавых арганізацый — усе тыя, хто супрацоўнічаў з Еўропай, ЗША, Канадай, Вялікабрытаніяй, з іншымі дэмакратычнымі краінамі. У Беларусі няма ніводнага незалежнага СМІ — яны проста перасталі існаваць як на нацыянальным, так і на рэгіянальным узроўні. Усе яны працуюць з-за мяжы», — пералічвае Павел Латушка. Па словах кіраўніка НАУ, у беларускіх месцах зняволення штодня катуюць палітвязняў, і пра лёс многіх вядомых апазіцыйных палітыкаў і грамадзянскіх актывістаў нічога не вядома на працягу некалькіх месяцаў. «Нобелеўскі лаўрэат міру Алесь Бяляцкі знаходзіцца ў турме, і ў мяне выклікае пачуццё неразумення маўчанне свету пра гэта! Чаму сусветная грамадскасць не кажа пра тое, што Нобелеўскі лаўрэат міру асуджаны на 10 гадоў турмы і знаходзіцца ў жудасных умовах?», — усклікае суразмоўца «Голасу Амерыкі». І працягвае, што рэпрэсіі, якія чыняцца мінскім рэжымам, палітычныя, грамадскія, сацыяльныя перацякаюць і ў эканамічную сферу. «Напрыклад, у Беларусі ўжо больш за паўтара года не рэгіструюцца індывідуальныя прадпрымальнікі. У турмах — сотні беларускіх бізнэсоўцаў, падаткі растуць, усё больш галін эканомікі падлягаюць ліцэнзаванню. Усё гэта прыводзіць да актыўнай міграцыі беларусаў. Па дадзеных Парламенцкай асамблеі Савета Еўропы, якія былі апублікаваныя ў маі мінулага года, ад 250 000 да 500 000 беларусаў пакінулі краіну на працягу апошніх трох гадоў», — прыводзіць доказы намеснік кіраўніка Аб'яднанага Пераходнага Кабінета. На думку Паўла Латушкі абвастрэнне сітуацыі ўнутры Беларусі пагражае небяспекай і ўсяму свету. І вось чаму: «Раней у краінах вольнага свету праблема правоў чалавека была прыярытэтам, і ніхто не гатовы быў уявіць сабе, што такая сітуацыя, як у сённяшняй Беларусі, магчымая ў прынцыпе. А цяпер многія краіны пачынаюць глядзець на нашу сітуацыю паводле прынцыпу: "Ну, гэта адбываецца дзесьці там, і да нас гэта не мае дачынення". Але калі з'яўляецца такая згодніцкая пазіцыя, то яна ў выніку прывядзе да таго, што заўтра гэта нечакана можа з'явіцца і ўнутры гэтых дэмакратычных краін. І заходнія грамадствы сутыкнуцца з такімі ж праблемамі», — папярэджвае Павел Латушка. Больш высокае ў параўнанні з Беларуссю месца Расіі ў сусветным «Індэксе чалавечай свабоды» ён тлумачыць тым, што палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі пачаліся раней і ідуць больш інтэнсіўна. «Мы, напрыклад, ведаем, што паводле звестак "Мемарыяла" ў Расіі 87 палітычных зняволеных, а ў Беларусі паводле звестак "Вясны" — 1500. Насельніцтва ў Расіі — 145 мільёнаў, а ў Беларусі — 9 мільёнаў. У Беларусі няма наогул апазіцыйных палітычных партый, а ў Расіі яны пакуль усё ж такі ёсць, у Беларусі ліквідаваныя ўсе незалежныя НКА, а ў Расіі яны яшчэ існуюць. Гэта значыць узровень рэпрэсій у Беларусі несупастаўны з Расійскай Федэрацыяй», — перакананы Латушка. Ён дадае, што вайна супраць Украіны пачалася з ініцыятывы Расіі, але мінскі рэжым падтрымаў агрэсію. «На мой погляд, за свабоду трэба змагацца заўсёды. Захад павінен гэта зразумець і не ісці на кампрамісы з Лукашэнкам, таму што цягам 30 гадоў стала ясна, да чаго прыводзяць гэтыя кампрамісы. Сёння тэст для сваёй будучыні праходзіць не толькі беларускі народ, тэст праходзіць і дэмакратычны свет, дэмакратычная Еўропа. Калі прайграюць беларусы — заўтра прайграе і дэмакратычны Захад. У гэтым у мяне няма ні найменшага сумневу. У нас складваецца ўражанне, што свет апусціў рукі, ён глядзіць фармальна на тое, што адбываецца ў нашай краіне, а дыктатары разумеюць толькі мову сілы».

  • Новы год для Лукашэнкі

    Тэма незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей застаецца на парадку дня ў медыя. Напярэдадні Новага года выйшаў шэраг матэрыялаў, прысвечаных датычнасці Лукашэнкі да ваеннага злачынства, а таксама дакументам, якія былі падрыхтаваныя і перададзеныя ў МКС камандай НАУ. The Associated Press «Павел Латушка, былы міністр культуры Беларусі і апазіцыянер, які прадставіў МКС доказы меркаванай датычнасці Лукашэнкі да незаконнай дэпартацыі дзяцей, сказаў, што прыбыццё новай групы з акупаваных Расіяй тэрыторый "падкрэслівае неабходнасць МКС расследаваць гэтыя злачынствы"». A Referência «Заявы, зробленыя на мерапрыемстве ў чацвер, маюць тэндэнцыю канчаткова ставіць Лукашэнку пад мішэнь МКС, які ўжо знаходзіўся пад ціскам з боку гуманітарных груп і заходніх урадаў». «Прямий» «Нядаўняе даследаванне Ельскага ўніверсітэта выявіла, што больш за 2400 украінскіх дзяцей ад 6 да 17 гадоў былі прывезеныя ў Беларусь з чатырох украінскіх рэгіёнаў, часткова акупаваных расіянамі». «Зеркало недели» «Беларускі дыктатар Аляксандр Лукашэнка ў чацвер, 28 снежня, узяў удзел у арганізаванай урадам сустрэчы з дзецьмі, прывезенымі з часова акупаваных тэрыторый Украіны, адкрыта ігнаруючы міжнароднае асуджэнне датычнасці ягонай краіны да дэпартацыі ўкраінскіх дзяцей». Східний варіант «Самаабвешчаны прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка ў чацвер наведаў арганізаваную ўрадам сустрэчу з дзецьмі, прывезенымі з акупаваных Расіяй тэрыторый Украіны». Ділова столиця «Павел Латушка заявіў, што прыбыццё новай групы дзяцей з часова акупаваных тэрыторый "падкрэслівае неабходнасць для МКС расследаваць гэтыя злачынствы"». «Главком» «Выступаючы на мерапрыемстве з нагоды прыбыцця новай групы дэпартаваных украінскіх дзяцей напярэдадні навагодніх святаў, беларускі дыктатар цынічна паабяцаў "абняць гэтых дзяцей, сагрэць і зрабіць іх дзяцінства больш шчаслівым"». Сусветныя медыя працягваюць акцэнтаваць ролю Лукашэнкі ў незаконным перамяшчэнні ўкраінскіх дзяцей.

bottom of page