top of page

Беларуска-ўкраінскі форум


беларуска-ўкраінскі форум
Крынiца: НАУ-медыя

Прадстаўнікі каманды НАУ на беларуска-ўкраінскім форуме


Прадстаўнікі Народнага антыкрызіснага ўпраўлення прынялі ўдзел у беларуска-ўкраінскім форуме ў Львове, а таксама правялі ў Кіеве шэраг сустрэч, накіраваных на аб’яднанне намаганняў па прыцягненні да крымінальнай адказнасці сілавікоў рэжыму Лукашэнкі.


Беларуска-ўкраінскі форум прайшоў з 9 па 11 снежня ў Львове пры ўдзеле дэпутатаў Вярхоўнай Рады Украіны, Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, Народнага антыкрызіснага ўпраўлення, Палка імя Кастуся Каліноўскага, украінскіх і беларускіх палітыкаў, экспертаў, прадстаўнікоў грамадскіх і валанцёрскіх арганізацый.


Прадстаўнікі НАУ выступілі ў якасці экспертаў у панэлі «Правы падчас вайны — выклікі для беларускай супольнасці ва Украіне». У рамках абмеркавання асобным блокам была выдзелена праблема крымінальнага пераследу сілавікоў рэжыму, якія прымянялі катаванні ў дачыненні не толькі беларусаў, якія пражываюць сёння ва Украіне, але і ўкраінскіх грамадзян, якія пацярпелі падчас пратэстаў у Беларусі.


Менеджэр праектаў НАУ Анжаліка Мельнікава: «На форуме было закранута мноства актуальных пытанняў па ўзаемадзеянні Украіны з дэмакратычнымі сіламі Беларусі па розных напрамках. Мы вельмі ўдзячны кожнаму, хто прыняў удзел у гэтым дыялогу. Аднак час дзейнічаць!


Убачыўшы зацікаўленасць нашых украінскіх партнёраў у супрацоўніцтве, мы вырашылі пачынаць працу прама на месцы. Адразу пасля заканчэння форума, дзе атрымалі карысныя кантакты для далейшага ўзаемадзеяння, мы з калегай накіраваліся ў Кіеў. За тры дні нам удалося сустрэцца з народным дэпутатам Вярхоўнай Рады, які мае экспертызу ў пытаннях, якія нас цікавяць, з прадстаўнікамі пракуратуры, адвакатам і пацярпелымі.


Мы абмеркавалі механіку далейшых дзеянняў па падачы заяў аб катаваннях і незаконных затрыманнях у рамках нацыянальнай юрысдыкцыі, склалі канкрэтны алгарытм для прасоўвання ідэі прызнання КДБ і ГУБАЗіК тэрарыстычнымі арганізацыямі і падалі юрыдычнае абгрунтаванне для гэтага.


Спадзяемся, што ў Кіеве ў бліжэйшы час будзе створана спецыяльная ўкраінска-беларуская рабочая група для практычнага вырашэння актуальных праблем і далейшага ўзаемадзеяння, у якую ўвойдуць прадстаўнікі НАУ».


bottom of page