top of page

Бачу Лукашэнку на лаве падсудных у Беларусі



Ваш візит до України дав поштовх пожвавленню білорусько-українських відносин. Як Ви оцінюєте сьогоднішній стан діалогу між білоруськими демократичними силами та Україною?

Арыгінал артыкула: t.me/boost1084


На сёння беларуска-украінскія адносіны можна акрэсліць як стан магчымасцяў да выкарыстання. Падаецца, што на дадзены момант мы бачым узаемную зацікаўленасць у пашырэнні камунікацыі.

Тактычна, то-бок зараз мы маем агульнага ворага, што ўжо з'яўляецца моцнай падставай для супрацы. Стратэгічна - мы краіны-суседзі, самое геаграфічнае становішча якіх, зноў жа, з прычыны існавання Расеі, пакідае толькі 2 варыянта адносін - альбо сябры, альбо ворагі. Зразумела, што пакуль існуе рэжым Лукашэнкі, рэжым агрэсара, рэжым сатэліта Расеі - пра сяброўства нашых краінаў казаць немагчыма. Але ж відавочна, што гэтая сітуацыя не адпавядае нацыянальным інтарэсам ані Украіны, ані Беларусі, інтарэсам беларусаў і ўкраінцаў. А адпавядае ім, на мой погляд, канцэпцыя пераўтварэння Люблінскага трохкутніка ў Люблінскі квадрат. У якім Беларусь з'яўляецца партнёрам, саюзнікам і сябрам Украіны ў сапраўдным сэнсе гэтага слова.

Эксперты НАУ ва Украіне
Эксперты НАУ ва Украіне

На сённяшні дзень Украіна змагаецца з агрэсіяй Расіі, якую падтрымаў рэжым Лукашэнкі. Мы змагаемся супраць рэжыму Лукашэнкі і расійскага акупанта. І гэта дзве мэты, якія нас аб’ядноўваюць. Нас аб’ядноўвае таксама агульнае разуменне будучыні - гэта будучыня ў Еўрапейскім Саюзе і НАТА.

Беларусы як і ўкраінцы, якія ўжо фактычна завансавана пабудавалі дэмакратычнае грамадства, хочуць жыць у дэмакратычнай сістэме кіравання і развіцця адносінаў у грамадстве.

У нас ёсць абсалютнае разуменне стратэгічнай зацікаўленасці ў Перамозе Украіны ў гэтай жудаснай вайне. Але гэта не толькі пра палітыку, а перадусім пра маральны выбар, бо змаганне супраць зла з’яўляецца падставай маральнага выбару большасці беларусаў. А на гэта ўжо накладваецца палітычная стратэгія, бо перамога Украіны, безумоўна, адкрывае для нас акно магчымасцяў і стварае перадумовы для зменаў у Беларусі. Але важна, што мы не знаходзімся ў стане чакання гэтай перамогі. Беларусы таксама намагаюцца ўнесці свой унёсак у перамогу Украіны, бо яна будзе перамогай і для беларусаў. Але зразумела, што наш унёсак можа быць і значна большым - гэта ўжо выклік перадусім для нас.


Володимир Зеленський звільнив посла України у Білорусі Ігоря Кизима. Як, на Вашу думку, це вплине на відносини між Києвом та Мінськом?


Ігар Кізім
Ігар Кізім Фота: ТАСС

Гэта моцны сігнал, якога, шчыра кажучы, беларускія дэмакратычныя сілы і супольнасць доўга чакалі. Паніжэнне ўзроўня дыпламатычных адносінаў - гэта і сігнал нелігітымным уладам у Беларусі. Гэта ацэнка іх злачынных дзеянняў, але і дзеянне, накіраванае на іх непрызнанне як партнёраў. Зразумела, што гэта адзін з элементаў дыпламатычнай рэакцыі. Якія яшчэ застаюцца спосабы і метады - гэта закрыццё амбасады і разрыў дыпламатычных адносінаў. Але гэта самы апошні крок, які абумоўлены таксама неабходнасцю дапамогі ўкраінскім грамадзянам, якія знаходзяцца ці транзітам перамяшчаюцца праз тэрыторыю Беларусі.

Спадара Амбасадара Ігара Кізіма асабіста ведаю ўжо працяглы час. Памятаю як ён наведваў у Нацыянальным акадэмічным тэатры імя Янкі Купалы беларускія спектаклі і заўсёды шчыра падтрымліваў беларускую культуру, мову і беларускае грамадства. Пазней, пасля сфальсіфіканых Лукашэнкам выбараў, як дыпламат, але было зразумела, што стаяў на баку беларускага народа. Мы гэта цэнім і падчас размовы з ім у Кіеве дамовіліся, што абавязкова сустрэнемся бліжэйшым часам, як спадзяемся, у горадзе Мінску.

