З 30 снежня 2025 года польскі банк прызнаў часовае пасведчанне асобы замежніка ў якасці дакумента, што пацвярджае асобу
- Admin of the NAM

- 6 hours ago
- 2 min read

Банк Millennium «забяспечыць кліентам, якія прад’яўляюць часовае пасведчанне асобы замежніка (TZTC), магчымасць карыстацца банкаўскімі рахункамі ў аб’ёме, прадугледжаным пры заключэнні дамовы, уключаючы каналы электроннага банкінгу», — гаворыцца ў афіцыйным адказе Камісіі фінансавага нагляду Польшчы (KNF) на ліст намесніка кіраўніцы Аб’яднанага Пераходнага Кабінета, кіраўніка НАУ Паўла Латушкі адносна цяжкасцяў, з якімі сутыкаюцца грамадзяне Беларусі пры карыстанні банкаўскімі паслугамі ў Польшчы.
19 лістапада 2025 года Павел Латушка ў сваім звароце ў Камісію фінансавага нагляду Польшчы адзначыў, што, нягледзячы на значнае паляпшэнне сітуацыі ў пытанні прызнання польскімі банкамі часовага пасведчання асобы замежніка ў якасці дакумента, які пацвярджае асобу, грамадзяне Беларусі ўсё яшчэ сутыкаюцца з праблемамі ў гэтай сферы. У якасці прыкладу быў апісаны канкрэтны выпадак, калі грамадзяніну Беларусі, у якога скончыўся тэрмін дзеяння пашпарта і які мае на руках часовае пасведчанне асобы замежніка, было адмоўлена ў прадаўжэнні працы рахунку ў банку Millennium.
У адказ на гэты зварот Камісія фінансавага нагляду Польшчы заявіла, што «прааналізавала і абмеркавала з банкам сітуацыю, апісаную ў дачыненні да кліента банка, у кантэксце агульнапрынятай практыкі банка ў падобных справах. Банк заявіў, што з 30 снежня 2025 года рэалізаваў рашэнні, якія адпавядаюць патрабаванням Упраўлення фінансавага нагляду Польшчы. Гэтыя меры забяспечваюць прызнанне часовых пасведчанняў асобы замежніка ў якасці дакументаў, што пацвярджаюць асобу».
Таксама ў сваім лісце Павел Латушка звярнуўся з просьбай разгледзець магчымасць неблакавання рахункаў грамадзян Беларусі, чые пашпарты страцілі сілу, да моманту атрымання гэтымі грамадзянамі рашэння аб прадастаўленні або адмове ў дазволе на жыхарства. Было прапанавана прызнаваць у якасці дакумента, які пацвярджае статус чакання на дазвол на жыхарства ў Польшчы, адпаведны штамп у пашпарце або іншы дакумент, які пацвярджае прыняцце заявы.
У адказ на гэты запыт KNF заявіла, што ў цяперашні час праводзіць прававы аналіз, у межах якога звярнуліся за кансультацыямі ў Міністэрства ўнутраных спраў. У адказе адзначаецца, што канчатковая пазіцыя, якая зможа быць перададзена банкам, «павінна быць папярэдне ўзгоднена з Генеральным інспектарам фінансавай інфармацыі як органам, кампетэнтным у пытаннях супрацьдзеяння адмыванню грошай і фінансаванню тэрарызму».
«Удзячны польскаму боку за эфектыўнае ўзаемадзеянне і канструктыўны падыход да вырашэння пытанняў, звязаных з легалізацыяй беларусаў у Польшчы. Падтрымка ў вырашэнні банкаўскіх праблем з’яўляецца важным крокам у забеспячэнні правоў беларускаў, якія вымушана знаходзяцца ў Польшчы з-за створанай у Беларусі атмасферы страху і тэрору», – адзначыў намеснік кіраўніцы Кабінета Павел Латушка.














Comments