Для нас важна факусаваць увагу на беларускай тэматыцы

У Страсбургу праходзіць восеньская сесія Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы
Арыгінал артыкула: racyja.com
РР: Як бы Вы ахарактарызавалі атмасферу гэтай восеньскай сесіі Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы? Што вельмі важнага для Беларусі Вы б вызначылі?
Павел Латушка: Трэба яшчэ раз адзначыць, што мы працуем як афіцыйная дэлегацыя беларускіх дэмакратычных сіл, таму што мы маем абраную КР. Галоўнае — гэта беларускі парадак дня. Тое, што важна для нас, беларусаў, факусаваць увагу на беларускай тэматыцы. Тое, што рэпрэсіі не спыняюцца, тое, што рэжым працягвае падтрымку вайны і тое, што трэба прыцягваць да адказнасці Лукашэнку і ягоных хаўруснікаў і рабіць усё, каб хутчэй вызваліць палітвязняў, і сістэмна змяніць сітуацыю ў краіне. У нас адбылася вельмі змястоўная сустрэча з украінскай дэлегацыяй. Мы дамовіліся і была просьба ўкраінскага боку дапамагаць у лабаванні пытання хутчэйшай ратыфікацыі адпаведных дакументаў па стварэнні Спецтрыбунала адказнасці за агрэсію супраць Украіны. Прагучала інфармацыя падчас сесіі, што 10 краін ратыфікавалі, неабходна 16, каб пракуроры маглі пачаць працаваць, а суддзі пасля разглядаць адпаведыныя судовыя справы. Мы сустракаліся з літоўскай дэлегацыяй, з нямецкай, з польскай дэлегацыяй і дэлегацыяй Манака нават. Упершыню адбылася і сустрэча з міністрам замежных спраў Манака. Было шмат сустрэч. Гэта ўнікальная пляцоўка. У адзін дзень ты можаш сустрэцца і з дэпутатамі Іспаніі, Італіі, Партугаліі і прагаварыць нашы пытанні, нашы праблемы.
Яшчэ важная справа, датычная Беластока. Сёння я выступаў ў Камітэце па справах культуры, адукацыі і навукі. Я з’яўляюся сябрам і гэтага камітэта. І вось там выступала Агнешка Памаска — яна з’яўляецца дэпутаткай Сейма Польшчы і адначасова дакладчыцай па сітуацыі з культурай у Беларусі, «Культура, як аснова дэмакратызацыі Беларусі» — рыхтуецца такі даклад і рэзалюцыя з рэкамендацыямі 47 краінам Савета Еўропы, якім чынам дапамагаць беларускай культуры ў эміграцыі і ўнутры Беларусі. І, дарэчы, вельмі важныя словы сказала дэпутатка Польскага Сейма. Яна наведала, дарэчы, Беласток і Варшаву, правяла сустрэчу з нашымі культурніцкімі ініцыятывамі, наведала Музей Вольнай Беларусі, сустрэлася з «Вольнымі купалаўцамі». У Беластоку сустрэлася з беларускай меншасцю таксама. Яна сказала на паседжанні, што будучыня беларускай культуры мае значэнне не толькі для дэмакратыі, яна мае значэнне для будучыні дэмакратычнай, незалежнай і бяспечнай Еўропы. Так што наша беларуская культура — гэта таксама гарантыя бяспечнай, дэмакратычнай Еўропы. І важна не проста абараняць асобных творцаў, ці інстытуты, якія знаходзяцца пад рэпрэсіямі, мы павінны дапамагаць захаваць беларускую культуру як унутры Беларусі, так і за яе межамі. Гэта словы польскай дэпутаткі. Я падзякаваў ёй публічна і таксама выступіў і праінфармаваў пра жудасны стан, што ў нас больш за сто дзеячоў культуры знаходзяцца за кратамі, што ліквідавана 428 розных ініцыятыў, што рэпрэсіі працягваюцца. Узгадаў палітвязня Алега Хаменку з гурта «Палац», які знаходзіцца за кратамі. Згадаў Алеся Пушкіна, якога закатавалі за кратамі, каб мае калегі — дэпутаты з 47 краін Рады Еўропы чулі і ведалі канкрэтныя прозвішчы і памяталі пра гэтыя ахвяры. І важна, што ёсць наш голас.
Дарэчы, мы рыхтуем некалькі рэзалюцый, і гэта будзе важна. Палітычная вялікая рэзалюцыя па Беларусі, хутчэй за ўсё яна будзе прянята на вясновай сесіі, рыхтуе дэпутат Зінгерыс з Літвы, і мы працуем разам. Рыхтуецца рэзалюцыя па беларускай культуры, будзе таксама па свабодзе СМІ, анансавала Ксенія Луцкіна, менаваіта, каб звярнуць увагу на рэпрэсіі супраць журналістаў, СМІ. І яшчэ новая дамоўленасць, зараз рыхтуецца спецыяльны дакумент у ПАРЕ, якім чынам краіны дапамагаюць Расеі абыходзіць санкцыі. І мы будзем уключаць туды факты абыхода санкцый рэжымам Лукашэнкі. Так што працы ад 8-й раніцы да 10-й вечара.





Comments