У сваю чаргу, Аб’яднанаму Пераходнаму Кабінету важна мець свайго сталага прадстаўніка ва Украіне для паляпшэня і паскарэння камунікацыі як з уладамі Украіны, так і з украінскім грамадствам.


Представники ОПК проводили політичні консультації у Брюсселі. Які їх головні наслідки?


Прадстаўнікі АПК у Бруселі
Прадстаўнікі АПК у Бруселі Фота: ОПК

Стварэнне кансультатыўнай групы - гэта фіксацыя праеўрапейскіх жаданняў беларусаў, дэмакратычных сіл і інстытуалізацыя гэтых намераў і адносін. Як дыпламат лічу, што гэта вельмі важны крок.

Фактычна адбываецца працэс інстытуалізацыі адносін паміж дэмакратычнай Беларуссю і Еўрапейскім Саюзам у асобе Еўрапейскай Камісіі, Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў. Стварэнне двухбаковага механізма пастаянных кансультацый, якія павінны адбывацца не менш чым два разы ў год, а рабочыя кантакты адбываюцца паміж шырокімі паседжаннямі пастаянна, дае нам магчымасць больш эфектыўна супрацоўнічаць з Еўрапейскім Саюзам. Наша мэта - быць у агульнай Еўропе як дэмакратычная краіна, якая мае багатую еўрапейскую гісторыю і пазітыўную еўрапейскую будучыню. А нашая агульная задача - выпрацоўка стратэгіі па стварэнню еўрапейскай перспектывы для Беларусі. А гэта значыць - найперш абарона незалежнасці Беларусі, скасаванне рэжыму Лукашэнкі, скасаванне Саюзнай дзяржавы і ўдзелу Беларусі ў астатніх імперскіх праектах Расеі. Гэта тыя задачы і перадумовы, якія абавязковыя для еўрапейскай трансфармацыі Беларусі. І абавязковыя таксама для забеспячэння рэгіянальнай бяспекі - і бяспекі ЕС у тым ліку - зараз і ў будучыні.

Акрамя таго, трэба казаць шчыра - ЕС як без Украіны, так і без Беларусі не можа лічыцца арганізацыяй, якая аб’яднала ўсе краіны, якія гістарычна ментальна належаць да еўрапейскасці.

Лукашенко згадав Вас у контексті справи про викрадення українських дітей. Як швидко йому варто очікувати на ордер від Міжнародного кримінального суду.


Наша каманда Народнага Антыкрызіснага Упраўлення перадала ў офіс пракурора МКС у г.Гаага зварот у адпаведнасці з артыкулам 15 Рымскага Статута Міжнароднага Крымільнага Суду аб фактах сістэматычнага здзяйснення Лукашэнкам і яго паплечнікамі ваенных злачынстваў па незаконнаму перамяшчэнню дзяцей з акупаваных тэрыторый Украіны на тэрыторыю Беларусі. Другім складнікам гэтых ваенных злачынстваў з’яўляецца пераадукацыя ўкраінскіх дзяцей з выкарыстаннем расійскай і беларускай рэжымнай прапагандысцкай машыны ў наратывах “русского мира”.

Наша мэта перадусім: першае - спыніць злачынствы, другое і яно зноў жа такі першае - дапамагчы Украіне вярнуць дзяцей на Радзіму, трэцяе - прыцягнуць да адказнасці вінаватых. Бо да той пары пакуль не наступае адказнасць альбо рэальная пагроза яе прымянення, цяжка разлічваць на спыненне злачынстваў.

НАУ перадалі даклад у Міжнародны суд
НАУ перадалі даклад у Міжнародны суд

Нашыя юрысты прадставілі вялізарную доказную базу, якой мы падзяліліся і будзем дзяліцца з Генеральнай пракуратурай Украіны, з офісам пракурора ў МКС. Мы ведаем, што крымінальныя справы па фактах незаконнага перамяшчэння ўкраінскіх дзяцей на тэрыторыю Беларусі заведзены і ва Украіне і ў Літве, але кваліфікацыя гэтых злачынстваў як з пункту гледжання нацыянальных так і міжнароднага заканадаўстваў, з’яўляецца выключна кампетэнцыяй пракурораў. Мы наносім першы ўдар па рэжыму Лукашэнкі. Другі - гэта падача ў бліжэйшы час сумесна з літоўскімі партнёрамі справаздачы па фактах злачынстваў супраць чалавечнасці. Пераслед за гэтыя злачынствы таксама прадугледжаны адпаведнымі нормамі Рымскага Статуту МКС. Напрыклад, факты прымусовай дэпартацыі беларусаў, якія былі вымушаны пад прымусам пакінуць тэрыторыю краіны ў сувязі з палітычным і іншага характару пераследам. Гэта яшчэ адзін з важных элементаў, які павінен прывесці да міжнароднай адказнасці асабіста Лукашэнку і яго паплечнікаў. Мы не спынімся на нашым шляху, мы будзем рабіць усё, каб Лукашэнка быў пастаўлены перад судом у горадзе Гаазе. Але асабіста як палітык, як беларус лічу, што найлепшым варыянтам быў бы суд над Лукашэнкам на тэрыторыі Беларусі - публічны, адкрыты, калі б усё беларускае грамадства магло на свае вочы пабачыць твар гэтага злачынцы, які будзе слухаць абвінавачванні беларускіх незалежных пракурораў па шматлікіх фактах злачынстваў, якія здзейсніў Лукашэнка і яго паплечнікі.


