top of page

Падмена паняццяў ад Лукашэнкі


Павел Паўлавіч Латушка: намеснік кіраўніцы Аб'яднанага Пераходнага Кабінета Беларусі, кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, пасол

У адказ на заходнія санкцыі за канкрэтныя парушэнні міжнароднага права, Лукашэнка перыядычна аб'яўляе аб увядзенні контрсанкцый супраць недружалюбных яму краін. 

Санкцыі ад Лукашэнкі ў дачыненні да заходніх краін не маюць практычнага і эканамічнага значэння для гэтых краін. Але дыктатар упарта іх уводзіць. Навошта?

Ён выдатна ведае і разумее, што контрсанкцыі, уведзеныя супраць недружалюбных яму краін, пагаршаюць становішча спраў у эканоміцы Беларусі і не дадаюць так неабходных яму паступленняў у бюджэт. Але дыктатар хоча запэўніць беларусаў, што заходнія санкцыі накіраваныя супраць народа. 

На самай справе санкцыі накіраваныя супраць Лукашэнкі, які незаконна захапіў уладу, супраць яго магчымасцяў аказваць дапамогу ў расійскай агрэсіі супраць Украіны, супраць стварэння ім пагрозы рэгіянальнай бяспецы. А таксама на перашкоду Лукашэнку і яго найбліжэйшаму атачэнню раскрадаць краіну, па-варварску знішчаць прыродныя багацці і рэсурсы Беларусі.

У такіх умовах Лукашэнку зноў крытычна важна запэўніваць беларусаў, што санкцыі ўводзяць супраць іх. І для дасягнення сваёй мэты, дыктатар чарговым разам пайшоў на хітрасць і падман — сам уводзіць санкцыі, якія б'юць па беларусах. А далей справа тэхнікі і прапагандыстаў — не важна, што санкцыі ад Лукашэнкі, важна, што гэта санкцыі і што іх павінны адчуць на сабе беларусы.

І прасцей за ўсё гэта зрабіць праз адсутнасць розных тавараў і паслуг, да якіх прывыклі беларусы. Некалькі прыкладаў: 

  • пасля прыняцця пятага пакета санкцый ЕС «за працяг парушэння правоў чалавека і інструменталізацыю мігрантаў» Лукашэнка паабяцаў адказаць на яго «жорсткімі, асіметрычнымі, але адэкватнымі захадамі». У выніку з'явілася пастанова Саўміна, якой была ўведзеная забарона на імпарт цэлага шэрагу сельскагаспадарчых тавараў: мяса, каўбасы, малака і малочнай прадукцыі, гародніны, садавіны;

  • у адказ на закрыццё кантрольна-прапускных пунктаў Лукашэнка забараніў імпарт праз мяжу з Літвой пэўных тавараў для продажу ў Беларусі. Сярод іх: адзенне, воцат, шыны і покрыўкі, а таксама патрыманыя часткі і прылады транспартных сродкаў;

  • забаронены імпарт іншых асобных тавараў, якія паходзяць з Літвы: згушчаных вяршкоў, садавіны і арэхаў, кавы, фруктовых сокаў, воцату, панчошна-шкарпэткавых вырабаў, асобных будаўнічых вырабаў, халадзільнікаў і маразільнікаў.

Усе гэтыя контрсанкцыі Лукашэнкі адаб'юцца толькі на беларускім спажыўцу праз скарачэнне асартыменту звыклых імпартных тавараў або праз падвышэнне кошту не толькі на гэтыя тавары, але і на іх аналагі, што вырабляюцца ў Беларусі. 

Лукашэнку ніколі не цікавіў дабрабыт беларускага народа. Народ для дыктатара — гэта расходны матэрыял для ўтрымання ўзурпаванай улады.

 

bottom of page