top of page

ЕС разглядае ўвядзенне цэнавых абмежаванняў на пастаўкі нафтапрадуктаў з Беларусі

  • 18 hours ago
  • 2 min read
Павел Латушка i Дзiрк Шубель. Фота: НАУ-медыя
Павел Латушка i Дзiрк Шубель. Фота: НАУ-медыя

Падтрымка рэжымам Лукашэнкі расійскай агрэсіі супраць Украіны, унутрыпалітычная сітуацыя ў Беларусі і дзейнасць дэмакратычных сіл сталі асноўнымі тэмамі сустрэчы намесніка кіраўніцы Кабінета, кіраўніка НАУ Паўла Латушкі з кіраўніком аддзела Расіі ў Еўрапейскай службе знешніх дзеянняў, былым кіраўніком Прадстаўніцтва ЕС у Беларусі Дзіркам Шубелем у Бруселі.

Павел Латушка падзякаваў Дзірку Шубелю за прынцыповую пазіцыю падчас працы ў Прадстаўніцтве ЕС у Беларусі і за падтрымку дэмакратычнага руху сёння.

Абмяркоўвалася пытанне магчымасці ўвядзення Еўрасаюзам цэнавых абмежаванняў на пастаўкі нафтапрадуктаў з Беларусі.

«Калі такое рашэнне будзе прынята, яно закране магчымасці продажу прадукцыі Мазырскага і Наваполацкага НПЗ. Гэтыя заводы ў тым ліку пастаўляюць нафтапрадукты ў інтарэсах Расіі, якая працягвае агрэсію супраць Украіны. Гэта стане дадатковым ударам па даходах рэжыму Лукашэнкі, які выкарыстоўвае іх для працягу беспрэцэдэнтных рэпрэсій унутры краіны і падтрымкі ваеннай агрэсіі»,

— адзначыў Павел Латушка.

У межах 18-га санкцыйнага пакета ЕС разглядаецца магчымасць чарговага зніжэння цэнавага паталка на расійскую нафту, што можа паўплываць і на продажы беларускай нафты, якая здабываецца ў краіне.

Павел Латушка звярнуў увагу на праблему, з якой сутыкаюцца беларусы, што легальна знаходзяцца ў ЕС: цяжкасці з адкрыццём рахункаў у камерцыйных банках:

«Гэта звязана перадусім не з санкцыямі, а з унутранай палітыкай канкрэтных банкаў. Было дасягнута пагадненне аб накіраванні дадатковай інфармацыі ў Еўрапейскую службу знешніх дзеянняў з просьбай аб спрыянні вырашэнню дадзенай праблемы».

Асобна адзначана — у ЕС існуе агульнае разуменне важнасці сінхроннага і гарманізаванага падыходу да санкцый супраць Расіі і рэжыму Лукашэнкі, каб выключыць магчымасць выкарыстання Беларусі для абыходу санкцыйных абмежаванняў:

«Гэта з’яўляецца стратэгічна важным у дасягненні мэты спынення агрэсіі Расіі супраць Украіны пры падтрымцы рэжыму Лукашэнкі. Таксама гэта абмяжоўвае магчымасці Лукашэнкі зарабляць на вайне і выкарыстоўваць гэтыя сродкі для ўнутраных рэпрэсій»,

— падкрэсліў Павел Латушка.


Comments


bottom of page