Російська ядерна зброя у Білорусі та "вагнерівці" - це поєднані загрози чи кожну з них варто розглядати окремо?


Варта разглядаць іх паасобку (окремо), але ж яны ўбудоўваюцца ў сістэму пагроз, якія ствараюцца так званай Саюзнай дзяржавай. Менавіта пад прыкрыццём Саюзнай Дзяржавы Беларусі і Расіі Лукашэнка размяшчае ядравую зброю. Пад яе прыкрыццём развертваецца Рэгіянальная групоўка. Вагнер яшчэ больш дапаўняе гэтыя пагрозы.

Асобна трэба разгледзець менавіта ролю так званай Саюзнай Дзяржавы, якая разглядалася Лукашэнкам у якасці інструмента патэнцыйнага прыходу да ўлады ў Крамлі. І гэтую мару ён пачаў здзяйсняць з 90-х гадоў, пачынаючы з Дамовы аб стварэнні Супольнасці Беларусі і Расіі у 1996 годзе, потым Дамовы аб Саюзе Беларусі і Расіі 1997 году і ў выніку Дамовы аб стварэнні Саюзнай Дзяржавы Беларусі і Расіі ў 2000 годзе.

Лукашэнка заявіў аб наяўнасці ЯЗ ў Беларусі
Лукашэнка заявіў аб наяўнасці ЯЗ ў Беларусі

Але на сённяшні дзень мы можам канстатаваць, што Саюзная Дзяржава апынулася нашмат больш страшнай рэччу, чым хворыя фантазіі Лукашэнкі. Сутнасна Саюзная Дзяржава з’яўляецца інструментам паглынання Беларусі Расіяй, інструментам расійскай імперскай палітыкі.

Паглынанне Беларусі праз праект Саюзнай Дзяржавы адбываецца разнастайнымі метадамі - праз ідэалагічны, інфармацыйны, культурны, эканамічны, палітычны і іншыя ўплывы. Але асобна мы вылучаем ваенны ўплыў, нягледзячы на спробы Крамля і Лукашэнкі “прадаць” і беларусам, і свету Саюзную Дзяржаву як эканамічны перадусім саюз. Бо зараз відавочна, што гэты “саюз” - ваенны. І мы вельмі раім усім, хто гэтага не разумее, хто не разумее сутнасці Саюзнай Дзяржавы і яе ролі ў падрыхтоўцы і вядзенні вайны супраць Украіны, азнаеміцца з Ваеннай дактрынай Саюзнай Дзяржавы, якая была абноўлена фактычна напярэдадні вайны, 4 лістапада 2021 года.

Сёння ўжо відавочна, што стварэнне Саюзнай Дзяржавы абярнулася жудаснай трагедыяй для Украіны, бо без Беларусі, як часткі імперскага праекту Расіі, само пашырэнне яе імперскай палітыкі было б немагчымым.

Але ж гэта й трагедыя для Беларусі, бо пад эгідай СД на вачах усяго свету адбываецца ліквідацыя беларускай незалежнасці. Шмат у чым мы сёння можам успрымаць Беларусь як Беларускую савецкую сацыялістычню рэспубліку часоў СССР, якая мае сваё месца ў ААН, сцяг і фармальныя межы на мапе. Але выконвае тое, што патрэбна менавіта Маскве. Трэба таксама зразумець, што Лукашэнка з’яўляецца не толькі інструментам у руках Пуціна, ён - сам матываваная асоба, якая падтрымлівае як вайну супраць Украіны, так і цывілізацыйны падзел на так званы “руский мир” і дэмакратычны свет у Еўропе.

Лукашэнка выгадна скарыстаўся сітуацыяй з Вагнерам, якая нечакана падаравала яму магчымасць значна павялічыць свае рэйтынгі і інфармацыйную прысутнасць ў расійскім грамадстве.

Але гэтая тактычная перамога ўжо паварочваецца для Лукашэнкі стратэгічнай паразай. Лукашэнка ў той момант даў завышаныя абяцанні Прыгожыну размясціць на тэрыторыі Беларусі вагнераўцаў і забяспечыць іх знаходжанне. Але Лукашэнка не мае як дастатковых фінансавых рэсурсаў, гэтак і палітычнай матывацыі з боку Крамля падтрымліваць гэты сцэнар.

Лукашэнка і Пуцін - дыктатары. І дыктатар Пуцін ніколі не выбачыць Лукашэнку, які паспрабаваў на гісторыі з Вагнэрам зрабіць уласны піяр. Таму на сённяшні дзень паміж Лукашэнкам і Пуціным можна прагназаваць узнікненне напружання, але на перспектыву гэта азначае, што Пуцін будзе рабіць яшчэ больш крокаў дзеля таго, каб максімальна падпарадкаваць і паставіць пад кантроль Лукашэнку, бо ён можа стаць адноснай патэнцыйнай пагрозай для яго ўлады ў Расіі і асобай, якая будзе ствараць негатыўны імідж Пуціна ў вачах расіян. Такіх інфармацыйных перамог дыктатары не выбачаюць і Пуцін не выбачыць гэтыя дзеянні Лукашэнку.

Нам жа, беларусам, трэба зразумець, што для нас прыярытэтам з’яўляецца будаваць сілы. І гэта тры важныя і прыярытэтныя сілы:

Першая - унутраная сіла: падпольны рух, актывісцкая дзейнасць, няхай на сённяшні дзень яна й абмежавана таталітарнай сістэмай, створанай Лукашэнкам, масавымі рэпрэсіямі з боку рэжыма. Але ж без матываванасці, без рашучасці, без пераадолення страху і гатовасці да рызыкаў - гэтую сілу не пабудаваць. А без унутранай сілы разлічваць на змены ў Беларусі немагчыма. Ніхто не будзе змагацца і вызваляць Беларусь замест беларусаў. Але тым, хто змагаецца - будуць дапамагаць. Мы ўсе гэта бачым на прыкладзе Украіны і ўкраінцаў. Так, сітуацыі розныя, нават непараўнальныя, але ж прынцып будзе працаваць той жа самы.

І тут важна адзначыць, што глеба для патэнцыйнай дапамогі насамрэч існуе. Нават тыя ж словы ў апошняй рэзалюцыі ПА АБСЕ, дзе падкрэсліваецца гвалтоўна-імперскі і каланіяльны характар ​​Дзяржавы Расійская Федэрацыя, што сярод іншага выяўляецца ў мяккай анэксіі Беларусі, варта разглядаць як сігнал для беларусаў, гатовых да актыўнай барацьбы за незалежнасць. Бо ў выпадку пачатку такой барацьбы адразу ўзнікнуць дакладныя прававыя падставы для яе адпаведнага прызнання, міжнародна-прававога статусу яе ўдзельнікаў. Адпаведна ўзнікне і права звяртацца па дапамогу да краін Захаду. І ў іх будзе права нам дапамагаць.

Другая сіла - знешняя: беларускія дабраахвотнікі, нашыя героі з Палка Каліноўскага і ўсіх беларускіх падраздяленняў, якія змагаюцца за аднаўленне тэратарыяльнай цэласнасці Украіны, але мараць і публічна кажуць пра волю і жаданне вызваліць Беларусь. Гэта тое, што матывуе сёння беларускае грамадства. Гэта тое, што стварае пагрозу для рэжыму. І гэтая сіла таксама будзе вельмі важнай у крытычны момант для зменаў у Беларусі.

Трэцяя сіла - міжнародны ціск: пачынаючы ад непрызнання Лукашэнкі, прызнання дэмакратычнай Беларусі, выкарыстання міжнародных інструментаў адказнасці (ордэр на арышт Лукашэнкі, крымінальны пераслед злачынцаў з яго атачэння, сілавых структураў, санкцыйная палітыка, гарманізацыя санкцыяў у адносінах да Расіі і рэжыму Лукашэнкі). Важны момант, зноў жа, міжнародны ціск на інтэграцыйныя праекты Расіі, пачынаючы з Саюзнай Дзяржавы, стварэнне максімальна таксічнай атмасферы вакол іх.

Усё гэта працуе на дэстабілізацыю тых інстытутаў рэжыму Лукашэнкі, якія на сённяшні дзень працягваюць яго ўтрымліваць і ўмацоўваць. І ў пэўны момант спрацуе на раскол так званых эліт, частка з якіх зноў, як і ў 2020-м годзе, непазбежна паўстане перад выбарам - Лукашэнка (і Расія) альбо незалежная еўрапейская Беларусь. Гэты выбар неабавязкова будзе маральным для іх, ён можа быць і меркантыльным, але ён павінен узнікнуць. Бо гэта значна спрасціць умовы барацьбы для першых двух сілаў.

 

Павел Латушка,

Намеснік кіраўніка Аб’яднанага Пераходнага Кабінета,

Кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення,

Амбасадар


9 ліпеня 2023 года Варшава


bottom of page